A R C H E П а ч а т а к № 4 (27) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42003
» да Зьместу «

 


ЧЭСКІ АЛЬБОМ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


разьвітаньне з Быкавым

 

(81Kb) Вокладка ARCHE 4-2003. ЧЭСКІ АЛЬБОМ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Валянцін Акудовіч
 
 
Чаму Васілю Быкаву не далі Нобелеўскай прэміі?

Дзіўная рэч, у калізіі “Быкаў—Нобель”, якая разгортвалася цягам колькіх там гадоў, я ні разу не чуў пытання: “А з чаго гэта Васілю Быкаву мусяць даць Нобелеўскую прэмію?” Здаецца, не толькі ў адэптаў пісьменніка, але і ў ягоных антаганістаў ніколі не было асаблівага сумневу, што ён варты такога статусу (менавіта так, бо Нобелеўская прэмія ўжо даўно не ўзнагарода, а вяршыннае месца ў іерархіі сучасных элітаў). Таму кожны год, пасля чарговага ўручэння “Нобеля” ня-Быкаву, усчыналіся дыскусіі: маўляў, з якіх такіх інтрыгаў нашага чалавека зноў “пракінулі”? Бо нават калі не звяртаць увагі на a priori зададзеную сакральнасць “феномену Быкава”, то для ўганаравання хапала і проста фармальных падставаў: агульны наклад кніжак перасягнуў тры мільёны (а яшчэ да выхаду кніжак усе апавяданні і аповесці не ў адзін мільён былі паасобку надрукаваныя ў газетах ды часопісах), ягоная проза перакладалася на паўсотню моваў свету, а ў колькіх краінах друкавалася — дык і ўвогуле як падлічыць? Не забудземся і на тое, што гэта не займальная белетрыстыка, а, так бы мовіць, “высокая літаратура”, да таго ж псіхалагічна “цяжкая” ў чытве, і таму кожны экземпляр тут мусіць быць падвышаны на парадак адносна камерцыйных чытанак.

Версіяў тых прычынаў, з якіх Нобелеўскі камітэт (з яго шматлікімі экспертамі) упарта не зважаў на Быкава, было болей чым даволі. Тут і “камуністычнае” мінулае пісьменніка, і ягоны “нацыяналізм”, і слабое “лобі”, і малая знанасць у свеце беларускай літаратуры, як і самой Беларусі... Але ўсе пералічаныя (і ў мностве не пералічаныя) версіі — гэта ўсяго толькі вольная гульня інтэрпрэтацыяў на полі праблемы, параметраў якой ніхто не ведае (натуральна, акрамя тых, хто ведае). Вось чаму апошнім часам кожны новы “лаўрэат” для літаратурнай грамадскасці гэтаксама нечаканы (і непрадказальны), як адкрыццё Амерыкі (выключэннем — у сэнсе “чаканасці” — быў хіба толькі Гюнтэр Грас).

У праблеме Нобелеўскай прэміі старонняму чалавеку зразумела пакуль адно, а менавіта — што цяпер узнагарода залежыць не столькі ад творчасці як эстэтычнай дзейнасці таго ці іншага літаратара, колькі ад шматлікіх ускосных прычынаў, часам зусім і не звязаных з творцам і ягоным творывам. І гэта цалкам слушна. За стагоддзе свайго існавання прэмія Нобеля набрыняла такім значэннем і ўвабралася ў такі статус, што было б бязглуздым марнатраўствам аддаваць увесь назапашаны капітал аднаму асобнаму чалавеку (з чалавека хопіць і грашовых адсоткаў гэтага капіталу). Адсюль толькі фармальна “Нобелем” узнагароджваюць некага персанальна, а насамрэч гэта прэмія кантыненту, рэгіёну, краіне, чорным, жоўтым, мусульманам, гэбраям, дысідэнтам, сексуальным мяншыням... (Як на мой прагноз, дык яе вось-вось мусяць атрымаць феміністкі — і, можа, іх заперсаналізуе наша Святлана Алексіевіч?!)

З гэтага вынікае, што праблему “Быкаў—Нобель” будзе лагічна перафармуляваць на праблему “Беларусь—Нобель” і, адпаведна, задацца пытаннем, чаму Беларусі не далі Нобелеўскай прэміі? А як толькі мы гэтак запытаемся, то атрымаем два варыянты адказу.

Першы: не далі таму, што і не мелі намеру даваць. Вунь колькі ў чарзе стаіць, дзе ж на ўсіх “нобеляў” набярэшся?

Другі: не далі таму, што некаму гэтага вельмі моцна не хацелася.
 

 
   

Абвінавачвайце мяне як і ў чым заўгодна: у непавазе да “прэзумпцыі невінаватасці”, логіка-спекулятыўным валюнтарызме, дэманізацыі антыбеларускіх сілаў (і г.д. і да т.п.), але я схіляюся да другога варыянту.

Бачыце, даць Нобелеўскую прэмію Васілю Быкаву — азначала легалізаваць Беларусь у якасці эстэтычнага, інтэлектуальнага і (то ж Быкаў) этычнага суб’екта сусветнай супольнасці. Гэта па-першае. А па-другое — істотна ўтрываліць Беларусь у яе геапалітычнай рэальнасці. Скасаваць краіну, якая мае свайго Нобелеўскага лаўрэата, значна складаней, чым скасаваць краіну, якая яго не мае.

Так знадворку, але не меней і ўнутры. Найперш, ідэя нацыянальнай, незалежнай і еўрапейскай Беларусі атрымлівала б на сваю карысць магутны аргумент. Затым, беларуская мова ўпляталася б у залаты суплёт вялікіх літаратурных моваў свету і з гэтым давялося б лічыцца і людзям паспалітым, і прэзідэнтам. Далей, этычны імператыў, як формула адбывання быцця, перастаў бы быць ідэальнай фігурай і шмат для каго паклаўся б у под яго рэальнага шляху...

Я не ведаю, хто непасрэдна скраў “Нобеля” ў Васіля Быкава (Беларусі), але гэтую страту я цалкам усур’ёз гатовы параўнаць са стратай Вітаўтам (ВКЛ) каралеўскай кароны. “Быў прызначаны нават дзень каранацыі, але палякі спрытна перахапілі карону па дарозе” (Янка Запруднік).

Якім быў бы наш гістарычны лёс, каб Вітаўт стаўся каралём, а ВКЛ — каралеўствам, не скажа ніхто, хаця зразумела — ён быў бы іншым. Прыкладна тое ж і з не-каранаваннем Васіля Быкава. Усё будзе трохі інакш (а можа, зусім і не трохі) ад таго, як магло б быць.

Таму цяпер, калі нядобрае здарылася, няма сэнсу гадаць, хто на гэты раз “перахапіў карону па дарозе”. Больш за тое, асабіста мне не хацелася б, каб нам яе неўзабаве “вярнулі”. Без Васіля Быкава “нобелеўская карона” на Беларусі будзе вялікай няпраўдай. Прынамсі, яшчэ ладны кавалак часу... Той, хто плячо ў плячо з тысячамі суайчыннікаў праводзіў Яго ў апошні шлях, верагодна, пагодзіцца са мной.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (27) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Элы Мацьвіенкі
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/09/28