A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (28) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АЛЯКСАНДАР ФРЫДМАН | |||||
|
Аляксандр Фрыдман
|
(нар. у 1979 у Менску) — гiсторык. Скончыў гiстарычны факультэт БДУ (2001). Сёлета ў часопісе “Мишпоха” апублікаваў артыкул “Знаменитые потомки легендарного брестского талмудиста: Карл Маркс и Сэр Бенджамин Филипс”. |
Вiльня: Лiтоўскi Iерусалiм Пры канцы 1930-х у Вiльнi жыло больш за 55000 яўрэяў. Сам горад быў вядомы ў свеце як цэнтр iдышысцкай культуры. У ім працавалi яўрэйскiя тэатры, школы, малiтоўныя дамы, тут змяшчаўся Iнстытут яўрэйскiх даследаванняў YIVO, у бiблiятэцы Страшуна захоўвалася найбуйнейшая ў свеце калекцыя кнiг на мове iдыш. Яўрэйскую вулiцу Вільні ўпрыгожваў велiчны будынак Вялiкай Сiнагогi. Крук працаваў прэсавым рэферэнтам у вiленскiм аддзяленнi яўрэйскай дабрачыннай арганiзацыi TOZ/OZE, супрацоўнiчаў з Цэнтральнай яўрэйскай школьнай арганiзацыяй (СYSHO), а таксама з часопiсам “Volksgesunt”. Увосень 1939 — у пачатку 1940 году Вiльня прыняла каля 15000 яўрэйскiх уцекачоў. У 1940 годзе “Volksgesunt” змясцiў на сваiх старонках нататкi Г. Крука пра жыццё яўрэйскiх уцекачоў у Вiльнi — варшаўскiх рабочых, пiнскiх ешыботнiкаў (навучэнцаў духоўнай семінарыі), катавiцкiх гандляроў, пiсьменнiкаў, iнжынераў, дактароў, якiя страцiлi родных i маёмасць. Дапамога вiленскай яўрэйскай грамады i мiжнародных яўрэйскiх арганiзацыяў не змагла iстотна палепшыць iхняга бядотнага становiшча. Яны спалi на лаўках i партах (яўрэi з Чэхаславакii, напрыклад, атабарыліся ва ўнiверсiтэцкiм квартале Вiльнi), на падлозе сiнагог i ешыботаў, бадзялiся па вiленскiх вулiцах у пошуку хоць якой працы. Большасць польскiх уцекачоў не збiралася заставацца ў Вiльнi. Яны бамбардавалі ўрады ЗША, Палестыны, Аргенцiны і iншых краiн тэлеграмамі з заклiкамi аб дапамозе. Велiзарныя чэргi стаялі каля будынкаў замежных прадстаўнiцтваў. Пакiнуць Вiльню планавалі таксама Герман Крук са сваім братам. Перш за ўсё, яны паспрабавалi выцягнуць з акупаванай немцамi Варшавы свае сем’i, каб потым разам накiравацца ў ЗША. А калі Пінхасу пашанцавала, то Герману — не. У снежнi 1940 году савецкiя памежнiкi затрымалi на савецка-лiтоўскай мяжы Полу Крук, а таксама жонку i сына П. Шварца. П. Крук правяла год у ашмянскай турме, а потым разам з iншымi польскiмi ўцекачамi была вывезеная ў Сiбiр. (Герман Крук сваёй жонкі больш нiколi не пабачыў.) Сям’ю Шварца савецкiя памежнiкi адпусцiлi, i яна дабралася да Вiльні. 15 чэрвеня 1940 году пачалася савецкая акупацыя Лiтвы. 21 лiпеня была абвешчаная Лiтоўская Савецкая Сацыялiстычная Рэспублiка, якая 3 жнiўня ўвайшла ў склад СССР. Яўрэйскiя палiтыкi i культурныя дзеячы разумелi, што чакае iх пад савецкай акупацыяй. Разумелi гэта i iх сябры за мяжой. Камiтэт яўрэйскiх рабочых ЗША здолеў выбіць амерыканскiя вiзы для шэрагу функцыянераў яўрэйскiх партый i пiсьменнiкаў з Вiльнi. У гэты спiс, які складаўся з 6500 асобаў, патрапiлi iмёны Г. Крука i П. Шварца. У вераснi 1940-га на вiленскiм вакзале браты развiталiся. Пiнхас з сям’ёй накiраваўся праз Маскву i Ўладзівасток у ЗША, а Герман застаўся. Ён паспеў даслаць брату сабраныя матэрыялы па гiсторыi яўрэйскай бiблiятэчнай справы, якiя збiраўся апрацаваць ужо ў Амерыцы. 24 чэрвеня 1941 году Крук адзначыў у сваiм дзённiку, што савецкiя ўлады пагадзiлiся дазволiць яму выезд толькi пры ўмове супрацоўнiцтва з спецслужбамі. Крук мусіў стаць савецкiм iнфарматарам у польскiх узброеных фармаваннях у Канадзе, але адмовiўся. 22 чэрвеня 1941 году Германiя распачала вайну з СССР. У той жа дзень нямецкiя самалеты бамбардавалi Вiльню. 23 чэрвеня Чырвоная Армiя пакiнула горад. Разам з чырвонаармейцамi памкнуліся на ўсход i многiя вiленцы. Каля 3000 яўрэяў здолелi ўцячы. Тое ж самае меўся зрабiць i Г. Крук, але ў апошнi момант застаўся. 23 чэрвеня 1941-га ён напiша: “Я прымаю рашэнне: я пакiдаю сябе на лiтасць Бога; я заcтаюся... Зразумела, што немцы возьмуць Вiльню. Яны зробяць горад фашысцкiм. Яўрэяў загоняць у гета. — Я буду ўсё гэта натаваць” (с.47). |
Другая палова 1941 году: яўрэйская Вiльня ў рэках крывi З першых дзён Крук iмкнецца пiсаць хронiку падрабязна i аб’ектыўна. 24 чэрвеня Крук пазначыць: “…Мы — закладнiкi Германii. Гэта пачатак новай эры, магчыма, найцяжэйшай у маiм жыццi” (с.49). Пад нямецкай акупацыяй жыццё вiленскiх яўрэяў iмклiва ператвараецца ў пекла: яны мусяць зрабіць сабе нашыўкі з жоўтай зоркай Давіда, iм забараняецца хадзiць па тратуарах i шэрагу вулiц, уступаць у шлюбы з неяўрэямi, для iх уводзiцца каменданцкая гадзiна, iм дазволена набываць тавары толькi ў адпаведных крамах i ў спецыяльна вызначаныя гадзіны. Рабункі, знявагi, арышты i забойствы яўрэяў лiтоўскiмі калабарантамі (т.зв. іпацiнгамі, ад літ. Ipatingas Buris — “выбраныя”) зрабiлiся паўсядзённаю з’явай. 28 чэрвеня 1941 году Крук адзначыць, што салiдарнасць народаў, якую прапагандавалi бальшавiкі, знiкла разам з адыходам Чырвонай Армii. У дагэтуль нечуваных памерах у людзях прачнулася нянавiсць. 4 лiпеня 1941 году абылося паседжанне прадстаўнiкоў вiленскай яўрэйскай грамадскасцi, якiм было загадана абраць Юдэнрат. Апiсваючы паседжанне, Крук цытуе доктара Гершна Гершунi (1860—1941): “Мы меркавалi, што Лiтоўскi Iерусалiм пазбегне пераследу, бо тут знаходзяцца пахаваннi Гера Цэдэка i Вiленскага гаона. Але гэтага не адбылося. Мы павiнны стварыць Юдэнрат” (с.53). Юдэнрат узначалiлi Шауль Троцкi i Анатоль Фрыд. Яўрэйскае насельнiцтва было накiравана на прымусовую цяжкую фiзiчную працу. Г. Крук на працягу дзесяцi тыдняў хаваўся i ўхiляўся ад яе, але 27 жнiўня мусiў пайсцi працаваць. 26 жнiўня 1941-га ён пазначыў: “Заўтра я стану рабом Гiтлера” (с.75). Знiшчэнне вiленскага яўрэйства пачалося ўжо ў лiпенi 1941 году. Тады нямецкая Айнзацкаманда-9 сумесна з літоўскімі іпацiнгамi знiшчыла ў Панарскім лесе каля 5000 мужчын. “Акцыя” 31 жнiўня — 3 верасня забрала жыццi яшчэ 8000 вiленскiх яўрэяў. У пачатку верасня нацысты стварылi ў Вiльнi два гета. Усё насельнiцтва Вiльнi назiрала за гэтым з супярэчлiвымi пачуццямi. Крук пазначае, што некаторыя дапамагалi сваiм яўрэйскiм сябрам i суседзям, другiя ж скарысталiся з нагоды танна набыць чужыя рэчы і чужую маёмасць (с.99). 30.000 яўрэяў былi накiраваныя ў Гета-1, прыкладна 9000—11000 — у Гета-2. Астатнiя 6000 былi забiтыя ў Панарах (Панарскі лес, дзе падчас вайны было знiшчана 70.000—100.000 мiрных жыхароў, упершыню ўзгадваецца Круком 4 верасня). У Юдэнрат першага гета ўвайшоў былы кiраўнiк вiленскай камунальнай гаспадаркі Фрыд, а таксама прадстаўнiкi галоўных палiтычных плыняў (у т.л. сiянiстаў i Бунду). Былы афiцэр лiтоўскай армii, кiраўнiк лiтоўскай арганiзацыi сіянiстаў-рэвiзiянiстаў “Brit ha-Hayal” Якаў Генс быў прызначаны шэфам яўрэйскай палiцыi. 15 верасня 1941 году нямецкiя ўлады распачалi сартаванне насельнiкаў гета. 3000 уладальнiкаў т.зв. жоўтага пасведчання (г.зн. прызнаных годнымі да працы) разам з жонкай i двума дзецьмi да 18 гадоў (бацькоў уносiць у жоўтыя пасведчаннi было забаронена) атрымалі дазвол перасялiцца ў Гета-1. Усё астатнiя мусiлi застацца ў Гета-2. Pызыкуючы ўласным жыццём, Крук унёс ва ўласнае “жоўтае” пасведчанне жонку аднаго з стваральнiкаў Бунду, дэлегата I з’езду РСДРП у Менску Аркадзя Крэмера Пацi Крэмер. У першыя два тыднi (6—20 верасня) свайго жыцця ў гета Крук не мог пiсаць. 20 верасня ён пазначае: “Апошнiя два тыднi былi для мяне не тыднi, але гады… Усё, што мы перажылi i прайшлi — дзiцячая забаўка ў параўнаннi з апошнiмi 14 днямi” (с.100). На пачатку кастрычнiка 1941 году эсэсаўцы i іпацiнгі правялi т.зв “Jom-Kippur–Aktion”: 1—2 кастрычнiка былі знiшчаны 3300 чалавек, 3—4 кастрычнiка яшчэ 2000. Наступныя акцыi адбылiся 15—16 i 21 кастрычнiка. Другое гета спынiла сваё iснаванне. Паміж 24 кастрычнiка — 22 снежня ў Гета-1 быў праведзены шэраг ліквідацый (24, 29 кастрычнiка, 3 лiстапада, 3—4, 15 снежня, 20—21 снежня). Вязняў гета расстрэльвалі ў Панарах літоўскія “выбраннікі”. У пачатку 1942 году ў гета засталося каля 20.000 яўрэяў, прыкладна 3500 чалавек здолелi ўцячы i схавацца ў навакольных гарадах і вёсках. |
Як ствараўся Дзённiк Вiленскага гета У параўнаннi з iншымi вязнямi гета Герман Крук знаходзiўся ў прывілеяваным становiшчы. Як супрацоўнiк Юдэнрату (кiраўнiк бiблiятэкі) ён жыў у адмысловым блоку, як супрацоўнiк штабу “Einsatzstab Reichsleiter Rosenberg” (створаны ў кастрычнiку 1940 году пад кiраўнiцтвам Альфрэда Розенберга з мэтай рабавання культурных каштоўнасцяў на акупаваных Германiяй тэрыторыях) атрымаў магчымасць весці даследаванні па-за межамi гета, у тым лiку карыстацца фондамi бiблiятэкі Вiленскага ўнiверсiтэту. Крук чытаў прэсу — легальную польскую, нямецкую, лiтоўскую, да яго траплялі нелегальныя выданнi, улёткi. Пра падзеi на фронце i ў свеце Крук i ягоны сябар, прадстаўнiк Бунду ў Юдэнраце Рыгор Яшунскi даведваліся з перадачаў ангельскага, савецкага i польскага радыё (27 снежня 1942 году яўрэям было загадна здаць прыймачы, але Крук i Яшунскi гэтага не зрабілі). Крук атрымлiваў iнфармацыю ад Яшунскага, кiраўнiцтва партызанскай арганiзацыi гета FPO (Fereinikte Partisaner Organisatzije, Аб’яднаная партызанская арганiзацыя) i нават кіраўніка паліцыі Якава Генса. Ён выкарыстоўваў матэрыялы статыстычнага аддзелу гета, пратаколы судовых паседжанняў, размаўляў са сведкамi падзеяў (уцекачом з баранавiцкага гета, ковенскiм чыгуначнiкам i г.д.). Таму ў дзённiку Крук не абмяжоўваецца падзеямi ў Вiленскiм гета, а дае звесткі аб знiшчэннях яўрэяў Баранавiчаў (у снежнi—сакавiку 1943 году ён стварыў хронiку “Трагiчны канец яўрэяў у Баранавiчах”), Лiды, Ашмянаў i iншых мест. Аўтар распавядае таксама пра падзеi ў Велiчанах, Троках, Горадні, Глыбокiм, Воранаве, Радунi, Беластоку, шматлiкiх польскiх гарадах i мястэчках, апісвае ўмовы ўтрымання вязняў Менскага гета. Ён сачыў за тым, як гiнула Варшаўскае гета, а значыць, сям’я яго сястры Голды Торнэр. Яму таксама было вядома, як дзеюць газавыя камеры ў Трэблiнцы. Па-за межамi гета Крук здабыў шмат сяброў, якія перадавалi яму каштоўную iнфармацыю. Так, цёплыя адносiны склалiся ў яго з бiблiятэкаркай Вiленскага ўнiверсiтэту Онай Шымайтэ, якая выратавала шмат яўрэяў (пераважна дзяцей), а таксама яўрэйскiя культурныя каштоўнасцi. Крук падтрымлiваў сувязь з прадстаўнiком Польскай сацыялiстычнай партыі Клеменсам (ён жа — М. Рынзол (M. Rinzol)), праз якога вiленскiя бундаўцы мелі выхад на Захад. Кожны дзень увечары Герман Крук зачыняўся ў сваiм пакойчыку ў бiблiятэцы i надыктоўваў сакратарцы, Рахелі Мендэльсунд-Кавярскай, хронiку гета. У гета было вядома тое, што Крук пiша дзённiк, але на гэтую тэму асаблiва не гаварылi, бо iнфармацыя магла дасягнуць немцаў. Дзённiк ствараўся ў трох экзэмплярах, адзiн з якiх Крук хаваў у бiблiятэцы, другi — у польскага святара, а трэцi — у схованцы ў гета. Становiшча, у якiм ствараўся дзённiк, тлумачыць моўныя памылкi i няяснасці ў крукаўскiм тэксце. Выпраўленні, перакрэсліванні i дапiсванні сустракаюцца амаль на кожнай яго старонцы. Крук планаваў перагледзець тэкст, але не паспеў гэта зрабiць. Чым зрабiўся дзённiк для Германа Крука? 30 верасня 1942 году ён пытае сам сябе, а цi мае сэнс яго жыццё нават тады, калi ён здолее выратавацца з Вiленскага гета? Якi сэнс будзе мець яно, калi ўсяго, што было яму родным i блiзкiм, па чым можна было плакаць i шкадаваць, ужо не iснуе (с.371)? Сэнс жыцця Герман Крук знойдзе ў пісанні свайго дзённiка. Ён неаднаразова паўтарае, што дзённiк — гэта адзiнае, што яшчэ прымушае яго жыць. На адваротных лiстах Крук пакiнуў просьбу перадаць у выпадку яго смерцi тэкст брату Пiнхасу ў Нью-Йорк.
1942: год няспраўджаных надзеяў 1942-гі быў “найлепшым” годам у гiсторыi Вiленскага гета. У той год нацысты ўстрымалiся ад акцыяў знiшчэння і таму было дастаткова спакойна. Яўрэi жылi адзiнай надзеяй — надзеяй на вызваленне. |
Палiтычная барацьба ў гета У барацьбе за ўладу ў гета перамагла палiцыя пад кіраўніцтвам Я. Генса. Кiраўнiк Юдэнрату Фрыд патрапiў у залежнасць ад Генса i яго паплечнiкаў — лiтоўскiх сiянiстаў-рэвiзiянiстаў. Прафесiйны вайсковец Генс здолеў наладзiць працу палiцыi, у якой былi створаны крымiнальны аддзел, агентурная сетка, сакрэтная i жаночая палiцыя. “Дучэ” Я. Генс (словы Крука) абяцаў, што пад палiцэйскiм кiраўнiцтвам гета здолее перажыць вайну. Бундавец Крук асуджаў i востра крытыкаваў генсаўскую “палiцэйска-ваенную” дыктатуру (с.140). Генс пагражаў сваім палітычным апанентам, а таксама ўсiм, хто адмовiцца выконваць яго распараджэннi, дэпартацыяй у Панары і смяротным пакараннем. Тым не менш, у 1942 ён не перайшоў ад пагрозаў да адкрытага пераследу. Камунiсты, бундаўцы, сiянiсты працягвалі сваю дзейнасць i ў сценах гета. Першыя засяродзiлiся на падпольнай працы, другія дасягнулі значнага ўплыву на працоўных гета. I камунiсты, i бундаўцы вялi прапаганду з дапамогай улётак. Вынiкам сумеснай працы камунiстаў, бундаўцаў, а таксама розных сiянiсцкiх партыяў стала стварэнне ў пачатку 1942 году FPO. Кiраўнiцтва палiцыi спярша паставiлася да FPO даволi лаяльна. Канфлiкты памiж палiцыяй i партызанамi разгарэліся толькi ў 1943 годзе. Крук неаднаразова падкрэслiвае ў сваiм дзённiку, што Юдэнрат i палiцыя карысталіся выключна благой рэпутацыяй у гета. Ва ўстановах Юдэнрату, што ў гета атрымаў мянушку “Yidn-farat” (яўрэйская здрада), панавала карупцыя. Фрыд i ягоныя паплечнікі выкарыстоўвалі свае пасады для паляпшэння ўласнага дабрабыту. Яўрэйская палiцыя супрацоўнiчала з немцамi, сваволіла, рабавала, хабарнiчала, старанна i дакладна выконвала карныя загады нацыстаў, выкрывала нелегальныя схованкі ў гета падчас т.зв. хапуноў (“khapunes”), гвалтам прымушала яўрэяў працаваць. Матэрыяльна палiцэйскiя былi добра забяспечаны: калi ў гета галадавалі, яны бавiлi вольны час з жанчынамi, гарэлкай i аркестрам. 29 снежня 1942-га Крук пазначыў, што “яўрэйская палiцыя больш нямецкая, чым самi немцы” (с.187). Загадам Гестапа ад 11 лiпеня 1942 году Юдэнрат быў распушчаны, а кiраўнiцтва гета было ўскладзена на Генса. Фрыд атрымаў пасаду намеснiка па адмiнiстрацыйных пытаннях, а сябар студэнцкай сiянiсцкай рэвiзiянiсцкай групоўкi “Хасманеi” Салек Дэслер (Salek Dessler) узначалiў палiцыю. Пад новым кіраўніцтвам вiленская яўрэйская палiцыя ўдзельнічала ў шэрагу акцыяў знiшчэння. 17 i 23 лiпеня палiцэйскiя дэпартавалі з гета 84 старых, якiя потым былi расстраляны літоўскімі іпацiнгамi ў Панарах. 23 кастрычнiка ў Ашмянах вiленская яўрэйская палiцыя падрыхтавала да дэпартацыi i знiшчэння больш за 400 старых, жанчын i дзяцей. Іх знiшчылі эсэсаўцы разам з лiтоўскай палiцыяй. Генс бычыў у такім супрацоўнiцтве з немцамi адзiную магчымасць захаваць Вiленскае гета. |
Гандаль i сфера паслугаў у гета Яшчэ ў 1941 годзе ў гета адчынiлася пошта. Яўрэi атрымалi дазвол слаць пошту, праўда, толькі на нямецкай мове. З розных куткоў свету ў гета прыходзілі лiсты, многiя з якiх сваiх атрымальнiкаў ужо не знайшлi. У снежнi 1942 году адчынiлася лазня. Вулiцы ператварылiся ў цэнтр гандлю i абмену прадуктамi харчавання, якiя, нягледзячы на забарону, праносiліся ў гета. Вязнi наладзiлi гандлёвыя сувязi з сялянамi i “арыйскай” часткай гарадскога насельнiцтва. Мяса, хлеб, яйкi, бульба, цыгарэты, цыгарэтная папера, запалкi, сахарын, цыбуля, пiрожныя, шакалад, рыба, птушка, мёд, гарэлка — усё гэта i шмат iншага можна было набыць на вулiцах Вiленскага гета. Гандаль iмгненна прыпыняўся, калi на тэрыторыю гета ўваходзiлi нямецкiя афiцэры. У сакавiку 1942 году ў гета адчынiлiся невялiкiя крамы з больш цi менш прыстойным асартыментам тавараў: аддзеннем i абуткам, газетамi i цыгарэтамi, хлебабулачнымі вырабамі. У Вiленскiм гета працавалi некалькi рэстаранаў i начных клубаў, што прапаноўвалi разнастайныя стравы i напоi. На працягу 1942 году палiцыяй былi выяўленыя два бардэлі. У пачатку 1943 году ў вiленскiм гета адчынiўся гатэль. Такiм чынам, калi адны вязнi хварэлi i памiралi ад голаду, неслі апошнiя рэчы ў ламбард, другія хадзілі ў рэстараны i бардэлі.
Адукацыя, культурнае жыццё, спорт Культурны феномен вiленскага гета — гэта сетка адукацыйных устаноў, што паўстала ў 1942 — пачатку 1943 году: тры пачатковыя школы, вышэйшыя школьныя групы, мужчынская i жаночая школы-iнтэрнаты, музычная i тэхнiчная школы i г.д. Заняткi ў школах вялiся на iдыш. Сярод прадметаў трэба вылучыць арыфметыку, гiсторыю культуры, прыродазнаўства, гiгiену, рамёствы, спевы, гiмнастыку, маляванне i iншыя. Тэхнiчная школа рыхтавала слесараў, электрыкаў i г.д. Найлепшыя вучнi тэхнiчнай i музычнай школаў атрымлiвалi стыпендыi. Школам хранiчна не ставала абсталявання, сшыткаў i падручнiкаў. У сакавiку 1942 году адчынiлiся дом сiротаў i медыцынскi цэнтр для дзяцей i падлеткаў, якi павiнен быў спрыяць iх iнтэлектуальнаму развiццю i ўмацоўваць псiхiчнае здароўе. Увосень 1942 году ў гета пачалi працаваць курсы будаўнiкоў, цесляроў, краўцоў, зваршчыкаў i г.д. 17 снежня 1942-га ў гета з’явiлiся абвесткi, якiя запрашалi ўсіх ахвочых наведаць падрыхтаваны палiцыяй i групай артыстаў канцэрт. Кампанiя байкоту прызначанай iмпрэзы (бундаўскiя ўлёткi заклікалі “не рабiць тэатру на могiлках”) не здолела яе сарваць. На канцэрт былi таксама запрошаны немцы, у гонар якiх спявачка Люба Лявiцкая выканала нямецкiя песнi. Зборы ад продажу квiткоў былi аддадзеныя галадуючым. 26 снежня 1942 году палiцыя зноў запрасiла на канцэрт віленскіх катаў — нямецкiх афiцэраў i іх літоўскіх сяброў. Яўрэi забаўлялi сваіх забойцаў. Арганiзаваная 20 снежня 1942 году Асацыяцыя пiсьменнiкаў, аўтараў i артыстаў гета ставіла сваёй мэтай стымуляванне культурнага жыцця, падтрымку творцаў, публiкацыю твораў жывых i памерлых пiсьменнiкаў. Асацыяцыя правяла шэраг лекцый, чытанняў (напрыклад, прысвечаныя Шалом-Алейхему), ладзiла вечарыны i выставы. 8 лютага 1942 году ў гета была ўтворана асацыяцыя юрыстаў, а праз два дні — Саюз прафесiйных музыкантаў. Прафесiйныя аб’яднанні былi арганiзаваны лекарамі, настаўнiкамi, свой гурток арганізавалі шахматысты. Рэлiгiйныя сiянiсты (мiзрахi) чыталі лекцыi па яўрэйскай гiсторыi. У двух ешыботах гета вывучалiся Тора i Талмуд, планавалася стварэнне хедару (пачатковай рэлігійнай школы для хлопчыкаў). Iдышысцкi i iўрыцкi хары ладзiлi канцэрты. Падлеткi i моладзь стварылi клубы, пры якiх адчынiлiся лiтаратурныя, гiстарычна-культурныя i iншыя гурткi. Акрамя таго ў гета дзейнічалі матэматычны, фiзiчны, хiмiчны, лiнгвiстычны, фiласофскi i iншыя гурткі. Пры хiмiчным гуртку мелася лабараторыя, а пры фiласофскiм — секцыi этнаграфii, этналогii i фальклору. У кастрычнiку 1942 году хімічная лабараторыя наладзiла вытворчасць вiтамiну D, якi разам з вiтамiнам B распаўсюджваўся сярод хворых дзяцей. 26 красавiка 1942 году пад акампанемент сiмфанiчнага аркестру адбылася першая пастаноўка Тэатру вiленскага гета. Пазней адчынiўся лялечны тэатр. Рэцэнзii на тэатральныя пастаноўкі, афiцыйная хроніка i iншыя звесткі змяшчаліся на старонках газэты “Geto-yedies”. У маi 1942 году адчынiлася кнiгарня, што гандлявала галоўным чынам дзiцячымi кнiжкамi. 13 мая таго ж году ў доме Генса адбылося першае паседжанне палiтычнага клубу. Прысутныя слухалi паведамленнi на актуальныя палiтычныя цi нацыянальныя тэмы, пасля чаго адбывалася дыскусiя. У лiпенi 1942-га Генс выступiў з iнiцыятывай заснавання лiтаратурных прэмiяў. Імі былi адзначаныя паэт А. Суцкевер (за паэтычную творчасць) i Г. Крук (за лiтаратуру i журналiстыку). У той самы час пачала сваю дзейнасць група мастакоў, якія меліся ствараць карціны з жыцця Вiленскага гета (фатаграфаваць у гета было забаронена). Канфузам скончыўся 25 жнiўня 1942 году канцэрт, на якi кiраўнiцтва гета запрасiла немцаў i лiтоўцаў. Крук паведамляе, што за 15 хвiлiн да пачатку iмпрэзы палкоўнiк Гестапа загадаў яўрэйскай палiцыi ачысцiць памяшканне ад немцаў (с.346), палiчыўшы, напэўна, што прысутнасць на яўрэйскiм мерапрыемстве ганебная для прадстаўнiкоў “вышэйшай расы”. У красавiку 1943 году кiраўнiцтва гета паспрабавала карэнным чынам змянiць кiрунак культурнай палiтыкi: на думку Генса, усе жыхары гета павiнны былі стаць нацыяналiстамi. Кiраўнiк культурнага аддзелу Леа Бернштэйн запатрабаваў унесцi неабходныя змены ў сiстэму адукацыi: увесці ў якасцi абавязковага прадмету ва ўсiх школах іўрыт, уключыць у спiс прадметаў геаграфiю Палестыны i яўрэйскую гiсторыю, вывучаць Талмуд. Падчас т.зв. “гебраiзацыi” iдышысцкай Вiльнi вырасла колькасць культурных мерапрыемстваў, якiя праводзiлiся на iўрыце. Летам 1942 году Я. Генс арганізаваў спартовую пляцоўку, на якой адбывалiся спаборнiцтвы ў бегу (найлепшыя атлеты былi адзначаны ўзнагародамi — напрыклад, першы прыз склаў кiлаграм цукру), гiмнастыцы, скачках удоўжкі i ўвышкі, спаборнiцтвы ў гандболе, валейболе i футболе. |
Судовая сiстэма Правасуддзе ў Вiленскiм гета чыніў суд, якi складаўся з суддзяў, пракурораў, абаронцаў i сакратароў. За час свайго iснавання суд вынес рашэнні па розных справах — у тым лiку па крадзяжах і забойствах. Суд прысуджаў грашовыя пакараннi, караў вiнаватых арыштамi (у гета iснавала ўласная турма), некалькi разоў выносіў смяротныя прысуды (за забойства). Пазней у гета быў створаны апеляцыйны суд.
Бiблiятэка гета i яе чытачы У вераснi 1941 году Юдэнрат даручыў Г. Круку стварыць на базе заснаванай у 1911 годзе вiленскай “Mefitse Haskalah” бiблiятэку гета. 15 верасня бiблiятэка адчынiлася. Праз год, у вераснi 1942 году Крук падрыхтаваў справаздачу “Бiблiятэка ў гета i чытачы ў гета”. Падчас захопу Вільні немцамі “Mefitse Haskaläh” страцiла каталог i прыкладна пятую частку сваiх фондаў, але ўжо праз месяц працы колькасць выданых чытачам кнiг перавысiла даваенны ўзровень. Паводле звестак на 15 верасня 1942 году, 4700 вязняў Вiленскага гета былі чытачамi бiблiятэкі. Разам з акцыямi знiшчэння бiблiятэка траціла сваiх чытачоў i супрацоўнiкаў. 5 мая 1942 году адчынiла свае дзверы чытальная зала, якая хутка ператварылася ў месца сустрэч iнтэлiгенцыi. Калi большасць чытачоў бiблiятэкі складалi жанчыны, то сярод карыстальнiкаў чытальнай залы дамiнавалi мужчыны. Тут ствараліся навуковыя творы, вяліся дыскусіі, ладзіліся вечарыны. У памяшканні бiблiятэкі бундаўцы збіраліся на нелегальныя сходы, тут адбывалiся паседжаннi FPO. У гета, дзе на кожнага жыхара прыпадала прыкладна 70 см жылой плошчы, чытальная зала стала фактычна адзіным месцам, дзе можна было знайсці спакой, пасядзець у цішыні ва ўтульным крэсле. Крук падкрэслiваў, што ў гета чыталі больш, чым у даваенныя часы. Кнiга стала для вiленскiх яўрэяў наркотыкам, якi дазваляў хоць на хвiлiну забыцца пра рэальнае жыццё з яго страхамі. Не выпадкова пасля кожнай акцыi знішчэння колькасць выданых на рукі кнiг значна ўзрастала. Якая літаратура карысталася попытам у гета? Крук адзначае, што чытачы амаль не звярталіся да сур’ёзнай літаратуры. Жанчыны аддавалі перавагу дэтэктывам польскіх і расійскіх аўтараў, а таксама “жаночым” раманам (напрыклад, “Знесеным ветрам” М. Мiтчэл). Моладзь захаплялi прыгоднiцкiя раманы. У iнтэлігенцыi карысталiся папулярнасцю раманы Ражэ Мартэна, Якаба Васэрмана, Марка Алданава i iншых аўтараў. Сярод чытачоў, якiя аддавалi перавагу сур’ёзнай лiтаратуры, першае месца займала “Вайна i мiр” Л. Талстоя. Не змяншаўся попыт на творы пра вайну — кнiгi Э. М. Рэмарка, Я. Гашака, Э. Заля і інш. З другогу боку, раманы Дастаеўскага, Горкага, Флабэра цi Ралана ўвогуле не знаходзiлi чытача. Не затрымлiвалiся на бiблiятэчных палiцах творы па яўрэйскай гiсторыi (у т.л. па гiсторыi пераследу яўрэяў у Сярэднявеччы), гiстарычныя раманы. Сярод яўрэйскiх аўтараў чытачы аддавалi перавагу творам Шалома Аша i Iзраiля Зангвiля, моладзь ахвотна чытала “Юдэйскую вайну” Язэпа Флавія. Чытач віленскага гета быў пераважна польскамоўным чытачом. 60% выдадзеных кніг было на польскай мове, 20% — на ідышы, 15% — на расійскай мове і толькі 2% — на іўрыце. |
Einsatzstab Reichsleiter Rosenberg: рабаванне вiленскiх яўрэйскiх каштоўнасцяў У лютым 1942 году Крук атрымаў загад ад Штабу Розэнберга стварыць адмысловую рабочую групу для т.зв. праекту “Judenforschung ohne Juden” (вывучэнне яўрэяў без яўрэяў). У яго рамках даследаваліся фонды Yivo, бiблiятэк, музеяў i архiваў Вiльнi, а найбольш каштоўныя матэрыялы вывозіліся ў Германiю. Перад групай быў пастаўлены шэраг канкрэтных задачаў: падрыхтаваць выставу яўрэйскiх i савецкiх кнiг, якая павiнна была пацвердзiць тэзу гебельсаўскай прапаганды пра тоеснасць усяго яўрэйскага i бальшавiцкага; знайсці доказы супольнага паходжання зоркі Давiда i Чырвонай Зоркі; апрацаваць тэму “Антысемiтызм сярод балтыйскiх народаў”; стварыць падрабязную карту Вiльнi з пазначэннем будынкаў, якія належалi яўрэйскай грамадзе, i г.д. У сакавiку 1942 году Крук быў уключаны ў склад рэдакцыйнага камiтэту па стварэнні гiсторыi яўрэяў гета, якую загадала напiсаць вiленскае Гестапа. У тым жа месяцы Крук быў прызначаны кiраўнiком архiву, а ў жнiўнi 1942-га — музэю гета.
Святы ў гета У вiленскiм гета адзначалi розныя святы: юдэйскiя, сацыялiстычныя (камунiсты i бундаўцы i ў гета спраўлялі Першамай), супольныя (Новы Год). Але якiм бы ні было свята, пажаданнi заставалiся аднолькавымi: выжыць, выйсцi з гета, сустрэцца з роднымi i сябрамi, дачакацца мiрнага часу, апавесці свету пра перажытае. Пурым у Вiленскiм гета ў 1942 годзе суправаджаўся шэрагам вечарынаў i iмпрэзаў. На Пасху выдавалі мацу. Адкрытае святкаванне Першамаю было забароненае, але камунiсты i бундаўцы правялi-такі святочнае паседжанне. На яўрэйскi Новы Год — Рош-ха-Шана — малiтоўныя дамы запоўнiлiся вернiкамi. Яшчэ больш людзей было на малiтве Кол-Нiдрэ, з якой пачалося свята Йом-Кiпур. Зялёныя буданы, атрыбут свята Сукот, можна было пабачыць i ў Вiленскiм гета. Святкаванне ў гета Ханукi 3 студзеня 1943 году пачалося з вялiкай iмпрэзы, якую падрыхтавала палiцыя. У першай палове 1943 году ў гета таксама будуць спраўляць святы, а апошнi Пэсах у красавiку 1943 году перасягне мiнулагоднi па размаху i колькасцi мерапрыемстваў.
Забойцы i ахвяры Хронiка гета — гiсторыя катаў i ахвяраў. На старонках дзённiка Крук паказвае “герояў” вайны з яўрэямi: акруговага камiсара Ганса Хiнгста, яго намеснiка па яўрэйскiх справах Франца Мурэра, афiцэраў СС, якiя кiравалi масавымі забойствамі. “Прадстаўнiкi вышэйшай расы” былі не ў стане перамагчы ў вайне i маглі толькі цешыцца перамогай над бяззбройнымi яўрэямi. З другога боку былі тыя, каго “вышэйшая раса” загнала ў гета i метадычна знiшчала з дапамогай лiтоўскiх калабарантаў: старыя, жанчыны, дзецi, яўрэi-каталiкi, яўрэi-праваслаўныя, яўрэi-баптысты, адукаваныя i невукi, багатыя i бедныя, камунiсты i сiянiсты. Усе яны вiнаватыя ў тым, што яны яўрэi, а значыць, i лёс у iх аднолькавы: Панары.
Сусветная супольнасць i знiшчэнне яўрэяў 5 снежня 1942 году Крук ставiць у дзённiку пытанне, а цi ведае сусветная супольнасць пра тое, што адбываецца ў Вiленскiм гета (с.157). На працягу 1942 — пачатку 1943 году ён занатоўвае паведамленнi пра міжнародную рэакцыю на знiшчэнне яўрэяў ва Ўсходняй Еўропе. Сусветная супольнасць пачынае пратэставаць толькi пры канцы 1942 году, калi дажывае апошнiя днi Варшаўскае гета, калi знiшчаныя сотнi гета ў Польшчы, Беларусi, Лiтве, калi шэраг гарадоў i мястэчак ужо абвешчаны “Judenrein”, калi нямецкае вырашэнне “яўрэйскага пытання” ўваходзiць у апошнюю стадыю. Свет нарэшце прачнуўся: cаюзнiкi асудзілi пераслед яўрэяў, лонданскае радыё перадало памiнальную малiтву па забiтых. 14 мая 1943 году аўтар адзначае, што хутка павiнен быць адчынены другi фронт, але чым больш саюзнiкi будуць марудзiць, тым меншымі робяцца шанцы гета на ўратаванне (с.539). |
Чаму яўрэi? Хронiка Вiленскага гета складаецца не толькі з падрабязнага апісання падзеяў, але i iх асэнсавання аўтарам, спробы знайсцi адказ на пытанне, чаму яўрэйскi народ перажывае трагедыю, адшукаць параўнанні i аналогiі ў гiсторыi. Крук параўноўвае Гiтлера з егiпецкiм фараонам (5 лютага 1942 году), узгадвае крыжовыя паходы (15 студзеня 1942-га), пагромы ў Польшчы i на Ўкраiне ў 1910-х—1920-х, але не знаходзiць адказаў на пытанне.
1943: знiшчэнне Вiленскага гета Нягледзячы на чуткi пра хуткае знiшчэнне гета, што актыўна распаўсюджвалiся ў першыя месяцы 1943 году, Генс заклiкаў вязняў сумленна працаваць. Ён быў упэўнены, што гэта адзiная магчымасць падоўжыць iснаванне Вiленскага гета. 30 студзеня 1943 году Крук пазначыў, што адбылася размова памiж новым кiраўнiком Вiленскага Гестапа Рольфам Нойгебауэрам (Neugebauer) i Генсам. Першы запэўнiў, што пасля перамогi Германii ў вайне яўрэi атрымаюць недзе ў свеце свой “куток” (“a corner of the world somewhere”), на якiм змогуць жыць. У выпадку нямецкай паразы яўрэяў, паводле Нойгебаўэра, чакае знiшчэнне. Генс не здолеў супакоiць гета. Апошнiя надзеi ў яго насельнікаў знiклi 5 красавiка 1943 году, калi ў Панарах былi расстраляныя больш за 4000 яўрэяў з Ашмянаў, Мiхалiшкаў, Свянцянаў, Смаргонi i iншых мястэчкаў. Пасля гэтай акцыi ў гета ўспыхнула панiка, яго насельнікі кінулі працаваць, бо зразумелi, што іх хутка будуць знiшчаць. Моладзь накiравался ў лясы. Напрыклад паўстанцаў Варшаўскага гета арганізацыя FPO пачала рыхтавацца да ўзброенага супрацiву. 16 красавiка 1943 году некалькi вышэйшых афiцэраў Гестапа ўвайшлi на тэрыторыю гета i запатрабавалi выдаць дзiця, якое яўрэi нiбыта скралi ў жонкi аднаго з іпацiнгаў, каб потым забiць. Гестапаўцы запатрабавалi ад кiраўнiцтва гета афiцыйных тлумачэнняў i пагражалi жорсткiм пакараннем. Праз некаторы час дзiця было знойдзена па-за межамi гета. FPO актыўна назапашвала зброю, яе сябры наладзiлi цесную сувязь з партызанскiмi фармаваннямi ў навакольных лясах. Якаў Генс, якi лiчыў, што акцыi FPO ставяць пад пагрозу існаванне гета, загадаў палiцыi распачаць канфiскацыю зброi. У чэрвенi FPO прыняла рашэнне выступiць супраць палiцыi, калi вышук зброi i арышты сяброў арганiзацыi не будуць спыненыя. 12 чэрвеня сябар FPO застрэлiў палiцэйскага. У адказ Генс асабiста расстраляў забойцу. 28 чэрвеня Генс пазбавiў сяброў FPO усiх кiраўнічых пасадаў у гета. 13 лiпеня ён iзноў запэўнiў насельніцтва, што гета нiчога не пагражае. А на наступны дзень Герман Крук спыніў свой віленскі дзённiк. 15 лiпеня палiцыя арыштавала лiдэра FPO Iцыка Вiтэнберга. Партызанская арганiзацыя адбіла яго ў палiцыі. СС запатрабавала яго выдаць назад i прыгразiла знiшчыць гета ў выпадку адмовы. Вiтэнберг здаўся i зрабіў сабе смерць. 4 i 24 жнiўня, 2, 4, а таксама 23 i 24 верасня 2500 яўрэяў былi накiраваны ў працоўны лагер Вiльнi, каля 3700 чалавек — у працоўныя лагеры ў Эстонiю i Латвiю, а астатнiя — на смерць у Панары i Сабiбор. Заклiк FPO да ўзброенага супрацiву быў фактычна праiгнараваны, але большасць сяброў партызанскай арганiзацыi здолела ўцячы ў лес i далучыцца да партызанскiх фармаванняў. 14 верасня Якаў Генс, iмкнучыся выратаваць гета, здаўся Гестапа i ў той жа дзень быў расстраляны. 24 верасня 1943 году вiленскае гета спынiла сваё iснаванне. Калі 13 лiпеня 1944 году Чырвоная Армiя вызвалiла Вiльню, выявілася, што толькi 2000—3000 вiленскiх яўрэяў здолелi перажыць Катастрофу. Сам Г. Крук трапiў у эстонскiя лагеры Клоога i Лагеды, дзе працягваў весцi свае запiсы. Ён не дажыў толькi адзiн дзень да вызвалення. 18 верасня 1944 году нацысты спалiлi яго разам з iншымi вязнямi лагеру Лагеды.
Публiкацыi Дзённiка У 1961 годзе хронiка была ўпершыню апублiкаваная на iдыш (Togbukh fun Vilner Geto). Праз тры гады былы вязень Вiленскага гета i актыўны ўдзельнік FPO Аба Коўнэр выдаў дзённiк на іўрыце. Пабудаваная на дзённiку Крука п’еса “Гета” (1984) прынесла iзраiльскаму драматургу Iошуа Собалю сусветную вядомасць.
Гісторыя Германа Крука — гэта гiсторыя чалавека, якi, страцiўшы ўсё — родных, сяброў, надзею, усвядомiў, што павiнен данесцi да людзей пабачанае, пачутае і перажытае. Ён не пiсаў для таго, каб выжыць, а выжываў для таго, каб пiсаць, каб свет даведаўся пра яго асабiстую трагедыю, пра трагедыю тысячаў вязняў Вiленскага i iншых гета, каб пачуў iмёны забойцаў i не забыўся пра ахвяраў. Тое, што мы ведаем праўду пра жахлiвую гiсторыю знiшчэння віленскіх яўрэяў, — заслуга Германа Крука. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (28) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Элы Мацьвіенкі |