A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (27) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ЁЗАФ КРОЎТВАР | |||||
|
Ёзаф Кроўтвар
|
(нар. у 1942) — гісторык мастацтва, эсэіст, крытык, паэт і мастак, вядучы супрацоўнік Мастацка-прамысловага музэю ў Празе, аўтар шматлікіх кніг ды артыкулаў з гісторыі і тэорыі мастацтва. Па-беларуску друкавалася ягонае эсэ “Клопат з экзыстэнцыі: міт і чэская літаратура” (Літаратурна-філязофскі сшытак ЗНО, 28 сьнежня 1994). |
Калі згасалі ліхтары кавярняў, грамадзкае жыцьцё працягвалася ў кабарэ ды начных забаўляльных установах. Да найбольш наведвальных месцаў належаў “Montmartre” на Ржэцезавай вуліцы ў Старым Месьце. Нават ня верыцца, што сюды завітвалі Бас, Брунэр, Гелнэр, Гашак, Майрынк, Брод, Вэрфэль, Пік, Лаўрын, Кіш, Урзыдыль і, напэўна, Кафка. То бок чэхі і немцы, праскія габрэі, літаратары і мастакі, танцоркі ды дамы паўсьвету, т.зв. “demimondky”. У “Montmartrе’ы” танчылі першыя танга, папулярныя былі “танцы апачы” парыскай багемы. Калі не абмяжоўвацца толькі байкамі ды гісторыяй, дык трэба зазначыць, што “Montmartre” нядаўна, пасьля грунтоўнай рэканструкцыі, адчыніўся зноў. Былое кабарэ выкарыстоўваецца перш за ўсё як кавярня, хаця тут чуюцца і шансоны — кабарэтныя песенькі, дапоўненыя забаўляльнай праграмай. “Café Metropol” на рагу Водзічкавай вуліцы ды Вацлаўскага пляцу было ўлюбёным месцам спатканьняў чальцоў мастакоўскага згуртаваньня “Mánes”. Там зь імі сустракаўся і Гануш Елінак, перакладчык і вялікі франкафіл. Ужо тады мэтрдатэлем там быў пан Суханак, які пазьней працаваў ува “Ўніёнцы” ды ў кавярні “Arco” на Гібэрнскай вуліцы. Кавярня як месца сустрэч мастакоў і літаратараў зьяўляецца таксама і на тагачасным плякаце мастака Олдржыха Гамалача ў мастацкім штотыднёвіку “Lumír”. Ля століка сядзіць прывабная маладая кабета ў капелюшы й слухае мужчыну, відаць, маладога паэта. Гэта значыць, што кабета ў мадэрновай кавярні была вітаная, пасавала да яе, дапаўняла ейную атмасфэру. Пасьля таго як на верхнім канцы Вацлаўскага пляцу быў збудаваны Нацыянальны музэй, гэтая частка места пачала хутка набываць адмысловае значэньне. Вацлаўскі пляц стаўся новым грамадзкім цэнтрам, дзе, натуральна, не бракавала найлепшых гатэляў, кавярняў ды рэстарацыяў. У мадэрновым духу вырас і новы гатэль “Эрцгерцаг Штэфан” (цяперашняя “Эўропа”), на першым паверсе якога зьявілася элегантная кавярня. Будоўлю зьдзейсьнілі ў 1903—1905 гадох два Оманавы вучні, Алаіс Дрыяк і Бэдржых Бэндэльмаер. У аздабленьні інтэр’еру браў удзел і Ян Летцэль, які пазьней зьехаў з Прагі працаваць у далёкую Японію. Між іншага, Летцэль — аўтар будынку Прамысловага музэю ў Гірасіме, жалезабэтонная канструкцыя якога адзіная выстаяла ў атамнай катастрофе. Памяшканьне кавярні ў сёньняшнім гатэлі “Эўропа” робіць грандыёзнае ўражаньне сваім арыстакратычным вэстыбюлем зь верхняй галерэяй, адкуль можна назіраць агульную сумятню на доле. Такім чынам, грамадзкае жыцьцё ёсьць падзеяй, відовішчам, тэатрам і моднай імпрэзай. “Эўропа” ўяўляе сабой кавярню тыпу “café-concert”, дзе аркестрык найграе знаёмыя і прыемныя мэлёдыі. Ужо перад першай сусьветнай вайной чэскае мастацтва знайшло свой натуральны цэнтар прыцягненьня на Нацыянальным праспэкце, дакладней — на рагу з Пэрштынам. Там, дзе сёньня стаіць “Альбатрос”, брыдкая сучасная каробка, калісьці стаяў легендарны “Union”, больш вядомы сярод месьцічаў як “Уніёнка”. Яна не была элегантнай кавярняй, ейныя памяшканьні знаходзіліся ў старым барочным доме, але элегантнасьці ад яе ніхто й не патрабаваў. “Уніёнка” прапаноўвала нешта зусім іншае — сяброўскую, натхняльную творчую атмасфэру, панадлівую для мастакоў, літаратараў ды іншых блізкіх душаў. Праз “Уніёнку” прайшлі як найменей тры генэрацыі, найстарэйшая зь якіх мела карані яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі, а наймаладзейшая ўжо цалкам аддавалася сучасным радыкальным кірункам. Кавярня ўяўляла сабою малы лябірынт, бо складалася з шэрагу невялічкіх памяшканьняў, салёнаў ды салёнікаў. Адзін пакойчык належаў шаноўным унівэрсытэцкім прафэсарам, другі — выключна мастакам, у наступным стаяў більярд, далейшыя часткі й куты займалі шахматысты, эспэрантысты, журналісты, а таксама чэскія габрэі. Менавіта ў гэтай кавярні нарадзіўся рух чэскага кубізму, адважна зразуметы як новы, сучасны жыцьцёвы стыль, які ахоплівае ўсе сфэры чалавечага жыцьця. Нідзе на сьвеце, акрамя Прагі, ня ўзьніклі кубістычныя дамы, нідзе больш кубізм ня быў прыняты так шырока. У былой кавярні на першым паверсе марылі пра будучыню, віталі новыя ідэі ды кірункі. Для гэтай кавярні за невялікія грошы, назьбіраныя наведнікамі, былі набытыя Дэрэнавы “Купальніцы”, сёньняшняя гордасьць Нацыянальнай галерэі. Ужо ў 1923 годзе над “Уніёнкай” зьбіраліся чорныя хмары, меркавалася, што кавярня будзе канчаткова зачыненая. Карэл Чапэк тады напісаў у “Лідовэ навіны” артыкул “Помнік у небясьпецы”. Ён рашуча абараняў кавярню і падкрэсьліваў ейны ўнёсак ува ўзьнікненьне сучаснага чэскага мастацтва. Чапэк пісаў, што “Ўніёнка”, як genius loci, павінна застацца ахоўваным запаведнікам. Мусіў бы ахоўвацца законам і ейны сакрэтны рэцэпт чорнай кавы! Кавярня вытрымала першы націск і праіснавала яшчэ ўсю першую рэспубліку. Яна зачынілася толькі 18 сакавіка 1941 году, за часамі пратэктарату. Апошні гурт верных гасьцей сышоўся з самага ранку на гістарычным месцы найслыньнейшай чэскай мастакоўскай кавярні і цэлы дзень чакаў муніцыпальнага службоўца. Гэта было сумнае разьвітаньне, але ні ў якім разе не абсалютны канец і не хаўтуры. На кароткі час кавярня адчыніцца яшчэ пасьля вайны, але потым настане 1948 год, а зь ім і камуністычны пераварот. У памяшканьнях кавярні будзе арганізавана заводзкая кухня — установа грамадзкага харчаваньня. У 1949 годзе разбураны стары дом, у руінах якога загіне й “Уніёнка”. Не засталося нічога, толькі ўспаміны сьведкаў ды некалькі фатаздымкаў. Старая вычварная каменная тумба з галавой мурына, умураваная калісьці ў рог будынку, — добрае свойскае боства — скончыла свой шлях у музэі. З кавярняй “Union” на Пэрштыне сваім культурным значэньнем магла спаборнічаць хіба што толькі кавярня “Arco” на рагу Гібэрнскай і Длаждзянай вуліц, акурат насупраць Масарыкавага вакзалу. У “Arco” хадзілі перадусім нямецкія літаратары, суполку якіх Карл Краўс трапна назваў “арканаўты”. Тут весела “вэрфэлявалася, бродавалася, кафкавалася ды кішавалася”, і менавіта ў “Arcо” Мілена Есэнска спаткала свайго першага мужа Эрнэста Поляка, клюбную істоту par excellence. Інтэр’ер кавярні, прапанаваны Янам Коцерам, нагадваў чытальню. Тут госьці гарталі новыя нумары замежных часопісаў і даведваліся пра культурныя падзеі ў сьвеце. Выбар быў багаты, бадай найлепшы ў Празе, таму хадзілі сюды ня толькі немцы, але і чэхі. |
Падчас аднаго такога гартаньня часопісаў у “Arcо”, як пра тое піша В. В. Штэх, у 1907 годзе нарадзілася ідэя “Арцелі”. Новая суполка, чэскі аналяг “Wiener Werkstätte” (“Венскіх варштатаў”), імкнулася ўзьняць узровень грамадзкага густу прапановай якасных мастацкіх і рамесьніцкіх прадметаў па прымальных цэнах. З кавярняй “Arco” зьвязанае і апавяданьне Ёганэса Урзыдзіла “Ноч жуды”. Пісьменьнік распавядае драматычную гісторыю пра сустрэчу двух мужчынаў, якія позьняй ноччу хаваюцца ў доме ад вайсковае варты. Адзін зь іх — забойца, якога шукаюць, а другі — проста запозьнены госьць. Нарэшце, менавіта з кавярні “Arco” Франц Вэрфэль і Макс Брод выправіліся да прафэсара Масарыка, каб паспрабаваць прадухіліць ваенную катастрофу. Як ведаем, марна... Сёньня аб’ект знаходзіцца ў мізэрным стане. Ад вялікага круглага стала, пры якім зьмешваліся ў палеміцы нямецкая, габрэйская і чэская стыхіі, не засталося ані сьледу. Акурат насупраць “Уніёнкі” на другім паверсе знаходзілася знакамітая кавярня “Louvre”. Магло б здацца, што дзьве так блізка разьмешчаныя кавярні толькі б дарэмна канкуравалі, але гэтак не было. У “Louvre”, як можна меркаваць паводле назову, хадзілі іншыя людзі. Макс Брод згадваў візыты з асяродзьдзя нямецкіх філёзафаў — кажуць, гэта была нейкая дэлегацыя зь нямецкага ўнівэрсытэту. У 1911 годзе ў “Louvre” быў створаны “Sursum”, сябрына апошніх літаратурных дэкадэнтаў. Хто сёньня ведае паэта Шыманка альбо Марышу Шарэцку? Але да літаратараў далучылася і некалькі цікавых мастакоў, якія нарэшце надалі сябрыне адмысловы выгляд. Ёзаф Вахал стварыў пасьведчаньні й пячаткі, нават вёў уліковую кнігу, якую сам ілюстраваў. Калі ў адзін зь вечароў 1926 году гурток натхнёных лінгвістаў мусіў пакінуць філязофскі факультэт, яны перайшлі ў кавярню “Louvre”. Напэўна, сам дух Брэнтанавай філязофіі прывабіў іх сюды. Праскі лінгвістычны гурток на чале зь Вілемам Матэзіюсам, Раманам Якабсонам і Янам Мукаржоўскім сёньня вядомы ў сьвеце гэтаксама, як Венскі гурток ці Суполка венскіх псыхааналітыкаў. Пасьля лістападу 1989 году кавярня з рэшткамі ляпніны была адноўленая, але атрымала імя “Gany’s” (сёньня зноў “Louvre”). У амэрыканскім гучаньні ейнага назову наведнік зь цяжкасьцю распазнаваў бы імя міталягічнага Ганімэда, служкі грэцкіх багоў. Лінгвісты б зьдзівіліся, як шмат можа мова, але, хто ведае, можа, і натхніліся б дасягненьнямі пасьлярэвалюцыйнай паэтыкі. Ужо каля 1930 году Прага — прызнанае эўрапейскае места з сучаснай архітэктурай, самабытнай культурай ды публічным жыцьцём. Кавярні спаборнічаюць за прыязнасьць публікі й выпярэджваюць адна адну ў раскошы. Лё Карбюзье быў, кажуць, так уражаны выглядам места, што Прага здалася яму ў параўнаньні з Парыжам занадта сьвецкай. Кавярні, поўныя люстраў, ён, мусіць, лічыў празьмернай эксцэнтрыкай густу. Трыццатыя гады давяршаюць утопію “места-кавярні” як аднаго бясконцага праходнага пасажу. Карэл Гонзік пра гэта піша: “У трыццатых гадах амаль увесь Вацлаўскі пляц быў да другога паверху (і вышэй) аблямаваны кавярнямі, іх памяшканьні вялі назад у двары, да будынкаў, да прылеглых галоўных праспэктаў, так што, разбурыўшы сьцены, якія іх разьдзялялі, можна было б шпацыраваць амаль па ўсім праскім цэнтры як па адной кавярні”. У 1932—1933 гадох адбылася маштабная рэканструкцыя кавярні “Славія”, падчас якой былі прасечаныя вялікія шырокія вокны. Сёньня нам гэтыя “панарамныя вокны”, як іх тады называлі, здаюцца галоўнай адметнасьцю, а ў свой час яны хутчэй шакавалі. І паважаны часопіс “Styl” папярэджваў аб недарэчным афармленьні партэру: “Баімся, каб у суседзтве з тэатрам, зь якога адкрываецца від на Градчаны, не дайшло да таго, што і тут, дзеля густу дэкадэнцкай публікі, гаспадар зробіць прыблізную копію бэрлінскага “Café” і спляжыць такі далікатны рог, які прэтэндуе на тры зорачкі ў даведніку “Baedeker”, таксама як Пляц Сіньёрыі ў Флярэнцыі ды Сан-Марына ў Нэапалі”. Тым ня менш гэта сталася, прапанова новага гаспадара Вацлава Фішэра была рэалізаваная. Будаўнічая рэвалюцыя неміласэрна зьнішчыла апошнія рэшткі ХІХ стагодзьдзя і пачала новую эру сучаснай, элегантнай і моднай кавярні “Славія”. Аўтарства ўнікальнай перабудовы Ганна Жантаўска прыпісвае праф. Олдржыху Стэфану, знакамітаму гісторыку чэскага барока. Побач з імем О.Стэфана зьяўляецца яшчэ адно — імя нейкага архітэктара Кестэра, можа Кёстлера, спэцыяліста ў афармленьні кавярняў, рэстарацыяў і бараў. Зь імені можна было б меркаваць, што гаворка ідзе пра габрэя-эмігранта зь Нямеччыны, якіх ужо тады ў Празе была цэла гурба. І натуральна, што гэтыя людзі мелі тэрміновую патрэбу ў грашах і працавалі часта без дазволу на працу, а таму і без мажлівасьці прызнаваць сваё аўтарства. Радыкальнае пераафармленьне інтэр’еру прынесла абсалютна новыя элемэнты, якія пераглядалі ранейшую традыцыю кавярні. Парыскія, а таксама бэрлінскія ўплывы на новы выгляд кавярні былі відавочнымі. Сымбалем пераўтварэньня сталіся ня толькі шырокія вокны, а і колавы матыў на столі, у месцы, дзе сыходзіліся абодва крылы кавярні. Кола пазначае нешта накшталт купалу, тыповы матыў, напэўна, перанесены з слыннай мастацкай кавярні “La Coupole” на Манпарнасе. Вялікія бэрлінскія кавярні былі падчас вайны цалкам зьнішчаныя, таму сёньня цяжка прасачыць верагодныя ўплывы на кавярню “Славія”. Хіба толькі аздобныя мэталёвыя краткі, мармуровая абкладка ды дэкаратыўныя вазы з камбінаванай залатой і чорнай мазаікай адзначаюць зусім іншы, адрозны ад францускага, уплыў. У 20-х гадох Бэрлін жыў вірлівым грамадзкім жыцьцём і прыцягваў, апроч астатніх, Франца Кафку і іншых праскіх нямецкіх і габрэйскіх літаратараў. У ХІХ стагодзьдзі праскія кавярні падпалі пад уплыў Вены, але ўжо тады зьяўляецца ў Празе і першая француская кавярня. У ХХ стагодзьдзі францускія ўплывы наагул пераважаюць, Парыж становіцца прызнанай меркай шляхетнасьці і грамадзкім ідалам. Сымбалем праскіх кавярняў сталася вядомая карціна Віктара Олівы, зьмешчаная ў кавярні “Славія” і названая “Чалавек, які п’е абсэнт”. На жаль, сёньня арыгінал замяніла копія, але і так карціна дае па-ранейшаму пэўнае ўяўленьне пра тое, што азначала “клюбнае існаваньне” і што маецца на ўвазе пад выразам “клюбны літаратар”. Без кавярні мастакі, журналісты, інтэлектуалы і наагул аматары пабываць на публіцы наўрад ці абыходзіліся. Невыпадкова дэталь карціны Олівы зьявілася і на вокладцы збору эсэ і фэльетонаў Пэтэра Бэхера “Zwischen München, Prag und Wien”. З чэскай пераклала Вераніка Бяльковіч |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (27) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Элы Мацьвіенкі |