A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (27) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Антон Луцкевіч |
1 Маецца на ўвазе Віленская езуіцкая акадэмія (пазьней унівэрсытэт), адчыненая 30 кастрычніка 1579 году на базе езуіцкага калегіюму, заснаванага ў 1570 г. |
Сусьветная вайна на працяглы час абрывае ўсякія кантакты паміж беларусамі і чэхамі. Аднаўляць іх выпала мне — ужо пасьля таго, як паўстала незалежная Чэхаславацкая Рэспубліка. У апошнія дні красавіка 1919 г., едучы на чале дэлегацыі Беларускай Рэспублікі на мірную канфэрэнцыю ў Парыж, вырашыў наведаць Прагу і скласьці візыт прэзыдэнту Масарыку. Па прыезьдзе ў Прагу і ўстанаўленьні кантакту з Градам паехаў у вызначаны час у рэзыдэнцыю прэзыдэнта. Там я мусіў нейкія 5—10 мінут пачакаць: выявілася, што прэзыдэнт Масарык быў на сваім штодзённым шпацыры і трохі спазьніўся. Пры гэтым даведаўся, што прэзыдэнт звычайна шпацыруе па вуліцах гораду сам, адзін і нікому не дазваляе суправаджаць яго, часьцей, можа, езьдзіць конна. Што праўда, падчас пешых прагулянак заўсёды наводдаль ішоў за ім паліцэйскі агент, але пры гэтым мусіў прыкладаць намаганьні, каб Масарык яго не заўважыў. Мне тлумачылі, што клопат быў не пра ахову асобы прэзыдэнта ад якога-небудзь замаху, а пра тое, што яму, чалавеку пажыламу, магла спатрэбіцца дапамога ў разе якога здарэньня, заўсёды магчымага на ажыўленых вуліцах сталічнага гораду. Папулярнасьць Масарыка была такая вялікая, што баяцца замаху на яго асобу не было ніякіх падставаў. Пасьля некалькіх хвілін чаканьня ў вялікай рэпрэзэнтацыйнай залі я ўбачыў, як празь яе, вяртаючыся з шпацыру, прайшоў Масарык з парасонам у руцэ, зь якога сьцякала вада, бо пачаўся дождж. Мяне адразу ж завялі ў кабінэт прэзыдэнта. Масарык прыняў мяне зь незвычайнаю сардэчнасьцю і нейкаю прастатою. Я павітаў яго спачатку па-беларуску, потым, бачачы, што ён зь цяжкасьцю ловіць сэнс маіх словаў, перайшоў на расейскую мову, якою Масарык, як было вядома, валодаў дасканала. Я меў намер коратка паінфармаваць прэзыдэнта аб беларускім руху адраджэньня і потым перайсьці да палітычных пытаньняў. Масарык перапыніў мяне: — З рухам беларускім я знаёмы. Паінфармуйце, што ў вас рабілася пасьля выбуху рэвалюцыі ў Расеі. Гэтая рэпліка не зьдзівіла мяне ані мала. Я ведаў, што Масарык перад вайною заўсёды цікавіўся справамі славянскіх народаў, пра беларусаў, акрамя таго, павінен быў ведаць ад Адольфа Чэрнага, зь якім меў блізкія адносіны. Падчас далейшай размовы я даведаўся, што Чэрны — па даручэньні Масарыка — знаходзіўся ў той час у Парыжы. Інфармуючы майго суразмоўцу пра найноўшыя падзеі ў Беларусі — абвяшчэньне незалежнай Беларускай Рэспублікі і стварэньне ўласнага ўраду, — я перайшоў да спраў, зьвязаных з маім падарожжам у Парыж. Масарык з шчырым спачуваньнем паставіўся да нашых спраў. Між іншым з смуткам адзначыў, што Польшча, якая лёгка магла б пасьля Расеі заняць месца правадыра славянства, пра гэтую ролю абсалютна не клапацілася. |
З уласьціваю чэхам прыктычнасьцю Масарык сам закрануў пытаньне пра дыпляматычную дапамогу з боку чэскае місіі. “У Парыжы, — казаў, — цяпер знаходзіцца Бэнэш, і зь ім трэба абавязкова скантактавацца. Праўда, там знаходзіцца і наш прэм’ер Крамарж, але гэта масквафіл старое даты, апошні з магіканаў. Зь ім пра вашы справы размаўляць ня варта”. — Вы ўсё зразумелі, пра што мы размаўлялі? — раптоўна зьвярнуўся да прысутнага свайго сакратара. — Так? Дык усё гэта запішыце і пашлём гэта з маім лістом да Бэнэша. А Бэнэш, — тут зноў зьвярнуўся да мяне, — будзе ахвотна вам служыць сваёю парадаю і падтрымкаю на міжнародным абшары. За гэта я ручаюся. Аўдыенцыя працягвалася амаль дзьве гадзіны. Пры разьвітаньні Масарык яшчэ раз запэўніў мяне ў сваіх беларускіх сымпатыях і абяцаў, што, як толькі беларускі ўрад умацуецца, Чэхаславаччына адразу ж установіць зь ім дыпляматычныя адносіны. А тым часам у Празе павінен знаходзіцца паўафіцыйны беларускі прадстаўнік2. Пасьля прыезду ў Парыж я пераканаўся, што Масарык дакладна выканаў свае абяцаньні. Падчас майго першага візыту ў Бэнэша ён адразу ж заявіў, што ўжо мае інструкцыю Масарыка ў нашай справе і гатовы аказаць нам усялякую дыпляматычную дапамогу. З Крамаржам палітычнага кантакту я не ўстанавіў, пазнаёміўся зь ім на глебе чыста таварыскай. Дзякуючы прыхільнаму стаўленьню Масарыка да беларусаў праз колькі гадоў пасьля майго візыту ў яго — ужо пасьля заняпаду нашае незалежніцкае акцыі ў шырокім абсягу — чэхаславацкі ўрад даў палітычны прытулак былым сябрам беларускага ўраду3, а таксама прызначыў каля 150 стыпэндыяў для выпускнікоў беларускіх гімназіяў у Польшчы, бо для іх дзьверы польскіх вышэйшых школаў былі зачыненыя з тае прычыны, што гімназіі ў той час ня мелі публічных правоў. У сталіцы Чэхаславаччыны дасёньня знаходзяцца беларускія дзеячы, якія ані ў Саветах, ані ў Польшчы не маглі б жыць. |
2Прадстаўніком БНР у Празе быў Мікалай Вяршынін. Ён лічыўся ўпаўнаважаным БНР у справах ваеннапалонных беларусаў у Чэхаславаччыне. 3 Прэзыдыюм Рады і Ўрад БНР пераехалі ў Прагу з Коўна ў 1923 г. |
Гістарычная даведка Пасьля 19 лютага 1919 году Старшыня Рады Міністраў БНР Антон Луцкевіч апынуўся ў даволі складанай сытуацыі. У Парыжы ўжо распачала працу мірная канфэрэнцыя, а беларуская дэлегацыя — перш за ўсё дзеля фінансавых цяжкасьцяў — не магла выехаць у сталіцу Францыі. А ехаць на канфэрэнцыю было звышнеабходна, бо толькі праз Парыж пралягаў шлях да прызнаньня Беларускае Народнае Рэспублікі дэ-юрэ. Паколькі вестак ад пасланых на Ўкраіну беларускіх дэлегатаў не было, абяцаная дапамога ад украінцаў не прыйшла і ехаць у Парыж не выпадала, А.Луцкевіч вырашыў вярнуцца з Горадні, дзе знаходзіўся Ўрад БНР, у Вільню, тым больш што падвіленскія сяляне, якія прывезьлі на сваіх падводах рээмігрантаў, адшукалі яго і паведамілі, што брат Іван чуецца блага. Зьвесткі пра гэта мы знойдзем і ў дзёньніку А.Луцкевіча, і ў ягоных уласнаручных паказаньнях, дадзеных 30 кастрычніка 1939 году ў папярэднім зьняволеньні. Праз пару тыдняў у Вільню з Горадні прыехалі кур’еры Міністэрства замежных спраў Аўгіньня Алексючанка і Ўладзіслаў Курбскі ды паведамілі, што ў Горадню тэлефанаваў з Коўна Аляксандар Цьвікевіч і наказаў, каб А.Луцкевіч зараз жа вяртаўся. У Коўна Цьвікевіч трапіў з Украіны праз Бэрлін. З Украіны ў Бэрлін прыехалі і два іншыя сябры Ўраду БНР — Аркадзь Смоліч ды Васіль Захарка. Пасьля гэтае весткі А.Луцкевіч мусіў разьвітацца (як высьветлілася потым, назаўсёды) з сваім братам ды ехаць у Горадню, а адтуль — дачакаўшыся Цьвікевіча — у сталіцу Нямеччыны. Пра фінансавыя цяжкасьці, якія стварылі беларускаму Ўраду ўрады савецкі й нямецкі, апавядаецца, зноў жа, у Луцкевічавым дзёньніку. Вымушаны два месяцы (з канца сакавіка да канца траўня) сядзець у Бэрліне, Луцкевіч пераканаўся, што ніякае “палітыкі” зь нямецкім сацыялістычным урадам зрабіць немагчыма. Не “дастукаўся” ён да гэтага ўраду і празь вядомых нямецкіх дзеячоў — нават праз Карла Каўцкага. Затое нямала друкаваўся, разам з Вальтарам Егерам рыхтаваў да выданьня кніжку “Weissruthenien. Land, Bewohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung”. У сваіх уласнаручных паказаньнях А. Луцкевіч паведамляе, што з Бэрліна езьдзіў у Прагу — да Томаша Гарыга Масарыка — і што Прэзыдэнт Чэхаславаччыны “вельмі спагадліва паставіўся да беларусаў”. Лідэр чэхаславацкае дзяржавы, пісаў Луцкевіч, даў даручэньне міністру замежных справаў Эдварду Бэнэшу наколькі магчыма дапамагаць у Парыжы дэлегацыі БНР. Тады ж адбылося фактычнае прызнаньне Прэзыдэнтам Чэхаславацкай Рэспублікі Беларускае Народнае Рэспублікі. Было дамоўлена, што прадстаўнік чэхаславацкага ўраду прыедзе ў сталіцу Беларусі пры павароце туды Беларускага Ўраду. Пра гэта А. Луцкевіч пісаў Старшыні Рады БНР Язэпу Лёсіку (гл.: Архівы БНР (т.І, кн.1, с.462—466 ); газ. “Беларусь” за 2 лістап. 1919 г.). Ня выключана, што чэхаславацкі прадстаўнік зьявіўся б у Менску, калі б Урад БНР кантраляваў тэрыторыю й сытуацыю хоць бы ў частцы краіны. Такім чынам, зьвесткі, якія ўтрымліваюцца ўва ўспамінах А.Луцкевіча, пацьвярджаюцца й іншымі крыніцамі. Калі захаваліся ў парадку дакумэнты Праскага Граду, можна было б высьветліць, якога чысла адбылася гутарка А.Луцкевіча і Т.Г.Масарыка. На жаль, у сваіх успамінах А. Луцкевіч не паказаў, як была дасягнутая дамова з чэхаславацкімі ўладамі пра навучаньне беларусаў у вышэйшых школах Чэхіі. Успаміны А.Луцкевіча былі надрукаваныя ў тыднёвіку “Przegląd Wileński” (1937, №7) пасьля таго, як прыйшла вестка аб сьмерці Т.Г.Масарыка. Іх публікацыя ў “ARCHE” сталася магчымаю дзякуючы дапамозе сп. Сяргея Дубаўца. Пераклад з польскае і даведка Анатоля Сідарэвіча
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (27) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Маkса Плакса |