A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (27) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ЯЎГЕН СЬВЯРСЬЦЮК | |||||
|
Яўген Сьвярсьцюк
|
— Украінскі літаратуразнаўца, былы дысыдэнт, палітвязень, прэзыдэнт Украінскага ПЭН-цэнтру. Артыкул перакладзены з украінскай зь невялікімі скаротамі паводле аўтарскага арыгіналу, які быў надрукаваны таксама ў газэце “Урядовий кур’єр”. Назва ў арыгінале — “Апошняя сустрэча з Васілём Быкавым”. |
Натуральна, былі ў лягерах сымпатычныя беларусы даўнейшага набору. Адзін — Рыгор Вабішчэвіч — за ўдзел ува УПА, за нейкую справу Кастусь Грэбень, Алейнік… Адзін сымпатычны беларус сядзеў за тое, што схапіў сваю прыхаваную вінтоўку й пабег адбіваць у чырвоных сваю рагулю. “Вызваліцелі” гэта прыгадалі. Словам, беларусы выклікалі ў мяне спагаду й пашану, не зважаючы нават на тую мазырскую савецкую бабулю, якая, падслухаўшы маю размову з прыяцелямі, пабегла за мною з пагрозамі даказаць. Адзін толькі беларус Уладзімер Караткевіч важыць больш за тысячу такіх “прадуктаў эпохі”. Дарэчы, сярод кіеўскіх студэнтаў і моладзі ён быў пашыральнікам нацыяналістычнага фэрмэнту... Але гэта наша супольная доля, што на працягу некалькіх пакаленьняў секлі галовы. Зазвычай гэта прыводзіла да зьяўленьня масавае ляяльнасьці і яе вестуноў у літаратуры, дзе, кажучы словамі Васіля Быкава, “у некаторых нашых майстроў слова бачым па шэсьць-восем ордэнаў — не за вайну, за літаратуру”. І далей: “За часамі таталітарызму нацыя адвярнулася ня толькі ад рэлігіі, а і ў вялікай ступені ад нацыянальнае ідэі”.
Калі я наведаў Беларусь, мяне ўразіла савецкая нязьменнасьць сталіцы. Але й прыемная чысьціня вуліцаў. Нават уявілася, што сам Лукашэнка ўранку ў белым хвартуху праходзіць з драпачом, каб паказаць, як трэба ўтрымліваць фасад. Усе беларускія пісьменьнікі ў сваіх выступах былі выразна апазыцыйнымі і аднадушнымі ў падтрымцы вострых выступаў з трыбуны. Там праблісквалі яркія публіцыстычныя таленты, якіх бракуе і ўкраінскай, і расейскай літаратурам. Мне здалося, што ў Беларусі расейскамоўны пісьменьнік застаецца беларускім, тады як у нас — гэта ўжо па-за ўкраінскаю літаратураю. У кожным разе, расейскамоўная Сьвятлана Алексіевіч — гэта беларуская пэрліна, дар рэдкаснае праўдзівасьці. У апошні мой прыезд улетку 1998 году ўранку прыйшоў у гатэль прывітаць гасьцёў Васіль Быкаў. Між намі была рака жыцьця: колішні прызнаны клясык беларускае літаратуры і колішні вязень, гнаны за пазыцыю ў літаратуры. Але мы былі на адным беразе й шанавалі адзін аднаго за аднолькавасьць сьвятыняў. І ўсё ж за горыч лёсаў… Я ня памятаю больш удзячнае аўдыторыі, чым беларуская. Ды мне стаіць уваччу разьвітаньне. Тым летам 1998 году міжнародная канфэрэнцыя ПЭН-клюбу ў Менску супала ў часе зь міжнародным Біблійным сымпозіюмам у Любляне. Дык жа пасьля свайго дакладу ў перапынку я перапрасіў, што мушу адбыць раней, і разьвітаўся з усімі. Але пасьля вырашэньня фармальнасьцяў я праходзіў перад расчыненымі дзьвярыма актавае залі проці прэзыдыюму і, сустрэўшыся поглядам з Васілём Быкавым, памахаў яму рукою. Ён устаў, памахаў рукою ў адказ. І ўвесь прэзыдыюм устаў. Гэта было так значна, так велічна, што нават трохі выходзіла за межы рэчаіснасьці — як бывае ў сьне. Ён стаіць у мяне ўваччу, высокі й сівы. І ў ягонай узьнятай руцэ я адчуваю сапраўднасьць, па-над абставінамі месца й часу. А мо гэта накладаецца вобраз “высакарослы сівы беларус” з твору Някрасава. Але глыбокі погляд Васіля Быкава стаіць і ня тоне. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (27) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Элы Мацьвіенкі |