A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (27) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
НАТАЛЛЯ ПРЫСТУПА | |||||
|
Наталля Прыступа |
— асьпірантка катадры гісторыі паўднёвых і заходніх славян БДУ, займаецца дасьледаваньнем найноўшай гісторыі Чэхаславаччыны і, у прыватнасьці, дзейнасьці Чэхаславацкай нацыянальна-сацыялістычнай партыі ў 30—40 гадах ХХ стагодзьдзя. У “ARCHE” друкуецца ўпершыню. |
Табліца 1. Параўнанне стаўлення да камуністычнага і дэмакратычнага рэжымаў, %
Табліца 2. Параўнанне стаўлення да палітычных рэжымаў да і пасля лістападу 1989 году сярод прыхільнікаў вядучых палітычных партый (на 14 траўня 2002), %
Табліца 3. Задаволенасць людзей палітычным становішчам, %
|
Як бачым, грамадзяне неаднолькава ставіліся і ставяцца да працэсаў, якія адбываюцца ў краіне. Перш за ўсё, дадатнае стаўленне чэхаў да палітычнае сітуацыі ў краіне да сярэдзіны 1990-х гадоў тлумачылася поспехамі ўраду Вацлава Клаўса: у Чэхіі былі самыя нізкія ўзроўні інфляцыі і беспрацоўя сярод посткамуністычных дзяржаў. Тады нават загаварылі пра чэшскія “рэформы з чалавечым тварам” і што Чэхія значна бліжэй за іншых падышла да заходнееўрапейскіх сацыяльных стандартаў. З другой паловы 1996 году ў краіне пачалі нарастаць крызісныя з’явы ў эканоміцы, што, перш за ўсё, выявілася ў падзенні ўзроўню жыцця, росце беспрацоўя і інфляцыі. Да эканамічных цяжкасцяў дадалася разбуральная паводка. І толькі недзе з сярэдзіны 1999 году, г.зн. з моманту першых пазітыўных зменаў у эканоміцы краіны, можна адзначыць рост задаволенасці людзей палітычным развіццём. Аднак гэтыя паказчыкі так і не перавысілі дакрызісных. Яўна адрозніваюцца погляды прыхільнікаў правай (Грамадзянскай дэмакратычнай партыі, ГДП) і крайне левай (Камуністычнай партыі Чэхіі і Маравіі, КПЧМ) партый. Тлумачыцца гэта, па-першае, розным электаратам, па-другое, рознымі прыярытэтамі. Калі ў аснове праграмы ГДП ляжаць прымітыўна растлумачаныя палажэнні неалібералізму 1980-х гадоў (за ўзор для пераймання В.Клаўс лічыць М.Тэтчэр), то КПЧМ па-ранейшаму застаецца традыцыйнай і нерэфармаванай камуністычнай партыяй, якая дэкларуе прыняцце парламенцкай сістэмы, але выступае і за вяртанне некаторых аспектаў далістападаўскага (да лістапада 1989 году) рэжыму. Камуністы змагаюцца перадусім за сацыяльную справядлівасць ва ўсіх сферах чалавечага жыцця, і таму асабліва негатыўную ацэнку атрымалі рэформы, што праводзіў урад В.Клаўса, а менавіта прыватызацыя. |
Табліца 4. Вынікі галасавання ў Палату Дэпутатаў у 2002 г.
Увогуле, каб ацаніць поспех любой палітычнай партыі на выбарах, неабходна ўлічваць тры крытэры: параўнанне вынікаў цяперашняга галасавання з папярэднім; параўнанне атрыманых вынікаў з чаканымі і параўнанне вынікаў розных палітычных партый. І калі ацэньваць парламенцкія выбары 2002 году ў Чэхіі з улікам гэтых крытэраў, то можна з упэўненасцю сцвярджаць, што яны былі паспяховымі для КПЧМ, а таксама для Чэшскай сацыял-дэмакратычнай партыі (ЧСДП). I наадварот, няўдачу пацярпелі ГДП, Кааліцыя (аб’яднанне чатырох правацэнтрысцкіх партыяў) і асабліва Грамадзянскі дэмакратычны альянс (ГДА) (табл. 4). КПЧМ стала адзінай партыяй, якая ў параўнанні з папярэднімі выбарамі здолела павялічыць колькасць галасоў на 7,2%, гэта значыць больш чым на палову. Усе астатнія партыі ў параўнанні з папярэднімі выбарамі страцілі галасы сваіх выбарцаў. Поспех камуністаў нельга растлумачыць толькі тым, што ў выбарах узяў удзел невялікі працэнт насельніцтва (58% чэхаў). Так ці інакш, але колькасць прыхільнікаў КПЧМ вырасла: у 1998 г. — 659 тыс., у 2002 г. — 883 тыс. Гэта, аднак, не варта трактаваць як абсалютны паварот грамадска-палітычнага настрою ўлева, а хутчэй як сведчанне таго, што паступова партыя прыстасоўваецца да новых рэаліяў. І гэта пры тым, што пасля прыходу Міраслава Грэбэнічка на пост старшыні партыі на пачатку 1990-х КПЧМ набыла імідж “закасцянелай” партыі. КПЧМ, у адрозненне ад камуністычных партый іншых краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, не прайшла этапу трансфармацыі ад былой камуністычнай дзяржаўнай партыі да партыі сацыялістычнай ці сацыял-дэмакратычнай. Падобная сітуацыя яшчэ склалася толькі ў Расіі, Украіне і часткова (КПБ) у Беларусі. |
Увогуле, на апошнія выбары камуністы ішлі пад дэвізам “З людзьмі і для людзей” (у 1998 годзе — пад дэвізам “Iншыя для людзей, а мы — з людзьмі”.) Сярод іх патрабаванняў можна вылучыць такія, як клопат пра будучыню чэшскай вёскі і сельскай гаспадаркі, права на годную працу і жыццё, на адукацыю, дазвол моладзі свабоды выбару і перспектывы і г.д. На вынікі галасавання, як адзначаюць аналітыкі, галоўным чынам, паўплывала палітыка, якую праводзіла ЧСДП. Сацыялагічнае апытанне, зладжанае напярэдадні выбараў, пацвердзіла пераход галасоў ад ЧСДП да КПЧМ. Тлумачыцца гэта блізкасцю ідэалогій, перадвыбарных праграмаў і электарату. КПЧМ вядзе барацьбу з ЧСДП за галасы выбарцаў пераважна сярод сацыяльна слабых, леваарыентаваных слаёў насельніцтва. Калі прыняць пад увагу характар, гісторыю і праграму, то ў камуністаў практычна няма шанцаў сярод гэтак званага сярэдняга класу. I тут мы падыходзім да непасрэдных прычынаў поспеху камуністаў. Рэч у тым, што на выбарах 1998 году ЧСДП выступала як апазіцыйная партыя, якая, найперш дзякуючы свайму старшыні Мілашу Зэману, здолела ўзмацніць сваю праграму надзвычай радыкальнымі патрабаваннямі. Гэта садзейнічала таму, што партыя здолела прыцягнуць на свой бок незадаволеныя леваарыентаваныя слаі насельніцтва і тым самым стварыць перашкоды для росту ўплыву камуністаў. Праз чатыры гады сацыял-дэмакраты, ужо як партыя ўлады і як партыя, якая супрацоўнічала з правымі партыямі, страцілі гэтую частку выбарцаў. Гэта, у сваю чаргу, прымусіла ЧСДП весці барацьбу за сярэдні клас з партыямі Кааліцыі і ў значнай ступені з ГДП, а з КПЧМ — за радыкальна настроеныя слаі, незадоволеныя сучаснай сітуацыяй. Апошняя катэгорыя выбарцаў у асноўным і аддала свае галасы КПЧМ. Асабліва моцныя пазіцыі камуністаў былі ў раёнах з высокім узроўнем беспрацоўя (Усцецкі край, Зноемшчына), дзе не ўдалася рэструктурызацыя, а значыць, становішча малаабароненых катэгорый насельніцтва (нізкакваліфікаваных рабочых, людзей перадпенсійнага веку, аграрыяў і г.д.) пагоршылася. Гэтыя слаі грамадства не цікавяцца гісторыяй камуністычнай партыі. Яны бачаць у ёй перш за ўсё левую апазіцыйную партыю, здольную правесці сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя рэформы. На сустрэчы са сваімі выбарцамі ў Астраве старшыня КПЧМ М.Грэбэнічак заявіў: “Як можа ЧСДП называць сябе левай партыяй, калі падчас знаходжання яе пры ўладзе колькасць беспрацоўных павялічылася больш чым на 200 тыс. чалавек? Яна праявіла сябе ў гэтым нават горш за ГДП”. |
Нароўні з камуністамі поспеху дасягнулі і сацыял-дэмакраты, якія, страціўшы толькі 2,1% галасоў, перамаглі на выбарах. ЧСДП ад астатніх партый аддзяляюць 5,7% галасоў — найлепшы для кіраўнічай партыі паказчык ад 1992 году (у 1996 годзе гэтая розніца паміж ГДП і ЧСДП складала 3,2%, у 1998 годзе паміж ЧСДП і ГДП — 4,6%). Існуе шмат прычын чарговай перамогі сацыял-дэмакратаў. Поспеху ЧСДП садзейнічала і спрыяльная эканамічная сітуацыя без значных сацыяльных катаклізмаў, і палітычная стабільнасць, сімвалам якой частка выбарцаў лічыла ЧСДП. Напярэдадні выбараў партыя дыстанцыявалася ад пагадненняў з правай апазіцыяй і паўстала перад сваімі выбарцамі як партыя, свабодная ад якіхсьці папярэдніх дамоўленасцяў з ГДП. Рэч у тым, што гэтая ўгода была ўкладзеная паміж ГДП і ЧСДП на тых умовах, што ГДП як вядучая апазіцыйная партыя згаджалася на стварэнне сацыял-дэмакратамі ўраду меншасці ў абмен на ключавыя пасады ў парламенце. Дарма што ўгода з апазіцыяй уратавала краіну ад сур’ёзных палітычных катаклізмаў, у краіне расла незадаволенасць яе падпісаннем: усё часцей і часцей гэтыя дзве партыі вырашалі ўсе найважнейшыя праблемы ў кулуарах. “Ачышчэнню” партыі садзейнічала і змена яе кіраўніцтва, што, у сваю чаргу, значна паўплывала на вынікі галасавання. Цікава, што, з пункту гледжання выбарцаў, новы старшыня партыі Ўладзімір Шпідла ў параўнанні з Мілашам Зэманам увасабляе палітычны цэнтрызм, да таго ж, яго погляды меней ліберальныя і болей адпавядаюць леваму крылу еўрапейскай сацыял-дэмакратыі. Тым не менш, поспех партыі не можа быць звязаны толькі з асобай яе старшыні. У партыі прадстаўлены шырокі спектр розных палітычных дзеячоў: агульна папулярныя Станіслаў Грос і Пэтра Бузкава, “спецыялісты-тэхнакраты” тыпу Яраслава Тврдзіка ці Іржы Руснака, “эколаг” Мілаш Кужварт ці “інтэлектуалы” кшталту Паўла Достала, а яшчэ “прафсаюзныя дзеячы”, такія, як Здэнек Шкромах (табл. 5). Кожны выбарца можа атаясамліваць сябе з якой-небудзь асобай ЧСДП, прадстаўленай гэтымі тыпамі палітыкаў. Прычым, як адзначалі аналітыкі, У.Шпідла ацэньваецца як “працавіты службовец, прафесіянал”, аднолькава папулярны як сярод сярэдніх слаёў насельніцтва, так і сярод памяркоўных правых. У сваю чаргу, Я.Тврдзік ацэньваецца як “чалавек цвёрдай рукі”, здольны весці складаныя перамовы, што так неабходна сілавым структурам. А П.Бузкава — “прывабная жанчына”, здольная ісці на кампрамісы і ніколі не дзейнічаць напралом. У сваю чаргу, уся перадвыбарная кампанія ГДП, наадварот, круцілася вакол асобы В.Клаўса, і склалася такое ўражанне, што ў партыі больш нікога няма. З другога боку, такая стракатасць партыйнага складу ЧСДП можа негатыўна паўплываць на далейшы лёс самой партыі (з пункту погляду яе адзінства). |
Табліца 5. Самыя папулярныя палітыкі Чэхіі на 15 траўня 2002 (вельмі зычлівае / зычлівае стаўленне, %
Iстотным фактарам поспеху сацыял-дэмакратаў была агульная асцярожнасць і памяркоўнасць у дзеяннях. Так, напрыклад, пры абмеркаванні праблем, звязаных з Чэшскім тэлебачаннем, дэкрэтамі Бэнэша аб дэпартацыі немцаў, абаронай інтарэсаў Чэхіі на перамовах аб уступленні ў ЕС, сацыял-дэмакраты падчас тэледыскусій выглядалі вельмі разважліва і мэтанакіравана праводзілі свае інтарэсы. Гэтая камбінацыя дакладна акрэсленых палітычных уяўленняў і пэўнай асцярожнасці пры іх ажыццяўленні і з’явілася складнікам поспеху ЧСДП. Аналітыкі адзначалі, што перадвыбарная кампанія ЧСДП, якая праходзіла пад лозунгам “Мы на вашым баку”, не была агрэсіўнай, а наадварот, была “прыязнай, шчырай і ветлай”. Сярод пунктаў выбарчай праграмы можна адзначыць такія, як бясплатная медыцына і адукацыя, асобная кватэра для кожнай сям’і, добрая праца, росквіт малога бізнесу. Поспеху таксама садзейнічалі і слабыя пазіцыі супернікаў ЧСДП. |
Ні для кога не сакрэт, што галоўнымі супернікамі ЧСДП у барацьбе за галасы выбарцаў былі Кааліцыя і ГДП. Увогуле Кааліцыю і, у прыватнасці, хрысціянскіх дэмакратаў (ХДС) ды Народную партыю (ЧНП) можна ахарактарызаваць як партыі цэнтру. Хадэкі заўсёды рабілі стаўку на тое, што іх партыя з’яўляецца альтэрнатывай грамадзянскім дэмакратам і сацыял-дэмакратам. І дарма што выбары для ўсіх партый Кааліцыі ў цэлым скончыліся паразай (1998 г. — 1137 тыс. галасоў, 2002 г. — 681 тыс.), ХДС–ЧНП здолела захаваць свае пазіцыі. Дасведчаныя “лідаўцы” (ЧНП) разумелі, што Кааліцыя асуджаная на няўдачу, але яны добра разумелі і тое, што поўнае знішчэнне Кааліцыі непасрэдна перад выбарамі не прынясе карысці. Таму яны пазбавіліся ад ГДА і дамовіліся аб стварэнні ўласных парламенцкіх фракцыяў пасля выбараў. Пасля лістапада 1989 году ХДС–ЧНП ні разу не ўдавалася самастойна пераадолець 10-працэнтную мяжу. Таму вынікі выбараў 2002 году менавіта для ХДУ–ЧНП можна расцэньваць як своеасаблівы поспех. Кааліцыя ішла на выбары пад лозунгам “Давядзем усё да ладу” і патрабавала зніжэння падаткаў, павышэння ўзроўню жыцця, выступала за прававую дзяржаву і барацьбу з карупцыяй, за здаровую сям’ю як аснову здаровага грамадства, за еўрапейскую будучыню і за прамыя выбары прэзідэнта краіны. Параза Кааліцыі была пройгрышам выключна блоку Унія свабоды (УС)/Дэмакратычная унія (ДУ), які апынуўся на мяжы знікнення. Яго стаўка на супрацоўніцтва з “лідаўцамі” і нежаданне супрацоўнічаць з ГДП уцягнула яго ў дзейнасць левага ўраду, што можа прывесці да страты свайго ідэйна-палітычнага профілю і знікнення з палітычнай сцэны. Яшчэ адной няўдачніцай выбараў была ГДП (24,5%). Былы старшыня партыі В.Клаўс здолеў не толькі пераканаць значную частку грамадства ў правільнасці прапаноўваных ГДП рэцэптаў эканамічнага адраджэння і развіцця, але і стварыць партыйны механізм, які забяспечвае партыі стабільную падтрымку 25—30% палітычна актыўных грамадзянаў. Тым больш што яны практычна не маюць канкурэнцыі ў правай частцы палітычнага спектру (гэта таксама заслуга ГДП). Аднак 25% галасоў у 2002 годзе — гэта крытычны паказчык. Пяць гадоў таму такія вынікі галасавання для ГДП можна было б разглядаць як поспех. На мяжы 1997—1998 гадоў чэшская эканоміка перажыла сур’ёзны крызіс, віноўніцай якога многія лічылі ГДП, ад якой тады адкалолася Унія свабоды. Таму тады грамадзянскія дэмакраты думалі хутчэй не аб перамозе на выбарах, а аб захаванні пазіцый самай моцнай правай партыі і аб тым, каб перамога ЧСДП не была занадта яўнай. На гэтыя ж выбары яны ішлі ўжо з іншай пазіцыяй (“Насустрач новаму лёсу”). Партыя выступала за хутчэйшае ўступленне ў ЕС, за зніжэнне падаткаў, за прафесіяналізацыю войска, супраць проціпастаўлення чалавека і прыроды ды разумення абароны нацыянальных інтарэсаў як праявы нацыяналізму і г.д. Таму вынікі (1167 тыс. галасоў у параўнанні з 1656 тыс. галасоў у 1998 г.) можна расцэньваць як паразу, прычыны якой — благое завяршэнне перадвыбарнай кампаніі, празмерная арыентацыя на асобу В. Клаўса, паварот чэшскага грамадства ўлева, непрыязнасць да ГДП значнай часткі СМІ. Негатыўную ролю адыграў і той факт, што ГДП не здолела своечасова дыстанцыявацца ад угоды з сацыял-дэмакратамі. Узнікла падазрэнне, што ГДП выступае за далейшае супрацоўніцтва з ЧСДП, і ў правым палітычным спектры ГДП засталася без партнёраў. Больш за тое, ГДП сцвярджала, што лепш адкрытае супрацоўніцтва з ЧСДП, чым з партыямі Кааліцыі. Падчас перадвыбарнай кампаніі правыя партыі супернічалі ў асноўным паміж сабой і не сталі сапраўднымі супернікамі ЧСДП. |
Слабасць правых партый паўплывала на нізкі ўзровень яўкі выбарцаў (1996 г. — 76,4%, 1998 г. — 74%, 2002 г. — 58%). Аднак, зыходзячы з вынікаў галасавання, нельга адназначна гаварыць аб павароце чэшскага грамадства ўлева. Правыя партыі сапраўды страцілі ў параўнанні з папярэднімі выбарамі 945 тыс. галасоў. Але, з другога боку, страцілі галасы і левыя партыі — 264 тыс., бо калі камуністы набылі 224 тыс. галасоў, то ЧСДП адначасова страціла 488 тыс. Гэта значыць, што левыя партыі ў цэлым здолелі ўтрымаць сваіх выбарцаў у сферы свайго ўплыву, а правыя партыі іх страцілі. Партыйна-палітычная сістэма Чэхіі адрозніваецца адноснай стабільнасцю сваіх суб’ектаў у спалучэнні з працэсуальнай нестабільнасцю. Так, у Палату Дэпутатаў з 1992 году не трапіла ніводная новая парламенцкая партыя (за выключэннем УС, якая адкалолася ад ГДП). Партыйна-палітычны рэжым, тым не менш, застаецца працэсуальна (г.зн. у галіне ўзаемадзеяння) нестабільным: пастаянна змяняюцца кааліцыйныя перавагі асобных партый. Змены такога характару прыводзяць да таго, што выбарцы, нават зыходзячы з вынікаў галасавання, не маюць аніякай упэўненасці ў тым, які будзе склад і ідэйна-палітычны профіль будучага ўраду. У гэтым таксама можна ўбачыць прычыну нежадання выбарцаў ісці на выбары. Як адзначаў былы дарадца В.Гаўла Іржы Пэге, “палітыка ў Чэхіі стала бессэнсоўным рытуалам, наборам палітычных камбінацый… Ніхто з ветэранаў чэшскай палітыкі за апошнія 10 гадоў не змог выпрацаваць новыя ідэі і канцэпцыі. Палітыка апусцілася да ўзроўню бесперапыннай барацьбы за ўладу і асабістых нападак. Рэспубліка пакутуе ад абсалютнай неэфектыўнасці палітычнай эліты”. Пацверджаннем гэтым словам могуць служыць сёлетнія выбары прэзідэнта рэспублікі. Асаблівасцю выбараў прэзідэнта ў Чэхіі з’яўляецца іх непрамы характар, г.зн. яго выбірае парламент. Кандыдатуры на пасаду прэзідэнта падаюцца не пазней як за 48 гадзін да дня галасавання: гэта пісьмовае паведамленне, падпісанае 10 дэпутатамі ці сенатарамі. Колькасць кандыдатураў у першым туры не абмежаваная. Выбраным у першым туры лічыцца кандыдат, які набраў больш за палову галасоў у кожнай з палат парламенту. У сувязі з гэтым галасы падлічваюцца ў кожнай палаце асобна. Для таго каб стаць прэзідэнтам, неабходна набраць не меней за 101 голас у Палаце дэпутатаў і 41 голас у Сенаце. Калі кандыдат не набраў неабходных 142 галасоў, праводзіцца другі тур. У яго выходзіць кандыдат, які набраў найбольшую колькасць галасоў у Палаце Дэпутатаў, і кандыдат, які набраў найбольшую колькасць галасоў у Сенаце. Тут можа ўзнікнуць некалькі варыянтаў. Першы — у дзвюх палатах найбольшую колькасць галасоў атрымаў адзін кандыдат, але ён не набраў неабходнай паловы галасоў членаў парламенту. У такім выпадку ў наступны тур выходзіць адзін кандыдат. Другі варыянт — у кожнай палаце найбольшую колькасць галасоў набралі розныя кандыдаты, таму ў наступны тур выходзяць два кандыдаты. Трэці варыянт — калі хаця б у адной з палат парламенту найбольшую колькасць галасоў набралі адразу некалькі чалавек, тады ў другі тур выходзіць болей за два кандыдаты. Перамогу ў другім туры атрымае той кандыдат, за якога прагаласуе больш за палову прысутных дэпутатаў і сенатараў. Галасы ў кожнай палаце таксама падлічваюцца асобна. Калі прэзідэнт не выбраны і ў другім туры, праз 14 дзён праводзіцца трэці тур, у якім бяруць удзел усе кандыдаты другога туру. Для выбрання прэзідэнта ў трэцім туры неабходна набраць больш за палову галасоў прысутных сенатараў і дэпутатаў, прычым іх галасы ўжо падлічваюцца разам. |
На пасаду прэзідэнта Чэшскай Рэспублікі ў 2003 годзе прэтэндавалі спачатку 4 чалавекі — старшыня Сенату Пэтр Пітгарт (ХДС–ЧНП), экс-прэм’ер і экс-спікер Палаты Дэпутатаў Вацлаў Клаўс (ГДП), былы міністр юстыцыі Яраслаў Бураш (ЧСДП) і адвакат, у мінулым галоўны вайсковы пракурор Міраслаў Кржыжанэцкі (КПЧМ). Усім адразу было зразумела, што ўсе парламенцкія партыі будуць прасоўваць сваіх кандыдатаў, а гэта, у сваю чаргу, можа прывесці да правалу першага туру выбараў. Вядомы чэшскі журналіст і каментатар газеты “Права” Аляксандр Мітрафанаў напярэдадні галасавання адзначаў, што вынік будзе залежаць ад таго, якую пазіцыю зоймуць сацыял-дэмакраты: у шэрагах гэтай партыі сёння адсутнічае адзінства. Магчыма, што тыя, хто не хоча бачыць Я.Бураша на пасадзе прэзідэнта, будуць галасаваць за іншых кандыдатаў. Насамрэч так і адбылося. Так, за Я.Бураша прагаласавалі толькі 39 дэпутатаў і 7 сенатараў з ліку ўсіх сацыял-дэмакратаў, прадстаўленых у парламенце (81 чалавек). У сувязі з гэтым многія палітыкі выказваліся за правядзенне прамых выбараў прэзідэнта, але для гэтага неабходна змяніць канстытуцыю Чэхіі. А гэта немагчыма без палітычнай дамовы паміж урадавай кааліцыяй і апазіцыяй. Закон аб прамых выбарах прэзідэнта Чэхіі быў падрыхтаваны перад пачаткам летніх парламенцкіх выбараў партыямі, якія ўваходзілі ў Кааліцыю, але парламент гэтага законапраекту не падтрымаў. Сацыялагічныя апытанні пацвярджаюць, што, калі б праводзілася ўсенароднае галасаванне, перамогу, хутчэй за ўсё, атрымаў бы В.Клаўс (32,5%). Што тычыцца вынікаў самога галасавання, дык у першым туры колькасць галасоў размеркавалася наступным чынам: В.Клаўс — у Сенаце 31 і ў ніжняй палаце 92; П.Пітгарт — адпаведна 35 і 20; Я.Бураш — 7 і 39; М.Кржыжанэцкі — 2 і 44. У другі тур паводле вынікаў галасавання выйшлі В.Клаўс і П.Пітгарт. У другім туры В.Клаўс набраў 77 галасоў з 200 у ніжняй палаце і 32 з 81 у верхняй. П.Пітгарт — 46 і 43 адпаведна. Не ўдалося выбраць прэзідэнта Чэхіі і ў трэцім туры. В.Клаўс атрымаў 80 з 200 галасоў у ніжняй і 33 з 81 у верхняй палатах парламенту, усяго — 113 галасоў з 281. П.Пітгарт — 44 з 200 галасоў у ніжняй і 40 з 81 у верхняй палатах парламенту, усяго — 84 з 281. Былі прызначаныя паўторныя выбары. У гэтай сувязі чакаўся ўдзел былога старшыні ЧСДП і былога прэм’ер-міністра Мілаша Зэмана. Яго кандыдатуру маглі падтрымаць камуністы, частка сацыял-дэмакратаў, але атрымаць галасы грамадзянскіх дэмакратаў, лідаўцаў, уніяністаў, а таксама часткі сацыял-дэмакратаў яму выявілася вялікай цяжкасцю (другі тур адбыўся 24 студзеня і не прынёс аніякіх зменаў). Па сканчэнні першага туру другога этапу выбараў лідэр камуністаў М.Грэбэнічак адзначыў, што “неабходна весці перамовы. Усе палітычныя партыі павінны ўсвядоміць, што без дыялогу можна апынуцца ў патавай сітуацыі”. |
Так і адбылося. Парламентары не здолелі выбраць прэзідэнта краіны ні ў першым, ні ў другім туры, а 1 лютага скончыліся прэзідэнцкія паўнамоцтвы Вацлава Гаўла. Як адзначалася ў прэсе розных краін свету, нягледзячы на ўсе хібы, Вацлаў Гавал заставаўся самай яркай асобай на палітычнай сцэне Чэхіі. Хаця канстытуцыя краіны замацоўвае за яе кіраўніком не так і шмат паўнамоцтваў, Вацлаў Гавал не ператварыўся ў намінальную “прадстаўнічую” фігуру. Яго маральны аўтарытэт быў бясспрэчным. Меркаванне чэшскага лідэра заўсёды ўлічвалася пры вырашэнні важкіх пытанняў як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Як адзначаюць аналітыкі, грамадзяне даравалі свайму прэзідэнту і раптоўную жаніцьбу пасля смерці сваёй першай жонкі і непапулярнае сярод насельніцтва прабачэнне, якое ён прынёс судэцкім немцам, што былі выгнаныя з Чэхаславаччыны пасля другой сусветнай вайны ў рамках так званай нацыянальнай рэвалюцыі і ачышчэння краіны ад носьбітаў нацысцкай ідэалогіі. Даравалі і сумнеўныя амністыі ў адносінах да крымінальных злачынцаў. Пасля дзвюх няўдалых спробаў выбраць чэшскага прэзідэнта ў шырокіх слаях насельніцтва пачала расці колькасць прыхільнікаў змены канстытуцыі краіны і правядзення прамых выбараў: у лютым такіх людзей стала 88%, у той час як у верасні 1998 году гэты паказчык складаў 77%. Пры ўмове правядзення прамых выбараў адным з магчымых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта прапаноўваўся нават сусветна вядомы спявак Карэл Гот. Прыхільнікі гэтае кандыдатуры бачылі ў ім працяг закладзенай Гаўлам традыцыі — выбіраць прэзідэнта з прадстаўнікоў мастацтва. Так, яны адзначалі, што куды больш запамінальным было б навагодняе выступленне прэзідэнта па нацыяльным тэлебачанні, калі б ён яго праспяваў. Сам Гот лічыў гэтую ініцыятыву заўчаснай. Свайго кандыдата — вядомага чэшскага хакеіста Дамініка Гашака — прапанавалі і хакеісты з клубу “Прасцеёў”. Аднак галоўнай перашкодай ягонаму прэзідэнцтву з’яўляўся век: Гашаку 38, а стаць прэзідэнтам Чэхіі можна, толькі маючы 40 гадоў. Аналітыкі не адмаўляюць магчымасці поспеху як Карэла Гота, так і іншых прадстаўнікоў чэшскага шоў-бізнэсу. Так, вядомы чэшскі палітолаг Здэнек Зборжыл лічыць, што пры ўмовах добрай арганізацыі перадвыбарнай праграмы Карэл Гот мог бы атрымаць каля 10% галасоў. Так ці інакш, 28 лютага 2003 году прэзідэнтам краіны ў трэцім туры быў абраны Вацлаў Клаўс, які набраў 142 галасы, што ўсяго на адзін голас больш за неабходную для перамогі колькасць галасоў. За ягонага суперніка, навукоўца і былога дысідэнта Яна Сокала, мужа вядомае беларусісткі Францішкі Сокалавай і зяця філосафа Яна Патачкі, прагаласавалі 124 парламентары. Безумоўна, вялікую ролю ў перамозе Клаўса адыгралі камуністы, якія вырашылі галасаваць за яго, каб нарэшце выбраць прэзідэнта і не дапусціць “авалодання Градам стаўленікамі землеўласнікаў, шляхты і клерыкалаў” (М.Грэбэнічак). Стаўленне замежнай прэсы да абрання В.Клаўса на пасаду прэзідэнта Чэхіі было супярэчлівым. Так, “Le Monde” (Парыж) пісала, што абраннем Клаўса прэзідэнтам краіны ГДП адным махам забіла двух зайцоў: на чале дзяржавы апынуўся іх былы старшыня і ўвадначас аслабіліся пазіцыі кіраўнічай кааліцыі і асабіста прэм’ера У.Шпідлы. Бельгійская газета “La Libre Belgique” увогуле заявіла, што такія вынікі галасавання сведчаць аб заняпадзе ўсёй палітычнай сістэмы, якая трымалася на асобе В.Гаўла, а таксама аб тым, што Клаўс знайшоў прыхільнікаў як сярод “старой гвардыі” сацыял-дэмакратыі, так і сярод сталінскай камуністычнай партыі. “El Pais” (Мадрыд), згаджаючыся з “Financial Times” (Лондан) у тым, што кіраўнічая кааліцыя пацярпела сур’ёзную паразу, дадавала, што “Клаўс з’яўляецца ўвасабленнем усяго, чым В.Гавал грэбаваў”. Як адзначаюць іспанскія аналітыкі, Пражскі Град пакінуў вялікі дзяржаўны дзеяч-паэт, месца якога заняў бязлітасны і выбуховы меркантыліст. Над Влтавай скончыліся часы лірыкі. 7 сакавіка 2003 году Вацлаў Клаўс прыняў прысягу і засеў на Пражскім Градзе ажно да 2008 году. Калі кіраўнічая кааліцыя, у якой большасць у Палаце Дэпутатаў складае толькі адзін голас, разваліцца, то сацыял-дэмакратам не застанецца нічога іншага, як прапанаваць новы варыянт “гістарычнага кампрамісу”. Альтэрнатывай яму можа быць толькі роспуск парламенту і яго датэрміновыя выбары.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (27) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Маkса Плакса |