A R C H E П а ч а т а к № 5 (28) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


52003
» да Зьместу «

 


ВІЛЕНСКАЯ АНТАЛЁГІЯ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

АЛЯКСАНДАР БАТУРА

(70Kb) Вокладка ARCHE 5-2003. ВІЛЕНСКАЯ АНТАЛЁГІЯ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча. Фатаздымкі Дзяніса Раманюка.

   Мінулыя нумары:

   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

 

Аляксандар Батура
Ад стабілізацыі да мадэрнізацыі
 
Траекторыі расейскай палітыкі


Маскоўскія палітыкі з паліттэхнолягамі… супрацоўнічаюць паводле звычнай ім фінансава-палітычнай сыстэмы залатой эпохі дзевяноста трэцяга — дзевяноста шостага гадоў, навязаўшы яе ўладам. Вось — Крэмль, у Крамлі зьяўляецца выбарчы праект, адзін ці некалькі. Пад яго падбіраюцца палітыкі, падключаецца тэлебачаньне. Калі гэтыя ўмовы замыкаюцца і па контуры пайшлі грошы, усё з радасьцю ажывае. Клоўны лятуць зь месцаў і мэлядычна пукаюць, “актыў” пляскае ў далоні і крычыць “так-так-не-так!” Ідзе масавае ачмурэньне электарату праз тэлебачаньне плюс падцягваньне яго праз так званы адміністрацыйны рэсурс… Усё гэта звалася палітыкай і ёй было. Але да Пуціна, пры Ельцыну… Палітыка — не тэатар, і, калі вы заходзіце ў палітыку як у тэатар, вам толькі й застаецца, што сьвістаць з галёркі. Калі шоў-палітыкі абрыднуць, глядач робіцца прадусарам, распускае трупу і набірае новую. Вось гэта і ёсьць палітыка.

З інтэрвію Глеба Паўлоўскага часопісу “Эксперт”


Папуры з царскай Расеі, Савецкага Саюзу і новай Расеі

На працягу першых год прэзыдэнцтва Ўладзімера Пуціна ўсе прафэсійныя аналітыкі расейскай палітычнай сцэны і ўвогуле ўсе, хто цікавіцца палітыкай, імкнуліся адказаць на пытаньне “Хто такі Пуцін?”. Ці гэта ляяльны намесьнік “сям’і”, які працягне “слаўныя” традыцыі ельцынскага прэзыдэнцтва, ці гэта новы андропаў, які павыганяе ўсіх з кінатэатраў у працоўны час і паверне стрэлкі гадзіньніка “back in USSR”? Цяпер, здаецца, большасьць назіральнікаў, асабліва на Захадзе, пагодзіцца, што Пуцін прыемна зьдзівіў. Пуцін — гэта ветлівы малодшы партнэр Злучаных Штатаў, які зьмірыўся з тым, што Расеі наканавана роля рэгіянальнай сілы, прыняў правілы гульні рынкавага капіталізму і дэмакратыі (ці “кіраванай дэмакратыі”). Падобна на тое, што палітычная сыстэма і эканоміка нарэшце стабілізаваліся, існуе стабільны эканамічны рост, і рэйтынг Пуціна стабільна высокі — не ніжэйшы за 70 %. Краіна задаволеная стабільнасьцю пасьля анархіі ўсёмагутных алігархаў Ельцына. Пуцін, прапанаваўшы расейцам папуры з царскай Расеі, Савецкага Саюзу і новай постсавецкай Расеі, змог задаволіць любы палітычны густ. Пуціна стабільна падтрымліваюць як прыхільнікі камуністаў, так і прыхільнікі лібэралаў. Нарэшце, перадусім у насельнікаў буйных гарадоў і асабліва сярод моладзі ды клясы заможных, зьявіўся пэўны аптымізм. У краіну пацягнуліся чароды рэімігрантаў, якія ўдосыць пакаштавалі “салодкага жыцьця” на Захадзе ў 90-х. Большасьць зь іх працуе мэнэджэрамі і топ-мэнэджэрамі ў заходніх і буйных расейскіх кампаніях, якія з радасьцю прынялі “самаарганізаваных” рэпатрыянтаў. У маіх расейскіх сябрукоў ізноў зьявіўся гонар за шостую частку зямной сушы.
 

(нар. у 1977 годзе ў Мядзеле) — палітоляг. Скончыў факультэт права Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту (Будапэшт). Вучыцца ў дактарантуры “Trinity College” (Дублін) і выкладае там жа на факультэце паліталёгіі. Сёлета двойчы друкаваўся ў “ARCHE”.
   

Здаецца, Расея робіцца нармальнай краінаю, дзе моц дзяржавы вымяраецца памерам ВНП, якасьцю чалавечага жыцьця, а ня колькасьцю зброі і краін, якія гэтай зброі баяцца. Сьвяткаваньне 300-годзьдзя Санкт-Пецярбургу сымбалічна адзначыла зьяўленьне новай Расеі — часткі заходняй цывілізацыі. Але адначасова гэтае сьвята таксама выявіла прыярытэт выгляду над зьместам, прыярытэт паказухі над сапраўднымі зьменамі. Мільёны, выдаткаваныя на “пацёмкінскія вёскі”, маглі б пайсьці на разьвіцьцё ледзь жывой інфраструктуры гораду ці тым жа настаўнікам і дактарам.

У пуцінскай Расеі сапраўды існуе парадак і стабільнасьць, прынамсі, нашмат больш парадку і стабільнасьці, чым у ельцынскай Расеі. Але ці не за кошт адмовы ад дэмакратычных нормаў, якія як-ніяк існавалі раней? Ці можна разьлічваць на стабільны, доўгатэрміновы эканамічны рост бяз доўгачаканай адміністрацыйнай рэформы, ці можна збудаваць капіталізм з савецкімі кадрамі на месцах? На чым трымаецца сёньняшняя палітычная стабільнасьць Расеі — на сапраўдных посьпехах Пуціна ці, як сьцьвярджае вядомы палітоляг Лілія Шаўцова, на высокіх цэнах на нафту ды фэнамэнальнай папулярнасьці прэзыдэнта? І калі цэны на нафту і папулярнасьць пойдуць уніз, што застанецца ад стабільнасьці?

На гэтае пытаньне не існуе цьвёрдых адназначных адказаў. Ніжэй прыведзены агляд палітычнага курсу прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, у якім я паспрабую прапанаваць адказы на такія пытаньні. Акрамя сваіх думак я буду выкарыстоўваць ідэі расейскіх і заходніх палітычных аналітыкаў — Ліліі Шаўцовай, Андрэя Рабава, Глеба Паўлоўскага, Дзьмітрыя Трэніна, Андэрса Аслунда, Стывэна Холмса ды іншых. Іх меркаваньні наконт тых ці іншых аспэктаў прэзыдэнцтва Пуціна часам разыходзяцца, таму будзе больш правільна абмеркаваць некалькі найбольш праўдападобных сцэнароў разьвіцьця падзеяў.

Эканамісты і экспэрты па міжнародных стасунках збольшага дадатна ацэньваюць палітычныя паводзіны Пуціна, у той час як тыя, хто аналізуе ўнутраную дынаміку краіны, даюць больш неадназначныя ацэнкі. Таксама і я не імкнуся навязаць сваіх поглядаў, давесьці, прыкладам, што ў нашай суседкі ўсё блага, ідзе вайна, грымяць праз тыдзень тэракты, рэформы буксуюць ці, наадварот, — усё файна і Расею чакае стабільны доўгатэрміновы эканамічны рост ды красаваньне дэмакратыі. Замест гэтага я прапаную палемічны, “каляпаліталягічны” агляд розных аспэктаў, якія характарызавалі першыя тры гады кіраваньня Пуціна, пазнаёмлю з поглядамі вядомых “назіральнікаў” расейскай палітыкі, магчымымі сцэнарамі і прагнозамі яе разьвіцьця. Гэта не навуковы артыкул, а, хутчэй, запрашэньне да дыскусіі. Калі чытач знойдзе нейкія недакладнасьці, неабгрунтаваныя высновы — прашу сьпісаць гэта на мой кошт, а не калег-палітолягаў, творы якіх згадваюцца тут.

У гэтым аглядзе цэнтральнае месца займае панятак стабільнасьці. Акурат з абяцаньнямі стабільнасьці Пуцін прыйшоў да ўлады, слова “стабільнасьць” найчасьцей сустракалася ў яго тэлевізійных прамовах. Калі Расея дасягнула стабільнасьці — гэты аспэкт і зьяўляецца асноўным пытаньнем дадзенага агляду, — то цяпер ёй ужо патрэбна нешта большае, чымся проста стабільнасьць. Да таго ж набліжаецца час парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, і якая ж тут стабільнасьць, нават у “кіраванай” дэмакратыі Пуціна?

 

 
   

“Запаветы Ельцына”

Каб зразумець пэўныя зьмены ці адсутнасьць зьменаў, трэба зразумець, з чым сутыкнуўся Пуцін пасьля свайго папярэдніка Барыса Ельцына. Рэжым Ельцына звычайна вызначаецца расейскімі палітолягамі як “супэрпрэзыдэнцкая рэспубліка”. Аднак слова “супэрпрэзыдэнцкая” можа ўвесьці ў зман: “супэрпрэзыдэнцкаю” ўлада была толькі канстытуцыйна, напрыклад, у параўнаньні з заканадаўчай і судовай уладамі. Калі глядзець на ўплыў гэтае ўлады на дзяржаву ў цэлым, з прэзыдэнцкай уладай было ўсё далёка ня “супэр”, хоць яна і заставалася цэнтральнаю ўладай. Існаваў шэраг уплывовых актораў, якія мелі пэўную аўтаномію і зь якімі Ельцыну ўвесь час трэба было дамаўляцца, — гэта і Дзяржаўная Дума, і тады яшчэ вельмі моцная КПРФ, і алігархі, і сродкі масавай інфармацыі, і дзяржаўная “савецкая” бюракратыя. Над губэрнатарамі ці, яшчэ горш, прэзыдэнтамі на месцах, у суб’ектах Фэдэрацыі, кантроль быў яшчэ слабейшы, а часам і ўвогуле адсутнічаў. Формула Ельцына “бярэце столькі ўлады, колькі можаце з сабой панесьці” спрацавала на дэзінтэграцыю краіны. Паміж гэтымі акторамі ішла пэрманэнтная барацьба, у розны час у рознай канфігурацыі, з рознымі вынікамі — паміж цэнтрам ды рэгіёнамі, паміж Прэзыдэнтам ды Думай, паміж рознымі кланамі пры падтрымцы СМІ і рэгіёнаў. Можна сказаць, што існавала некалькі цэнтраў улады, што канкуравалі міжсобку. Увядзеньне простых выбараў выканаўчай улады ў рэгіёнах дало дадатковую легітымнасьць рэгіянальным лідэрам, і рэгіёны пачалі паводзіцца ўсё больш і больш самастойна ў сваіх стасунках з фэдэральным цэнтрам. Усё больш і больш рэгіянальных законаў уваходзілі ў супярэчнасьць з фэдэральнай Канстытуцыяй і фэдэральным заканадаўствам. Падаткі не пералічаліся ў фэдэральны бюджэт, “сілавыя” органы на месцах слухаліся мясцовай выканаўчай улады, а не фэдэральнага цэнтру. Прэзыдэнт Ельцын траціў кантроль над краінай, дзяржава паступова, але рашуча дэзінтэгравалася ў канглямэрат рэгіянальных цэнтраў. Рэгіянальныя эліты праводзілі сваю ўласную эканамічную і палітычную палітыку, патрэба ў цэнтры паступова адпадала. Усе ўважліва чыталі расейскага геапалітыка Дугіна, які чытаў амэрыканскага геапалітыка Бжазінскага. Абодва яны сьцьвярджалі (хоць і па-рознаму глядзелі на праблему), што дэзінтэграцыя Расеі — гэта адна з рэальных пэрспэктываў.

У той жа час, пачынаючы з 1991 году ў Расеі адбыўся шэраг дэмакратычных выбараў — некалькі на фэдэральным узроўні і сотні — на рэгіянальным і мясцовым, — якія былі больш-менш адкрытымі і сумленнымі. Існавала канкурэнцыя, і, што самае галоўнае, адбывалася рэгулярная зьмена элітаў. Напрыклад, падчас губэрнатарскіх выбараў 1996—97 гадоў прыкладна палова губэрнатараў страціла ўладу ў электаральнай барацьбе. Можна казаць, што пасьля рэфэрэндуму і прыняцьця на ім Канстытуцыі 1993 году правілы палітычнай гульні сталі даволі стабільнымі і значна не зьмяніліся. Такім чынам, інстытуцыялізацыя дэмакратычных інстытутаў — выбараў і выбарчых інстытутаў, партый — была пасьпяховаю. Такой пасьпяховаю, што Расея 2003 году мае сыстэму, якая была сфармаваная ў 1990-х на патрэбу 1990-х, з тымі ж акторамі і партыямі, што цяпер ужо мала каго прадстаўляюць. У той жа час, усё большую ролю ў палітычным працэсе тады пачыналі адыгрываць акторы, якія ня мелі аніякага дачыненьня да інстытутаў дзяржавы, — алігархі. Інстытуты дзяржаўнай улады пачалі абслугоўваць прыватныя інтарэсы. Гэта было відавочна на працягу ўсяго прэзыдэнцтва Ельцына — пачынаючы ад “цёмных” дамоваў падчас абвальнай прыватызацыі першай паловы 1990-х і канчаючы апошнімі кабінэтнымі дамовамі наконт перадачы ўлады новаму прэзыдэнту пры канцы 1999 году. Дастаткова згадаць, што знакамітае абмеркаваньне рашэньняў па эканамічнай палітыцы ў ноч з 16 на 17 жніўня 1998 году, г. зн. напярэдадні т. зв. дэфолту, ішло ў прысутнасьці людзей, што ня мелі аніякага дачыненьня да дзяржаўнай палітыкі, але мелі яўныя камэрцыйныя інтарэсы. З прызначэньнем алігарха Беразоўскага на пасаду ў адміністрацыю Прэзыдэнта можна было сьмела гаварыць, што алігархія ня тое што стаіць ля дзьвярэй дзяржаўнае ўлады Расеі, але яна ўжо даўно ўнутры, на канапе, паклала ногі на стол, адкрыла там сабе бляшанку піва і гаворыць па мабільніку. Рэальная ўлада ў дзяржаве ўсё больш разыходзілася з канстытуцыйнай. Дэзінтэграцыя фэдэральнага цэнтру, рост улады рэгіянальных элітаў і алігархізацыя дзяржаўнае ўлады вялі проста да паралюшу ўлады, калі рашэньні цэнтру не выконваліся, і да страты легітымнасьці інстытуту прэзыдэнта ды ўвогуле дэмакратычных інстытутаў. Існавала рэальная магчымасьць дэзінтэграцыі Расейскай Фэдэрацыі на ўзор Савецкага Саюзу.

 

 
   

Улада павінна быць уладаю

Асноўнай задачай пераемніка Ельцына было прыпыненьне дэзінтэграцыі краіны. Не аналізуючы глыбока чачэнскага крызысу — гэта асобная тэма, — можна зазначыць, што Пуціну ўдалося “адфарматаваць” гэты крызыс у кантраляваны фармат праз маніпуляцыю мас-мэдыямі, некаторыя тактычныя посьпехі на “фронце антытэрарыстычнай апэрацыі”, выбраную самімі чачэнскімі баевікамі яўна тэрарыстычную тактыку і, як вынік, іх паразу на фронце грамадзкай думкі. Аднак на цяперашні момант, нягледзячы на “канстытуцыйны працэс”, што пачаўся на тэрыторыі Чачэніі, сытуацыя там выглядае патавай для абодвух бакоў.

Перш за ўсё новаму прэзыдэнту трэба было павысіць кіраванасьць дзяржавай і кансалідаваць дзелавыя колы ды ўладныя структуры шматлікіх узроўняў. Пуціну збольшага ўдалося знайсьці кампраміс паміж дзелавой супольнасьцю — у тым ліку і з алігархамі, хаця не з усімі, зь дзяржаўнай бюракратыяй і з большай часткай насельніцтва-“падданых”. Першыя баяліся новага перадзелу ўласнасьці, другія — радыкальных зьменаў у апараце ўлады, апошнія — новай сэрыі сацыяльна-эканамічных узрушэньняў і галечы. Пуцін здолеў пабудаваць і стабілізаваць вэртыкаль выканаўчае ўлады (хоць і з пэўнымі хібамі). Перш за ўсё ён імкнуўся пазбавіцца элемэнтаў, якія дэстабілізавалі агульнае становішча ў цэнтры ды рэгіёнах і спрыялі дэзінтэграцыі дзяржаўнай улады.

Пуцін “прапіхнуў” пяць найбольш значных рэформаў, накіраваных на паляпшэньне кіраванасьці дзяржавай. Першая зь іх датычыла Рады Фэдэрацыі — у яе замест мясцовых губэрнатараў і сьпікераў парлямэнтаў губэрнатары і мясцовыя парлямэнты пачалі прызначаць сваіх прадстаўнікоў. Мэтай другой рэформы было павелічэньне ролі фэдэральнага цэнтру ў кіраваньні суб’ектамі фэдэрацыі. Пуцін увёў сем буйных фэдэральных акругаў, якімі пачаў кіраваць наўпрост праз сваіх “паўнамоцных прадстаўнікоў”. Быў таксама прыняты закон, згодна зь якім усе рэгіянальныя законы і мясцовыя канстытуцыі павінны адпавядаць фэдэральнай Канстытуцыі. Паводле іншага новага закону Пуцін займеў права зьвяртацца ў суд, каб звольніць з пасады непажаданага губэрнатара ў выпадку парушэньня апошнім фэдэральных законаў. Таксама Пуцін правёў сэрыю законаў, пакліканых навесьці парадак у падатковай сыстэме. Тым самым ён імкнуўся пазбыцца праклёну рэжыму Ельцына, пры якім фэдэральны цэнтар ня мог зьбіраць падаткі з сваіх фэдэральных суб’ектаў і плаціць у пару зарплату.

На шчасьце, пабудова эфэктыўнай вэртыкалі ўлады не была самамэтаю Пуціна. Ён сапраўды імкнуўся нэўтралізаваць найбольш адыёзныя аспэкты ельцынскага фэдэралізму, небясьпечныя для цэльнасьці краіны. І яму ўдалося прыпыніць дэзінтэграцыю Расеі ў канфэдэрацыю рэгіёнаў, намінальна кіраваных цэнтрам. У барацьбе з рэгіянальнымі лідэрамі, гэтаксама як і з алігархамі, ён ня прагнуў дасягнуць поўнай перамогі — што ў цяперашніх умовах, напэўна, і немагчыма. Мэтай Пуціна было павялічыць ролю фэдэральнай бюракратыі, каб астатнія гульцы палітычнай сцэны ўспрымалі яе, прынамсі, як “першую сярод роўных”. Фэдэральная рэформа задумвалася для павышэньня патэнцыі аслабленае цэнтральнае ўлады: фэдэральны цэнтар пасьля прыняцьця порцыі “віягры” павінен быў закратацца як малады і паказаць, што ён яшчэ можа, як і раней.
 

 
   

Перад тым як перайсьці да абмеркаваньня гэтай фэдэральнай рэформы, хочацца адзначыць, што дагэтулешняя крытыка пуцінскіх рэформаў заходнімі палітолягамі, якія сьцьвярджаюць іх недэмакратычнасьць і ўспрымаюць як замах на “велічныя заваёвы” Ельцына, — крытыка не зусім адэкватная. Можна крытыкаваць гэтыя рэформы за неэфэктыўнасьць і за тое, што яны не дасягнулі мэты. Але пагроза дэмакратыі ў Расеі мае цалкам іншую прыроду і ня зьвязана з спробамі цэнтру прыпыніць дэзінтэграцыю краіны. На пагрозах дэмакратыі я яшчэ спынюся трохі ніжэй, а тут дадам (і заходнім камэнтатарам гэта вядома лепей, чым каму іншаму, пасьля 11 верасьня 2001), што ёсьць такая рэч, як страх перад дзяржавай, якая парушае правы грамадзянаў. Але існуе яшчэ больш фундамэнтальны страх — перад жыцьцём безь дзяржавы ўвогуле. Як пісаў Томас Гобс у сваім “Левіятане”, гэта стан, “найгоршы за ўсе, пэрманэнтны страх і небясьпека гвалтоўнай сьмерці”.

Расейцы хацелі стабільнасьці, прадказальнасьці, эфэктыўнасьці дзяржавы, і Пуцін рабіў усё, каб гэта даць. Збольшага яго рэформы дасягнулі сваёй мэты. Калі ў 1998 годзе суб’екты фэдэрацыі зьбіралі 61 % дзяржаўных падаткаў і цэнтар усё больш траціў кантроль над фінансавымі плынямі, то ў 2001-м рэгіёны сабралі ўжо толькі 48 %. Пуціну ўдалося правесьці праз Думу сэрыю законаў, паводле якіх багацейшыя рэгіёны цяпер аддавалі ў цэнтар значна больш падаткаў, чым раней. Бедныя рэгіёны, якія звычайна атрымлівалі з цэнтру больш, чым плацілі падаткаў, і якіх было значна болей, чымся “багатых”, ахвотна падтрымалі ініцыятыву цэнтру. З аднаго боку, Пуцін тут перамог і здолеў выплачваць затрыманыя пэнсіі і зарплаты, з другога, калі раптам у будучыні зноў узьнікне падобная праблема, рэгіёны могуць сьмела ківаць на фэдэральны цэнтар, дзе разьмяркоўваюць грошы.

Другое новаўвядзеньне — сфармаваньне сямі фэдэральных акругаў — не дало пэўнага выніку. “Паўнамоцныя прадстаўнікі” Пуціна, маючы не зусім зразумелыя паўнамоцтвы і рэсурсы, ня здолелі скаардынаваць працу паміж фэдэральнымі міністрамі і мясцовымі лідэрамі. Гэта прывяло да павелічэньня бюракратыі на месцах, бо гэтыя прадстаўніцтвы дублявалі шмат функцый мясцовых органаў. Гарманізацыя фэдэральнага і мясцовага заканадаўства была толькі часткова пасьпяховай: губэрнатары прывялі ў адпаведнасьць канстытуцыі толькі тыя законы, якія з самага пачатку не былі ім асабліва карыснымі, і пакінулі бязь зьменаў астатнія, карысныя ім. Бяз больш шырокай юрыдычнай і, самае галоўнае, адміністрацыйнай рэформы Пуцін наўрад ці здолее дабіцца поўнай гарманізацыі законаў, бо імплемэнтацыя рашэньняў цэнтру дагэтуль залежыць ад асобаў, фінансавыя інтарэсы якіх, у сваю чаргу, залежаць ад “неімплемэнтацыі” гэтых рашэньняў. Цяжка сказаць, наколькі зьмены ў Радзе Фэдэрацыі — замену губэрнатараў на іх прадстаўнікоў — можна назваць сапраўднымі інстытуцыйнымі зьменамі, а не часовай дамоваю паміж рэгіянальнай і фэдэральнай элітамі. На карысьць падобных высноваў гаворыць і той факт, што фэдэральны цэнтар гатовы інстытуцыялізаваць прагу да ўлады рэгіянальных кіраўнікоў у абмен на іх ляяльнасьць. Так, ліпеньская пастанова расейскага Канстытуцыйнага Суду 2002 году, якая ўзаконьвала магчымасьць выбірацца на трэці (і чацьверты) тэрмін для рэгіянальных лідэраў, фактычна азначала, што фэдэральны цэнтар дапускае манапалізацыю рэгіянальнымі элітамі ўлады ў рэгіёнах пры ўмове іх ляяльнасьці.

 

 
   

Рэйтынг “Надзеі” і высокіх цэнаў на нафту

На працягу стагодзьдзяў расейскай гісторыі пасьпяховыя і правальныя рэформы, перамогі і паразы, посьпехі і няўдачы запісваліся на рахунак вельмі невялічкай групы асобаў: “цара-бацюхны” зь яго дваром або герантакратаў-чальцоў Палітбюро. Як піша Юры Фёдараў з МДІМА, “гэтая парадыгма, што глыбока пусьціла карані ў нацыянальнай псыхалёгіі, вызначае ўспрыманьне грамадзтвам усёй сацыяльнай рэальнасьці і перашкаджае дэмакратычнай трансфармацыі, бо вядзе да грамадзкай пасіўнасьці і ўвечнівае спэцыяльную дамінантную ролю вышэйшых дзяржаўных асобаў і бюракратаў”. Няма дзіва, што многія расейцы тлумачаць праблемы сваёй краіны памылкамі дзяржаўных асобаў і ўсё чакаюць “моцнага лідэра”, які здолее жалезнай рукой вырашыць усе іх праблемы. У гэтым найвялікшая слабасьць расейскага грамадзтва: замест таго каб бачыць саміх сябе актыўнымі палітычнымі і сацыяльнымі агентамі, якія самі вызначаюць умовы свайго існаваньня і, калі трэба, нясуць адказнасьць за свае рашэньні, расейцы бачаць сябе аб’ектамі маніпуляцыі кіраўнікоў дзяржавы. Кіраўнікі дзяржавы выступаюць актыўнымі праваднікамі гістарычнага працэсу, а грамадзтва застаецца пасіўным суб’ектам шматлікіх экспэрымэнтаў і рэформаў. У 1999 годзе грамадзтва чакала моцнага лідэра, які возьме адказнасьць за лёс краіны і вырашыць усе яго праблемы. Формула Пуціна “мачыць бандытаў у сарцірах” выклікала ладны розгалас у псыхалёгіі постсавецкіх выбарцаў і трансфармавалася ў 54 % галасоў “за” ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў.

З таго часу рэйтынг Пуціна цягам болей чым трох гадоў стабільна трымаецца на ўзроўні, не ніжэйшым за 70 %. Калі карыстацца эканамічнымі тэрмінамі, рэйтынг яго неэлястычны. Нягледзячы на непазьбежныя памылкі і праблемы, хранічны “няпосьпех” у Чачэніі, непапулярнасьць у грамадзтве яго празаходняй палітыкі — рэйтынг Пуціна застаецца высокім і не залежыць ані ад унутранай, ані ад замежнай палітыкі. Такі рэйтынг — сапраўдны dream come true для любога палітыка, і, каб разабрацца ў яго стабільнасьці, трэба зразумець прыроду ўсёй палітычнай стабільнасьці пуцінскай Расеі.

Як ужо адзначалася, у апошнія гады кіраваньня Ельцына расейскія эліты, завязаныя ў кланы з алігархамі, крамлёўскімі групоўкамі і рэгіёнамі, функцыянавалі практычна аўтаномна ад грамадзтва. У той жа час традыцыйна патэрналісцкія настроі ў расейскім грамадзтве вялі да таго, што большасьць насельніцтва зьняверылася ў магчымасьці пабудовы сваёй асабістай будучыні сваімі рукамі і пакладала адказнасьць на вярхоўную ўладу. Як піша аналітык маскоўскага фонду Карнэгі Андрэй Рабаў, “у такіх умовах рэйтынг Пуціна як прэзыдэнта “надзеі” адначасова выступае ў ролі гаранта і індыкатара нізкай сацыяльна-палітычнай актыўнасьці насельніцтва”. Такая сытуацыя спрыяе элітам — яна дазваляе ім пашыраць эканамічную і палітычную экспансію, не зьвяртаючы ўвагі на грамадзкую рэакцыю. Нізкі ўзровень даверу да інстытутаў улады іх не турбуе, бо стабільнасьць палітычнай сыстэмы забясьпечваецца высокай папулярнасьцю Пуціна. Але гэта павінна турбаваць, калі глянуць глыбей і зразумець прыроду гэтага высокага рэйтынгу. Ён заснаваны не на дасягненьнях улады, а на няўпэўненасьці грамадзтва, на страху шырокіх колаў насельніцтва перад будучыняй, новымі палітычнымі “землятрусамі”, прагай затрымаць дасягнутае, хаця дасягнута ня так ужо й шмат.
 

 
   

Тое, што ўся гэтая сыстэма пабудаваная на папулярнасьці адной асобы, стварае пагрозу яе абвалу ў выніку абвалу рэйтынгу Пуціна. Такая сыстэма ня можа гарантаваць стабільнасьці, такая стабільнасьць ілюзорная і нават небясьпечная. Сытуацыя нагадвае эпоху Ельцына, калі замест таго, каб сьпярша правесьці юрыдычную і судовую рэформы ды замацаваць вяршэнства права, а ўжо пасьля стварэньня гэтых умоваў правесьці саму прыватызацыю і эканамічныя рэформы, усё было зроблена наадварот. Вынік усім вядомы: прыватная ўласнасьць, здабытая дзякуючы закулісным дамовам і ігнараваньню права, так і не прывяла да ўстанаўленьня зразумелых і сумленных правілаў гульні для ўсіх бізнэс-гульцоў, да вяршэнства права і вырашэньня канфліктаў у судох — неабходных умоваў для сапраўднага паляпшэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне. “Прыхватызацыя”, праведзеная ўва ўмовах карупцыі, выклікала ўздым карупцыі і масавыя парушэньні права. Рынкавая эканоміка, якая не абапіраецца на вяршэнства права, ня ёсьць стабільнай эканомікай. Гэтаксама і рэйтынг Пуціна, не абаперты на моцны падмурак незваротных рэформаў, ня ёсьць стабільным рэйтынгам.

Посьпех і стабільнасьць немагчыма пабудаваць на пяску, павінна быць інстытуцыялізацыя, у гэтым выпадку — інстытуцыялізацыя пуцінскай папулярнасьці. Раптоўны абвал папулярнасьці магчымы нават у найбольш папулярных і харызматычных лідэраў. Гэта зьведаў цяпер Тоні Блэр, які ня здолеў пераканаць брытанскую грамадзкасьць у неабходнасьці вайны з Іракам. Яшчэ паўгоду таму ніхто і не сумняваўся ў тым, што Блэр будзе пераабраны на трэці тэрмін, цяпер ня ўсе ўпэўненыя, што ён дацягне да канца другога. Але абвал папулярнасьці брытанскага прэм’ер-міністра не пагражае палітычнай стабільнасьці Брытаніі, дзе правілы палітычнай гульні даўно інстытуцыялізаваныя.

Інакш у Расеі. Многія назіральнікі лічаць, што Пуцін аказаўся — ці акажацца — закладнікам сваёй асабістай папулярнасьці, сваёй поўнай і, здаецца, канчатковай перамогі над палітычнымі супернікамі. Калі ўлічыць яго асабістыя якасьці нацыянальнага і, ужо можна сьцьвярджаць, міжнароднага лідэра, гэта небясьпечна. Сыстэма, пабудаваная пад аднаго лідэра, не зьяўляецца стабільнай сыстэмай.

Тут трэба таксама ўзгадаць, што пасада прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі канстытуцыйна нагадвае пасаду францускага “супэрпрэзыдэнта”. Паўнамоцтвы прэзыдэнта ў ельцынскай канстытуцыі 1993 году былі сьпісаныя з канстытуцыі дэ Голя. Але назваць пасаду францускага прэзыдэнта “супэрпрэзыдэнцкаю” можа толькі той, хто не знаёмы з паўнамоцтвамі постсавецкіх “супэрпрэзыдэнтаў”, у тым ліку і расейскага. Улада расейскага прэзыдэнта многім падаецца слабой толькі з прычыны пэўнай слабасьці дзяржаўнай структуры, што можа быць зьявай часовай. Канстытуцыйна ж пасада прэзыдэнта надзвычай моцная. Пры ўмове што Пуцін застанецца прэзыдэнтам у будучым, найхутчэй аніякіх “канстытуцыйных” крызысаў ня будзе: Пуцін выдатны гулец у “канстытуцыйнай” прасторы. Але пры гіпатэтычным прыходзе іншай асобы на пасаду прэзыдэнта гэтая пасада можа зрабіцца занадта моцнай для расейскай “кіраванай” дэмакратыі.

Як ужо было сказана, расейская сыстэма “завязаная” на лідэра — і пры замене лідэра (найпазьней — у 2008 годзе, бо сёлета ў чэрвені Пуцін ясна сказаў, што ніякага трэцяга тэрміну ня будзе) можа адбыцца самае неймавернае. Гэтая праблема — праблема ўсіх постсавецкіх лідэраў. Нават калі іх тэрмін ня скончыцца паводле канстытуцыі, некалі можа пагоршыцца здароўе ці прыйсьці старасьць. (У Азэрбайджане прэзыдэнт Аліеў, будучы ў паважным веку, перадаў уладу былому прэм’ер-міністру з зусім невыпадковым прозьвішчам Аліеў і так вырашыў сваю праблему-2003. Тая ж праблема чакае і Кучму, які ўжо цяпер спрабуе вырашыць праблему-2004, і Лукашэнку, які вырашае праблему-2006.) Вырашэньне Ельцыным праблемы-2000 было хутчэй выняткам з правілаў — яму ўдалося разьвязаць яе па расейскіх мерках надзіва элегантна. Якімі б стабільнымі ні здаваліся пэрсаналісцкія сыстэмы, яны ня могуць быць стабільнымі паводле азначэньня.

 

 
   

Стабільнасьць

Першыя тры гады прэзыдэнцтва пайшлі на прыняцьце тэрміновых стабілізацыйных захадаў. На фоне бязьдзейнасьці ельцынскай улады нават супраціўнікі Пуціна прызнаюць пэўныя пазытыўныя дасягненьні. Фэдэральная сыстэма больш-менш стабілізавалася — хоць і за кошт асабістай папулярнасьці Пуціна і стабільнага эканамічнага росту, у многім забясьпечанага дзякуючы высокім цэнам на нафту. Ствараюцца новыя працоўныя месцы, растуць рэальныя даходы насельніцтва. Пры Пуціну ўдаецца зводзіць фэдэральны бюджэт з прафіцытам, чаго пры Ельцыну ніколі не было. Пасьля 10-гадовага перапынку Расея нарэшце вярнулася на другое месца ў сьвеце ў здабычы нафты і на першае месца ў гандлі энэрганосьбітамі. Як піша расейскі аналітык Аляксей Дзянісаў, “эканамічныя рэформы атрымалі моцны заканадаўчы падмурак. Дзякуючы ўстойлівай цэнтрысцкай большасьці ў Дзяржаўнай Думе быў прыняты важны пакет законаў па ўдасканаленьні падатковага заканадаўства”. Былі прынятыя, нягледзячы на апазыцыю КПРФ, Зямельны і Працоўны кодэксы, дадзены старт пэнсійнай і судовай рэформам, забясьпечаныя захады для падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу, пэўнай дэбюракратызацыі эканомікі. Аднак прынятыя даволі лібэральныя эканамічныя законы пакуль не працуюць на поўную сілу і рэформы ня йдуць як мае быць. Большасьць камэнтатараў пагаджаецца, што дасягненьне Пуціна — палітычную стабільнасьць — не ўдалося выкарыстаць для якаснага паляпшэньня жыцьця людзей, для якасных зьменаў у эканоміцы і сацыяльнай сфэры. Чаму так сталася?

Як было адзначана вышэй, стабільнасьць ува ўмовах сучаснай Расеі мае хутчэй сацыяльна-псыхалягічны характар і не заснаваная на аб’ектыўных дасягненьнях. Стабільнасьць грунтуецца на стомленасьці людзей ад зацягнутага пэрыяду радыкальных і непасьпяховых рэформаў 90-х гадоў. Ува ўмовах стабільнасьці ў людзей падае цікавасьць да палітыкі і грамадзкай актыўнасьці ўвогуле. Як піша Андрэй Рабаў, у такіх умовах “палітычны працэс набывае інэрцыйны характар”. Дзеля гэтага ўлада ў Расеі, а не грамадзтва і ня бізнэс, працягвае заставацца адначасова і рухавіком, і тормазам усіх новаўвядзеньняў.

Лілія Шаўцова вызначае рэжым Уладзімера Пуціна як бюракратычна-аўтарытарны:

“Пад бюракратычна-аўтарытарным рэжымам я разумею кіраваньне, пры якім улада канцэнтруецца ў руках лідэра, а само кіраваньне зьдзяйсьняецца пры дапамозе бюракратыі і сілавых структураў. Рэфарматарскі патэнцыял такога рэжыму падтрымліваецца за кошт інтэграцыі ў яго пэўнага кола лібэрал-тэхнакратаў… Эканамічным падмуркам такой сыстэмы зьяўляецца алігархічны капіталізм”.

Мэтай пуцінскага рэжыму ёсьць спалучэньне стабільнасьці з мадэрнізацыяй сыстэмы без парушэньня яе прынцыпаў. Яго курс можна вызначыць, згодна з Шаўцовай, як трыяду — “эканамічны лібэралізм-аўтарытарызм-арыентацыя на Захад”.
 

 
   

Спроба мадэрнізаваць рэжым, не парушаючы пры гэтым балянсу інтарэсаў, які сфармаваўся яшчэ пры Ельцыну, прывяла да ўнутрана супярэчнай базы рэжыму, у якую ўваходзяць часам супрацьлеглыя групы. Увесь гэты час ідзе актыўная “грызьня бульдогаў пад дываном” (так калісьці заходнія саветолягі празвалі прыхаваную барацьбу ўнутры савецкага палітбюро, калі было відаць, што пад дываном ідзе грызьня, у ход ідуць лапы і зубы, але не відаць, хто перамагае, пакуль пераможца сам ня вылезе з-пад дывану) паміж “сям’ёй” і “пецярбуржцамі”. Дарма што Пуцін здолеў давесьці сваю незалежнасьць ад клану Ельцына, так званая “сям’я” дагэтуль застаецца вялікай сілай. Цяпер ужо былы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Валошын і прэм’ер-міністар Міхаіл Касьянаў прадстаўляюць “сям’ю”. Разам з Пуціным у Крамлі зьявілася разнамасная групоўка лібэральных эканамістаў зь Пецярбургу, былых і цяперашніх афіцэраў ФСБ, якія адразу счапіліся зь “сям’ёй” за кантроль “над тэрыторыяй”. “Пецярбуржцы” пачалі дамінаваць ужо ў 2000 і 2001 гадох, выціскаючы стаўленікаў “сям’і” па ўсіх кірунках. “Сям’я” сьцішылася, а пасьля адыгралася пры канцы 2001 году. З таго часу барацьба — за рэсурсы, кантроль над бізнэсам і бюракратыяй, кадравыя прызначэньні — ідзе зь пераменным посьпехам. “Пецярбуржцам” не ўдаецца дасягнуць поўнага кантролю над бізнэсам, а “сям’я” ня ў стане кантраляваць фэдэральную бюракратыю. Апошняя сутычка, якая пагражае перайсьці ў поўнамаштабную вайну, дзе з абодвух бакоў падцягваецца ўсё больш і больш падмацаваньняў, адбылася сёлета 2 ліпеня. У той дзень “пецярбуржцы” пад кіраўніцтвам Віктара Іванова і Ігара Сечына напалі на “Юкас” алігарха Хадаркоўскага. Пра наступствы (інвэстыцыйны клімат) і магчымыя матывы (непапулярнасьць “Адзінай Расеі” і палітычныя амбіцыі Хадаркоўскага) будзе ніжэй, а пакуль можна зрабіць выснову, што Пуцін, хаця й пазбавіўся адкрытай манаполіі алігархаў на вызначэньне палітычнай лініі рэжыму, мусіць зь пераменным посьпехам лавіяваць паміж рознымі кланамі.

Кланавая сутычка “сям’і” зь “пецярбужцамі” нaсамрэч можа мець больш складаныя матывацыі. Магчыма, напад “пецярбужцаў” на “Юкас” — ня проста чарговы выпад аднаго боку супраць іншага, а якасна новая спроба “сілавікоў” зь пецярбурскай групы вярнуць палітычную сытуацыю да анархіі 1998—99 гадоў. Калі гэта так, то сярод пецярбурскай групы складваецца рэваншысцкая групоўка сілавікоў, зьвязаных з “пакрыўджанымі алігархамі”, якая жадае пабудаваць новую алігархічную сыстэму — гэтым разам зь “сілавікамі” на чале — і пад прыкрыцьцём лёзунгу аб “забесьпячэньні прыярытэту нацыянальнага бізнэсу” перагледзець вынікі прыватызацыі 1990-х, а таксама прыпыніць магчымую страту бюракратычнага кантролю над дзяржаўнай уладай. Спробы Пуціна перавесьці палітыку з узроўню “барацьбы бульдогаў пад дываном” на публічны ўзровень, якія наблізяцца да посьпеху, калі “Адзіная Расея” даб’ецца перамогі на выбарах; абвешчаная ім адміністрацыйная рэформа, якая пахісьне пазыцыі савецкай бюракратыі; магчымы сыход Пуціна з палітыкі ў 2008 годзе і “грамадзкі запыт” на “новага крамлёўскага гаспадара” — усё гэта падштурхоўвае “сілавікоў” да дзеяньняў. Пакуль яны здаюцца часткай “знаёмай” барацьбы “пецярбужцаў” зь “сям’ёй”, але могуць неўпрыкметку набыць новую якасьць — барацьбы сілавікоў за ўладу. Падобнае разьвіцьцё падзеяў створыць пагрозу згаданай стабілізацыі разнасортных элітаў, якая, у сваю чаргу, зрабіла магчымай агульную палітычную стабілізацыю. Калі напярэдадні выбараў ідзе сукрытая барацьба ў апараце і каля апарату, гэта вядзе да надзвычай непрадказальных наступстваў.
 

 
   

Андрэй Рабаў лічыць, што галоўным фактарам стабілізацыі палітычнай сыстэмы стала стабілізацыя палітычных элітаў, якія ёсьць сацыяльнай базай сыстэмы. Галоўным акторам на фэдэральным і рэгіянальным узроўнях паступова сталі кланы — “многаўзроўневыя, складана агранізаваныя групы інтарэсаў, якія ўключаюць уладальнікаў і топ-мэнэджэраў вядучых вэртыкальна інтэграваных кампаніяў, высокапастаўленых чыноўнікаў, якія адыгрываюць істотную ролю ў распрацоўцы і прыняцьці найважнейшых эканамічных і палітычных рашэньняў, палітычнае лобі ў партыях і парлямэнтах, мэдыя-эліту”. За апошнія гады эканамічная моц гэтых кланаў значна вырасла.

Вэртыкальна інтэграваныя кампаніі пашыраюць экспансію ў пэрспэктыўныя галіны эканомікі. Завяршаецца падзел аўтамабільнай вытворчасьці, ідзе прыватызацыя кампаній лясной і папера-цэлюлёзнай вытворчасьці. Наперадзе падзел нядаўна легалізаванага рынку сельскагаспадарчай вытворчасьці, чыгуначнага транспарту і шмат чаго іншага. Нягледзячы на “раскручаныя” абяцаньні Пуціна трымаць усе бізнэсы на аднолькавай дыстанцыі, працягваецца канцэнтрацыя нацыянальнага багацьця ў руках невялікай групы вядучых кланаў, якія маюць выхад на прэзыдэнцкую адміністрацыю. Мала што мяняецца. Напрыклад, у 1997 годзе, як піша амэрыканскі палітоляг Даніэль Трайсман, 10 найбуйнейшых кампаніяў Расеі вырабілі каля 57 % BHП краіны. У 2000-м яны вырабілі ўжо 61 % — і лічбы працягваюць расьці. Кланы маюць “карпаратыўны” выхад на Крэмль і магчымасьць лабіяваць свае інтарэсы наўпрост. Калі вы адносіце леташні выпад Пуціна супраць Лукашэнкі “пра мухі і катлеты” да нестыкоўкі характараў двух братніх лідэраў, дык вы памыляецеся — ідзе сыстэматычнае лабіяваньне прыватызацыі прамысловасьці СНД блізкімі да Крамля бізнэс-групоўкамі, і палітыка, як казалі клясыкі, тут робіцца толькі працягам эканомікі. Працягваецца канцэнтрацыя нацыянальнага багацьця ў руках некалькіх вядучых кланаў пры абмежаваных магчымасьцях разьвіцьця дробнага і сярэдняга бізнэсу, хоць дробны і сярэдні бізнэс цяпер расьце хутчэй, чым пры Ельцыну. Як заўважыў аналітык Павал Цяплунін, “расейская эканоміка цяпер складаецца зь некалькіх фінансава-прамысловых груповак і сотняў тысяч кіёскаў”. У Расеі навідавоку “клясычны” прыклад тыраніі меншасьці, калі меншасьць значна лепш мабілізаваная, чым большасьць, і жыве за кошт гэтай большасьці. Багатыя ў Расеі багацеюць хутчэй, чым ува ўсім сьвеце. Бедныя ж — бяднеюць, сярэдняя кляса то зьяўляецца, то зьнікае. Кланы ёсьць ня што іншае, як фракцыі, супраць якіх засьцерагаў у сваіх “Нататках фэдэраліста” адзін з бацькоў-заснавальнікаў Злучаных Штатаў Мэдысан 200 год таму, сьцьвярджаючы, што яны “…аб’яднаныя і актуалізаваныя пэўным адзіным імпульсам, жарсьцю, ці інтарэсамі, якія ідуць супраць іншых грамадзянаў ці супраць сталых і супольных інтарэсаў усяго грамадзтва”. Мэдысан прапанаваў і спосабы барацьбы з кланамі: “Трэба пашырыць кола [інтарэсаў] і набраць вялікую колькасьць розных партый ды інтарэсаў [у палітычную сыстэму], і ў вас будзе меншая імавернасьць, што большасьць будзе мець адзіную матывацыю і прагнуць парушаць правы астатніх грамадзянаў, а нават калі такая матывацыя і будзе існаваць, ёй будзе значна складаней зразумець і адчуць сваю моц”. Рана ці позна нешта трэба будзе рабіць з манапалізацыяй інтарэсаў, і добрай магчымасьцю пашырыць удзел грамадзтва, асабліва грамадзтва актыўнага ў дробным і сярэднім бізнэсе, у прыняцьці рашэньняў дзяржаўнай важнасьці могуць стаць будучыя выбары. На жаль, спробы ініцыяваць дыялёг паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю праз шоў накшталт Грамадзянскага Форуму не займелі аніякага ўплыву на рэальную ўладу і прыняцьце рэальных рашэньняў на дзяржаўным узроўні.
 

 
   

Канцэнтрацыя ў руках галоўных суб’ектаў расейскай палітыкі неабмежаваных фінансавых, інфармацыйных, адміністрацыйных і палітычных рэсурсаў дазваляе рабіць мэты стабілізацыі рэальнымі. Але пра якую стабілізацыю мы разважаем? Ці гэта такая стабілізацыя сыстэмы, калі правілы палітычнай гульні вядомыя ўсім і ўсімі прынятыя, калі насельніцтва больш-менш заможнае і ня хоча кардынальных зьменаў, калі палітычная і эканамічная сыстэмы стабільныя ў тым сэнсе, што яны здольныя вытрываць пэўныя ўзрушэньні, такія як зьмены лідэра ці пагаршэньне эканамічнай каньюнктуры? Хіба што не: перш за ўсё таму, што сыстэма яшчэ не давяла сваёй стабільнасьці ўва ўмовах нізкіх цэнаў на нафту і нізкай папулярнасьці ці яе адсутнасьці — Пуціна-папулярнага прэзыдэнта. Таму да стабільнасьці сыстэмы яшчэ далёка. Хутчэй можна казаць пра пэўную, адносную, “мясцовую” стабільнасьць элітаў, якія знайшлі “мясцовы”, далёка не абсалютны (і Хадаркоўскі таму сьведка) equilibrium у складаным клубку ўзаемаадносінаў паміж Крамлём, рэгіёнамі, алігархамі, бюракратамі і мэдыямі. Гэта нават цяжка назваць нэакарпаратызмам, бо ў клясычную зьвязку нэакарпаратызму ўваходзіць трыяда ўлады, бізнэсу і прафсаюзаў. У расейскім варыянце зь яе вылятаюць працоўныя з дробнымі і сярэднімі вытворцамі, — застаецца ўлада, алігархі і дзяржаўная бюракратыя. Можна гаварыць пра ўмоўную стабільнасьць палітычнай актыўнасьці — а менавіта неактыўнасьці, пра стабільнасьць палітычных і эканамічных спадзяваньняў шырокіх колаў насельніцтва, пабудаваных на рэйтынгу “надзеі” Пуціна, невялічкіх і нешматлікіх посьпехах яго рэформаў.

Шаўцова лічыць, што стабілізацыйны рэсурс цяперашняй формулы кіраваньня зусім не бязьмежны. “Гэтая мадэль улады працуе і самааднаўляецца пры бездакорнай сыстэме субардынацыі і падпарадкаваньня. І сыстэма ня ў стане працаваць пры слабасьці мэханізмаў прымусу”. Нават невялічкі збой у сыстэме можа пацягнуць за сабой абвальны эфэкт. Праблема ў тым, што сярод падмуркаў рэжыму няма добрага цэмэнту з моцных прарэфарматарскіх сілаў. Ніводная палітычная партыя, нават “прарэфарматарскія” СПС і “Яблык”, ані піскнула, калі пачаўся ціск на “Юкас”. Існуе апора на сілы, якія ці падтрымліваюць status quo, ці дапускаюць мадэрнізацыю той жа старой сыстэмы толькі такой групоўкай, якая паходзіць зь дзяржаўнага апарату ці бізнэсу. Ува ўмовах стабілізацыі ўлады палітыкі пасьпяхова праводзілі палітыку пэўнага сацыяльнага манэўраваньня і ўтрымлівалі эканоміку ў стане пэўнай раўнавагі празь бюракратычнае рэгуляваньне. Коштам дасягнутай стабільнасьці стала замаруджваньне далейшых неабходных рэфомаў у эканоміцы і палітыцы.

Большасьць аналітыкаў цяпер пагаджаецца, што стабілізацыйныя фактары сябе ўжо вычарпалі. Тут карысна прывесьці поўнасьцю цытату “шэрага кардынала Крамля” Глеба Паўлоўскага наконт стабільнасьці:

“Пуцінская Расея звыклася з стабільнасьцю, і цяпер амаль усе ўжо жадаюць большага, чым магчыма. Эканамічны рост у нашым слаба адчувальным варыянце падахвочвае апэтыты, якія няма чым задавольніць. А палітыка стабільнасьці, у нашым варыянце “кіраваньня дэмакратыяй”, пакідае гэтыя інтарэсы нават без сымбалічнага задавальненьня — непрадстаўленымі. Але стабільнасьць была ня чым іншым, як замоўчваньнем і затрымкаю найбольш амбіцыйных апэтытаў. Пуціна ганяць за нястачу праектаў агульнанацыянальнага ўзроўню, між тым як у грамадзтве нястачы не існуе — праектаў стае, але ўсе яны адкладзеныя. Улада здолела прымусіць галоўных гульцоў адкласьці іх амбіцыйныя, няўзгодненыя праекты. Узьнік кансэнсус стабільнасьці, калідор, па якім Пуцін і яго людзі рухаліся тры гады. Інтарэсы адкладаліся і не праяўляліся. Ні ўва ўладзе, ні ў апазыцыі яны не былі названыя і прынцыпова абрысаваныя. Амбіцыйнасьць усё расла і расла, але не імкнулася ў палітыку. Палітыка стала бясьпечным заняткам для ўсіх, акрамя Пуціна. Такое разьвіцьцё, якое давала рэсурсы палітыцы стабільнасьці, адначасова разьядала і разьядае палітычную клясу скепсысам і ўсеагульнай беспрынцыповасьцю”.
 

 
   

Існуе глыбокая нявырашаная супярэчнасьць паміж лёзунгамі рэфармаваньня дзяржаўна-палітычнага мэханізму прыняцьця рашэньняў, у тым ліку з эканамічнай галіны, — і рэальнымі вынікамі імплемэнтацыі гэтых лёзунгаў. Шырокія колы насельніцтва гатовыя працягваць падліваць алей у агонь пуцінскага рэйтынгу “надзеі”. Але яны стаміліся ад разыходжаньня словаў і справаў, ад усёўладзьдзя бюракратаў, ад маленькіх зарплат, неадрамантаваных школаў і больніцаў. Акрамя таго, эканамічная каньюнктура ня будзе заўсёды такой жа пазытыўнай для расейскай нафты, газу і іншай сыравіны. Нарэшце давядзецца зрабіць выбар паміж структурнымі зьменамі ў эканоміцы і яе далейшай лацінаамэрыканізацыяй. Фізычны знос вытворчых фондаў у электраэнэргетыцы, жыльлёва-камунальнай гаспадарцы і транспарце набліжаецца да крытычнае рысы. Андрэй Рабаў папярэджвае, што эпоха стабілізацыі ўжо амаль выпрацавала свой рэсурс і трэба як мага хутчэй перафарматаваць сыстэму:

“Існуе рызыка, што сыстэма перастане рэагаваць на выклікі, якія надыходзяць звонку, і пачне арыентавацца на самазахаваньне. Гэта толькі… павышае магчымасьць поўнамаштабнай палітычнай дэстабілізацыі ў пэрспэктыве пад цяжарам нявырашаных, загнаных углыб унутраных праблемаў ці пад уплывам вонкавых фактараў, якія могуць падарваць аснову сёньняшняга дабрабыту расейскай эліты, дасягнутага коштам манаполіі на рынках сыравіны”.

Пад унутранымі праблемамі Рабаў разумее нявырашанасьць фундамэнтальных пытаньняў мадэрнізацыі. Яе пасьпяховасьць выяўляецца ня ў колькасьці прынятых прагрэсіўных законаў у рэфармаваньні эканомікі, сацыяльнай сфэры і судовай сыстэме, а ў больш справядлівым разьмеркаваньні ўлады і ўласнасьці, якое б магло забясьпечыць доступ шырэйшых колаў насельніцтва да прыняцьця дзяржавай палітычных і эканамічных рашэньняў.

Другая праблема — гэта ўсё тая ж “старая добрая” праблема структурнай перабудовы эканомікі, ад якой бягуць, вырачыўшы вочы, усе лідэры постсавецкіх дзяржаваў, бо яна, як нішто іншае, пагражае іх стабільнасьці. Ува ўмовах Расеі, акрамя росту сярэдняга і малога бізнэсу, патрабуецца мадэрнізацыя навукаёмістых і высокатэхналягічных галінаў, разьвіцьцё чалавечага капіталу і рост інвэстыцыяў. Менавіта праблема мадэрнізацыі робіцца найважнейшай праблемаю, якая стаіць цяпер перад рэжымам Уладзімера Пуціна. Трэба аддаць яму належнае — ён гэта добра ведае. Калі на працягу першых трох год у яго прамовах гучалі словы “стабільнасьць”, “стабілізацыя” і вытворныя ад іх, дык цяпер Пуцін разважае пра падваеньне ВНП да 2010 году. Словы пра стабілізацыю зьнікаюць зь лексыкону: калі ласка, павітайце “кансалідацыю” і “мадэрнізацыю”.

 

 
   

Ад стабільнасьці да мадэрнізацыі

Грамадзтва працягвае абмяркоўваць прамову прэзыдэнта пра падваеньне ВНП за 10 гадоў і дзівіцца, як гэта магчыма. Але падвойны ВНП — гэта ня так шмат, як здаецца. Калі цяпер расейскі ВНП складае 5% ад амэрыканскага, то падваеньне дасьць 10 %, што паставіць Расею побач з такімі краінамі, як Бразылія ці Індыя. Гэта зусім ня шмат. Расея стаіць перад якасна новай стадыяй, зьвязанай з рэалізацыяй тых нарматыўных актаў, якія былі прынятыя раней. Як адзначае міністар эканамічнага разьвіцьця і гандлю Герман Грэф, забясьпечыць рост эканомікі можна толькі пры ўмове вырашэньня галоўнай задачы — павышэньня глябальнай канкурэнтаздольнасьці Расеі. Два асноўныя складнікі гэтай канкурэнтаздольнасьці — якаснае паляпшэньне дзяржаўнага кіраваньня і эканомікі.

Нягледзячы на пэўныя дасягненьні апошніх гадоў, узровень інвэстыцый па-ранейшаму даволі нізкі. Паводле дадзеных Серафімаўскага клюбу (расейскі эканамічны “мазгавы цэнтар”), на сёньня ўвесь аб’ём інвэстыцый у Расею ацэньваецца прыкладна ў 60—70 млрд даляраў. ВНП краіны знаходзіцца прыкладна паміж 350 (паводле афіцыйных ацэнак) і 450 млрд даляраў (з улікам грашовых плыняў, якія ня ўлічваюцца расейскай дзяржаўнай статыстыкай). Такім чынам, нормы інвэставаньня ў Расеі знаходзяцца на ўзроўні 13—20 % aд ВНП. Ці шмат гэта? Калі параўнаць з паказьнікамі разьвітых краінаў, дык гэта зусім няблага — напрыклад, у ЗША гэты паказьнік складае 17 %, у Вялікай Брытаніі — 15 %. Але тут трэба арыентавацца на нормы інвэстыцый у пэрыяды хуткага эканамічнага росту. Зыходзячы з досьведу пасьляваенных Нямеччыны і Японіі, жвавы эканамічны рост узьнікае пры норме інвэстыцыяў у 30—40 %. Другі, не такі даўні прыклад — у сярэдзіне 90-х у Паўднёвай Карэі інвэстыцыі былі на ўзроўні 38 %, у Маляйзіі, Тайляндзе і Кітаі — 41—42 %. Такім чынам, Расея патрабуе інвэстыцыяў, у 2—3 разы большых за сёньняшнія, а іх сучасны ўзровень не адпавядае яе патрэбам, якія растуць штогод. Як прывабіць інвэстараў?

Інвэстараў адпужваюць перш за ўсё застарэлыя сродкі вытворчасьці на большасьці прадпрыемстваў — што азначае неабходнасьць вялізных фінансавых укладаньняў для іх мадэрнізацыі, а таксама карупцыя на ўсіх узроўнях адміністрацыі. Яшчэ адным “драконам” зьяўляецца незавершаны перадзел уласнасьці. Паводле трапнага выразу вядучага супрацоўніка Сусьветнага Банку Джоэля Хелмана, эканамічную сыстэму, якая існуе ў Расеі, адпаведна аналёгіі з прапанаванай Троцкім канцэпцыяй пэрманэнтнай рэвалюцыі можна лічыць эканамічнай сыстэмаю пэрманэнтнага пераразьмеркаваньня ўласнасьці. Як ужо згадвалася раней, масавая прыватызацыя 1990-х не суправаджалася стварэньнем інстытутаў, якія б вызначылі цывілізаваныя правілы гульні ўдзельнікаў рынку — незалежных судоў і вяршэнства права, стабільнай банкаўскай сыстэмы. Рэфарматары-“тэрмінатары” лічылі, што ўзьніклая кляса прыватных уласьнікаў сама створыць усё post facto. Але, “надзіва”, найбольш эфэктыўным спосабам здабыцьця ўласнасьці стала выкарыстоўваньне “шэрых” і пазалегальных мэтадаў. Адсутнасьць ці недааформленасьць законных правоў на ўласнасьць стварае базыс да новага пераразьмеркаваньня ўласнасьці. Няма дзіва, што інвэстары не сьпяшаюцца.
 

 
   

Апошні скандал зь “Юкасам”, калі генпракуратура раптам (але гэтае “раптам” сьведчыць пра добра сплянаваную акцыю) пачала “капаць” пэўныя аспэкты прыватызацыі “Юкасам” дзяржаўнай уласнасьці 10-гадовай даўніны, ня будзе спрыяць павелічэньню замежных інвэстыцыяў у Расею. Як падкрэсьлівае вядомы эканаміст-лібэралізатар Андэрс Аслунд, “які замежнік насьмеліцца ўкласьці грошы ў Расею, калі нават найбагацейшы чалавек Расеі (а Хадаркоўскі легальна найбагацейшы чалавек у краіне, пра нелегальных нічога сказаць ня можам) не адчувае сябе ў бясьпецы?” Абяцаньні Пуціна пра “дыктатуру закону” і добрыя стасункі з Захадам не ўспрымаюцца сур’ёзна, калі адміністрацыя выкарыстоўвае праваахоўныя органы для палітычнага перасьледу. Выпадкі такога кшталту яшчэ раз падкрэсьліваюць, што судовая і праўная рэформа ў Расеі пакуль што далёкая ад завяршэньня. Пры моцнай судовай уладзе справа Хадаркоўскага не займела б гістэрычна-палітызаванага характару, які яна мае цяпер. Кампанія сур’ёзна падарвала давер у недатыкальнасьць прыватнай уласнасьці. Яе эканамічныя і палітычныя наступствы могуць быць самыя сур’ёзныя для краіны: гэта ня жарт — пераглядаць вынікі масавай прыватызацыі 1990-х. Як заўважыў прэм’ер-міністар Касьянаў, канфлікт паміж пракуратурай і “Юкасам” можа выклікаць адток капіталу і абвал інвэстыцыяў. Іронія, аднак, у тым, што найхутчэй генпракуратура сапраўды мае падставы для крымінальнай справы.

Канкурэнтаздольнасьць дзяржаўнага кіраваньня вызначаецца якасьцю дзяржаўных паслугаў і эфэктыўнасьцю кіраваньня дзяржаўнай уласнасьцю. Адміністрацыйная рэформа зьяўляецца найважнейшай рэформаю, ключом да далейшай мадэрнізацыі Расеі. Ёй перашкаджаюць структуры кіраваньня як на фэдэральным узроўні, так і на рэгіянальным. Выканаўчая ўлада да гэтага часу засталася савецкай, яна думае па-савецку, будуе ўзаемаадносіны з грамадзтвам ды бізнэсам па-савецку і працуе па-савецку. Лібэралізацыя эканомікі нявыгадная бюракратыі, бо можа падарваць складзеную на працягу многіх гадоў сыстэму намэнклятурнага кантролю над вытворцамі. Сёньняшнія мэханізмы кантролю над эканомікай (напрыклад, ліцэнзаваньне) даюць стабільна высокі прыбытак выканаўчай уладзе. Аніякая барацьба з карупцыяй, павелічэньне інвэстыцый і Вялікі Скачок наперад з гэткай адміністрацыяй проста немагчымы. Гэта таксама, напэўна, адна з самых балючых рэформаў, бо, як заўважыў Герман Грэф, саміх сябе рэфармаваць заўсёды найскладаней.

Як кажа Шаўцова, тармажэньне эканамічнай рэформы ў Расеі выклікана існаваньнем палітычнай надбудовы, якая не зацікаўленая ў эфэктыўным рынку. І праблема можа быць вырашаная ня зьменаю лідэра, а пераглядам саміх прынцыпаў арганізацыі ўлады, адмовай ад прынцыпу пэрсаніфікацыі ўлады і безадказнасьці бюракратыі. Таксама неабходна стварыць мэханізмы кантролю грамадзтва над дзяржавай. Пуцін, вядома, папулярны прэзыдэнт, у шмат чым расейцам зь ім пашанцавала, але, як казаў Паскаль, “як можа адна частка ведаць усё пра цэлае?”.

Для мадэрнізацыі свайго грамадзтва Расеі давядзецца прайсьці яшчэ шмат этапаў. Неабходна рэалізаваць прынцып падзелу ўлады — нездарма яшчэ ў 1789 годзе Француская дэклярацыя правоў чалавека і грамадзяніна абвесьціла: “Любое грамадзтва, у якім падзел уладаў не захаваны, ня мае канстытуцыі ўвогуле”, дасягнуць больш эфэктыўнага ўзаемадзеяньня фэдэральнага цэнтру з рэгіёнамі, дабіцца лепшай імплемэнтацыі судовай і юрыдычнай рэформы, фармаваньня дзейснай сыстэмы самакіраваньня, вываду эканомікі з “шэрай” зоны, разьвіцьця высокіх тэхналёгіяў (на нафце далёка не заедзеш) і чалавечага капіталу. Расея патрабуе мадэрнізацыі, і я ня ведаю, колькі яшчэ расейскіх субмарынаў павінна патануць, каб усе зразумелі, што мадэрнізацыя патрэбная “тут і цяпер”.

 

 
   

“Стабільныя” выбары?

Сыстэма на выхадзе выдае супрацьлеглыя і супярэчлівыя вынікі, палавіністыя рэформы, “недаімплемэнтаваныя законы”, незавершаную мадэрнізацыю. Глеб Паўлоўскі ня верыць у прыгаданы Рабавым інэрцыйны сцэнар: “Лічылася, што калі Пуцін на найбліжэйшых выбарах безальтэрнатыўны, то і ўся сыстэма таксама безальтэрнатыўная, усе выбары завязаныя на прэзыдэнцкія… Усе, трохі пахваляваўшыся, застануцца на сваіх месцах… Сёньня я сьцьвярджаю — інэрцыйны сцэнар памёр, пазначаны й дзень пахаваньня — 14 студзеня 2003 году”.

Для правядзеньня доўгатэрміновай радыкальнай палітыкі рэформаў недастаткова мець заканадаўчую базу і пэўны плюралізм ува ўзаемадзеяньні паміж уладай, грамадзтвам і бізнэсам. Патрэбная вялікая колькасьць новых палітыкаў і дзяржаўных бюракратаў, здольных думаць і дзейнічаць па-новаму. За мінулае дзесяцігодзьдзе склад кіраўнічай эліты зьмяніўся нязначна. Як піша Андрэй Рабаў, “эліта фактычна ператварылася ў замкнёную карпарацыю, аўтаномную ад грамадзтва і яму непадкантрольную. Так і не былі створаны і інстытуцыялізаваны каналы яе абнаўленьня”.

Пры слабасьці партыйнай сыстэмы, якая ўва ўмовах дэмакратычнага грамадзтва павінна граць асноўную ролю ў рэкрутызацыі эліты, вядучыя пазыцыі ў сучаснай Расеі “ўсур’ёз і надоўга” перайшлі да групавых і кланавых інтарэсаў. Палітычныя эліты больш зацікаўленыя ў прамоцыі менавіта сваіх кланавых інтарэсаў, чымся шырокіх грамадзкіх ініцыятываў. Тым ня менш палітычная сыстэма закасьцянела не да канца і захавала здольнасьць да пэўнай гнуткасьці. Як пісаў Рыгор Яўлінскі, “пры ўсёй сваёй эклектычнасьці і вонкавай нелягічнасьці гэта сыстэма мае ўнутраную ўстойлівасьць, яна здольная ня толькі да самааднаўленьня, але і да пэўнага разьвіцьця”.

Існуе, відавочна, пэўная прыступка, па-за якой сыстэма, каб рэфармавацца далей, павінна будзе зьмяніць саму сябе, г. зн. унутраныя мэханізмы прыняцьця рашэньняў, і ахвяраваць стабільнасьцю — чытай, прадказальнасьцю палітычных працэсаў. Такая рэформа сыстэмы будзе закранаць інтарэсы магутных групаў уплыву — чаго ніводная пуцінская рэформа дагэтуль яшчэ сур’ёзна не закранала — і зробіць будучыню адкрытай для прагнозаў. Лілія Шаўцова лічыць, што для пасьпяховай трансфармацыі сыстэмы патрэбныя тры фактары: гатоўнасьць да рэформы часткі кіраўнічай клясы, грамадзкі рух за рэформы, моцная падтрымка новай расейскай трансфармацыі з боку Захаду. І ніводнага з гэтых фактараў цяпер няма.

Дарма што прычынаў для аптымізму не існуе, усё ж у Пуціна і прарэфарматарскай групоўкі ёсьць пэўныя шанцы, хоць і невялікія. З аднаго боку, за гэты час палітычны істэблішмэнт, народжаны падчас рэформаў, ператварыўся ў замкнёную карпарацыю, зацікаўленую ў захаваньні status quo. Барацьба паміж палітычнымі групоўкамі зводзіцца за ўплыў на Пуціна, а не за розныя праекты разьвіцьця краіны. Гэта хутчэй барацьба за перадзел рэсурсаў, і сярод існых элітаў няма вялікага інтэрасу радыкальна зьмяніць палітычную і эканамічную сыстэмы. Але запыты на мадэрнізацыю растуць, як аб’ектыўна-эканамічныя, так і на ўзроўні грамадзкай думкі. Паводле апытаньняў Інстытуту комплексных сацыяльных дасьледаваньняў РАН, у грамадзтве паступова расьце прага да зьменаў у палітычнай і бюракратычнай эліце. Яна ўжо абрыдла насельніцтву, бо ня здольная спраўджаваць словы справамі. Нават пры характэрным для расейцаў традыцыйным патэрналізьме такая дынаміка кажа пра многае. Камбінацыя стабільнага празаходняга курсу Пуціна зь перамогай на парлямэнцкіх, а пасьля і прэзыдэнцкіх выбарах можа рэвіталізаваць рэжым, прывесьці новых людзей ува ўладу, стварыць пуцінскую партыю і падштурхнуць рэформы і мадэрнізацыю краіны.
 

 
   

Калі Пуцін разважае пра падваеньне ВНП і мадэрнізацыю краіны сур’ёзна і калі ён не зьбіраецца павесьці краіну па кітайскім шляху мадэрнізацыі (што, мабыць, ужо запозна), яго найважнейшай задачай разам з адміністрацыйнай рэформай будзе фармаваньне моцнай партыйнай сыстэмы. Сучасную партыйную сыстэму найлепш ахарактарызаваў Глеб Паўлоўскі:

“Сёньняшняя сыстэма партыяў — гэта ўвогуле не пра ўладу, не пра выбраньне кіраўнікоў. Палітыка стала спортам накшталт бясьпечнага сэксу, дзе ня столькі трахаюцца, колькі падлічваюць свае траханьні. Улада асобна — партыі асобна. Яны ў нас — стварэнцы этэру і канкуруюць не паміж сабой, а з шоўмэнамі кшталту “апошніх герояў”. Расейскі палітычны этэр падобны да тэлесэрыялу: ёсьць радок у праграме, ёсьць рэйтынг тэлегледачоў, доля аўдыторыі, рэклямны бюджэт. Партыі лічаць, што адсоткі іх рэйтынгу і ёсьць замерам іх электарату. Насамрэч гэта проста іх доля ў палітычным этэры — доля ад долі іх каналу. А доля лічыцца, як вядома, ад наяўнага складу іх удзельнікаў. Старыя шоўмэны дзеляць паміж сабой этэр і аўдыторыю, новых не пускаюць”.

Цяперашняя прадстаўнічая ўлада не зьяўляецца прадстаўнічай — яна нікога не прадстаўляе. Існыя партыі зьявіліся раней за цяперашнія клясы і сёньня самі ня ведаюць, чые інтарэсы яны павінны абараняць. У той жа час, пры нармальнай дэмакратыі кожная кляса ці “фракцыя” насельніцтва можа мець сваю асабістую палітычную партыю, якая б абараняла іх інтарэсы. Прадстаўнічая ўлада не аказвае аніякага ўплыву на фармаваньне рэальнай выканаўчай улады. У цяперашняй Расеі існуе маса непрадстаўленых інтарэсаў, асабліва сярод новага дробнага і сярэдняга бізнэсу. 40 % насельніцтва кажа, што ў краіне адсутнічае партыя, якая прадстаўляе іх інтарэсы. Гэта вялізны вакуум. Але інтарэсы павінны знасьці каналы для свайго выражэньня, хай сабе неафіцыйныя, калі не існуе афіцыйных. Ізноў зацытуем Паўлоўскага:

“Усе інтарэсы, якія не пасьмелі выйсьці на публіку, зрылі кратовымі норамі дзяржаўны апарат, дзе цяпер і вядуцца “палітычныя баі”. Гэта можа прывесьці да ўзьнікненьня фракцыі ўва ўладзе, а ў пэрспэктыве — апаратных “фракцый улады”... На парадку дня гэтах выбараў упершыню стаіць пытаньне пра партыю, якая здолее забясьпечыць кіраваньне і насамрэч кіраваць. І тая партыя, якая першая найбольш ясна і пераканаўча пакажа інтарэсам (не тэлевізійнай аўдыторыі, а інтарэсам), што яна зь імі працуе, будзе іх прадстаўляць і несьці адказнасьць, яна атрымае шанец стаць кіраўнічай партыяй, адна ці ў складзе кааліцыі”.

Як і з чым (і з кім) пойдзе Пуцін на выбары, будзе вызначаць разьвіцьцё Расеі як мінімум на найбліжэйшыя чатыры гады. Але найхутчэй выбары 2003—2004 не прывядуць да сур’ёзных зьменаў у шэрагах палітычных гульцоў і самой палітычнай сыстэме ў цэлым. У палітычнай рыторыцы ідзе адкат ад ідэі стабільнасьці ды пераарыентацыя на мадэрнізацыю і падвойны ВНП. Сапраўды, ізноў ісьці на выбары пад лёзунгамі стабільнасьці значыла б прызнаць, што дасягнуць яе не ўдалося і наступны прэзыдэнцкі тэрмін будзе такі ж стабільны, як і папярэдні. Таму парадак дня мяняецца і найважнейшая задача стварэньня эфэктыўнай партыйнай сыстэмы адкладаецца на лепшыя дні.

Але на якія? Хіба не зручней перафарматаваць усю палітычную сыстэму і ўвесьці новыя правілы гульні акурат напярэдадні выбараў? Аднак ня трэба лічыць Пуціна ўсёмагутным — ён знаходзіцца паміж бюракратыяй і алігархіяй, паміж рэгіёнамі і Масквой. Выбары патрабуюць грошай, і Пуцін будзе вымушаны мабілізаваць пад іх пэўныя кланы, а пасьля разьлічвацца зь імі. Вядома, дзякуючы сваёй завоблачнай папулярнасьці Пуцін можа пачаць неабходныя рэформы. Але стаўка робіцца на “праверанага коніка” — “Адзіную Расею”. Ці не памылкова?

Выбары павінны быць “стабільнымі”. Адзіны цэнтар, які вызначае магчымыя сцэнары выбарчай кампаніі, — гэта Крэмль, які валодае палітычнай ініцыятывай і мэдыйнымі рэсурсамі. У рамках мадэлі “кіраванага плюралізму” Крэмль дазваляе свабоду слова ў друкаваных мэдыях (акрамя некалькіх таблёідаў Гусінскага) і радыё, ня ўмешваецца ў дыскусію інтэлектуальных элітаў. Няма праблемаў з інтэрнэт-журналістыкай. Але калі размова заходзіць пра тэлебачаньне нацыянальнага маштабу — калі ласка, пабачце поўны і татальны кантроль ляяльнасьці. Крэмль кантралюе частоты тэлебачаньня, і ўсе партыі, якія зьбіраюцца ўдзельнічаць у будучай кампаніі, мусяць ісьці ў Крэмль дамаўляцца.

Крэмль пакуль ня вызначыўся, ці падтрымліваць некалькі выбарчых праектаў адначасова або зрабіць стаўку на аднаго гульца — “Адзіную Расею”. Здаецца, стаўка зроблена на “Адзіную Расею” і некалькі “замаскаваных” малодшых партнэраў. Моц левай апазыцыі — КПРФ — у значнай меры падарваная, і яна больш не пагражае агульнай стабільнасьці сыстэмы. Так званыя сацыял-патэрналісцкія спадзяваньні былога электарату камуністаў накіраваныя на “Адзіную Расею”.
 

 
   

Асноўны лёзунг, якім партыя спрабуе падкупіць выбарцаў, — “Разам з прэзыдэнтам!”. Прыблізна так дзейнічаюць і іншыя партыі — выходзіць камічная сытуацыя, калі партыі змагаюцца за галасы не з дапамогай розных эканамічных і палітычных праграмаў, а даводзячы, якая зь іх найбліжэйшая да прэзыдэнта. А што акрамя гэтага? У маніфэсьце “Адзінай Расеі” “Шлях нацыянальнага посьпеху” можна знайсьці шмат дзіўных формул: “Веліч краіны пачынаецца зь вялікіх мэтаў”, “Дзяржава створаная не для вырашэньня тэхнічных пытаньняў, а для служэньня супольнаму дабру”, “Нацыянальны посьпех павінен спалучацца з барацьбой з адставаньнем”. Ідэолягі “Адзінай Расеі” разважаюць пра неабходнасьць стварэньня праўнага падмурку для мадэрнізацыі і адначасова клянуцца, што будуць усяляк дапамагаць мільёнам грамадзянаў у вырашэньні іх паўсядзённых праблемаў. “Партыя энэргічнага сацыяльнага кансэрватызму” адмаўляецца адказваць на канкрэтныя пытаньні і наўзамен напускае туману (чаго толькі варты слоган “энэргія згоды”) замест асэнсаванай праграмы эканамічнай палітыкі. І, дзеля гэтага, з партыі ператвараецца ў нейкі клюб аматараў. Яна робіць стаўку на мімікрыю пад “рознагалосую бальшыню” і, магчыма, “разам з Пуціным” атрымае ў парлямэнце чаканую ад яе большасьць.

Але, бадай, не такая партыя большасьці патрэбная Расеі для мадэрнізацыі. “Адзіная Расея” не апраўдала даверу: у яе няма пераможнай праграмы, яна не карыстаецца асаблівай папулярнасьцю сярод электарату. Усё гэта можна падправіць падцягваньнем адміністрацыйнага рэсурсу і тэлебачаньнем, пагатоў скандал зь “Юкасам” паказвае, што Крэмль гатовы да жорсткіх захадаў.

Што ж адбываецца? Алігархі жывуць няблага, але яны не задаволеныя да канца. Іх правы на ўласнасьць нельга разглядаць як канчатковыя і непарушныя ўва многім дзякуючы таму, як ім гэтыя правы дасталіся. Іх ніхто ня любіць — ані адміністрацыя, ані простыя людзі. Але ў іх ёсьць грошы. Улады ўвесь час могуць іх “мабілізоўваць” на чарговыя “выбірайкі” і іншыя кампаніі. Як піша Андэрс Аслунд, “кажуць, Крэмль сёлета выцягнуў каля 200 млн даляраў на кампанію “Адзінай Расеі”, па 20 млн з кожнага буйнога алігарха. Гэта ў чатыры разы больш за тое, што Хадаркоўскі, як кажуць, выдзеліў “Яблыку” і СПС, але ня так ужо і шмат, калі “Адзіная Расея” баіцца, што ёй ня хопіць”. Ніхто ня ведае сапраўдных матываў скандалу, акрамя галоўных актораў. Хаця можна згадаць, што Хадаркоўскі, уладальнік найбуйнейшай нафтавай кампаніі Расеі, неяк заявіў, што зьбіраецца ў будучым пакінуць бізнэс і паспрабаваць сябе ў палітыцы. Прэм’ерам? Прэзыдэнтам? Я ня ведаю, якія амбіцыі ў Хадаркоўскага і якія пляны на яго ў Пуціна, але дакладна ведаю, што, калі Пуцін вырашыць, што прыйшоў час спыніцца, кампанія спыніцца.

Як кажуць аналітыкі, у адрозьненьне ад папярэдніх, калі рэй вялі паліттэхнолягі, гэтым разам выбары будуць спаборніцтвам юрыстаў, якія будуць “капаць” пад кандыдатаў. Калі “Адзіная Расея” ўсё ж здолее давесьці Пуціну і выбарцам, што гэта іх партыя, і атрымаць большасьць у Думе, можа быць дадзены сыгнал для запачаткаваньня далейшых рэформаў. СПС мог бы стаць малодшым партнэрам “Адзінай Расеі”, але пакуль партыя ня можа вызначыцца, хто яна і з кім яна. Камуністы найхутчэй пачнуць яшчэ шпарчэй эвалюцыянаваць у бок сацыял-дэмакратыі ўсходнеэўрапейскага ўзору, калі толькі ў будучыні які-небудзь грамадзка-палітычны крызыс не штурхне агульныя настроі ў бок левага нацыянал-сацыялізму.

Вядома адно: калі “Адзіная Расея” не набярэ большасьці — і тут Шаўцова, Рабаў, Паўлоўскі ды шматлікія іншыя экспэрты пагодзяцца паміжсобку, — Пуцін будзе вымушаны кіраваць указамі, што пацягне за сабой выхад з канстытуцыйнага поля і ўзмацненьне аўтарытарных тэндэнцыяў.

 

 
   

“Акно ў Эўропу”

Адным з асноўных фактараў выбараў 2003 і 2004 гадоў упершыню зрабілася замежная палітыка. На прэзыдэнцкіх выбарах 1996 і 2000 гадоў міжнародныя тэмы калі й закраналіся, дык толькі вельмі маргінальна, для ілюстрацыі ўнутраных тэмаў. Цяпер жа кожны актор мусіць задэкляраваць свае погляды на асноўныя міжнародныя праблемы. Усьлед за заходнімі аналітыкамі можна нават зрабіць выснову, што пуцінскі рэжым абраў вонкавую палітыку адным з асноўных інструмэнтаў падтрыманьня стабільнасьці і канвэртацыі гэтай стабільнасьці ў нешта больш доўгатэрміновае. Разам з павышэньнем кіраванасьці дзяржавай і ўнутранымі рэформамі замежная палітыка, стабільны пасьпяховы празаходні кірунак робіцца канстантай у формуле пуцінскай стабільнасьці. Як піша палітоляг Ірына Кобрынская, “вызначаючы асноўную функцыю замежнай палітыкі як стварэньне спрыяльнага вонкавага асяродзьдзя для ўнутранага разьвіцьця, улада таксама імкнецца завяршыць працэс зацягнутай постсавецкай самаідэнтыфікацыі — паводле выбару палітыкі ў адносінах да вонкавага асяродзьдзя”.

У 2000—2001 гадах у расейскай масавай сьвядомасьці пачалася паступовая дэвальвацыя ідэі нэаэўразійства як геапалітычнай дактрыны, што абгрунтоўвае хаўрус славян з туркамі, а праваслаўных — з мусульманамі. У параўнаньні зь сярэдзінай 90-х рэзка спалі наклады кніжак Дугіна. Пасьля пачатку другой чачэнскай вайны і хвалі тэрактаў расейцы хочуць адгарадзіцца ад мусульманскага сьвету. Гэтая тэндэнцыя толькі ўзмацнілася пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году ў Нью-Ёрку. Так што ня Пуцін прыдумаў празаходні курс. У Расеі празаходні курс існаваў і раней, напрыклад у першай палове 1990-х. Пры гэтым Расею нельга лічыць празаходняй краінай: перад 11 верасьня больш за палову расейцаў лічылі Амэрыку ворагам і толькі менш за трэцюю частку — наадварот. Як сапраўдны стратэг, Пуцін дачакаўся свайго моманту і згуляў ва-банк. Жартам можна сказаць, што, калі большасьць расейцаў танчыла пад “I’m afraid of Americans” Дэвіда Боўі, Пуцін уважліва слухаў Бруса Спрынгстана. Яго геніяльна разыграная адразу пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году партыя — далучэньне да антытэрарыстычнай кааліцыі, чарада самітаў Расея—ЗША, Расея—НАТА, Расея—ЭЗ — прывяла да таго, што ня толькі заходняя, але і расейская эліта і грамадзтва паверылі ў сур’ёзнасьць намераў Пуціна інтэграваць краіну ў заходнюю цывілізацыю. Праўда, чуліся галасы, што далучэньне да антытэрарыстычнага альянсу ня толькі не наблізіла Расею да заходняй цывілізацыі, але, наадварот, дало Пуціну carte blanche расправіцца з мэдыямі і камфортна весьці чачэнскую вайну. У гэтым ёсьць рацыя, але ў дыялёгу Расеі з Захадам было ўсё ж больш пазытыўнага, чым нэгатыўнага, бо найбольш надзейнаю гарантыяй дэмакратычнага разьвіцьця краіны застаецца інтэграцыя з заходнімі дэмакратыямі.

Пуцін, на шчасьце, не адзін. Як лічыць вядучы экспэрт замежнай палітыкі Дзьмітры Трэнін,

“прызнаньне расейскай эканомікі рынкавай з боку ЗША і аналягічнае рашэньне з боку ЭЗ ня толькі набліжае ўступ Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, але і падымае статус яе эканамічных гульцоў. А менавіта, нафтавыя і газавыя кампаніі, якія імкнуцца быць прынятымі ў сусьветную бізнэс-эліту, кроўна зацікаўленыя ў практычным разьвіцьці анансаванага энэргетычнага партнэрства з ЗША і ЭЗ. Пуціна таксама падтрымлівае “эканамічная” частка ўраду і зьвязаная зь бізнэсам частка бюракратыі”.
 

 
   

Альтэрнатывы больш няма — і гэта, напэўна, найбольш значны “голас” у выбарах Пуціна. З Прымакова альтэрнатывы ня выйшла. Шматпалярнасьць паводле Прымакова не давяла сваёй практычнасьці. Шматпалярнасьць паводле Пуціна — складаная гульня на некалькіх сталах напярэдадні вайны супраць Іраку — выявіла сваю эфэктыўнасьць. Пуцін, згодна з апошнімі вынікамі міжнароднага дасьледаваньня вартасьцяў і сьветапогляду розных краінаў сьвету “World Values Study”, па вайне стаў адным з самых папулярных палітыкаў у сьвеце. Ён застаўся прагматычным малодшым партнэрам Амэрыкі і ня страціў даверу сярод антываеннай кааліцыі. Нядрэнны вынік для такой складанай партыі прадэманстраваў яшчэ і тое, што Расеі трэба рабіць стаўку на Амэрыку. У ЭЗ яе ніхто сур’ёзна не чакае, а кампанія па скасаваньні візаў у ЭЗ выявілася нечым накшталт анэкдоту сярэдняй ступені сьмешнасьці.

Паварот да Захаду мае хутчэй стратэгічны, чым тактычны характар — і нават “курыныя” войны ня ў сілах тут нічога зьмяніць.

Расея можа забясьпечыць свае інтарэсы і бясьпеку перад абліччам пагрозаў з Поўдню і Далёкага Ўсходу толькі ў альянсе з Захадам. Кіраўнік праграмаў Фонду Карнэгі па Расеі і Эўразіі Эндру Качынс лічыць (і я зь ім поўнасьцю пагаджаюся), што стварэньне расейска-кітайскага альянсу немагчымае. Нягледзячы на супадзеньне некаторых пазыцыяў па бясьпецы ў Сярэдняй Азіі і пэўны неспакой з прычыны ўзмацненьня ваеннай супэрмашыны Амэрыкі, абодва бакі завязаныя на супрацоўніцтва з Захадам. Да таго ж дэмаграфічныя тэндэнцыі і разьвіцьцё падзеяў на ўласным Далёкім Усходзе будуць прымушаць Расею ўхіляцца ад занадта шчыльнага партнэрства з Кітаем. Расея яшчэ можа пагадзіцца быць малодшым партнэрам Захаду, але быць малодшым партнэрам Кітаю — гэта для яе ўжо занадта. А з Кітаем яна можа быць толькі малодшым партнэрам. І невыпадкова зусім нядаўна, пры канцы жніўня, расейскі флёт разам з індыйскім у Індыйскім акіяне пускаў ракеты па вадзе ў бок Кітаю.

Расея будзе працягваць рэформы толькі пры празаходнім курсе. Самы ўплывовы тамтэйшы “think tank” — Рада замежнай і абароннай палітыкі —перасьцерагае супраць празьмерна амбіцыйнай замежнай палітыкі, калі ўнутраныя рэсурсы не адпавядаюць вонкавым амбіцыям. Для новага прэзыдэнцтва Пуціна прапануецца формула: “спачатку самаўзмацненьне, пасьля міжнароднае ўзмацненьне”. Але цяперашняя замежная палітыка Расеі не супярэчыць магчымым пэрспэктывам мадэрнізацыі. Наадварот, існуе рэальная небясьпека, што рэжым ня здолее выкарыстаць усіх паўсталых магчымасьцяў.

Новы зьмест адносінаў з ЗША паводле Трэніна — спыненьне суперніцтва, прызнаньне асымэтрыі (5 % ВНП ад узроўню ЗША) і навязваньне партнэрства — вымагае перагляду ня толькі дагэтулешняй замежнай эканамічнай палітыкі і дыпляматыі, але і ваеннай дактрыны. Расейскім генэралам варта выключыць ЗША зь ліку магчымых ворагаў хаця б для таго, каб у галівудзкіх блякбастэрах паменела расейскіх мафіёзі і звар’яцелых афіцэраў.

Празаходні курс Расеі будзе хісткім і непасьлядоўным без радыкальнай рэформы арміі і дыпкорпусу. За апошнія 10 год з МЗС разьляцеліся найлепшыя супрацоўнікі, якія перайшлі ў бізнэс. Расейскае МЗС ператварылася ў корпус нэасавецкага кансэрватызму. Таленавітыя краіназнаўцы з МЗС і МДІМА разьехаліся па краінах сваёй экспэртызы і рэалізуюць сваё веданьне гэтых краінаў на практыцы. На пачатковым этапе МЗС магло б набраць людзей зь бізнэсу — практычных і адукаваных, якія ведаюць, як лабіяваць інтарэсы. Існуюць прыкметы, што гэта ўжо паціху адбываецца. З арміяй праблема яшчэ складанейшая. За гэтыя гады яна ператварылася ў закасьцянелую структуру, дзе людзі думаюць, гавораць і нават апранаюцца, як пры Савецкім Саюзе. Нават дынамізм Сяргея Іванова, “накіраванага” Пуціным у Мінабароны, наўрад ці зьменіць у ім абстаноўку.

Прадуманая заходняя палітыка дае і будзе даваць Пуціну пэўны carte blanche у ягонай палітыцы ў дачыненьні да “блізкага замежжа”. Захад нічога ня мае супраць, каб Расея праводзіла больш актыўную замежную палітыку ў дачыненьні да постсавецкіх дзяржаваў. Статус былых савецкіх рэспублік робіцца трохі падобным на статус былых хаўрусьнікаў СССР ува Ўсходняй Эўропе — фармальна незалежных, але якія каардынуюць асноўныя аспэкты сваёй замежнай і ўнутранай палітыкі з Крамлём. Некаторыя больш залежныя, некаторыя менш. І невядома, ці здолее Ўкраіна застацца сучаснай “Югаславіяй” з такім “Ціта”.

 

 
   

“Пастка Гарбачова”: замест эпілёгу

Пуцін нешта зьмяніў у Расеі. Застаецца пытаньне, як многа ён зьмяніў і як надоўга. За гады яго кіраваньня можна пабачыць некалькі цыклаў стабілізацыя—рэформа—стабілізацыя—рэформа… Набліжаюцца выбары — а значыць, рэформы будуць адкладзеныя да абвяшчэньня іх вынікаў. Існуюць перадумовы для далейшых рэформаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2004 году. Эпоха стабільнасьці падыходзіць да канца, у паветры ці то вее “вецер пераменаў”, ці то лунае чарговы піяр крамлёўскіх паліттэхнолягаў. У насельніцтва растуць спадзяваньні на паляпшэньне жыцьця і, як піша Аўтандыл Цуладзэ ў газэце “Сегодня”, калі рост спадзяваньняў і рост папулярнасьці Пуціна дасягне крытычнай масы, яго рэйтынгі раптоўна пайдуць уніз.

Палітычны маркетынг мае свае абмежаваньні, палітычны імідж можа рэзка абясцэніцца, таму Пуціну трэба нарэшце зрабіць свае абяцаньні come true. Матрошкі Пуціна і дываны зь яго постацьцю ўжо цяпер прадаюцца значна горш, чым раней. Пасьля выбараў перад Пуціным паўстане выбар — ці надалей трымацца за свой рэйтынг, не зважаючы на рост нэгатыўных зьяваў у эканоміцы, знос інфраструктуры і пачашчэньне тэхнагенных катастрофаў, ці абаперціся, як піша Лілія Шаўцова, на сацыяльна актыўную меншасьць, правесьці шэраг глыбокіх, балючых рэформаў — пачынаючы ад рэформы дзяржаўнага апарату і да рэформы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, — якія прымусяць Расею зьмяніцца.

У Расеі дагэтуль палепшылася кіраванасьць не дзяржавы, а прэзыдэнцкага рэжыму. Дзяржаву яшчэ трэба рэфармаваць. Трэба рашуча зрабіць выбар паміж выглядам і формай, імітацыяй і сапраўднымі зьменамі. Рэформы былі прыпыненыя на паўшляху. Існуе імітацыя парадку, імітацыя дэмакратыі, стабільнасьці і прыватнай уласнасьці. Як лічыць аналітык усходнеэўрапейскай палітыкі Стывэн Холмс, пры разглядзе расейскай палітыкі трэба разумець, што ўсе яе дзеяньні — гэта сымуляцыя. “Здавацца для Расеі нашмат больш істотна, чым быць”.

Пуцін падышоў у сваім разьвіцьці да рысы, за якой пачынаецца трансфармацыйны тып лідэрства. Глыбейшыя рэформы ў эканоміцы, далучэньне Расеі да заходніх палітычных інстытутаў, НАТА, СГА, гольф-клюбаў ствараюць перадумовы, каб зламаць хрыбет расейскай мадэлі разьвіцьця, пабудаванай, з аднаго боку, на адзінаўладзьдзі, а з другога — на безадказнасьці ўлады і бюракратыі. Пераход ад апоры на старую бюракратыю, сілавыя структуры і алігархаў на новыя, яшчэ ня створаныя падмуркі, прывядзе да дэстабілізацыі і непазьбежнага падзеньня папулярнасьці прэзыдэнта. Карацей, Пуціна можа чакаць лёс Гарбачова — дый любога рэфарматара: ініцыяваць рэформы, якія ўвойдуць у гісторыю, і ў пераходны пэрыяд страціць папулярнасьць i ўладу. Як правіла, рэфарматары робяцца ахвярамі сваіх жа рэформаў, а на іх месца прыходзяць іншыя асобы.

Згодна з Вэбэрам, для рэформаў патрэбны харызматычны тып лідэра, для захаваньня status quo — рацыянальна-выканаўчы тып. Здаецца, Пуцін спалучае гэтыя два тыпы: у Пуціна трохі ёсьць харызмы (стваральнікам фільму пра Гары Потэра чымсьці прыглянуўся вобраз другога прэзыдэнта Расеі, які быў выведзены ў фільме сымпатычным і трохі харызматычным дамавіком). Каб падвоіць ВНП і, самае галоўнае, зьмяніць стаўленьне ў грамадзтве да самога сябе, можа, такі рызыкнуць страціць папулярнасьць?

Сам Пуцін пакуль падае супярэчныя сыгналы. Вялікай падтрымкі ані з Захаду, ані ад грамадзтва для правядзеньня рэформаў пакуль няма. Пуцін на гэтых выбарах не пайшоў на стварэньне сапраўднай рэфарматарскай партыі, якая б пастаўляла “маладых туркаў” для правядзеньня мадэрнізацыі. Як ён здолее правесьці рэформы з аўтарытарнымі бюракратамі, моцнымі эканамічнымі кланамі і мясцовымі дэцэнтралізатарамі — тымі, хто цяпер лабіюе свае інтарэсы праз Крэмль, — невядома. Ці могуць аб’яднацца гэтыя групоўкі перад адзінай пагрозай — мадэрнізацыяй паводле Пуціна, якая адштурхне ўсіх гэтых, карыстаючыся моваю паліталёгіі, “шукальнікаў рэнты” (rent seekers) ад карыта і створыць роўныя для ўсіх актораў правілы гульні? Другое пытаньне, які яшчэ рэсурс застаўся ў сыстэмы і колькі яна можа існаваць без кардынальнай рэформы?
 

 
   

А цяпер прывядзём некалькі магчымых сцэнароў разьвіцьця сытуацыі. Калі вы ўважліва чыталі гэты артыкул, вы, напэўна, убачылі мой асьцярожны аптымізм. Найхутчэй Пуцін працягне асьцярожныя рэформы, паспрабуе мадэрнізаваць эканоміку і нават падвоіць ВНП за кошт адміністрацыйнага рэсурсу. Таксама магчымы рух да “асьвечанага” аўтарытарызму з “добрым, манархічным” тварам. Змычка паміж “кіраваным плюралізмам”, бюракратыяй і алігархамі застанецца. На карысьць гэтага гаворыць палітычная дынаміка напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Будучыня напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ адкрытая, і таму існуе рэальная, хаця і менш імаверная пазытыўная магчымасьць сыстэмнай трансфармацыі, мадэрнізацыі ня толькі эканомікі, але і дзяржавы з грамадзтвам.

Прывяду яшчэ некалькі сцэнароў. Дырэктар Цэнтру стратэгічнага аналізу і прагнозаў Дзьмітры Альшанскі лічыць, што Пуцін застанецца малодшым партнэрам адзінай у сьвеце супэрдзяржавы, а расейскія эліты рана ці позна зразумеюць, што ўнутраныя рэсурсы не адпавядаюць імпэрскім амбіцыям, пакрочаць за Пуціным і разам будуць ствараць стабільную рэгіянальную сілу згодна з наяўнымі рэсурсамі. Зьбігнеў Бжазінскі “стабільна” дае прагнозы ў стылі “Картаген павінен быць зьнішчаны”. Ён лічыць, што Расея дасягне поўнай стабільнасьці толькі тады, калі зьменшыцца і пазбудзецца ядравай зброі. Андрэй Рабаў уважае, што дагэтуль Пуціну ўдавалася ўтрымліваць палітычную стабільнасьць праз лавіяваньне паміж старымі ельцынскімі кланамі і новымі, якія прыйшлі да ўлады разам зь ім. Таму найхутчэй Пуцін прадоўжыць лавіяваць паміж імі і ў будучым, рэфарматарскае заканадаўства будзе арыентаванае на рэалізацыю інтарэсаў вярхоў, сыстэма будзе заставацца закрытаю для грамадзтва. Усё гэта будзе ствараць рызыку, што дасягненьні стабілізацыйнае эпохі могуць быць страчаныя, а рэалізаваная мадэрнізацыя не прынясе жаданых вынікаў. Шаўцова мяркуе, што расейская палітычная сыстэма ня можа эвалюцыянаваць у бок заходніх стандартаў, бо ўсе сілы, якія фармуюць падмурак пуцінскага рэжыму, атрымліваюць максымальныя выгады менавіта ад сёньняшніх прынцыпаў функцыяваньня машыны ўлады і не зацікаўленыя ў радыкальных зьменах… Паварот у бок аўтарытарызму таксама магчымы, хаця на гэты момант для гэтага не існуе значных эканамічных інтарэсаў. Глеб Паўлоўскі не выключае магчымасьці, што Пуцін можа ўзначаліць парлямэнцкую партыю большасьці перад сыходам з пасады прэзыдэнта ў 2008-м і, перачакаўшы эпоху рэгенцтва на пасадзе старшыні партыі, вярнуцца да прэзыдэнцтва ў 2012-м.

Нарэшце, Андэрс Аслунд — аптыміст. Ён лічыць, што зьмены нават не магчымыя, а непазьбежныя. Расея перажывае стабільны 6-працэнтны эканамічны рост на працягу 4 год, і Пуцін ня будзе баяцца праводзіць эканамічныя рэформы. Сама ж засяроджанасьць Пуціна на эканамічных пытаньнях — добры знак таго, што Расея стаіць на правільным шляху. Як жа Аслунду ня быць аптымістам, калі паводле яго рэцэптаў рабіліся рэформы 90-х?
 

 
   

Расея расьце, набіраецца ўпэўненасьці і паляпшае свой міжнародны статус, у шмат чым папсаваны на працягу 1990-х. Расейскія эліты пачынаюць сябе адчуваць больш упэўнена за мяжой — як на Давоскім форуме, так і сярод заходніх мільянэраў падчас шопінгу на лёнданскай Savile Row. Як бы ў пацьверджаньне гэтых словаў зусім нядаўна алігарх Абрамовіч набыў футбольны клюб “Чэлсі” і разам зь ім некалькі вядучых гульцоў сьвету, каб тыя гулялі ў яго клюбе. Ці не было б лепш, каб ён гэтыя ж грошы — а лік ідзе больш чым на сотню мільёнаў даляраў — уклаў, скажам, у маскоўскае “Дынама”? Расейскія бізнэс-колы гавораць пра вялікую будучыню Расеі, а самі ўкладаюць капіталы за мяжой. Калі нават самыя заможныя людзі краіны яшчэ не паверылі ў канчатковасьць і незваротнасьць зьменаў, што казаць пр астатніх. Як піша модны пісьменьнік Віктар Ерафееў,

“цяпер у Расеі асноўная барацьба ідзе не паміж левымі і правымі, дэмакратамі і камуністамі, маладымі і старымі, заходнікамі і славянафіламі, а паміж прадуктыўнымі і контрпрадуктыўнымі элемэнтамі грамадзтва. Найпрасьцейшыя дадатныя заданьні — жыць лепей, зарабляць больш грошай, ствараць здаровую сям’ю — у Расеі дагэтуль для значнай часткі насельніцтва здаюцца незразумелымі”.

Цыкл выбараў 2003—2004 гадоў дае Расеі гістарычны шанец канчаткова і незваротна выбраць паміж “здавацца” i “быць” на карысьць “быць”. Пуцін здолеў стабілізаваць краіну. Мадэрнізаваць і паверыць у сябе можа толькі сама краіна. На адным канадзкім інтэрнэт-форуме былых савецкіх грамадзян, на якім, дарэчы, добра знаёміцца зь цікавымі дзяўчатамі, нейкі Пятровіч, седзячы не ў такой вялікай, але стабільнай, прадказальнай і заможнай Канадзе, увесь час заканчвае свае мэсыджы мантрай “Усё роўна Расея адродзіцца і стане вялікаю краінай”. Калі такія пятровічы самі вернуцца назад будаваць сваю вялікую краіну, можна будзе казаць, што краіна нарэшце паверыла ў сябе.
 

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (28) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/12/14