A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (27) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ВАЦЛАЎ ГАВАЛ | |||||
|
Вацлаў Гавал
|
(нар.у 1936) — культурны й палітычны дзяяч сусьветнага маштабу, былы кіраўнік Чэскай рэспублікі. Паслухаць гэты выступ у леташнім лістападзе бяз посьпеху прарываўся прэзыдэнт Лукашэнка. |
Я перакананы, што пашырэнне NATO мае свае лагічныя межы і калі іх перайсці, то згубіцца агульны сэнс усёй арганізацыі. NATO для мяне выступае яшчэ і як рэгіянальная арганізацыя: яна ахоплівае вельмі спецыфічную прастору, якую называюць еўраатлантычнаю, ці еўраамерыканскаю, ці проста адным словам “Захад”. Дзяржавы гэтага рэгіёну маюць блізкую гісторыю, традыцыі, сістэму каштоўнасцяў, культуру, палітычную сістэму, уяўленні пра месца чалавека ў сусвеце. У той жа час гэта і выразна акрэслены геаграфічны рэгіён. Так, напрыклад, нікому не прыйдзе да галавы прапанаваць сяброўства ў NATO Новай Зеландыі, якая, безумоўна, цывілізацыйна бліжэйшая да Вялікабрытаніі, чым, дапусцім, Албанія. Між тым, сяброўства ў NATO Албаніі рана ці позна будзе прапанавана. Расія ж, наадварот, займае вялікую частку Еўропы, але з’яўляецца абсалютна самабытнай еўразійскай дзяржавай, таму яе сяброўства ў Альянсе таксама не мела б аніякага сэнсу. Адзінае, да чаго яно магло б прывесці, гэта да ўзаемнага аслаблення гэтых двух палітычных утварэнняў і да пагаршэння іх партнёрскіх стасункаў. Я ўжо шмат разоў казаў і зноў яшчэ раз паўтару, што галоўнаю ўмовай эфектыўнага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаваў ці рэгіянальных арганізацыяў з’яўляецца яснае разуменне таго, дзе кожная з іх пачынаецца і заканчваецца, дзе ляжаць іх межы, асабліва супольныя. Там, дзе гэтыя межы дакладна не акрэсленыя, звычайна адбываюцца канфлікты ці нават войны. Такім чынам, дзе пачынаецца і заканчваецца тая культурная прастора, якую Альянс ахоплівае, ці павінен быў бы ахопліваць, ці было б лагічна, каб ахопліваў? На захадзе, безумоўна, гэта мяжа паміж Злучанымі Штатамі і Мексікай. Наконт усходняй мяжы ў мяне няма такой упэўненасці. Шмат залежыць ад самавызначэння асобна ўзятых народаў, а не толькі ад стратэгічных кірункаў арганізацыі. Асабіста мне сёння падаецца, што акрамя дзяржаваў, якім заўтра будзе прапанавана ўступіць у Альянс, рана ці позна сяброўства ў NATO будзе прапанавана — і пра гэта ўжо цяпер неабходна ясна заявіць — такім балканскім краінам, як Харватыя, Албанія, Македонія, Сербія, Чарнагорыя ды Боснія і Герцагавіна. А мяжа паміж захадам і ўсходам? Я лічу, што Альянс павінен дэклараваць сваю пастаянную і нязменную адкрытасць усім дагэтуль нейтральным еўрапейскім дэмакратыям ад Фінляндыі і Швейцарыі аж да Ірландыі. Многія з гэтых краін настойваюць на гістарычных традыцыях свайго нейтралітэту, і мы, вядома, усё гэта паважаем. Але ўсё ж такі, з майго пункту погляду, усе гэтыя краіны рана ці позна пачнуць задавацца пытаннем пра сэнс і змест нейтралітэту ў сённяшнім грамадстве, што ён абазначае, што дазваляе і, наадварот, што робіць немагчымым. Безумоўна, існаванне двух вялікадзяржаўных блокаў для многіх краін з шматлікіх прычынаў мае вялікае значэнне для захавання нейтралітэту, нягледзячы на магчымае асабістае стаўленне да аднаго з азначаных блокаў. Але калі такія блокі ўжо не існуюць і калі супольным ворагам усіх людзей з’яўляецца арганізаваная злачыннасць, тэрор ці шырокае выкарыстанне зброі масавага знішчэння, навошта тады гэты нейтралітэт? Ці можна захаваць нейтралітэт пры масавай пагібелі цывільнага насельніцтва ад тэрарыстычных актаў? Трэцяя заўвага: NATO з’яўляецца арыгінальным аб’яднаннем дзвюх блізкіх і ў той жа час геаграфічна і ў многім ментальна даволі аддаленых частак свету: Паўночнай Амерыкі і Еўропы. Многае сведчыць пра тое, што сённяшні час, час вялікіх зменаў і трансфармацый, становіцца і часам выпрабавання на трываласць узаемаадносінаў Амерыкі і Еўропы і што будучы лёс NATO залежыць галоўным чынам ад таго, хто гэтае выпрабаванне вытрывае. Асабіста я лічу, што ў будучыні абедзве часткі гэтага саюзу змогуць дзяліць функцыі сваёй дзейнасці паміж сабой больш эфектыўна, чым дагэтуль, і таксама будуць больш неабходны адна адной. Таму іх палітычнае аддаленне сёння азначала б велізарную гістарычную памылку і нават катастрофу. Што неабходна рабіць у гэтай сітуацыі? Я думаю, што галоўным мусіць быць імкненне лепей разумець і адчуваць адзін аднаго. Еўропа не павінна забываць, што дзве самыя страшэнныя ў сусветнай гісторыі вайны распачаліся на яе тэрыторыі праз канфлікт паміж еўрапейскімі краінамі і што ў абодвух выпадках менавіта Злучаныя Штаты — не будучы нават вінаватымі ва ўзнікненні гэтых канфліктаў — у пераломны момант дапамаглі перамагчы сілам свабоды і справядлівасці. І хто ведае, ці здолела б Заходняя Еўропа выстаяць у халоднай вайне і не саступіць сталінскай савецкай, ці камуністычнай экспансіі без велізарнага патэнцыялу Злучаных Штатаў, нават і ў рамках NATO. І потым зноў менавіта Злучаныя Штаты сталі ініцыятарам, хоць запозненым і недасканалым, вырашэння некаторых еўрапейскіх канфліктаў, што ўзніклі пасля падзення жалезнай заслоны. Ці здолела б Еўропа вырашыць гэтыя праблемы самастойна? Я ў гэтым не ўпэўнены. Да ўсяго, што нам давялося перажыць і што адбываецца цяпер, у той ці іншай ступені мелі і маюць дачыненне і ЗША. Таму еўрапейцы павінны былі б лепей усведамляць крыніцы і характар амерыканскай адказнасці і з разуменнем ставіцца, калі гэта было б неабходна, да грамадзянскай глухаты, нязграбнасці ці фанабэрыі, якія могуць суправаджаць гэтую адказнасць. Я мяркую, што кожны еўрапеец, якога раздражняе амерыканскі спосаб заваёвы сусветнай эканомікі сваімі глабальнымі карпарацыямі, павінен усвядоміць, што ўся культура прыбытку і эканамічнай экспансіі спачатку ўзнікла ў Еўропе, а потым была запазычана ЗША. Таму злосць на ўласнае адлюстраванне ў люстэрку не з’яўляецца разумнай. Урэшце, гаворка не пра недапушчальную этнізацыю праблемы. Гэтыя ж вялікія карпарацыі невыпадкова называюцца “транснацыянальнымі”. |
З другога боку, і Амерыка мусіць прызнаць, што сваёй веліччу і сваёй сілай яна абавязана ў значнай ступені сваім еўрапейскім цывілізацыйным караням, таму Еўропа ёй яшчэ спатрэбіцца. Не так ужо і цяжка ўявіць, што праз 10—20 гадоў на іншых кантынентах нашай планеты з’явяцца сама меней такія ж развітыя краіны, як і ЗША. Цесна звязаныя з паўмільярднай Еўропай у цывілізацыйным, культурным, палітычным планах і ў пытаннях узаемнай бяспекі, гэтыя краіны змогуць у будучым стаць процівагай Злучаным Штатам. Таму складаная дамова з футрам, поўным блохаў, якім часам здаецца Еўропа амерыканцам, усё ж такі мае сэнс і яе неабходна рэгулярна падаўжаць. Дзе яшчэ зможа знайсці Амерыка такога духоўна блізкага саюзніка ці партнёра, як не на еўрапейскай зямлі? Чацвёртая заўвага: паўгоду таму на сустрэчы прадстаўнікоў NATO і Расіі ў Італіі ўступілі ў дзеянне новыя, больш трывалыя інстытуцыянальныя дамоўленасці паміж гэтымі двума значнымі ўтварэннямі. Я з напружаннем чакаю паведамлення пра тое, як гэтае новае партнёрства сябе праявіць, да якіх вынікаў яно прывядзе, як дапаможа ў сумеснай барацьбе з тэрарызмам і іншымі небяспечнымі з’явамі, што пагражаюць гэтым абодвум утварэнням. Тым не менш, я быў бы рады зноў успомніць пра тое, што гаварыў у Рыме: гэты трывалы саюз NATO і Расіі ні ў якім разе не павінен выклікаць уражання, што багатае паўночнае паўшар’е якімсьці чынам жыве за кошт бяднейшага поўдня ці наагул усіх кантынентаў. Мы ўступаем у эру шматпалярнага свету, палітычны лад і сістэма нацыянальнай бяспекі якога мусілі б вырастаць з прынцыпу роўнасці розных цывілізацыйных і культурных прастораў, розных рэлігій, розных рэгіянальных арганізацый і кантынентаў. Апрача будаўніцтва добрых узаемаадносін з Расіяй, з майго пункту гледжання, неабходна ўжо сёння — чым раней, тым лепей — вызначыць узаеміны NATO і іншых значных дзяржаўных ці рэгіянальных утварэнняў. Асабіста я заўсёды падкрэсліваў, што NATO азначае супрацоўніцтва дзеля абароны пэўных каштоўнасцяў. Пад гэтым я звычайна разумею дэмакратыю, прававую дзяржаву, рынкавую эканоміку, правы чалавека, свабоду слова і г.д. Насамрэч так яно і ёсць. Але ўсё ж такі я б рэкамендаваў выбіраць больш дакладныя паняткі і гаварыць хутчэй не пра каштоўнасці, а пра пэўнае, у нашым выпадку заходнееўрапейскае, разуменне агульначалавечых каштоўнасцяў. Калі мы адназначна абвяшчаем, што прадстаўляем і абараняем пэўныя каштоўнасці, гэта можа выклікаць уражанне, нават калі гэтага мы і не хацелі, што іншыя прадстаўляюць і абараняюць нейкія псеўдакаштоўнасці. Я не думаю, што ў чалавецтва ёсць вялікі пазітыўны досвед што да прэтэнзій адных на тое, быццам толькі яны ёсць захавальнікамі праўды і сапраўдных багоў. Гэта ў сваю чаргу можа азначаць, што яны з’яўляюцца нечым большым, чым астатнія, якія паўстаюць у вобразе варвараў, паганцаў ці дзікуноў. Думаю, што наадварот, у імя барацьбы з дзікунствам за праўду было зроблена шмат дзікіх і страшэнных спраў. Гэтае паразуменне з іншымі людзьмі, культурамі і традыцыямі й імкненне не ўзвышацца над імі, а, наадварот, будаваць раўнапраўныя стасункі не азначае нейкага адступлення ад уласных уяўленняў ці стандартаў, не азначае неабходнасці ўтойваць свае перакананні ў інтарэсах узаемапаразумення. Якраз наадварот, аўтэнтычныя сяброўскія адносіны не могуць грунтавацца на хлусні, а могуць вырастаць толькі з жыватворнай атмасферы ўзаемнай адкрытасці. Два невялікія прыклады. Цяжка ўявіць, як хтосьці мог бы разам з расійцамі супрацьстаяць сусветнаму тэрарызму, калі б даў ім зразумець, як ставіцца да іх вайны супраць чачэнскага народу. Цяжка ўявіць і сумесную барацьбу з Кітайскай Народнай Рэспублікай за правы народаў на самабытнасць, калі б было выказана меркаванне наконт яе палітыкі ў Тыбеце. Спадарства! Шаноўныя прысутныя! Дазвольце мне зрабіць сваю пятую і апошнюю заўвагу. Сёння шмат гаворыцца пра тое, ці можна чыніць супраціў супольнай пагрозе ў самым яе пачатку, прэвентыўна, г. зн. да таго моманту, калі яна ператворыцца ў сапраўдную навалу, нават калі гэта робіцца за кошт парушэння дзяржаўнага суверэнітэту, ці наагул так нельга рабіць. З гледзішча NATO, гэтая дыскусія азначае па сутнасці дыскусію пра тое, ці магчыма ўмяшанне па-за рамкамі пятага артыкулу Вашынгтонскай дэкларацыі. Гэта вельмі складанае пытанне, і неабходна ставіць яго кожны раз, зноў і зноў шукаць на яго адказ, бо не існуе агульнага адказу на ўсе магчымыя выпадкі, але нават калі хтосьці яго і знайшоў, то ён апынецца ў вельмі складанай і няўстойлівай сітуацыі. Асабіста я звычайна схіляюся да таго, што злу неабходна супрацьстаяць у самым яго зародку, да таго моманту, калі яно разрасцецца, і я таксама лічу, што чалавечае жыццё, свабода і годнасць больш значныя, чым дзяржаўны суверэнітэт. Якраз гэтая мая схільнасць і дае мне права падаваць гэтае пытанне як сапраўды вельмі важнае і складанае. За маё жыццё ў нашай краіне адбылося дзве падзеі, абедзве з вельмі сур’ёзнымі і глыбокімі наступствамі; адна з іх — Мюнхенская змова, калі дзве галоўныя еўрапейскія дэмакратыі адступілі нібыта ў інтарэсах міру пад націскам Гітлера і дазволілі яму парваць тагачасную Чэхаславакію на кавалкі. Аднак яны, безумоўна, так і не здолелі захаваць хоць які мір. Наадварот, якраз іх паводзіны падчас падпісання Мюнхенскай дамовы Гітлер расцаніў як сігнал для магчымасці распачаць крывавую еўрапейскую, а потым і сусветную вайну. Я мяркую, што не толькі я, але і большасць маіх суграмадзян разглядаюць Мюнхен як аргумент на карысць таго, што зло неабходна выкараняць на самым яго пачатку. Другой падзеяй з’яўляецца акупацыя краіны войскамі дзяржаваў — членаў Варшаўскай дамовы ў 1968 годзе. Тады ўвесь народ паўтараў слова “суверэнітэт” і праклінаў афіцыйнае савецкае цверджанне, нібыта ішлося пра “братнюю дапамогу”, якая ажыццяўлялася ў імя каштоўнасці значна вышэйшай, чым дзяржаўны суверэнітэт, г. зн. у імя сацыялізму. Сцвярджалася, што ў нас узнікла пагроза сацыялізму і тым самым пагроза навісла над самой надзеяй чалавецтва на лепшае жыццё. Амаль кожны з нас разумеў тады, што насамрэч гэта была праява вялікадзяржаўнага шавінізму і эканамічнай экспансіі, хаця мільёны людзей у Савецкім Саюзе сапраўды верылі, што здушэнне дзяржаўнага суверэнітэту Чэхаславакіі адбывалася ў імя вышэйшай каштоўнасці, у імя чалавека. Гэтая другая падзея і атрыманы праз яе досвед вымушаюць мяне быць вельмі асцярожным. Сёння мне здаецца, што кожны раз, калі мы ў імя абароны чалавечага жыцця хочам умяшацца ў справы нейкай дзяржавы, мы павінны задацца пытаннем: ці не з’яўляецца гэтае ўмяшальніцтва версіяй “братняй дапамогі”? Тры гады таму я бачыў, як вярталіся сотні тысяч звычайных вяскоўцаў у свае дамы ў Косаве. Я не ведаю ніводнага прыкладу ў сучаснай гісторыі, калі праз год пасля выгнання на свае месцы вярнуўся амаль мільён чалавек. Тыя вяскоўцы з слязьмі на вачах дзякавалі мне, як прадстаўніку новай краіны — сябра NATO, за дапамогу ў барацьбе з рэжымам Мілошавіча. Я зноў добра ўсвядоміў, як добра, што дэбаты ў самім Альянсе пра неабходнасць умяшання ва ўнутраныя справы Югаславіі прыйшлі да правільнага рашэння. Але так не можа быць заўсёды і, тым больш, рашэнні не павінны прымацца аўтаматычна. Таму заўжды неабходна ўсё добра ўзважваць. Ці сапраўды ідзе гаворка пра дапамогу людзям у барацьбе са злачынным рэжымам і абарону чалавецтва ад яго знішчэння, ці, можа, гаворка ідзе пра, зразумела, больш вытанчаную, чым савецкая ў 1968 годзе, версію “братняй дапамогі”. Адказнасці за свае рашэнні мы ніколі не здолеем пазбавіцца, заўсёды будзем яе несці — прынялі мы добрае ці дрэннае рашэнне — перад сваімі суграмадзянамі і гісторыяй. Што мы павінны рабіць, хоць і не заўсёды робім, дык гэта праводзіць усебаковае абмеркаванне ўсіх магчымых альтэрнатываў нашых дзеянняў і іх магчымых наступстваў да прыняцця канчатковага рашэння. І пры правядзенні гэтых дыскусій самым уважлівым чынам прыслухоўвацца да поглядаў, нам бліжэйшых. Шаноўныя сябры, дзякую вам за ўвагу і зычу вам поспехаў у дыскусіях! Прага, 20 лістапада 2002 З чэшскай мовы пераклала Наталля Прыступа |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (27) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Элы Мацьвіенкі |