A R C H E П а ч а т а к № 4 (27) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42003
» да Зьместу «

 


ЧЭСКІ АЛЬБОМ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


палітыка

БРЖЭЦІСЛАЎ ДАНЧАК

(81Kb) Вокладка ARCHE 4-2003. ЧЭСКІ АЛЬБОМ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Бржэціслаў Данчак, Віт Глоўшак
 
 
Дзьве дзесяцімільённыя краіны
ў цені Тэмэліну


Стасункі паміж Чэхіяй і Аўстрыяй апошніх двух гадоў не выглядаюць ідэальнымі. Атмасфэру напружаньня маглі непасрэдна адчуць падарожнікі, што спрабавалі перасячы чэска-аўстрыйскую мяжу падчас яе блякады аўстрыякамі, незадаволенымі запускам у суседняй краіне атамнай электрастанцыі. Сам назоў мясцовасьці, дзе збудаваная гэтая АЭС, — Тэмэлін — стаўся ўжо сымбалем. Тэмэлін увайшоў у гісторыю міжнародных стасункаў такім чынам, што для большасьці сама згадка пра яго азначае ўсплёск эмоцыяў. Дыпляматыя таксама непазьбежна ўцягнулася ў арбіту дыскусіі, што не заўсёды трымаецца “дыпляматычнага пратаколу”. Сутнасьць праблемы застаецца на заднім пляне, а вынікі спрэчак не прыносяць пазытыўных зрухаў. Набліжэньне тэрмінаў парлямэнцкіх выбараў таксама не спрыяе суцішэньню непаразуменьняў.

Пры аналізе палітыкі Чэхіі і Аўстрыі ў апошнім дзесяцігодзьдзі мінулага стагодзьдзя Тэмэлін выступае як найвідавочнейшы аспэкт узаемных дачыненьняў. Нават вельмі добрыя і плённыя стасункі ў гаспадарчай, культурнай сфэрах, асабістыя кантакты між людзьмі ня ў стане зьмяніць гэтага факту. Як падаецца, прычына гэтага — розьніца ідэалягічнага кшталту: Аўстрыя стаіць на пазыцыі бязьядзернасьці ў самым шырокім сэнсе гэтага слова; Чэхія ж разглядае атамную энэргію як адзін з галоўных энэргетычных рэсурсаў. Дадзены артыкул спрабуе паказаць, адкуль бяруцца матывацыі палітычных паводзінаў абодвух бакоў канфлікту.
 

Кароткая гісторыя Тэмэліну

Стратэгія пабудовы некалькіх атамных электрастанцыяў на тэрыторыі былой Чэхаславакіі паўставала з доўгатэрміновай канцэпцыі камуністычнай партыі. Працы на будоўлі Тэмэліну (каля 25 км на поўнач ад Чэскіх Будзяёвіцаў) распачаліся ў 1983 годзе. Першапачаткова быў намер пабудоваць чатыры рэактары магутнасьцю 1000 МВт кожны, пазьней гэтая лічба была скарочаная да двух рэактараў.

1989 год паклаў канец мэгаляманскім плянам камуністычнага кіраўніцтва; але, на жаль, ад пачатку працаў у Тэмэліне прайшоў нейкі час і згарнуць будоўлю было ня так проста. Час ад падзеньня камунізму да 1993 году быў пэрыядам, калі вяліся дыскусіі: працягваць работы альбо замарозіць праект. Калі ацэньваць тагачасную сытуацыю і разглядаць шанцы абодвух варыянтаў, сілы прыхільнікаў і праціўнікаў Тэмэліну, дык шанцы былі пяцьдзясят на пяцьдзясят. Тагачасны прэм’ер чэскага ўраду Пэтар Пітгарт ня быў, аднак, у стане прыняць прынцыповага рашэньня аб заканчэньні ці працягу працаў. Яго нерашучы падыход хутчэй ускладняў, чым вырашаў сытуацыю, а яго пазьнейшы ўдзел у дэманстрацыях экалягічнага руху супраць Тэмэлінскай электрастанцыі будзіць падазрэньне, што ён не да канца разумеў уласную ролю ў працэсе кіраўніцтва краінай.

Такім чынам, справа электрастанцыі перайшла ў рукі рэспубліканскага ўраду, які паўстаў па выбарах 1992 году і быў ачолены прэм’ерам Вацлавам Клаўсам. Пасьля месяцаў адкладаньня праблемы 10 сакавіка 1993 году адбылося паседжаньне ўраду, на якім было прынятае рашэньне працягваць будоўлю двух рэактараў. Праект быў рэалізаваны наступным чынам: былі скарыстаныя савецкія рэактары тыпу WER-1000/320, дакамплектаваныя заходнімі тэхналёгіямі амэрыканскай фірмы “Вэстынгаўз”.

Акцыянэрнае таварыства “ČEZ” (“Чэскія энэргетычныя заводы”) ажыцьцявіла дастаўкі паліва і зладзіла першыя выпрабаваньні электрастанцыі 5 ліпеня 2000 году пасьля атрыманьня дазволу з боку Дзяржаўнага камітэту па ядзернай бясьпецы (ДКЯБ). З таго часу было шмат перапынкаў, зьвязаных з рознымі тэхнічнымі складанасьцямі, якія пакрысе выпраўляліся да самага моманту запуску Тэмэліну на 100% магутнасьці. Аднак камэрцыйная эксплюатацыя электрастанцыі так і не пачалася.
 

Праблема экалёгіі
ў аўстрыйскай палітыцы

У Эўропе Аўстрыя ёсьць краінай, якая здавён праводзіць пасьлядоўную і, на думку многіх, нестандартную палітыку аховы навакольнага асяродзьдзя. Першапачатковым імпульсам у гэтай галіне быў экалягічны рух 70-х гадоў, які імкліва разьвіваўся і прывёў да таго, што ўжо ў той час ідэі гэтага руху былі ўключаныя ў праграмы ўсіх вагомых аўстрыйскіх партый. Шырокі электарат, відавочна, ухваляў гэткую пазыцыю. Ад самага пачатку ў Аўстрыі пытаньне атамнай энэргіі й яе выкарыстаньня мела вялікае, сымбалічнае значэньне. Спачатку гэта тычылася толькі сытуацыі ў самой Аўстрыі, пазьней, пасьля 1989 году, пашырылася і на суседнія дзяржавы.

Аўстрыйскі падыход можна ілюстраваць прыкладам лёсу адзінай аўстрыйскай атамнай электрастанцыі. Ужо за канцлерам Ёзэфам Клаўсам (1964—1970) урад пачаў будоўлю атамнай электрастанцыі ў Цвэнтэндорфе. Кошт будоўлі дасягнуў сумы ў некалькі мільярдаў шылінгаў, аднак грамадзкі плебісцыт 5 лістапада 1978 году невялікай бальшынёй пастанавіў, што электрастанцыя ня будзе пушчаная, дарма што будоўля ўжо была завершаная. На гэтым рэфэрэндуме Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі (СДПА) была хутчэй за станцыю, Аўстрыйская народная партыя (АНП) — хутчэй супраць, але пазыцыі абедзьвюх партый у гэтым пытаньні былі досыць невыразныя. Тым часам зьявіліся агульныя дыскусіі на тэму аховы навакольнага асяродзьдзя і пачаў фармавацца арганізаваны рух зялёных, які памалу страціў лякальны характар і выйшаў на агульнааўстрыйскую палітычную арэну. Істотным момантам было прыняцьце патрабаваньняў зялёных у пытаньні ядзернай энэргіі рэштай аўстрыйскіх палітычных партый і аўстрыйскай грамадзкай думкай. Вельмі рашуча выступіла супраць атамнай электрастанцыі ў Цвэнтэндорфе, апрача іншых аб’яднаньняў руху зялёных, таксама Аўстрыйская партыя свабоды (АПС). Стаўленьне гэтай партыі да Тэмэліну, якое часта разумеецца чэскім бокам як праява папулізму, ёсьць у пэўным сэнсе толькі працягам тэндэнцыі суцэльнага адмаўленьня ядзернай энэргіі, што ўмацавалася шчэ пры канцы 70-х гадоў.
 

— навуковы сакратар Міжнароднага паліталягічнага інстытуту Ўнівэрсытэту Масарыка ў Брне, выкладчык аддзяленьня сацыяльных навук УМ. Вялікі сябар Беларусі.

ВІТ ГЛОЎШАК — асыстэнт па справах праектаў Міжнароднага паліталягічнага інстытуту Ўнівэрсытэту Масарыка ў Брне, выкладчык аддзяленьня сацыяльных навук УМ.
   

Праблема Тэмэліну: храналёгія падзеяў, афіцыйная пазыцыя Аўстрыі

Афіцыйная аўстрыйская палітыка мусіць, вядома ж, улічваць настроі грамадзтва. Аўстрыйская дыпляматыя пасьля падзеньня жалезнай заслоны сканцэнтравала свае высілкі перадусім на атамных электрастанцыях у суседніх краінах. Справа Тэмэліну страшэнна цікавая для СМІ. Аб’ектыўна гэта самая сур’ёзная праблема ў адносінах Аўстрыі з сваімі суседзямі. Да таго ж, існуюць і агульныя складанасьці ў чэска-аўстрыйскіх адносінах, пра што ніжэй.

Аўстрыйскае антыатамнае лобі зрабіла з Тэмэліну сымбаль, нэгатыўны зарад якога настолькі моцны, што здольны выклікаць вялікую хвалю грамадзянскіх пратэстаў.

Балючых месцаў, аднак, болей. І славацкая атамная электрастанцыя ў Яслаўскіх Богуніцах, і асабліва славенская ядравая электрастанцыя ў Кршску выклікаюць нэгатыўную рэакцыю аўстрыйскага грамадзтва і палітыкаў. Кршская электрастанцыя, фінансаваная ня толькі Славеніяй, але й Харватыяй, — адзіная атамная электрастанцыя на тэрыторыі былой Югаславіі. Будаўніцтва гэтай станцыі распачалося ў 1974 годзе, а яе камэрцыйная эксплюатацыя — у 1983 годзе. Праектавы час яе эксплюатацыі — да 2003 году. Як і ў выпадку з Тэмэлінам, славенцы ўжылі для падстрахоўкі тэхналёгію амэрыканскай фірмы “Вэстынгаўз”, што не замінае аўстрыйскай дыпляматыі лічыць станцыю ненадзейнай. Асаблівы ціск з мэтай дабіцца закрыцьця электрастанцыі Аўстрыя аказвала ў 1991 годзе. Любляна пагадзілася тады, каб камісія незалежных экспэртаў правяла экспэртызу рызыкі дзейнасьці электрастанцыі. Камісія ацаніла праект пазытыўна. Вена старалася й далей блякаваць функцыянаваньне электрастанцыі1, але замест Кршскай вельмі хутка паўстала праблема Тэмэліну.

Тэмэлін выявіўся важнейшым ня толькі таму, што вялося пра электрастанцыю з вышэйшым узроўнем энэргетычнага патэнцыялу паблізу дзяржаўнай мяжы, але й таму, што вялося пра электрастанцыю ў стане будаваньня, у мэтазгоднасьці якога існавалі сумневы і з чэскага боку. Чэскія сумневы вынікалі з таго, што будоўля паглынула велізарныя фінансавыя сродкі, плюс не было пэўнасьці ў надзейнасьці спалучэньня савецкай і амэрыканскай ядзерных тэхналёгій. Пратэсты супраць запуску Тэмэлінскай электрастанцыі ўзрасталі ў меру набліжэньня тэрміну запуску. Масавыя дэманстрацыі, блякада чэскай мяжы й агульная вельмі эмацыйная атмасфэра антытэмэлінскай кампаніі перашкаджалі аўстрыйскаму ўраду знайсьці разважлівы кампраміс з чэскім бокам. Аўстрыя спрабавала вырашыць пытаньне Тэмэліну на ўзроўні Эўразьвязу, але намер арганізаваць канфэрэнцыю Эўрапарляманту па тэме закрыцьця Тэмэліну ня зьдзейсьніўся між іншага таму, што такі падыход адхіліла Эўракамісія. Незалежна ад гэтага, Аўстрыя не сустрэла ў Эўропе падтрымкі, толькі Нямеччына выказалася з крытыкай чэскае атамнае энэргіі. У такой сытуацыі Тэмэлін усё хутчэй стаецца ўнутрыаўстрыйскай праблемай, якая падзяляе ўладную кааліцыю на два станы.

Асноўныя межы для кампраміснага рашэньня гэтай справы акрэсьленыя ў Мэльцкім пратаколе (Мэльк — кляштар у Аўстрыі), падпісаным 13 сьнежня 2000 году чэскім прэм’ерам Мілашам Зэманам і аўстрыйскім канцлерам Вольфгангам Шусэлем. Гарантам Пратаколу выступіў камісар па пашырэньні Эўразьвязу Гюнтэр Фэргоген. Мэльцкі пратакол абумоўлівае шэраг тэхнічных момантаў, якія маюць пераканаць аўстрыйскую грамадзкасьць у бясьпечнасьці электрастанцыі. Гаворка ў тым ліку аб сыстэме раньняга інфармаваньня аўстрыйскага боку пра збоі і непаладкі ў працы электрастанцыі й правядзеньне новай экспэртызы электрастанцыі пры дапамозе Эўракамісіі. Чэскі бок абавязаўся не пачынаць камэрцыйнай эксплюатацыі Тэмэліну, пакуль ня будзе канчаткова вывучанае пытаньне бясьпекі станцыі для навакольнага асяродзьдзя.

Відавочна, пад уплывам досьведу блякады дарог і памежных пераходаў у Пратакол унесьлі таксама арт.VII, у якім гаворыцца пра свабоду руху асобаў і транспарту. Канцавы арт.VIII прысьвечаны пытаньню пашырэньня Эўразьвязу. Абодва бакі выказваюць у ім перакананьне, што працэс пашырэньня мае прынцыповае значэньне для эўраінтэграцыі. (Умовай закрыцьця разьдзелу “Энэргетыка” Аўстрыя абвяшчае вырашэньне Чэхіяй справы Тэмэліну).

Тым часам АПС настойвала на правядзеньні рэфэрэндуму ў пытаньні Тэмэліну. Гэтыя дзеяньні прывялі да глыбокага крызысу ўнутры ўладнай кааліцыі. Яшчэ перад абвяшчэньнем рэфэрэндуму Гайдэр2 прыгразіў выхадам з уладнай кааліцыі й абвяшчэньнем датэрміновых выбараў.

Подпісавы рэфэрэндум, які носіць толькі кансультатыўны характар, адбыўся 14—21 студзеня 2002 году3. Выбарцы сваімі подпісамі ўхвалілі прапанову, у адпаведнасьці зь якой аўстрыйскі ўрад павінен заблякаваць уступ Чэхіі ў Эўразьвяз у выпадку, калі Чэская Рэспубліка не закрые АЭС ў Тэмэліне. Рэфэрэндум рашуча байкатавалі ўсе парлямэнцкія партыі за выняткам АПС. Неасьцярожныя выказваньні чэскага прэм’ера Зэмана, у якіх ён параўноўваў АПС з НСДАП, называючы Гайдэра “постфашыстам”, выклікалі шэраг рэзкіх заяваў з абодвух бакоў. Афіцыйная аўстрыйская дыпляматыя асудзіла гэтыя выказваньні, палічыўшы іх недапушчальным умяшальніцтвам ува ўнутраныя справы Аўстрыі. АПС, застаўшыся ў ізаляцыі, рэагавала вяртаньнем да тэмы дэкрэтаў прэзыдэнта Бэнэша, называючы адмову Чэхіі скасаваць іх разам з увядзеньнем у лад Тэмэліну падставамі для магчымага накладаньня вэта на чэскае імкненьне ўступіць у Эўразьвяз. Рэзкія выказваньні Зэмана абурылі аўстрыйскае грамадзтва і, можна дапусьціць, забясьпечылі больш высокую яўку на подпісавы рэфэрэндум, у параўнаньні з той, якая чакалася. Зэман паўтарыў сваю ацэнку Гайдэра таксама і ў інтэрвію аўстрыйскаму тыднёвіку “Профіль” ад 21 студзеня 2002 году і ўскосна назваў тых, хто ўзяў удзел у рэфэрэндуме, “ідыётамі”, а аўстрыйскі народ — “нацысцкімі калябарантамі”.

У рэфэрэндуме ўзялі ўдзел 915 220 аўстрыйцаў, што складае 15,53 % ад агульнай колькасьці тых, хто мае права голасу. У Верхняй Аўстрыі, якая суседзіць з Паўднёвай Чэхіяй, дзе месьціцца Тэмэлін, свае подпісы далі аж 23,52 % тых, хто мае права голасу. Беручы пад увагу факт, што ў аўстрыйскіх рэфэрэндумах такога кшталту яўка звычайна нізкая, а таксама пратэст супраць рэфэрэндуму рэшты партый і большасьці СМІ, прыходзім да высновы, што акцыя АПС мела посьпех.

Праблема Тэмэліну — не адзіны гарачы пункт у чэска-аўстрыйскіх стасунках. Само хуткае далучэньне Чэхіі да санкцыяў Эўразьвязу пасьля ўтварэньня кааліцыйнага ўраду АНП—АПС кантраставала зь вельмі рацыянальным вугорскім падыходам.

Таксама й прапанова аўстрыйскай міністаркі замежных справаў Бэніты Фэрэра-Вальднэр (АНП) узмацніць супрацоўніцтва ў межах Цэнтральнай Эўропы4, успрынятая цэнтральнаэўрапейскімі краінамі стрымана, наклалася на супярэчнасьці альпійскай рэспублікі з сваімі суседзямі.
 





















































1Напрыклад, Аўстрыя ў 1999 годзе ўскладніла дастаўку ядзернага паліва, закрыўшы паветраны калідор для самалётаў з гэтым палівам.































































2Дзеля таго каб паўстала кааліцыя АНП—АПС, Гайдэр 28 студзеня 2000 году склаў зь сябе функцыі кіраўніка партыі. 1 траўня 2000 году яго замяніла малавыразная Зузана Райс-Пасэр. Фактычны ўплыў Гайдэра на палітыку АПС, тым ня менш, застаўся вельмі вялікім, а яго выказваньні маюць ключавое значэньне для далейшай працы партыі ў падставовых кірунках палітыкі.

3Калі подпісавы рэфэрэндум кансультатыўна падтрымае больш чым 100 000 выбарцаў, парлямэнт абавязаны вынесьці гэтае пытаньне на абмеркаваньне, вынік якога, аднак, можа быць адрозным ад выніку рэфэрэндуму. Супастаўны эфэкт мог бы мець таксама звычайны законапраект, з чаго вынікае, што мэтай была не расчыстка прасторы для рашучых дзеяньняў супраць Чэхіі, а хутчэй дэманстрацыя АПС сваёй здольнасьці да “працы” з грамадзкай думкай.

4Ад студзеня 2001 году Бэніта Фэрэра-Вальднэр зандавала неафіцыйную рэакцыю сярэднеэўрапейскіх партнэраў на намер стратэгічнага супрацоўніцтва Аўстрыі, Чэхіі, Вугоршчыны, Славаччыны і Славеніі ў розных сфэрах. Без заўваг гэтую прапазыцыю прыняла толькі Вугоршчына. Чэская дыпляматыя палічыла немагчымым адсутнасьць Польшчы ў гэтым шэрагу. Вельмі вострую рэакцыю гэтая прапанова выклікала (ужо пасьля дапаўненьня аб Польшчы) з боку італьянскай дыпляматыі. Прэзыдэнт парлямэнцкага сходу Сярэднеэўрапейскай ініцыятывы Фэлічэ Бэзостыё назваў ініцыятыву стратэгічнага партнэрства без Італіі “варожым жэстам” на адрас Рыму. На пачатку чэрвеня 2001 году адбылася сустрэча ў Вене, на якой абмяркоўвалася пытаньне аб цесным супрацоўніцтве між Аўстрыяй, Чэхіяй, Вугоршчынай, Славаччынай і Польшчай без інстытуцыйнай базы, з вынасам двухбаковых праблемаў (у тым ліку праблемы Тэмэліну) па-за рамкі супрацоўніцтва.
   

Пазыцыі аўстрыйскіх палітычных партый
па пытаньні Тэмэліну

Пазыцыю АПС па Тэмэліне можна ахарактарызаваць словам “няўступнасьць”. Вынікі подпісавага рэфэрэндуму партыя ацаніла як перамогу розуму і лічыць гэта адназначнай легітымізацыяй свайго ціску на аўстрыйскі ўрад у справе вэта на ўваход Чэхіі ў Эўразьвяз, у выпадку калі Тэмэлін ня будзе зачынены. У дадатак партыя цесна зьвязала гэтую праблему з пытаньнем высяленьня судэцкіх немцаў і дэкрэтамі прэзыдэнта Бэнэша. Экалягічная матывацыя ў гэтым выпадку толькі часткова абгрунтаваная. АПС яшчэ з пачатку 90-х гадоў выступае супраць далейшага пашырэньня Эўразьвязу. У гэтым кантэксьце Тэмэлін — добрая зброя ў барацьбе супраць пашырэньня, поруч зь іншымі аргумэнтамі (небясьпека наплыву таннай працоўнай сілы, транзыту праз Аўстрыю і г.д.).

АНП вызначыць сваю пазыцыю адносна Тэмэліну, пэўна, найбольш складана. З аднаго боку, гэта адназначна праэўрапейская партыя, якая адкрыта падтрымлівае працэс пашырэньня Эўразьвязу, з другога ж, яна мусіць балянсаваць паміж патрэбамі кампрамісу з сваім партнэрам па кааліцыі й кампрамісу з чэскім суседам. Пазыцыя АНП зрабіла магчымым дасягненьне кампрамісу і ўкладаньне дамоваў у Мэльку і Брусэлі. АНП катэгарычна адмаўляе тактыку вэтаваньня ўступу Чэхіі ў Эўразьвяз у выпадку, калі Тэмэлін ня будзе зачынены. Але ў той жа час бачыць аптымальным рашэньнем т.зв. нулявы варыянт (г.зн. закрыцьцё Тэмэліну). Да гэтай мэты мае весьці шлях доўгатэрміновых перамоваў з чэскім бокам і спроба ўзьняць праблематыку атамнай энэргіі на форуме Эўразьвязу.

Пазыцыя СДПА прасьцейшая, хаця б таму, што яна ёсьць апазыцыйным фармаваньнем. СДПА, як і АНП, упэўненая, што нельга зьвязваць пытаньне Тэмэліну з пытаньнем прыняцьця Чэхіі ў Эўразьвяз. У той жа час партыя крытыкуе пагадненьне, дасягнутае Зэманам і Шусэлем у Брусэлі, паколькі, на яе думку, яно нічога не вырашае. СДПА крытыкуе ўрад за тое, што не былі створаныя адпаведныя магчымасьці для далейшых перамоваў.

Аўстрыйскія зялёныя паўсталі як маналітная партыя галоўным чынам дзякуючы барацьбе супраць атамнай энэргіі. Лідэр зялёных Аляксандар ван дэр Бэлен назваў рэфэрэндум “разьдзіманьнем антыславенскіх і антычэскіх настрояў” і абвесьціў “абсалютна дадатнае” стаўленьне партыі да пашырэньня Эўразьвязу. Паводле прадстаўніцы зялёных у справах навакольнага асяродзьдзя Эвы Глявішніг, рэфэрэндум паказаў неаднароднасьць антыядзернага руху, паколькі ня ўсе з тых, хто падпісаўся, выказаліся за вэта, і ня ўсе, хто супраць Тэмэліну, падпісалі лісты. Паводле зялёных, неабходна чакаць парлямэнцкіх выбараў у Чэхіі, бо толькі пасьля іх варта пачынаць новыя размовы з новым чэскім урадам аб закрыцьці Тэмэліну і працягваць спробы правядзеньня антыядзернай палітыкі на ўзроўні Эўразьвязу. Пры гэтым яны зыходзяць з агульнай канцэпцыі энэргетычнай палітыкі сваёй партыі, якая аддае перавагу разьвіцьцю аднаўляльных энэргетычных рэсурсаў. У пытаньні аб дэкрэтах прэзыдэнта Бэнэша зялёныя прапануюць вырашыць канфлікт падпісаньнем чэска-аўстрыйскае дэклярацыі, якая была б сутнасна блізкай да чэска-нямецкай дэклярацыі ад 21 студзеня 1997 году.
 

   

Высновы

Падсумоўваючы вынікі ўсіх спрэчак вакол Тэмэліну, можна сьцьвярджаць, што рэакцыя палітыкаў і публічныя выказваньні абодвух бакоў перасьледуюць перш за ўсё ўнутрыпалітычныя мэты.

Як ужо было сказана вышэй, аўстрыйская палітычная арэна больш чуйная, чымся чэская, да пытаньняў, зьвязаных з атамнай энэргіяй. На пачатку 90-х Партыя зялёных мела пэўную падтрымку ў былой фэдэратыўнай Чэхаславаччыне і яе галоўныя праграмныя мэты былі зьвязаныя таксама з пытаньнем Тэмэліну. Але ўплыў партыі даўно застаўся ў мінулым. Цяпер тэматыку абароны навакольнага асяродзьдзя ўздымаюць галоўным чынам такія арганізацыі, як “Дзеці Зямлі”, рух “Вясёлка” ды “Грынпіс”. Найбольш інтэнсіўна гэтыя арганізацыі пачалі разьвівацца толькі ў сярэдзіне 90-х. Сымбалем змаганьня з атамнай энэргіяй сталіся штогадовыя летнікі каля Тэмэлінскай электрастанцыі, блякады ўезду на яе тэрыторыю і да т.п. Падчас апошняй стадыі падрыхтоўкі да пуску Тэмэліну (дазвол ДКЯБ на ўвоз ядзернага паліва) рух “Вясёлка” зладзіў — разам з амаль сямю дзясяткамі іншых арганізацый і згуртаваньняў — акцыю ў падтрымку ідэі рэфэрэндуму аб лёсе Тэмэліну. Кампанія была пачатая 19 красавіка 2000 году і насіла назву “Рэфэрэндум-2000”. Паводле неафіцыйных зьвестак, пэтыцыю падпісалі каля 100 тыс. чалавек.

Тэма Тэмэліну выяўляецца вельмі прывабнай для палітыкаў, улічваючы яе розгалас у СМІ, што мабілізуе і прыцягвае розных асобаў палітычнага жыцьця. Таксама й тэма рэфэрэндуму дыскутуецца тым актыўней, чым бліжэйшы тэрмін уваходжаньня Чэхіі ў Эўразьвяз. Увогуле палітычная арэна падзеленая на прыхільнікаў аднаразовага, ясна акрэсьленага рэфэрэндуму аб уваходзе Чэхіі ў Эўразьвяз — гэта ідэя Грамадзянскай дэмакратычнай партыі (ГДП) — і на прыхільнікаў правядзеньня агульнага рэфэрэндуму, на які былі б вынесеныя найважнейшыя дзяржаўныя пытаньні — іх прадстаўляюць Чэская сацыял-дэмакратычная партыя (ЧСДП), Камуністычная партыя Чэхіі і Маравіі (КПЧМ), Хрысьціянска-дэмакратычны саюз — Чэхаславацкая народная партыя (ХДС—ЧНП) і Унія свабоды (УС).

Агульнаграмадзкія дэбаты наконт рэфэрэндуму цягнуцца ўжо два гады, а падчас чарговага ўзьняцьця гэтай тэмы эколягамі да яе далучыліся некаторыя аўтарытэтныя палітыкі, якія дзейнічаюць у рамках т.зв. постмадэрнісцкага дыскурсу новых тэмаў у палітыцы. Дэпутаты Пэтра Бузкава (ЧСДП), Уладзімір Млынарж (УС), Лібар Амброзэк (ХДС—ЧНП) і іншыя прадставілі 10 ліпеня 2000 году праект закону аб рэфэрэндуме ў пытаньні Тэмэліну. Праект быў адхілены з тае прычыны, што дазвол на ўвоз атамнага паліва на электрастанцыю ўжо быў дадзены; выносячы законапраект, дэпутаты мусілі ведаць пра адносна нізкую імавернасьць праходжаньня праекту ў парлямэнце і хутчэй разьлічвалі ўмацаваць асабістую папулярнасьць, чым дасягнуць практычнага выніку сваіх дзеяньняў.

Агульнае перакананьне бясьпечнасьці Тэмэліну вынікае ня толькі з таго, што палітыкі пераконваюць у гэтым выбарнікаў, але хутчэй зь лёгікі інстынкту самазахаваньня чэскага грамадзтва. Падаецца абсурдным, каб пры такой колькасьці фінансавых сродкаў і часу, якія былі аддадзеныя Тэмэліну, рэалізоўваўся бессэнсоўны праект. Сярод чэскіх парлямэнцкіх партыяў бракуе выразнага праціўніка Тэмэліну, калі ня ўлічваць малаўплывовых фракцыяў у некаторых партыях, якія акцэнтуюць экалягічную тэматыку. Сучасная атмасфэра чэска-аўстрыйскіх стасункаў таксама выключае, каб некаторыя з партыяў дазволілі сабе публічна сумнявацца ў цяпер ужо “прэстыжным” пытаньні падтрымкі чэскай пазыцыі. Гэта, аднак, не азначае, што ўсе партыі згаджаліся з вастрынёй некаторых выказваньняў прэм’ера Зэмана на адрас Аўстрыі ці, дакладней, Гайдэра.

У цэлым пытаньне Тэмэліну істотна не ўплывае на праграмы чэскіх палітычных партый.

Дарма што апошнім часам чэска-аўстрыйскія дачыненьні разьвіваюцца пад знакам праблематыкі Тэмэліну і дэкрэтаў прэзыдэнта Бэнэша, не спыняеццца, аднак, і эфэктыўнае супрацоўніцтва ў гаспадарчай сфэры. Аказалася, што адносіны між дзяржавамі ў гэтай галіне матываваныя ўзаемнай карысьцю, а шырокая каапэрацыя паміж прыватнымі суб’ектамі гаспадараньня сьведчыць пра далейшыя пэрспэктывы разьвіцьця. Ілюстрацыяй добрага стану могуць быць статыстычныя зьвесткі, паводле якіх у 2000 годзе Аўстрыя была трэцім па значнасьці гандлёвым партнэрам Чэхіі з доляй 5,5% у агульным абарачэньні замежнага гандлю і другой з краінаў Эўразьвязу. У 2000 годзе дадатнае сальда Чэхіі ў гандлі з Аўстрыяй склала 5,5 мільярда кронаў. Аўстрыйскія інвэстыцыі склалі ў гэтым жа годзе 20,4% ад замежных інвэстыцыяў у Чэхіі, апынуўшыся на трэцім месцы пасьля ФРГ і Галяндыі.

 

Пераклала з польскай
зь невялікімі скаротамі
Марыя Мартысевіч паводле Przegląd Środkowoeuropejski (Central European Review). 2002. №1.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (27) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Элы Мацьвіенкі
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/09/23