A R C H E П а ч а т а к № 4 (27) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42003
» да Зьместу «

 


ЧЭСКІ АЛЬБОМ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


гісторыі

МІЛАШ УРБАН
(81Kb) Вокладка ARCHE 4-2003. ЧЭСКІ АЛЬБОМ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Мілаш Урбан
 
 
Беларуска
Аповед пра каханне



Яна была не са сталіцы. Прыехала з падобнай дзіры з падобнаю назвай — я знайшоў тое месца на мапе — Пінск, гузік, аточаны сінімі кропкамі і мноствам рысак, марны SOS у непралазных беларускіх балотах. Пінск або Мінск — усё адно я туды ніколі не траплю, ні ў якую ўжо дзіру, больш нікуды.

Найпрыгажэйшыя кветкі растуць на гноі, гэта ведаў Шэкспір ды класікі да яго. Я гэтую пінскую ружу сарваў на Цэнтральным вакзале. Сцягнуў яе ў двух таксістаў і аднаго сутэнёра.

Маладзёны біліся за яе, як сабакі за сучку. Не ведаю, наколькі цэлая была яна, але ў баксёра юшка цурчала з носу, а ў другога, з калом, — з брыва. Дзяўчына раўла і страляла вачыма ў маскаля, што воддаль курыў тонкую цыгару. Я сунуўся да аўтамата выклікаць паліцыю. Затым вярнуўся і спытаў колькі.

Сутэнёр зірнуў на мае няпоўныя метр-шэсцьдзесят і прыкінуў вагу — дзевяноста, тады вачыма змераў тых бугаёў — разам тры-семдзесят і мо за дзвесце кіляў. Пачаў па-расейску рагатаць. Кол нагамі перыў баксёра ў жывот, калі са скверу перад вакзалам азвалася сірэна.

Дзяўчына дала драла наверх да стаянкі, бітуны кінуліся ў вестыбюль. Я загарадзіў маскалю сваім жыватом дарогу і, перш чым ён паспеў яго адсунуць, ткнуў яму пад нос дзве пяцітысячныя купюры: “На гадзіну”, — сунуў іх яму ў кішэню скуранога пінжака і адступіў. У мужыка не было выбару, гешэфт як ягадка, а ў пятах паліцаі. Ён пстрыкнуў пазногцем па гадзінніку, прыгразіў мне кулаком і знік.

Ля мяне загамавала белая “феліцыя”, выскачылі чорныя камбінезоны і, убачыўшы азызлага, бездакорна выстраенага курдупеля ў найлепшым веку, што паказваў у бок электроннага табло, пабеглі далей. Я паспяшаў за той красуняй, яна не магла быць далёка. Так і было. Сядзела сабе ў кавярні ў холе старога вакзалу ды піла каву, на якую не мела грошай. У зялёнай блузцы яна трымцела, як чэк на скразняку, вочы ейныя бегалі ад выйсця да кельнера і назад. Я заплаціў, паказаў ёй ключ ад машыны і кіўнуў, каб ішла за мной. Яна закруціла галавой: “Убили б меня”.

Я нахіліўся да яе: “Я тебя не убью, я тебя люблю”.

Яна разявіла рот, устала, абвіла рукамі маю шыю і пайшла са мной. Дзіва. Як джэнтльмен, я прытрымаў ёй дзверцы машыны. Калі яна сядала, з-пад спадніцы ў яе вызірнулі жоўтыя майткі.

(нар. у 1967) — адзін з найвыбітнейшых чэскіх празаікаў і перакладчыкаў новай пары. У 1992 годзе скончыў Карлаў унівэрсытэт, адмысловец у амэрыканскай і нарвэскай літаратурах, у цяперашнім часе рэдактар выдавецтва “Argo”. Апавяданьні “Пустка” і “Беларуска” друкуюцца з ласкавай згоды аўтара.
   

Баявік баевіком, але калі гаворка заходзіць пра хараство, трэба здалікатніць стыль. Мне не застаецца нічога іншага, як расказваць. Вось жа, абкладаю сабе вусны сусальным золатам і пачынаю аповед пра беларуску.

Я чакаў яе дванаццаць гадоў, абыходзіў горад, аб’язджаў рэспубліку. Як антыквар, я шмат падарожнічаю, там-сям нешта купляю, часам і прадаю, але толькі ў Празе, у сваёй крамцы на Кршыжаўніцкай, і толькі тады, калі на прадаваную рэч удосыць нацешуся. Я знаны ювелір.

За крамай у мяне бакоўка, дзе я начую пасля здзелак, што зацягваюцца да ночы. Там ёсць прыбіральня і душ, на электраплітцы можна згатаваць яечню, рызота, спагеці. Ёсць там і тэлевізар — дзеля заспакаення мозгу пасля гадзінкі бухгалтэрыі. Тут я й пасяліў сваю беларуску. У яе не было нічога, акрамя той адзёжкі і майткоў, пары панчохаў ды зношаных туфляў. У кішэньцы пад паяском спадніцы яна перахоўвала каробачку з адмысловымі гумкамі.

У каморцы было халодна, у разлеглай краме цёпла, таму я пасадзіў яе там, у бідэрмаерскае крэселка, за ампіравы столік, накарміў яе спагеці, адмераў дзвесце грамаў плзэньскага, а потым, у першы ж дзень, я ёй даў працу.

Яна казала, што зваць яе Ірынай, але ўжо ў кавярні я вырашыў называць яе Коля1, маю напалоханую, кволенькую дзяўчыначку. У яе было выцягнутае цельца і шыя, прыгожы моцны карак і правільнай формы галоўка з кароткімі русымі валасамі, вялікія зялёныя вочы, малы нос і рот са стручкападобнымі вуснамі, за якімі бялелі здаровыя зубы беднай правінцыялкі, і грудзі дробныя, пругкія і круглыя — а як інакш, а попка як арэшак — бяры ды лузгай; канцавіны млява доўгія, лыткі моцныя, а шчыкалаткі крэпкія, ступакі хутчэй вялікія і завостраныя; ах, гэта былі ногі, якія нічым, ну нічым не нагадвалі мае рапушыныя лапы.

Вітрына была невыразная, яе трэба было ажывіць. Я адамкнуў шафу з шатамі. Драўлянай паненцы ў акне, на якую я звычайна вешаю строі, час быў у склеп, на ейнае месца прыйшла Колюшка. Я не глядзеў, калі яна пераапраналася. Я выбраў вечаровы туалет у стылі ракако з нашытымі пярлінамі. Калі я павярнуўся і расплюшчыў вочы — ажно захрыпеў: яна там стаяла ў чорна-белай блузе з пярлінамі на грудзях і на аздобленай стужкамі даўжэзнай спадніцы ў фальбоны, з батыставымі ружамі на кароткіх карункавых рукаўчыках, з дэкальтэ і гарсэтам, злёгку пацярушаным серабранкай. На галаве ў яе сядзеў высокі, вугальна-чорны парык з перлавай дыядэмай і двума белымі стравусінымі пёрамі, на нагах былі чорныя замшавыя чаравічкі са срэбнай шнуроўкай і мілымі фіялкамі з пап’е-машэ. Горла ёй аздабляла чорная аксамітка і кантовая аметыставая брошка, а з мочак вушэй звісалі таксама аметыставыя, адшліфаваныя да выцягнутых крышталікаў завушніцы насычана-фіялетавага колеру.









































1 Імя навеянае фільмам “Коля” (1996, прэмія Оскар) Здэнька Сверака пра расійскага хлопчыка, які збегам акалічнасцяў трапіў у Чэхію.
   

Як толькі я пасадзіў Колю ў вітрыне, галоўка ў яе апусцілася на грудзі і нябога заснула ад стомы. Я прыхапіў ёй парык чатырма шпількамі — яна й не прачнулася, — развярнуў яе левым бокам да шкла і, як ляльцы, склаў рукі на жываце, затым левую нагу сагнуў ёй так, каб са складкі тканіны выступала аголенае калена, а правую падцягнуў да бязмоцнага цела. Скончыўшы гэтыя маніпуляцыі, я выйшаў з крамы, зачыніў дзверы і зрабіў дзесяць крокаў па ходніку ў бок касцёлу. Затым павярнуўся і прагулкавым тэмпам пакрочыў назад, каля антыкварыяту мімаходзь зірнуў направа і ажно здранцвеў ад зачаравання: у вітрыне сядзела жывая жанчына ў багатым адзенні, абвешаная старажытнымі ўпрыгажэннямі. Грудзі ў кантовым выразе падымаліся і апускаліся ў спакойным рытме, запэцканыя крэмавыя карункі пад спадніцай кантраставалі з ражком жоўтых майткоў, — так, амаль дасканала. Я вярнуўся ў краму, пагасіў святло і сеў за прылавак. І ціха глядзеў: паміж сценаў, завешаных пачарнелымі партрэтамі дзіўных баронаў, масянжовымі газоўкамі, рыцарскімі шышакамі і панцырамі, касцянымі веерамі, насценнымі гадзіннікамі, венецыянскімі люстрамі, турэцкімі шаблямі, фехтавальнымі шпагамі і вялізным двухвострым мячом, ззяла ядвабным святлом акно вітрыны, а ў ім спала дзяўчына — гэтак разняволеная і аддадзеная, нібыта была папраўдзе Божая.

Я не здзівіўся з хлопцаў, якія найперш прайшлі міма ў адным кірунку, затым у другім, і нарэшце я заўважыў іх трэцім разам, як яны з супрацьлеглага ходніку павыкочвалі бельмы і як ім у гэты сонечны дзень раптам нікуды не хочацца. Мяне падзівіла, што мая паненка прыцягвае і жанчын, якія рэдка калі пазіралі абурана, хутчэй збянтэжана, акрамя хіба той, што знячэўку ўварвалася да мяне ў краму; гэта была брыдкая дзябёлая амерыканка з мужчынскім партфелем у руцэ. Я ўжо чакаў ад яе натацый, але яна спытала, колькі каштуюць тыя аметыставыя завушніцы. Я прыкінуў: яны мне дасталіся за дваццаць тысяч, скажу бабе пяцьдзесят — і прадам за трыццаць пяць.

“Семдзесят”, — вырвалася з мяне. Яна адчыніла партфель і, не міргнуўшы вокам, выпісала мне чэк. Праз тэлефон я яго спраўдзіў — быў у парадку. Калі я ў сваёй беларускі выцягваў завушніцу з правае мочкі, баба назірала за мной, часта дыхаючы. Яна працягнула сваю лапу і ўзяла дзяўчыну за падбародак, але я своечасова сказаў: “I’m sorry, madame, but she’s mine, you see”. Аднак толькі я ўзяўся за правую завушніцу і вось-вось ужо выцягваў яе з вушка, мужланка схапіла яе і выдрала абедзвюма рукамі. “Ай!” — ахнула Коля на дасканалай чэшскай мове, і з мочкі скацілася рубінавая кропелька. З выразам пранырлівага спекулянта тая садыстка вылецела ў веснавы надвячорак, і настаў спакой.


 
   

За завушніцы, якія яна дапамагла мне прадаць проста сваім сном, я падараваў Колі аметыставую брошку і запрасіў яе на вячэру ў “Апошні суд”. Яна абпілася трамінам і кідала на мяне погляды вільготнай падзякі. Я паабяцаў, што дастану ёй дазвол на працу і новы пашпарт. Яна нахілілася да мяне праз клятчасты абрус і мокрымі вуснамі пацалавала маю руку.

“Сказку, — прамовіла яна. — Пажалста, расказывай”.

Гэтая просьба мяне збянтэжыла. “Не знаю, — залапатаў я. — Ну, нешта табе пасказываю, хочаш?” Вочы ў яе засвяціліся, як у дзіцяці. Я давёў яе назад да крамы і, пакуль яна за дзвярыма прыбіральні мачылася, уключыў у бакоўцы відэамагнітафон і сунуў у яго касету з маім улюбёным фільмам. Потым я пасадзіў Колю на крэсла, накінуў на яе плед і наказаў, каб у гандлёвы пакой не выходзіла, нікому не адчыняла, нават калі б хто ўпрошваў, і пагасіла святло ў прыбіральні, як пойдзе спаць; што на ноч яе зачыню і прыйду пасля восьмае раніцы. Але яна ўжо мяне не чула — глынала вачыма “Прыгажуню і пачвару”, гэтую вечную чорна-залатую гісторыю.

“Тебе панравилась?” — спытаў я зранку, калі яна ўпала ў мае абдоймы; сэрца ў яе калацілася ажно ў горле, але галоўка ашалела ківала, а роцік палка шаптаў: “Два раза сматрела”.

У нас падобныя зацікаўленні, цешыўся я і прыхінаў яе да сябе, ажно ў яе косці трашчалі. “Нясу табе сняданак, галубушка. Ты мая Цалёвачка” — вылупіла на мяне верныя сабачыя вочы.

Яна сядзела ў вітрыне цэлы тыдзень і на чвэрць падвысіла мой прыбытак. Аднак, як і ўсё, і гэта з часам далося мне ў знакі, і я пачаў ламаць галаву, як Колю скарыстаць яшчэ лепш. У яе была цудоўная шыя, пад беллю якой, калі яна паварочвала галаву, задзірыста гралі цягліцы і смела вібравала жыццё. Схапіць горла пальцамі, што могуць сціснуць, як катавы клешчы…

Я абарваў свае думкі і заляпіў сабе аплявуху, як след — ажно прыцмокнула, і, калі вы не ведаеце, як гэта, паспрабуйце самі і не шкадуйце — нічога лепшага дзеля сябе вы б учыніць не змаглі. З мяне адразу ж зрабіўся той стары чалавекалюб, да таго ж у мяне прасвятлела ў галаве. Мне прыйшла ідэя ўзяць Колю на шпацыр.

У “Котве” я накупляў дарагіх апранах, лёгенькіх, летніх, бо вясна была ў апагеі і ад ракі, як і штогод, паціху ўздымаўся пах насення. Коля апранулася ў абноўкі. Італьянскія жаночыя чаравічкі на тоўстай падэшве спалучалі ў сабе прыземленасць з добрым густам. З карычневых нагавіцаў, заніжаны пояс якіх абдымаў дзявочыя клубы, тырчаў верх бялюткіх спартовых штонікаў з трыма сінімі палоскамі. Жывот быў голы, а белая майка, вельмі кароткая, прылягала да цела, як скурка да банана. Упрыгожанні я прыбраў, акрамя аранжавага сапфіру ў форме каларадскага жука, з пэўным гвалтам уціснутага ў дзявочы пупок, і шнура з перламі, які я павесіў на ейную шыю ажно на Вацлаўскім пляцы. Нешматлікасць аздобаў падкрэсліла як Коліну крохкую вабнасць, так і антыкварную аброжку пад падбародкам — масянжовае колца, што належала колісь шляхетнай сучцы на імя Рэя, легендарнаму высокаму сэтэру князя Шварцэнбэрга.


 
   

Мы ішлі, я спераду, яна за мной, манерная, на павадку. Надзіва, я не сустрэў абурэння, якога чакаў; палякі, украінцы, італьянцы або галандцы, што купіліся пад статуяй патрона, не далі сябе ачмурыць і толькі за намі азіраліся — жанчыны здумлёна, мужчыны з зайздрасцю. Коля ўдавала, нібыта нічога ніякага, паводзіла сябе бы турыстка, што знуджана разглядае вітрыны, поўныя золата і крышталя. Мы зажывалі раскошы, я — мерна пацягваючы за павадок даўжынёй роўна адзін метр, а Коля — клыпаючы за мной караценькімі крокамі і сочачы, каб ззаду не наступіць на мае лакаваныя туфлі. Гэтая асцярожнасць мяне ўчаравала, яна ж бо рабіла тое не са страху, а ад шчырага жадання не быць у дакуку. Калі нас спыніў паліцыянт і спытаўся ў яе, ці не хоча яна скончыць гэтае блазнаванне, Коля, не прамовіўшы ані слова, каб не адкрыць сваёй чортавай, прыкрай, праблематычнай асобы, цмокнула мяне ў лысіну, па якой ужо сцякалі ручайкі свярблівага поту. Жэст быў такі пяшчотны, што паліцыянт адкаснуўся і знік, тым часам як я, агаломшаны гэтаю прыгажосцю самавалодання, папляскаў дзяўчыне па адтапыранай попцы. Я яе так выгульваў яшчэ з паўгадзіны, а потым завёў у відэапракат, каб яна сабе ў якасці ўзнагароды што-небудзь выбрала. Узяўшы “102 далматынцы”, фільм для сямейнага прагляду, яна даверліва пашыбавала за мной у маю бакоўку. Я ўключыў ёй відэамагнітафон, а затым зварыў пару яек, накроіў іх на колцы і ў сярэдзіну жоўтых мішэняў паклаў па грудку чырвонай ікры. Тая вячэра выглядала як крывяныя вочы, але Коля не зважала ні на што, акрамя стракатых сабачак на экране, і ела, нібыта сляпая. Так скончыўся ўдалы дзень. Зрэшты, я мушу пра нешта згадаць: дарогай назад, на Карлавай, мы спаткалі тую амерыканскую бабізну — адна аметыставая завушніца красавала ў яе правым вуху, другая падзелася бог ведае дзе. Ейная вушніца была гэтак тлустая, што не давала ўпрыгожанню натуральна гайдацца, зрэшты, гэта выглядала не горш, чым калі цялушцы вешаюць у вуха пластыкавы трохкутнічак з нумарам заводу.

На Вацлаваку мяне бачыў знаёмы мастацтвазнаўца, і сказ пра тое, як я шпацырую з расейкаю на павадку, хутка абляцеў Прагу. Усе мае сябры — эксперты ў прыгожым, і не дзіўна, што яны запраглі пабачыць німфу на ўласныя вочы. Тады я разаслаў дванаццаць запрашэнняў на вечарынку, якую надумаў зладзіць у сваім антыкварыяце, і на кожным уласнаручна дапісаў: гэта будзе нешта абсалютнае.

Вядома, гэта таксама была рэч высокадалікатная, і я пачаў сумнявацца, як да яе паставіцца Коля. Я вырашыў выпрабаваць яе. Праз пару дзён пасля ўрачыстай прагулянкі я пасадзіў яе ў бідэрмаерскі фатэльчык і ўпаіў шампанскім. “Московское игристое!” — віскнула яна і за дваццаць хвілінаў выпіла амаль усё, я толькі аблізаў шырокую шклянку з калекцыі Кінскіх, паставіў яе на срэбны антверпенскі паднос ля другой шклянкі і пустой бутэлькі ды паслаў з гэтым Колю ў бакоўку. Да завесы яна дайшла пэўна, мо крыху прыгнуўшыся, як Пізанская вежа, аднак таца на ейнай руцэ стаяла надзіва раўналежна да гладзі Влтавы. Але тут яна азірнулася на мяне, закруціла попкай і паслала мне паветраны пацалунак — і вось старажытнае гатунковае шкло абрынаецца на падлогу і аскепкі так перамешваюцца, што іх не змагла б перабраць ані мая папялушка.


 
   

“Преступление и наказание, ты знаеш?” — падступіў я да яе з узнятым пальцам.

Яна сарамліва кіўнула і прамармытала: “Читала в школе”. Перахілілася цераз прылавак і падняла спаднічку, чакаючы гарэзлівага плескача, але ж дзяўчо памылілася. Я загадаў, каб яна не варушылася, і адышоў у каморку, дзе ў мяне за фальшывым Маржакам2 схаваны сейф. Я выцягнуў з яго сярэднявечны штылет з тронкам, абкладзеным яспісамі ды агатамі, трохкантовы кінжал, што некалі належаў самому Яну Очку з Влашыму, біскупу і прыяцелю імператара Карла. Я спусціў дзеўцы майткі і распісаўся ёй тонкім лязом па далікатнай скуры клубоў, пакінуўшы на іх сваю манаграму, злева М, справа У, ініцыялы шанаванага сярод месцічаў імя Макс Унтэрвасэр. Было трохі крыві, чатыры кроплі злева, тры справа, і я іх гулліва, за адным разам, злізаў сваім касматым языком. Коля ані не піскнула, і я набыў пэўнасці, што суботняя імпрэза для маіх калег не можа скончыцца няўдачай.

Вечарынка пачалася, калі прабіла дзевятая. Перад крамай гарэлі паходні, у вітрыне стаяў грамафон, на якім пад велізарнай запыленай трубой круцілася чорная кружэлка Марыі Калас, што спявала тужлівую арыю злоўленай птушачкі. Кожны госць уваходзіў да мяне з адпаведным настроем.

Зборка, вядома, была мужчынская, аднак я запрасіў і дзвюх дам, адну знаёмую галерыстку і адну мілую журналістку, якую рэгулярна сустракаў на вернісажах. Калі грамада ўладкавалася на мяккіх выразаных крэслах з пурпуровай абіўкай, прывезеных літаральна за дзень да таго з занядбанага замку ў Кастамлатах, я раздаў гасцям дванаццаць майсэнскіх талерачак з розным змесцівам. Тут была палавінка авакада з крэветкавым маянэзам, крабавая салата са зразковым сельдэрэем, кумпяковыя зразы з хрэнавай смятанкай, запечаны памідор з печарковым паштэтам… Усе ласункі былі розныя, і ўсе іх я згатаваў сам. Затым я заклікаў гасцей мяняцца далікатэсамі між сабой — бо я ж добра ведаю, што ніхто не есць усё, — і цешыўся, назіраючы, як усе касавурацца на запечанае да пазалоты галубянё, што перапала абаяльнай журналістцы, але, нягледзячы на гэта, кожны ўпарта трымаецца свайго, і як ніхто не хоча віновай дамы ў выглядзе не самай свежай рачной ракавінкі ў матавых пералівах, напоўненай сочывам з брусніцаў і чорнымі парэзанымі алівамі, якая зусім выпадкова дасталася майму канкурэнту, пыхліваму антыквару з Карлавай вуліцы. Шампанскае, аднак, не мінула нікога, гэтым разам не нейкія савецкія бурбалкі, а французскае шампанскае “Pére Poulliton’98”, брутальна сухое.

Паеўшы і папіўшы, госці пачалі ёрзаць, і нехта спытаў, дзе я схаваў сваю рускую прыгажуню. “Беларускую”, — паправіў я і дадаў, што Коля мусіць падрыхтавацца. Раздаўшы гасцям шакаладныя цукеркі з лікёрам, я ўключыў кававарку і паставіў на грамафон Пятую сімфонію Бетховена; Нью-Йоркскім філарманічным аркестрам у шалёным тэмпе дырыжаваў Артура Тасканіні. Затым я зацягнуў перад прылаўкам ружова-фіялетавую аксамітную завесу, пагасіў жырандолю і адступіў убок.

Счакаўшы фіналу першай фразы сімфоніі, я разгарнуў завесу і падняў іголку з кружэлкі.












2 Юліус Маржак (1832—1899) — чэшскі мастак.
   

У гасцей заняло дух, службовец з магістрату ўпусціў фаянсавую філіжанку з кавай, пачуўся бразгат і лаянка над абпаранаю нагою. Ахутаная шыза-блакітным цыгарэтным дымам, у святле дзвюх жоўтых мадэрных лямпаў, у магільнай цішы на прылаўку ляжала Коля. Абапёршыся на локці, яна прыўздымала тулава і галаву, аднак ейныя ногі, нядбала пакладзеныя на механічную касу, уздымаліся яшчэ вышэй. На ёй не было ніякага адзення, нават шматка бялізны, і ўсё ж яна не была зусім голай. Рукой я запрасіў гасцей узняцца і падысці бліжэй. Яны абступілі нас наўкол, усё яшчэ знямелыя ад прыгажосці і, відаць, таксама, але хіба толькі крышачку — ці варта і згадваць, — ад узрушэння.

Восем аднолькавых вялікіх завушніцаў, восем святлючка-зялёных смарагдаў, асаджаных у жоўтае золата, віселі ў Колі не з вушак, а проста з шыі, роўненькім колам на ўзроўні гарляка, куды іх яшчэ па поўдні ўваткнулі мае па-дзіцячы тлустыя, мяккія пальцы знаўцы сапраўднага мастацтва; пачырванелая скура горла, апрацаваная спіртовай настойкай і гаючаю маззю з рамонкаў і наготкаў лекавых, даўно набыла адпачатны малочны колер.

“Каралі з завушніцаў”, — затрымцеў нечы галасок, а набраклая рука пацягнулася да Колінага азалочанага, асмарагдаванага горла, ажно мне давялося двойчы выцяць па ёй Анчэрлавай3 дырыжорскай палачкай, і толькі потым свавольніца вярнулася назад, у прыцемак вакол прылаўку, у цёплую інтымнасць кішэні вельветавых нагавіцаў.

Гэтаксама як шыю, я праткнуў Колі і бледныя смочкі, але ўжо не васьмю завушніцамі, а дзвюма сукоснымі брошкамі з белага золата, абкладзенымі дробнымі шызымі дыяментамі.

“Брыльянтавы станік”, — гукнула галерыстка, і я выразна пачуў, як яна суха каўтнула, пранятая неадольнаю прагай тае балеснае прыгажосці.

“А зараз, спадары і спадарыні, паглядзіце сюды, — сказаў я тонам балаганнага штукара, — такога эратыкону вы яшчэ не бачылі”, — і пяшчотным, ласкальным рухам праслізнуў Колі паміж каленяў і развёў ёй ногі.

У цёмнай лагчынцы ейнага ўлоння заблішчэў казачны скарб. Галерыстка ссінела. Службовец застагнаў. Журналістка заскрыгатала зубамі.

Палавыя пінскія вусны, гэтаксама як паружавелы ласкацень, пранізваў у Колі бранзалет з чырвонага золата.




































3 Карэл Анчэрл (1908—1973) — знакаміты чэшскі дырыжор і кампазітар.
   

“Шаноўная публіка, як бы вы патлумачылі гэты цуд? — выскаляўся я і песціў свой зрок выглядам гэтых жахнутых, утаропленых вачэй. — Пірсінг — учорашні дзень, цяпер вы сузіраеце найвышэйшае дасягненне бодыарту. Ці мо хто з вас бачыў калі шыкоўней убраную вульвачку?”

Ніхто не кіўнуў на знак згоды, ніхто не захітаў галавой, усе толькі тарашчыліся на ўпрыгожанне, якім бранзалет быў аздоблены, — на тыгровае вока, бэжавы камень, адшліфаваны ў форме вочнага яблыка і пазначаны шляхетнай аранжава-карычневай плямкай, якая дзіўна нагадвала вясёлкавую абалонку. Камень быў прасвідраваны наскрозь і трымаўся на метале вольна, як пацерка, а каб не з’ехаў убок, золата бранзалету было паабапал прыплюшчанае. Як жа мне ўдалося прашпігаваць ім сваю перапёлачку? Таямніца шэф-кухара.

У той момант, калі госці гэта ўсвядомілі, я міргнуў Колі, а Коля міргнула мне. Між ног забіла крыніца, і тыгровае вока закруцілася, бы млынок на рэчцы. Антыквар з Карлавай вуліцы, з пысаю між дзявочых каленяў, дастаў у самыя ноздры, але душ не мінуў нікога з нас, ані жанчынаў, ані мяне; толькі цяпер зрабілася ясна, хто сярод нас, знаўцаў мастацтва, Саўл, а хто Павел, бо палітыя крамнікі ўцякалі з антыкварыяту, як гандляры, выгнаныя з Храму, а сапраўдныя аматары хараства і надалей, як зачараваныя, лупілі вочы на тыгровае вока, што круцілася ў пырсках неадольнага струмяня.

Аднак жа… Ні адсюль ні адтуль, мо падпільноўвала знадворку за вітрынай ды нехта пры ўцёках пакінуў дзверы адчыненыя, мо спусцілася да нас з каласнікоў, як у оперы, аднак раптам яна апынулася сярод нас, гэтая боская постаць, deus ex machina, зусім не бос расейскай мафіі, а тая амерыканская баба, якая з партфелем пад пахай прыскакала вычысціць Аўгіевы стайні. Службовец дастаў партфельнага грымака, галерыстка — поўху, антыквар з Карлавай вуліцы — выспятка ў пахвіну. Мяне яна пакінула на канец, і апошняе, што я пабачыў, была Коля, як яна ў жаху коціцца з прылаўку, бразгаючы ўсёй той раскошай, якую я ўправіў у ейнае цела. Потым бліснуў катаў меч, які дзве не на жарт абураныя жаночыя лапы сарвалі са сцяны, і запаліў у маёй нявартай галаве апошняе святло, за якім настала вечная цемра.

Галаву мне На Францішку4 скляпалі, але вочы ўжо не. Не ведаю, дзе падзелася Коля, мо яна ў Даласе, мо зноў у Пінску, мо бясконца вандруе ў купэ экспрэсу Прага—Вена, як той забыты парасон, мо яе сапраўды нехта замардаваў і, захутаную ў стары персідскі дыван, закінуў у кантэйнер перад домам. Але я не маніў, калі тады на вакзале прызнаўся ёй у каханні: я кахаў яе так, як кожны эстэт абагаўляе прыгожыя рэчы, і дарма што ані хараства, ані брыдоты мне ўжо ніколі не ўбачыць, я ні пра што не шкадую і жадаю Колі, калі яна толькі жывая, каб яна за мае ўпрыгажэнні купіла сабе мужа, які б зразумеў, што яна была створана паводле вобразу Божага, і ў адпаведнасці з гэтым з ёй абышоўся.


4 На Францішку — шпіталь у Празе.

















   

Пустка


Я  пачапіў сабаку шворку, і мы, як і кожны вечар у выходныя, пайшлі на пустку. Была нядзеля, Сёмуха; для мяне гэта не мела ажно такога значэння, але жонка ў святы хадзіла на імшу, перад ядой чытала мне Евангелле ад Лукі, а ў гаворцы мы абміналі непрыемныя тэмы. Я ў касцёл не хадзіў, але шанаваў святы дзеля яе і навучыўся знаходзіць у днях, якія б раней палічыў за звычайныя, небудзённае хараство.

За апошнім домам, былой кузняй, якую новыя гаспадары перабудавалі так, што не пазнаць, я, як заўжды, адчапіў сабаку павадок ад ашыйніка ды пусціў яго бегчы. І Кукі, даўгашэрсны такса, пялегаваны гаспадыняй і прыязна прыманы мной, пабег пратаптанаю сцежкаю ўгору. Ён быў у нас ужо тры гады, з таго дня, як жонка прынесла з прытулку калматага шчанюка, а разам з ім і гэтае неверагоднае імя, на якое, аднак, зверанё кемліва адгукалася. Мне здаецца, што ў нас ён распесціўся.

Сцяжынка бегла насустрач пакатай вяршыні пагорка. Палова лугу над шашой, на правы бок ад сцежкі, стаяла скошаная і жоўтая: у пятніцу пачалі сенаваць. Другая палова, тая, што ўлева, бліжэй да лесу, па-ранейшаму зелянела дзікай травою, з рознакаляровымі плямкамі лугавых красак. Вечар быў цёплы, нібы на зыходзе чэрвеня, хоць да канца траўня яшчэ заставалася больш за тыдзень. З лесу, што чарнеў на тле бірузовага неба, азываўся птушыны спеў. Над лугам таўклі ступкі мушкі, зіхацелі ў промнях пацяжэлага сонца і лезлі мне ў твар, але не кусаліся. Вецер быў лёгкі, павеўны. Высока над небакраем распроствалася й паволі барвовела ружовая аблачына.

Я быў амаль на вяршыні, калі мяне напужаў сабака. Не мой, чужы. Ён бег мне насустрач па сцежцы ціха і борзда, таму я заўважыў яго не адразу. Спыніўшыся, я пацягнуўся ў кішэню па свісток, але жывёліна прабегла міма, нават не забурчаўшы, толькі сцебанула хвастом мне па назе. Гэў была вельмі цёмны, безмаль чорны аўчар з уніклівым позіркам. Ягонага гаспадара ў полі зроку нідзе не было. Кукі таксама знік з вачэй. Я свіснуў яму — без адказу. Засвістаў зноў, і сабачка да паловы высунуўся з асакі, дзе на сваіх каржакаватых лапках быў амаль нябачны. Разявіўшы зяпу, ён па-сабачаму ўсміхнуўся і цяўкнуў. Я агледзеўся. Па аўчару не стала і следу.

Пашкрабаўшы Кукі за вушыма, я ўпэўніўся, што ашыйнік з медальёнам на месцы, і кінуў сабачку камень, выдлубаны са сцежкі мыском чаравіка. Я, мабыць, перастараўся, бо кругляк пераляцеў цераз вяршыню пагорка і знік у мяне з вачэй. Кукі адважна рынуўся за ім.

На спіне ў мяне засвярбела ад поту. Я расшпіліў спачатку адзін, а тады другі і трэці гузік кашулі, высмаркаўся ў папяровую насоўку і выцягнуў з кішэні чыстую. У мяне шчыпала ў носе, пякло ў вачах і ў горле, нібыта я выпіў “Fairy”. Навокал цвіло шчаўе, чабор і халера ведае што яшчэ, непадалёк я заўважыў два зыркія макі. Сёлета ўсё паспяшала, між іншым і мой алергічны катар. Я выцягнуў з кішэні піпку, набітую яшчэ дома, запаліў і прагна зацягнуўся. Маю галаву ахінула аблачынка тытунёва-ванільнага водару, расцвелены стрававод адразу ж суцішыўся, а мушкі паразляталіся. Люлька так напалілася, што я ледзь трымаў яе ў далоні. Бы святы агонь, я ўзнёс яе на вяршыню і разгледзеўся па пустцы.


 
   

Я тут быў не адзін. Крыху ўправа, над адхонам, парослым хваёвым падлескам, пад якім, пакідаючы горад, вілася старая шаша, гулялі дзеці. Уласна кажучы, гэта былі ўжо амаль не дзеці, і ўсё ж, бадай, пакуль яшчэ так. Дзве дзяўчынкі. Ім было гадоў па адзінаццаць, ці мо па дзесяць, цяжка сказаць. Яны знайшлі сабе забаўку ў маім сабаку; адна гладзіла яго па галаве, другая спрабавала перакуліць на спіну. Мяне гэта здзівіла — звычайна Кукі такі таварыскі не бывае. Я зноў свіснуў яму.

Ён вырваўся ад дзяўчат і падбег у мой бок, але адразу ж вярнуўся. Падскочыўшы ўгору, лізнуў адной з іх далонь, потым перакуліўся на спіну і задрыгаў у паветры ўсімі чатырма лапамі. Дзяўчаты смяяліся, як звар’яцелыя, крычалі, што мне давядзецца забраць яго жывасілам, інакш, маўляў, пакінуць сабачку сабе. Я рушыў да іх.

Адна была светлая, другая — цёмнавалосая. Тая бялявая была драбнейшая і, магчыма, крыху маладзейшая, я прыкмеціў, што яна не зводзіць вачэй з сяброўкі і ўсё ад яе пераймае. Я перавёў позірк на сабаку, каб яны не падумалі, што я іх разглядаю, але, наблізіўшыся да іх, я заўважыў, што абедзве дзяўчынкі стаяць замяшаныя, як не свае. На маё “Прывітанне”, вымаўленае як мага ветлівей, яны не адказалі. Не разумеючы, што іх бянтэжыць, я ўзняў руку і зашпіліў усе гузікі, акрамя апошняга. Кукі нібыта здзівіўся, убачыўшы мяне, але як ніколі нічога працягваў задаволена качацца ля дзявочых ног. Раптам цёмнавалосая ўзняла яго з зямлі і прыгарнула да сябе, схаваўшы твар у ягоную поўсць. Ёй давялося паднатужыцца, каб утрымаць Кукі на руках. Такса з асалодай засунула галаву дзяўчынцы пад паху.

“Пусці яго, — сказаў я. — Сабак так не цягаюць. Ён аб’еўся, яму трэба пратрэсціся”.

Не паспеў я дагаварыць, як дзяўчынка развяла рукі, нібы даведаўшыся, што сабака паршывы. Кукі бразнуўся на скошаную траву і заскуголіў. Цягнучы нос амаль па зямлі, ён падпоўз да мяне і лізнуў мне чаравік.

“Гэта быў ваш сабака? Той аўчар?” — спытаў я, аднак адказу не дачакаўся. Я заўважыў, што ў тае, якая трымала Кукі на руках, да грудзей, маленькіх і вострых, нібыта каменьчыкі, прычапілася колькі яго рыжаватых паўсцінак. Дзяўчаты пераглянуліся. Я адвёў позірк, рашуча павярнуўся і пакіраваў да лесу. Такса пацюпаў за мной.

Пыхкаючы люлькай, я рабіў тым большыя крокі, чым менш мне ўдавалася выгнаць з галавы грудкі тых дзвюх дзяўчат. Тая цёмнавалосая, крыху больш даспелая, была ў белай майцы на тонкіх шлейках і ружовых аблеглых шортах у бліскаўкі, што ўпіваліся ў пах. Бландзінка была апранута амаль гэтаксама, на ёй была чорная майка і вузкія кароткія штонікі — светлыя, у вялікія кветкі й запэцканыя. Рукі ў абедзвюх былі тонкія, клубы яшчэ зліваліся з таліяй, але ногі ўжо набывалі аб’ём.


 
   

Я азірнуўся ажно каля лесу і адчуў палёгку: адсюль дзяўчат ужо было не відаць і кром мяне тут нікога не было. Я спыніўся ля першага дуба і абапёрся аб яго. Глянцаванае дрэва люлькі зноў запякло ў далоні. Мне трэба было аддыхацца. У нас з жонкай няма дзяцей. Мы гэта доўга адкладалі, а потым раптам зрабілася позна. У мяне даўно магла быць дачка такога ж веку, як гэтыя дзве, падумалася мне, і, хто ведае, мо яна была б падобнай да іх.

“Хадзем”, — сказаў я Кукі і нахіліўся, каб папляскаць яго па спіне, але сабака прашмыгнуў у мяне пад рукой і пабег вон. “Сюды — да нагі!” — закрычаў я, але такса ляцеў туды, адкуль мы толькі што прыйшлі. Я палез у кішэню па свісток, але не паспелі мае пальцы намацаць яго паміж запальнічкай, тамперам для люлькі й пакуначкам папяровых насовак, як Кукі ўжо выбег з лесу. Ён паводзіўся як нявыхаваны шчанюк.

Я паволі прайшоў праз высокую — да калена — траву на скошаную дзялянку. Сонца ўжо хілілася да гарызонту, аднак святло на пагорку нібы яшчэ пазырчэла, набыло больш насычаны тон, у якім ад белага дня не засталося і знаку — у ім быў вечар, паветра, бы густы, цёмна-залаты мёд. З хмараў мушак адна абрала маё правае вока, заляцела ў яго і патанула. Яе смерць не магла быць банальнейшай, але ў мяне за павекам пякло, нібы туды трапіў аскепак.

З насоўкай на воку я зноў падышоў да дзяўчат, якія так і стаялі адны на пагорку, усё гэтак жа без нагляду, але зноў у кампаніі з маім сабакам. Калі б я быў які вычварэнец, Кукі быў бы маім алібі, чаму я ім зноў дакучаю. Аднак гэтым разам яны на яго не зважалі. Не звярталі ўвагі і на мяне, нават калі я спытаў, ці няма ў іх кішэннага люстэрка, бо мне нешта трапіла ў вока. Проста не рэагавалі. Тое пытанне ўсё адно было лішняе, бо й аднавокі б заўважыў, што ў іх, акрамя іхнай адзежы й пантофляў, нічога няма.

Цяпер яны выраблялі нейкія штукі. Чарнявая неяк асабліва, у невядомым рытме гайдала рукамі, узнімала вочы ўгору і высокім галаском падахвочвала другую, каб тая ўсё паўтарала за ёй; вочы трэба шырока расплюшчыць і закаціць як мага далей, каб зрэнкі, як яна выказалася, не надзілі мух, аваднёў і птушак. Яны кантралявалі адна адну, ці змогуць закаціць раёк так, каб былі відаць адно нязрушныя бельмы. Пры гэтым у іх ад напружання трэсліся вейкі, а вусны ўцягнуліся ў рот у старэчай грымасе — раптам перада мной стаялі дзве маленькія, маладзенькія бабкі. Дыхалі яны ненатуральна: павольны працяглы ўдых, доўгая затрымка паветра ў лёгкіх і рэзкі, з кашлем, выдых. Бландзінка, робячы тое, што ёй загадала цёмнавалосая, у дадатак высалоплівала язык. Знячэўку яна збялела й павалілася на мурог. Можа, страціла прытомнасць ад раптоўнага абяскроўлення мозгу, не ведаю. Я зрабіў крок да яе, але праніклівы позірк ейнай сяброўкі, вочы якой зноўку былі на сваім месцы, мяне спыніў.


 
   

“Забярыце свайго кудлу”, — буркнула тая і паказытала бландзінку за нагу. Кукі, што абнюхваў твар ляжачай дзяўчынцы, добра адчуў перамену настрою і здзіўлена павярнуўся да мяне. Самлелая ачуняла ў слязах, ёй было блага. Сабака радасна цяўкнуў, падскочыў да чарнявай і перакуліўся на спіну. За гэта ён атрымаў такога выспятка, што аж пакаціўся. Моўчкі я ўзяў яго на рукі і панёс. І пусціў, толькі калі мы зайшлі ў лес.

Дрэвы тут пасадзілі ўсяго гадоў сто таму, і хоць паблізу да сёння стаіць абжытая леснічоўка, з гаю стаўся цяпер хутчэй лесапарк, дзе ў выходныя лётаюць веласіпедысты. Даўней тут было гэтак жа гола, як і на пустцы, раўніна паступова ўздымалася і круглілася ўзгоркам над горадам ды лукавінаю рэчкі. Сам гарадок некалі абкружалі невысокія ўмацаванні, ад якіх засталіся толькі тры вартавыя вежы. Голы верх ніколі не вянчала шыбеніца, заўсёды там быў разлеглы выган для быдла з хутароў ды з млыну, што стаяў на беразе рэчкі. Недзе тут, кажуць, адвеку была жывадзёрня, якую збурылі пасля вайны. Сам я падчас сваіх прагулянак ніякіх руінаў не бачыў.

Я прывёў Кукі да нашай звычайнай мэты, у сярэдзіну лесу, дзе крыжаваліся шэрыя, пасыпаныя друзам сцежкі. На скрыжаванні тырчаў вялікі камень, называны Чортаў Ікол, ці, як казала моладзь з гораду, Чортаў Хер. Вышынёю безмаль тры метры, наверсе звужаны і спічасты, ён і праўда нагадваў зуб ці ікол нейкай пачвары. У часы, пакуль камень яшчэ не згубіўся сярод падрослых дубоў, ён мусіў дамінаваць над мясцовасцю, нібы змрочны маяк.

Часцяком тут гулялі дзеці; абапёршы ровары аб камлыгу, яны караскаліся ўгору, дзе праз недахоп месца за раз маглі ўтрымацца сама большае трое; яны затым баранілі сваю крэпасць, а астатнія яе адваёўвалі. Вечарамі тут сыходзіліся падлеткі, па двое або кампаніямі, і хоць на дзвюх найбліжэйшых хваінах віселі шыльды з забаронай паліць ды раскладаць агонь у лесе, прычым пад пагрозай вялікага штрафу, вакол Чортавага Ікла заўсёды валяліся недапалкі.

Сёння мы тут былі адны, але цэлы тыдзень было пагодна, светлыя вечары рабіліся даўжэйшыя — да Купалля заставаўся ўсяго месяц, — і бычкоў за тыдзень тут назбіралася ўдосталь. Кукі мужна трываў пах люлькі, але ненавідзеў смурод цыгарэт, асабліва пагаслых. Звычайна ён трымаўся далей ад Чортавага каменя, аббягаў яго наўкол і тэатральна чмыхаў, аж пакуль я не выкрочваў дадому. Аднак цяпер ён мяне падзівіў. Падбег да скалы, правёў па ёй носам і падняў заднюю лапу.

Я абапёрся аб халодны граніт. Утрамбаваўшы гарачы тытунь, я паказытаў яго агнём і ўгледзеўся ў колца дыму, што ўзнялося над каменем і паплыло ў бок пусткі.


 
   

Як з імі варта было трымацца? — разважаў я. — Сказаць, каб каціліся дамоў, бо ноч ужо блізка і дзецям няма чаго рабіць на дварэ? Альбо параіць ім гэта як дзяўчатам, што могуць натрапіць на непрыемнасці?.. Не, лепш не трэба. Гэта толькі выклікала б збянтэжанасць. Карацей, настаўнік з мяне б не выйшаў, не ўмею я размаўляць з гэтымі недаспелымі чалавекамі. А тыя дзве да таго ж былі брыдкія, варожыя — чужынкі, што хоць і гавораць адной са мной моваю, але словы для іх нібы маюць зусім іншы змест.

Я ўваскрасіў у памяці тыя часы, калі сам быў у іхных гадох. Гэта было не так цяжка. Хлапчуком я многа чытаў, у мяне была пара сяброў, ды тыя ані блізка не маглі пераважыць прыцягальнасць прыгодаў, якія мне давалі кнігі. Дзяўчат я не заўважаў, быццам тады, нейкіх трыццаць гадоў таму, наўкол мяне не было ніводнай, пры гэтым я ведаю, што з пятага да дзевятага класу нас было трыццаць чатыры, і стасунак дзяўчат і хлопцаў быў фіфты-фіфты. Не памятаю, што я думаў пра адзінаццацігадовых аднакласніц, калі ўвогуле нешта думаў, але тую іх звычайную школьную блізкасць я, мабыць, праспаў і прачнуўся ажно тады, калі яны ўжо былі больш дарослыя, чымся я.

Ну, у тых дзвюх малпаў на пустцы на гэта час яшчэ ёсць, падумаў я задаволена і выплюнуў едкі тытунёвы сок, што незнарок трапіў мне на язык. Толькі, цікава, колькі? І што яны там, к д’яблу, вырабляюць? Можа, гэты свой працэс даспявання хочуць неяк прыспешыць? Нязграбныя рукі і ногі, грудзі, як вузельчыкі, срачка, што толькі намінкаю надзімае пляскатасць дзіцячага тулава… Ім гэта ўжо ладна прыелася, ды застаецца толькі чакаць. А потым, аднаго дня, вылезе на падбародку ірдзяны знак непакоры, і ўсё будзе інакш.

Я выбіў люльку пад ногі і гукнуў Кукі. Гукнуў другім разам, а потым і трэцім — ён не азываўся. У лесе пахаладнела і пацямнела, паветра набракла вільгаццю. За руку мяне ўкусіў камар, а над вухам загулі яшчэ два. Я адмахнуўся ад іх, пляснуў сабе па шыі, і на далоні засталася крывавая пляма.

Я абышоў скалу, потым яшчэ раз, пасля пашырыў кола за дрэвы. Не перастаючы гукаць і свістаць, я вырашыў пару хвілінаў счакаць. Калі яны прамінулі, а Кукі не паказаўся, я шырокімі крокамі пакіраваў у бок пусткі. Мне не хацелася, але ў мяне было адчуванне, што шукаць трэба там. Ці мо сам вярнуўся дадому? Але так ён ніколі яшчэ не рабіў.

Кветкі ў высокай траве пазакрываліся. За вяршыняй узгорку, на ўскудлачаным цьмяным гарызонце, што ў насталым змроку здаваўся бліжэйшым, вынырнулі дзве валасатыя галоўкі. На маё здумленне, дзяўчаты ўсё яшчэ там былі, а з імі — заспадзяваўся я — і гэты нявыхаваны цюцька.


 
   

Але ж сабакі там не было — толькі дзве гэтыя ведзьмы. Стаялі адна насупраць другой на адлегласці ў пяць-шэсць крокаў і дзіўна варушылі рукамі, як у запаволеным фільме. Суладнасць рухаў вымагала практыкі: тым часам як правае прыдалонне ў іх варочалася да цела, левае абярталася ў адваротным кірунку і штохвілі перапынялася, пры гэтым далонь быццам адпіхвала нябачнага ворага. Падобна, што гэтым яны займаліся ўжо доўга, бо ў апошніх промнях святла на іхных плячох зіхацеў пот. Тым не менш, яны былі вельмі бледныя, з пасінелымі вуснамі, нібы ім мала было кіслароду. Не дзіва, што дыхалі яны, як сухотніцы.

Я падышоў да іх і спытаў пра сабаку. Ледзьве я выславіў пытанне, абедзве павярнуліся да мяне, але сваёй настырлівай пантамімы не кінулі. Выглядала гэта жудасна, быццам яны былі ў трансе. Да таго ж яны зусім не маглі мяне бачыць, бо, закаціўшы вочы, патрапілі вылупіць на мяне адно шкляныя сіняватыя бельмы. Я гукнуў сабаку імем, прарэзліва і сярдзіта, ажно ў мяне падарваўся голас. Крыху разяўленыя раты дзяўчат скрывіліся ў нацягнутую ўсмешку.

Яны перамаглі. Я пакінуў іх там і азірнуўся толькі метраў праз пяцьдзесят. Яны стаялі ў тых самых паставах, павярнуўшы да мяне твары са сляпымі вачыма, і варушылі рукамі, нібы мне на развітанне махалі два ажыўляныя ветрам гародныя пудзілы.

Я не пераставаў гукаць Кукі. Свісток я згубіў недзе ў лесе. Я абышоў пагорак яшчэ раз, далёка абмінаючы гэтых смаркачак, і толькі калі выйшаў месяц, развярнуў стаптаныя ногі дамоў.

У гэты момант я спатыкнуўся. Недалёка ад былой кузні, там, дзе сцежка, што дзеліць пустку на скошаную й зарослую часткі, ператваралася ў заасфальтаваны ходнік, нешта стаілася ў траве. Я зачапіўся за гэта мыском чаравіка, як раней за каменьчык, і аўтаматычна нахіліўся, каб загадаць Кукі “Апорт!”. Але ж сабака быў немаведама дзе, а гэта быў не каменьчык. Гэта была частка нейкай жывёліны, кароткая і мускулістая, у святле паўмесяца фіялетава-шызая, з пробліскам жылак, зацягнутая дзе-нідзе плеўкай; нага, вырваная з суставу і збаўленая поўсці, яна неадчэпна нагадвала трусінае сцягно, толькі пасаліць — і на патэльню. Мяса не смярдзела, было свежае. Тым не менш мяне пацягнула на ваніты, калені затрымцелі. Мне патрабавалася апора, але побач нічога прыдатнага не было. Зверху да мяне даляцеў нейкі гук. Я прыслухаўся. Там хіхікалі дзеці.

З таго часу я на пустцы не быў; сабака да нас не вярнуўся, а іншага мы сабе не прыдбалі. Жонка спыталася толькі раз, у той самы вечар, на Сёмуху, дзе Кукі і што з ім здарылася, і я ёй сказаў, каб яна, дзеля бога, зараклася ў мяне пра гэта пытацца.
 

Пераклалі з чэшскай Сяргей і Юлія Сматрычэнкі
паводле аўтарскага арыгіналу

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (27) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/09/30