A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (27) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
|
Структура народнай гаспадаркі У Чэхіі дзейнічаюць суб’екты дзяржаўнай, прыватнай і каапэратыўнай уласнасьці. Паводле арганізацыі прадпрыемствы падзяляюцца на наступныя тыпы: Дзяржаўныя прадпрыемствы кіруюцца непасрэдна дзяржавай; гэта, напрыклад, пошта. Але часта дзяржава мае значную долю і ў прадпрыемствах іншага тыпу, напрыклад, яна можа мець вялікія пакеты акцыяў. Акцыянэрныя таварыствы маюць звычайную форму кіраваньня, але яны абавязаныя адзін раз у год склікаць агульны сход і знаёміць грамадзкасьць з вынікамі сваёй гаспадарчай дзейнасьці. Камэрцыйныя таварыствы не абавязаныя даваць справаздачу пра сваю працу. Каапэратыўная форма ўласнасьці страчвае сваё значэньне, яна сустракаецца ў асноўным у галіне сельскай гаспадаркі й кіраваньні жыльлёвым фондам. У эканоміцы дзейнічаюць таксама самастойныя прамыслоўцы і земляробы. Доля прыватнага сэктару ў стварэньні валавога нацыянальнага прадукту (ВНП) з 1990 году падвысілася за 10 год з 12,5% да больш як 75%. З пачатку 90-х таксама значна зьмянілася галіновая структура эканомікі. Галоўную ролю, вядома, па-ранейшаму адыгрывае прамысловасьць, але цяжкія галіны (горназдабыўная, мэталюргія ды інш.) саступілі месца пераапрацоўчай прамысловасьці, дзе большая даданая вартасьць. Напрыклад, самым буйным чэскім экспартэрам (прыкладна 7% агульнага экспарту) ужо зь сярэдзіны 90-х зьяўляецца вытворца легкавых аўтамабіляў “Шкода Аўта”. Будоўля страціла другое месца сярод стваральнікаў ВНП, саступіўшы транспарту, тэлекамунікацыям і фінансава-банкаўскай сыстэме, якія разьвіваюцца хуткімі тэмпамі, а таксама турызму і так званай новай эканоміцы. Значэньне сельскай гаспадаркі ў нацыянальных маштабах увесь час зьніжаецца, але земляробы ўяўляюць сабой дастаткова ўплывовую частку рынку працы, асабліва ў Маравіі. Земляробы, дарэчы, найбольш пэсымістычна настроеныя ў пытаньні ўступу краіны ў Эўразьвяз. Узровень жыцьця У сярэднім 15442 кроны (без вылічэньняў), г.зн. каля 500 даляраў, зарабіў у трэцім квартале 2002 году кожны працоўны. Рэальная зарплата, дзякуючы рэкордна нізкай інфляцыі (0,7%), у параўнаньні з такім жа пэрыядам 2001 году падвысілася на 6,7%. Гэта найбольшае падвышэньне заробкаў за апошнія 3 гады. Аналітыкі папярэджваюць, што рост заробкаў у Чэскай Рэспубліцы не адпавядае дынаміцы прадукцыйнасьці працы, а гэта мусіць скончыцца або звальненьнямі, або стратай канкурэнтаздольнасьці на замежных рынках. У апошнія 13 год у грамадзтве павялічваецца розьніца ў аплаце розных прафэсій. Мэнэджэры вялікіх фінансавых і страхавых фірмаў зарабляюць у невытворчай сфэры найбольш (каля 1100 СZK за гадзіну). Высокія заробкі маюць таксама маклеры, мэнэджэры авіякампаній. Наадварот, горш за ўсё аплачвалася праца краўчых (38,73 кроны за гадзіну). Ня больш за 50 кронаў за гадзіну зарабляюць таксама чаляднікі й некваліфікаваныя рабочыя, вартаўнікі, прыбіральніцы, а таксама, напрыклад, работнікі пральняў ды хімчыстак, швачкі й шаўцы. Таксама менш за сярэдняе зарабляюць выкладчыкі некаторых ВНУ, бібліятэкары, кіроўцы, супрацоўнікі інфармацыйных службаў, тэлефаністы, прадавачкі, працаўнікі органаў бясьпекі, земляробы, касіры ў банках, страхавых фірмах і на поштах. У дзяржаўнай сфэры найлепш аплачваецца праца судзьдзяў, дырэктараў і прэзыдэнтаў буйных арганізацый ды прадпрыемстваў, а таксама высокапастаўленых чыноўнікаў. Узровень беспрацоўя (кастрычнік 2002 — 9,3%) хістаецца, не перавышаючы 10%. Спэцыялісты, аднак, баяцца, што ў будучым ён будзе павялічвацца. |
Дзяржаўнае гаспадараньне Асноўнымі фактарамі, якія рэгулююць нацыянальную эканоміку, зьяўляюцца фіскальная (дзяржаўна-бюджэтная) і валютная (грашовая) палітыка. Але магчымасьць уплываць на эканоміку бюджэтнымі ўмяшальніцтвамі ў Чэхіі значна абмежавана. Больш за 80% выдаткаў дзяржаўнага бюджэту абавязковыя, а значыць, строга вызначаныя законам (пэнсіі, сацыяльная дапамога і г.д.), і дзяржава мусіць забясьпечыць іх, нягледзячы на стан даходнай часткі бюджэту. Акрамя звычайных даходаў з свайго гаспадараньня (падаткі, мыты, прыбыткі дзяржаўных прадпрыемстваў), урад у мінулыя гады часта выкарыстоўваў дзеля сваіх фінансавых патрэбаў таксама сродкі, атрыманыя ў выніку прыватызацыі, — але заўсёды не на доўгачасовыя, структурныя мэты (напрыклад, разгортваньне транспартнай інфраструктуры), а дзеля непасрэднага спажываньня. Такая практыка выклікала вострую крытыку ня толькі чэскіх незалежных эканамістаў, але час ад часу і міжнародных арганізацый на чале зь Міжнародным валютным фондам і Сусьветным банкам. Больш за тое, у апошнія гады бюджэтная шчодрасьць выявілася ў павялічэньні дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту (няплянавага, а зрэдку і плянавага), і адначасова з гэтым — у хуткім росьце дзяржаўнага доўгу ў выніку прызнаньня дзяржавай так званых трансфармацыйных даўгоў. Гаворка ідзе пра забавязаньні, якія пераймае дзяржава ў збанкрутавалых фірмаў або прыватных прадпрыемстваў. Значную крытыку дзейнасьці ўрадавых эканамістаў выклікае яшчэ і раздрабненьне плыні дзяржаўных фінансаў на мноства фондаў, якія дзейнічаюць незалежна ад дзяржаўнага бюджэту, прытым што іх дзейнасьць не абавязкова ўзгадняецца з парлямэнтам. Пад націскам міжнародных арганізацый і перад абліччам пагрозы пагаршэньня сытуацыі ў фіскальнай сфэры Міністэрства фінансаў цяпер рыхтуе кардынальную рэформу дзяржаўнага гаспадараньня, у пытаньні якой усё яшчэ не дасягнуты палітычны кансэнсус. Першым крокам мусіць стаць прыняцьце сярэднетэрміновых бюджэтных плянаў, якія, як і дзяржаўны бюджэт, зацьвярджаліся б парлямэнтам. |
Падаткі Асноўную частку даходаў дзяржавы складаюць падаткі. Дзяржаўная скарбніца часткова дзеліцца гэтымі грашыма з больш дробнымі тэрытарыяльнымі ўтварэньнямі — самакіраваньнямі ды асобнымі гарадамі. Адміністрацыйная рэформа (улучна з падатковай) яшчэ ня скончаная, і яе дапрацоўка працягваецца. Значную незадаволенасьць левых выклікае тое, што ў чэскай падатковай сыстэме адсутнічае падатак на маёмасьць (ёсьць толькі падатак на нерухомасьць). Акрамя таго, левыя беспасьпяхова намагаюцца правесьці закон аб увядзеньні рэгістрацыйных касаў, якія б вялі ўлік ускосных падаткаў пры канчатковым спажываньні. Самы значны падатак з пункту гледжаньня прыбытку дзяржаўнага бюджэту — безумоўна, падатак на даданую вартасьць (ПДВ), які прыносіць у дзяржаўны бюджэт кожны год больш за пятую частку агульнага прыбытку. Гэта асноўны ўскосны падатак, якім абкладаецца канчатковае спажываньне тавараў і паслуг. Падаткаплатнікам зьяўляецца па сутнасьці кожны канчатковы спажывец, аднак вызначэньне платнікаў — рэч больш складаная. Прадпрымальнік можа патрабаваць ад дзяржавы вяртаньня падатку ў выпадку, калі тавар (паслуга) будзе выкарыстаны далей дзеля разьвіцьця, напрыклад, вытворчасьці. Базавая стаўка падатку 22%, ільготная (напрыклад, на прадукты харчаваньня) — 5%. Турысты пры вывазе тавараў з краіны могуць не пазьней як праз адзін дзень пасьля набыцьця патрабаваць вяртаньня гэтага падатку, калі кошт тавараў перавысіў 1000 Kč. Патрабаваць вяртаньня падатку могуць і замежныя прадпрымальнікі пры набыцьці тавараў і транспартных паслуг на тэрыторыі Чэхіі. Да ўскосных таксама належыць акцызны падатак, якім абкладаюцца тытунёвыя вырабы, алькаголь, паліўныя сумесі. Падатак дае 10—15% прыбытку бюджэту. Ён вызначаецца не адсоткам з кошту дадзенага вырабу, як іншыя падаткі, а сталай надбаўкай да адзінкі вымярэньня — напрыклад, 234 CZK да літра чыстага алькаголю (этанолу) або 10,84 CZK да літра неэтыляванага бэнзыну. Грамадзяне абкладаюцца, галоўным чынам, простым падаткам на даход фізычных асоб. Гэта тычыцца як супрацоўнікаў розных установаў, так і прадпрымальнікаў, што маюць свой бізнэс. Падатак плаціцца і з прыбытку ад арэнды, даходаў, якія прыносіць пасада чалавека, або даходаў з капіталу. Асновай падатку зьяўляюцца атрыманыя з усяго сьвету прыбыткі канкрэтнай асобы, якая знаходзіцца больш за 183 дні ў год або стала пражывае на тэрыторыі Чэхіі. Існуюць некалькі падатковых групаў, стаўкі для якіх часта зьмяняюцца — самая нізкая, аднак, застаецца аднолькавай даволі доўгі час на ўзроўні 15% пры гадавым даходзе да 3600 эўра. Гэты падатак напаўняе дзяржаўную скарбніцу на 12%. Яго галоўнай перавагай для дзяржаўнага кіраваньня зьяўляецца добрая прагназаванасьць даходу ды адносна лёгкая спаганяльнасьць ад падаткаплатнікаў, перадусім ад працоўных. Фірмы плацяць аналягічны падатак, і гэта падатак з даходаў юрыдычных асоб. Базавая стаўка — 31% з падатковай асновы (даходы мінус выдаткі), паніжаная — 11% (для інвэстыцыйных, далявых і інш. фондаў). Абодва падаткі з прыбытку ахоўваюцца шэрагам міжнародных пагадненьняў для папярэджаньня двайнога падаткаабкладаньня. Выкарыстаньне дарожнай інфраструктуры пры прадпрымальніцкай дзейнасьці ў Чэхіі абкладаецца дарожным падаткам. Ім абкладаюцца ўсе больш чым двухколавыя транспартныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для прадпрымальніцкай дзейнасьці, — вынятак складаюць пасажырскі маршрутны транспарт унутры краіны і ратавальныя машыны. Прадпрымальнікі і фізычныя асобы абкладаюцца таксама падаткам на нерухомасьць, якому падлягаюць як участкі зямлі, так і будынкі. Праўда, шырокае кола аб’ектаў вызваленае ад гэтага падатку. Базавая стаўка 1 CZK/м2 карэктуецца каэфіцыентам паводле разьмяшчэньня — найвышэйшы, вядома, у сталіцы. Прыбытак ад гэтага падатку, аднак, мінімальны, а ў нацыянальных мерках мізэрны, улік складаны. Таму многія эканамісты прапануюць наагул адмовіцца ад гэтага падатку. У чэскай падатковай сыстэме існуюць таксама падаткі на спадчыну, падарункі, перавод нерухомасьці (продаж). І тут ёсьць цэлы шэраг выняткаў і льготаў. Галоўным чынам гэта тычыцца сваякоў. Стаўкі вагаюцца ад 0,5% да 40%. Самакіраваньні таксама маюць свае прыбыткі: акрамя падаткаў, якімі яны дзеляцца зь дзяржавай, гэта мясцовыя зборы. Яны могуць спаганяць іх большай часткай паводле ўласных пастановаў. Напэўна, самая вядомая сярод іх — гадавая плата за ўтрыманьне сабакі. Яна часам дасягае нават 1000 CZK, і за кожнага наступнага сабаку ўлады могуць узьняць плату нават напалову. Больш прыбытку, аднак, мясцовыя адміністрацыі атрымліваюць зь іншых збораў: напрыклад з квіткоў на спартовыя і культурныя імпрэзы, з платы за жыльлёвую плошчу, за знаходжаньне ў рэкрэацыйнай зоне, за гульнявыя аўтаматы і г.д. Спэцыяльную плату мясцовыя ўлады зьбіраюць за вываз і ўтылізацыю камунальных адкідаў. |
Валютная палітыка Асноўнай задачай чэскай валютнай палітыкі, якую праводзіць Цэнтральны банк (Чэскі нацыянальны банк), было стрымліваньне інфляцыі. З 1998 году ўдалося панізіць інфляцыю з 10% да няпоўных 3% шляхам стрымліваньня грашовага запасу. Больш за тое, ранейшая грашовая палітыка не суадносілася з эканамічнай палітыкай тагачаснага правага ўраду, і іх няўзгодненасьць паспрыяла росту спэкуляцыйных апэрацый з чэскай кронай, што прывяло да адстаўкі ўраду ў другой палове 90-х. Эўрапейскі зьвяз Паводле пагадненьня пра пашырэньне (Ніцца, Францыя), якое дзейнічае і дагэтуль, Чэхія будзе мець у Радзе ЭЗ пасьля ўступленьня 12 галасоў — гэта значыць вагу, аналягічную вазе Галяндыі (13 галасоў), зь якой яе часта параўноўваюць. Падрыхтавала Алена Бегановіч. Дадатак Спасылкі ў Інтэрнэце на чэскія эканамічныя сэрвэры.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (27) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Маkса Плакса |