A R C H E П а ч а т а к № 4 (27) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42003
» да Зьместу «

 


ЧЭСКІ АЛЬБОМ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Беларусь сёньня

 
(81Kb) Вокладка ARCHE 4-2003. ЧЭСКІ АЛЬБОМ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Якія плюсы й мінусы для краіны
будзе мець трэці тэрмін прэзыдэнцтва
Аляксандра Лукашэнкі?



Уладзімер Арлоў, пісьменьнік

За прамінулыя гады мы назапасілі багаты досьвед пошуку й шчасьлівага адшуканьня розных плюсоў і плюсікаў рэжыму. Але асабіста я шукаць іх, прызнаюся, сьмяротна стаміўся.

Можа, вінаваты гэтак званы “чалавечы фактар”? Некалі Аляксандар Купрын, седзячы ў славутай рэстарацыі “Славянскі базар”, паслаў цару тэлеграму: “Долой самодержавие. А.Куприн”. Неўзабаве ўсьлед за чарговай порцыяй бліноў з ікрой і запацелай бутэлечкай афіцыянт прынёс пісьменьніку тэлеграфны адказ: “Выпил — закуси. Николай ІІ”. Аднойчы, калі ў парлямэнце зьбілі дэпутатаў ад апазыцыі, я таксама накіраваў прэзыдэнту тэлеграму. Тэлеграма была з аплатаю паведамленьня пра ўручэньне. Я не атрымаў нават гэтага паведамленьня.

А магчыма, прычына маёй сьмяротнай стомы ў тым, што днямі выпала быць сьведкам таго, як амонаўцы бралі пад свой пэдагагічны кантроль будынак адзінага ў краіне і ў сьвеце Беларускага гуманітарнага ліцэю, ачышчаючы тэрыторыю ад выкладчыкаў, ліцэістаў ды іхных бацькоў, што роспачна спрабуюць бараніць сваю навучальную ўстанову, ліквідаваную пастановай ажно Савету Міністраў (хапіла б, мабыць, і Міністэрства ўнутраных справаў).

Калі разглядаць згаданую падзею ў кантэксьце закрыцьця газэтаў, выкіданьня беларускамоўнага радыё “Сталіца” з FM-дыяпазону, канчатковага выцясьненьня беларускай мовы з “нацыянальнага” тэлебачаньня etc etc, непазьбежна нараджаюцца аналёгіі з палітыкай, якую праводзілі імпэрскія ўлады ў ХІХ стагодзьдзі пасьля інкарпарацыі Беларусі. Прыходзіць на памяць ліквідацыя Полацкай акадэміі, Віленскага ўнівэрсытэту, Горы-горацкага земляробчага інстытуту... Праўда, цяпер гэтая палітыка ажыцьцяўляецца рукамі тых (дакладней, таго), хто ёсьць прадуктам намаганьняў Мураўёва-вешальніка ды мураўёўцаў розных гатункаў і эпохаў. Я перакананы, што калі б сёньня мы мелі Беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт, за стварэньне якога зацята змагаецца ТБМ, гэты ўнівэрсытэт напаткаў бы лёс Беларускага ліцэю. Адзіная розьніца палягала б у тым, што зачынялі б alma mater не пастановай Саўміну, а ўказам прэзыдэнта.


 
   

Віктар Аўтушка, праграміст

Каб пазначыць плюсы ды мінусы, добра, каб было з кім параўноўваць. Але іншага прэзыдэнта ў нас не было.

Несумненны плюс — гэта адносная стабільнасьць. Гэтак, я думаю, будзе лічыць і большасьць беларусаў. Ці было б зь іншым прэзыдэнтам горш ці лепш — гэтага мы ня ведаем. Гэта ўжо мінус — мы, чым далей, тым больш ня ведаем, як магло б быць па-іншаму, бо Беларусь праходзіць праз свае “кропкі біфуркацыі” па інэрцыі.

Найгорш тое, што гэтая эфэмэрная стабільнасьць, як і раней, ня будзе скарыстаная дзеля будучыні Беларусі, як у ідэалягічным, так і ў эканамічным сэнсе. Напрыклад, на працягу існаваньня цяперашняй палітычнай сыстэмы не ўзьнікае паўнавартасная беларускаарыентаваная палітычная кіраўнічая эліта. Тыя, хто цяпер пры ўладзе, маюць досьвед функцыянаваньня толькі ў лукашэнкаўскай сыстэме, а “апазыцыя” ня мае і гэткага досьведу, і таму застаецца на ўзроўні дысыдэнцтва, не выходзячы на ўзровень сапраўднае палітыкі. Зрэшты, многія ўжо з гэтым зьмірыліся і камфортна сябе пачуваюць.
 

Лявон Вольскі, сьпявак, лідэр гурту “NRM”

Плюсы: вонкавая стабільнасьць (народ ня любіць ператрусаў), адсутнасьць відавочнае розьніцы паміж беднымі й багатымі, супраціў глябалізацыі і заходнім жыцьцёвым стандартам... Карацей, плюсы атрымліваюцца гэткія нерэчаісныя, і парадавацца ім зможа толькі адна, няхай дастаткова вялікая катэгорыя насельніцтва.

Мінусы: канчатковы пераход у эпоху савецкага застою. Ён перажыты ўжо адзін раз, тым брыдзей вяртацца туды зноўку. Гэтая эпоха можа цягнуцца дзесяцігодзьдзямі. Просты народ прызвычаіцца да гэткага парадку рэчаў, а рознага кшталту інтэлігенцыя, тонкія натуры, будуць вымушаныя зьехаць альбо гібець у галечы і п’янстве. Раз на тры гады будуць здымацца фільмы кшталту “Настасьсі Слуцкай” — бездапаможныя, але, паводле нашых стандартаў, “багатыя”. Наагул, усё будзе “паводле мясцовых стандартаў” — горай, чымся ў цывілізаваным сьвеце, затое сваё (як калісьці ў СССР). Што тычыць музыкі, дык сытуацыя будзе наступнай: у выніку адсутнасьці легальнага бізнэсу (а тым болей шоў-бізнэсу) таленавітыя музычныя фармацыі будуць шукаць аўдыторыю ў іншых краінах. Калі гэта ня ўдасца, давядзецца займацца іншымі, немузычнымі, справамі, каб карміць сям’ю. Месца гэтых “непрызнаных талентаў” зоймуць музычныя фармацыі з Расеі.

Нас чакае Савецкі Саюз у межах Беларусі, але без камуністычнага падмурку. Альтэрнатывы камуністычнай рэлігіі ня знойдзена, ідэалёгія дзяржавы не распрацавалася за дзесяць гадоў, яна трымаецца адно на асобе прэзыдэнта й ягоных супярэчлівых заявах.

Што тычыць “беларускасьці”, дык падчас саюзу яе было несумнеўна болей, і хоць займала яна, як і ўсё ў саўку, дакладна адведзенае месца, абмежаванае савецкімі стандартамі, дык цяпер нават гэтага “вальеру ў зьвярынцы” для яе няма.

“Змаганьне з рэжымам” набудзе карыкатурныя рысы, бо немагчыма сур’ёзна рабіць адныя і тыя ж акцыі цягам дзесяцігодзьдзяў. Моладзі, хутчэй за ўсё, вобраз патрыёта-змагара падасца кандовым і нецікавым. Таму самы вялікі мінус — гэта тое пакаленьне маладых людзей, якое выгадуецца (невядома на чым) падчас наступнага прэзыдэнцкага тэрміну.


 
   

Павал Жук, выдавец

Нацыя зноў згубіць час. 50 мільёнаў гадоў разам. Да гэтага дадасца дэпрэсія ўва ўсіх пластах грамадзтва, падобная да той, што назіралася пасьля выбараў 2001 году, але больш сур’ёзная. Эканоміка канчаткова будзе разбураная, грамадзтва, за выключэньнем некалькіх дзясяткаў асобаў, пяройдзе ў стан жабрацтва, зьнікнуць беларуская мова, грамадзкая супольнасьць, прэса і ТВ, апрача некалькіх дзяржаўных каналаў. Усе, хто некалі быў у апазыцыі, ці зьнікнуць, ці будуць сядзець. Прэзыдэнцкая ўлада стане прыжыцьцёвай і спадчыннай. Усё начальства будзе з Магілёўскай вобласьці. А туды пачнецца міграцыя ўсіх, хто захоча знайсьці хоць нейкае месца пад сонцам. Увядуць карткавую сыстэму на прадукты харчаваньня і прадукты прамысловасьці, якія будуць разьмяркоўваць па прынцыпе ляяльнасьці да ўлады. Па гэтым жа прынцыпе будзе дазволены выезд за мяжу, які хутка забароняць зусім. Турызм будзе магчымы толькі ў Паўночную Карэю ці на Кубу. Уся ўласнасьць грамадзянаў і краіны пяройдзе да адміністрацыі прэзыдэнта. Каб набыць шкарпэткі, трэба будзе ісьці ў выканкам па дазвол. Грошы як фінансавы інструмэнт зьнікнуць, недзе ў 2009 годзе пачнецца голад і выпадкі людажэрства. Плюсоў для грамадзтва і сябе ня бачу, хіба што будзе пабудавана пара новых каткоў.

Але рэальнага пераабраньня ня будзе. Я думаю, што ўсё вырашыцца раней. Не пераабраньнем, а выбарам. Выбарам, які будзе падмацаваны сілай і адказнасьцю людзей перад краінай і будучымі пакаленьнямі.
 

Сяргей Навумчык, журналіст радыё “Свабода”

Ніякіх плюсоў у тым, што Лукашэнка застанецца, няма. Існуе тэорыя, што пакутлівае жыцьцё стымулюе творчасьць, — але гэта спрэчная тэорыя. Шэдэўры нараджаліся і ў раскошы. Мяркую, кожны з тысячы чытачоў “ARCHE” назаве пяць сучасных празаікаў квітнеючай Францыі, ну, Мішэля Ўольбэка дык дакладна назаве, — а ці шмат французаў прыгадаюць хаця б аднаго пісьменьніка зь Беларусі?

Мой вопыт сумаўленьня (афіцыйнага і неафіцыйнага) з Лукашэнкам прымушае скептычна ўспрымаць спадзяваньні, што ён раптам будзе вымушаны зьвярнуцца да беларускасьці (ці паўстаць у абарону Незалежнасьці). Лукашэнка — агрэсіўны антыбеларус, на ўзроўні паталёгіі. Чалавек ня будзе абараняць тое, што ненавідзіць.

Ну і, нарэшце, трэці тэрмін Лукашэнкі — гэта падмурак для ягонага чацьвёртага тэрміну, бо дэмакратыя мае гарантыі толькі ў дэмакратычным грамадзтве, таталітарызм жа цудоўна ўмацоўвае сам сябе. Прычыны ж паразы дэмакратыі, як іх ні аналізуй, сыходзяцца на адным — нізкім узроўні нацыянальнай сьвядомасьці, усё іншае — ад гэтага. Час, калі частка апанэнтаў Лукашэнкі адмовілася ад нацыянальнай ідэі на карысьць “прагматызму” і “real politics”, — страчаны час. Вельмі мала падставаў думаць, што час ня будзе губляцца і надалей.


 
   

Валянціна Палевікова, палітык

Відавочны і вельмі вялікі плюс — што Лукашэнка сыдзе. Зь яго сыходам зьявяцца пэрспэктывы, і гэта таксама плюсы:

— наладжваньне міжнародных адносінаў і прарыў ізаляцыі Беларусі, пасьлядоўнасьць і прадказальнасьць у адносінах з Расеяй;

— зьмены ўмоў для разьвіцьця эканомікі, прытоку інвэстыцыяў, рэальнай эканамічнай інтэграцыі, што будзе важкім крокам да дабрабыту;

— у грамадзтве зьнікне страх і няўпэўненасьць, асабліва ў моладзі.

Самы вялікі мінус — што Лукашэнка не зьбіраецца сыходзіць. Але гэты мінус можа стаць для ўсіх нас плюсам, таму што міт аб стабільнай, квітнеючай краіне-Беларусі доўга не пратрымаецца. Беларусы не дазволяць бясконца глуміцца над лёсам і жыцьцём сябе і сваіх дзяцей.
 

Тацяна Процька, старшыня Беларускага Хельсынскага камітэту

Плюсы могуць быць толькі для той часткі нашага грамадзтва, якая цяпер робіць свой бізнэс, карыстаючыся сымпатыямі прэзыдэнта да сябе. Яны змогуць і надалей атрымоўваць вялізарныя прыбыткі. Іншых плюсоў я ня бачу.

А мінусы распаўсюджваюцца на ўсё грамадзтва. Гэта — грэблівае стаўленьне да законнасьці як галоўнага інстытуту, які рэгулюе адносіны ў грамадзтве. Калі няма законнасьці, тады дзяржава перастае існаваць як мэханізм, які дапамагае людзям будаваць сваё жыцьцё. Законнасьць выпакутаваная чалавецтвам. Ігнараваньне законнасьці вельмі жорстка караецца ў гісторыі. Сёньня нашая дзяржава, нягледзячы на тое, што прэзыдэнт такі жорсткі — адных здымае, другіх у турмы садзіць, — крыміналізуецца, робіцца карумпаванай. Прычым карупцыя ідзе зьверху да нізу. Гэта пачалося ў 1996 — грэблівасьць да Канстытуцыі, незаконнае ўнясеньне дапаўненьняў — і доўжыцца цяпер. Зноў грэблівасьць да Канстытуцыі як да галоўнага закону. Не настолькі важна, ці будзе Лукашэнка трэці тэрмін прэзыдэнтам. Пяць гадоў у гісторыі — гэта малы тэрмін, але на агульнай глебе савецкага прававога нігілізму, які нам дастаўся ў спадчыну, зрабіць грамадзтва іншым, каб яно карысталася законам як галоўным рэгулятарам, пасьля гэтых пяці гадоў стане яшчэ цяжэй. Ужо цэлае пакаленьне прызвычайваецца, што свае асабістыя праблемы можна вырашаць, абапіраючыся не на сілу закону, а на закон сілы.
 

Андрэй Саньнікаў, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі, каардынатар “Хартыі’97”

Пытаньне пра плюсы і мінусы трэцяга тэрміну Лукашэнкі прадугледжвае пошук чагосьці станоўчага ўвогуле ў праўленьні Лукашэнкі. Але ж гэтага няма. Нават зь філязофскага пункту гледжаньня, калі нехта кажа, што мы мусім прайсьці праз пэўныя пакуты ці сапраўды заваяваць незалежнасьць, — гэта не апраўдвае таго, што адбываецца ў Беларусі.

Справа нават ня ў тым, што працяг панаваньня гэтае ўлады прывядзе да ўзмацненьня ціску на ўсё грамадзтва, да сапраўдных рэпрэсіяў супраць ня толькі іншадумцаў, але ўвогуле здольных працаваць на беларускую дзяржаву людзей. Рэч у тым, што пры Лукашэнку Беларусь страціць свой шанец вярнуцца ў Эўропу — калі не назаўсёды, то на дзесяцігодзьдзі. Ён адзіны ў Эўропе кіраўнік, які ў лёсавызначальны для ўсіх краінаў кантынэнту час пайшоў супраць натуральных працэсаў вяртаньня эўрапейскіх краінаў да сваіх каранёў. У адрозьненьне ад усіх нашых суседзяў на Захадзе, якія адчулі час і робяць усё дзеля таго, каб іхнія краіны апынуліся ў больш спрыяльных умовах для сапраўднага дзяржаўнага і грамадзкага разьвіцьця — а дзяржавы Балтыі ўжо знаходзяцца ў гэтых умовах, — Лукашэнка абраў шлях вяртаньня нават не ў Расею, а ў СССР. Гэтага ўсё роўна не адбудзецца, але ж лёс людзей, краіны і нацыі будзе скалечаны.


 
   

Сяргей Скрабец, дэпутат палаты прадстаўнікоў

Плюсы пераабраньня Лукашэнкі — будзе будаўніцтва дарог, бібліятэк, жылых дамоў.

Мінусы — па-ранейшаму будзе панаваць страх, любы чалавек будзе баяцца ў любы момант сесьці ў турму, без тлумачэньня прычынаў, прычым нават не судзьдзя будзе вырашаць на колькі і за што.

Будзе скарачацца бізнэс. Прадпрымальніцтва можа быць ліквідавана як кляса. Сытуацыя з энэрганосьбітамі будзе кантралявацца ўладай. Ад аднаго чалавека будзе залежаць, будзе зімой цяпло ці ня будзе, ці будзе пэнсія, ці будзе ўраджай, узыход і захад сонца. Але людзі будуць за гэта дзякаваць: узышло — дзякуй, зайшло — таксама дзякуй.

Будзе скарачацца насельніцтва Беларусі. Я вярнуся да эканомікі, бо для нацыі ад гэтага шмат залежыць. Ня будуць прыходзіць тэхналёгіі і заходнія інвэстыцыі. Хаця Лукашэнка можа легалізаваць свой капітал, які будзе працаваць у Беларусі. Калі яго вярнуць у Беларусь, дык эканоміка можа й разьвівацца. Але ён будзе жорстка “вырубаць” усіх канкурэнтаў. Цалкам будзе кантралявацца ўсё.

А парлямэнт будзе выглядаць вельмі проста: 110 чалавек — самых адданых, незалежна ад адукацыі, прафэсіі і сацыяльнага паходжаньня.
 

Аляксандар Фядута, журналіст, карэспандэнт тыднёвіка “Московские новости”

Сьлед адрозьніваць праблемы, што стаяць перад гаспадарствам, і праблемы, што стаяць перад гаспадаром. У Аляксандра Лукашэнкі толькі адзін клопат — праблема ягонае ўласнае палітычнае будучыні. І тутака ён мае ўсяго два варыянты: ён сыходзіць з улады або спрабуе ўзурпаваць яе й далей. Гэта не такі ўжо й просты выбар, бо сына Ільхама ў Аляксандра Рыгоравіча проста няма (ягоныя дзеці маладзейшыя за аліеўскіх). Менавіта гэтае пытаньне й далей будзе вымушаць яго ісьці на нейкія канкрэтныя крокі.

Іншыя пытаньні стаяць перад дзяржавай Беларусяй. Іх некалькі. Па-першае, ці захаваецца яна на працягу найбліжэйшых дзесяці—пятнаццаці гадоў на мапе сьвету з статусам сувэрэннае дзяржавы. Гэта далёка не відавочна. У кожным разе, калі інкарпарацыі ў склад Расеі ў найбліжэйшы час, на маю думку, ня будзе, дык факт таго, што ўсё-такі можа быць створаная нейкая канфэдэрацыя, у мяне амаль не выклікае сумненьняў. Калі Лукашэнку давядзецца заплаціць гэтую цану за сваё палітычнае быцьцё, ён яе заплаціць. Але — толькі ў выглядзе канфэдэрацыі.

Другое пытаньне: якую эканамічную мадэль абярэ Беларусь для далейшага выжываньня. Цяперашняя, калі беларуская эканоміка паразытуе на целе расейскай, бы тая п’яўка, далей — і гэта ўжо відавочна — існаваць ня можа ня толькі з вонкавых (Пуцін ня дасьць), але і з унутраных прычынаў. Гайкі закручаныя да такое мяжы, што разьба практычна сарваная. Пытаньне пра далейшае функцыянаваньне мэханізму дзяржаўнага рэгуляваньня эканамічных працэсаў застаецца адкрытае. Менавіта таму мне хацелася б папярэдзіць усіх, хто цешыцца з таго, як эфэктна Лукашэнка змагаецца з расейскім уплывам у Беларусі. Не сьпяшайцеся радавацца, калегі! Чым даўжэй Лукашэнка не пускае ў Беларусь расейскага капіталу, тым менш будзе шанцаў знайсьці інвэстара ўжо новаму, дэмакратычнаму ўраду. І гэта азначае, што пераможцам акажацца не Расея, а разруха, што нашмат горш. Ператварыцца ў краіну благое аграрнае вытворчасьці — от на што нас выракае працяг цяперашняга эканамічнага курсу. І гэта сумна.


 
   

Павал Шарамет, журналіст расейскага тэлеканалу ОРТ

Я цяпер хварэю, таму такая тэма, як плюсы і мінусы Лукашэнкі, выклікае ў мяне яшчэ большыя пакуты. Мне вельмі складана пра гэта думаць. Я б выдзеліў толькі адзін вялікі плюс і адзін вялікі мінус. Мінус у тым, што яшчэ адзін тэрмін гэтага вар’яцтва прывядзе да таго, што беларусы спыняць існаваньне. Замест Беларусі будзе існаваць адна вялікая Шклоўшчына, а беларусы пераўтворацца ў “шклашчаноўцаў”, якія гавораць на трасянцы, кідаюць каменем з-за вугла, гадзяць суседу ў талерку і паводзяць сябе неадэкватна. Відавочна, што “шклоўскі ідал”, які будзе стаяць на чале “шклоўшчыны”, клануе сябе на розных узроўнях. Гэта — вялікі мінус. Чым далей гэта будзе зацягвацца, тым горш для народу. Ніколі ні ў якай дыктатуры не было ніякіх плюсоў. Апрача аднаго: калі яго абяруць на трэці тэрмін — гэта будзе натуральнае разьвіцьцё падзеяў, бо пакуль ніякай рэвалюцыйнай сытуацыі няма. Паступова, я спадзяюся, хаця б у часе трэцяга тэрміну, гэтая рэвалюцыйная сытуацыя сасьпее, і зьмена ўлады адбудзецца ня з вонкавых прычынаў, напрыклад умяшальніцтва Расеі, ЗША ці яшчэ каго, а знутры, дзякуючы народнаму абурэньню рэшткаў беларусаў. Гэта плюс, бо тады будзе гістарычная справядлівасьць, тады адбудзецца гістарычны суд над гэтым вар’яцтвам і цемрашальствам. Бо, калі ён зараз сыдзе, праз год-два, у яго ёсьць шанцы дамагчыся для сябе гарантыяў бясьпекі, схавацца ў Расеі, жыць добра недзе ў вялікім палацы. А чым даўжэй ён будзе ля ўлады, тым больш калі гаварыць пра трэці тэрмін, у яго такога шанцу ўжо ня будзе. У гэтым плюс.
 

Васіль Шлындзікаў, старшыня Асацыяцыі спрыяньня эканамічнаму разьвіцьцю

Любы застой — гэта застой. З гісторыі добра вядома, чым заканчваецца застой і кіраваньне аднаго чалавека. Калі гаварыць пра плюсы пераабраньня Аляксандра Лукашэнкі, то я іх увогуле ня бачу. Хаця з натуры я аптыміст. Што да мінусаў — гэта страта гістарычнага часу, страта нацыі, заняпад эканомікі, жабрацтва. Калі б цяпер народ зрабіў асэнсаваны выбар, незалежна ад таго, хто прыйшоў бы, гэта ўжо быў бы прагрэс, калі, натуральна, ня будзе палітык такога ж складу і сьветагляду. Для мяне асабіста пераабраньне Лукашэнкі азначала б, што я на пэнсіі — калі б на яе можна было пражыць! — буду вырошчваць у агародзе бульбу. Калі б сытуацыя разьвівалася інакш, я спадзяюся, што мог бы быць запатрабаваны грамадзтвам як эканаміст. Пакуль шанцы 50 на 50. Лукашэнку і хочацца, і колецца — ды мамка не дае. Інакш бы ён ужо правёў рэфэрэндум.
 

Апытвала Вольга Караткевіч

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (27) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/09/28