A R C H E П а ч а т а к № 4 (27) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42003
» да Зьместу «

 


ЧЭСКІ АЛЬБОМ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


водгук

 
(81Kb) Вокладка ARCHE 4-2003. ЧЭСКІ АЛЬБОМ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Павал Абрамовіч
 
 
Праўда Адамчыкаў


Артыкул пра апошнія мастацкія пошукі Адама Глёбуса я хацеў напісаць даўно, але мне чагосьці бракавала. Здавалася, матэрыял застанецца няскончаным, стаіцца ў чарнавых накідах у нетрах майго кампутара, таму што я аніяк ня мог даўмецца: што так моцна перашкаджае мне пісаць?

І толькі калі пабачыў сёлетні чэрвеньскі нумар “ARCHE”, зразумеў: я ня ведаў пра існаваньне дзёньнікавых запісаў бацькі Глёбуса, пісьменьніка Вячаслава Адамчыка, якія ён вёў цягам 1998 году.


Бацька

Чытаньне пачатку гэтага дзёньніка (ягоны працяг друкуецца ў гэтым нумары часопісу) спарадзіла ў маёй душы дэпрэсію, ці не нашмат люцейшую за тую, што я перажыў пасьля сьмерці Васіля Быкава. Вядома, каб выкладаць ніжэй свае погляды і ідэі, я мусіў бы пачакаць і дачытаць да канца дзёньнік, які дапамагае лепш усьвядоміць унутраны сьвет ня толькі ягонага аўтара, але й Адама Глёбуса; аднак, шчыра кажучы, наўрад ці знайду ў сабе сілы, каб прачытаць тыя старонкі ці нават проста прабегчы іх вачыма.

Бо чытаньне гэтага дзёньніка небясьпечнае для псыхікі: кожны запіс быццам набрыняў атрутаю; раздражненьне, боль, крыўда, агіда, нянавісьць да ўсіх, акром сваёй сям’і. “Якою вясельнаю зграяй нас, Адамчыкаў, акружыла каляпрэзідэнцкая і калялітаратурная дружына”, — піша аўтар (запіс ад 19 траўня). А вось як апісвае В. Адамчык адно з паседжаньняў Саюзу пісьменьнікаў: “Рада. Ссутулены, з дрыготкімі рукамі Зуёнак, кучаравы, нечым падобны да партрэтнага Валошына. Няголены па-гебрайску, з адутлаватым тупым тварам Дудараў. Хваравіта-злосны, з сінімі тонкімі губамі Бураўкін. Навуменка з праваленым ротам. Падобны да нейкага снежнага чалавека, шыракаплечы і грузны Гніламёдаў. На зарослым, шчаціністым вялікім твары ані іскры розуму…” (запіс ад 21 красавіка).

Я не зьбіраюся ў нечым папікаць В. Адамчыка, крый Божа! Але мне робіцца не па сабе: літаратару да скону застаюцца лічаныя гады, ён “жыве адчуваннем страху смерці” (запіс ад 19 лютага), аднак ягоная рука занатоўвае вось гэта, выводзіць на белі старонак поўныя гідлівасьці і зацятай злосьці словы пра тое, што ў трамваях сьмярдзіць бамжамі, у крамах няма вяршкоў, у тэлевізары — “парсюк Сванідзе”, а ў Скрыгана — палюбоўніца-перакладчыца. Даверыць дзёньніку такое паскудзтва, такую мяшчанскую нудоту — як гэта стала магчыма?

Дзёньнік сьведчыць, што ў 1998 годзе В. Адамчыку ўжо цяжка даецца літаратурная дзейнасьць. Ён памірае і ў думках ужо разьвітаўся зь недапісанымі апавяданьнямі, нястворанымі аповесьцямі і п’есамі (запіс ад 30 студзеня). Аднак хапаецца за жыцьцё, бо там, за парогам, — нябыт, а тут “то дыміць завейны дробны снег, то ў разрывах сіняватых хмараў залаціцца сонца і глыбокі блакіт зманвае вока, як светлая надзея на штосьці таемна-радаснае” (запіс ад 6 лютага).

Але такіх запісаў у дзёньніку-1998 няшмат. Вячаслаў Адамчык пакінуў сьвет, быццам злосна бразнуўшы дзьвярыма.

Не дараваў нікому.


 
   

Сын

Калі я чытаў пачатак дзёньніка В. Адамчыка1, мне раптам здалося, быццам перад маімі вачыма… чарговы блёк “Сучасьнікаў” Глёбуса: “…А пры іх тая ж кароценькая Іпатава... У свой гарэм чэмярыс Някляеў...” (запіс ад 28 траўня). Інтанацыя, ступень злараднасьці і нязмушанасьці ў падачы плётак — адны і тыя ж.

У 1998 годзе “Наша Ніва” надрукавала дзьве падборкі крытычных нататак сына Вячаслава Адамчыка —“Суайчыньнікі-3” і “Сучасьнікі (літоўцы, расейцы ды іншыя)”. Пішу “крытычныя нататкі”, бо тыя допісы Глёбуса мелі выразныя рысы пісьменьніцкай крытыкі, утрымлівалі досыць цікавыя і надзвычай катэгарычныя (што характэрна для гэтага пісьменьніка) заўвагі наконт творчасьці літаратараў і мастакоў: “Тэксты Леанiда Галубовiча цёплыя, як жывыя арганiзмы. Цеплынёю яны й прываблiваюць. Толькi ёсьць небясьпека, што яны хутка састарэюць, як састарэлi нататкi Янкi Брыля” (“НН”, № 19, 1998). Аднак ужо ў першых гэтых нататках выявілася выразнае жаданьне Глёбуса назіраць за прыватным жыцьцём, побытам інтэлектуалаў, а не аналізаваць іх творчасьць: “Пад Барсэлёнаю, у Сiчазе падчас карнавалу, у натоўпе я апынуўся побач з паэтам Андрэем Вазьнясенскiм. Той глядзеў у вiтрыну й гаварыў да старой кабеты: “Сорак баксаў. Паглядзi... Гэтая драбяза каштуе сорак баксаў!!!” (“НН”, № 21, 1998). Паступова і няўмольна літаратурна-мастацкая крытыка зьнікала з “Сучасьнікаў” — замест яе ў зацемах заставаліся кіпы бруднай чужой бялізны.

Менавіта чытачы “НН” сталі сьведкамі нараджэньня новага жанру ў беларускай журналістыцы2 а сама газэта, дзякуючы Глёбусу, набыла скандальную вядомасьць і “жоўтае” адценьне. Аднойчы штотыднёвіку нават давялося друкаваць абвяржэньне, перапрашаць за словы літаратара (“НН”, № 14, 2003). Але Глёбус, нягледзячы на маўклівы/голасны пратэст некаторых сваіх калег і гнеўнае абурэньне часткі чытачоў, з энтузіязмам энтамоляга працягваў ствараць усё новыя і новыя калекцыі, пратыкаючы словамі-шпількамі сваіх сучасьнікаў і прыклейваючы ўнізе пад імі ярлыкі: “алькаголік”, “скандалістка”, “вычварэнец”, “зайздросьнік”, “бабнік”, “графаман” і інш.

Цягам 1999—2002 гадоў “Наша Ніва” рэгулярна друкавала падборкі “Сучасьнікаў” (іншым разам зьмяняючы назву — “Нашы тутэйшыя”, “Мае сучасьнікі”, “Цёткі”, “Мае сучасьнікі-мастакі”), а таксама нататкі Глёбуса “Невялікае пра вялікіх”, “Расейская калекцыя” і “Расейская кунсткамэра”, якія тоесныя згаданаму вышэй цыклу3. У 1999—2000 гадох “Сучасьнікаў” арганічна дапоўнілі “Бытавуха” і “Дробы і шрот” — нататкі Славаміра Адамовіча. Сапраўды, лепшыя назвы рубрык для падобных матэрыялаў знайсьці цяжка.






1 Ён, дарэчы, надрукаваны з купюрамі: пяць пропускаў на 17 старонак. Між іншага, “Наша Ніва” запэўнівала, што “ARCHE” будзе друкаваць дзёньнік без “цэнзурных правак і прыхарошваньня”.



































2 Насамрэч “Сучасьнікаў” трэба залічыць да квазіпубліцыстыкі, аднак “Наша Ніва” ўважае іх за літаратурны твор (гл.“НН”, №14, 2003).



















3 Цяперака “Сучасьнікі” зьмяшчаюцца на сайце www.litara.net
   

Бацька

Талент пісьменьніка і драматурга Вячаслава Адамчыка неаспрэчны. Нацыянальная крытыка ўважліва сачыла за ростам яго дараваньня. Аднак сёньня, на пачатку ХХІ стагодзьдзя, відаць, што літаратурная дзейнасьць В. Адамчыка, ляўрэата Дзяржаўнай прэміі і Літаратурнай прэміі імя Мележа, усё-такі не ацэненая належным чынам. Ці трэба казаць, што сумны лёс напаткаў ня толькі ягоную мастацкую спадчыну. Акадэмічным зборам твораў у нас можа “пахваліцца” толькі Купала, аднак праца спэцыялістаў — укладальнікаў гэтага кнігазбору ў дзевяці тамах, праца, да якой дасьледчыкі падступіліся толькі празь пяцьдзясят з гакам гадоў пасьля сьмерці песьняра, выклікае шматлікія нараканьні4.

Між іншага, некаторыя крытычныя абагульненьні адносна творчасьці аўтара “Чужой бацькаўшчыны” і “Чорнага цмоку” ёсьць. І вось што цікава. Як пераконвае ў сваёй кнізе “Хараство і боль жыцьця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка” (Менск, 1985) дасьледчык Яўген Лецка, літаратар, на жаль, не дасягнуў вышыняў у мастацкім увасабленьні сучаснасьці. З гэтым пунктам гледжаньня пагаджаюцца аўтары манаграфіі “Праблемы сучаснай беларускай крытыкі” (Менск, 1996), якія тактоўна зазначаюць, што “асэнсаванне бягучага дня менш за ўсё ўдавалася В. Адамчыку — тут, бадай, было больш пралікаў, чым сапраўдных мастацкіх знаходак”.

Каб зразумець, ці маюць рацыю спэцыялісты, мы мусім зьвярнуцца па дапамогу да апошніх мастацкіх тэкстаў В. Адамчыка альбо ягоных запісных кніжак. І суаднесьці ўражаньні. На жаль, апублікаваная частка дзёньніку-1998 усё толькі ўскладняе: яна ня ўтрымлівае вобразаў, якія пазьней пісьменьнік мог бы скарыстаць пры напісаньні твораў; там нямашака новых мастацкіх рашэньняў, абрысаў новых тэмаў і сюжэтаў, філязофскіх заўваг. Наагул у гэтым фрагмэнце адсутнічае той шчыры маналёг аб мастацтве, які звычайна ёсьць у дзёньніках літаратараў і які ўлічваюць дасьледнікі. Як відаць з запісаў, В. Адамчык сьцяўся ў прадчуваньні апакаліпсысу беларускага Сусьвету і сваёй асабістай галяктыкі. І як літаратар ён маўчыць. Адно рэдкія філялягічныя заўвагі пазначаюць межы былых інтэлектуальных зацікаўленьняў гэтай асобы.

Дзёньнік не нараджае ў душы чытача радасьці ад блізкага знаёмства з празаікам, не дапамагае спасьціжэньню тонкасьцяў ягонае душы альбо асаблівасьцяў таленту. Але з запісаў можна шмат даведацца пра тое, як ставіўся В. Адамчык да беларускіх рэаліяў, як яму не ставала паветра ў гэтай рэчаіснасьці, які безабаронны ён быў. Перад намі стары нядужы чалавек, што страціў надзею. Дзёньнік шакуе, выклікае абурэньне, пратэст, як і “Сучасьнікі” Глёбуса. Непрыязнасьць да самога В. Адамчыка здольныя спарадзіць тыя месцы дзёньніка, дзе ён апісвае сваіх сучасьнікаў, калег-літаратараў. Сэрца пісьменьніка перапаўнялі зло і нянавісьць да іх. Ён пакутаваў, заблукаўшы ў лябірынтах сваёй крыўды, і яго робіцца шкада.

Ці трэба было Адаму Глёбусу выстаўляць на сьвет духоўную і чалавечую немач прыдушанага лёсам бацькі? “Так, — адказвае ён, — бо тата змог напісаць праўду5.

Ні ў адным радку свайго дзёньніка за 1998 год Вячаслаў Адамчык ня выказаў сумневу ўва ўласных ацэнках людзкіх характараў, поглядаў на жыцьцё. Але ж менавіта няўпэўненасьць змушае кожнага мастака рабіць рэгулярную рэвізію ўласных жыцьцёвых дасягненьняў і духоўных каштоўнасьцяў, дапамагае яму пазьбегчы дагматызму мысьленьня, гэтак небясьпечнага для інтэлектуалаў, і рухацца — абноўленым — далей.

В. Адамчык нават не задумваўся аб тым, што можа памыляцца. Гэта рыса ўласьцівая і ягонаму сыну Ўладзімеру.























4 Сідарэвіч А. Поўны не акадэмічны // ARCHE.— 2000.— №6(11).


































































5 www.litara.net/ forum/399 (постынг ад 24.07.2003,12:29).
   

Сын

Уладзімер Адамчык, цьвёрда перакананы, што запісы бацькі павінны быць неадкладна надрукаваныя, аддаў дзёньнік-1998 у “ARCHE”, дзе яго з задавальненьнем узялі ў працу6. Дзёньнік чытачам абяцалі без купюр, цэнзурных правак. Панове не стрымалі дадзенага слова.

Глёбусу было, відаць, усё роўна, якія пачуцьці ў чытацкай аўдыторыі выкліча дзёньнік. Ён і ня думаў пра камэнтары, заўвагі да яго. Праўдзе не патрэбныя тлумачэньні. Яна і ёсьць тлумачэньнем. “А тата змог напісаць праўду”.

Калі ў дзёньніку-1998 адчувальныя пагарда, агіда да людзей, то ў “Сучасьніках” — кпіны, халодны сьмех зь іх нікчэмнасьці і слабасьцяў. Аніякага мастацкага пераўвасабленьня рэчаіснасьці, як піша “НН”, у “Сучасьніках” няма, бо Глёбус знарок падкрэсьлівае праўдзівасьць гэтых гісторый, пакідае даты і прозьвішчы рэальных пэрсанажаў, імкнецца да аўтарскай адстароненасьці пры аднаўленьні падзеяў. Карацей, зьбірае і падае “факты” як журналіст. Для У. Адамчыка мае значэньне толькі праўда. Гэта бацькоўскі запавет.

Нядаўна Глёбус скончыў “раман-аўтапартрэт у сямейным інтэр’еры” (аўтарскае азначэньне) аб сваёй сям’і — “Дом”. Працу над гэтым творам, поўным цеплыні, пяшчоты да родных, Глёбус вёў паралельна з напісаньнем “Сучасьнікаў”. Пагарда і зьнявага — для суайчыньнікаў, любоў — для сям’і.

Вось яна — праўда Адамчыкаў?


Ад рэдакцыі

Купюры пры публікацыі дзёньніка Вячаслава Адамчыка былі выкліканы тэхнічнымі (арыгінальны памер дзёньнікавых запісаў толькі за 1998 г. складае прыкладна 150 старонак у фармаце “ARCHE”) і юрыдычнымі меркаваньнямі. У дзёньніку зьмяшчаліся зьвесткі, публікацыя якіх у любой краіне магла выклікаць судовы перасьлед і нават ліквідацыю часопісу (шматразовая абраза “кіраўніка дзяржавы” з ужываньнем нецэнзурнай лексыкі, пэрсанальнае абвінавачаньне вышэйшых службовых асобаў у карупцыі і злоўжываньні сваім становішчам, распальваньне міжнацыянальнай варожасьці і г. д.).

Ніякіх цэнзурных правак апублікаванага тэксту не рабілася. Кожны бесстароньні чытач, азнаёміўшыся з публікацыямі Адамчыкавых дзёньнікаў у “Маладосьці” і іншых СМІ, зможа самастойна зрабіць выснову, дзе аўтарскі дух быў перададзены найпаўней.

 







6 Дзёньнік бацькі за 1999 г. сын аднёс у “Маладосць”, за 2000 г. — у “Дзеяслоў”, за 2001 г. — у “Полымя”. Ахоп аўдыторыі максымальны.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (27) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/09/28