A R C H E П а ч а т а к № 3 (26) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32003
» да Зьместу «

 


Pax Americana
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Pax Americana

ВЕРА РЫЧ
(112Kb) Вокладка ARCHE 3-2003. Pax Americana. Малюнак Адама Глобуса.

   Мінулыя нумары:

   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Вера Рыч
 
 
Сьвет пасьля вайны


“Сьвет ужо ня будзе такім, які ён быў раней!” Як часта мы чуем гэтыя словы пасьля якіхсьці сэнсацыйных падзеяў — дзяржаўных пераваротаў, прыродных катаклізмаў ці значных навуковых адкрыцьцяў. Але чамусьці сьвет застаецца сьветам, а зьмены звычайна мала яго мяняюць. Гісторыі, дый чалавечай памяці, уласьціва мінімізаваць мінулыя катастрофы — незалежна ад таго, ці спраўджваюцца “прадказаньні” адносна іх магчымых наступстваў. Між тым, найчасьцей прагнозы памыляюцца. Памятаю, якую занепакоенасьць выклікала вайна 1991 году ў Пэрсыдзкай затоцы. Мне давялося якраз у часе тае вайны ўзяць удзел у прадстаўнічым міжнародным сэмінары, прысьвечаным пераменам клімату на плянэце. Усе экспэрты сыходзіліся ў думках, што наступствам вайны стане экалягічная катастрофа ў Індыі. Дым ад падпаленых у Кувэйце нафтавых сьвідравінаў “бясспрэчна” зьменіць яе мусонны клімат; спрэчкі выклікала толькі пытаньне, пачнуцца дажджы раней ці пазьней звычайнага і ці колькасьць ападкаў будзе меншай за норму (вынікам чаго стануцца суша і голад) або краіну чакаюць катастрафічныя паводкі. А насамрэч нічога гэтага не адбылося: мусоны дзьмулі, як і раней, а дажджу выпала роўна норма!

Здараецца і адваротнае, калі падзеі выпярэджваюць самыя сьмелыя прагнозы. У 1990 годзе на Кангрэсе дасьледнікаў Савецкага Саюзу і Ўсходняй Эўропы у Гарагейце найбуйнейшыя акадэмічныя выдавецтвы прэзэнтавалі каталёгі падрыхтаваных да друку кніжак з шматабяцальнымі загалоўкамі “СССР: да рубяжу тысячагодзьдзяў” і “Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка: эканамічныя пэрспэктывы 90-х”. Працам гэтым з цалкам зразумелых прычынаў не судзілася пабачыць сьвет. Таму я буду асьцярожная ў прагнозах, асабліва таму, што прапанаваная мне тэма — нядаўняя вайна ў Іраку — ляжыць па-за межамі маёй непасрэднай прафэсійнай кампэтэнцыі.

Каралеўскі інстытут міжнародных сувязяў (RIIA), сяброўкай якога я зьяўляюся, засяродзіў сваю ўвагу на двух найважнейшых аспэктах вайны і яе наступстваў: рэзкім пагаршэньні адносінаў між ЗША і Эўрапейскім Зьвязам ды ўплыве вайны на расклад сілаў у блізкаўсходнім рэгіёне. Першы канфлікт, у дэталях абсмактаны прэсаю і адзначаны вялікімі звадамі на высокім дыпляматычным узроўні, безумоўна, будзе раней ці пазьней згладжаны, бо ніхто ў ім не зацікаўлены. Што датычыць Вялікай Брытаніі (хаўрусьніцы ЗША ў вайне), дык антываенная палітыка “старой Эўропы” — Францыі й Нямеччыны — толькі ўзмацніла нежаданьне брытанцаў далучацца да “зоны эўра” і паглыбляць інтэграцыю ў ЭЗ у цэлым. Адначасова зьменшыўся давер да прэм’ер-міністра Брытаніі Тоні Блэра, цяпер ужо ня толькі ў шэрагах правае і цэнтрысцкае апазыцыі (кансэрватараў і сацыял-лібэралаў), але і ўнутры ягонай Лейбарысцкай партыі.

— паэтка й перакладчыца. Скончыла Оксфардзкі й Бэдфардзкі каледжы ў Лёндане. Выкладае славянскія літаратуры ўва ўнівэрсытэце Бірмінгему. Асабістая вэб-старонка http://www.belarus-misc.org/v-rich.htm. Яе папярэдняя публікацыя ў “ARCHE” — артыкул “Беларусь: ні дыктатура, ні дэмакратыя” (№ 2-2003).
   

Пра ўплыў вайны на расклад сілаў на Блізкім Усходзе ў мэдыях гаварылі меней. Між тым, гэта ня менш цікавая тэма. Магчымае ўзьдзеяньне вайны на суседзяў Іраку можна падсумаваць наступным чынам.

Іран: скіданьне Садама Хусэйна, верагодна, паскорыць сёньняшнія дэмакратычныя зьмены ў Іране. Аднак паскорыцца і раскол іранскага грамадзтва; стасункі з ЗША не абавязкова сапсуюцца, яны могуць і палепшыцца.

Саудаўская Арабія: палітычная і эканамічная вага краіны ў рэгіёне будзе зьмяншацца, уплыў у АПЭК рэзка ўпадзе, і без таго распаўсюджаная варожасьць да ЗША вырасьце, рэгіянальная, племянная і кланавая сьвядомасьць будзе ўмацоўвацца. Саудаўскі рэжым — пярэстая кааліцыя кіроўнага дому Аль-Саудаў і вагабіцкага духавенства — будзе сутыкацца з многімі праблемамі.

Ярданія: вайна можа мець для яе найбольшыя эканамічныя і палітычныя наступствы, асабліва калі ізраільска-палестынскі канфлікт абвострыцца. Найлепшым выйсьцем для Ярданіі было б узьнікненьне такога новага рэжыму ў Багдадзе, які быў бы легітымны ў вачах іракцаў і — зьвернем увагу — не ўспрымаўся б як навязаны амэрыканцамі.

Сырыя: сырыйская эканоміка моцна залежыць ад Іраку. Перакрыцьцё нафтаправодаў і спыненьне гандлю з Іракам будуць азначаць для Сырыі страту каля двух мільярдаў даляраў штогод. Дамаск спадзяецца адыграць важную ролю ў аднаўленьні Іраку, разьлічваючы, што большая частка будучага імпарту ў Ірак з Эўропы пойдзе праз сырыйскі порт Тартус. Курдзкая меншасьць у Сырыі складае каля 1,5 мільёна (пад 10 % насельніцтва). Калі ірацкія курды атрымаюць-такі аўтаномію, Сырыя можа сутыкнуцца з ростам палітычных патрабаваньняў сваёй курдзкай меншыні.

Турцыя: як сябар NATO і кандыдат на ўступленьне ў ЭЗ, Турцыя ўблыталася ў амэрыканска-эўрапейскі канфлікт і ў саму вайну. Больш таго, яе нядаўна выбранаму і новаму на палітычным алімпе кіраўніцтву (з Партыі міру і справядлівасьці) прыходзілася балянсаваць між падтрыманьнем сяброўскіх дачыненьняў з ЗША (жыцьцёва неабходных крызыснай турэцкай эканоміцы) і ажыўленьнем ісламізму ў краіне (у выніку чаго насельніцтва масава спачувала Іраку, а не ЗША). У Турцыі таксама жыве вялікая курдзкая меншасьць, але Анкара разглядае любыя памкненьні курдаў да культурнае самабытнасьці як пагрозу турэцкай дзяржаве. Прызнаньне за ірацкімі курдамі права на самавызначэньне таксама будзе разглядацца туркамі як патэнцыйная пагроза.

 
   

Улічваючы такое суседзтва і магчымасьць дэстабілізацыі ўсяго рэгіёну, адбудова пасьляваеннага Іраку запатрабуе дыпляматычных высілкаў. Наколькі можна меркаваць, ЗША ня маюць яснай стратэгіі аднаўленьня краіны. Афіцыйна мэтаю вайны было выяўленьне і ліквідацыя ірацкае зброі масавага зьнішчэньня; пасьля ўжо амэрыканскія прадстаўнікі загаварылі пра скіданьне дыктатарскага рэжыму і вызваленьне ірацкага народу. Але хто зьменіць Хусэйна? Ягоныя палітычныя апанэнты або мёртвыя, або ў выгнаньні. Ці ЗША павінны стварыць урад на базе ірацкай эміграцыі (які, ёсьць небясьпека, у краіне могуць успрымаць як марыянэткавы), ці максымальна захаваць наяўныя ўладныя структуры, правёўшы зьмены толькі ў найвышэйшых эшэлёнах улады? Калісьці, у часе “халоднай вайны”, многім амэрыканскім палітыкам здавалася, што варта камуністам у СССР і яго сатэлітах сысьці з палітычнай арэны, як там адразу ж узьнікне дэмакратыя амэрыканскага тыпу. Цяпер у публічных выступах “вызваліцелі” Іраку таксама мала гавораць пра сваю пасьляваенную адказнасьць. Як гаворыцца ў аналітычным дакладзе RIIA, гэтая стрыманасьць тлумачыцца, сярод іншага, наяўнасьцю розных падыходаў у розных амэрыканскіх структураў: Пэнтагон схіляецца да “макратрансфармацыі”, а Дзярждэпартамэнт — да “мінімальнае”, безь перабудовы асноўных дзяржаўных інстытутаў.

Шмат значыць і той факт, што ўзброеныя сілы ангельска-амэрыканскае кааліцыі выявіліся непадрыхтаванымі да пераходу ад ваеннае ролі да падтрыманьня міру.

Па лёгіцы сытуацыі, маглі быць два сцэнары разьвіцьця падзеяў. Першы: нягледзячы на рэпрэсіўнасьць Хусэйнавага рэжыму, значная частка насельніцтва аддае перавагу яму, а не сумнеўнаму “вызваленьню” замежнымі войскамі. Другі: іракцы так ненавідзяць рэжым Хусэйна, што пры першым зручным выпадку помсьцяць былым прыгнятальнікам. Пад канец ваеннай часткі канфлікту падзеі пайшлі па другім сцэнары; аднак марадзёрства ў Басры і Багдадзе сталіся для “вызваліцеляў” непрыемным сюрпрызам. Каб аднавіць парадак, ім прыйшлося зьвярнуцца па дапамогу да ірацкай паліцыі — той самай паліцыі, якая, у вачах насельніцтва, была інструмэнтам прыгнёту зрынутага “вызваліцелямі” рэжыму.

Тым часам працягваецца дыскусія наконт ірацкае зброі масавага зьнішчэньня (і наконт таго, ці была яна ўвогуле), а таксама, у выпадку калі такой зброі не было, наконт маральнага права на “вызвольную вайну”. Ірацкая вайна і этычныя, палітычныя ды практычныя праблемы, што выніклі пасьля яе, ня будуць проста ці хутка вырашаныя. “Бягучая гісторыя” канфлікту ўжо стаіць на кніжных паліцах; на чарзе яе навуковы аналіз.

Пераклаў з ангельскай Андрэй Скурко

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (26) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/06/28