A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (28) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АНДРЭЙ КАТЛЯРЧУК | |||||
|
Андрэй Катлярчук
|
(нар. у 1968) — гісторык, дасьледчык Школы балтыйскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў (BEEGS) унівэрсытэту Паўднёвага Стакгольму. Апублікаваў сёлета на старонках “ARCHE” рэцэнзію на кнігу выкладчыка Ельскага ўнівэрсытэту (ЗША) Цімаці Снайдэра “The Reconstruction of Nations. Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus 1569—1999”. 1 Savage, John. An Ancient and present state of Poland. London, 1697; Connor, Bernard. The history of Poland. London, 1698; Tende, Gaspard. An account of Poland. London, 1698. 2 Żaba, Napoleon. Two lectures on the history of Poland, from the earliest period to the present time. London, 1837. 107 p. 3 Fletcher, James. The history of Poland. From the earliest period to the present time. New York, 1859. 339 p. 4 Halecki, Oskar. A history of Poland. London, 1955. 359 p; Davies, Norman. God’s playground: a history of Poland in two volumes. Volume 1. From the origins to 1795. Oxford, 1981. 605 p.; The Cambridge history of Poland. Volume 1. From the origins to Sobieski (1696). Cambridge: Univ. Press, 1950. 607 p. 5 Arnold, Stanisław. Outline history of Poland: from the beginning of the state to the present time. Warsaw, 1962. 245 p.; Gieysztor, Aleksander. History of Poland. Warsaw, 1979. 668 p.; Topolski, Jerzy. An outline history of Poland. Warsaw, 1986. 315 p. 6 Lukowski, Jerzy. Liberty’s folly: the Polish-Lithuanian commonwealth in the eighteenth century, 1697—1795. London, 1991. 316 p.; Sikorski, Radek. The Polish house: an intimate history of Poland. London, 1997. 245 p.; Biskupski, Mieczysław. The history of Poland. Westport: Greenwood, 2000; Davies, Norman. Heart of Europe: the past in Poland’s present. Oxford, New York: Oxford University Press, 2001. 483 p. (папраўленае выданьне); Lukowski, Jerzy. Zawadzki, Hubert. A concise history of Poland. Cambridge: Cambridge University Press, 2001. 317 p. 7 Гл.: Stone, Daniel. Polish politics and national reform, 1775—1788. Boulder: East European quarterly, 1976. 122 p. |
Ідэі аўтара наконт характару ВКЛ значна больш шаблённыя: “Ад пачатку ВКЛ складалася зь дзьвюх этнічных супольнасьцяў і дзьвюх палітычных сыстэмаў: Літвы і Русі. Ліцьвіны гаварылі на балцкай мове, мелі ўласныя традыцыі і завядзёнкі. Літоўская шляхта атрымала маёнткі ў эканамічна больш разьвітай Беларусі, дзе яна асымілявалася ды згубіла літоўскую сьвядомасьць”. Падобныя працэсы йшлі і ў адваротным кірунку. Русінская шляхта атрымлівала маёнткі ў этнічнай балцкай частцы дзяржавы і таксама асымілявалася ў неславянскім асяродзьдзі: напрыклад, сям’я князёў Пузынаў, якая атабарылася ўва Ўпіцкім павеце. На думку аўтара, “ВКЛ было адкрытаю дзяржавай, якая адаптавала традыцыі, законы і адміністрацыйную сыстэму Русі, карысталася русінскаю мовай у дзяржаўных дакумэнтах”. Думаецца, што гэты папулярны штамп навеяны літоўскай гістарыяграфіяй. Што значыць “адаптавала”, калі гаворка ідзе пра дзяржаву дзьвюх палітычных элітаў, якія паступова і не без праблемаў рухаліся да сынтэзу? Высновы Стоўна што да характару ВКЛ застаюцца палавіністымі, бо ён выкарыстоўвае адначасова дзьве супрацьлеглыя канцэпцыі. Паводле першай зь іх, “русіны” ўплывалі на станаўленьне дзяржавы толькі як дэмаграфічная ды культурная сіла. Акурат гэтую канцэпцыю падзяляюць літоўскія і большасьць польскіх гісторыкаў. Што да сучасных беларускіх гісторыкаў (Генадзя Сагановіча, Вячаслава Насевіча, Васіля Вароніна, Алеся Краўцэвіча), дык яны пасьлядоўна глядзяць на ВКЛ як на дзяржаву, палітыку якой ад пачатку вызначалі таксама русіны, якія нароўні з балтамі ўваходзілі ў палітычна-вайсковую эліту краіны. Застаецца пашкадаваць, што большасьць працаў беларускіх гісторыкаў, прысьвечаных гэтай праблеме, зьявілася зусім нядаўна, і да таго ж ніводная зь іх не перакладзеная на ангельскую мову. Далей Стоўн сьцьвярджае, што “русіны вызнавалі праваслаўе, таму шмат хто зь літоўскіх князёў прыняў гэтую веру”, але не тлумачыць, які быў у гэтым сэнс. Між тым, гэта дазваляла здабыць Гедымінавічам у часы стварэньня дзяржавы палітычную падтрымку праваслаўнай русінскай шляхты. Тамсама гаворыцца, што вялікія князі балцкага паходжаньня эфэктыўна кантралявалі “намінальна аўтаномныя княствы, узначаленыя славянскімі князямі”. Але які быў мэханізм гэтага кантролю? Што атрымала і што страціла русінскае баярства ў ВКЛ? Аўтар не дае яснага адказу, магчыма, таму, што гэтая тэма дагэтуль нераспрацаваная ў беларускай гістарыяграфіі. |
У частцы “Этнічныя сьвядомасьці ў ВКЛ” (б. 11—14) Стоўн імкнецца патлумачыць этнічнае мінулае нашага краю. Працытуем колькі фрагмэнтаў, каб потым пракамэнтаваць іх: “Унія з Польшчай абараніла літоўскую шляхту ВКЛ ад распушчэньня ў колькасна большай і лепш адукаванай русінскай шляхце… Літоўскія князі карысталіся рознымі мовамі: літоўскай, польскай, русінскай, лацінскай, нямецкай… Праваслаўны русінскі кампанэнт ВКЛ граў важную, але другарадную ролю… дэмаграфічнага, эканамічнага і культурнага чыньніка… Праваслаўныя магнаты, у адрозьненьне ад праваслаўных уладыкаў, засядалі ў сойме ВКЛ... ВКЛ адаптавала русінскае права. Ураднікі карысталіся канцылярскай русінскай моваю (Chancery Ruthenian language), якая адрозьнівалася ад маскоўскай. Таксама ВКЛ запазычыла русінскую традыцыю пабудовы абарончых фартэцыяў ды тактыку штурму абарончых умацаваньняў. Вялікім князём літоўскім была патрэбная Русь, таму ня толькі Гедымінавічы, але й Рурыкавічы атрымалі ўсе палітычныя правы. Князі Мсьціслаўскія й Заслаўскія дамінавалі на ўсходзе Беларусі, атрымаўшы роўныя [зь літоўскімі баярамі] эканамічныя правы… Вялікія князі фундавалі праваслаўную царкву… Аднак царква была пад кантролем, а каталіцтва стала дзяржаўнай рэлігіяй. Таму праваслаўныя мітрапаліты выбралі пасьля Кіева сваёй сядзібай Уладзімір й Маскву. У 1415 годзе Вітаўт стварыў для ВКЛ асобную мітраполію як інструмэнт літоўскай палітычнай улады. Ён падтрымліваў праваслаўныя школы ў Смаленску й Вільні. Праваслаўныя кніжнікі лічылі яго нашчадкам князёў Русі. Але нягледзячы на ўжываньне тытулу вялікага князя, запазычанага з тытулятуры Кіеўскай Русі, ён (Вітаўт. — Аўт.) не плянаваў стварыць вялікай Русінскай дзяржавы, а імкнуўся толькі да таго, каб падбіць русінскія землі пад Літву”. Гэтыя развагі, на першы погляд, пярэчаць клясычнай літоўскай гістарыяграфіі, якая схільная адмаўляць ролю русінскага этнасу ў палітычным разьвіцьці ВКЛ. Але за апошнія дзесяць гадоў літоўскія гісторыкі адкарэктавалі ранейшы пункт гледжаньня. Ігнараваць факты, асабліва ў працах, прызначаных для замежнага чытача, стала немагчыма. Зьвесткі пра русінаў ВКЛ падаюцца, але так, каб зарэтушаваць і прынізіць іх палітычную ролю. Напрыклад, у акадэмічнай англамоўнай гісторыі ВКЛ прызнаецца, што палітычная нацыя ВКЛ складалася зь літоўскай (летувіскай) і беларускай шляхты8. Але адначасова сьцьвярджаецца, што беларуская шляхта грала другарадную ролю, насяляючы памежныя абшары дзяржавы9. Невядома тады, на “якую мяжу” сьпісаць наваградзкую, менскую ці слуцкую шляхту, кашталяна віленскага Канстанціна Астроскага або праваслаўны да канца XVII стагодзьдзя клан князёў Агінскіх, які палітычна дамінаваў у Троцкім павеце, бо меў там свае маёнткі. Нягледзячы на арыгінальныя думкі пра характар Крэўскай уніі з Польшчай і запазычаньне ліцьвінамі вайсковых прыёмаў русінаў, Стоўн у цэлым тлумачыць балянс этнічных сілаў ВКЛ у духу сучаснай літоўскай (у англамоўнай, накіраванай на замежжа вэрсіі) гістарыяграфіі. Пры гэтым ён гаворыць пра існаваньне розных моваў у Вялікім Княстве, але не вызначае памераў іх ужываньня. Між тым, акурат русінская (старабеларуская) мова панавала ў ВКЛ да сярэдзіны XVI стагодзьдзя. Няма дакладных лічбаў, але мы ня зьдзівімся, калі нехта з гісторыкаў давядзе, што з 1250 да 1550 году на старабеларускай мове было напісана 80% афіцыйных лістоў канцылярыі ВКЛ. Амаль усё астатняе было па-лацінску. Польская мова ў той час амаль што не выкарыстоўвалася, нямецкая ды арабская — вельмі спарадычна. Што да літоўскай, дык захаваліся ўнікальныя адзінкі, якія сьведчаць пра блізкі да нуля памер яе ўжываньня ў дзяржаўным справаводзтве. Тым самым, паўтараючы клясычны літоўскі тэзыс пра шэраг розных моваў дзяржаўнага апарату ВКЛ, Стоўн некрытычна прымае канцэпцыю нашых паўночна-заходніх суседзяў, скіраваную на тое, каб прыменшыць ролю беларускага этнічнага элемэнту. |
8 Kiaupa, Zugmantas. Kiapienė, Jūratė. Kuncevicius, Albinas. The history of Lithuania before 1795. Vilnius, 2000. P.266, 298—299, 303. Зьдзіўляе блытаніна літоўскіх гісторыкаў з назваю гэтай шляхты ды яе мовы. У кнізе выкарыстоўваюцца тры розныя паняцьці (расейская, беларуская, заходнерасейская). Невядома куды зьнікла жмудзкая шляхта — трэці этнічны элемэнт палітычнай нацыі ВКЛ згодна з Статутам 1566 і 1588 гадоў. Гл.: Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Менск, 1989. С.118; Статут Великого княжества Литовского. Временник Императорского Московского общества истории и древностей российских. Москва, 1855. Книга 23. Отдел II. С.217—218. 9 Ibid. P.265. |
Што да праваслаўя ў ВКЛ, то барацьба, і барацьба пасьпяховая, за асобную “вялікалітоўскую” мітраполію пачалася задоўга да часоў Вітаўта вялікім князем Альгердам10. Мітрапаліт Кіеўскі і Літоўскі (абавязкова шляхціц паходжаньнем) меў сядзібы ў Наваградку й Вільні і адыгрываў важную ролю ў палітычным жыцьці дзяржавы. Сапраўды, праваслаўныя ўладыкі не былі сталымі сябрамі сойму ВКЛ, але вядома, што яны бралі ўдзел у ягоных паседжаньнях. Ацэнка палітыкі Вітаўта як пралітоўскай (у этнічным сэнсе) таксама спрэчная. Факты, наадварот, сьведчаць пра яго спробу злучыць наноў падзеленыя ўсходнеславянскія княствы ў адно магутнае цэнтралізаванае каралеўства, у якім палітычныя правы належалі б шляхце русінскага ды балцкага паходжаньня. Старабеларускія князі эканамічна і палітычна дамінавалі ў Полацкай ды Віцебскай землях, Слуцкім і Друцкім княствах, іншых абшарах Вялікага Княства. Толькі Троцкае і Віленскае ваяводзтвы зь зьмяшаным балта-славянскім насельніцтвам цалкам кантраляваліся балцкай элітай. Ужо грамадзянская вайна 1430-х, разьвязаная Сьвідрыгайлам, выявіла вялізарныя амбіцыі і дзяржаўны ўплыў русінскай эліты. У 1456 і 1461 гадох паны-рада ВКЛ нават абмяркоўвалі магчымасьць абраньня асобнага вялікага князя (Казімер Ягайлавіч, як вядома, быў таксама каралём польскім). Абодва разы кандыдатам на пасаду вялікага князя літоўскага быў праваслаўны слуцкі князь Сямён Алелькавіч. Апрача гэтага, выхадцы з праваслаўнага баярства займалі пазыцыі цэнтральных ураднікаў ВКЛ, як, напрыклад, пісар гаспадарскі Іван Сапега ці маршалак дворны літоўскі Міхаіл Глінскі. На пачатку XVI ст. праваслаўныя радзіны значна пашыраюць свой уплыў у цэнтральным апараце дзяржавы. Пэўную ўвагу Стоўн надае паўстаньню 1508 году на чале зь Міхаілам Глінскім (б. 25—26). Аўтар зазначае, што яго лідэр быў “праваслаўным літоўскім магнатам мангольскага паходжаньня”, а падчас паўстаньня хадзілі чуткі, што “Глінскі хоча стаць вялікім князем адноўленай Кіеўскай Русі”. Згодна зь легендай, адзін з продкаў Міхаіла Глінскага хан Мансур-Кіят нібыта пераехаў на службу ў ВКЛ за часамі Вітаўта. Прадзед Міхаіла Глінскага праваслаўны князь Іван Глінскі згадваецца ў гістарычных крыніцах 1398 году. З увагі на тое, што Міхаіл Глінскі рэпрэзэнтаваў чацьвертае пакаленьне насельнікаў ВКЛ, думаецца, што ён хутчэй быў тыповым прадстаўніком тагачаснай русінскай эліты. Яго мангольскае паходжаньне, бадай, трэба ўважаць генэалягічнай легендай11. Наступныя цікавыя для нас часткі маюць назвы “Літоўская дзяржава й сьвядомасьць” (б. 44—45) і “Эвалюцыя русінскай шляхты” (б. 45—46). Тут сьцьвярджаецца, што “пры канцы XVI ст. незалежнасьць ВКЛ аслабла ў выніку росту эканамічнай і мілітарнай магутнасьці Польшчы”. Ня маючы нічога супраць гэтай думкі, зазначым, што галоўнай прычынай крызысу ВКЛ была сталая агрэсія Маскоўшчыны, у прыватнасьці акупацыя ў 1562 годзе Полацкай зямлі — палітычна важнай і эканамічна заможнай часткі дзяржавы. Далей слушна гаворыцца, што польская эліта кіравалася ўласнымі інтарэсамі і што, “нягледзячы на польскі ўплыў, ВКЛ захоўвала ўласныя палітычныя інстытуты”. Аўтар зазначае, што Статут ВКЛ 1529 году быў напісаны русінскай мовай. Удакладнім, што русінскай (старабеларускай) мовай былі напісаныя таксама ранейшыя за 1529 год помнікі канстытуцыйнага права ВКЛ, а пазьней і Статуты 1566 і 1588 гг. Разглядаючы становішча русінскай шляхты ВКЛ у XVI ст., Стоўн прыводзіць малавядомы прыклад, што сьведчыць пра крызу цэнтральнай улады ВКЛ: “Падляшша, якое заставалася часткай ВКЛ, ужо ў 1566 годзе перайшло на польскае права. Лаціна зрабілася афіцыйнай мовай. Ужо ў 1560 годзе падляская шляхта папрасіла канцылярыю ВКЛ (! — Аўт.) ліставацца зь ёй на польскай мове альбо лаціне, толькі не па-русінску” (б. 46). У разьдзельчыку “Друк на іншых мовах” (б. 107—108) гаворка ідзе перш-наперш пра літоўскія публікацыі. У сваім паведамленьні пра першую кніжку літоўскай мовай Марціна Мажвідаса, выдадзеную ў 1547 годзе, Стоўн ня робіць акцэнту на тым, што гэтае выданьне пабачыла сьвет на тэрыторыі тагачаснага васалу Польшчы Прусіі, якая ніколі не была часткай ВКЛ. Прыводзяцца зьвесткі аб тым, што літоўская інтэлектуальная эліта ВКЛ канца XVI — пачатку XVII ст. (Мікалаюс Даўкша, Мельхіёр Гедройц і г.д.) сваімі тэкстамі мацавала літоўскую этнічную сьвядомасьць, заклікаючы бараніць літоўскую мову ад яе выцясьненьня польскай. Тое ж, што ў гэты самы час русінскія інтэлектуалы ВКЛ таксама стваралі падобныя тэксты, скіраваныя да русінскай шляхты ВКЛ12, Стоўну невядома — відаць, перадусім дзеля адсутнасьці адпаведных публікацыяў на заходніх мовах. На старонцы 108 ёсьць згадка, што “на вельмі кароткі час у 1525 годзе адчынілася друкарня ў Вільні”. На жаль, гэта адзінае ў кнізе ўскоснае сьведчаньне пра Францішка Скарыну. Імя першадрукара й найбуйнейшага гуманіста Літвы й Беларусі ў Стоўнавай манаграфіі адсутнічае. Няма ў ёй нічога і пра выданьне Лявом Сапегам беларускамоўнага Статуту 1588 году, і пра патрыятычныя словы канцлера пра русінскую мову. Як няма і іншых зьвестак пра “залаты век” старабеларускай культуры. |
10 Giedroyc, M. The Ruthenian-Lithuanian Metropolitanates and the Progress of Christianization (1300—1458). Le Origini e lo sviluppo della christianita Slavo-bizantina. Roma, 1992. P.315—342. 11 У беларускай савецкай гістарыяграфіі для пазначэньня качэўнікаў з Усходу ўжываецца тэрмін “татары” альбо “мангола-татары”. Усьлед за сусьветнай гістарыяграфіяй мы выкарыстоўваем больш карэктнае навуковае паняцьце “манголы”. 12 Абмяжуемся імёнамі полацкага шляхціца-пратэстанта Васіля Цяпінскага, аўтара патрыятычнай праграмы ратаваньня роднай мовы ад палянізацыі ў прадмове да першага беларускамоўнага выданьня Новага Запавету (ля 1580 году), а таксама шляхціца Яна Казімера Пашкевіча зь ягоным панэгірыкам беларускай мове (1617 год) як вызначальнай мове Літвы (насуперак польскай у Польшчы), занатаваным аўтарам на палёх беларускамоўнага выданьня Статуту ВКЛ. |
Старонкі 137—139 прысьвечаныя Берасьцейскай уніі 1596 году. На думку аўтара, хоць шмат праваслаўнай шляхты і месьцічаў адмовіліся прызнаць гэтую унію, яна вырашыла ўнутраныя праблемы царквы, бо русіны атрымалі новыя генэрацыі адукаванага сьвятарства. У адрозьненьне ад клясычнай польскай гістарыяграфіі, якая, апісваючы падзеі ўнійнай вайны XVII ст., зазвычай гаворыць толькі пра ўдзел у ёй праваслаўных месьцічаў, Стоўн слушна падкрэсьлівае таксама заангажаванасьць праваслаўнай шляхты. Чаму ж значная частка некаталіцкай шляхты ВКЛ не падтрымала уніі? Як вядома, некаторыя магнаты (такія, як Хадкевічы ці Палубінскія) адразу навярнуліся да каталіцтва, іншыя (слуцка-біржанскія Радзівілы, Статкевічы, Агінскія, Мяшчэрскія, Мірскія, Пузыны) захоўвалі вернасьць пратэстанцтву і нелегальнаму (да 1632 году) праваслаўю. Яснага адказу на гэтае фундамэнтальнае пытаньне ў сынтэзе Стоўна, напісаным на падставе ўжо назапашаных крыніц ды апублікаваных прац, няма, бо ў гістарыяграфіі бракуе спэцыяльнага дасьледаваньня гэтае тэмы. У разьдзеле “Адам Кісель і русінскае пытаньне” (б. 156—158), грунтуючыся на англамоўнай манаграфіі канадзкага гісторыка ўкраінскага паходжаньня Франка Сысіна13, аўтар апавядае пра лёс аднаго з апошніх праваслаўных сэнатараў Кароны ад Украіны, кашталяна кіеўскага і пазьней ваяводы чарнігаўскага Адама Кісяля (1600—1653). Русінская сьвядомасьць, гордасьць за мінуўшчыну Русі і сваё няпольскае паходжаньне не перашкодзіла Кісялю дасягнуць найвышэйшых пасадаў РП. Тым ня менш, русінская этнічнасьць стварала дылему для яго палітычнай дзейнасьці, якая прыпала на часы “патопу” — вядомага канфлікту паміж дзьвюма палітычнымі элітамі тагачаснай Украіны: шляхтай і казацтвам. Кісялёў прыклад як найлепш дэманструе важнае месца ўкраінцаў-русінаў у гісторыі элітаў РП, а таму вельмі важны для ўкраінскай гістарыяграфіі. Татальная адсутнасьць працаў пра беларускіх праваслаўных магнатаў ВКЛ XVII ст. не дазволіла Стоўну выявіць на беларускім матэрыяле гэты важны для нас аспэкт гісторыі РП. Між тым два магутныя кланы ВКЛ — князі Агінскія й Статкевічы — захоўвалі русінскую сьвядомасьць да канца XVII ст. Старабеларускія кніжнікі лічылі іх “стаўпамі рускай веры”. У моцна спалянізаваным асяродзьдзі магнатаў і шляхты ВКЛ XVII ст. прадстаўнікі гэтых родаў адназначна ўспрымаліся як “русіны”14. Толькі брутальныя войны сярэдзіны XVII ст. зьмянілі іх лёс, а разам з гэтым паклалі канец іх старабеларускай (выразна адрознай ад “польскай” ці “літоўскай”) сьвядомасьці. Напрыклад, праваслаўны сэнатар, кашталян Наваградку Самуэль Статкевіч (†1660) супрацоўнічаў з расейцамі, падчас акупацыі Літвы ў 1655 годзе склаў прысягу маскоўскаму цару. За гэта кароль Ян Казімер абвясьціў яго здраднікам і пазбавіў яго ўсіх “маёнткаў у Літве й на Русі”. Іншы Статкевіч, кашталяніч наваградзкі Міхал (†1656), як пасол Мсьціслаўскага ваяводзтва падпісаў генэральную канфэдэрацыю РП 1648 году з патрабаваньнем абароны “ўсходняй грэцкай веры”, а ў 1654 годзе добраахвотна супрацоўнічаў з Багданам Хмяльніцкім. Ягоная сястра Алена Статкевіч была жонкаю генэральнага пісара Ўкраінскага гетманату, вызначальніка тагачаснай замежнай палітыкі Ўкраіны Івана Выгоўскага. Міхал Статкевіч таксама быў абвешчаны здраднікам. З расейцамі супрацоўнічаў і клан Агінскіх. У выніку пасьля вайны і перамогі РП праваслаўе сярод яе эліт канчаткова дыскрэдытавала сябе як здрадніцкая вера. Апошнія праваслаўныя шляхцічы хутка навярнуліся на каталіцтва і спалянізаваліся. Іх новая нацыянальная сьвядомасьць, дарэчы, ніяк не аcпрэчвала іх русінскага паходжаньня (“gente Lithuanus (Ruthenus), natione Polonus”). Апошні праваслаўны сэнатар РП Аляксандар Агінскі памёр у 1667-м. Ягоны сын, князь Марцыян Агінскі, каб атрымаць сэнатарскую пасаду, быў вымушаны прыняць у 1669 годзе каталіцтва. Але й пасьля гэтага ён працягваў дапамагаць праваслаўнай царкве, ганарыўся слаўнай мінуўшчынай Русі15. Пра гэта сьведчыць інтэрмэдыя “На Гербоўную Браму Яснавяльможнага Ягамосьця Пана Канцлера”, пастаўленая навучэнцамі езуіцкай калегіі ў Менску ў 1689 годзе з нагоды прыезду Марцыяна Агінскага. Акурат ад “Глеба і Барыса, княжат рускіх, мучанікаў Хрыстовых”, па простай лініі, як сьцьвярджалася ў інтэрмэдыі, паходзяць князі Агінскія, а іх герб ня што іншае, як родавы герб, успадкаваны імі ад сьвятых князёў16. На жаль, гэтых фактаў і імёнаў у працы Стоўна няма. Значыцца, постаці праваслаўных беларускіх магнатаў патрабуюць сур’ёзнага дасьледаваньня, у тым ліку заходнімі гістарыёграфамі. Толькі так можна навукова давесьці хібнасьць паноўных у сусьветнай гістарыяграфіі дагматычных поглядаў на ролю продкаў беларусаў у гісторыі ВКЛ і РП. |
13 Sysyn, Frank. Between Poland and the Ukraine: the dilemma of Adam Kysil, 1600—1653. Cambridge, Mass.: Harvard Ukrainian Research Institute, 1985. 14 Галенченко, Григорий. “Шляхетская демократия” в Великом княжестве Литовском XVI—XVIII вв. // Белоруссия и Россия: общества и государства. Москва, 1998. 15 Lulewicz, Henrik. Skład wyznaniowy senatorów świeckich Wielkiego Księstwa Litewskiego za panowania Wazów // Przegląd Historyczny. 1977. T.LXVIII, Z.3. S.443. 16 Гл: Марзалюк, Ігар. Гістарычная самаідэнтычнасць насельніцтва Беларусі ў XI—XVII стст. // Беларускі гістарычны альманах. 2000. Т.5. |
Нацыяналістычна-аматарскі дыскурс ВКЛ як беларускага гаспадарства — гэта таксама тупіковы шлях. Насамрэч ВКЛ было палітычным утварэньнем эліты трох этнічных супольнасьцяў: літоўскай, русінскай і жмудзкай17. У сярэдзіне XIX — пачатку XX ст. мясцовыя нацыянальныя рухі на грунце адзінай гістарычнай традыцыі ВКЛ ды на розных этнічных асновах — балцкай і ўсходнеславянскай — запачаткавалі два мадэрныя нацыянальныя праекты: беларускі і літоўскі. Нашчадкі гістарычных ліцьвінаў (шляхты літоўскага, русінскага ці жмудзкага паходжаньня), маючы на добры лад роўныя правы на палітычную спадчыну ВКЛ, бралі чынны ўдзел у іх рэалізацыі. У разьдзеле “Праваслаўнае адраджэньне і русінская нацыянальная сьвядомасьць” (б. 225—229) шмат арыгінальных роздумаў пра лёс русінаў у XVII ст. Згодна з аўтарам, Люблінская унія 1569 году стварыла выразны падзел паміж русінскай шляхтай Літвы і Ўкраіны, якая зьмяшалася з польскай шляхтай, засвоіла польскія культурныя традыцыі і тым самым займела адрозную ад старабеларускай сьвядомасьць: “Адрыў ад праваслаўнай Беларусі... стварыў базыс для разьвіцьця асобнай украінскай сьвядомасьці, якая адрозьнівалася ад супольнай русінскай этнічнасьці”. Стоўн падмацоўвае гэтую тэзу прыкладамі, што грунтуюцца на ўкраінскіх рэаліях, а таксама трымаецца спрэчнай тэзы ўкраінскай гістарыяграфіі, згодна зь якой цэнтар праваслаўнай культуры на пачатку XVII ст. пасоўваецца зь Вільні да Кіева. Не аспрэчваючы важнасьці Кіева, Пятра Магілы і праваслаўнага калегіюму, зазначым, што гэта не зусім так. Да войнаў сярэдзіны XVII ст. і свайго зруйнаваньня Вільня нароўні з Кіевам заставалася цэнтрам праваслаўнага адраджэньня, местам, дзе, згодна з статыстыкай, была надрукаваная большасьць кніг на старабеларускай мове, дзе пры актыўным удзеле шляхты і месьцічаў дзейнічала праваслаўнае брацтва, дзе вучыліся, жылі й працавалі русінскія асьветнікі, у тым ліку ўкраінскага паходжаньня. На жаль, навуковага дасьледаваньня гэтай супэрважнай тэмы няма. Таму прычынаю адсутнасьці ў тэксьце Стоўна аспэкту праваслаўнага адраджэньня XVII ст. у ВКЛ ёсьць не яго недагляд, але крыза й слабасьць сучаснай беларускай гістарыяграфіі. Разам з тым працы беластоцкага гісторыка праваслаўнай царквы Антона Мірановіча ды пецярбурскага гісторыка кніжнай культуры ВКЛ Міколы Нікалаева паказваюць, што зрухі да лепшага ёсьць. Расчаравала частка “Асьветніцтва ў Літве” (б. 328—329). Аўтар імкнуўся паказаць гэты рух на прыкладзе трох мясцовых культураў: польскай, літоўскай і старабеларускай — і пачаў з таго, што на працягу стагодзьдзяў “літоўская мова ня мела аніякага ўплыву на шляхту ВКЛ, якая карысталася русінскай (беларускай) мовай”. У 1697 годзе спалянізаваная за постлюблінскі пэрыяд літоўская шляхта пайшла на татальную замену ў справаводзтве старабеларускай мовы польскай. Прычынай гэтага, апроч павольнае палянізацыі шляхты, быў паваенны заняпад кірылічнай пісьмовай культуры і школьнай адукацыі. У часе маскоўскай навалы 1654—1667 гг. усе цэнтры праваслаўнай і ўніяцкай культуры былі або зрабаваныя, або зруйнаваныя. Пісьменная частка беларускага насельніцтва панесла вялізныя страты як палеглымі, так і вывезенымі ўглыбкі Маскоўшчыны. Шляхта зрабілася амаль татальна каталіцкай і зьнеахвочанай у адраджэньні асяродкаў праваслаўнай культуры. Аднак там, дзе яны захаваліся, назіраецца працяг старабеларускай традыцыі. Напрыклад, у Магілёве яшчэ ў 1709 годзе магістрацкія кнігі пісаліся па-беларуску кірыліцай. Заўважым, што і па 1697 годзе кожны шляхціц-ураднік ВКЛ мусіў добра ведаць кірыліцу і беларускую мову, бо тэксты, напісаныя на ёй, як і раней, мусілі цытавацца і перапісвацца на мове арыгіналу. Хоць Стоўн правільна характарызуе польскамоўную культуру ВКЛ як “польскамоўную літоўскую культуру”, прыведзеныя ім шматлікія прыклады адраджэньня літоўскай культуры ў XVIII ст. ня маюць навуковага сэнсу, паколькі не датычаць гісторыі ўласна Рэчы Паспалітай XVIII ст. Аўтар некрытычна паставіўся да схемаў літоўскіх гісторыкаў і ўсьлед за імі для абгрунтаваньня літоўскай культурнай прысутнасьці ў РП ужывае факты зь літоўскай культуры Прусіі, якая ад 1657 году была незалежным ад РП гаспадарствам. Таму агляд гэтай культуры ня мае дачыненьня да заяўленага зьместу й назвы манаграфіі. У адрозьненьне ад гэтага, старабеларуская культура ВКЛ не атрымала належнага разгляду. Згадкі пра “русінскага грамадзяніна ВКЛ” навукоўца Юзафа Нарановіча-Наронскага (†1678) для гэтага замала. Як вядома, беларуская мова ў ВКЛ працягвала ў XVIII ст. ужывацца перадусім ува ўніяцкай і праваслаўнай рэлігійнай практыцы ды зьвязаным зь ёй культурным жыцьці (друк, школа й г.д.). Нельга казаць, што на яе зусім забылася шляхта. Захаваліся вершы, якія хадзілі нават у магнацкіх асяродзьдзях. Разьвівалася драматургія. Паўнейшы агляд беларускай культуры і літаратуры XVIII ст. можна знайсьці ў працах Адама Мальдзіса і Францішка Сяліцкага18. |
17 Згодна з заканадаўствам ВКЛ, яго палітычны народ складаўся з трох этнічных супольнасьцяў: ліцьвінаў, русінаў і жмудзінаў. Жмудзкая шляхта мела ўласную адметную сьвядомасьць. Калі Літва і Русь ня мела акрэсьленай мяжы, дык Жмудзь падчас існаваньня ВКЛ мела выразныя адміністрацыйныя межы і асобную адміністрацыйную структуру (стараствы, падзеленыя на цівунствы), а таксама мову, якая дагэтуль вельмі розьніцца ад літаратурнай літоўскай. 18 Мальдзіс, Адам. На скрыжаванні славянскіх традыцый: літаратура Беларусі пераходнага перыяду. Менск, 1980. Sielicki, Franciszek. Literatura białoruska do końca 18 wieku. Wrocław, 1985. |
У заключэньні аўтар разважае пра значэньне гісторыі РП у лёсах народаў, якія выступаюць яе спадкаемцамі. Падкрэсьліваецца, што Рэч Паспалітая не была польскай дзяржавай, і прапануецца разглядаць яе як супольную спадчыну палякаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў. Згодна з Стоўнам, доўгае гістарычнае быцьцё русінаў у РП выпрацавала ў русінскай эліты адрозную ад расейцаў палітычную і культурную ідэнтычнасьць і абумовіла ў канчатковым выніку ўзьнікненьне адрозных ад расейскай мадэрных украінскай і беларускай нацыяў. У канцы XVIII ст. два этнасы — украінцы і беларусы — пачынаюць рухацца ў бок нацыянальнай сьпеласьці. Стоўн справядліва заўважае, што беларускі досьвед нацыятварэньня ў параўнаньні з украінскім дагэтуль менш адрэфлексаваны. Тлумачыцца гэта, на нашу думку, перадусім адсутнасьцю ў беларускай гістарыяграфіі грунтоўных, зробленых на падставе сучасных заходніх мэтадалёгіяў (і пажадана на заходніх мовах) працаў наконт таго, як беларуская этнічная супольнасьць станавілася нацыяй. З аднаго боку, гэта адцяняе крызысны стан беларускай гістарычнай навукі. Зь іншага боку, само ўсьведамленьне крызы дапамагае вызначыць стратэгічную важнасьць вывучэньня ролі нашых продкаў у палітычнай гісторыі ВКЛ. Рацыянальны пошук лепшы за будаваньне мітаў. Цікавая і грунтоўная манаграфія Даніэля Стоўна, не прадукуючы мітаў, паказвае, як можна сумясьціць навуковасьць і зычлівавасьць у дасьледаваньні русінскага аспэкту гісторыі РП. Гэта сьведчыць, што заходнія калегі чакаюць нас. Ці ня час заняць сваё месца ў гісторыі? |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (28) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Элы Мацьвіенкі |