A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (27) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Андрэй Казвіч |
Калі казаць шчыра, то гэта не столькі кніга, колькі палітычная тэхналогія. Тэхналогія не мае ніякае цікавасці да таго, што яна апісвае. Галоўнае, як гэта будзе ўздзейнічаць і з якой эфектыўнасцю. Менавіта зыходзячы з гэтага трэба аналізаваць тую мадэль палітычнае рэальнасці, якую фармулюе тэкставая прастора “Нашествия”, яе мову, фабулу, кампазіцыю падзеяў і г.д. Пытанне аб “праўдзівасці” гэтага тэксту ў вызначаных каардынатах проста некарэктнае і не мае ніякага сэнсу. Нешта такое даўно чакалі. “Патаемныя спрыжыны беларускае палітыкі” зрабілі рух назад. Самае цікавае, што кніга сапраўды мае пэўны поспех, яе чытаюць значна больш шырокія колы, чым падавалася напачатку. Жаданне ведаць што-небудзь “паніжанае” пра ўладу вельмі доўга не спаталялася, і гэты вакуум пачынае паступова запаўняцца. Цяпер падаецца нават дзіўным, чаму такія кнігі не з’яўляліся раней, а ўся аргументацыя супраць рэжыму базавалася на рацыянальных разважаннях. Асобна трэба зазначыць тое, што “Нашествие” як палітычная тэхналогія стала магчымая ў Беларусі шмат у чым дзякуючы Інтэрнету, які з’яўляецца галоўным сродкам распаўсюджвання гэтага выдання. Жанр. Кніга ідэнтыфікуе сябе як дакументальна-мастацкая. Яе мова простая, кампазіцыя нагадвае танны дэтэктыў. Падзеі ў кнізе разгортваюцца не храналагічна, адбываюцца пераскокі ад сучаснага да мінулага, ад падзеяў 1996 году да кампаніі 1994-га і г.д. Большасць фактаў, натуральна, раней ужо праходзілі праз беларускія СМІ. Кніга не мае нават намёку на аналіз. Яе рэальнасць павінна быць брутальнаю, і яна сапраўды брутальная. Калі нехта будзе шукаць тут інфармацыю пра беларускі рэжым (у палітычным сэнсе), то знойдзе няшмат. У лепшым выпадку ён будзе змушаны задаволіцца чарговай “крымінальнай хронікай”. Асноваю, фундаментам палітычнае стратэгіі кнігі з’яўляецца адлюстраванне палітычнай фізіялагічнасці рэжыму. Улада цалкам пазбаўляецца палітычных поглядаў, матываў, жаданняў і памкненняў. Яна ёсць фізіялагічна чыстаю, цалкам нізкапрагматычнаю і, як ні парадаксальна гэта гучыць, зусім абыякаваю да палітыкі. Усе памкненні персанажаў кнігі зводзяцца да атрымання “бабла”, піцця гарэлкі і гетэрасэксуальных (дзякуй богу, што без вычварэнняў)1 палавых адносінаў. Вобраз улады вельмі просты ад самага пачатку: “жратва”, “бухло”, “расслабон” і “неконкретный базар”. Ніякага жадання працаваць, ніякіх “высокіх” ідэяў, ёсць толькі адно жаданне — жаданне грошай, што больш не хаваецца за палітычнай рыторыкай. Эмоцыі персанажаў прымітыўныя і кожнаму зразумелыя. Улада ў гэтай краіне ёсць бізнесам, і гэта, паводле задумкі аўтараў, павінна дэмістыфікаваць яе пабудаваную на падмане легітымнасць. |
Перад тым як пачаць разгортваць тую мадэль палітычнае рэальнасці, якую паказвае “Нашествие”, неабходна зрабіць яшчэ невялікую заўвагу. Змест кнігі ў цэлым прыхільны і нават падкрэслена паважлівы да КДБ. Вокладка нават мае легітымуючы надпіс: “Некалькі гадоў следчыя КДБ патаемна збіралі матэрыялы пра жыццё і дзейнасць першага прэзідэнта”. Уладзімір Мацкевіч, які доўгі час узначальваў КДБ, малюецца як выключна станоўчы персанаж (сярод іншых станоўчых — Бажэлка, Віннікава, Карпенка, Ганчар…). Мацкевіч “честного чекиста из себя корчил”, улада яму не давярала. Фраза старшыні КДБ пра тое, што “камітэт будзе кіравацца толькі літарай закону”, нібыта вельмі не спадабалася Лукашэнку, што, улічваючы этас кнігі, павінна надаваць Мацкевічу “станоўчыя” чалавечыя адценні. А цяпер пра змест гэтае кнігі. Прэзідэнт. Значнае месца ў кнізе займае стварэнне адмысловага іміджу Лукашэнкі. Гэты негатыўны імідж тыповы і нават банальны ды цалкам адпавядае звычайнай стратэгіі выяўлення ненармальнасці (з стандартным наборам сімптомаў і комплексаў) у кнігах такога жанру. Тут можна вылучыць два блокі негатыўнасці. Па-першае, псіхічныя адхіленні. Па-другое, нізкія маральныя якасці. Ёсць такое меркаванне, што, калі ўважліва шукаць, дык у кожнага сучаснага чалавека можна знайсці лёгкую ступень шызафрэніі ці, прынамсі, маніякальна-дэпрэсіўны сіндром. Калі прыцягнуць да гэтае мэты псіхааналіз, заўсёды можна знайсці якое-небудзь вычварэнне, комплекс непаўнавартасці і г. д. Таму сродкаў абгрунтавана даказваць, што прэзідэнт “псіх”, больш чым дастаткова. У кнізе галоўнае месца займае медыцынская легітымацыя такіх сцверджанняў. У выніку абследавання лекары вызначылі дыягназ персанажа Лукашэнкі: мазаічная псіхапатыя, прыступы эпілепсіі, садысцкія схільнасці, “ва ўсіх бачыць ворагаў”. “Мы, лекары, лічым, што такія людзі складаюць групу рызыкі, з іх вырастаюць маньякі”, не дай божа каб ён узначаліў краіну. Паводле легенды, якую прапаноўвае кніга, гісторыя хваробы персанажа А. Лукашэнкі была знішчана неўзабаве пасля выбараў 1994 году. Медыцынскі дыягназ пацвярджаецца вялікаю колькасцю сімптомаў, якія шчыльна раскіданы па ўсёй кнізе. Пастаянныя прыступы бяссоння, неспакойны сон і прыступы страху, які здымае каханка з дапамогаю “калёсаў” і “іглы”2. Спробы самагубства ў нецвярозым стане: п’е — і “крышу зносіць”. Кніга навязліва падводзіць да думкі, што прэзідэнт — маньяк ці, прынамсі, не зусім здаровы чалавек. Асобнае месца займае апісанне паталагічнае нянавісці і злосці. “Самая мая галоўная мара, — кажа персанаж кнігі Лукашэнка персанажу Сівакову, — знішчыць усіх ворагаў, чуць лямант іхных баб... назіраць за іх пакутамі”. Яшчэ працуючы дырэктарам саўгасу, гэты персанаж моцна збіў трактарыста. (Па гэтым факце, дарэчы, сапраўды была ўзбуджана крымінальная справа.) Калі вучыўся ў школе, шпурнуў у настаўніка бульбінаю, за гэта яго нават школьнікі пабілі. Аднавясковец узгадвае, што персанаж Лукашэнка “злым рос, невядома ад чаго, многа шкоды рабіў... катоў душыў”. За збіццём дэпутатаў парламенту ў 1995 годзе персанаж Лукашэнка назірае асабіста (папярэдне параіўшыся з Грыбам і атрымаўшы падтрымку ад Прымакова), яму падабаецца гэта бачыць... |
Усе гэта арганічна дапаўняецца тым, што звычайна называюць “нізкімі” (з пункту гледжання паспалітага чалавека) “маральнымі якасцямі”. Лянота і даносы: “Раней нідзе доўга не працаваў, хутка звальнялі …пісаў паперы на сваіх былых калегаў”. У школе даносіў на сваіх аднакласнікаў, за што яго шматкроць білі. Пазней, калі пачаў працаваць, паталагічна “стучал” куды толькі мог, не маючы на гэта ніякіх прычынаў. Паталагічная карыслівасць: “Ты глядзі, я думаў, такі паважны, ціхі, сумленны, а ў зэкаў красці праз два дні стаў... Зразумела, мы таксама частуемся, але без крыўды, па-брацку. А гэты...” (Так яго нібыта характарызуюць калегі па працы на “зоне”.) Тут, дарэчы, упершыню ўзнікаюць матывы “беспредела”, які, як сімвалічны кантэкст улады, мы абмяркуем пазней. Падчас публічных выступаў будучы прэзідэнт заяўляе, што не мае маёмасці, але валодае зямельным надзелам. Да таго ж, Кебіч дапамагае яму прыватызаваць дзяржаўны аўтамабіль (напэўна, не зусім законна). Усё гэта завяршаецца апісаннем неспрыяльнага сацыяльнага кантэксту. Рос Лукашэнка без бацькі, адносіны з жыхарамі вёскі былі дрэнныя — “уся вёска яго ненавідзела”. Сям’я і сексуальнае жыццё. У прынцыпе, кожную сексуальную гісторыю можна падаць як вычварэнне, а калі сексуальнае гісторыі няма, дык можна распавесці пра імпатэнцыю. Можна яшчэ і пагуляцца з псіхааналізам… Гэты бок вобразу прэзідэнта, трэба адзначыць, больш-менш прыстойны (улічваючы законы жанру, усё магло быць значна горш). У цэлым гэты блок арыентаваны на эмацыйную рэакцыю чытача-жанчыны. Цэнтральнае месца тут займае сямейная нявернасць, дарэчы, апісаная дастаткова фізіялагічна. Нявернасць нахабная, цынічная і шматразовая. Жонка за гэта нават лічыць будучага прэзідэнта “дурнем”, што павінна чарговы раз адсылаць да псіхічнае паталогіі. Маецца тут і эпізод падману жанчыны паводле стандартнай схемы “абяцаў і кінуў”. Сексуальныя адносіны ў кнізе ўвогуле пазбаўленыя “рамантызму”, нават апошнюю каханку (лекарку) персанажу “падкінуў” Шэйман. Персанаж застаўся задаволены. На гэтым варта спыніць апісанне персанажа прэзідэнта, але перад тым, як перайсці да апісання палітычнага ландшафту, трэба зрабіць некалькі заўваг. Калі пачынаеш аналізаваць вобраз прэзідэнта ў “Нашествии”, то міжволі ўзгадваеш “альтэрнатыўны” вобраз Леніна ў канцы 80-х — пачатку 90-х. Яшчэ трошкі, і Лукашэнку можна будзе аб’явіць грыбам іншапланетнага паходжання ці генетычным гібрыдам чалавека і дыназаўра. Пачатак. Пачатак вялікае палітычнае кар’еры Лукашэнкі кніга звязвае з расійскаю інтрыгаю і падманам Кебіча. Прэм’ер у супрацьвагу парламенту хацеў стварыць камісію па барацьбе з карупцыяй і прызначыць яе старшынём лаяльную асобу кшталту Марыніча, але прэм’ер-міністра перайгралі. Старшынём стаў Лукашэнка, і гэта быў ягоны ўдалы пачатак. |
Сістэма залежнасці. Кніга шмат увагі надае расійскаму ўплыву на беларускі рэжым. Усё, ад палітыкі да эканомікі новае ўлады, створана для Масквы і праз Маскву. Імперскі цэнтр кантралюе і маніпулюе беларускім палітычным полем. Перад выбарамі 1994 году ў сістэму маніпулявання ўваходзіць фракцыя “Беларусь”, агенты ажыццяўляюць ціск на Шушкевіча і працуюць з Кебічам, вялікая колькасць былых супрацоўнікаў КДБ “застаюцца нашымі (у сэнсе лаяльнымі Маскве. — Аўт.) людзьмі”. У 1994 годзе сітуацыя, аднак, выглядае не вельмі стабільнаю. Кебіч не мае папулярнасці (ён — “чалавек учарашняга дня”), Масква вырашае распрацоўваць новую персону для стварэння лаяльнага і падкантрольнага рэжыму — гэта аперацыя атрымала назву “Парасон”. Кебіча “кінулі”. Нягледзячы на абяцанні і дэманстрацыю прыхільнасці, яго лёс ужо вырашаны. На яго месца прызначаны Лукашэнка. Пазіцыя Лукашэнкі пасля абрання падаецца як сітуацыя яшчэ большае залежнасці. Ад маскоўскага агента ФСБ ён атрымоўвае грошы, парады і адкрытыя загады-рэкамендацыі. Прэзідэнт вымушаны праводзіць узгодненую з Крамлём кадравую палітыку, супрацоўнічаць у гандлі зброяй, кантрабандзе, фінансавых махінацыях. Апісваецца нават не палітычная залежнасць, але фізічная. Новы прэзідэнт атрымоўвае “парады” не ад афіцыйных асобаў Расіі, але ад шараговых агентаў ФСБ. Гэтая акалічнасць павінна сімвалічна пацвердзіць прыніжаны і плебейскі стан новае ўлады. Марыянетачны стан ўлады эмацыйна падкрэсліваецца “крамлёўскімі байкамі” пра тое, як Ельцын, Каржакоў, Саскавец ды Чарнамырдзін усё арганізавалі, навошта ім патрэбная Беларусь і як яе зручней кантраляваць, што можна падсумаваць фразаю Барыса Мікалаевіча: “А вас, Яўгене Максімавічу (Прымакоў. — Аўт.), я віншую асобна. Будзем лічыць, што Лукашэнка — ваш хроснік”. Асаблівае месца ў іерархіі залежнасці займае У. Латыпаў, які на працягу ўсяе кнігі выконвае ролю шэрага кардынала рэжыму. Яму прысвечана, акрамя таго, некалькі сентыментальных абзацаў (чаго толькі вартыя яго чуллівыя маскоўскія спатканні з жонкаю). Персанаж Латыпаў — агент уплыву, адказны за сувязі ФСБ з беларускімі ўладамі, адначасова ён цалкам лаяльны да прэзідэнта і выконвае ягоныя “далікатныя” даручэнні. Постаць Латыпава, аднак, некалькі падазроная: дзеці вучацца ў ЗША, жонка стала жыве ў Маскве. Падкрэсліваецца ісламская ідэнтычнасць “другой асобы ў краіне”: “Ён мусульманін і не хавае гэтага”. Ягоны кабінет у Адміністрацыі прэзідэнта сімвалічна мае зялёны колер яго веры. Гэта спалучаецца з пэўнымі рэмінісцэнцыямі побытавага антысемітызму. “Латыпаў чмокнуў Якубовіча… Падышоўшы да машыны, незаўважна сплюнуў. Ён недзе чытаў, што мусульманін не можа з пархатым сябраваць”. |
Латыпаў — уплывовы, ён адзіны, хто пасля 2001 году мае самы блізкі подступ да “бацькі” (усіх астатніх распусцілі), ён кантралюе “вертыкаль”, мае манаполію на перамовы з Масквою, здольны ўсім “залезці ў душу”… Цяжка сказаць, наколькі вобраз з кнігі адпавядае арыгіналу, але ён зусім не такі, які ў выданнях кшталту “Белорусской газеты”, хоць шэраг станоўчых рысаў прысутнічае нават у гэтай кнізе. 2001… Некалькі старонак кнігі прысвечана выбарам 2001 году. Персанаж Лукашэнка святкуе, добра ведаючы, што не перамог. “Ён перамог з вялікім адрывам, няважна, што нейкія сорак адсоткаў па вёсках падтасавалі, але ён усё роўна перамог тут…” Сцверджанне, трэба сказаць, дастаткова спрэчнае (пасля выбараў узровень фальсіфікацыяў звычайна ацэньвалі ў памеры, не большым за 20—30 %), але агульны “мастацка-дакументальны” вобраз прэзідэнта-вар’ята і злачынцы дапаўняецца вобразам узурпатара, пазбаўленага палітычнае легітымнасці. Вынікі выбараў змушаюць да пэўных зменаў. Мясніковіча і Ярмошына звальняюць за перамовы з апазіцыяй падчас выбараў. Замяталіна прыбіраюць як “адмарозка”. Да поўнае ўлады прыходзіць Латыпаў, які ўзначальвае Адміністрацыю прэзідэнта. Пасля выбараў Латыпаў паўстае як чалавек, які трошкі стаміўся ад адміністрацыйнае працы і жадае з’ехаць куды-небудзь амбасадарам. Ён згаджаецца працягваць працу толькі пасля пашырэння сваіх паўнамоцтваў. Гэты факт аўтарамі кнігі чамусьці падмацоўваецца спасылкамі на Ўказ прэзідэнта ад 5 ліпеня 2002 году № 361. Гэты Ўказ устанаўляе, што кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта заключае працоўныя кантракты з старшынямі абласных і менскага гарадскога выканкамаў, намеснікамі старшыні Адміністрацыі прэзідэнта, памочнікамі прэзідэнта, галоўным рэдактарам газеты “Советская Белоруссия“, старшынём тэлерадыёкампаніі ды інш. Здаецца, што гэта само па сабе ніяк не можа сведчыць пра ўсясільнасць Латыпава. З выкладаннем зместу гэтага указу (які з’яўляецца адкрытым дакументам і прысутнічае ў прававых базах звестак) аўтар(ы) кнігі чамусьці маюць праблемы. У кнізе ўказ цытуецца такім чынам: старшыня КДБ заключае працоўныя кантракты з “намеснікамі старшыні Камітэту дзяржаўнае бяспекі, а таксама намеснікам старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю — дырэктарам дэпартаменту фінансавых расследаванняў”. Гэта не адпавядае праўдзе. Пра КДБ ва ўказе няма ні слова. Акрамя таго, з дырэктарам Дэпартаменту фінансавых расследаванняў кантракт заключае, натуральна, старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю. Трэба сказаць, што прынцыповая розніца паміж КДК і КДБ усё ж такі ёсць. Але вернемся да персанажа Латыпава. Думка пра яго ключавую ролю ў існым рэжыме падмацоўваецца сцверджаннямі пра створаную ім “разумную” сістэму кантролю за ўсім. Сетка інфарматараў у кожным шапіку, даніна з прастытутак (у тым ліку, напэўна, і інфармацыйная), кантроль над крымінальным “абшчаком”, бізнес-праекты ў маштабах краіны, стварэнне (з словаў персанажа Якубовіча) бізнес-дыяспары з каўказцаў. Шырокае кола сродкаў масавае інфармацыі дапамагае стварыць яму імідж “партыі міру” рэжыму. Ён мае сваіх людзей усюды: КДБ, КДК, МУС, Рада Бяспекі, банкі, апазіцыя (у кніге прыведзена некалькі прозвішчаў). |
Гандаль зброяй. Гандаль зброяй, як легальны, так і нелегальны, з’яўляецца даўняй тэмаю нападак на беларускі рэжым. Такая кніга, як “Нашествие”, не магла прайсці міма яе. Дыспазіцыя нелегальнага гандлю простая. У ім зацікаўлены: беларуская адміністрацыя (гэта дае вялікія прыбыткі, значная колькасць якіх ідзе не ў бюджэт), Масква, якая не можа прадаваць зброю адкрыта, і міжнародныя крымінальныя групы. Беларусь — выдатная для такога гандлю магчымасць: яна, як сцвярджаецца ў кнізе, кантралюецца карумпаваным, напаўкрымінальным кланам. Тут “все схвачено”: і прэм’ер-міністр, і кіраўнік адміністрацыі, і мытня, і, галоўнае, сам прэзідэнт. Беларускі рэжым абвінавачваецца ў кнізе ва ўсіх магчымых парушэннях як нормаў права, так і маралі. Беларусь прадае сваю і расійскую зброю талібам, “Аль-Каідзе” (гэта павінна дадаць негатыўнасці3) і іншым тэрарыстычным арганізацыям, паўстанцам у Анголе, Судане, Эфіопіі, Іраку. Лёгкае ўзбраенне паступае сербам і нават албанцам у Македоніі (і гэта пры такіх цёплых адносінах з братамі-славянамі…). Схемы продажу: Славаччына—Францыя—Афрыка, Беларусь—Конга—Судан—Кенія—Філіпіны—талібы і г. д. Беларусь тут — афшор, накапіцель і пасрэднік4. Зброя прадаецца за нафту і алмазы (для перапрацоўкі алмазаў, як пішацца ў кнізе, была створана адмысловая вытворчая база ў Гомелі). Існуе разгалінаваная сістэма легалізацыі атрыманага прыбытку праз сетку фінансавых кампаніяў і афшоры (падаюцца назвы некаторых фірмаў). Зброя прадаецца замест прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, каб абысці санкцыі ААН. Для большае праўдзівасці ў кнізе нават змешчаны бланк Упраўлення вайсковае контрвыведкі КДБ Беларусі, пад якім даецца інфармацыя пра незаконны гандаль. Улада злачынцаў. У спецыяльных палітычных даследаваннях для апісання пэўных дзяржаўных супольнасцяў выкарыстоўваецца панятак (мне асабіста вядомы з “African Studies”) “лутакратыя” — улада злачынцаў, крыміналітэту (ад анг. loot — рабаваць). Змест, стыль і мова кнігі спрабуюць пераканаць, што ў Беларусі існуе менавіта такая форма ўлады, прычым у яе татальным варыянце. Сутнасць рэжыму — рабаванне. Гэта сцвярджаецца сістэматычным паўтарэннем персанажам прэзідэнтам і яго атачэннем маналогаў кшталту: “Зразумей ты: у нашых з табою руках не Беларусь, а грамадства з неабмежаванымі магчымасцямі. Заробім і кіраваць будзем. Высмакчам усё адсюль…Толькі думай, думай. Тады свет здрыганецца. Мы зробім дзяржаву. Для саміх сябе…” Такім чынам, асноўная інтэнцыя новае ўлады — уласнае ўзбагачэнне за кошт краіны, цынічнае і татальнае. Такі вобраз улады падмацоўваецца меркаваннямі расійскіх алігархаў пра Беларусь і прыроду яе рэжыму: “Трэба даць ім (беларускім уладам. — Аўт.) пакарміцца”, “цэлая краіна ў кішэні”, “кантралююць эканоміку, мытні, транзіт”. Гэта дапаўняецца ацэнкамі асобных прадстаўнікоў беларускіх уладаў кшталту: “Крадуць без сумлення”. Яшчэ больш красамоўна выглядае тэза крымінальнага аўтарытэта Гайдамака: “Там (у Беларусі. — Аўт.) на самым версе клоўн прыйшоў да ўлады як барацьбіт з карупцыяй, а цяпер “бярэ ўсё спрэс”. Інтарэсы крымінальнага бізнесу — галоўны прыярытэт, нават калі яны сур’ёзна пагражаюць эканамічнай стабільнасці. Не маюць значэння этычныя і тым больш юрыдычныя нормы. Беларускія ўлады нібыта займаюцца гандлем і вырабам наркотыкаў, ствараюць рэкрэацыйныя зоны для чачэнскіх бандытаў, хаваюць міжнародных злачынцаў. |
Для большага эмацыйнага эфекту Лукашэнка і Сініцын пасля выбараў 1994 году называюцца “бізнесменамі-пачаткоўцамі”. Улада займаецца практычна толькі “бізнесам”. Дзяржаўная палітыка — толькі прыкрыццё крымінальнае дзейнасці. Напрыклад, персанаж Замяталін доўгі час займае дзяржаўную пасаду, але фактычна толькі вядзе гандаль з Іракам. Прынцыпы лутакратыі распаўсюджваюцца і на кадравую палітыку. Поспех у незаконнай дзейнасці цягне за сабою прызначэнні на вышэйшыя дзяржаўныя пасады. На той падставе, што, “маўляў, пацан добры, правераны”. Такія формулы праходзяць праз усю кнігу. Да прыкладу, калі персанаж Лукашэнка даведваецца, што персанаж Навумаў займаеца крыміналам, ён вырашае: “Гэты падыходзіць”. Кадравую палітыку, такім чынам, ён праводзіць як звычайны “блатны”. Стыль размоваў і развагаў, якія кніга ўкладае ў вусны і галовы дзяржаўных чыноўнікаў і самога прэзідэнта, нагадвае “базар браткоў” і ў лексіцы, і ў змесце. Улада ў кнізе з’яўляецца крымінальнай не толькі паводле характару сваёй дзейнасці, але і на ментальным узроўні, субкультурна. Кіраўніцтва крымінальным бізнесам персанаж прэзідэнта ажыццяўляе асабіста, да таго ж вельмі своекарысліва. Ён асабіста атрымоўвае грошы ад аперацыяў, уважліва сочыць за тым, каб яго не “кінулі”, і настойліва патрабуе сваёй долі. Прэзідэнт асабіста кантралюе свой “бізнес”, сам удзельнічае ў “разборках” — і гэта галоўная мэта ягонае палітычнае дзейнасці. “Не лезь, я сам разбяруся”. Персанаж Лукашэнка асабіста загадвае заткнуць рот супрацоўніку міністэрства культуры Грачову ў эпізодзе пра крымінальную дзейнасць персанажа Таццяны Бандарчук. Ніякае ідэйнае ці нават ідэалагічнае матывацыі не прасочваецца. Сутнасны і субкультурны характар беларускае паўкрымінальнае ўлады дапаўняецца яшчэ і юрыдычным аспектам. У тэксце кнігі ўзгадваецца нейкая “незалежная група экспертаў-крыміналістаў”, паводле матэрыялаў якой “будзе ўзбуджана крымінальная справа”. Тут вышэйшыя асобы дзяржавы адкрыта называюцца “арганізаванаю злачыннаю групаю”, структуру якой складаюць крымінальныя ценявыя структуры, Рада Бяспекі, Адміністрацыя прэзідэнта і г. д. Крымінальная сутнасць улады паслядоўна пераходзіць у кнізе на інстытуцыйны ўзровень стварэння паўкрымінальных і крымінальных структураў пад прыкрыццём дзяржаўнага апарату. Такой структурай на пачатку кіравання персанажа Лукашэнкі робіцца Рада Бяспекі, якая непасрэдна плануе і аналізуе эфектыўнасць злачыннае дзейнасці, утвараючы нешта кшталту “аператыўнага штабу” арганізаванае злачыннае групы. Вялікае значэнне мае падкантрольная мытня як ключавая структура ў схемах кантрабанды. Прыкрыццё крымінальнае дзейнасці ажыцяўляе “Альфа”. Вядзецца падбор кадраў для спецыялізаванае злачыннае дзейнасці (стварэнне “эскадрону смерці”). Але гэтым дыскурс кнігі не абмяжоўваецца. Улада не проста крымінальная, але паталагічная. Гэта сітуацыя крымінальнай аноміі — “беспредела”, парушэння нават незаконных нормаў. Дакладней, поўная адсутнасць любых нормаў. “Беспредел” — гэта самая чыстая форма сацыяльнага хаосу, нестабільнасць ужо без таго нестабільнай сітуацыі. Улада цалкам незалежная ад юрыдычных, маральных і якіх заўгодна іншых нормаў. Адначасова яна вольная ствараць гэтыя нормы. Карупцыя і парушэнне закону з’яўляюцца атрыбутам і ўласцівасцю ўлады, яе матэрыяльным працягам; руйнаванне ўсіх існых нормаў — неабходнай умоваю існавання. |
Кантрабанда і фінансавыя аперацыі. Галоўная крыніца даходаў рэжыму, абмаляванага ў “Нашествии”, у сярэдзіне 90-х — кантрабанда, незаконны гандаль і фінансавыя махінацыі. Паступова назіраецца тэндэнцыя пераходу на больш “цяжкі” тавар — наркотыкі і зброю. Адбудоўваецца сістэма дзяржаўнага кантролю над такой дзейнасцю (на першапачатковым этапе існуюць праблемы ў дачыненнях з МУС, мытняй ды іншымі органамі; але паступова сістэма дапрацоўваецца і ставіцца пад кантроль, працуе без збояў): ахова, канваяванне, вокны на мытні, авіярэйсы, падробка дакументаў. Менавіта жаданне больш эфектыўна займацца “бізнесам” з’явілася галоўнаю прычынаю змены дзяржаўнага ладу і Канстытуцыі. “Крышай” кантрабанднае дзейнасці становіцца Рада Бяспекі. Спачатку прадмет кантрабанды — цыгарэты, гарэлка, патрыманыя аўтамабілі; з гэтым звязаны вядомы скандал першых гадоў прэзідэнцтва Лукашэнкі наконт дзейнасці Фонду імя Эсамбаева. Затым асноўны цяжар прыпадае на фірму “Гандальэкспа” і Кіраўніцтва справаў прэзідэнта, пачынаецца актыўнае супрацоўніцтва з Барадзіным. Пазней, у адпаведнасці з матэрыяламі кнігі, наладжваюцца кантакты з Беразоўскім, маскоўскай мэрыяй і Лужковым, Мілошавічам, Марчуком (тагачасным сакратаром Рады Бяспекі Ўкраіны). Надыходзіць час буйных фінансавых афераў. Спачатку дастаткова падрабязна апісваецца схема махінацыі з юбілейнымі манетамі, якая нанесла краіне шкоду ў памеры 50 млн даляраў. Потым — аперацыя з расійскім алігархам Беразоўскім (шкода ў 2 млрд даляраў). Чамусьці пры апісанні апошняе схемы ў тэксце пастаянна ідзе гаворка пра наяўныя грошы: “Станок працуе на ўсю моц” і г. д. Натуральна, у рэальнасці такая фінансавая аперацыя проста тэхнічна не магла быць рэалізавана праз наяўны разлік. Але, магчыма, гэта толькі мастацкая метафара. Прысутнічае згадка (у развагах Віннікавай) пра тое, што такія фінансавыя аперацыі з’яўляюцца традыцыйнымі схемамі зарабляння грошай для наркабізнесоўцаў. Незразумела, пры чым тут наркабізнес. Ці, можа, гэта зноў нейкая цьмяная метафара? Найбольш аўтараў кнігі вабіць гандаль наркотыкамі. Калі ім верыць, Беларусь дае шырокі спектр паслугаў для наркабізнесу: мытныя калідоры, транспартаванне, забеспячэнне сувязі. Югаслаўскія кур’еры, чачэнскія групоўкі, буйныя памеры… Трафік ідзе “рэальна”. Больш за тое, у Беларусі паступова прыходзяць да вытворчасці наркатычных рэчаў на продаж. Эскадрон смерці. Тэма мела шырокі прамоўшн падчас выбарчае кампаніі 2001 году ад шматтыражных спецыяльных і звычайных выпускаў газетаў да тупаватае кампаніі спісвання сценаў надпісамі “Где Завадский, где Гончар?”. (Рудыменты гэтае хвалі можна назіраць у перыядычных акцыях АГП “Ланцуг неабыякавых людзей”.) Здаецца, цяпер дачыненне пэўных афіцыйных асобаў да забойства палітыкаў, прадпрымальнікаў і крымінальных аўтарытэтаў практычна ні ў кога не выклікае сумневу (для аўтараў усіх трох кнігаў, якія аналізуюцца тут, гэта, прынамсі, бясспрэчны факт). “Нашествие”, натуральна, прысвячае гэтай тэме ладную колькасць старонак, хаця яго версія нямоцна адрозніваецца ад газетных. У галоўнай спрэчцы пра тое, “ведаў прэзідэнт пра дзейнасць групы ці не”, кніга без ваганняў выбірае першую версію. Група, чалавек з дзесяць, якую потым назавуць “Эскадронам смерці”, паводле кнігі, была створана на загад Лукашэнкі з “здольных” (прафесіяналаў) і “надзейных” (адмарозкаў), здатных да рознае далікатнае працы. Прэзідэнт асабіста дае каманду: “Рабіце”. Калі перад групай паўстаюць праблемы (арышт кіраўніка групы Паўлічэнкі), персанаж Лукашэнка асабіста вызваляе яго. “Эскадрон” у “Нашествии” за сваю дзейнасць знішчыў некалькі дзесяткаў чалавек. У тым ліку крэдытора сына Замяталіна, крымінальных аўтарытэтаў Шчаўліка і Зільбермана. Факты забойстваў падмацаваны нават вынікамі нейкага “незалежнага расследавання, якое было праведзена супрацоўнікамі МУС”. Нягледзячы на абсурдную фармулёўку, для паспалітага чытача ўсё гэта павінна выглядаць нечым падобным да праўды. Пазней настаў час палітыкаў. Карпенка быў атручаны “журналісткай”. Ганчар, Красоўскі, Захаранка, Завадскі забітыя. Тут у кнізе, дарэчы, ёсць адзін эпізод, варты асобнае дэканструкцыі. Персанаж Сівакоў сядзіць у машыне і слухае класічную музыку (Бетховена). Ён адчувае асалоду, думаючы пра тое, як забівалі людзей у ягонай прысутнасці. Гэта проста класічны шаблон амерыканскага кіно: “маньяк слухае класічную музыку”. У трылерах такі факт звычайна падкрэслівае асаблівасць і вытанчанасць маньяка. А заснуў персанаж Сівакоў пасля гэтага з усмешкаю. Нядрэнныя людзі. У гэтай кампаніі зладзеяў ёсць пара адносна станоўчых персанажаў — генпракурор Бажэлка і старшыня КДБ Мацкевіч. Яны рабілі ўсё магчымае, каб арыштаваць Паўлічэнку, і нават ставілі пытанне пра арышт Шэймана й Сівакова, але іх намаганні былі марнымі, бо “крыша” ўсіх трох — сам персанаж прэзідэнт. На гэтым расповед пра “Нашествие” варта скончыць (хаця размову пра палітыку ў стылі фэнтэзі можна весці бясконца): “Мрак обступил его со всех сторон. Успокойся, успокойся. У тебя всё в полном порядке”. Самы час перайсці ад НЛП да псіхааналізу. |
Кніга пра Клімава Першае пытанне, якое паўстае пры чытанні кнігі пра Клімава, — чаму б яму самому не напісаць нармальную кнігу пра ўласны палітычны досвед? Можна прыгадаць, напэўна, з паўдзесятка кніг пра палітыкаў, у якіх практычна нічога няма сутнасна палітычнага. Яшчэ больш дзівіць імкненне такіх асобаў да канцэптуальнасці ці маралізацыі. Няўжо цяжка зразумець: “інтэлектуальныя” кнігі пішуцца зусім іншай моваю і для іншай аўдыторыі. (Нібыта яны не адчуваюць, што палітычны досвед — гэта іх самы вялікі інфармацыйны капітал, якога так не хапае ў вольным звароце?) Кніга-інтэрв’ю пра Клімава — тыповы прыклад такога кшталту. Фрагменты палітычнага досведу тут моцна разбаўлены пераважна абстрактнымі і нават метафізічнымі разважаннямі. Гэта такі сабе пратакол псіхааналітычнага сеансу, дзе сэнсы, пазіцыі і тэмы моцна зблытаны і фрагментаваны. У якасці аналітыка тут выступае журналіст Яўген Агурцоў, з адказаў на пытанні якога і складаецца кніга5. Тут значна больш матэрыялу для даследавання свядомасці, чым палітыкі, але нас цікавіць і апошняе, тым больш што тэкст, здаецца, шчыры і практычна непрычасаны. Аналізуючы тэкст кнігі, я дазволю сабе выкарыстанне трошкі некарэктнага метаду. Я пакіну па-за дужкамі пытанні і буду аналізаваць толькі адказы, бо пераважна яны ўтрымліваюць інфармацыю, цікавую для нас. Метад. Зазначым пэўныя тэндэнцыі ў выкладанні думак Клімавым. Па-першае, варта адзначыць вялікую ролю абстрактных меркаванняў і метафізічных разважанняў пра інтэлект, розум, уладу і г. д. Да таго ж, гэта спалучаецца з высокаю ступенню несістэмнасці ў выкладанні думак. Такія разважанні не маюць канцэптуальнага грунту і пабудаваны пераважна на “здаровым сэнсе”, але з нейкаю прэтэнзіяй на інтэлектуальнасць. Па-другое, адказы Клімава ўтрымліваюць вялікую колькасць паўтораў, супярэчлівых выказванняў і ацэнак. Часам адсутнічае логіка выкладання, незразумелыя пэўныя пераскокі з тэмы на тэму, што, магчыма, нармальная з’ява для інтэрв’ю. Па-трэцяе, здаецца, практычна ўсе ацэнкі падзеяў ці асобаў пабудаваны альбо на стэрэатыпах (іх, трэба адзначыць, нямнога), альбо на выключна суб’ектыўных, інтуітыўных адчуваннях, практычна пазбаўленых аналітычнасці. Усё адзначанае робіць тэкст малаінфарматыўным для даследчыка палітычнага поля, але цалкам прыдатным для рэканструкцыі палітычнага мыслення пэўных прадстаўнікоў беларускае палітыкі. Такое мысленне пабудаванае на дыхатаміі дзвюх стратэгіяў ацэнкі. Першае — ацэнка іншых (палітыкаў, партыяў, груповак) як абстрактных сімвалаў, замацаваных у масавай свядомасці. Другое — фармуляванне свайго стаўлення да астатніх толькі праз уласны досвед адносінаў з імі, угрунтаваны больш на эмацыйным, чым рацыянальным узаемадзеянні. |
Асоба. Асоба Клімава (яе “афекты” ў тым сэнсе, як яны разумеліся ў філасофіі Новага часу) з’яўляецца галоўнай тэмаю інтэрв’ю-кнігі. Часам тут нават праскокваюць прыкметы маніі велічы: Клімаву падабаецца ўласнае параўнанне з Напалеонам, Лукашэнкам, пошук паралеляў у біяграфіі, рысах характару і светапоглядзе. Матыў прыходу Клімава ў палітыку — не грошы, не слава, не ўлада, а звычайная нуда. Стаўленне да страты маёмасці, сацыяльнага становішча пасля арышту і “адседкі” падкрэслена спакойнае, бо метафізічныя каштоўнасці — розум, інтэлект, свабода — даражэйшыя. Лукашэнка. Лукашэнка ў палітычнай рэфлексіі Клімава займае асаблівае месца, якое таксама выразна супярэчыць “дэманічнаму” вобразу, намаляванаму ў “Нашествии”. Размова пра Лукашэнку вядзецца без нянавісці ці крыўды, агіды альбо непрымання. Лукашэнка ўвогуле “нядрэнны” і, натуральна, не такі страшны, якім яго малююць. Для Клімава Лукашэнка выступае як слабы палітык, не здольны цалкам кантраляваць сітуацыю ды ўласных падначаленых. “Беларускі прэзідэнт не тыран”, але “проста слабак”. Лукашэнка ёсць габітус, дэтэрмінаваны сацыяльна і псіхалагічна, ён слабы ў тым, што канфармуе пад існую сістэму і ўсімі намаганнямі збіраецца яе захаваць з дзвюх прычынаў: кампенсацыі ўласнае прагі да ўлады і страху пераменаў. Тую сістэму, што ён стварыў, можна лічыць заганнаю, але не кіраванаю з аднаго персаніфікаванага цэнтру. У тэксце хапае заўваг пра рабоў, крывадушнікаў, мутантаў і іншых персанажаў, якія канструююць этас існага рэжыму. Але гэты “этас” — прынамсі, у мяне складваецца такое ўражанне — для Клімава безасабовы, абстрактны і аморфны, што і забяспечвае, па сутнасці, умовы для яго існавання. У адпаведнасці з гэтым, прэзідэнт не мае дачынення да палітычных забойстваў, хоць далучанасць да гэтага найбліжэйшага атачэння (Шэймана і іншых) не ставіцца Клімавым пад сумнеў і падаецца як агульнавядомы і бясспрэчны факт. Яшчэ больш шчырым выглядае параўнанне біяграфіі, псіхічнага складу Клімава і Лукашэнкі. Яны “ідуць паралельнымі дарогамі і вельмі падобныя адзін да другога”. Яны ніколі не даруюць крыўды, змаглі дабіцца поспеху, гадаваліся без бацькі, добра вучыліся… Клімава выяўленне такое сіметрыі не абражае (здаецца, нават спакушае). “Так, мы падобныя”, — кажа ён і не можа бачыць у гэтым нешта дрэннае. Але Лукашэнка з’яўляецца для Клімава абстрактнаю асобай — чалавекам-сімвалам, які сфармаваны грамадскаю думкаю, уласным палітычным досведам і сродкамі масавае інфармацыі. Інтэлект. Інтэлект, як абстрактная катэгорыя, з’яўляецца цэнтральным паняткам у рэфлексіўнай сістэме Клімава. Дакладны змест гэтай катэгорыі зразумець цяжка, дакладней, іх шмат. Тут варта было б пагуляцца з рознымі шызафрэнічнымі практыкамі прачытання ці проста напісаць некалькі старонак крытыкі навачаснае рацыянальнасці, але рабіць гэта марна: рэдактары часопісу напэўна гэтыя пасажы выражуць. Лепей пакінуць “інтэлект” нераскрытай містычнай метафарай кнігі. Цэнтр — перыферыя. Асобную ўвагу варта надаць нязвыкла прапісанай у кнізе апазіцыі “цэнтр — перыферыя”, “Менск — правінцыя”. Менск паказваецца пэўным самадастатковым топасам, мозгам краіны, які паступова губляе свае найбольш карысныя ўласцівасці праз актыўнае прыняцце ў сябе элементаў перыферыі. У 1994 годзе ў Менск прыйшоў райцэнтр, уласна кажучы, “барбары ўвайшлі ў Рым”. Менавіта калхоз акупаваў горад і знішчае яго шляхетную сутнасць. Тут Клімаў, трэба сказаць, крыху адрознівае паняткі “вёска” і “калхоз”. Сталіцу ўвогуле лепей перанесці ў Шклоў, ад гэтага выйграюць абодва гарады, эканамічна і культурна. Нават Лукашэнка, паводле Клімава, і той — стварэнне стомленага нудою і млявасцю Менску. Менск — месца канцэнтрацыі нейкае містычнае сілы; “менавіта гэты горад даў Сашу (Лукашэнку. — Аўт.) сваю сілу, толькі ў Менску ён стаў палітыкам… без яго ён — ніхто”. Ацэнка крымінагеннасці ўлады ў Клімава значна больш памяркоўная за тую, якую мы знаходзім у “Нашествии”, але ўзровень карупцыі вызначаецца як высокі. Дзяржаўнае “крышевание” мае месца і з’яўляецца часткаю эканамічнае рэальнасці, але такі стан звязаны не з воляю прэзідэнта. Прэзідэнт слабы, ён нічога не можа змяніць — рэальную ўладу маюць толькі мясцовыя “князькі”. Асобы. Інтэрв’ю ўтрымлівае асабістыя ацэнкі Клімавым шэрагу публічных асобаў. Ацэнкі гэтыя лаканічныя, шчырыя і, адпаведна, цалкам суб’ектыўныя. Ціхіня (былы старшыня Канстытуцыйнага суду): баязлівы і слабы чалавек, але не “сволочь”. Шарэцкі: памылка выбаршчыкаў і дэпутатаў, які не вытрымаў адказнасці і зламаўся. Шушкевіч — гэта “частка гісторыі”. Клімаў выказвае да яго павагу, але кажа пра гэтага палітыка толькі ў прошлым часе (нават Пазняк падаецца яму не настолькі “прошлым”). |
Клімаў выяўляе дастаткова паважлівае стаўленне да “рэальнага” Пазняка першае паловы 90-х, які ўяўляецца яму персаніфікацыяй нацыянальнай ідэі. Ідучы ў рэчышчы агульнай гіпертрафаванай персаналізацыі, Клімаў вызначае Пазняка як асобу, што зрабіла вялікую справу, аб’яднаўшы частку грамадства пад сімваламі нацыянальнай ідэі. Толькі дзякуючы гэтаму Беларусь здолела не ператварыцца ў Туркменістан. Для Клімава Пазняк — манапольны ўладар зброі пад назваю “беларускі нацыяналізм”. Толькі ён адзін ведае (ведаў) генетычны код гэтае зброі, якога так і не расшыфравала ўлада. Як палітык Пазняк мёртвы (“ён мог стаць беларускім Гавалам, але выбраў эміграцыю”), але структуры ды палітычная прастора, якую ён здолеў стварыць, працягваюць захоўваць сваю актыўнасць. Пазняк “выратаваў нас ад асіміляцыі, замарудзіў працэс знікнення Беларусі як дзяржавы, а беларусаў як этнасу”. Персона Пазняка для Клімава выключна “метафізічная” і сімвалічная (прычым дастаткова моцна ўгрунтаваная ў мінулае), тут мы не знойдзем згадак пра чалавечыя дачыненні ды суб’ектыўных ацэнак. Ніякая іншая асоба (акрамя Лукашэнкі) такога вялікага каментару не мае. Далей даецца лаканічная ацэнка ледзьве не паловы складу Палітычнае рады АГП (сябрам якое з’яўляецца і сам Клімаў). Лябедзька — добры партыйны функцыянер. Бацька Лукашэнкі, яго стваральнік. Адзіны чалавек, якога Лукашэнка не перабіваў пры выступах у Вярхоўным Савеце падчас імпічменту, адзіны чалавек, які можа аказваць псіхалагічнае ўздзеянне на свайго “сябра” Лукашэнку. Чым мацнейшы Лукашэнка, тым ярчэйшая зорка Лябедзькі, але ягонае палітычнае жыццё скончыцца разам з палітычнай кар’ерай Лукашэнкі. Для “мірнага часу” Лябедзька — некарысны матэрыял. Чыгір — “кореш” па адседцы і моцная асоба, прыклад для астатніх. У трактоўцы Клімава ён адзіны, хто адкрыта выявіў сваю нязгоду з прэзідэнтам падчас канстытуцыйнага крызісу 1996 году. Багданкевіч — сябар, хоць раней (калі быў старшынём Нацыянальнага банку Беларусі) усяляк спрабаваў зачыніць банк Клімава. Шлындзікаў — эканамічны настаўнік Клімава. Найлепшы з магчымых прэм’ераў. Блок “іншых” палітыкаў адкрывае М. Статкевіч — не больш чым “добры партыйны функцыянер”, роля якога — паказваць (ці прадаваць) палітычны тавар сацыял-дэмакратыі, вывезены з Нямеччыны. В. Лявонаў (былы міністр сельскае гаспадаркі) — “кореш” па адседцы, больш нічога пэўнага Клімаў пра яго не ведае. А вось вобраз былой старшыні Нацыянальнага банку Віннікавай у Клімава выразна кантрастуе з вобразам, канструяваным “Нашествием”. Адказная, крохкая жанчына, якая прымае “гэтак блізка да сэрца” эканамічны стан краіны, нават калі ёй самой пагражае небяспека, паўстае ў Клімава “прыгожай, разумнай, але сцервай”. Праблема Віннікавай у тым, што яна хацела выкарыстоўваць Лукашэнку ў сваіх мэтах, але “трохі-трохі не дацягнула ды сарвалася”. Персона Віннікавай для Клімава, здаецца, нічым не адрозніваецца ў сваім эмацыйным і палітычным змесце ад Ціцянкова ды Шэймана. У “Нашествии” ж гэтая асоба чамусьці выступае як станоўчы персанаж. З асабліваю павагаю Клімаў гаворыць пра Ганчара й Карпенку. Ганчар — асабісты сябар і галоўны палітычны настаўнік, ён разам з Карпенкам — тыя людзі, якія маглі зрабіць Беларусь моцнай еўрапейскай дзяржаваю, забяспечыць гарантаванае квітненне краіны. З апісаннем асобаў аналіз зместу кнігі можна лічыць вычарпаным. Скончыць яго мне хочацца невялікай цытатаю з найбольш вядомага постфрэйдыста Ж. Лякана: “Аналітыка (псіхааналітыка. — Аўт.) параўноўваюць з памыйнаю ямаю — і небеспадстаўна. На самай справе, ён дзень пры дні павінен выслухоўваць прамовы вельмі сумнеўнае вартасці, прычым сумнеўныя не толькі для яго самога, але і для суб’екта, які іх прамаўляе”. Прыкладна на 50 % гэта адпавядае кнізе “пра таго самага Клімава”. Ад псіхааналізу мы падыходзім да працэдуры вольнага расповеду. Мэта расповеду — акрэсліць (заняць) пазіцыю. Гэты метад выразна адрозніваецца ад НЛП “Нашествия”, мэта якога — змяніць ці прынамсі зблытаць пазіцыі, як і ад псіхааналітычнага сеансу Клімава, дзе пазіцыя павольна выяўляецца з прыцемак. |
Кніга пра Лявонава Беларускі рэжым, які склаўся пасля 1996 году, з’яўляецца складанаю з’яваю і выяўляе сябе ў розных сімвалічных формах. У “Нашествии” існая ўлада — гэта мяжа. Мяжа паміж нармальным і ненармальным, этычным і амаральным ды, нарэшце, паміж дабром і злом. (“Анклаў цемры” павінен быць пабудаваны на абсалютным палітычным ліху.) У кнізе пра Клімава Лукашэнка і ягонае атачэнне — гэта нешта абстрактнае, hexis (габітус), манера трымаць сябе, схільнасць паводзіць сябе ў пэўных абставінах пэўным чынам. Успрыманне рэжыму Лявонавым трошкі іншае, гэта погляд пераважна знутры. Погляд на палітычных актораў як звычайных людзей без дэманізацыі (сакралізацыі) і спробаў сканструяваць з іх пэўныя палітычныя сімвалы. Кніга Лявонава, у параўнанні з папярэднімі дзвюма, эмацыйна збалансаваная і палітычна карэктная ў сваіх ацэнках. Здаецца, менавіта так выглядаюць кнігі людзей, якія захоўваюць палітычныя амбіцыі, але жадаюць быць стаерамі, а не спрынтэрамі. Тут практычна няма шчырых і нечаканых (тым больш рэзкіх) заўваг і каментароў, якія мы сустракаем у Клімава. Значным недахопам кнігі з’яўляецца яе неструктураванасць, яна мае толькі дзве часткі, але лагічна кнігу можна падзяліць на пяць-шэсць: падзеі да заняцця пасады міністра, выкананне функцыяў міністра, суд і турма, прэзідэнцкая кампанія 2001 году, уласны палітычны праект. Кніга ўтрымлівае дастаткова шмат інфармацыі пра генезіс беларускае палітычнае сістэмы з канца 80-х, таму ўяўляе цікавасць проста як эмпірычная крыніца. Адлік падзеяў кнігі пачынаецца з 1979 году, калі Лявонаў першы раз сустрэўся з Лукашэнкам. Будучы прэзідэнт быў добрым папулістам, але дрэнным кіраўніком. Лявонаў таксама шмат увагі надае апісанню партыйнага жыцця канца 80-х, палітычнай сітуацыі ў СССР у той час. Апісанне выбараў 1989 і 1990 гадоў на Магілёўшчыне фрагментарнае і не дае магчымасці скласці сістэмнае ўяўленне пра падзею. Гэтыя выбары ўвогуле дрэнна апісаны як у навуковай літаратуры, так і ў публіцыстыцы. Пачатак 90-х. Лявонаў апісвае структуру галоўнага палітычнага падзелу канца 1980-х — пачатку 1990-х як “дэмакраты — партакраты”, менавіта гэтую бінарную апазіцыю адлюстроўвае звязка Шушкевіч — Дземянцей у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання. Прычына палітычнае паразы Шушкевіча Лявонаву бачыцца ў тым, што той не здолеў абаперціся на наменклатуру, адзіную рэальную сілу таго часу. З апазіцыяй у яго таксама не было трывалых адносінаў. Шушкевіч заўсёды вагаўся і не мог прыняць чыйсьці бок (“гайдаўся ў паветры”), а такія паводзіны ў палітыцы не даруюцца. |
Прычыны няўдачы БНФ — заўзяты антыкамунізм і радыкалізм лідэра Зянона Пазняка, ягонае паталагічнае непрыманне наменклатуры і неабальшавісцкая палітычная стратэгія. Лявонаў дэманструе сваё прыхільнае (ці, прынамсі, неблагое) стаўленне да Фронту. Ён нібыта некалькі разоў раіў яго функцыянерам змяніць лідэра, пазбавіцца ад экстрэмізму і радыкалізму, каб займець поспех. Расповед Лявонава цікавы яшчэ тым, што галоўнай прычынай паразы БНФ вызначаецца не “нацыяналізм” і патрабаванне радыкальнае нацыянальнае палітыкі, пра што звычайна кажа большасць розных аналітыкаў, але жорсткае супрацьпастаўленне Фронту адміністрацыйным структурам, хоць апошнія і былі гатовыя да кампрамісу. Галоўнай палітычнай праблемай пачатку 90-х (у чым немалая віна кладзецца на БНФ) Лявонаву ўяўляецца тое, што раскол у Беларусі прайшоў не па лініі “за — супраць” Беларусі, але па “замшэлай класава-артадаксальнай догме” “дэмакрат — партакрат”. Менавіта таму краіна не змагла вызначыць свой шлях, правесці рэформы, таму і прыйшоў да ўлады Лукашэнка. Выбары-94. Лявонаў у цэлым пацвярджае версію пра тое, што Кебіча “кінулі”. “Ён шчыра не мог зразумець, што не пераможа”. Кантакты паміж пэўнымі функцыянерамі штабоў Кебіча і Лукашэнкі былі вельмі шчыльнымі. Менавіта таму Кебіча ўпэўнілі ісці на другі тур, каб не сарваць выбараў і забяспечыць легітымную перамогу Лукашэнкі. Крызіс-96. Прэзідэнт правакаваў Вярхоўны Савет і здолеў (пры дапамозе “дырыжора” Сініцына і тэлешоў на БТ) стварыць у насельніцтва вобраз непатрэбнага і скандальнага парламенту. Замест рашучых дзеянняў кіраўніцтва Вярхоўнага Савету заставалася пасіўным, спадзеючыся на тое, што пагроза дзяржаўнага перавароту знікне сама сабою. Крэмль падыграў Лукашэнку, і лёс Беларусі быў вырашаны. Паводле Лявонава, большая частка адміністрацыйнае эліты была выразна супраць рэферэндуму. Ніхто не выступіў адкрыта толькі праз неспрыяльны кантэкст і абставіны. Лявонаў узгадвае, што на першым Усебеларускім народным сходзе міністры сядзелі “как в дерьме”, рэферэндуму сапраўды не жадалі, настрой быў прыгнечаны. Сцвярджаецца нават, што сыход Чыгіра з пасады прэм’ера мог бы быць палітычна больш значным. Калі б ён паразмаўляў з міністрамі, то разам з ім сышло б яшчэ чалавек пяць—сем. Рэформы і Крэмль. Напачатку Лукашэнка шчыра жадаў рэформаў. Ён быў гатовы, але быў не гатовы ўрад. У 1994—95-м працаваць ва ўрадзе было можна, Лукашэнка не перашкаджаў. Дазваляліся спрэчкі паміж міністрамі і нават з прэзідэнтам. Прынцыповаю вяхою тут з’яўляецца рэферэндум 1995 году (які сам Лявонаў лічыць бессэнсоўным). Пасля яго рэформы сталі непатрэбнымі. Затое ўладзе стаў патрэбны Крэмль. Узгадваюцца словы тады яшчэ кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Сініцына: “Нам рэформы не патрэбныя, нам трэба захаваць тое, што ёсць, а потым мы заваюем Крэмль”. Праграма рэформаў, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, была згорнута, сістэма пачала працаваць на “захаванне”. Карупцыя і “эскадрон смерці”. Ацэнка ўзроўню крыміналізаванасці беларускага рэжыму Лявонавым у значнай ступені супадае з той, што даецца ў “Нашествии”, — натуральна, па духу, а не літаральна. Карумпаванасць беларускіх уладаў не выклікае сумневаў, больш за тое, “Лукашэнка вельмі добра ведае, хто, дзе і як цяпер крадзе”. Узгадвае былы міністр і пра ўдзел найбліжэйшага атачэння прэзідэнта ў кантрабандзе. Лявонаў непасрэдна займаўся зборам інфармацыі пра знікненне вядомых палітыкаў, забойствы бізнесоўцаў і іншых асобаў групаю, якая ў прэсе атрымала назву “эскадрон смерці”. Ягоная версія ў цэлым адпавядае той, што выкладалася ў газэтах на працягу лета 2001 году: маўляў, забойствы мелі месца і Лукашэнка не мог не ведаць пра гэта. Прэзідэнцкія выбары-2001. Першы палітычны праект, з якім Лявонаў пачаў працаваць, быў Ярашук, — менавіта яго аўтар кнігі бачыў найбольш перспектыўным і прымальным для большасці палітычных суб’ектаў, уключаючы і Маскву. Трошкі пазней Лявонаў адзначае пасіўнасць Ярашука, няздольнасць да рашучых дзеянняў. Ярашук марудзіў з сваёй “раскруткай” і страціў час. Другой прымальнай кандыдатурай быў Чыгір. Менавіта пра Ярашука й Чыгіра вяліся перамовы з Масквою. Грошы з Захаду Лявонаў не хацеў браць з прынцыпу. Былы міністр апісвае сябе як аднаго з аўтараў канцэпцыі “некалькіх кандыдатаў” (тры—пяць), якія потым самастойна вырашаюць, хто з іх будзе “адзіным”. Ён жа становіцца архітэктарам “цэнтрысцкай тройкі” Казлоўскі, Чыгір, Ганчарык, а пасля “пяцёркі”. Пашырэнне тройкі за кошт С. Домаша, паводле Лявонава, было вялікай складанасцю. Домаш ад старту сваёй кампаніі пачаў асацыявацца з правым флангам палітычнага поля, перш за ўсё з БНФ, яго далучэнне да “тройкі” здольнае было моцна зрушыць яе ўправа. Гэтага Лявонаў (як прадстаўнік “левага блоку”) не жадаў. Было вырашана далучыць да новага альянсу лідэра апазіцыйных камуністаў Калякіна, што дазволіла трохі выправіць “правы ўхіл”. Трэба адзначыць, што з самага пачатку Калякін не меў асаблівых прэзідэнцкіх амбіцыяў і не ўяўляў сабою завершанага палітычнага суб’екта, што давала дастатковую прастору для палітычнае гульні “левага блоку”. |
Працуючы з “пяцёркай”, Лявонаў прыклаў шмат намаганняў для абмежавання ўплыву партыяў на патэнцыйных кандыдатаў6, што ўдалося ажыццявіць толькі часткова. Гэта цалкам зразумела: уплыў былога міністра на палітычныя партыі (перш за ўсё АГП і БНФ) быў вельмі абмежаваны, а інтарэсы часам процілеглыя. Рэальны патэнцыял для прэзідэнцкае кампаніі мелі толькі Ганчарык і Домаш. Сімпатыі Лявонава, натуральна, былі на баку Ганчарыка. Да таго ж, ён разлічваў на значны людскі і арганізацыйны патэнцыял прафсаюзаў. Толькі падчас кампаніі раптам высветлілася, што гэта пераважна мёртвыя структуры. Недзе з чэрвеня стала зразумела, што новага прэзідэнта не будзе. У ліпені бок Лукашэнкі адназначна прыняла Масква. Расійскія каналы (акрамя НТВ), спасылаючыся на загад з Крамля, адмаўляліся даваць праўдзівую інфармацыю пра Беларусь, нават пра “эскадрон смерці”. Зацягванне працэсу выбару адзінага кандыдата, інтрыгі ў штабе рабілі выбарчую кампанію проста безнадзейнай. Сваю ролю, на думку Лявонава, сыграла шчыльная прысутнасць спецслужбаў у штабах апазіцыйных кандыдатаў. Дастаткова падрабязна апісваецца атмасфера ў апазіцыйных штабах летам 2001-га, стварэнне падвойных структураў менеджменту. Пагадненне паміж Домашам і Ганчарыкам перад выбарамі Лявонаў называе “пактам Ганчарык—Домаш”, які паставіў крыж на “пяцёрцы”. Гэтае пагадненне было “праціснута” Лябедзькам і Вячоркам праз Палевікову. Адчуваецца, што з усімі гэтымі людзьмі ў былога міністра не склаліся добрыя адносіны. Пасля “пакту” Лявонаў хацеў сысці, але застаўся, каб адпрацаваць пачатае да канца. “Хацеў пабачыць людзей за справаю, зразумець сутнасць працэсу, яго тэхналогію, усё гэта потым спатрэбіцца … У гэтым я выйграў”. Сярод абласных каардынатараў кампаніі Ганчарыка Лявонаў называе толькі двух, якія адпрацавалі сумленна: Ярашука й Чыгіра. Да астатніх застаюцца вялікія пытанні, у тым ліку і фінансавага плану. Вынікі галасавання былі сфальсіфікаваныя. У якасці пацьверджання Лявонаў распавядае пра ўласны досвед размоваў з рэгіянальнымі кіраўнікамі Магілёўшчыны. Са слоў былога міністра, ім загадалі пісаць 78 % за Лукашэнку. За Ганчарыка на асобных участках галасавалі і 40 %, і 50 %. Свядомасць сінтэзу. Каб сапраўды зразумець культурную ідэнтычнасць беларускае адміністрацыйнае (і не толькі) эліты, трэба ўз’яднаць у адной мадэлі інтэлектуальныя і палітычныя традыцыі, якія звычайна (і зусім памылкова) успрымаюцца як несумяшчальныя. Свядомасць, ці “ідэалогію”, якую прадстаўляе Лявонаў, можна назваць савецка-нацыянальным сінтэзам. Пашыранасць і сацыяльнае значэнне такое свядомасці вызначыць даволі цяжка, але яна натуральна характэрная для значнае часткі адміністрацыйнае эліты і паспалітага насельніцтва. Сутнасць гэтае свядомасці ў паступовым спалучэнні беларускага савецкага ідэалагічнага комплексу: лёгкая\моцная настальгія па СССР, падкрэсленая павага да гераічнага эпасу вялікае айчыннае вайны, прызнанне эканамічных “заваёваў” савецкага ладу, палітычнае міфалогіі — Машэраў, Мазураў і г. д. — з нацыянальным, “адраджэнскім” дыскурсам. Павага да суверэнітэту і незалежнасці, прызнанне гістарычнае нацыянальнае сімволікі, прыязнае стаўленне да беларускае мовы, даўняя традыцыя беларускае дзяржаўнасці з асаблівай увагаю да перыяду Вялікага Княства Літоўскага. Лявонаў спрабуе не “мазаць чорным”, але і не “ўсхваляць мінулага” (маецца на ўвазе савецкае мінулае). Ён памяркоўна апелюе да палітычнага прыкладу Машэрава й Мазурава, ацэньваючы іх як сімвалаў палітычнае разважлівасці, свайго роду этычны прыклад. (Іх вобраз “стваральнікаў” супрацьпастаўляецца вобразу “дыктатара-самадура” Лукашэнкі.) Апісанне беларускае савецкае цывілізацыі ўтрымліваецца ў наступных тэзах: людзі сапраўды нядрэнна жылі, былі поспехі ў эканоміцы, народ прыхільна ставіўся да ўлады і мог дабіцца праўды. У тэксце час ад часу сустракаецца палітычна карэктная журба па СССР. Адначасова Лявонаў досыць часта спасылаецца на палітычную традыцыю Вялікага Княства Літоўскага, прызнае каштоўнасць беларускіх нацыянальных сімвалаў, беларускае мовы. У турме Лявонаў чытае і вучыць на памяць беларускую літаратурную класіку, хоць і паралельна з расійскай. Такі сінтэз — складаная сацыяльная з’ява, апісанне якой выведзе нас далёка па-за прастору рэцэнзаванае кнігі. Зазначым толькі, што свядомасць той адміністрацыйнай субкультуры, якую прэзентуе Лявонаў, — з’ява сінтэтычная, якая ёсць адной з праяваў сучаснае беларускае ідэнтычнасці. Палітычны праект. Апошнія сорак старонак кнігі цалкам прысвечаны выкладанню Лявонавым свайго разумення далейшага палітычнага і эканамічнага развіцця краіны. Першае, што варта адзначыць у палітычным праекце Лявонава, — устойлівае апеляванне да патрыятызму (“патрыёты зямлі беларускай”, “патрыятычна арыентаваны ўрад” і г. д.). Такім чынам, неабходнаю ўмоваю паспяховага пераадолення сучаснага палітычнага і эканамічнага крызісу з’яўляецца асабістая блізкасць да гэтае зямлі і адчуванне еднасці з яе народам. Гэта, на думку Лявонава, павінна скласці этас дэканструкцыі існага рэжыму і палітыкі далейшага рэфармавання. |
Калі звярнуцца да зместу праграмы, дык гэта тое, што можна назваць беларускім варыянтам памяркоўнага левага кансерватызму7. Сутнасць гэтага кансерватызму — паступовы (тут гэта ключавое слова) пераход да рынкавае эканомікі і дэмакратыі. Гэтую праграму можна, мяркую, лічыць пэўным агульным уяўленнем пра рэформы даволі вялікага пласту адміністрацыйнае эліты. Прамысловасць. Стоадсоткавае акцыянаванне. Адкрытыя конкурсы на кіраванне прадпрыемствамі. Менеджмент павінен на працягу пяці гадоў ажыццявіць прыватызацыю. Колькасць ліцэнзаваных відаў дзейнасці павінна быць скарочана. Неабходна стварыць сістэму падтрымкі прадпрымальніцтва. Сельская гаспадарка. Калгасны лад павінен быць ліквідаваны: “Калгас сёння — гэта нонсэнс. Сёння гэта выбуховая сумесь працоўнае арміі Троцкага і прыгоннага права”. Лявонаў выступае за прыватную ўласнасць на зямлю, але свабодны продаж павінен уводзіцца паступова на працягу дзесяці гадоў. Лявонаў выступае за далейшае скарачэнне войска, рэформу органаў МУС і змену існага крымінальнага заканадаўства (што менавіта, не канкрэтызуецца). Патрабаванні павелічэння выдаткаў на адукацыю, медыцыну і навуку, якія фармулюе былы міністр, патыхаюць папулізмам. Рэформы (прынамсі напачатку) прымусяць скараціць такія выдаткі. Палітычны лад. Праект палітычнага ладу ўтрымлівае яшчэ больш выразныя элементы левакансерватыўнае візіі дэмакратыі і яе перспектываў у Беларусі. Цэнтральнае месца ў палітычных зменах адыгрывае рэформа Канстытуцыі. Прэзідэнт павінен быць толькі кіраўніком выканаўчае ўлады8, узначальваць урад і несці адказнасць за яго дзейнасць. Натуральна, паўнамоцтваў на выданне дэкрэтаў прэзідэнт мець не павінен. Выбары ў парламент павінны, напачатку, праходзіць паводле мажарытарнай сістэмы. Беларускія партыі занадта слабыя, каб арганізаваць паўнавартаснае прадстаўніцтва інтарэсаў грамадства. Змяшаную сістэму можна ўвесці на мясцовых выбарах, а калі эксперымент будзе паспяховым, пачаць праводзіць паводле гэтай схемы выбары ў парламент. Прэзідэнт павінен абірацца народам, але папярэдне кожны кандыдат павінен праходзіць медыцынскі агляд. Павінна быць створаная таксама сістэма абароны “ад дурняў ва ўладзе”, праўда, яе структуры Лявонаў не акрэслівае. Асаблівае стаўленне Лявонаў мае да “вертыкалі”. Напачатку яе трэба захаваць, не ўводзячы выбараў мясцовых кіраўнікоў насельніцтвам. Адзінае, што трэба даць магчымасць мясцовым саветам здымаць кіраўнікоў выканкамаў у асаблівых выпадках. Трэба забыцца на магчымасць апаратных чыстак і люстрацыю, гэта бесперспектыўна. Да таго ж, замена больш за 20 % штатных адзінак апарату прывядзе да анархіі ў сферы кіравання. Рэформы павінны ў нечым нагадваць кітайскі шлях. Дэмакратычныя сілы можна прыцягваць да выканання пэўных адміністрацыйных функцыяў, але скласці з іх дзяржаўны апарат немагчыма тэхнічна. Павінны быць зменены структура і функцыі Рады Бяспекі (створанай спецыяльна пад Шэймана). Яна павінна ператварыцца ў невялікі аналітычны апарат, перадаўшы астатнія функцыі КДБ. Прэса павінна застацца толькі недзяржаўная, дзяржаўныя органы могуць валодаць толькі спецыялізаванымі (напрыклад, нарматыўнымі) выданнямі. У праграме апісваецца таксама схема рэфармавання сістэмы самакіравання і бюджэтных адносінаў. Міжнародная інтэграцыя. Лявонаў скептычна ставіцца да магчымасцяў Беларусі інтэгравацца ў еўрапейскую супольнасць. Магчыма, мы будзем там, але няхутка. Не лічыць мэтазгодным Лявонаў адкідаць ідэю інтэграцыі з Расіяй, але займае ў гэтым пытанні памяркоўную пазіцыю: “Мы — два народы”, “Я не хачу мяняць пашпарт”. Інтэграцыя магчымая толькі як саюз дзвюх суверэнных дзяржаў. Формула добра вядомая і мала чым розніцца ад афіцыйнай, толькі яе канкрэтны змест незразумелы. Што тычыцца правядзення рэформаў, дык яны павінны праводзіцца рашуча і жорстка, але на аснове грамадскае згоды. Такая згода павінна грунтавацца на часовым самаабмежаванні правоў (у прыватнасці, неабходны мараторый на буйныя страйкі і вулічныя акцыі). Сама ідэя нядрэнная, але незразумела, ці можа такая згода быць дасягнута ва ўмовах максімальна фрагментаванага беларускага грамадства. Збалансаваная рыторыка палітычнага праекту Лявонава ў канцы падводзіць да пытанняў: ці будзе існаваць дзяржава пад назваю Рэспубліка Беларусь, ці будуць нашы дзеці звацца беларусамі? Пэўнага адказу няма, ёсць адказ-лозунг: “Мы можам стацца, можам выжыць”. Яшчэ старажытныя грэкі называлі палітыку мастацтвам магчымага, з тых часоў не так шмат і змянілася. З трох кнігаў найбольш цікавая апошняя. У творы Лявонава багата інфармацыі, нестандартных інтэрпрэтацыяў ды схемаў. Мне падаецца, што гэта найлепшая беларуская кніга палітычна-біяграфічнага зместу апошніх часоў. Кніга пра Клімава, сканцэнтраваная на адной асобе і яе пераважна абстрактных разважаннях, выглядае занадта суб’ектыўнай. Яна будзе цікавая тым, каму цікавы Клімаў. Што тычыцца “Нашествия”, то гэта выданне найменш прывабнае зместам, але найбольш цікавае кантэкстам. Назіраць за тым, як яе чытаюць іншыя, значна больш цікава, чым чытаць самому. Тры працэдуры палітычнае тэрапіі скончаны. Але не трэба чакаць паляпшэння стану: палітычныя хваробы не лечацца, звычайна яны праходзяць самі.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (27) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Маkса Плакса |