A R C H E П а ч а т а к № 4 (27) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42003
» да Зьместу «

 


ЧЭСКІ АЛЬБОМ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Чэскі альбом

ІВАН АДЗІЛА ШТАМПАХ

(81Kb) Вокладка ARCHE 4-2003. ЧЭСКІ АЛЬБОМ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Іван Адзіла Штампах
 
 
Новая рэлігійная сытуацыя: індывідуалізацыя веры*

* Асновай для артыкулу паслужыла лекцыя, прачытаная ў жніўні 1999 году на сэмінары, прысьвечаным палітычным свабодам, які быў арганізаваны пэдагагічным факультэтам Унівэрсытэту імя Палацкага ў Аламоўцы. Назва артыкулу ў арыгінале — “Рэлiгiйны спэктар Чэскай Рэспублiкi”.

 
1. Крынiцы iнфармацыi

Iнфармацыя аб рэлiгiйнай сытуацыi на тэрыторыi Чэхii ня з шэрагу лёгкадаступных. Вiдавочна, пра зарэгiстраваныя рэлiгiйныя суполкi, якiя самi даюць iнфармацыю i дзейнасьць якіх навідавоку, вядома больш.

Яшчэ адною крынiцай ёсьць перапiс насельнiцтва, якi праводзiцца раз на 10 год. Перапiс утрымлiвае толькi адно пытаньне, цiкавае ў дачыненьнi да рэлiгiйнай сытуацыi, — пра канфэсiйную прыналежнасьць. Рэлiгiйныя суполкi маюць свае ўласныя правiлы вызначэньня, хто ёсьць iх вернiкамi. Адказы ў перапiсе неабавязкова супадаюць з дадзенымi суполак, яны, хутчэй, паказваюць, зь якой канфэсiяй атаесамляюць сябе i сваiх дзяцей асобныя грамадзяне. I ўсё ж нават пры адным пытаньнi на рэлiгiйную тэму перапiсныя лісты даюць багата iнфармацыi. Узьнiкаюць камбiнацыi зьвестак. Так, напрыклад, узьнiкае тыповы вобраз асобаў, якiя адносяць сябе да пэўнага веравызнаньня ў залежнасьцi ад адукацыi, веку, месца жыхарства, даходу, прафэсii.
 

2. Месца рэлiгii ў Чэскай Рэспублiцы

Закон дае хрысьцiянскiм цэрквам i iншым рэлiгiйным суполкам магчымасьць зарэгiстравацца, а праз гэта набыць яшчэ больш магчымасьцяў. Трэба, аднак, катэгарычна адкiнуць вельмi пашыраную памылку, быццам зарэгiстраваныя суполкi зьяўляюцца цэрквамi, а незарэгiстраваныя — сэктамi. Па-сэктанцку (г. зн. аўтарытарна, неталерантна) можа сябе паводзiць як хрысьцiянская царква, так i нехрысьцiянскія суполкi, аднак гэта ня мае нiчога супольнага зь дзяржаўнай рэгiстрацыяй.

Рэгiстрацыя надае рэлiгiйнай суполцы статус юрыдычнай асобы i дае тым самым магчымасьць уступаць ад уласнага iмя ў праўныя дачыненьнi — набываць маёмасьць, прадаваць, купляць, здаваць у арэнду. З рэгiстрацыi вынiкае i права на дзяржаўную грашовую дапамогу, што рэгулюецца рознымi праўнымi нормамi. Акрамя таго, дзяржава пакрывае выдаткi на заробкi царкоўным служкам, асаблiва духавенству. Цiкавая праўная анамалiя: разам з тым, паводле юрыдычных дакумэнтаў Канстытуцыйнага суду, сьвятары не валодаюць усімі тымі правамі, якімі валодаюць службоўцы, а рэлiгiйныя суполкi не нясуць усіх абавязкаў працадаўцаў. Акрамя таго, дзяржава разам з грамадзкiмi i рознымi прыватнымi юрыдычнымі асобамі выдаткоўвае цэрквам i астатнiм рэлiгiйным суполкам сродкi на царкоўныя будынкi (касьцёлы, плябанi, кляштары i г.д.). Дзяржава фiнансуе пачатковыя i сярэднія царкоўныя школы ў такіх жа аб’ёмах, як i дзяржаўныя, а таксама робiць грашовы ўнёсак на разьвiцьцё царкоўных сацыяльных iнстытутаў i актыўнай царкоўнай дзейнасьцi.

Рэгiстрацыя дае і іншыя магчымасьцi. Па-першае, трэба згадаць права выкладаць закон Божы ў школе. Кiраўнiцтва школаў павiнна бясплатна даць памяшканьне, у тым ліку ацяпленьне, асьвятленьне i г.д., упаўнаважаным прадстаўнiкам рэлiгiйных суполак, а таксама арганiзаваць навучаньне пры наяўнасьці жаданьня з боку дзяцей альбо iх бацькоў. Сьвятары маюць права аказваць духоўную дапамогу ў шпiталях i падобных установах. Гэтае права можа быць абмежаванае толькi з мэдыка-санiтарных прычынаў. Акрамя таго, дзьве найвялiкшыя цэрквы, Рыма-каталiцкі касьцёл i Эвангельская царква чэскiх братоў, выкарыстоўваюць магчымасьць аказаньня духоўнай дапамогi ў войску. Духоўнiкi зарэгiстраваных цэркваў маюць таксама права аказаць духоўную падтрымку абвiнавачваным і асуджаным у адпаведных установах.

Цiкавымi самi па сабе ёсьць i ўмовы рэгiстрацыi. Зарэгiстраванымi лiчацца рэлiгiйныя арганiзацыi, якiя мелi дазвол дзейнiчаць за камунiстычным часам, пры гэтым без увагi пакiдаецца, напрыклад, колькасьць сяброў (да лiку гэткiх арганiзацыяў належаць i такiя, якiя налiчваюць, паводле перапiсу, толькi некалькi соцень сяброў). Новыя рэлiгiйныя суполкi могуць зарэгiстравацца пры ўмове наяўнасьцi каля 10 000 вернiкаў. Трэба адзначыць, што хрысьцiянскiм цэрквам, сябрам Сусьветнай рады цэркваў, для рэгiстрацыi досыць усяго 500 подпiсаў. Таму ўжо некалькi год гавораць пра ўцiск рэлiгiйных меншасьцяў.

Аддзел па рэлiгiйных пытаньнях пры Мiнiстэрстве культуры падрыхтаваў новы праект закону, што будзе рэгуляваць умовы рэгiстрацыi рэлiгiйных суполак. Умовы будуць супольнымі для ўсiх i шматкроць лягчэйшымi. Для рэгiстрацыi будуць патрэбныя ўсяго 300 подпiсаў. Аўтаматычна акрэдытаванымi будуць усе 21 царква i астатнiя рэлiгiйныя суполкi, што iснуюць на дадзены момант. Для астатнiх умовы будуць цяжэйшыя, чым былi дагэтуль. Яны павiнны будуць падаць 20 000 подпiсаў (0,2% грамадзянаў) i быць зарэгiстраванымi ня менш за 10 год. Законапраект прадугледжвае і вось якое цiкавае абмежаваньне: забарону на выкарыстаньне псыхатэрапэўтычных мэтадаў у працы зь вернiкамi. Узьнікае пытаньне, а цi ня будуць забароненыя тэрапэўтычныя цэнтры, напрыклад, каталiцкай арганізацыі “Карытас”, эвангельскія “Дыяконіі” ды iнш. Цiкава, што тэрапiя як лячэньне лічыцца ўжо небясьпечнай дзейнасьцю.

— сьвятар старакаталіцкага касьцёла, доктар тэалёгіі і грамадзкі дзяяч, аўтар кніг “Малы агляд рэлігіяў” (Malý přehled náboženství), 1992; “Сэкты” (Sekty), 1992; “Жыцьцё, дух і ўсё” (Život, duch a všechno), 1994 і іншых. Тэкст друкуецца з ласкавай згоды аўтара.
   

 

3. Гiстарычныя каранi сёньняшняга рэлiгiйнага жыцьця

Хрысьцiянства на тэрыторыi сучаснай Чэхii зьявілася хутчэй за ўсё спачатку ў выглядзе самабытнага кельцкага хрысьцiянства (г.зв. iрляндзка-шатляндзкая мiсiя), а пазьней — лацiнскага, заходняга хрысьцiянства з тэрыторыi Сьвятой Рымскай iмпэрыi (сучаснай Нямеччыны). У ІХ стагодзьдзі мела месца спроба пахiснуць уплывовую пазыцыю лацiнскага хрысьцiянства празь бiзантыйскую мiсiю, якая ахапiла галоўным чынам Маравiю. У ХІ стагодзьдзі значна пераважала хрысьцiянства рымскага тыпу. Спробы ўзяць за аснову ўсходнiя каранi былi адзiнкавымi. Разам з хрысьцiянамi на тэрыторыі сучаснай Чэхii жылі жыды-юдэі. Сувязь памiж гэтымi дзьвюма народнасьцямi была нязначнай. Юрыдычнае раўнапраўе жыды атрымалi толькi ў апошнiя два стагодзьдзi.

XV i XVI стагодзьдзі пазначаны iмкненьнем рэфармаваць царкву. Прадстаўнiчыя фігуры рэфармацыi гэтага часу — канстанцкiя пакутнiкi Ян Гус i Еранiм Праскi. Па гусiцкiх войнах апрача рыма-каталiцкай меншыні зьявiлiся яшчэ дзьве рэлiгiйныя групы: чашнiкi (стара- i новатраквiсты) i Братэрскае адзiнства. Абедзьве ўзьнiклi пад уплывам нямецкай i швайцарскай рэфармацыяў, толькi частка чашнiкаў знаходзiлася пад пераважным уплывам лютэранства, а браты — кальвiнiзму. Гэтыя групы здолелi надалей супрацоўнiчаць, а за аснову разам прызнавалi гусiцкiя каранi. Лучнасьць гэтых групаў выявілася ўва ўзьнiкненьнi Чэскай канфэсii (1575), якая была ня толькi рэлiгiйным, але й палiтычным аб’яднаньнем рэфарматарскiх цэркваў. Пасьля задушэньня паўстаньня ў 1620 годзе адбываецца рэкаталiцызацыя краіны. Рэфарматарскiя цэрквы апынаюцца ў выгнаньнi цi сыходзяць у падпольле, зь якога выходзяць пасьля ўвядзеньня рэлігійнае талерантнасьці імпэратарам Ёзафам ІІ у 1781 годзе.

Расчараваньнi ў выніку гусiцкiх войнаў у першай палове XVII стагодзьдзя, асьветнiцтва часоў кіраваньня Ёзафа ІІ, а таксама iндустрыялiзацыя ў ХІХ стагодзьдзі прывялi да аслабленьня сувязяў некаторых грамадзкiх групаў з хрысьцiянствам i рэлiгiяй наагул. Рэлiгiйная сцэна на момант узьнiкненьня Чэхаславацкай Рэспублiкi была вельмi стракатай, але ў той жа час даволi слабой. З 1918 году паступова ўмацоўваюцца рэлiгiйныя свабоды. У гэты ж час, як зазначаюць некаторыя дасьледнiкі, адбываецца пэўны заняпад рэлiгiйнага жыцьця. Рэлiгiйнай катастрофай для чэскага грамадзтва стаўся камунiстычны рэжым 1948—1989 гадоў. Здаецца, аднак, што зярнё атэiстычнай прапаганды, якая вялася ў школах i iншых установах, трапiла на падрыхтаваную глебу, i нельга ўсё прыпiсваць аднаму толькi ўцiску. Рэжым паспрабаваў ня толькi ўзяць пад кантроль унутранае жыцьцё царквы, але i абмежаваць яе звонку. Многа шкоды нанесьлi пасьпяховыя спробы кантраляваць царкву знутры з дапамогай дэмаралiзаваных сьвятароў.
 

4. Адгалiнаваньнi хрысьцiянства

Прыкладна з ІХ—Х стагодзьдзяў на тэрыторыi сучаснай Чэхii галоўную ролю адыгрывала хрысьцiянства. Гiстарычныя падзеi ў сьвеце вялi да падзелу хрысьцiянства на розныя кiрункi, бальшыня зь якiх так цi iнакш прадстаўленыя на чэскай зямлi. Каб разгледзець асобныя зарэгiстраваныя цэрквы, трэба спачатку прывесьцi агульную iнфармацыю пра асобныя адгалiнаваньнi, iх узьнiкненьне, адметнасьцi i прадстаўнiцтва ў сьвеце. Зьвернем увагу толькi на тыя хрысьцiянскiя кiрункi, якiя існуюць ў наш час.
 

а) Старажытныя ўсходнiя цэрквы

У V стагодзьдзі ўва ўсходнiм Мiжземнамор’i (потым гэта адгукнулася i ў iншых частках тагачаснага хрысьцiянскага сьвету) адбыўся канфлiкт. Дыскусiя вялася аб тым, якiм чынам патлумачыць адну з найважнейшых догмаў хрысьцiянства, што Ісус Хрыстос ёсьць адначасова i чалавек, i Бог. Узьнiклі дзьве канцэпцыi. Прыхiльнiкi першай не пярэчылi таму, каб людзкое падабенства Хрыста распусьцілася ў ягонай боскасьцi (монафiзытызм). Прыхiльнiкi адваротнай канцэпцыi (нестарыянства) катэгарычна аддзялялi адну сутнасьць Хрыста ад другой. Пасярэднi пункт погляду стаўся падмуркам фармаваньня галоўнай плынi заходняга i ўсходняга хрысьцiянства. Усе тры адгалiнаваньнi лiчылi якраз сябе прававернымi, а iншых абвiнавачвалi ў ерасi. Спадкаемцы нестарыянскай традыцыi ў наш час уяўляюць сабой малую суполку асырыйскай артадаксальнай царквы, распаўсюджанай пераважна ў Iране. Другi кiрунак прадстаўлены вялiкiмi цэрквамi зь мiльёнамi вернiкаў у Этыёпii, Арменii й меншымi цэрквамi, такiмi, як копцкая ў Эгiпце, якабiцкая пераважна ў Сырыi, малабарская ў Iндыi i iнш. Нiводная з гэтых цэркваў у Чэхii арганiзавана не прадстаўленая.

 
   

 

б) Праваслаўе

У сярэдзiне ХІ стагодзьдзя дасягнула свайго апагею спрэчка памiж усходнiм i заходнiм хрысьцiянствам. Доўга iснавала адрозьненьне ў вядзеньнi iмшы i абрадавай практыцы: ужо ў ІХ стагодзьдзі царква ў Бiзантыйскай iмпэрыi адчула патрэбу бараніцца ад Рыму ў справе абраньня канстантынопальскага патрыярха. Канфлiкт быў вырашаны, i асобныя патрыярхаты (Рым, Царград, Александрыя, Антыёхiя, Ерусалiм) жылi ў адноснай згодзе. Сутнасьцю спрэчкi ў 1054 годзе была зьмена, якую ў “Вызнаньне веры” ўнесла лацiнская царква. Першапачатковае, супольнае для ўсiх “Вызнаньне веры” казала пра Дух Сьвяты, якi “ад Айца паходзiць”. Заходняя царква пасьля ўнутраных спрэчак пачала афiцыйна ўжываць фармулёўку “ад Айца i Сына паходзiць”. Гэтая спрэчка пра ўнясеньне дадатку ў першапачатковы тэкст стала называцца спрэчкай аб Філіёквэ. З гэтага часу заходняе хрысьцiянства iснавала самастойна i азначалася звычайна як каталiцкая царква; усходняе хрысьцiянства найчасьцей называюць артадаксальным, цi праваслаўным. Праваслаўе iснуе сёньня як вольная супольнасьць незалежных (аўтакефальных) цэркваў. Акрамя згаданых старых патрыярхатаў iснуюць вялiкiя цэрквы ўва Ўсходняй Эўропе (Расея, Украiна) i на Балканах (Грэцыя, Македонiя, Сэрбiя, Баўгарыя, Румынiя, Альбанiя). У шматлiкiх iншых краiнах, у тым ліку i ў Чэcкай Рэспублiцы, ёсьць невялiкiя праваслаўныя цэрквы, вернiкамi якiх зьяўляюцца цi то карэнныя жыхары, цi то перасяленцы з праваслаўных рэгіёнаў. Агульны лiк праваслаўных цяжка вызначыць з дакладнасьцю, але можна сказаць, што колькасьць вернiкаў складае прыкладна 200 мільёнаў.
 

в) Рыма-каталiцтва

Па расколе ў ХІ стагодзьдзі заходняя царква распаўсюджвалася з Заходняй Эўропы на iншыя часткi сьвету. Утваралася магутная арганiзацыя, што цэнтралiзавалася вакол рымскага папства. У гэтым сэнсе можна ўжо казаць пра рыма-каталiцтва. Пазьней каталiцкая царква далучыла да сябе некаторыя старажытныя заходнiя й праваслаўныя цэрквы. У такiм сэнсе кажуць ужо ня толькi пра рымскiх, але i пра, напрыклад, копцкiх, армянскiх, халдэйскiх i iнш. каталiкоў. Магутны мiсiйны размах, што пачаўся ў XVI стагодзьдзі, далучыў да царквы новыя вялiкiя абшары, асаблiва ў Лацiнскай Амэрыцы. Каталiцкая царква мае вялiкi ўплыў у некаторых краiнах Паўднёвай i Заходняй Эўропы (Партугалiя, Гiшпанiя, Iталiя, Iрляндыя, Францыя, Бэльгiя, Аўстрыя, частка Нямеччыны). З краiнаў Сярэдняй Эўропы наймацнейшыя пазыцыi каталiцызм мае ў Польшчы i Славаччыне, слабейшыя — у Чэхii й Вугоршчыне. Паводле прыкладных падлiкаў, каталiкоў — каля мільярда. Зусiм iншыя зьвесткі падаюцца згодна з самаiдэнтыфiкацыяй, хростам i жыцьцёвай рэлiгiйнай практыкай. Па Другім Ватыканскiм саборы (1962—1965) цэрквы некаторых краiнаў атрымалi абмежаваную свабоду. Iх галоўнымi органамi сталi бiскупскiя канфэрэнцыi.
 

г) Рэфарматарскiя цэрквы

У заходнiм хрысьцiянстве рэфарматарскiя плынi ўзьнiклi яшчэ ў ХІІ—ХІІІ стагодзьдзі — рухi вальдэнсаў i альбiгойцаў. У XV стагодзьдзі пра сябе заявiла чэская рэфармацыя ў выглядзе гусiцкага руху i Братэрскага адзiнства. Знакавай датай пачатку сусьветнай рэфармацыi лiчыцца 1517 год, калi Марцiн Лютэр выступiў з сваiмi тэзамi абнаўленьня i выпраўленьня царквы. У той жа час спробы рэфармаваць царкву чыніліся ў Швайцарыi й Шатляндыi. Спроба аб’яднаць усе iмкненьнi рэфарматарскага характару ў адзiны рух ня мела посьпеху. Так узьнiклi дзьве галоўныя плынi пратэстанцкага хрысьцiянства: лютэранская царква (сёньня асаблiва моцная ў Нямеччыне, Скандынавii, Латвii, Эстонii, Славаччыне, ЗША, зь лiкам вернiкаў каля 75 мільёнаў) i рэфармаваныя цэрквы (кальвiнiсцкая, наймацнейшае прадстаўнiцтва — у Шатляндыi, Швайцарыi, Нiдэрляндах, частцы Нямеччыны, Вугоршчыне). Неўзабаве стала незалежнай ад Рыму i царква ў Англii, якая пайшла ўсьлед за сусьветнай рэфармацыяй i ўтварыла самастойнае адгалiнаваньне на мяжы каталiцкага i пратэстанцкага тыпаў. Англiканства пашырылася на ўсёй тэрыторыi Брытанскай садружнасьцi. Рэфарматарскiя цэрквы галiнавалiся далей, i ўзьнiкалi новыя кiрункi ўнутры пратэстантызму (рухi пiетысцкi, эвангелiчны, трынiтарскi). Фармавалiся асобныя аб’яднаньнi, як, напрыклад, мэтадысты, баптысты, адвэнтысты й iншыя, кожнае зь якiх мае свае адметнасьцi. Можна агулам казаць, што памiж пратэстанцкiмi цэрквамi на сёньняшнi дзень пануе згода, узаемнае прызнаньне i супрацоўнiцтва. Пратэстантаў усiх адгалiнаваньняў налічваецца каля 400 мільёнаў. Дакладнейшую лiчбу даць вельмi цяжка.

 
   

 

д) Старакаталiцкiя цэрквы

Усе цэрквы каталiцкага тыпу, што прытрымлiваюцца традыцыi, пэўнага вядзеньня лiтургii, арганiзацыi працы бiскупаў, не прынялi мадэлі цэнтралiзаванай рымскай царквы. Такой суполкай з значнай унутранай аўтаномiяй былi чэскiя чашнiкi ў сярэдзіне XV стагодзьдзя. Часам царкоўныя суполкi ў пэўных краiнах узмацнялi незалежнiцкiя рухi (галiканства, фэбраніянства). У 1723 годзе стала незалежнай Утрэхцкая царква. У ХІХ стагодзьдзі набыла самастойнасьць частка польскiх каталiкоў. Сучасны выгляд старакаталіцкая царква набыла па Першым Ватыканскiм саборы (1870) як выраз нязгоды з далейшым узмацненьнем рымскай цэнтралiзацыi. Ядром сёньняшняга старакаталiцкага руху ёсьць Утрэхцкая унiя (прыкладна 100 тысяч вернiкаў), рэпрэзэнтаваная Мiжнароднай бiскупскай канфэрэнцыяй. Асобныя цэрквы, якiя ўваходзяць ува Утрэхцкую унiю, не залежаць анi ад Утрэхту, анi адна ад адной. Утрэхцкая унiя мае добрыя дачыненьнi зь iншымi цэрквамi, што не ўваходзяць у яе склад, але належаць да старакаталiцкай традыцыi (напрыклад, польскiя марыявiты), зь некаторымi нацыянальнымi цэрквамi i з сусьветным англiканскiм супольнiцтвам.
 

е) Нацыянальныя цэрквы

Нацыянальныя каталiцкiя цэрквы ўзьнiкалi як выраз тугі па незалежнасьцi, асаблiва ў ХХ стагодзьдзі. Дзьве значныя колькасьцю царквы захавалi каталiцкi характар: фiлiпiнская незалежная царква з 38 бiскупамi i люсiтанская царква ў Партугалii (сёньня зьвязаная з англiканскiм супольнiцтвам). Падобная царква ўзьнiкла таксама i ў былой Чэхаславаччыне. Цяпер яна стаiць на мяжы каталiцызму ды пратэстантызму i шукае сваё месца ў грамадзтве.
 

5. Агляд зарэгiстраваных цэркваў i рэлiгiйных суполак

Асноўныя зьвесткі аб прыведзеных нiжэй зарэгiстраваных цэрквах i iншых рэлiгiйных суполках узятыя з крыху састарэлых зьвестак перапiсу насельнiцтва 1991 году. Там, дзе сучаснае дасьледаваньне сьведчыць пра драматычныя працэсы, на тое зьвернем увагу асобна. Варта зазначыць, што падчас перапiсу 16,2 % грамадзянаў Чэскай Рэспублiкi не далi нiякай iнфармацыi. Таму вельмi няпроста iнтэрпрэтаваць такi iнфармацыйны прагал. Адказ “без вызнаньня” далi ў перапiсе 39,9% чэскiх грамадзянаў.

Рыма-каталiцкая царква раўнамерна прадстаўленая на ўсёй тэрыторыi Чэскай Рэспублiкi i мае дзьве царкоўныя правiнцыi: чэскую (праская арцыдыяцэзiя i дыяцэзii лiтамнержыцкая, плзэньская, будзяёвiцкая ды градацкая) i мараўскую (аламоўцкая архiдыяцэзiя i дыяцэзii астраўска-апаўская ды брненская). Улада ў дыяцэзiях належыць бiскупам. Парафiяў маецца каля трох тысячаў. Прамежкавым зьвяном зьяўляюцца вiкарыяты (Чэхiя) альбо дэканаты (Маравiя). Да гэтай царквы аднесьлi сябе 4 021 385 чалавек рознага веку, то бок 39 % чэскiх грамадзянаў. Рыма-каталiцкая царква мае элемэнты дзяржаўнага ўтварэньня: адзiн з найвышэйшых прадстаўнiкоў царквы мае сан кардынала — дзяржаўнага сакратара, а кiраўнiцтва царквы (а не дзяржава Ватыкан!) падтрымлiвае дыпляматычныя дачыненьнi з краiнамi. Для гэтай царквы характэрная наяўнасьць манаскiх суполак, i прыкладна трацiна духоўнiкаў — манахi. Найвялiкшыя мужчынскiя манаскiя ордэны — бэрнардынцы, францішканцы, езуiты, прэманстраты, дамiнiканцы. Сярод жаночых манаскiх ордэнаў можна згадаць урсулінак, сёстраў Сьв.Вінцэнта, крыжовых сёстраў, барамэек, сёстраў Сьв.Кірылы. Рыма-каталiцкай царкве падпарадкоўваюцца тры тэалягiчныя факультэты ў Празе, Аламоўцы i Чэскiх Будзяёвiцах. Паводле некаторых падлiкаў, колькасьць рыма-каталiкоў з 1991 году скарацiлася напалову.

— Да грэка-каталiцкай царквы належаць грамадзяне пераважна славацкага цi русiнскага паходжаньня, якiя прытрымлiваюцца бiзантыйска-славянскага абраду. Арганiзацыйна гэтая царква далучаная да рыма-каталiцкай праз Чэскую бiскупскую канфэрэнцыю. Арганiзацыйнай формай грэка-каталіцкай царквы ёсьць гэтак званы экзархат на чале зь бiскупам. Царква мае некалькi аддаленых адна ад адной, раскiданых парафiяў, лепш прадстаўленых у перасяленчых рэгiёнах. З грэка-каталiцкай царквой атаесамлялі сябе 3 199 чалавек.

Старакаталiцкая царква ўзьнiкла на чэскай тэрыторыi па Першым Ватыканскiм саборы пераважна ў асяродзьдзi нямецкамоўных грамадзянаў. Па iх высяленьнi засталося 5 чэскiх прыходаў. Гэтая царква была лёгкай здабычай камунiстычнага рэжыму. У апошняе дзесяцiгодзьдзе яна адрадзiлася i цяпер пашырае свой уплыў. Сёньня старакаталiцкая царква мае 11 прыходаў (у тым ліку праскi англiканскi). Найвышэйшым органам ёсьць сынод, якi абiрае бiскупа i сынадальную раду. Лiк вернiкаў складае 2 725 чалавек.

Праваслаўная царква на тэрыторыi Чэскай Рэспублiкi iснуе ў выглядзе розных груповак. Адну частку складаюць нашчадкi чэхаў, якiя ў пэрыяд нацыянальнага адраджэньня i барацьбы па ўзьнiкненьнi Чэхаславакii шукалi новую рэлiгiйную арыентацыю, а таксама тыя, хто сам навярнуўся ў праваслаўе. Самастойнай найвялiкшай групоўкай зьяўляюцца валынскiя чэхi, рэпатрыяваныя пераважна па другой сусьветнай вайне, якiя жывуць на тэрыторыях, пакiнутых немцамi. Наступнай групоўкай ёсьць славакi i русiны, а менавiта ўкраiнцы паходжаньнем з Славаччыны й Закарпацьця. Астатнiя вернiкi — перасяленцы розных праваслаўных у сваёй бальшыні народаў (расейцы, украiнцы, сэрбы, баўгары, грэкi ды iнш.). Прыкладна 60 прыходаў адносяцца да дзьвюх епархiяў на чале зь бiскупам. Праскi бiскуп мае сан мiтрапалiта, а ягоны намесьнiк — вiкарыя праскай епархii. Да царквы далучылі сябе 19 354 вернiкі.

Чэхаславацкая гусiцкая царква ўзьнiкла па ўтварэньнi Чэхаславаччыны зь лiку каталiкоў, якiя iмкнулiся спалучыць хрысьцiянства з нацыянальнай традыцыяй. З прыходам радыкальнага мадэрнiзму, якi адмаўляў асновы хрысьцiянскай традыцыi, з генэрацыi заснавальнiкаў гэтай царквы вылучылася суполка арыентаваных на нацыянальную традыцыю тэолягаў i iншых духоўнiкаў, якiя адштурхоўваліся ад сваёй першапачатковай рыма-каталiцкай адукацыi. Чэхаславацкая гусiцкая царква раней iмкнулася i працягвае цяпер аб’ядноўваць розныя чэскiя духоўныя традыцыi. Пiк папулярнасьцi гэтай царквы прыпадае на пэрыяд пасьля другой сусьветнай вайны, калi колькасьць сяброў наблiзiлася да мiльёна. З таго часу колькасьць вернiкаў увесь час скарачалася. На момант перапiсу прыхiльнiкамi гэтай царквы сябе вызналi 178 036 чалавек. Мяркуецца, што скарачэньне лiку сяброў будзе iсьцi такiм жа тэмпам. Асноўнай адзiнкай царквы ёсьць рэлiгiйная суполка, якая абiрае раду старэйшых на чале з прызначаным сьвятаром цi сьвятаркай. Прамежкавым зьвяном зьяўляюцца дыяцэзii (праская, плзэньская, градацкая, брненская, астраўская), на чале якiх стаяць бiскупы. Царкву афiцыйна рэпрэзэнтуе патрыярх, якi супрацоўнiчае зь iншымi выбарнымi органамi. У Празе месьцiцца Гусiцкi тэалягiчны факультэт Карлавага ўнiвэрсытэту.
 

 
   

Чэскабратэрская эвангельская царква ўзьнiкла ў 1918 годзе праз аб’яднаньне лютэранскай меншыні з рэфармаванай бальшынёй (кальвiнiстамi). Абедзьве суполкi мелі каранямi чэскую рэфармацыю. Асноўнай адзiнкай царквы ёсьць збор, прадстаўляны і кіраваны радай старэйшых на чале з куратарам i выбіраным сьвятаром. Зборы аб’ядноўваюцца ў рэгiянальныя сэньяраты. Найвышэйшы орган царквы — сынод, кiруе якiм сынадальная рада, сынадальны куратар i сынадальны сэньёр. Прыкладна 600 збораў раскiданы па тэрыторыi Чэхii й Маравii з найбольшым прадстаўнiцтвам у Празе і на Чэскамараўскім узвышшы. У Празе месьцiцца Эвангелiчны тэалягiчны факультэт, што мае дачыненьнi з гэтай царквой. З колькасьцю сваiх сяброў, што складае 203 996 чалавек, чэскабратэрская эвангельская царква была i застаецца другой паводле колькасьці вернікаў царквой у Чэскай Рэспублiцы. Здаецца, што колькасьць сяброў калi i скарачаецца, то значна павольней, чым у іншых цэрквах.

Сылеская эвангельская царква аўгсбурскага вызнаньня ўяўляе сабой лютэранскую плынь рэфармацыi. Распаўсюджаная толькi ў ваколіцах Цешына ў асяродку польска- i чэскамоўных грамадзянаў. Падчас перапiсу прыхiльнiкамi гэтай царквы назвалі сябе 33 130 чалавек. Царкву рэпрэзэнтуе выбіраны бiскуп. Мiж тым, у сувязi з складанасьцямi, што ўзьнiклi з падзеньнем камунiстычнага рэжыму, у межах сылескай эвангельскай царквы ўтварылiся дзьве самастойныя арганiзацыi. Стан царквы на сёньняшнi дзень няясны. Лютэранскае хрысьцiянства ў Чэхii прадстаўленае таксама i iншымi малымi царкоўнымi суполкамi.

Братэрская царква належыць да суполкi эвангельскіх цэркваў. Сябром гэтых цэркваў чалавек становiцца не на падставе жаданьня бацькоў, а пазьней, калi сам адчуе патрэбу ў веры, пажадае далучыцца да царквы i будзе прыняты зборам. Зборы Братэрскай царквы маюць значную незалежнасьць. Кiраўнiцтва царквой мае толькi частку паўнамоцтваў. Зборам кiруе рада старэйшынаў i казаньнік. У некалькiх дзясятках збораў налiчвалася 2 759 сяброў. Здаецца, што колькасьць вернікаў стабiльная i цяпер. Разам зь iншымi кангрэгацыйнымi цэрквамi належыць да шырэйшага рэфармаванага (кальвiнiсцкага) супольнiцтва.

Братэрскае адзiнства баптыстаў пасьлядоўна захоўвае эвангелiчныя традыцыі. Хрост учыняецца выключна на падставе веры i пры асабістым звароце як знак далучэньня да збору. Хросту, праведзенага да таго, царква не прызнае. Братэрскае адзiнства баптыстаў зьявілася на тэрыторыi Чэхii на пачатку ХХ стагодзьдзя. Некалькi дзясяткаў збораў мелi 2 544 сяброў. Пакуль усё сьведчыць пра тое, што колькасьць сяброў не зьмяншаецца.

Братэрскае адзiнства — непасрэдны спадкаемца першапачатковага Братэрскага адзiнства, заснаванага ў 1457 годзе. Сусьветная Unitas fratrum была заснаваная ў саксонскiм Гернгуце выгнанцамі-сябрамi двух збораў Адзiнства. Ужо адтуль праз актыўную мiсiйную дзейнасьць царква набывала ўсё большую папулярнасьць у цэлым сьвеце. Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя царква вярнулася на тэрыторыю продкаў i было заснавана 5 збораў, якiя ўтвараюць адну з правiнцыяў сусьветнага адзiнства, на чале з выбіраным бiскупам. У апошняе дзесяцiгодзьдзе ў Адзiнстве меў перавагу трынітарскі кiрунак i значна ўзрасла колькасьць сяброў.

Эвангельская мэтадычная царква ўзьнiкла як клюб унутры англiканскай царквы пад уплывам сяброў Братэрскага адзiнства на яе заснавальнiкаў — братоў Уэсьлі. Пазьней царква вымушана была стаць самастойнай. На тэрыторыi Чэхii яна зьявiлася на пачатку ХХ стагодзьдзя. Эвангельская мэтадычная царква вядомая сваёй сацыяльнай актыўнасьцю. На чале — выбарныя органы, а царкву рэпрэзэнтуе супэрiнтэндант. Да эвангельскай мэтадычнай царквы далучалі сябе 2 855 сяброў, i, здаецца, значных адхiленьняў ад гэтага лiку пакуль што няма.

Апостальская царква сярод зарэгiстраваных цэркваў рэпрэзэнтуе трынітарскi кiрунак. Гэтая царква эвангелiчнага тыпу ставiцца да хросту гэтаксама, як i баптысты. Акцэнтуе мiстычныя тайніцы, як прароцтвы, аздараўленьне хворых. Колькасьць сяброў у параўнаньнi з 1991 годам (тады 1 485) павялiчылася, арганiзоўваюцца новыя зборы. Зборы раскiданыя па ўсёй тэрыторыi Чэхii й асаблiва прадстаўленыя ў вялiкiх гарадох. Найбольшая колькасьць збораў — у ваколіцах Цешына.

Новаапостальская царква ўзьнiкла ў Англii на падставе перакананьня, што пасьля апосталаў царква знаходзiлася ў сьне, тады як у новы час Ісус Хрыстос абудзiў яе, iзноў паклiкаўшы апосталаў. На чале дзейнага ў Чэхii новаапостальскага руху стаiць галоўны апостал, якi супрацоўнiчае з прызначанымi апосталамi, бiскупамi, старэйшынамi i г.д. Для вядзеньня імшы не патрабуецца тэалягiчнай адукацыі. З двух збораў i 427 сяброў, як было ў 1991 годзе, царква разраслася i заняла сваё месца ў грамадзтве.

Хрысьцiянскiя зборы хочуць быць вольным хрысьцiянскiм рухам. Паводле сьветапогляду яны блiзкiя да баптыстаў i ўзьнiклi як рух у Англii. Зборы не залежаць анi ад цэнтру, анi адзiн ад аднаго. Не iмкнуцца ствараць арганiзацыю, пакуль да гэтага iх не прымусяць юрыдычныя цi практычныя прычыны. Адметнасьцю збораў ёсьць тое, што яны ня маюць духавенства. На пэўны час збор прызначае свайго прадстаўнiка, якi адказвае за сувязi з грамадзтвам. Прапаведаваць, учыняць хрост, старшыняваць на ўслаўленьнi Госпада можа любы мужчына-сябар збору. Мiсiянэры царквы вельмi актыўныя. Колькасьць сяброў павялiчваецца. Зьвесткі перапiсу сьведчаць пра 3 017 прыхiльнiкаў царквы.
 

 
   

Царква адвэнтыстаў сёмага дня асноўную ўвагу надае адвэнту, чым ёсьць хуткае другое прыйсьце Ісуса Хрыста, паводле iнтэрпрэтацыяў бiблійных тэкстаў заснавальнiкамі царквы. За дзень адпачынку i Божай службы ўважаюць суботу — сёмы дзень тыдня. Здаровы лад жыцьця лiчаць неад’емнай часткай жыцьця паводле веры. Гэтая царква ёсьць сусьветнай цэнтралiзаванай адзiнай арганiзацыяй. Чэскае i мараўска-сылескае аб’яднаньнi разам з славацкiм утвараюць унiю, якая падначальваецца цэнтру. Асноўнай адзiнкай зьяўляюцца зборы. У 1991 годзе царква мела 7 674 ахрышчаныя, то бок актыўныя вернiкі. Царква пашырае свой уплыў i вылучаецца выдавецкай, мiсiйнай i дабрачыннай дзейнасьцю (часопiсы i кнiгi выдавецтва “Advent”, арганiзацыя “Adra”).

— Пра Царкву Ісуса Хрыста сьвятых апошнiх дзён, больш вядомую пад назваю “Царква мармонаў”, у 1991 годзе не было пэўных зьвестак, паколькi ў той час яна толькі працавала над аднаўленьнем сваёй мiсiйнай дзейнасьцi ў Чэхii. Падмуркам сьветапогляду мармонаў ёсьць хрысьцiянскiя асновы, у той жа час да Бiблii дадаюцца i iншыя крынiцы, якiя ўважаюцца за Божае адкрыцьцё (напрыклад, Кнiга мармонаў). Гэтую царкву не адносяць да лiку хрысьцiянскiх цэркваў. Царква Ісуса Хрыста сьвятых апошнiх дзён вядомая сваёй актыўнай мiсiйнай дзейнасьцю i жорстка рэглямэнтаваным ладам жыцьця сваiх сяброў.

Рэлiгiйная суполка сьведкаў Еговы, паводле вынiкаў перапiсу, на 1991 год мела 14 575 сяброў. Хрост прызнаецца сапраўдным толькi ў сталым веку. Сьведкi Еговы лічацца хрысьцiянамі, але ня часткай сусьветнага хрысьцiянства. Суполка вядомая сваёй актыўнай мiсiйнай дзейнасьцю на вулiцах, у розных грамадзкiх месцах, а часам і абходам ад дзьвярэй да дзьвярэй. Сябры зьбiраюцца ў вялiкiх залях. Дзейнасьць каардынуюць старэйшыя браты i надгляднікі. Чэскае адгалiнаваньне гэтай жорстка цэнтралiзаванай адзiнай царквы мае цэнтар у праскiм Бэтэлі. Здаецца, што пасьля даволi значных хiстаньняў у першай палове 90-х колькасьць сяброў павялiчваецца.

Рэлiгiйная суполка чэскiх унiтарыяў належыць да руху ўнiтарыяў — унiвэрсалістаў, якiя спалучаюць элемэнты розных рэлiгiяў i падкрэсьлiваюць сваё перакананьне ў iснаваньнi адзiнай божай асобы. Унiтарыi ня маюць атрыбутаў хрысьцiянскай царквы (хрост, Божая вячэра) i нiколi за такую не ўважалiся. Зьместам сустрэчаў (якiя адбываюцца ў некаторых вялiкiх гарадох) зьяўляюцца лекцыi, гутаркi i мастацкiя выступы. З гэтай суполкай атаесамляюць сябе 365 чалавек. На сёньняшнi дзень першапачаткова адзiная рэлiгiйная суполка чэскiх унiтарыяў расколатая, таму вельмi цяжка падлiчыць прыкладную колькасьць сяброў.

Каб мець праўдзiвую сучасную iнфармацыю пра разьвiцьцё чэскiх лютэранскiх цэркваў, новыя рэгiстрацыя (нядаўна гэтага дамагалася Царква зьяднаньня) i аб дакладнай колькасьцi сяброў, трэба пачакаць далейшых вартых даверу зьвестак.
 

6. Тэндэнцыi разьвiцьця чэскай рэлiгiйнай сцэны

Сытуацыя ў Чэхіі нетыповая для краінаў, што належаць да заходняй цывiлiзацыi. Чэская Рэспублiка з пэўнага пункту погляду — адна з найменш рэлiгiйных краiнаў. У 70—80-я гады ХХ стагодзьдзя колькасьць вернiкаў складала 30%, потым паступова павялiчвалася, хiсталася, i здаецца, што ўжо ў другой палове 90-х гадоў стабiлiзавалася. Зь якой-небудзь рэлiгiйнай суполкай атаясамiлі сябе ў 1991 годзе 43,9% чэскiх грамадзянаў. Iншыя пазьнейшыя крынiцы сьведчаць, што такое патрабаваньне хрысьцiянскiх цэркваў, як наведваньне хаця б раз на тыдзень багаслужбы, выконваюць каля 5 % вернiкаў, i іх колькасьць зьмяншаецца.

Спасылаючыся на дасьледаваньне Пэтра Сака, да пададзеных вышэй зьвестак можна дадаць iнфармацыю, якая дазваляе меркаваць наконт далейшага рэлігійнага разьвiцьця. Выяўляецца, што традыцыйныя рэлiгiйныя кiрункi (каталiцкi, эвангелiчны) маюць найбольшую колькасьць сяброў сярод людзей сталага веку i найменшую сярод людзей сярэдняга веку. Сярод моладзі назiраецца ўмераны рост прыхiльнасьцi да гэтых кiрункаў. Новыя, нетрадыцыйныя для Чэхіі цэрквы, наадварот, выклiкаюць найбольшую цiкавасьць у наймаладзейшага пакаленьня, а з гадамі гэтая цiкавасьць зьмяншаецца. Напрыклад, будызм уяўляе сабой рэлiгiю маладых людзей.

Нядаўна апублiкаванае групай сацыёлягаў дасьледаваньне сьведчыць пра некаторыя цiкавыя тэндэнцыi. Здаецца, што адбываецца iндывiдуалiзацыя рэлiгii празь нежаданьне зьвязваць асабiстае жыцьцё зь якiмсьцi строга абмежаваным кiрункам. Далей сьцьвярджаецца, што працягваецца агульны спад цiкавасьцi да традыцыйных, асаблiва хрысьцiянскiх рэлiгiйных плыняў, але i ўнутры самога хрысьцiянства найвялiкшыя цэрквы (рыма-каталiцкая, эвангельская i гусiцкая) страчваюць папулярнасьць, у той час як малыя цэрквы яе набываюць. Агульнай тэндэнцыяй ёсьць страта цiкавасьцi да традыцыйных рэлiгiйных плыняў, арыентаваных на адзiнага Бога, i рост папулярнасьцi альтэрнатыўных сьпiрытычных кiрункаў, пазначаных у згаданым дасьледаваньнi як мэдытацыйныя.
 

 
   

Можна падсумаваць, што спад рэлiгiйнага жыцьця ў 80-я гады спынiўся. Па стагнацыi меў месца пэўны рост. Размова ня йдзе пра вяртаньне да традыцыйных для чэскай прасторы рэлiгiйных плыняў або пра пошук альтэрнатываў. Новымi альтэрнатывамi найхутчэй будуць некаторыя новыя рэлiгiйныя кiрункi. Сукупнасьць тых, хто не адказвае на пытаньне пра рэлiгiйную прыналежнасьць, i тых, хто вызначаецца як асоба без вызнаньня, колькасна пераўзыходзiць тых, хто ў дасьледаваньнях пазначаны як атэiст. Можна меркаваць, што частка зь iх мае сваё прыватнае духоўнае жыцьцё, не зьвязанае нi зь якiм кiрункам. На той фэномэн, пра якi сьведчаць сацыёлягi й рэлiгiязнаўцы, трэба зьвярнуць асаблiвую ўвагу, бо размова iдзе пра новую рэлiгiйную сытуацыю.

Новая рэлiгiйная сытуацыя заслугоўвае асобнага разгляду. Рэлiгiйны спэктар, які фармуецца цяпер, стракаты; каб моладзь вярталася да рэлiгii бацькоў цi дзядоў — такое здараецца нячаста. У хрысьцiянстве найбольшую цiкавасьць грамадзтва выклiкаюць плынi, якiя за аснову прымаюць мiстычны досьвед, напрыклад зьяўленьнi — найчасьцей Панны Марыi, анёлаў i розных сьвятых. Крыху дзiўна, што зноўку вялiкую папулярнасьць сярод адукаваных эўрапейцаў i амэрыканцаў маюць розныя iншыя цуды (абразы i фiгуры, што плачуць i крывавяць), прарочыя прадказаньнi, аздараўленьне хворых i выгнаньне дэманаў. Да таго ж, вялікае зацікаўленьне выклікае вельмi папулярны рух, які называюць трынітарскім, пяцідзясятніцкім, сьвятадухаўскім або харызматычным. У сваёй радыкальнай вэрсiі гэты рэлігійны рух зьнiтаваны з iдэяй узбагачэньня (хто верыць у Бога, мусiць быць заможным). Акрамя гэтага, на пачатку 90-х гадоў вялiкi бум перажылi плынi, арыентаваныя на непасрэднае перажываньне, такiя, як ёга, транспэрсанальная псыхалёгiя i рух “New Age”. Пералом адбыўся на мяжы 1993—1994 гадоў. З таго часу на працягу некаторага пэрыяду цiкавасьць да такога кшталту суполак падала. Верагодна, ня спраўдзiлiся чаканьнi тых, хто далучыўся да гэтых рухаў i чакаў простага ды хуткага шляху да атрыманьня мiстычнага досьведу. Дакладней, досьвед мог быць, але ён вельмi хутка расьцярушваўся i не пакiдаў сьледу. Яшчэ ёсьць пытаньне, наколькi такі мэтад пошуку мiстычнага перажываньня замянiлi больш даступныя псыхатропныя сродкi. Мяркуючы з вынiкаў дасьледаваньняў i з сыстэматычнага прагляду непэрыядычнай духоўнай лiтаратуры, на новай сьпiрытычнай хвалi больш-менш захоўваюць пазыцыi, асаблiва сярод моладзi, традыцыйныя нехрысьцiянскiя плынi, як, напрыклад, будызм, якi не прывабiў вялiкай колькасьцi людзей, але на сёньня застаецца досыць папулярным. У Чэхii, як i ў Заходняй Эўропе, Амэрыцы й Аўстралii, расьце лiк будысцкiх цэнтраў i ўвесь час выдаецца новая будысцкая лiтаратура.
 

7. Праблема рэлiгiйнага сэктанцтва
i супрацьсэктанцкай дзейнасьцi

Перадусiм трэба высьветлiць значэньне слова “cэкта”. Цяпер ужо мала хто згадвае першапачатковае значэньне — адшчапенцаў, адлучаных ад рэлiгiйнай суполкi. Гэтае слова звычайна ўжываецца для рэлiгiйна-палемiчных i журналiсцкiх мэтаў. Гэтаксама ўжываецца i выраз “дэструктыўны культ”. Часта пры дапамозе гэтых выразаў даецца азначэньне новай для дадзенай прасторы рэлiгiйнай суполкi. Навешваньне такой бiркi cпрашчае далейшы шлях да рэпрэсiяў. Часта адвольна выказваецца меркаваньне, што любая новая рэлiгiя — небясьпечная. Між тым, новая рэлiгiя можа ажывiць рэлiгiйную сцэну i стаць здаровым выклiкам для старых i вычарпаных рэлiгiяў. Яшчэ часьцей падставай для атрыманьня кляйма сэкты можа стаць нязначная колькасьць вернікаў у грамадзе. У мэтах гуманiзму i дэмакратыi, на абароне рэлiгiйных меншасьцяў павiнна стаяць школа. Спробы паклёпу на мяншыні i абмежаваньня іх правоў — гэта праява нецярпiмасьцi.

Звычайным мэтадам барацьбы з новай i невялiкай рэлiгiйнай суполкай акурат і ёсьць паклёпы i абразы. Любая такая iнфармацыя павінна дэталёва правярацца. Неабходна даць магчымасьць гэтым невялікім суполкам абараняць сябе ад паклёпу. Непацьверджаныя абвiнавачаньнi не павінны быць падставай для абмежаваньня свабоды веравызнаньня. Калi справа даходзiць да суду, рэлiгiйная суполка, згодна з законам, не нясе перад iм адказнасьцi, пакуль ня будзе выяўленая яе вiна. Часта такiя або iншыя парушэньнi этычных прынцыпаў i закону маюць месца i з боку традыцыйных рэлiгiйных арганiзацыяў. Рэлiгiйныя мяншыні абвiнавачваюцца i ў сэксуальных скандалах, i ў сувязi з сакрэтнымi службамi, i ў непразрыстасьцi фінансавай дзейнасьці. Праўда, часта “Хапайце злодзея!” крычыць сам злодзей.

Вельмі важна пасьлядоўна абараняць рэлiгiйную разнастайнасьць i плюралiзм поглядаў. Сацыяльна-паталягiчныя зьявы маюць месца, зразумела, i ў рэлiгiйных суполках. Але нельга адназначна сьцьвярджаць, што гэта тычыцца ў большай ступенi толькi новых або малых суполак. Калi такое адбываецца, увагу варта зьвяртаць на фундамэнталiзм, якi можа быць вызначаны як наiўны давер да iнфармацыi, якую агучваюць, і заклiкаў да дзеяньня, зь якімі выступаюць рэлiгiйныя аўтарытэты. Тыповым для яго зьяўляецца чорна-белае мысьленьне i схільнасьць даваць простыя адказы на складаныя пытаньнi. З фундамэнталiзмам можна змагацца iнфармацыяй i крытычным мысьленьнем. Бясспрэчна, аднак, што нiкому нельга забаранiць бачыць сьвет у фундамэнталiсцкiм сьвятле. Часам, але не заўсёды, фундамэнталiзм перарастае ў рэлiгiйны фанатызм, адметнай рысай якога ёсьць агiда i нават нянавiсьць да iншадумцаў. Падставай для гэтага часта бывае страх i адчуваньне небясьпекi. Зь небясьпечнымi наступствамі, да якiх вядзе фанатызм, трэба змагацца, але пры гэтым варта дэманстраваць фанатыкам разуменьне i павагу да iх поглядаў. Трэба паспрабаваць парушыць iх (часам выключна псыхалягiчную) iзаляцыю ад навакольнага сацыяльнага асяродзьдзя. Трагiчнай праявай сацыяльнай паталёгii ёсьць рэлiгiйны экстрэмiзм, накiраваны супраць людзей iншай веры, людзей, абыякавых да рэлiгii, i працiўнiкаў рэлiгii. У гэтым выпадку перадусiм патрэбная сацыяльная абарона, але адначасова — i спроба перанесьцi спрэчку на iнтэлектуальны ўзровень i наладзiць сур’ёзнае абмеркаваньне спрэчных пытаньняў.

 
   

 

8. Экумэнiчны i мiжрэлiгiйны дыялёг

У ХХ стагодзьдзі хрысьцiянскiя цэрквы паступова наладжвалi памiж сабой сувязi, што вялi да пераадоленьня ўзаемнага недаверу i адчужэньня, да супрацоўнiцтва ў практычнай сфэры i, нарэшце, да поўнага прызнаньня сябе i iншых паўнавартаснымi часткамi (адгалiнаваньнямi) адзiнай Хрыстовай царквы. Пэўная напружанасьць памiж цэрквамi i царкоўнымi суполкамi, на жаль, усё ж iснуе. Экумэнiзму на яго сучасным этапе разьвiцьця ўсё больш сталi ўнiкаць праваслаўныя цэрквы, што на пачатку былi ягонымi пратаганiстамi. Нягледзячы на значную эвалюцыю пасьля Другога Ватыканскага сабору, рыма-каталiцкая царква таксама не сьпяшаецца сёньня далучацца да экумэнiчнага руху, паколькi для яе няпроста прызнаць роўнасьць усiх сяброў гэтага руху.

Новая зьява канца ХХ стагодзьдзя — мiжрэлiгiйны дыялёг. Дарма што яго часам называюць “шырэйшым экумэнiзмам”, мэта яго — не аб’яднаньне цi ўзаемнае прызнаньне, а пераадоленьне забабонаў i недаверу, духоўны абмен, супрацоўнiцтва на карысьць людзям. У гэтым асаблiвы посьпех маюць будысцкія, хрысьцiянскiя i iндуiсцкiя манахi, якiя прапаноўваюць свой досьвед iншым. Нямецкi каталiцкi тэоляг Ганс Kюнг стварыў вялiкi праект “Сусьветны этас”, дзе гаворка iдзе пра ўзаемны ўплыў розных рэлiгiяў на гуманiзацыю палiтыкi i гаспадаркi. Ягоны чэскi паплечнік, былы сэнатар, фiлёзаф Карэл Флос заснаваў разам з Кюнгам фонд з такiм жа назовам. Гэты фонд ладзiць летнiя сустрэчы для ўсiх зацiкаўленых i дапамагае выдаваць лiтаратуру, прысьвечаную мiжрэлiгiйнай супольнай працы.

Шкодзіць мiжрэлiгiйным дачыненьням тое, што ў такім міжканфэсійным дыялёгу нiводная з рэлiгiяў не прадстаўленая як цэлае нейкай арганiзацыяй, а толькi невялiкiмi суполкамi цi асобнымi людзьмi. Некаторыя хрысьцiянскiя цэрквы больш схiльныя да падтрыманьня добрых мiжрэлiгiйных дачыненьняў (напрыклад каталiкi, англiканцы, лютэране), iншыя ў гэтым бачаць небясьпеку (праваслаўныя, бальшыня эвангелiчных i трынітарскіх цэркваў). Акрамя таго, зблiжэньне царквы з пэўнай нехрысьцiянскай рэлiгiяй можа азначаць аддаленьне яе ад астатнiх хрысьцiянаў. З гэтага i вынiкае непрыемная дылема наконт удзелу ў гэтым руху.
 

9. Высновы

Чэская рэлiгiйная сцэна вельмi стракатая, i ёсьць магчымасьць пашырэньня грамадзкага ды рэлiгiйнага плюралiзму. Традыцыйныя вызнаньні трацяць прыхільнікаў, тады як новыя, часта неарганiзаваныя рэлiгiйныя адгалiнаваньні i сьпiрытуалiсцкія практыкі становяцца больш папулярнымі, а таксама нарастае абыякавасьць у дачыненьнi да рэлiгii, нават у большай ступенi, чым да поўнай нерэлiгiйнасьці. Удумлiвым людзям цяпер нярэдка характэрная неакрэсьленасьць рэлігійных поглядаў, стан пошуку. Гэта спрыяе ня толькi росту рэлiгiйнай цярпімасьцi, але i вядзе да супрацоўнiцтва памiж рэлiгiйна i нерэлiгiйна арыентаванымi людзьмi.
 

З чэскай мовы з скаротамі пераклала Вікторыя Радзіеўская паводле: Náboženství v době společenských změn. Brno, 1999.
 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (27) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Элы Мацьвіенкі
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/09/23