A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (28) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АЛЕСЬ АРКУШ | |||||
|
Алесь Аркуш
|
(нар. у 1960) — пісьменьнік, выдавец. Выдаў сёлета кнігу паэзіі “Прывід вясны”. Жыве ў Полацку. |
У Вільні ж у 2001 годзе я апынуўся ў скуры сьпікера беларускага парлямэнту на выгнаньні. Няхай сабе й часткова. Мяркуйце самі. Улетку таго году Сяргей Дубавец запрасіў мяне ў крывіцкую Мэкку папрацаваць на “Балтыйскіх хвалях”. Нічога пільнага мяне ў Полацку не трымала, і я пагадзіўся. Прыехаў разам з Тацянай і пачаў шукаць часовае жытло. На першыя дні нас прытуліў калега з “хваляў” Сяргей Харэўскі. Пасьля марных самастойных пошукаў я зьвярнуўся па дапамогу да свайго старога знаёмага, Алега Мінкіна. А ён і кажа: ёсьць тут адна кватэрка ў Фабіёнішках — тры пакоі, усе выгоды, у ёй Шарэцкі зь сям’ёю жыў. Якраз напярэдадні майго прыезду ў Вільню Сямён Шарэцкі, былы старшыня Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня, пакінуў Літву, перабраўшыся ў Штаты. Паехалі глядзець. Гаспадыня кватэры Тэрэза, прыязная беларуска з Астравеччыны, з прыемнасьцю пагадзілася здаць яе новаму кватаранту. “Тут спаў ахоўнік, — паказала яна на канапу, якая неяк нязвыкла стаяла ў невялікім калідорчыку ля ўваходных дзьвярэй. — Вы ўжо прабачце, не было каму прыбраць. Калі не замінае, дык няхай і застаецца”. — “Няхай застаецца”, — пагадзіўся я. У нас любяць мянціць языкамі пра беларускую страту тысячагодзьдзя — Крывіч-гораду. І прыплятаць сюды Гедыміна, Барбару Радзівіл, Івана ды Антона Луцкевічаў, “Нашу Ніву” зь “Вянком” Багдановіча… Згодны, гэты горад моцна зьнітаваны з шматлікімі культурнымі дасягненьнямі беларусаў. Але ўсё гэта ў мінулым. Інтэлектуальна кволы й колькасна малалікі беларускі рух на пачатку ХХ стагодзьдзя ня мог стаць у Вільні ўплывовым. Мяне заўсёды бянтэжыла, калі я чытаў у мэмуарах дзеячоў беларускага адраджэньня часоў Луцкевічаў—Ластоўскага, як у іх апісвалася знаёмства ў Вільні зь іншымі беларусамі: як прыгода, як нешта нечуванае. Трэба было пажыць багата часу ў гэтым невялікім горадзе, каб аднойчы выпадкова натрапіць на гэтых таемных “гаспадароў” места... Шчыра прызнаемся, беларуская прысутнасьць у Вільні была мізэрнай. А тое, што на тамтэйшых кірмашох скрозь гучала беларуская мова… дык у Бешанковічах гучыць да сёньня. Вось толькі дзе там тая беларушчына? Затое ў сёньняшняй Вільні, як і сто гадоў таму, паўсюль чуваць польская мова — у транспарце, на вуліцы, у крамах, зь дзіцячых вуснаў. Віленскія палякі маюць дзясяткі польскамоўных школаў і садкоў. Вельмі часта ў віленскіх крамах, пачуўшы ад кліента беларускія словы, гандляркі адказваюць па-польску. А прыканцы 90-х у Вільні зьявіўся шыкоўны цэнтар польскай культуры, на будаўніцтва якога Польшча выдаткавала некалькі мільёнаў даляраў. У горадзе ёсьць польская мастацкая галерэя, FM-станцыя, выходзяць польскія газэты і нават літаратурны часопіс. Беларусам Літвы нават марыць не выпадае пра такія рэчы. Прыемна пашпацыраваць па Вільні зь Сяргеем Харэўскім, які ведае ў старым месьце кожны дом і можа распавесьці сотні гісторыяў пра яго. Тут месьцілася рэдакцыя “Нашай Нівы”, у гэтай вязьніцы сядзеў Каліноўскі, у гэтым доме выдаваў свае кнігі Францішак Скарына, тут жыў зь сям’ёй Вацлаў Ластоўскі, тут месьціўся беларускі музэй, а ў гэтым храме за часамі фашыстоўскай акупацыі перахоўваліся найбольш каштоўныя экспанаты музэю… Пасьля сьмерці Лявона Луцкевіча Харэўскі, бадай, самы дасьведчаны ў гэтай справе. Упершыню Вільню я наведаў у 1986 годзе, калі вучыўся на перадапошнім курсе наргасу. У сваю “камэрцыйную” вандроўку мяне ўзялі дзяўчаты-аднакурсьніцы. У віленскіх кавярнях я па-беларуску замаўляў для ўсіх сьняданак, і гэта гарантавала прыязнае абслугоўваньне. Цяпер капіталізм згладзіў (або глыбока схаваў) нелюбоў літоўцаў да ўсяго расейскага. Можаце замаўляць стравы нават на тамбоўскай фені — абслугоўваньне будзе выдатнае. Час ад часу па цяперашняй Вільні езьдзіць адмысловы турыстычны аўтобус бяз даху, які любяць фрахтаваць кампаніі вясёлых рабятаў з РФ — блатныя песьні далёка разносяцца над Вяльлёй. |
Этнічныя славяне (беларусы-расейцы-ўкраінцы) ды самі літоўцы зь нізкіх сацыяльных слаёў любяць Беларусь і добра адгукаюцца аб Лукашэнку. Аднойчы пачуў ад таксіста-славяніна крык душы: “Гары яна гарам, такая свабода!” Я яму тлумачу “перавагі” нашага жыцьця, а ён слухаць ня хоча, пытаецца: “У вас працуюць заводы?” — “Працуюць”, — адказваю. “Ну дык памаўчыце, у нас нават дворнікам немагчыма ўладкавацца, а ўсё гэтае, што навокал, стракатае-бліскучае — шкляныя пацеркі для абарыгенаў”. Памятаю грандыёзную па колькасьці ўдзельнікаў акцыю перапахаваньня парэшткаў Івана Луцкевіча на віленскіх могілках Роса ў 1991 годзе. Сёньня ж на Літарацкай горцы, дзе пахаваныя браты Луцкевічы, Францішак Аляхновіч, Казімер Сваяк, Лявон Вітан-Дубейкаўскі і інш., пануе занядбаньне. Добра дагледжана толькі супольная магіла Луцкевічаў (сочаць сваякі). Надмагільны помнік Аляхновіча нахіліўся, як Пізанская вежа, фарба на ім аблупілася (прынамсі, я такім яго пабачыў увосень 2001 году). На Дзяды нікога зь беларусаў на Літарацкай горцы я не сустрэў. Праўда, колькі сьвечак усё ж знайшоў на сьціплых капцах. Але ці параўнаеш гэта з тым вялікім полымем, якое шугала над гранітнай плітой, пад якой пахаваныя маці і сэрца Пілсудзкага? На тле відавочнага згасаньня беларускага руху ў Вільні ў 2001 годзе тут усё ж адбылася адна значная, можна сказаць, гістарычная падзея. Дубавец і Харэўскі дакладна высьветлілі месца пахаваньня Кастуся Каліноўскага. Кáты разумелі, што магіла “бунтаўніка” абавязкова з часам ператворыцца ў аб’ект паломніцтва, таму цела нескаронага Кастуся разам зь некалькімі закатаванымі польскім паўстанцамі таемна зарылі ў зямлю на тэрыторыі расейскага вайсковага гарнізону на Замкавай гары. Так-так, парэшткі Каліноўскага ляжаць каля вежы, якая прысутнічае на кожнай другой віленскай паштоўцы. За палякамі на месцы пахаваньня нават стаяў памятны-крыж аўтарства скульптара Антона Вівульскага (у Вільні ёсьць вуліца ягонага імя). Літоўцам беларус Каліноўскі на такім стратэгічным месцы, якое зьяўляецца сымбалем Вільні і дамінуе над усім горадам, быў не патрэбны. Магіла зарасла дзёрнам. Тацяна Сапач паказала сюжэт пра адкрыцьцё месца пахаваньня Каліноўскага на дзяржаўным канале LRT. Вянок на магілу героя нёс я. Празь нейкі час у адной зь віленскіх кавярняў кельнэрка мне кажа: “А я вас вчера видела по телевизору”. “А пра што была перадача?” — спытаў я, нібыта здымаюся на тэлебачаньні штодзень і мне цяжка згадаць учарашнюю праграму. “А вы там с цветами ходили по Замковой горе”. У царкве сьв. Мікалая, дзе штотыдзень у суботу адбывалася служба па-беларуску, зьбіралася ня больш за 10–15 чалавек. Заўсёднікамі на ёй былі Тацяна Сапач і Сяргей Вітушка. Зрэдку тут можна было сустрэць Алега Мінкіна ці Зьмітра Бартосіка. Сёньня беларускія службы перапыніліся. Няма паствы. Пра Вільню ў Полацку мне штодзень нагадвае мой партрэт, які напісаў вядомы мастак Алесь Поклад. Ягоны сын Янка, нашчадак па матчынай лініі славутых Луцкевічаў, разам з бацькамі сустракаў са мной Каляды 2001 году ў кватэры Шарэцкага. Ён любіць гуляцца ў машынкі і марыць стаць гоншчыкам “Формулы–1”. жнівень, 2003
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (28) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Элы Мацьвіенкі |