A R C H E П а ч а т а к № 4 (27) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42003
» да Зьместу «

 


ЧЭСКІ АЛЬБОМ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


палітыка

ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ
(81Kb) Вокладка ARCHE 4-2003. ЧЭСКІ АЛЬБОМ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Віталь Сіліцкі
 
 
Адкладзеная свабода
  Посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і Беларусі*



Мілошавіч і Лукашэнка — палітычныя апартуністы

На пачатку “антыбюракратычнай рэвалюцыі” Мілошавіча, у 1987 годзе, праз паноўную камуністычную наменклатуру пралёг глыбокі раскол. Адна яе частка трымалася старых цітаўскіх прынцыпаў федэралізму. Новая ж плынь была гатовая выкарыстаць сербскі нацыяналізм, каб прадухіліць распад дзяржавы і крах сістэмы. Ніводная з гэтых плыняў не мела свайго яўнага лідэра — гэта было важнай акалічнасцю. У тых умовах Мілошавіч актыўна ангажаваў абодва бакі, папераменна пазіцыянуючы сябе то як вернага цітаіста (менавіта ён калісьці назваў сербскі нацыяналізм “змяёю ў жываце” свайго народу), то як зацятага сербскага нацыяналіста, то як рэфарматара (у свой час за Мілошавічам, што меў вялікі досвед гаспадарчае працы і нават быў прадстаўніком найбуйнейшага югаслаўскага банку ў Нью-Йорку, замацавалася мянушка “балканскі Гарбачоў”), то як самага цвердалобага артадокса. (Як сведчаць некаторыя з удзельнікаў тагачаснага палітычнага працэсу ў Сербіі, Мілошавіч пачаў мэтанакіравана планаваць сваё ператварэнне ў сербскага нацыяналіста яшчэ ў сярэдзіне 1980-х, калі ён, хутчэй за ўсё пад уплывам сваёй жонкі Мір’яны Маркавіч, старанна вывучаў розныя шляхі і магчымасці прарыву да вышэйшай улады.) Урэшце, Мілошавіч стварыў моцную базу падтрымкі ў дзяржаўным апараце, што дазволіла яму хутка адцясніць ад улады сваіх былых палітычных настаўнікаў, перш за ўсё тагачаснага прэзідэнта Сербіі Івана Стамбаліча, зацятага цітаўца, які актыўна прасоўваў Мілошавіча ўверх па партыйнай іерархічнай лесвіцы. Дарэчы, за некалькі дзён да падзення Мілошавіча ў 2000 годзе Стамбаліч знік без следу.

За кароткі час Мілошавіч стварыў моцную ўласную групоўку ў партыйным і дзяржаўным апараце, медыях, паліцыі і войску, актыўна прасоўваючы на высокія пасады верных сабе людзей з ніжэйшых і вышэйшых эшалонаў наменклатуры. Такім чынам палітычны адзіночка, якога некаторыя спадзяваліся скарыстаць ва ўласных мэтах, неўзабаве стаў паўнаўладным гаспадаром дзяржавы. Пасля кансалідацыі ўлады Мілошавіч прадэманстраваў тую ж гнуткасць і здольнасць да палітычных пераўвасабленняў, што дапамагла яму пратрымацца ва ўладзе, нягледзячы на катастрофу, у якую вылілася ягонае панаванне. На сваіх першых выбарах, у 1990 годзе, ён паўставаў перад грамадствам, напужаным перспектывай вайны, памяркоўным рэфарматарам. На другіх выбарах, у 1992 годзе, калі вайна ў Босніі і санкцыі міжнароднае супольнасці выклікалі гіперінфляцыю, ён ужо быў ястрабам, які адцягваў увагу ад унутраных праблемаў пошукам вонкавых ворагаў. У 1995 годзе, калі вайна ў Босніі скончылася паразай сербаў, ён паўстаў міратворцам, які падпісаннем Дэйтанскіх пагадненняў дамогся заканчэння вайны.

(нар. у 1972 у Менску) — палітоляг. Дацэнт катэдры эканомікі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.
   

Як і Мілошавіч, але ў іншых палітычных варунках, Лукашэнка адрозніваўся выключным палітычным апартунізмам на мяжы з беспрынцыповасцю. Для пакалення, што ўзрасло падчас яго прэзідэнцтва, сёння будзе гучаць дзіўна, што Лукашэнка ўвайшоў у вялікую палітыку як дэмакрат, які змагаўся супраць партыйнай наменклатуры, падтрымліваў Шушкевіча на выбарах старшыні Вярхоўнага Савету БССР, выступаў на адных мітынгах з Пазняком, крытыкаваў урад за непрыняцце закону аб прыватнай уласнасці, выступаў за прыватызацыю, змагаўся супраць увядзення пасады прэзідэнта і нават уносіў бел-чырвона-белы сцяг (які сам пасля і скасаваў праз рэферэндум) у залу пасяджэнняў парламенту. Усё гэта было, аднак, да 1992 году. Пасля, калі стала зразумела, што падтрымка прынцыпаў дэмакратыі ў грамадстве падае, Лукашэнка спачатку далучыўся да ўрадавай большасці, а потым — да рэакцыйных камуністычных і прарасійскіх груповак накшталт Народнага руху Беларусі. Лукашэнка доўга гуляў у чужую гульню, пакуль не атрымаў магчымасці гуляць у сваю. Супрацьстаянне старой наменклатурнай эліты (вядомай як “партыя ўлады”) і нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыі, якую ўзначальваў БНФ, не дазволіла ажыццявіцца палітычнаму сцэнару, падобнаму да таго, што адбыўся ва Ўкраіне. На працягу некаторага часу з моманту здабыцця незалежнасці партыя ўлады і апазіцыя пачалі дамагацца ажыццяўлення дыяметральна супрацьлеглых палітычных праграмаў, адна з якіх была скіраваная на будаванне новага палітычнага саюзу былых савецкіх рэспублік, а іншая — на здабыццё поўнай незалежнасці на прыклад балтыйскіх дзяржаваў. Аднак ні БНФ, ні партыя ўлады не мелі палітычных магчымасцяў, каб ажыццявіць свае праекты цалкам і без дапамогі звонку. БНФ пераацаніў ступень грамадскай падтрымкі сваёй палітыкі, якая пайшла на спад разам з постсавецкай дэзінтэграцыяй эканомікі. Партыя ўлады, з свайго боку, пераацаніла сваю здольнасць кантраляваць палітычныя працэсы ва ўмовах адноснай адкрытасці палітычнай сістэмы.

Тым часам грамадская незадаволенасць эканамічным і палітычным становішчам вылілася ў непрыманне ўсёй палітычнай эліты — як уладнай, так і альтэрнатыўнай. У гэтых умовах тактыка Аляксандра Лукашэнкі, які выкарыстоўваў супрацьлеглыя бакі ў якасці “таранаў” для знішчэння апанентаў, і адкрыла яму шлях да ўлады. Нагадаем, што менавіта дэмакрат Станіслаў Шушкевіч, тагачасны старшыня парламенту, прапанаваў Лукашэнку на пасаду старшыні антыкарупцыйнай камісіі, а апазіцыя БНФ падтрымала гэтае прызначэнне. У той жа час партыя ўлады заахвочвала Лукашэнку скіраваць сваю атаку супраць Шушкевіча. Праз некалькі месяцаў пасля трыумфальнага выступу Лукашэнкі на сесіі Вярхоўнага Савету да ягонай прэзідэнцкай кампаніі далучыліся многія маладыя незалежныя дэпутаты, тады вядомыя як “маладыя ваўкі”, галоўнай мэтай якіх, відавочна, быў хуткі кар’ерны рост цераз галовы старой наменклатуры. Большасць “маладых ваўкоў” былі вычышчаны з дзяржструктураў праз некалькі месяцаў пасля перамогі на выбарах, а некаторых у будучым напаткаў трагічны лёс. Як ні дзіўна, ці абсурдна нават, але ўлада і нацыянальна-дэмакратычная апазіцыя ігнаравалі перадвыбарную кампанію Лукашэнкі аж да таго моманту, калі яе ўжо немагчыма было спыніць1. Фактычна і ўлада, і апазіцыя бачылі ў Лукашэнку свайго партнёра, спадзеючыся, што ён расколе, адпаведна, пратэставы і пракамуністычны электарат. Лукашэнка гэта і зрабіў, аднак так, што гэтыя электараты былі ім аб’яднаныя ў адзін, што зpабіла яго абсалютным пераможцам у выбарах. Цікава, што падчас барацьбы за ўладу і выкрышталізаваўся апартуністычны стыль, які надалей стаў характэрны для Лукашэнкі-прэзідэнта. Ужо тады ён быў здольны сумяшчаць несумяшчальнае, абяцаючы грамадству і “рынкавы сацыялізм”, і “інтэграцыю з поўнай незалежнасцю”, і “расійскі рубель з друкарным станком у Менску”. Наагул, супярэчлівы палітычны стыль і Мілошавіча, і Лукашэнкі сведчыць, што абодва лідэры імкнуліся перадусім да максімальнага пашырэння сваёй сацыяльнай базы па-за межамі ўласнага “цвёрдага электарату”. Гэта супярэчлівасць — тыповая тактыка палітычнага выжывання ў аўтарытарных умовах, дзе асноўнай крыніцай унутранай легітымнасці рэжыму з’яўляецца не ідэалогія, якой прымусова падпарадкоўваецца ўсё, а масавая свядомасць, на якую абапіраюцца лідэры. Гэтая тактыка абапіраецца на прынцып “Улада легітымная не тады, калі людзі вераць у тое, што яна кажа, а тады, калі яна кажа тое, у што вераць людзі”.


1 “Так здарылася, што крытыка ў барацьбе за галасы не выходзіла з кола Кебіч—Пазняк—Шушкевіч. Меркаванні гэтых кандыдатаў, а таксама іх моцныя і слабыя бакі былі добра вядомыя. Лукашэнка, у сваю чаргу, заставаўся па-за крытыкай. Пры гэтым ён не шкадаваў словаў супраць сваіх апанентаў” (Sergiej Owsiannik, Jelena Strielkowa. Władza a Społeczęсstwo: Białorus 1991—1998. Warszawa: Rzeczpospolita, 1998. S. 95). Магу дадаць некаторыя свае назіранні: за першае паўгоддзе 1994 году найбуйнейшая апазіцыйная газета “Свабода” надрукавала больш за трыццаць крытычных артыкулаў пра Кебіча і толькі адзін — пра Лукашэнку.






   

Сербскія дысідэнты ўзгадавалі аўтарытарны нацыяналізм

Наступная прычына палітычных перамог Мілошавіча і Лукашэнкі заключалася ў тым, што палітычныя і інтэлектуальныя эліты абедзвюх краінаў не здолелі супрацьстаяць іх тактыцы культурнага папулізму, якая патрабавала выпрацаваць адатруту палітыцы падзелаў і супрацьстаяння ў грамадствах. Выкарыстанне нацыяналістычнае рыторыкі сербскімі інтэлектуаламі-дысідэнтамі фактычна ўгнаіла глебу для ўзыходу Мілошавіча. А ён скарыстаў нацыяналістычную хвалю, каб перавесці крызіс легітымнасці ўлады з рэспубліканскага ўзроўню на федэральны, апраўдаць выключэнне апазіцыйна настроеных нацыянальных меншасцяў з палітычнага працэсу і ўзаконіць разгром апазіцыі як “ворагаў сербскай справы”. Расчараванне ў камуністычнай сістэме і крыўда на працяглую палітыку здушэння нацыянальных рухаў у Югаславіі 1970-х прывялі да таго, што апазіцыйна настроеныя сербскія інтэлектуалы пачалі зводзіць спароджаныя камунізмам праблемы да адной — варожасці да сербаў з боку ўсіх іхніх суседзяў, з чаго вынікала патрэба бараніць “свабоду і права сербскага этнасу на захаванне духоўнай, культурнай і гістарычнай ідэнтычнасці без уліку цяперашніх рэспубліканскіх межаў у Югаславіі”2. Выходзіла, што шлях да дэмакратыі ляжаў праз вырашэнне сербскага пытання (нават за кошт іншых нацыяў), а не наадварот. Такая тактыка барацьбы з камуністычнай ідэалогіяй фактычна запраграмавала змену адной дыктатуры іншай, бо ў ёй не было месца дэмакратычнаму нацыяналізму, які б базаваўся на ідэі грамадзянства і роўных правоў для ўсіх членаў супольнасці. Ідэалогія аўтарытарнага нацыяналізму, выпрацаваная сербскімі інтэлектуаламі, не толькі справакавала канфрантацыю паміж сербамі і нацыянальнымі меншасцямі, але і ў пэўнай ступені справакавала выбух нацыяналізму ў іншых югаслаўскіх нацыянальных супольнасцях, што прывяло да ўзмацнення аўтарытарных тэндэнцыяў і сацыяльнай гамагенізацыі ў кожнай з іх. Цікава, што ідэю “вялікай Сербіі” першымі “ўзнялі на штандары” не паплечнікі Мілошавіча, а тыя, хто правёў наступнае дзесяцігоддзе ў апазіцыі да яго, напрыклад пісьменнік і прэзідэнт “малой” Югаславіі ў 1992—93 гадах Добрыца Чосіч, а таксама адзін з лідэраў сербскай апазіцыі на працягу 1990-х, таксама пісьменнік Вук Драшкавіч. Аднак сумесь нацыянальнага калектывізму і этатызму ў выпрацаванай імі ідэалогіі расчысціла дарогу да ўлады не ім, а Мілошавічу.





































2 Ліст Добрыцы Чосіча да сербскай інтэлігенцыі, цытуецца паводле: Dusan Janjic. Serbia between identity crisis and the challenge of modernization (1987—1994) // Serbia Between Past and Future / Ed. Dusan Janjic. Belgrade: Institute for Social Sciences and Forum for Ethnic Relations, 1997.
   

БНФ у пагоні за немагчымым

Палітызаванасць “нацыянальна-дэмакратычнага” дыскурсу ў Беларусі прывяла да таго, што ён не змог вытрымаць рэстаўратарскай контратакі; з яго не нарадзілася новай нацыянальнай ідэалогіі, якая знайшла б шырокую грамадскую падтрымку. Гэтаму нямала паспрыяла тое, што БНФ, асноўны носьбіт нацыянальнай ідэалогіі, хутка ператварыўся з шырокага руху, якім ён быў на пачатку свайго існавання, у вузкую палітычную партыю нацыянальна-кансерватыўнай арыентацыі, захоўваючы пры гэтым прэтэнзіі на выключнасць і лідэрства ў дэмакратычным лагеры. Ідэалогія БНФ грунтавалася на ўяўленні аб этнічнай нацыі, якая была выключаная з натуральнага гістарычнага і культурнага развіцця замежным панаваннем (адсюль і бескампрамісная пазіцыя ў пытаннях беларусізацыі, вонкавай палітыкі і г. д.). Аднак такое бачанне не толькі не адпавядала светаўспрыманню той рэальна існай супольнасці, што насяляла Рэспубліку Беларусь (і справа тут не толькі ў заняпадзе нацыянальнай мовы, але і ва ўспрыманні свету, гісторыі і саміх сябе, што ў пераважнай большасці не супадала з нацыянал-дэмакратычным дыскурсам). Фактычна палітычная стратэгія, заснаваная на нацыянал-дэмакратычнай ідэалогіі, знаходзіла падтрымку ў вузкага кола інтэлігенцыі, моладзі і ў некаторых рэгіёнах на паўночным захадзе Беларусі3. Безумоўна, перспектывы пашырэння палітычнай базы “нацдэмаўшчыны” існавалі: БНФ мог бы пайсці на пэўныя кампрамісы ў сваёй ідэалагічнай арыентацыі і заангажаваць тую частку электарату, якая заставалася нацыянальна пасіўнай, але праявіла схільнасць да падтрымкі “грамадзянскай” версіі нацыянальнай праграмы, г. зн., прымаючы палітычную ідэю незалежнасці, заставалася расійскамоўнай. Фактычна, менавіта гэтая частка грамадства, якую сёння модна называць “крэоламі” (на маю думку, аднак, яны не большыя крэолы, чым англамоўныя ірландцы), і стварала на працягу мінулага дзесяцігоддзя сталую “незалежніцкую” частку беларускага палітычнага спектру. Аднак бескампраміснасць БНФ і ў першую чаргу яго лідэра Зянона Пазняка прывяла да таго, што рух адштурхнуў ад сябе гэтую частку грамадства і ўрэшце пачаў ператварацца ў маргінальную палітычную сілу. Заўважым, што сам па сабе БНФ на працягу свайго існавання заставаўся дэмакратычнай партыяй. Аднак унутраная яго структура і персанальная харызма лідэра справакавалі поўнае бяздзеянне руху ў той час, калі Пазняк фактычна стаў пераўтварацца ў беларускага Лё Пэна ці Шэшаля, прымаючы ўсё больш радыкальную рыторыку, што пераходзіла мяжу, за якой пачыналася ксенафобія, тэрытарыяльныя прэтэнзіі да іншых краінаў, падзел дэмакратычнага лагеру на “сваіх” і “чужых”. Гэтая версія нацыяналізму старанна асвятлялася дзяржаўнымі медыямі, што на доўгі час стварылі адпаведны брэнд, у якім усё беларускае нацыянальнае атаясамлівалася з Пазняком, а праз яго — з фашыстамі і іншымі знаёмымі грамадству ворагамі. Фактычна, паварот Пазняка на радыкальныя пазіцыі пакінуў беларускае грамадства без сапраўды дэмакратычнай нацыянальнай альтэрнатывы, якую, дарэчы, трэба яшчэ сфармуляваць. Такая палітычная стратэгія пакінула выбар паміж традыцыяналізмам нацыянальным і савецкім, прычым, улічваючы савецкую культурную спадчыну і ідэалагічную індактрынацыю мінулага, вынік такога выбару быў цалкам прадказальны.






































3 Так, на пачатку 1990-х толькі 6% беларусаў былі знаёмыя з асноўнымі датамі і падзеямі беларускай гісторыі, вядома ж, не ў інтэрпрэтацыі Абэцэдарскага. Гл.: Гапанович Ольга. Нам явно не хватает свежего воздуха культуры // Беларуская думка. 1993. №10.
   

Слабасць нацыянал-дэмакратычнай ідэалогіі абумоўлівалася не толькі яе нераспаўсюджанасцю, але і антаганізмам паміж прыхільнікамі яе традыцыйнай версіі і так званага “беларускага расійскамоўнага нацыяналізму”. З аднаго боку, гэты феномен палітычнай культуры Беларусі, які пашырыўся на працягу апошняга дзесяцігоддзя, пацвердзіў, калі верыць Яну Запрудніку, “павелічэнне розніцы паміж моўнай ды палітычнай русіфікацыяй. Расійская мова ў Беларусі ў шматлікіх выпадках стала такой жа мовай культурнага адраджэння краіны ды ўмацавання яе незалежнасці, як і беларуская. Можна нават правесці, хоць і грубае, параўнанне з ангельскай мовай у Ірляндыі ды нямецкай у Аўстрыі”4. З іншага боку, узнікненне “беларускага расійскамоўнага нацыяналізму” паглыбіла палітычны раскол у незалежніцкім лагеры, які падзяліўся на прыхільнікаў “этнічнага” ды “грамадзянскага” нацыяналізму. “Этнічны” нацыяналізм апелюе да этнічнай/нацыянальнай моўнай ды культурнай традыцыі й культывуе міт аб “адвечнасці” нацыі. “Грамадзянскі” нацыяналізм адштурхоўваецца ад ліберальнага бачання нацыі як прадукту “грамадскай дамовы”. Нацыя (таксама як і яе атрыбуты) у першым выпадку — вартасць метафізічная, у другім — інструментальная, сродак дасягнення іншых, у тым ліку палітычных мэтаў, такіх, як дэмакратызацыя, дэсаветызацыя ды вестэрнізацыя. Для прыхільнікаў “этнічнага” нацыяналізму нацыянальнае адраджэнне ёсць зарукай пабудовы дэмакратыі ў незалежнай дзяржаве, тады як для тых, хто аддае перавагу “грамадзянскаму” нацыяналізму, наадварот, дэмакратыя выступае рухавіком у справе пабудовы нацыі.

У Беларусі “этнічны” ды “грамадзянскі” нацыяналізм мае сваіх палітычных носьбітаў у дэмакратычным лагеры (БНФ — з аднаго боку, АГП — з другога, хаця ідэалагічныя бар’еры паміж гэтымі партыямі апошнім часам сталі менш адчувальнымі), а таксама свой базавы электарат (з аднаго боку — нацыянальная інтэлігенцыя ды моладзь, з іншага — касмапалітычнае гарадзкое насельніцтва, частка эканамічнай эліты ды дзяржапарату). Асноўнае адрозненне паміж “этнічнымі” ды “грамадзянскімі” нацыяналістамі праходзіць па стаўленні да нацыянальнай мовы. Калі ў традыцыі “этнічнага” нацыяналізму акурат нацыянальная мова ператварае насельніцтва ў нацыю, то з пункту гледжання нацыяналізму “грамадзянскага” асобна ўзятая беларуская нацыя можа быць і расійскамоўнай, і двухмоўнай.




















4 Jan Zaprudnik. Belarus: In Search of National Identity, 1990—2000 // Belarusian Review. Vol. 13. Issue 2.
   

Не збіраючыся тут абмяркоўваць плюсы ды мінусы той ці іншай рэдакцыі беларускага нацыяналізму, зазначым, аднак, што два супярэчлівыя міжсобку падыходы спарадзілі доўгатэрміновы падзел у дэмакратычнай апазіцыі на “нацыянальны” і “ліберальны” блокі, які прывёў да падзення іх сукупнага ўплыву на беларускае грамадства. Не ў апошнюю чаргу праз гэта падзелены нацыянальна-дэмакратычны лагер не мог дагэтуль стварыць жыццяздольную альтэрнатыву лукашэнкаўскаму “савецкаму кансерватызму”. Трэба сказаць, што і саветызаваная частка беларускага грамадства ўсё болей рабілася адной з палітычных мяншыняў. Таму натуральнае для кожнага аўтакрата імкненне легітымізаваць сваю ўладу, выкарыстоўваючы вартасці і сімвалы палітычнай культуры, якія пераважаюць у грамадстве, падштурхнула Лукашэнку стала імкнуцца да фармавання “кааліцыі мяншыняў” (гэта значыць фармуляваць сваю палітычную праграму так, каб яна знаходзіла водгук у розных сацыяльных групах, часам з несумяшчальнымі інтарэсамі ды прэферэнцыямі). Такая тактыка звычайная для бальшыні аўтарытарных рэжымаў, якія ў выніку няздольнасці выпрацаваць сваю ўласную ідэалогію замяняюць яе “клопатам пра кожнага чалавека”. Адсюль усе Лукашэнкавы апартуністычныя зігзагі ў рыторыцы, ад пагарджання беларускай мовай да ўслаўлення беларускай незалежнасці, ад дэманізацыі NАТО да “пагрозы” тэрмінова нармалізаваць стасункі з Захадам, ад “Славянскіх базараў” да параўнання самога сябе з “таварышам Сапегам”; адсюль і Лукашэнкаў “doublespeak” — тэрміны накшталт “рынкавага сацыялізму”, “праваслаўнага атэізму” ды, нарэшце, “поўная інтэграцыя пры захаванні поўнага суверэнітэту”. Дваістасць Лукашэнкавай рыторыкі сведчыць перадусім пра “раздваенне свядомасці” беларускага грамадства, ці, дакладней, пра яго падзеленасць на некалькі палітычных мяншыняў. Істотна, што “савецкая” меншыня знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне паміж “нацыянальна-дэмакратычнай” ды “прарасійскай” мяншынямі. Акурат гэтая, прыкладна трэцяя частка грамадства, якая выступае і за інтэграцыю, і за суверэнітэт, дае пажыву для Лукашэнкавых апартуністычных выкрунтасаў — ад прызнання Расіі другой бацькаўшчынай беларускага народу да адстойвання святога права беларусаў на незалежнасць і суверэнітэт — з заўсёднай падтрымкай адной з узаеманесумяшчальных пазіцыяў, вызнаваных бальшынёй грамадства.

Важнай акалічнасцю, якая дазволіла і Мілошавічу, і Лукашэнку паспяхова захапіць уладу і ўтрымліваць яе ў кантэксце падзеленых грамадстваў, было, бадай, тое, што абодва лідэры мелі надзвычай багаты жыццёвы досвед па абодва бакі сацыяльнага разлому. Абодва выраслі ў патрыярхальных сацыяльных асяродках без бацькі, пачынаючы, такім чынам, з самага нізу сацыяльнай лесвіцы. Абодва навучыліся “караскацца” па іерархічнай вертыкалі пры камуністах, разлічваючы на камбінацыю ўласных сілаў і сілы выпадку. Абодва прыйшлі ў “вялікую” палітыку ў адносна маладыя гады (Мілошавіч заняў першую высокую партыйную пасаду ў 40 год). Усё гэта дазволіла будучым лідэрам лепей зразумець патрыярхальную палітычную культуру сваіх грамадстваў. Адначасова гэта навучыла іх маніпуляваць інтарэсамі і амбіцыямі ў антаганістычнай “гарадской” палітыцы, прычым як старой наменклатуры, якая цалкам згубіла сувязь з публічнай думкай, так і маладой, амбітнай, але непрафесійнай дэмакратычнай эліты, якая ў большасці выпадкаў трапіла ў палітыку дзякуючы выпадку, у абставінах непрадказальных палітычных пераменаў.



 
   

2

Modus operandi i modus vivendi персаналізаваных аўтакратый

Палітычныя рэжымы, усталяваныя Мілошавічам і Лукашэнкам, спалучалі ў сабе “папулісцкія” і “султанісцкія” рысы. Папулісцкія элементы праяўляліся ў імкненні абодвух прэзідэнтаў вызначыць сваю ўнікальную асабістую місію, у іх харызматычных якасцях, а таксама іх настойлівым звароце да даміноўных элементаў палітычных культураў сваіх грамадстваў. Папулізм (ці, папросту, імкненне быць папулярнымі) падштурхоўваў лідэраў легітымізаваць кожны свой крок воляй масаў. “Султанісцкія” элементы адбіліся ў сістэме персанальнага праўлення і манапалізацыі фармальнай і нефармальнай улады, у якой фармальная сістэма дзяржаўных інстытутаў і іерархіі, вызначальваная ўладаю, губляла сваё значэнне, а размеркаванне ўлады цалкам залежала ад выбару лідэра і ад лаяльнасці да яго, якая ў сваю чаргу падтрымлівалася палітыкай бізуна і перніка ў дачыненні да сваіх падначаленых5.

Зазначым, што папулізм і султанізм — надзвычай супярэчныя формы арганізацыі ўлады і адносінаў з грамадствам. Папулізм падштурхоўвае лідэра да кантакту з электаратам і правядзення палітыкі, якая цалкам адпавядала б яго настроям. Папулізм прымушае лідэра трымаць руку “на пульсе” грамадскіх настрояў, захоўваць як мінімум бачнасць нейкіх дэмакратычных працэсаў і ажыццяўляць дзеля захавання і ўзмацнення ўлады рызыкоўныя палітычныя праекты, такія, як выбары ці рэферэндумы (нагадаем, што Лукашэнка стаяў за некалькі крокаў ад імпічменту ў 1996 годзе; як будзе растлумачана далей, менавіта ўпартая настойлівасць да легітымізацыі сваіх прэтэнзій на ўладу праз выбары і прывяла ўрэшце да аслаблення рэжыму Мілошавіча, а потым і да яго падзення). У той жа час султанізм у найвышэйшай сваёй форме абмяжоўвае ўсялякія кантакты лідэра з грамадствам, якія пачынаюць ажыццяўляцца выключна праз рэпрэсіўны апарат і жменьку лаяльных прызначэнцаў, у руках якіх канцэнтруюцца ўсе механізмы палітычнай і эканамічнай улады. Султанізм, урэшце, можа прывесці да страты палітычнай арыентацыі лідэра, які можа проста “правароніць” той момант, пасля якога сітуацыя награецца настолькі, што абодва працэсы ў грамадстве становяцца незваротнымі або само “ўнутранае кола” пачынае плесці змову вакол лідэра. Аднак у час росквіту сваіх рэжымаў аўтарытарныя лідэры могуць выкарыстоўваць папулісцкія аспекты сваёй улады (народную падтрымку), напрыклад, для вырашэння нейкіх сваіх унутраных праблемаў, а султанісцкія — для прыдушэння агмянёў апазіцыі ў грамадстве. Як сведчыць досвед рэжымаў Лукашэнкі і асабліва Мілошавіча (што скалапсаваў першы), спалучэнне элементаў папулізму і султанізму застаецца трывалым у першую чаргу праз тое, што лідэрам удаецца захаваць шырокую грамадскую падтрымку (г. зн. калі лідэр здольны пераканаць падначаленых у тым, што ён можа захаваць уладу і без іх дапамогі).
































5 Наконт вызначэння султанісцкіх рэжымаў гл. H.E.Chelabi and Juan J.Linz. Sultanistic Regimes. Baltimore: Johns Hopkins University Press, 1998.
   

Як ужо было вызначана, неабходнасць легітымізаваць статус былой кампартыі падштурхнула Мілошавіча да арганізацыі інстытутаў сербскай дзяржавы ў форме напаўпрэзідэнцкай рэспублікі, дзе існавалі і фармальны кантроль парламенту над урадам, і выбары паводле партыйных спісаў, і выбарнасць мясцовых органаў улады (то бок Мілошавіч яшчэ ў 1990 годзе сам выканаў “чатыры патрабаванні АБСЕ”, калі праводзіць аналогіі з беларускай сітуацыяй, — што не перашкодзіла яму пратрымацца ва ўладзе яшчэ дзесяць год пасля таго). Вядома, сістэма “стрымак і супрацьвагаў” была дэкаратыўнай, пакуль Мілошавіч і СПС захоўвалі поўны кантроль над уладай і кіравалі аднаасобна. Важнай акалічнасцю сербскай палітычнай гісторыі ў 1990-х, аднак, было тое, што Мілошавіч і асабліва яго партыя вельмі хутка страцілі статус большасці і знайшлі змогу гэта прызнаць. Так, СПС дасягнула адзнакі ў 50% галасоў выбарнікаў на рэспубліканскіх выбарах у 1990 годзе ў першы і апошні раз. Сам Мілошавіч апошні раз выйграў прэзідэнцкія выбары ў 1992 годзе. У 1997 годзе прэзідэнтам Югаславіі яго выбраў ужо парламент. Падзенне папулярнасці ў грамадстве (выкліканае войнамі і развалам эканомікі) прымусіла Мілошавіча змяніць тактыку і пачаць кааптаваць палітычных апанентаў ці прасоўваць паплечнікаў, што дазваляла яму дыверсіфікаваць базу падтрымкі і пашыраць яе ва ўмовах, калі палітычныя інстытуты прымушалі яго рабіць гэта. Так, у 1992 годзе, калі ход вайны ў Босніі прымушаў яго выкарыстоўваць радыкальную рыторыку, Мілошавіч, партыя якога набрала на парламенцкіх выбарах таго году толькі 28% галасоў (прытым заўважым, што і на гэтых, і на ўсіх астатніх выбарах СПС чыніла масавыя фальсіфікацыі галасоў у Косаве, дзе албанскае насельніцтва, больш за 15% усяго электарату Сербіі, заўжды байкатавала выбары), пайшоў на хаўрус з ультранацыяналістычнай Сербскай радыкальнай партыяй Ваіслава Шэшаля. У 1993 годзе дарогі Мілошавіча і Шэшаля разышліся, пасля таго як першы пачаў “здаваць” сербаў у Босніі пад ціскам ваенных паразаў і санкцый. Тады, зноў не дабраўшы большасці на датэрміновых выбарах, Мілошавіч завабіў у кааліцыю маленькую апазіцыйную партыю “Новая дэмакратыя”, што дазволіла яму стварыць новы ўрад. У піку апазіцыянеру Шэшалю ўлады раскруцілі другую ультрарадыкальную групоўку на чале з камандзірам сербскіх баевікоў у Босніі, вядомым мафіёзі Златкам Разнятавічам (на мянушку Аркан), які ў 2000 годзе быў забіты пры нявысветленых абставінах. Пасля падпісання Дэйтанскіх пагадненняў, калі ідэя “вялікай Сербіі” пацярпела крах, Мілошавіч дапамог сваёй жонцы рэстаўраваць камуністычную партыю пад назвай “Аб’яднаныя югаслаўскія левыя”, каб падкрэсліць “інтэрнацыяналізм” сваёй новай палітыкі. Нарэшце, у 1997 годзе Мілошавіч пайшоў на хаўрус з найбуйнейшай на той час апазіцыйнай сілай — “Сербскім рухам аднаўлення” Вука Драшкавіча, што зноў палегчыла ягонае палітычнае выжыванне.


 
   

Паколькі “папулісцкі” складнік улады Мілошавіча паступова губляў сваё значэнне, той быў вымушаны павялічваць ролю “султанісцкага” складніка. Асаблівасцю яго ўнутранай тактыкі захавання кантролю за ўладным апаратам былі бесперапынная ратацыя высокапастаўленых работнікаў, якія тым самым не паспявалі “пусціць карані” ў дзяржаўным апараце, і прасоўванне асабіста адданых яму людзей, чыю залежнасць і амбіцыі Мілошавіч мог выкарыстоўваць незалежна ад таго, на якой канкрэтна пасадзе ў дзяржаве (прэзідэнта Сербіі ці Югаславіі) ён знаходзіўся. Мілошавіч стварыў вялікія магчымасці для ўзбагачэння сваіх паплечнікаў, паводле словаў назіральнікаў, “абраўшы каля дзесяці тысячаў людзей, якім было дазволена ў кароткі адрэзак часу назапасіць вялікі капітал, што стварыла новы эканамічны клас... Кіраўнічая пара (Мілошавіч і Маркавіч. — Аўт.) абыходзілася з дзяржаўнай прамысловасцю і дзяржаўнымі канцэсіямі як з сродкам заахвочвання паплечнікаў”6. Такім чынам, у Сербіі паўсталі алігархія і мафія, дабрабыт якіх наўпрост залежаў ад таго, ці знаходзіцца Мілошавіч пры ўладзе.

Іншай тэндэнцыяй было надзяленне фактычна цырыманіяльнымі, але фармальна важнымі дзяржаўнымі пасадамі верных Мілошавічу людзей, для таго каб абвяшчаць і праводзіць найбольш непапулярныя палітычныя і эканамічныя рашэнні, а потым, калі палітыка рэжыму цярпела няўдачу, ад іх дэманстратыўна пазбаўляцца. Фактычны падзел на “ўнутранае кола” і “цырыманіяльнікаў” прывёў да раздваення дзяржаўнага апарату на “фармальны” (які займаўся чарнавой працай забяспечваць функцыянаванне дзяржавы) і “паралельны” (які займаўся выключна забеспячэннем жыццяздольнасці рэжыму) урады. Такі падзел цалкам адпавядае прынцыпам султанісцкай арганізацыі. Адзначым, аднак, што ў дачыненні да рэжыму Мілошавіча можна казаць не аб цалкам усталяваным султанісцкім рэжыме, але толькі аб султанісцкіх тэндэнцыях, якія былі абмежаваныя значным “вольным полем” для дзеяння палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, прынамсі фармальна прызнаваных уладай, што было падмацавана інстытуцыйнымі механізмамі, якія дазвалялі апазіцыі ўдзельнічаць у падзеле ўлады.

Рэжым Мілошавіча можна вызначыць тэрмінам “канкурэнтная аўтакратыя”. Ва ўмовах канкурэнтнай аўтакратыі Мілошавіч мусіў актыўна ўжываць тактыку подкупу апазіцыі. Па-за адзначанымі вышэй выпадкамі рэкрутавання асобных палітычных партыяў, трэба адзначыць і выпадкі ўдзелу некаторых апазіцыйных палітыкаў у “шэрым” паддзяржаўным бізнэсе, што квітнеў падчас санкцыяў. Найбольшыя абвінавачанні на конт гэтага гучалі і працягваюць гучаць на адрас былога лідэра Дэмакратычнай партыі і прэм’ер-міністра Сербіі Зорана Джынджыча, забітага пры не да канца высветленых абставінах. Яго падазравалі ва ўдзеле ў кантрабандзе (іншы вядомы аб’ект абвінавачанняў — прэзідэнт Чарнагорыі Міла Джуканавіч, але ён сышоў у апазіцыю толькі ў 1997 годзе).


























6 Lenard Cohen. Serpent in the Bosom: The Rise and Fall of Slobodan Milosevic. Westview Press: 2000. P.112.
   

Механізмы маніпуляцыі і кантролю ў Беларусі

У адрозненне ад Сербіі неабмежаванасць персанальнай прэзідэнцкай улады ў Беларусі больш фармалізаваная (гэта было ў высокай ступені наступствам спецыфікі шляху да ўлады Лукашэнкі як палітычнага аўтсайдэра, які першапачаткова не меў моцнай базы ў дзяржаўным апараце, што і справакавала яго, пасля перыяду канфрантацыі з непадкантрольнымі яму дзяржаўнымі інстытутамі, на больш “жорсткую”, чым у сербскім выпадку, інстытуцыяналізацыю асабістай улады). Канстытуцыя 1996 году, якую Лукашэнка правёў праз рэферэндум, гарантавала яму неабмежаваны кантроль над урадам, міністраў якога ён можа мяняць з сваёй волі, над суддзямі, якіх ён прызначае, мясцовымі адміністрацыямі, што ўваходзяць у структуру прэзідэнцкай вертыкалі, Нацыянальным банкам, пракуратурай, а праз фактычна падначалены яму Савет Рэспублікі (большасць якога складаюць прызначаныя ім прадстаўнікі вертыкалі) — і над Цэнтральнай выбарчай камісіяй і Канстытуцыйным судом. Паўнамоцтвы парламенту ў такой сістэме зведзеныя да мінімуму канстытуцыйнай нормай, што аддае прыярытэт прэзідэнцкім дэкрэтам над законамі. Канстытуцыя 1996 году не была прызнаная на Захадзе, які настойваў на прызнанні Вярхоўнага Савету 13-га склікання (больш дакладна — той яго чвэрці, што не пагадзілася з абвешчанымі вынікамі рэферэндуму і не далучылася да Палаты Прадстаўнікоў) як адзінага легітымнага беларускага парламенту. Аднак дзеянні ВС 13-га склікання абмяжоўваліся міжнароднай сцэнай і ён сам ператварыўся на пэўны час выключна ў інстытут дэлегітымізацыі рэжыму Лукашэнкі на Захадзе, не маючы значнага ўплыву на палітычныя падзеі ў межах самой Беларусі.

Выключная манапалізацыя ўлады ў руках адной асобы дазволіла Лукашэнку эфектыўна кантраляваць дзяржаўны апарат, умешвацца ў эканамічныя працэсы з сваёй волі, маніпуляваць грамадскай думкай, а таксама мінімізавала кошт адсочвання і здушэння апазіцыі ўнутры і за межамі краіны. Для Лукашэнкі не існавала ні фармальнай, ні фактычнай патрэбы выкарыстання тактыкі палітычнага гандлю і інкарпарацыі для таго, каб ліквідаваць пагрозы з боку апазіцыі. У той жа час, ён валодаў значна шырэйшымі магчымасцямі, каб падтрымліваць стабільна высокі рэйтынг сваёй папулярнасці. З іншага боку, Лукашэнка прадэманстраваў такія ж, як і Мілошавіч, здольнасці да кантралявання “ўнутранага кола”. Сведкі яго першых палітычных крокаў на пасадзе прэзідэнта ўспамінаюць, што яго падручнай кнігай у той час быў зачытаны літаральна да дзірак і падкрэслены ў шматлікіх месцах “Князь” Макіявелі. Як некалі заўважыў яго былы паплечнік, а цяпер адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ўладзімір Нісцюк, тактыкай Лукашэнкі было “ператварэнне сяброў у ворагаў, а ворагаў у рабоў”. Менавіта так ён на пачатку сваёй дзейнасці пазбавіўся ад “маладых ваўкоў”, замяніўшы іх найбольш адыёзнымі прадстаўнікамі старой кебічаўскай наменклатуры.

Іншай яго тактыкай было прызначэнне “землякоў” з Магілёўскай вобласці на вышэйшыя дзяржаўныя пасады (як правіла — з ніжэйшых эшалонаў абласной бюракратыі, скажам, былога школьнага настаўніка — на пасаду віцэ-спікера парламента, былога раённага пракурора — на генеральнага пракурора, былога сакратара райкаму — на віцэ-прэм’ера па сельскай гаспадарцы і г.д.). Такім чынам, магілёўская наменклатура атрымала магчымасць хуткага кар’ернага ўзлёту. Відавочна, што і яе статус, і ўсе сённяшнія фінансавыя датацыі Магілёўшчыне залежаць выключна ад знаходжання Лукашэнкі пры ўладзе. Акрамя таго, Лукашэнка, як і Мілошавіч, выкарыстоўвае тактыку няспыннай ратацыі кадраў — не засталося дзяржаўнай установы, дзе раз у год, у два гады не адбываліся б кадравыя змены. Такім чынам максімальна змяншаецца аўтаномнасць дзяржаўнай бюракратыі.

Наступная тэндэнцыя, аб якой некалі ўзгадваў былы міністр унутраных справаў Юры Захаранка, гэта прызначэнне на дзяржаўныя пасады людзей з “праблемамі з законам” у мінулым, што гарантавала лаяльнасць і магчымасць маніпуляцыі імі на новых пасадах. Заўважым, што амаль усе прадстаўнікі лукашэнкаўскага апарату, прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці ў 1997—2000 гадах, былі асуджаны за злачынствы, здзейсненыя перад сваім прызначэннем (да такіх адносяцца Чыгір, Віннікава, Лявонаў і шэраг “прыўладных бізнесоўцаў”).


 
   

Нарэшце, Лукашэнка таксама стварыў сваю “паралельную дзяржаву”, што складаецца з мноства кантрольных органаў (іх каля пятнаццаці), функцыі якіх звычайна перакрыжоўваюцца, а таксама інстытуцый, што знаходзяцца ў непасрэдным падпарадкаванні прэзідэнта (прэзідэнцкая адміністрацыя, кіраўніцтва справаў прэзідэнта, што дублююць урад, служба бяспекі прэзідэнта і рада бяспекі, што дублююць карныя органы, і г.д.) Трэба зазначыць, што такая структура ўлады ў комплексе з антырынкавай эканамічнай палітыкай Лукашэнкі і яго папулісцкім памкненнем заўжды звальваць правалы на “дрэнных баяраў” прывяла да таго, што наменклатура не магла канвертаваць свае назапашаныя пры дапамозе карупцыі багацці ва ўласнасць і незалежны ад улады палітычны ды эканамічны капітал. Тое, што ва ўмовах Мілошавіча (ці ва ўмовах Расіі і Ўкраіны) аддавалася прыўладным бізнесоўцам (а паралеляў можна прывесці багата — гэта і вядомая справа “Гандальэкспа”, і сакрэтны продаж зброі, і рээкспарт расійскай нафты), у Беларусі манапалізавалася самой дзяржавай. У Беларусі не з’явілася феномену алігархіі. Як зазначыла тая ж Віннікава, “багатыя людзі ў Беларусі адрозніваюцца ад багатых людзей у Расіі нават выглядам. Ім дазволілі мець вялікія грошы, але не дазволілі іх траціць. Нельга паехаць у адпачынак, асабліва за мяжу. Не кожны ездзіць у камандзіроўкі. Рэспубліка невялікая, таму нельга пайсці ў начны клуб ці купіць шыкоўны дом ці вілу і застацца незаўважаным. Застаецца толькі многа есці і піць”7. Ва ўмовах, калі прадухілялася фармаванне прыватных капіталаў і аўтаномных алігархій, вялікія грошы мелі мінімальны палітычны ўплыў, нават калі прадстаўнік “унутранага кола” сыходзіў у апазіцыю (што прадэманстраваў лёс колішняга кіраўніка справаў прэзідэнта Івана Ціцянкова). Болей за тое, гэта падтрымлівала нізкі ўзровень сацыяльнай няроўнасці, нізкі (паводле ацэнак заходніх аналітыкаў) узровень “маштабнай” карупцыі і прымальны для ўлады ўзровень сацыяльнай стабільнасці.

У цэлым лукашэнкаўскі рэжым можна вызначыць як “гегеманічную аўтакратыю”, у якой “вонкавыя” дэмакратычныя інструменты (такія, як выбары) выкарыстоўваюцца ў абмежаваным выглядзе для пацверджання фактычна складзенага палітычнага статус-кво. Калі Мілошавіч хутка ператвараўся ў султана, чыю ўладу абмяжоўваў палітычны плюралізм, дык Лукашэнка на пэўны час застаўся папулістам і народным героем, што кіруе тыраніяй.

Стабільнасць аўтарытарных рэжымаў у абедзвюх краінах падтрымлівалася сістэматычнай палітыкай вынішчэння альтэрнатыў. Палітычныя альтэрнатывы знішчаліся злоўжываннем уладай у палітычным працэсе і рэпрэсіямі супраць апазіцыйных актывістаў. Рэпрэсіі праводзіліся як сродкамі “рэгулярных” карных органаў, так і спецыяльнымі аддзеламі, што наўпрост падпарадкоўваліся лідэрам ці сябрам іх “унутраных колаў”. Манапалізацыя электронных і друкаваных СМІ дазваляла знішчыць ці значна зменшыць доступ грамадства да інфармацыйных альтэрнатыў (гэта, аднак, меней адчувалася ў Сербіі, дзе большасць часу існавалі апазіцыйныя тэле- і радыёстанцыі, якія, аднак, пакрывалі толькі буйныя гарады, не выходзячы такім чынам за межы “жорсткага” апазіцыйнага электарату). Кантроль публічнай сферы рабіў магчымым вынішчэнне сацыяльных і культурных альтэрнатыў.








































7 Московские новости. 2000 г. 1 лютага.
   

Актыўная і патэнцыйна апазіцыйная частка абодвух грамадстваў кантралявалася рэжымамі праз стварэнне адпаведнай сістэмы дзяржаўнага патранажу, што рабіў лаяльнасць перадумовай прафесійнага і кар’ернага росту ды паляпшэння дабрабыту. Да таго ж сам эканамічны крах, як гэта ні парадаксальна гучыць для тых, для каго галоўнай крыніцай надзеяў на змену палітычнага рэжыму быў эканамічны крызіс і рост народнай незадаволенасці, значны адрэзак часу працаваў на руку дыктатарам. Па-першае, падзенне ўзроўню жыцця павялічвала атамізацыю грамадства, ставячы людзей ва ўмовы, пры якіх любая сацыяльная актыўнасць і камунікацыя даражэлі настолькі, што людзі вымушаны былі замыкацца “ў чатырох сцянах” свайго прыватнага жыцця. Напрыклад, у Беларусі за дзесяць год з 1990 да 2000 году колькасць штодзённа прачытваных газетаў на 100 чалавек зменшылася з 29 да 11, колькасць дасланых лістоў — з 29 да 12, колькасць наведанняў кінатэатраў — з 11 да 1 на чалавека ў год8. У Сербіі за той жа перыяд часу амаль дзве траціны насельніцтва цалкам перасталі купляць газеты і “выходзіць у свет”, напрыклад, наведваць тэатры ці кавярні. У такіх умовах асноўным інфарматарам аб падзеях і стваральнікам грамадскай думкі было дзяржаўнае тэлебачанне, што прасоўвала аднабаковыя вертыкальныя каналы камунікацыі. У той жа час сацыяльнай атамізацыі спрыяла і рэакцыя грамадства на эканамічныя цяжкасці, якая зводзілася не да пратэсту, а да адаптацыі. Паводле ацэнак статыстычных агенцтваў, да 80% жыхароў абедзвюх краінаў займаліся фактычна натуральнай сельскай гаспадаркай. Беларусь за часамі Лукашэнкі выйшла на сёмае ў свеце месца ў валавым зборы бульбы і на першае — у зборы на душу насельніцтва. У Сербіі за гэты ж час адбылася значная міграцыя насельніцтва з гораду ў вёску (нешта падобнае адбывалася ў Беларусі падчас другой сусветнай вайны), што нават прывяло да росту ў сельскагаспадарчым сектары (вядома ж, выключна экстэнсіўнага). Эканамічны крызіс тым самым адштурхоўваў грамадзян ад палітычнай і грамадскай актыўнасці.

Дадамо, што лаяльнасць да ўлады падтрымлівалася і стварэннем спецыфічнай “культуры ўлады” — ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва пры дапамозе манапалізаваных дзяржавай мастацкай, культурнай, музычнай, кінематаграфічнай і іншых сфераў. Напрыклад, у Сербіі выразнай праявай “культуры ўлады” быў “турба-фолк”, сумесь поп-музыкі і традыцыйных сербскіх народных матываў, праз якія аўдыторыі даносілася афіцыйная палітычная рыторыка, вызначаліся “героі” і “ворагі”. Мілошавіч трапна выкарыстоўваў для легітымізацыі сваёй улады і шматлікія поспехі сербскага спорту. Напрыклад, групоўкі фанатаў колішняга ўладальніка Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў клубу “Црвена звезда” выкарыстоўваліся ім для нападаў на апазіцыйных дэманстрантаў і збівання апанентаў. У Беларусі прыкладам прапаганды “культуры ўлады” могуць служыць і актыўнае культываванне савецкай “папсы” праз фестывалі “Славянскі базар” ды “Залаты шлягер”, і палітычнае ангажаванне беларускіх і расійскіх поп-зорак ды вядомых спартоўцаў, і паказальныя хакейныя матчы ды лёгкаатлетычныя эстафеты “на лыжах па асфальце”, на якіх прэзідэнт карцінна перамагае колішніх алімпійскіх чэмпіёнаў, і іншыя мерапрыемствы, што дапамагаюць умацаваць культ “моцнага лідэра”. Рэжым выкарыстоўваў складзеныя дзесяцігоддзямі густы і сімпатыі свайго электарату для “мабілізацыі пасіўнасці”, вываду грамадства за межы палітычнага поля. “Апазіцыйная” культура (напрыкад, “апальны” рок-н-рол у Сербіі ці беларускамоўная рок-музыка ў Беларусі) узнікалі ў андэрграўндзе не толькі як культурныя феномены, а і як палітычныя субкультуры. У гэтых умовах культура ператваралася ў частку палітыкі, а палітыка — у форму культурнага існавання.


























8 Belarus: Choices for the Future. National Human Development Report. Minsk: UNDP, 2000.
   

Мабілізацыя пасіўнасці і актыўнае спрыянне сацыяльнай атамізацыі дапамагло Мілошавічу і Лукашэнку без значных палітычных стратаў перажыць працэс паступовага расчаравання грамадства ў іх, які, ва ўмовах знішчэння альтэрнатываў, прыводзіў страчаных прыхільнікаў не ў апазіцыйны электарат, а, выкарыстоўваючы папулярны ў Беларусі выраз, у “балота”. Грамадства паступова дзялілася на тры групы: прыхільнікаў, апанентаў рэжыму і тых, хто не вызначыўся. Маніпуляцыя сацыяльнай, культурнай і палітычнай сферамі дазваляла рэжымам падтрымліваць упэўненасць “балота” ў тым, што “пры ўсіх недахопах і няўдачах існыя палітычныя інстытуты ўсё ж лепшыя за любыя іншыя”9. У электаральнай палітыцы такое становішча лёгка дазваляла лідэрам дамагчыся поспеху, дадаўшы да “цьвёрдага” электарату старанна апрацаванае “балота”. Разбурэнне гарызантальных сувязяў у грамадстве, якія складаюць аснову грамадзянскай супольнасці, не зачапіла аднабаковых вертыкальных сувязяў паміж уладай і грамадствам, што рабіла працу апазіцыі выключна цяжкай.

Абодва рэжымы праявілі неабыякую здольнасць да выжывання, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці і міжнародную ізаляцыю. Ізаляцыя, як ужо было падкрэслена раней, была надзвычай жорсткай у выпадку Сербіі, дзе краіна апынулася пад татальнымі санкцыямі ААН у перыяд з 1992 да 1995 гадоў і зноў — з 1999 да 2000 году. Санкцыі знякровілі сербскую эканоміку, што за часамі камунізму была шчыльна інтэгравана ў заходнюю эканоміку. Краіна, што мела сярэднееўрапейскі ўзровень жыцця яшчэ ў 1980-я гады, апусцілася на адзін узровень з Албаніяй (у найцяжэйшыя часы гіперінфляцыі ў 1992—93 гадах, калі цэны ўзрасталі на некалькі працэнтаў у гадзіну, сярэдні заробак не перавышаў 10 долараў на чалавека ў месяц). У выпадку Беларусі санкцыі былі хутчэй касметычнымі і прыпадалі больш на палітычную, чым на эканамічную сферу. Краіна не мела ні вялікай замежнай пазыкі, ні шчыльных гандлёвых ці інвестыцыйных сувязяў з Захадам. Тыя, што ўзніклі за часамі незалежнасці і пачалі разбурацца, дзякуючы як антырынкавай эканамічнай палітыцы Лукашэнкі, так і згортванню раней дасягнутых гандлёвых пагадненняў з Еўрасаюзам і ЗША, былі амаль бязбольна кампенсаваныя эканамічным і вайсковым саюзам з Расіяй. Заўважым, што не спрацавала ні жорсткая, ні мяккая ізаляцыя. У сербскім выпадку санкцыі далі лёгкі адказ на пытанне, хто вінаваты ў эканамічнай катастрофе. Тое самае выкарыстоўвалася і Лукашэнкам, які нават імкнуўся кампенсаваць адносную абыякавасць да сваёй асобы паслядоўным правакаваннем новых канфліктаў з заходнімі краінамі і інстытутамі. Самым трагікамічным прыкладам была каналізацыйная вайна ў Драздах.



















9 Juan J. Linz. The Breakdown of Democratic Regimes: Crisis, Breakdown, and Reequilibration. Baltimore: Johns Hopkins University Press, 1978. P. 16.
   

Міжнародная ізаляцыя — сродак умацавання аўтарытарнай большасці?

Пад шумок санкцыяў паплечнікі Мілошавіча ажыццявілі некалькі буйных фінансавых махінацыяў (накшталт сумнавядомых пірамідных схемаў), што прывяло да ўзмацнення фінансавага становішча ўнутранага кола сербскага лідэра. Да таго ж абыход санкцыяў ператварыўся ў буйны і крыміналізаваны бізнес (які ўключаў у сябе кантрабанду, нелегальныя банкаўскія схемы, адмыванне грошай і інш.), што прыносіў вялікія дывідэнды паноўнаму рэжыму і тым падпарадкаваным яму бізнес-колам, прыбыткі якіх залежалі выключна ад санкцыяў. Дарэчы, паводле некаторых крыніцаў, у саўдзеле ў кантрабандзе падазраваўся цэлы шэраг дзеячаў апазіцыі, што дапамагала Мілошавічу яе кантраляваць. Што да сацыяльнага эфекту санкцыяў, трэба зазначыць, ад іх найменей цярпела найбольш патрыярхальная частка грамадства ў сельскай мясцовасці, якая ніколі не была дастаткова заможнай і ў той жа час, у адрозненне ад гарадскога насельніцтва, заўжды мела сродкі да існавання фактычна з натуральнай сельскай гаспадаркі і таму больш лёгка адаптавалася да эканамічных цяжкасцяў. У гэтым сэнсе эканамічны крызіс і галеча яшчэ больш узмацнялі стары падзел на прыхільнікаў і апанентаў рэжыму, толькі нязначна і паступова мяняючы баланс сілаў паміж імі.

Табліца. Стаўленне да заходніх краінаў і міжнародных інстытутаў у Сербіі

  ЗША ААН АБСЕ ЕС
1992
Давер 19 21 11 12
Недавер 71 65 73 75
1993
Давер 21 11   10
Недавер 67 80   83

Крыніца: Liljana Bacevic. Srbi i Evropa. Beograd: Centar za antiratnu akciju, 2001.

Што да Беларусі, там канфрантацыя з міжнароднай супольнасцю была скарыстаная Лукашэнкам, калі пашырэнне NАТО на ўсход выклікала ў палітычных колах Расіі сапраўдную антызаходнюю істэрыю. Лукашэнку ўдалося на гэтай глебе вытаргаваць эканамічныя саступкі, што забяспечылі на пэўны час стабільнасць яго эканамічнай мадэлі. Гэтыя саступкі дазволілі яму падтрымаць сістэму сацыяльнага забеспячэння, прадухіліць сацыяльнае расслаенне, пазбегнуць росту беспрацоўя і “запусціць” вытворчыя магутнасці, пакінутыя ў спадчыну савецкай эканомікай. У гэтых варунках Беларусь захоўвала найбуйнейшы ў СНД ВУП на душу насельніцтва ў пераліку на прапарцыйную пакупніцкую здольнасць, а Лукашэнка праводзіў палітыку “сацыяльнае згоды”: у абмен на лаяльнасць да рэжыму грамадству гарантаваўся стабільны ўзровень жыцця, няхай і недалёкі ад гарантаванага фізічнага выжывання. Гэтая “сацыяльная згода” суправаджалася актыўным запалохваннем насельніцтва рынкам, рэформамі і жабрацтвам, якое яны прынеслі ў Расію ды Ўкраіну. На гэтай ніве асабліва шчыравалі дзяржаўныя СМІ.



 
   

Малаімавернасць элітных і кампрамісных варыянтаў трансфармацыі

Сумяшчэнне папулісцкага і султанісцкага падмуркаў аўтарытарнай улады, яе ўкарэненасць у палітычную культуру сваіх прыхільнікаў і механізмы “знішчэння альтэрнатываў” пэўным чынам абмежавалі магчымыя варыянты трансфармацыі палітычных рэжымаў і стварылі параўнальныя ў сваёй прыродзе выклікі для дэмакратычных рухаў, што знаходзіліся ў апазіцыі. Так, эфектыўны кантроль над уладным апаратам не пакідаў магчымасці для стварэння ў яго нетрах уплывовай групоўкі прыхільнікаў мяккай лініі, здольнай нейтралізаваць уплывы “ястрабаў” унутры дзяржаўнай эліты і дамагчыся пераменаў шляхам перамоваў з памяркоўна настроенымі прадстаўнікамі апазіцыі (да такой мадэлі трансфармацыі была больш прыдатная старая аднапартыйная сістэма з яе прынцыпам калектыўнага кіраўніцтва). Такі ход падзеяў быў прадухілены існаваннем унутранага кола актыўных паплечнікаў дыктатараў, якія эфектыўна адсоўвалі ад улады больш ліберальна настроеных калег (нагадаем хаця б кадравыя ператасоўкі ў лукашэнкаўскім апараце падчас перамоваў з апазіцыяй у 1999 годзе ці перад прэзідэнцкімі выбарамі пры канцы 2000 году). Відавочна, што адсутнічала і магчымасць лібералізацыі зверху, бо самі дыктатары такога кшталту, як правіла, не маюць ілюзій наконт таго, што ім нясе нават невялікае аслабленне рэпрэсіўнага кантролю.

Ва ўмовах, калі элітныя і кампрамісныя варыянты трансфармацыі блакаваў сам рэжым, адзіным варыянтам палітычнай трансфармацыі заставалася замена рэжыму пры дапамозе і ўдзеле апошняга і галоўнага палітычнага рэсурсу — грамадства (маецца на ўвазе вулічная ці электаральная рэвалюцыя). Аднак гэткая замена мусіла ажыццяўляцца ў іншых варунках у параўнанні з ранейшымі выпадкамі пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі ва ўсходнееўрапейскіх краінах. Па-першае, магутная пасіўная падтрымка рэжыму ўнутры грамадства была не менш важным падмуркам аўтарытарнай улады, чым яе рэпрэсіўны апарат. Сацыяльныя і культурныя фактары, што спрыялі стабільнасці рэжымаў, пакідалі мала шанцаў для выкарыстання “нацыі” ці “грамадзянскай супольнасці” як мабілізацыйнага фактару для апазіцыі. Рэч у тым, што для паспяховага выкарыстання гэтай тактыкі апазіцыя мусіла найперш усталяваць сваю ідэалагічную гегемонію ў грамадстве накшталт таго, як з блаславення касцёлу гэта зрабіла “Салідарнасць” у Польшчы. Аднак ва ўмовах і Сербіі, і Беларусі фактычна не было палітычных і культурных сімвалаў, якія б аб’ядноўвалі, а не раз’ядноўвалі грамадствы, не выклікалі б рэзкага непрымання адной з яго частак. Такім чынам, большасць экстраінстытуцыйных формаў палітычнай барацьбы (такіх, як вулічныя акцыі ці падпольная барацьба) фактычна ажыццяўляліся ў асобных сацыяльных ды культурных асяродках і часцяком зводзіліся да “навяртання навернутых” — як мінімум да таго моманту, пакуль расчараванне статус-кво і змена палітычных арыентацый не дасягалі крытычнай масы. Аднак, як ужо было растлумачана, гэты працэс ішоў доўга і даволі марудна. Фактычна, адзіным варыянтам выхаду з аўтарытарнага рэжыму заставалася фармаванне “дэмакратычнай супербольшасці” ў грамадстве, прычым гутарка ідзе не проста пра крытычную масу апанентаў рэжыму, але і пра пераважную большасць свядомых прыхільнікаў канкрэтнай, персаніфікаванай у партыях, кааліцыях і персаналіях дэмакратычнай альтэрнатывы. Што, заўважым, не адно і тое ж: і ў выпадку Мілошавіча, і ў выпадку Лукашэнкі іх адмоўныя электараты стабільна перавышалі (цягам часу — у некалькі разоў) дадатныя электараты ўсіх іх апанентаў, разам узятых.


 
   

Чаму я раблю акцэнт менавіта на “супербольшасці”? Важным наступным крокам апазіцыі пасля заваявання падтрымкі ў грамадстве з’яўляецца мабілізацыя сваёй сацыяльнай базы для палітычнага дзеяння. Мабілізацыя ці для вулічнага, ці для электаральнага дзеяння мусіць пераадолець шэраг бар’ераў, якія натуральна ўзнікаюць у аўтарытарных умовах, — такія, як страх і няўпэўненасць асобнага чалавека ў тым, што дзякуючы яму палітычнае дзеянне большасці можа дасягнуць поспеху. Ва ўмовах сацыяльнай атамізацыі і разбурэння гарызантальных каналаў камунікацыі паміж людзьмі такі стэрэатып амаль немагчыма пераадолець тым, чым можна дамагчыся перамогі ў дэмакратычных умовах, — перавагай у некалькі працэнтаў грамадскай падтрымкі. Да таго ж, калі гутарка ідзе аб электаральных дзеяннях, менавіта супербольшасць можа запярэчыць фальсіфікацыі выбараў, мабілізаваць грамадскі супраціў фальсіфікацыі (больш падрабязна пра гэта гл. ніжэй на прыкладзе Сербіі).

Перад дэмакратычнай апазіцыяй паўставала задача пераўтварэння нарастаючай масы пасіўных апанентаў рэжыму і значнай часткі балота ў сваіх актыўных прыхільнікаў. І тут апазіцыя сутыкалася з праблемай “гары і Магамета” — адзін факт яе існавання не выклікаў энтузіязму з боку грамадства. Яна мусіла пераадолець і грамадскія стэрэатыпы, і культурныя бар’еры, што першапачаткова аддзялялі яе ад большай часткі электарату, дзеля чаго неабходна было збудаваць моцныя інстытуты камунікацыі з грамадствам, дасягнуць арганізацыйнага і ідэалагічнага адзінства ў сваіх шэрагах і, самае галоўнае, выпрацаваць дэмакратычную альтэрнатыву, якая б знайшла падтрымку ў сярэднестатыстычнага грамадзяніна. У апісаных раней палітычных і сацыяльных умовах, што прыводзілі да мінімізацыі грамадскай актыўнасці, адзіным практычным спосабам дайсці да людзей заставаўся ўдзел у палітычным працэсе, арганізаваным рэжымам, а менавіта — у выбарах. Неабходнасць удзелу ў “сістэмным” палітычным працэсе абумоўлівалася яшчэ й тым, што менавіта перамога на выбарах надае легітымнасць прэтэнзіям апазіцыі на ўладу і канчаткова разбурае “квазідэмакратычную” легітымнасць дыктатараў. Тым самым знікае лаяльнасць да лідэра і ягонага ўласнага апарату з боку грамадства, заснаваная на факце яго колішняга абрання народам і ўпэўненасці ў яго неабмежаваных магчымасцях захавання ўлады праз “рэгуляваны” выбарчы працэс, што прадухіляе ў апазіцыі памкненне здабыць уладу, а ў дзяржапарату — да сабатажу і “здачы” свайго патрона. Забягаючы наперад, падкрэслім, што ў сербскім выпадку падзеі разгортваліся ў паслядоўнасці “выбары — сілавая акцыя — здача лідэра ўнутраным колам”, прычым без першай часткі, пераканаўчай перамогі на выбарах, дзве іншыя былі б немагчымыя.

Вядома, перспектыва ўдзелу ў выбарах, арганізаваных рэжымам, стварала небяспеку яго легітымізацыі як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Гэткая небяспека была больш адчувальнай у выпадку Беларусі, дзе палітычны працэс быў апанаваны рэпрэсіўным апаратам у значна большай ступені, чым у Сербіі. Аднак праўда і тое, што ў беларускім выпадку быў мацнейшым і папулісцкі падмурак улады, што рабіла яшчэ больш актуальным пытанне ліквідацыі “квазідэмакратычнай легітымнасці” прэзідэнта і пакідала яшчэ менш надзеяў — ва ўмовах старанна падтрымліванай ізаляцыі апазіцыі ад грамадства, — што неінстытуцыйныя метады палітычнага дзеяння змогуць дасягаць сацыяльнага асяроддзя, шырэйшага за апазіцыйную палітычную субкультуру.

Абодва лідэры не мелі ніякіх ілюзіяў наконт таго, да чаго можа давесці лібералізацыя выбарчага заканадаўства. Таму патрабаваць ад іх свабодных і справядлівых выбараў было тое самае, што прасіць іх застрэліцца. Фактычна, ва ўмовах, калі апазіцыя не мела сродкаў для масавай мабілізацыі на неінстытуцыйную палітычную дзейнасць (і болей за тое, як будзе зазначана ніжэй, вулічная мабілізацыя рабілася магчымай праз мабілізацыю электаральную), шлях да свабодных выбараў ляжаў праз перамогу ў выбарах несвабодных.



 
   

“Маральная” палітыка ці палітычная самаізаляцыя?

Важным чыннікам у ператварэнні палітычнай апазіцыі ў эфектыўную і канкурэнтную альтэрнатыву аўтарытарным рэжымам мусіла стаць узаемадзеянне апазіцыйнай палітычнай і грамадзянскай супольнасці. Дарма што гэтыя асяроддзі непазбежна разглядаліся ўладай як дзве часткі апазіцыі і што між імі існавала шчыльная ўзаемасувязь, у дзвюх супольнасцяў былі і ёсць свае спецыфічныя мэты і функцыі. Грамадзянская супольнасць, якое ўвасабляецца ў сетцы няўрадавых арганізацый, гэта перш-наперш асяроддзе, што спрыяе незалежнай самаарганізацыі грамадзян для абароны грамадскіх (а не вузкапартыйных) інтарэсаў. Вядома, ва ўмовах, калі сама ідэя самаарганізацыі ўспрымаецца палітычным рэжымам як крыніца пагрозы для свайго існавання, грамадзянская супольнасць непазбежна становіцца апазіцыйнай і пераўтвараецца ў пэўную зону аўтаноміі для незалежнай думкі і дзеяння, у адпаведнасці з вядомым прынцыпам “жыць у свабодзе ў несвабоднай краіне”, сфармуляваным былым польскім дысідэнтам Адамам Міхнікам. Палітычная супольнасць непазбежна пераўтвараецца ў зону больш вузкіх інтарэсаў, што азначаюцца інтарэсамі і ідэнтычнасцямі палітычных партыяў і рухаў, а таксама амбіцыямі іх лідэраў. Ва ўмовах, калі і палітычная, і грамадзянская супольнасць з’яўляюцца па сутнасці апазіцыйнымі, на долю другой ускладаецца адказная і цяжкая місія падрыхтоўкі сацыяльнай глебы для палітычных пераменаў, а таксама ў некаторых выпадках — інтэлектуальнай і нават арганізацыйнай дапамогі палітычнай апазіцыі, дзейнасць якой паводле азначэння рэгулюецца больш кароткімі “часавымі гарызонтамі”. Але каб выконваць сваю ролю, грамадзянская супольнасць павінна мець пэўную ступень арганізацыйнай і ідэалагічнай незалежнасці ад палітычнай апазіцыі — інакш яна пераўтвараецца ў служку вузкіх інтарэсаў у яе шэрагах.

Грамадзянская супольнасць імкнецца дасягнуць пэўных базавых умоваў у грамадстве, змагаецца за прынцыпы, а не за канкрэтных асобаў, і тым самым імкнецца да больш шырокіх мэт ды дзейнічае інакш, чым супольнасць палітычная, для якой прынцып і канчатковая мэта час ад часу саступаюць месца прагматычнаму разліку і кароткачасовым інтарэсам. У той жа час, грамадзянская супольнасць пры аўтарытарызме часта будуецца на спецыфічна вызначаных этычных прынцыпах, што вызнаюць маральным толькі існаванне ў вузкім коле “паралельнага грамадства” (дзе, адпаведна ідэі, і захоўваецца свабода), максімальна ізаляванага ад уплыву і ідэалагічнай апрацоўкі афіцыйнага грамадства. Гэтая ідэя “этычнасці” грамадзянскай супольнасці і самакаштоўнасці “паралельнага грамадства” сваімі каранямі ўзыходзіць да часоў дысідэнцкіх рухаў у Сярэдняй Еўропе, дзе яна ўвасобілася ў прынцыпе “антыпалітыкі”. Зазначым, аднак, што “маральнасць” антыпалітыкі можа быць прызнанай толькі ў выпадку жорстка кантраляваных таталітарных дзяржаваў, дзе дзейнічае вядомы прынцып, пра які добра сказаў Уінстан Чэрчыль: “Забаронена ўсё, а ўсё дазволенае — абавязковае”, і любы ўдзел у палітычным жыцці можа ажыццяўляцца толькі ў межах афіцыйнай ідэалогіі кіроўнай партыі. Відавочна, што аўтарытарныя рэжымы, асабліва тыя, што вызначаюцца пэўнай ступенню інстытуцыйнага “дуалізму”, пад гэтую катэгорыю не падпадаюць. У той жа час “этычная” грамадзянская супольнасць можа стаць і надзвычай эфектыўным сродкам палітычнай барацьбы, але, як я ўжо зазначыў у дачыненні да польскага досведу, гэта магчыма толькі тады, калі сама аўтарытарная ўлада (як правіла, навязаная грамадству звонку) ператвараецца ў палітычную субкультуру, што не мае ідэалагічнага ўплыву на грамадства. Ва ўмовах, калі разбурэнне квазідэмакратычнай легітымнасці ўлады і стварэнне грамадскай супербольшасці ў падтрымку дэмакратычнай альтэрнатывы з’яўляюцца неабходнымі перадумовамі дэмакратычнай трансфармацыі, падштурхоўванне “этычнай” грамадзянскай супольнасцю палітычнай апазіцыі да адыходу ў “паралельнае грамадства” фактычна дэмабілізуе апошнюю і пакідае грамадства без дэмакратычнай альтэрнатывы.

Калі вярнуцца да палітычнай апазіцыі, дык галоўнай прычынай, што перашкаджала яе эфектыўнай дзейнасці ў абедзвюх краінах, была стракатасць паходжання, палітычных, ідэалагічных і культурных арыентацыяў яе асобных плыняў і лідэраў. Часцяком сацыяльныя супярэчнасці ў расколатых грамадствах прыводзілі да расколаў у асяроддзі апазіцыі не толькі на “традыцыйнай ідэалагічнай” глебе (левыя супраць правых, лібералы супраць кансерватараў і г.д.), але і ў больш фундаментальных пытаннях, такіх, як дзяржаўнасць, нацыя і нават сама дэмакратыя. Да таго ж, новаўтвораныя апазіцыйныя рухі і партыі ва ўмовах адсутнасці сталых дэмакратычных традыцый часта больш клапаціліся пра ўласную самаідэнтыфікацыю і замацаванне на палітычнай арэне, чым пра абарону шырэйшых надпартыйных інтарэсаў, чаму спрыялі неабмежаваныя палітычныя амбіцыі іх лідэраў.

Вось жа, лёс дэмакратычнай трансфармацыі ў аўтарытарных умовах непасрэдна залежаў ад здольнасці прыхільнікаў пераменаў да змайстравання дэмакратычнай альтэрнатывы пры палітычных і сацыяльных умовах, што спрыялі яе заняпаду. Палітычная апазіцыя мусіла прайсці праз колы няўдач, расчараванняў і ўнутраных канфліктаў.

Галоўнымі чыннікамі поспеху сербскай апазіцыі было не толькі расчараванне пераканаўчай большасці сербскага грамадства ў Мілошавічу, але і плён доўгага перыяду навучання на ўласных памылках, што ўрэшце выпрацавала ў апазіцыі волю да яднання і ўгрунтавала яе ў грамадстве дзякуючы ўдзелу ў “сістэмнай палітыцы”. Фактарам поспеху было таксама эфектыўнае супрацоўніцтва паміж палітычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, якая “загадзя падрыхтавала” дэмакратычныя перамены.

Галоўнымі чыннікамі дагэтулешняй палітычнай бездапаможнасці беларускай апазіцыі былі яе няздольнасць вырвацца з замкнутага кола існавання ў паралельным грамадстве і пераадолець унутраныя супярэчнасці, што працягвалі раз’ядноўваць яе нават тады, калі фармальна яна гуртавалася.

Працяг будзе.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (27) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/09/30