| |
Маім беларускім сябрам
Нядаўна мы з прыяцелямі сядзелі за сталом і гаманілі пра жыцьцё. Нехта ўзьняў пытаньне, ці было да 1989 году (то бок за камунізмам) нешта лепш, чым цяпер. Хоць нешта. Хоць у нейкай галіне нашага жыцьця. Мы раздумвалі — і ні да чога не дадумаліся.
1989 год, то бок вяртаньне да дэмакратыі, зьмяніў усё нашае існаваньне. Не да лепшага — да чагось зусім іншага, і слова “лепшае” — слабы выраз той дзівоснай розьніцы ў нашых жыцьцях. Найбольш зьмена відаць на нашых дзецях, якія з задавальненьнем атрымліваюць навуку ў той галіне, у якой хочуць (тым часам як іхныя бацькі заканчвалі інстытуты, у якія здолелі трапіць і якія іх ня дужа займалі), падарожнічаюць па ўсім сьвеце (тым часам як у нас не было пашпартоў), цалкам свабодна валодаюць некалькімі сусьветнымі мовамі (у адрозьненьне ад маёй кепскай расейскай) і без праблемаў даюць сабе рады з Інтэрнэтам (які мяне нязьменна ставіць у тупік, бо я зь ім працаваць ня ўмею). Мы, старэйшае пакаленьне, цяжкую спадчыну камунізму часткова яшчэ нясём з сабою. Аднак прычына, відаць, ня гэтак у няведаньні моваў або невалоданьні кампутарнымі праграмамі.
Галоўная праблема палягае на досьведзе жыцьця ў камунізьме, то бок на тым, што навыкі такога жыцьця мы перанесьлі ў цяперашні час. На тым, што мы ўмелі пралайдачыць працоўны дзень, на тым, што мы нястомна гралі камэдыю, што мы не рабілі сваёй працы зь любасьцю й поўнай самааддачай. Што мы без згрызотаў сумленьня маглі скрасьці з працы нейкую драбязу. Таксама на тым, што мы прывыклі да адсутнасьці беспрацоўя, і для нас праблематычна зь ім зьмірыцца. А між тым асабістае дачыненьне да беспрацоўя вырашаецца менавіта праз уласную дзейнасьць, дзеля якой нашыя дзеці выхоўваюцца, праз адукацыю й самаадукацыю, гатовасьць да самастойнага вырашэньня праблемаў, праз асабістую самааддачу. Паўсюль у сьвеце дзейнічае правіла, што хто сапраўды хоча працаваць, працу заўсёды знойдзе.
Сёньня мы напоўніцу робім сваю працу і напоўніцу цешымся з адпачынку пасьля яе. Няма праблемы выжыць, мэтай ёсьць добра жыць. Быць пасьпяховым у працы і ў асабістым жыцьці. Быць задаволеным і прыносіць карысьць. І дэмакратыя нам да гэтага шырока расчыняе дзьверы.
Прыватызацыя і прыватнае прадпрымальніцтва спрасьцілі нашае жыцьцё, бо ўсе паслугі й тавары зрабіліся ня толькі даступныя, але дзякуючы канкурэнцыі таньнейшыя і разнастайнейшыя. Што казаць, нашай эканамічнаю мэтай ёсьць узровень краінаў Эўразьвязу, нашай абарончаю мэтай ёсьць бясьпека ўва ўмовах NATO. І да абедзьвюх мэтаў мы ўпэўнена крочым.
Я досыць часта ежджу ў Беларусь. За апошнія тры гады я тут быў мо разоў восем-дзесяць. Досыць часта мае беларускія сябры і знаёмыя наведваюць Чэхію. Беларуская й чэская мовы вельмі падобныя, паміж нашымі нацыямі існуе доўгая гістарычна-культурная ўзаемнасьць, дый нашыя лёсы ў ХХ стагодзьдзі былі трохі падобныя. Зрэшты, лёс Беларусі быў значна трагічнейшы.
Мо й таму, калі я цяпер прыяжджаю ў Менск, Віцебск, Гомель ці іншае месца, у мяне адчуваньне, што ўвесь час я бачу пэўную розьніцу. Я зьвяртаю на яе ўвагу сваіх беларускіх сяброў, што прыяжджаюць да мяне ў Чэхію.
Цяжкасьці прамінуць. Я зычу сваім беларускім сябрам дасягнуць такога жыцьцёвага, эканамічнага і абарончага ўзроўню, які дасьць ім магчымасьць жыць паўнакроўным і заможным жыцьцём. Дэмакратыя ў тым, каб гэтыя мэты сталіся справай кожнага грамадзяніна.
Томаш Ірса, мэр Глубокай-над-Вэлтавай
|
|