A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (28) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АНДРЭЙ КАЗАКЕВІЧ | |||||
|
Андрэй Казакевіч
|
(нар. у 1980 у Менску) — палітоляг, культуроляг. Скончыў аддзяленьне паліталёгіі юрыдычнага факультэту БДУ (2002). Апошняя публікацыя — аналіз “Рэканструкцыя палітычнай ідэнтычнасьці ВКЛ XVI ст. (на матэрыяле Хронікі Быхаўца)” (“Палітычная сфера”, 2/2002). 1 Палітычная навука ўвогуле доўгі час развівалася ў межах навукі гістарычнае альбо была моцна з ёй звязана. Дастаткова ўзгадаць даследчыя практыкі ў СССР, дзе палітычныя даследаванні дысцыплінарна мімікравалі пад гістарычныя, ці прыгадаць палітычна-навуковую дзейнасць Н.Мак’явелі, чый унёсак у развіццё палітычнае тэорыі ў значнай ступені засноўваўся на гістарычным матэрыяле. 2 Калі мы кажам тут “улада”, то маем на ўвазе любую палітычную ўладу, неабавязкова дзяржаўную. |
Чым ніжэйшая навуковасць і, адпаведна, вышэйшая даступнасць, тым большае палітычнае значэнне атрымоўвае гістарычная веда. Палітыка — мастацтва магчымага, і чым менш веда звязана патрабаваннямі “навуковасці”, тым шырэйшыя яе “windows of opportunity”3. У сацыяльнай прасторы гістарычная веда структуравана ў палітычную іерархію, што складаецца з трох аўтаномных узроўняў, кожны з якіх фармуецца з уласных тэкстаў, інстытуцыяў і выконвае розныя палітычныя функцыі. На вяршыне іерархіі знаходзіцца ідэалагічная і ідэйна-сімвалічная веда пра гісторыю, якая надаецца для спажывання шырокімі коламі грамадства. Гэта веда канцэнтруецца ў рознай якасці сацыяльнай міфалогіі, ідэалогіях, школьных падручніках ды нацыянальнай (дзяржаўнай) сімволіцы і ўтварае інтэграваную частку палітычнае прасторы. Наступны ўзровень фармуе навукова-папулярная веда, разлічаная на спажыванне вузкімі грамадскімі коламі: настаўнікамі, студэнтамі, тымі, каго раней называлі “інтэлігенцыя”. “Цела” гэтае веды ўтвараюць навучальныя курсы, гістарычныя часопісы, навукова-папулярная літаратура, TV-праграмы і г.д. Другі ўзровень цікавы для палітыка настолькі, насколькі ён уплывае на свядомасць “эліты”, у розным значэнні гэтага слова. У самым нізе палітычнае іерархіі гістарычнай веды знаходзіцца акадэмічная навука. Яна мае даследчую аўтаномію і права на “незалежнасць погляду”, але вымушана плаціць за гэта сацыяльнай ізаляцыяй. Галоўны сімвалічны (палітычны) капітал акадэмічнае веды — менавіта яе высокі ўзровень легітымнасці, пабудаванай на “праўдзівасці” і “сапраўднасці” — найбольш цікавіць палітычныя суб’екты. Калі акадэмічная веда адпавядае інтэнцыям улады, яна мае шанец трапіць у верхнія слаі палітычнае іерархіі, калі не — хутка апынаецца ў ізаляцыі, не маючы магчымасцяў для росту і прасторавае экспансіі. Наша даследаванне прысвечана пераважна ніжняму ўзроўню палітычнае іерархіі — гістарычнай навуцы. Дакладней, таму, якім чынам палітычныя стратэгіі і інтэнцыі адлюстроўваюцца ў гістарыяграфіі на прыкладзе даследаванняў Вялікага княства Літоўскага ў розных нацыянальных традыцыях. Веда-пра-Вялікае-Княства больш за стагоддзе была важным элементам гістарычнае свядомасці ў краінах Усходняй Еўропы і, адпаведна, важным элементам ідэалагічнага супрацьстаяння. Палітычнае значэнне гэтае веды захоўваецца да нашага часу, асабліва ў Беларусі і Літве.
|
3 “вокны магчымасцяў” (англ.). |
Вялікае княства Літоўскае як палітычная Канструяванне Вялікага княства Літоўскага як навуковай праблемы і аб’екта даследавання непарыўна звязана з палітычнымі падзеямі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя і перш за ўсё расійска-польскім супрацьстаяннем ды стварэннем беларускага і літоўскага (у меншай ступені ўкраінскага) нацыянальна-вызваленчых рухаў. Калі прааналізаваць гістарыяграфію Вялікага княства Літоўскага ХІХ — пачатку ХХ ст., то тут мы можам заўважыць шэраг радыкальных трансфармацыяў, якія былі, выкарыстоўваючы тэрміналогію Т. Куна, сапраўднымі навуковымі рэвалюцыямі4: фармаванне Вялікага Княства як аб’екта самастойнага даследавання, фармаванне расійскае парадыгмы, пазней — літоўскае і беларускае і, нарэшце, радыкальны пераход расійскае гістарыяграфіі да савецкае парадыгмы, навеянай польскай гістарыяграфіяй. Патлумачыць такія радыкальныя трансфармацыі веды пра Вялікае Княства на працягу апошніх 200 гадоў можна толькі адным: найбольш відавочнымі прыкладамі рэвалюцыяў у гістарыяграфіі (а магчыма, у гуманітарных навуках увогуле) з’яўляюцца тыя знакамітыя эпізоды, за якімі замацавалася назва рэвалюцыяў палітычных. Ніякія падзеі ў даследаванні мінулага — адкрыццё летапісаў, даследаванне архіваў, археалагічныя знаходкі ды інш. — не змянялі настолькі веду пра Вялікае княства Літоўскае, як паўстанні 1830—1831, 1863—64 гадоў, рэвалюцыя 1905—1907, першая сусветная вайна, разам з грамадзянскай — 1914—1920 гг., і, нарэшце, распад СССР. Гісторыкі маглі дзесяцігоддзямі не заўважаць ці ігнараваць гістарычныя факты, і толькі палітычныя падзеі “раптам” расплюшчвалі ім вочы на мінулае, выносячы на паверхню тое, што да гэтага паслядоўна сублімавалася. Усё гэта дазваляе нам казаць пра залежнасць дынамікі гістарычнае веды пра Вялікае Княства ад дынамікі палітычнай сферы і, як вынік, прысутнасць палітыкі ў гістарычных канцэпцыях, тэорыях і парадыгмах. На якіх жа прынцыпах грунтуецца палітычная арганізацыя гістарыяграфіі Вялікага княства Літоўскага? Аналіз нацыянальных гістарыяграфій паказвае, што такіх прынцыпаў тры: генеалогія, прысутнасць і ўлада (дакладней, характар улады). Менавіта фармуляванне гэтых прынцыпаў вызначае прыналежнасць5 Вялікага Княства, а значыць, і права на яго спадчыну. Генеалогія. Палітычна вельмі цяжка вызначаць прыналежнасць спадчыны без легітымацыі яе ў мінулым, менавіта таму тэма генеалогіі Вялікага княства Літоўскага была і застаецца важным элементам палітычна-навуковага супрацьстаяння. Праблема генеалогіі, якую мы тут разумеем як сукупнасць звестак пра паходжанне, вельмі сур’ёзна ўспрымалася і ўспрымаецца ў асяроддзі гісторыкаў. Вырашэнне праблемы, ці Літва заваявала ў ХІІІ ст. Беларусь, ці наадварот, мае палітычнае значэнне, якое добра ілюструе роля беларусацэнтрычнае канцэпцыі Вялікага княства Літоўскага ў разбурэнні савецкае ідэнтычнасці ў канцы 1980-х. Прысутнасць. Натуральна, што нацыянальныя прэтэнзіі на дзяржаўную і культурную традыцыю не могуць абысціся без апеляцыі да “нацыянальнай прысутнасці” ў гэтай традыцыі, дзяржаве. Роля апеляцыі да прысутнасці тым больш узрастала, чым большую ролю ў палітычным жыцці пачыналі адыгрываць “масы” і ідэі пра нацыянальную волю, дэмакратыю і г.д., легітымнасць якіх і была пабудавана на прысутнасці, у супрацьвагу феадальнай легітымацыі па “крыві”. Для расійскай гістарыяграфіі вельмі важна было сцвердзіць рускую прысутнасць праз атаесамленне яе з русінскай традыцыяй і падкрэсліванне таго, што духоўная сувязь паміж Масквою і Заходняй Руссю ніколі не перарывалася. Польскія гісторыкі гаварылі пра масавыя перасяленні этнічных палякаў у Вялікае Княства на працягу ўсяго Сярэднявечча і непарыўнасць культурнае і палітычнае традыцыі ВКЛ з культурнай і палітычнай традыцыяй Польшчы, асаблівую ўвагу надаючы мінімізацыі колькасці русінаў у насельніцтве Княства. Менавіта для вызначэння прысутнасці розныя гістарыяграфічныя традыцыі вынаходзілі “нацыянальныя”, ці этнічныя, маркеры, кшталту каталік-літовец, каталік-паляк, праваслаўны-рускі і г.д. Сутнасць улады. З палітычнага пункту гледжання Вялікае княства Літоўскае мае найбольшае значэнне як традыцыя дзяржаўнасці. Для нацыянальных рухаў пачатку ХХ ст. вызначыць сваю дзяржаўную традыцыю значыла стаць “гістарычнай” нацыяй, што легітымізавала рух за незалежнасць. Дзяржаўная традыцыя — гэта традыцыя ўлады, досвед нацыянальнае супольнасці ў панаванні над пэўнай тэрыторыяй, насельніцтвам і г.д. — у адваротным выпадку супольнасць ператвараецца ў аб’ект панавання ды эксплуатацыі. У адпаведнасці з гэтым для літоўскае гістарыяграфіі было вельмі важна паказаць этнічна літоўскі характар улады ў Вялікім Княстве: літоўскае паходжанне дынастыі, большасці шляхты, прыярытэт інтарэсаў этнічных літоўцаў у палітычных справах і г.д., што паступова прыводзіла іх да апісання ВКЛ як літоўскае “нацыянальнае” дзяржавы. Беларускія даследчыкі, натуральна, займалі зусім іншыя пазіцыі і апелявалі да беларускага характару і ўлады, і панавання ў Вялікім Княстве. Гэтыя тры прынцыпы, на нашу думку, з’яўляюцца асновай палітычнай арганізацыі гістарыяграфіі Вялікага княства Літоўскага, але, перад тым як перайсці да аналізу нацыянальных гістарыяграфій, ізноў вернемся да канструявання Вялікага княства Літоўскага як аб’екта даследавання ў гістарычнай навуцы. |
4 Нагадаем, што паводле Т.Куна навуковыя рэвалюцыі павінны разглядацца як рэвалюцыі толькі ў адносінах да тае галіны, чыю парадыгму яны закранаюць. 5 Вызначэнне прыналежнасці значыць вызначэнне “нацыянальнага” характару з’яў мінулага. Пры ўсёй некарэктнасці гэтае працэдуры з пункту гледжання “навукі”, гэта мае вялікае значэнне для палітыкі. |
Тэрыторыя былога Вялікага княства Літоўскага на працягу практычна ўсяго ХІХ стагоддзя выступала як прастора, веда пра якую ўтварала інструмэнт расійска-польскага палітычнага супрацьстаяння. “Рэгіянальныя асаблівасці” гэтае тэрыторыі ўтваралі навуковую праблему (як польскай ускраіны ды расійскай правінцыі адначасова), але не самастойны аб’ект даследавання. Беларусь і Літва была для гісторыкаў толькі прастораю паміж варожымі метраполіямі. Веда, якую яны вытваралі, магла цалкам ігнараваць “мясцовыя” асаблівасці6. Пэўным выключэннем з мэйнстрыму была школа гісторыі, якая склалася ў Віленскім універсітэце першай трэці ХІХ ст. і зрабіла гісторыю Беларусі ды Літвы асобным прадметам даследавання, за што яе часам называюць першым эпізодам беларускага і літоўскага “адраджэння”. Даследчык гісторыі права І. Даніловіч, прыхільнік аднаўлення незалежнасці Вялікага княства Літоўскага, адзначаў самакаштоўнасць мовы статутаў ВКЛ і выступаў за яе адраджэнне, славіст М. Баброўскі “адкрыў” цэласнасць старабеларускай літаратуры і ўвёў у навуковы зварот постаць Ф. Скарыны, гісторык І. Лабойка сцвярджаў неабходнасць комплекснага вывучэння Беларусі і Літвы як інтэграванага цэлага. Лёс “ліцвінскае” школы (як навуковага феномену) яшчэ раз пацвярджае цесную сувязь паміж уладай і гістарычнай ведай. Праз тое што “ліцвінская” школа не знайшла палітычнай легітымацыі, яе канцэпцыі былі выціснуты ў глыбокую перыферыю і былі наноў адкрытыя толькі дзякуючы разгортванню беларускага і літоўскага нацыянальных рухаў. Канцэпцыі “ліцвінскае” гістарыяграфіі сталі анамаліяй, якую польскія і расійскія даследчыкі мелі за найлепшае не заўважаць, пакуль іх да гэтага не прымусілі палітычныя падзеі другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Да гэтага часу асноўным прынцыпам даследчае стратэгіі польскіх і расійскіх гісторыкаў становіцца вызначэнне прыналежнасці тэрыторыі (культурнае і дзяржаўнае спадчыны) ВКЛ да расійскага ці польскага палітычнага (культурнага) поля. Для Расіі гэта значыла падкрэсліванне славянскага, русінскага (рускага), праваслаўнага характару Вялікага Княства. Для палякаў, наадварот, — польскае, каталіцкае і нерусінскае прыроды ВКЛ.
|
6 Падрабязней глядзі: Казакевіч А. Пра Калёнію // Фрагмэнты. №11 (http://frahmenty.knihi.com/ 11kazakievich.htm). |
Geneza Państwa Litewskiego: Доўгі час адной з характэрных прывілеяў польскае гістарыяграфічнае традыцыі была манаполія на веду пра Вялікае княства Літоўскае. Гэта манаполія была “традыцыйнай”, умацаванай ідэалогіяй польскае шматэтнічнае (першапачаткова) палітычнае нацыі і сталых палітычных практык, якія налічвалі не адно стагоддзе. Сваё дамінантнае значэнне польская традыцыя захоўвала да сярэдзіны ХІХ ст., ці, каб быць больш дакладным, да паўстання 1863—64 гг., калі ў яе з’яўляецца моцны, легітымізаваны расійскімі імперскімі ўладамі канкурэнт. Расійска-польскае супрацьстаянне абумоўлівала палітычную аснову даследчых стратэгіяў польскіх гісторыкаў — максімальнае зніжэнне ролі русінскага элементу ў гісторыі Княства. Сублімацыя русінскасці значыла сублімацыю Масквы і адхіленне яе прэтэнзіяў на гістарычную спадчыну Вялікага княства Літоўскага, што адначасова стварала веду пра гісторыю, вельмі прыдатную для літоўскага нацыянальнага руху. Генеалогія. Стандартам польскае гістарыяграфіі, што тычыцца генеалогіі Вялікага княства Літоўскага, была канцэпцыя літоўскае заваёвы Русі (традыцыя пачата яшчэ з тэкстаў Я. Длугаша). У адрозненне ад больш позніх варыянтаў гісторыі Вялікага Княства, факту далучэння рускіх княстваў да літоўскае дзяржавы надавалася прынцыповае і вырашальнае значэнне ў фармаванні ВКЛ. Менавіта гэтае далучэнне (заваёва) і ёсць актам стварэння новае дзяржавы, у той час як літоўская і савецкая гістарыяграфіі былі схільны звязваць генеалогію ВКЛ са стварэннем адзінае літоўскае дзяржавы, якая далей ажыццяўляла экспансію на поўдзень. Пэўныя даследчыкі (у прыватнасці Ю. Ляткоўскі) былі схільны пашыраць часавыя рамкі літоўскай экспансіі і датаваць літоўскую заваёву шэрагу русінскіх земляў ХІІ стагоддзем, але гэта не мяняла сутнасці. Іхным канцэпцыям была ўласцівая пасіўная роля русінскіх земляў, якія былі толькі аб’ектам знешняе экспаніі, хоць часткова і прызнаваўся факт уплыву Русі на фармаванне дзяржаўных інстытутаў новае дзяржавы. Вывады польскай генеалогіі Вялікага Княства былі адназначныя: гэтую дзяржаву стварылі не русіны. |
Прысутнасць. Агульная стратэгія польскае гістарыяграфіі, накіраваная на мінімізацыю ролі русінскага элементу ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага, вымушала пэўным чынам апісваць дэмаграфічную і культурную сітуацыю ў ім. У пачатку ХХ ст. Я. Якубоўскі (і гэты выпадак надзвычай красамоўны), даследуючы літоўскі этнічны элемент у дзяржаве, прыйшоў да высноваў, што ў сярэдзіне XVI стагоддзя ён складаў каля паловы насельніцтва7. Іншы вядомы польскі гісторык Г. Лаўмянскі даводзіў, што этнічныя літоўцы складалі не больш за 20% насельніцтва, але затое каля 60% рыцарства (гэта значыць “эліты”)8. Так ці інакш, у польскай версіі гісторыі Вялікага Княства літоўскі этнічны элемент утвараў значную дэмаграфічную сілу. Больш за тое, польскія гісторыкі былі схільны ігнараваць асіміляцыю балтаў русінамі, хоць і надавалі шмат увагі працэсам паланізацыі (самапаланізацыі) апошніх. Асобная ўвага надавалася польскай прысутнасці ў рэгіёне і паходжанню мясцовых палякаў. Значная колькасць польскіх даследчыкаў пачатку ХХ ст. пісала пра масавыя перасяленні палякаў у Сярэднявеччы на русінскія землі. Этнічныя палякі з’яўляліся ў Вялікім княстве Літоўскім як ваеннапалонныя (ХІІ—XІV стст.), а пасля Люблінскай уніі распачалася добраахвотная міграцыя на неасвоеныя землі княства9. Асобнае месца ў гістарыяграфіі займала тэма польскай культурнай прысутнасці і звязаны з ёй працэс паланізацыі. Супраць тэзісу літоўскае і беларускае гістарыяграфіі пра прымусовае апалячванне эліты ВКЛ польская гістарыяграфія высоўвала тэзіс добраахвотнае самапаланізацыі. Польскія даследчыкі рабілі вывад пра значную польскую прысутнасць у Княстве, зазначаючы вялікую ролю польскага элементу ў палітычным і культурным жыцці, што павінна было пацвярджаць іх правы на гэтую тэрыторыю. Трэба заўважыць, што тэзіс пра масавыя перасяленні палякаў у Сярэднія вякі на беларускія і літоўскія землі быў паступова адкінуты польскай гістарыяграфіяй (хаця яго дагэтуль можна сустрэць у тэкстах беларускіх палякаў), а вось тэза пра добраахвотную паланізацыю шляхты Вялікага Княства захоўвае ў ёй сваю значнасць. Улада. Сутнасць улады ў Вялікім Княстве, з пункту гледжання польскіх гісторыкаў, адлюстравана ў тым, як яны яго называлі, — Літоўская дзяржава. Літоўскае этнічнае панаванне звязвалася і з дамінаваннем дэмаграфічным, генеалогіяй і, нарэшце, з цывілізацыйнай маладосцю літоўцаў у параўнанні са славянамі (Г. Лаўмянскі). Такое апісанне сутнасці ўлады, аднак, характэрна толькі для першага, даўнейшага, перыяду існавання Княства10. Унія значыла стварэнне палітычнага і вайсковага саюзу, што непазбежна змяняла характар дзяржаўнае ўлады. Пытанне пра тое, чым была “унія” — федэратыўным утварэннем альбо практычна адзінаю дзяржаваю, — было дыскусійным, аднак бясспрэчным лічылася тое, што з гэтага часу ўлада ў Вялікім Княстве стала належаць польскай палітычнай (шляхецкай) нацыі, заснаванай на адданасці рэспубліканскім свабодам і супольнай місіі11. Адпаведна змянялася і сутнасць улады — будучы напачатку палітычна польскай, яна паступова стала польскай у “нацыянальным” сэнсе. Акрамя таго, значная колькасць польскіх даследчыкаў не адрознівала феномену польскае палітычнае нацыі Сярэднявечча і сучаснай для іх польскай нацыі, пабудаванай на лінгва-культурных прынцыпах. Тое, што на пачатку было этнічна літоўскай дзяржаўнасцю, хутка стала “нацыянальна” польскай і такой заставалася да самага канца XVIII cт. — натуральна, што размова пра ВКЛ як форму дзяржаўнасці русінаў не вялася. Змест польскае гістарычнае веды пра Вялікае княства Літоўскае меў дзве асновы: гістарыяграфічную традыцыю, якая практычна не перарывалася з Сярэднявечча, і прынцып выцяснення русінскага элементу. Гэта ў значнай ступені прадвызначыла яе лёс: традыцыя забяспечыла навуковую легітымнасць, сублімацыя русінскага элементу — жыццяздольнасць у розных палітычных кантэкстах. Польская гістарычная веда пра ВКЛ была хутка адаптавана літоўскім нацыянальным рухам і стала важнаю часткаю літоўскай нацыянальный гістарыяграфіі. Неўзабаве стратэгія польскае традыцыі, накіраваная на сублімацыю русінскага элементу, была перанята савецкай гістарыяграфіяй, калі паўстала палітычная неабходнасць прымяншаць беларускую традыцыю дзяржаўнасці, у якой Вялікае Княства займала цэнтральнае месца. І апошняе: польская традыцыя апісання Вялікага княства Літоўскага з усіх гістарыяграфій рэгіёну найбольш схільна ігнараваць беларускі элемент Вялікага Княства. Калі для літоўскіх даследчыкаў вызначэнне культурных і палітычных межаў з беларусамі з’яўляецца сталаю праблемаю, а для савецкае гістарыяграфіі тэма “прыгнёту беларусаў і ўкраінцаў” была ці не цэнтральнай, для палякаў часта дастаткова азначэння ВКЛ як літоўскае (літоўска-польскае) дзяржавы, што дазваляе ў большасці выпадкаў успрымаць беларусаў толькі як фон.
|
7 Jakubowski J. Studia nad stosunkami narodowościowymi na Litwie przed Unią Lubelską. Warszawa. 1912. S.6. 8 Łowmiański H. Uwagi w sprawie podłoża społecznego i gospodarczego unii Jagiellońskiej // Księga pamiątkowa ku uczczeniu letniej rocznicy wydania I Statutu litewskiego. Wilno. 1935. S.247. 9 Смалянчук А. Палякі Беларусі і Літвы ХІХ — пачатку ХХ ст. як этнакультурны і сацыяльны феномен // Беларускі гістарычны агляд. Т.7. 2000. Чэрвень. С.154—155. 10 Пытанне пра тое, з якой Уніі (Крэўскай, Гарадзельскай ці Люблінскай) пачаўся “зрух улады”, было дыскусійным. 11 Валіцкі А. Інтэлектуальныя эліты і зьменлівы лёс “вымысьленае нацыі” ў Польшчы // Фрагмэнты. №7. С.159. |
Літоўска-Руская дзяржава: расійская традыцыя Падкрэсленая нелаяльнасць палякаў і шляхты былога ВКЛ да Расійскай імперыі, што выявілася ў вайне 1812 г., паўстаннях 1830—31 і 1863—64 гг., значна паскорыла працэс стварэння альтэрнатыўнае расійскае веды пра мінулае Вялікага княства Літоўскага. Стратэгія расійскіх даследчыкаў была тут цалкам супрацьлеглая: яны грунтаваліся не на польскай гістарыяграфічнай традыцыі, а на ўласна русінскіх гістарычных дакументах. Агульнай стратэгіяй было максімізаваць ролю русінскага (рускага) пачатку ў ВКЛ і ролю русінаў у палітычным і культурным жыцці гэтай краіны. Новая гістарычная веда была часткай стратэгіі ў асваенні тэрыторыі, якая некалькі стагоддзяў здавалася спрадвечна польскай, і павінна была дэлегітымізаваць польскія прэтэнзіі на спадчыну Вялікага Княства. Гэтая трансфармацыя, якая пачалася на павароце ад XVIII да XIX стагоддзя і канчаткова аформілася ў другой палове ХІХ стагоддзя, адкрывала дарогу мноству іншых зменаў у бачанні гісторыі Беларусі і Літвы, якія з гэтага часу набываюць зусім іншы “нацыянальны” характар дзяржаўнае традыцыі. Вялікае княства Літоўскае перастае быць польскаю (літоўска-польскаю) дзяржаваю і становіцца “Литовско-Русским государством”. Назва “Літоўска-Руская дзяржава” вызначае не столькі нацыянальны характар Княства (кшталту “беларуска-літоўская дзяржава” ў сучаснай айчыннай гістарыяграфіі), але яго афіцыйную назву, эквівалентную назве “Вялікае княства Літоўскае”. Легітымацыя такога наймення знаходзілася ў поўнай афіцыйнай назве дзяржавы: “Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае”. Назіралася таксама тэндэнцыя, якая пазней будзе цалкам перанята беларускай гістарыяграфіяй, ужываць назву “Вялікае княства Літоўскае” замест дамінантнага ў польскім навуковым звароце “Літоўская Дзяржава”12. У адпаведнасці са сваімі навуковымі і палітычнымі мэтамі расійская гістарыяграфія распрацавала новую інтэрпрэтацыю прынцыпаў вызначэння прыналежнасці Вялікага Княства. Генеалогія. Ужо адзін з першых расійскіх гісторыкаў ВКЛ У. Антановіч падкрэсліваў шчыльнае ўзаемадзеянне паміж русінскім і літоўскім элементамі пры ўзнікненні Вялікага Княства. Менавіта з Руссю ён звязваў палітычную і вайсковую моц, што дазволіла Міндоўгу авалодаць усёй Літвою і стаць паўнаўладным гаспадаром13. Іншы буйны даследчык М. Дашкевіч паставіў пад сумнеў стэрэатыпную тэзу пра заваёву Наваградку Літвою і вызначыў месца старажытнае Літвы ў вярхоўі Нёману. Самы значны расійскі гісторык ВКЛ пачатку ХХ ст. М. Любаўскі14 вызначаў Вялікае княства Літоўскае як тэрытарыяльнае, а не этнічнае ўтварэнне, што дазволіла яму зрабіць вывад пра літоўска-рускае (русінскае) паходжанне дзяржавы15. Такім чынам, генеалогія Княства набывала зусім іншы змест, у якім славянскі элемент займаў роўную (калі не дамінантную) з балтамі пазіцыю. Прысутнасць. Для расійскіх даследчыкаў русінскае (а гэта практычна заўсёды значыла рускае, расійскае) дамінаванне ў Вялікім Княстве не падлягала сумневу. Вывады польскіх гісторыкаў пра дэмаграфічную значнасць этнічнага літоўскага элементу не ўспрымаліся сур’ёзна, рускі характар насельніцтва дзяржавы падаваўся відавочным і не патрабаваў разгорнутае аргументацыі. Яшчэ больш упэўненыя пазіцыі расійская гістарыяграфія займала ў пытанні вызначэння культурнага характару Княства. Вялікае княства Літоўскае мела развітую ўсходнеславянскую культуру, якая, не маючы балцкае альтэрнатывы, не проста дамінавала, але доўгі час была адзінай уплывовай у гэтай дзяржаве. Гэта была прастора, дзе развіваліся русінскія літаратура, права, летапісанне, грамадская думка і асвета і, нарэшце, дамінавала старабеларуская мова (у тэрміналогіі расійскіх гісторыкаў — “западнорусский язык”) як мова культуры і ўлады. Русінская традыцыя вызначала культурны вобраз і характар Княства, выціскаючы ўсе астатнія культуры на перыферыю. Толькі ў XVI—XVII стст. пачынаецца працэс заняпаду беларускае культуры, якая паступова саступае сваю жыццёвую прастору культуры польскай. |
12 Ужыванне афіцыйнай назвы “Вялікае княства Літоўскае” замест прыметніка “літоўская (літоўскі)” ў беларускай гістарыяграфіі назіраецца і пазней. У прыватнасці, у 60-х гадах беларускія даследчыкі ўжываюць назву “Статуты Вялікага княства Літоўскага” замест “Літоўскія статуты”. 13 Антонович В. Очерки истории Великого Княжества Литовского до половины XV столетия. Киев, 1878. С.16—18. 14 Вывады Любаўскага адносна гісторыі Вялікага княства Літоўскага захавалі сваё дамінантнае значэнне да канца 20-х гадоў ХХ ст., калі склалася савецкая гістарычная традыцыя. 15 Любавский М. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. Москва, 1893. С.2—4. |
Улада. Новае разуменне генеалогіі, разам з культурным і дэмаграфічным дамінаваннем русінаў, дазволіла пераадолець польскае разуменне ўлады ў Вялікім Княстве і надаць яму прынцыпова іншы сэнс, тым больш што прыкладаў удзелу русінаў у палітычным і вайсковым жыцці Княства было больш чым дастаткова. Улада ў Вялікім Княстве (у першыя стагоддзі яго існавання) інтэрпрэтавалася як літоўска-руская, заснаваная на перманентнай барацьбе літоўскага і рускага элементаў за ўладу (М. Антановіч)16. М. Любаўскі звяртаў увагу на тое, што сам факт літоўскае “заваёвы” не можа значыць выключна літоўскага характару дзяржаўнасці, якая, без сумневу, мела літоўска-рускі змест. Расійскія даследчыкі шмат увагі надавалі ўдзелу русінаў у палітычным жыцці краіны, іх ролі ў вызначэнні дзяржаўнае палітыкі і вызначалі іх як адну з супольнасцяў, далучаных да ўлады. Заняпад дзяржаўнасці ВКЛ звязваўся звычайна з каталіцкай экспансіяй, рэлігійнай уніяй 1596 году і прымусоваю паланізацыяй эліты. Такім чынам, Вялікае Княства — гэта сутнасна літоўска-руская (паступова ўсё больш і больш руская) дзяржава, якая ў выніку знешняе экспансіі стала пераважна польскай, з чаго лёгка рабіліся прымальныя для расійскай імперскай улады палітычныя вывады. Лёс расійскае гістарыяграфіі, як і яе палітычнае значэнне, быў дастаткова нечаканы. Цягам практычна ўсяго ХІХ ст. апеляцыя да русінскай і няпольскай традыцыі Вялікага Княства цалкам адпавядала імперскай стратэгіі трыадзінага рускага народу. Але ўжо на пачатку ХХ ст. гэтая стратэгія дае збоі праз тое, што ў якасці палітычнага суб’екту фармуецца беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, які ў Вялікім Княстве бачыць досвед уласнае (аўтаномнае ад Расіі) дзяржаўнасці. У беларускім дыскурсе расійская гістарычная веда пра Вялікае Княства вельмі хутка беларусізуецца, сам назоў дзяржавы змяняецца з літоўска-рускага на літоўска-беларускую, што не супярэчыла гістарычным фактам і дзіўным чынам супадала з палітычнымі інтэнцыямі беларускіх лідэраў. Цікава, што аўтары канцэпцыі руска-літоўскай дзяржаўнасці сталі настаўнікамі заснавальнікаў нацыянальных беларускіх і ўкраінскіх гістарыяграфій альбо самі прынялі ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху. Так, вучнямі У. Антановіча сталі М. Грушэўскі і М. Доўнар-Запольскі, вучнем М. Любаўскага — У. Пічэта, а М. Дашкевіч сам стаў адным з пачынальнікаў украінскае гістарыяграфіі. У той жа час, частка расійскага грамадства значна больш ахвотна прымала канцэпцыю шматвяковага літоўскага ды польскага панавання ў Беларусі і ва Ўкраіне. Актуалізацыя русінскай (беларускай) прыроды Вялікага княства Літоўскага ў новых палітычных умовах пачала граць супраць ідэі “ўсходнеславянскага адзінства”, таму, калі ў СССР канца 1920-х гадоў ізноў вяртаюцца да ідэі русацэнтрызму, пра адраджэнне старое расійскае гістарыяграфіі размова не ідзе. Новая палітычная рэальнасць патрабавала новае гістарычнае веды, і яна, як гэта ні парадаксальна, была знойдзена ў былым апаненце з яго стратэгіяй сублімацыі і практыкай “прыгнёту” русінскага элементу ў Вялікім княстве Літоўскім.
|
16 Увогуле падкрэсліванне літоўска-русінскага і польска-русінскага палітычнага супрацьстаяння можна лічыць характэрнай асаблівасцю расійскае гістарычнае традыцыі, што, без сумневу, мела палітычную аснову. |
Савецкая гістарыяграфія: Адразу пасля рэвалюцыі 1917 году пачалася эмансіпацыя гістарыяграфіяў нерасійскіх народаў Расійскай імперыі, якая замацоўваецца палітыкай “карэнізацыі” ў СССР 1920-х гадоў. Але ўжо пачынаючы з канца 1920-х сітуацыя хутка мяняецца, савецкая цывілізацыя становіцца русацэнтрычнаю, што карэнным чынам змяняе палітычна-навуковыя стратэгіі. На працягу 1934—1954 гг. была створана па сутнасці антымарксісцкая (нягледзячы на ўсе дэкларацыі) схема інтэрпрэтацыі мінулага нерасійскіх народаў СССР17, сярод галоўных прынцыпаў якой можна вылучыць тры: 1) русацэнтрызм, ідэя апекі Расіі над палітычным і культурным развіццём нерасійскіх народаў; 2) гісторыя нерасійскіх народаў ёсць гісторыя прыгнечаных масаў; 3) ацэнка палітычных лідэраў і гістарычных падзеяў ставіцца ў залежнасць выключна ад іх карыснасці для Расіі. Для Беларусі гэта значыла адраджэнне ідэі ўсходнеславянскага адзінства і адмову ад традыцыі несавецкае дзяржаўнасці. Тэрмін “літоўска-беларуская дзяржава” для вызначэння Вялікага княства Літоўскага бясследна знікае ў канцы 1920-х. Прынцыповай розніцаю ў палітычных стратэгіях расійскае і савецкае гістарыяграфіі было тое, што першая вызначала прыналежнасць земляў Вялікага княства Літоўскага праз вызначэнне іх няпольскасці — гэтага было дастаткова, каб даказаць іх “рускасць”. Калі дарэвалюцыйныя імперскія гісторыкі практычна не мелі патрэбы ў рэдукцыі беларускае суб’ектнасці дзеля яе слабасці і палітычнай неакрэсленасці, то для савецкае ж улады гэта стала жыццёвай неабходнасцю. Перад савецкай гістарыяграфіяй стаяла задача ўжо не выяўлення русінскасці Вялікага Княства, але рэдукцыі беларускае нацыянальнае суб’ектнасці, таму досвед Вялікага Княства павінен быў выглядаць як гісторыя “прыгнёту беларускага народу”. Парадаксальным чынам у новых палітычных абставінах актуалізацыя польскасці ды неславянскасці Вялікага Княства забяспечвала ўсходнеславянскае адзінства і жыццяздольнасць савецкага русацэнтрызму, пабудаванага на недзяржаўнасці нерасійскіх народаў. Адпаведна змянілася і лексіка: Вялікае Княства зноў пачало называцца Літоўскаю дзяржаваю, а Рэч Паспалітая — Польска-літоўскай, што павінна было выразна адлюстроўваць іх “нацыянальную” сутнасць. Канон савецкае генеалогіі Вялікага княства Літоўскага канчаткова аформіўся ў працах У. Пашуты, перш за ўсё ў яго манаграфіі “Ўтварэнне Літоўскае дзяржавы”, выдадзенай у 1959 годзе. Канцэпцыя, выказаная ў гэтай кнізе, на некалькі дзесяцігоддзяў акрэсліла кірунак развіцця гістарыяграфіі ВКЛ у СССР і яго сатэлітах18. Асноўнаю ўласцівасцю савецкага канону генезы Вялікага Княства стала ідэя пра стварэнне аб’яднанае літоўскае дзяржавы яшчэ да захопу земляў Русі. (Тым самым пачала дамінаваць чыста літоўская версія стварэння ВКЛ.) Палітычны лад Літвы перажыў эвалюцыю ад канфедэрацыі земляў, іх саюзу і нарэшце аформіўся ў раннефеадальную манархію19. Савецкая гістарычная навука не адмаўляла дэмаграфічнага дамінавання беларусаў у Вялікім Княстве, але пры гэтым зводзіла іх статус да рэпрэсаванай супольнасці, апантанай неспатольным жаданнем уз’яднацца з Маскоўскай Руссю. Беларуская прысутнасць у ВКЛ была станам маўклівага “фонавага” існавання, а сацыяльная гісторыя беларусаў зводзілася да гісторыі сялянства. Культурная традыцыя беларускага сярэднявечча прызнавалася, але ніколі не выглядала як нешта цэласнае, завершанае і апісвалася ў выглядзе асобных, не звязаных паміж сабою фрагментаў. Савецкая даследчая стратэгія паслядоўна падзяляла этнічныя і культурныя супольнасці Вялікага Княства на “ўладныя” і “падпарадкаваныя” герметычныя класы. Уладныя ўтваралі палітычную прастору Княства, прыгнечаныя — адчужаную ад дзяржавы супольнасць, якая была вымушана развівацца ў чужым і варожым асяроддзі, пад “властью і гнетом” літоўскіх феадалаў. Яшчэ адной асаблівасцю палітычнае арганізацыі савецкае гістарычнае навукі было існаванне фактычнае забароны на беларускую веду пра Вялікае Княства як дзяржаву. Беларускія гісторыкі займаліся вывучэннем толькі сялянаў у ВКЛ, даследаванне ж імі палітычных інстытутаў ВКЛ, яго сацыяльнае структуры і г.д. забаранялася. Вялікае княства Літоўскае проста не магло быць аб’ектам беларускае гісторыі ў кантэксце дамінавання ў БССР сялянскай канцэпцыі беларускага нацыя(этна-)генезу і дэкларавання поўнае адсутнасці продкаў беларусаў сярод “паноўных” класаў. Лёс савецкае гістарычнае веды пра ВКЛ непарыўна звязаны з эвалюцыяй савецкай улады, дзякуючы якой яна і была створана. Ужо напрыканцы 20-х гадоў ХХ стагоддзя пачынаецца крывавая саветызацыя беларускай гістарыяграфіі, якая скончылася прыняццем гістарычнае парадыгмы, адпаведнай новай палітычнай сітуацыі. Савецкая дзяржаўная сістэма блакавала развіццё разнастайнасці канцэпцый мінулага, таму доўгі час такія канцэпцыі развіваліся толькі ў асяроддзі гісторыкаў-эмігрантаў, якія адназначна не прымалі савецкае версіі гісторыі ВКЛ. Распад СССР у значнай ступені пахіснуў савецкую гістарыяграфічную традыцыю і даў штуршок узнаўленню нацыянальных гістарыяграфій у большасці постсавецкіх краінаў. Тым не менш яе рэшткі захавалі свой уплыў, у прыватнасці на беларускую афіцыйную гістарычную навуку.
|
17 Величенко С. Перебудова та минуле неросійських народів // Український їсторічний журнал. 1992. №4. С.93. 18 Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Rzeszów, 2000. С.55. 19 Пашуто В. Образование Литовского государства. Масква, 1959. С.364. |
Генеалогія беларусацэнтрычнасці Пачынаючы з першай сусветнай вайны, Беларусь, як і ўвесь усходнееўрапейскі рэгіён, зазнае глыбокія палітычныя змены. Традыцыйная веда-пра-мінулае, пабудаваная на польскай дзяржаўнай традыцыі ці русацэнтрычнасці, пачынае занепадаць пад уплывам новай палітычнай сітуацыі. Фармуецца новая веда, якая мае за сваю місію вытвараць, памнажаць, прымушаць да росту нацыянальна-палітычныя рухі. Ідэі адраджэння шматнацыянальнага Вялікага княства Літоўскага ці федэратыўнай Рэчы Паспалітай хутка трансфармуюцца ў палітычную практыку пабудовы монанацыянальных дзяржаваў. Адбываецца фармаванне заснаванай на этна-лінгвістычных прынцыпах нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, палякаў, літоўцаў ды ўкраінцаў. Менавіта развіццё гэтай ідэнтычнасці становіцца галоўнай палітычнай функцыяй гістарычнае навукі. Палітычная рэвалюцыя значыла рэвалюцыю ў гістарычнай навуцы: пачалося фармаванне незалежнай ад суседніх нацыянальных традыцыяў беларускае веды пра Вялікае Княства. Палітычным “целам” новае-старое веды стаў нацыянальна-вызваленчы рух, які паслядоўна рэпрэсаваўся ўладамі Польшчы і СССР. Не атрымаўшы палітычнай легітымацыі, погляд на Вялікае Княства як беларускую дзяржаву сутыкнуўся з шэрагам палітычных праблемаў. Пэўным чынам ён здолеў праіснаваць у БССР да канца 1920-х і ў Польшчы да 1939 году, але пасля меў магчымасць развівацца толькі на эміграцыі20. Узнаўленне беларускае гістарычнае веды пра Вялікае княства Літоўскае стала зноў магчымым толькі з распадам савецкае палітычнае сістэмы. Беларуская версія гісторыі Вялікага Княства на пачатку ХХ ст. зыходзіла з расійскай традыцыі, з яе практыкай дэканструкцыі польскасці і актуалізацыяй русінскасці (у новай тэрміналогіі — беларускасці) гэтай дзяржавы. Можна казаць пра фармаванне на пачатку ХХ ст. пераходнай, расійска-беларускай версіі развіцця Вялікага Княства, найбольш паказальным прыкладам якой з’яўляецца “Кароткая гісторыя Беларусі” В. Ластоўскага, выдадзеная ў Вільні ў 1910 годзе21. В. Ластоўскі, яшчэ моцна звязаны ў сваім наратыве з расійскай гістарыяграфічнай традыцыяй і тэрміналогіяй, апавядае пра літоўскіх князёў (а не пра літоўска-беларускіх князёў ці князёў ВКЛ), літоўскую дзяржаву, літоўскае войска, хаця і ўкладае ў слова Літва не этнічнае, але тэрытарыяльна-гістарычнае значэнне. Вялікае Княства В. Ластоўскі называе ў рэчышчы расійскай традыцыі Літоўска-Рускім гасударствам22; толькі зрэдку сустракаюцца азначэнні кшталту “літоўска-беларускія баяры, паслы” і г.д. Пасля краху Расійскай імперыі адбываецца вызваленне беларускае гістарыяграфіі ад расійскае традыцыі. “Асновы дзяржаўнасці Беларусі” М. Доўнара-Запольскага і “Кароткія нарысы гісторыі Беларусі” У. Ігнатоўскага (абедзве кнігі ўпершыню выдадзены ў 1919 г.) маюць цалкам іншую тэрміналогію, а разам з тым і палітычна-сімвалічную арганізацыю, якая выразна кантрастуе з “Гісторыяй” В. Ластоўскага23. Вялікае княства Літоўскае называецца “Літоўска-Беларускім гаспадарствам”, “Літвой і Беларуссю”, у тэкстах ідзе размова пра літоўска-беларускае войска, літоўска-беларускіх магнатаў ды князёў і г.д. Такая тэрміналогія захоўваецца да канца 1920-х гадоў. |
20 Пэўны рост актыўнасці прадукавання веды пра ВКЛ як беларускую дзяржаву назіраецца ў 1940-я гады падчас нямецкай акупацыі. 21 Гэта быў першы агляд гісторыі Беларусі на беларускай мове. 22 Само ўжыванне тэрміну “гасударства” (не дзяржава альбо гаспадарства) добра адлюстроўвае пераходнасць наратыву В.Ластоўскага ад расійскай да беларускай традыцыі. 23 Нягледзячы на тое, што Ігнатоўскі некалькі “паніжае” беларускую ролю ў стварэнні ВКЛ. |
Адбываецца і паступовая “беларусізацыя” генеалогіі Вялікага Княства. Яшчэ В. Ластоўскі гаварыў пра змяшанае этнічнае беларуска-літоўскае паходжанне насельнікаў старажытнай Літвы24 і што менавіта полацкія князі-выгнанцы далі пачатак літоўскай дзяржаве, якую, зыходзячы з нацыянальнасці яе жыхароў, трэба называць Літоўска-Крывічанскай або Літоўска-Рускай25. У сваю чаргу М. Доўнар-Запольскі адмаўляў тэзіс пра тое, што беларускія землі былі заваяваны літоўскімі князямі26, і сцвярджаў, што ад свайго пачатку Вялікае княства Літоўскае было літоўска-беларускай дзяржавай. Тое, што беларусы не толькі спрычыніліся да стварэння ВКЛ, але і занялі ў новай дзяржаве дамінантныя пазіцыі, што яны складалі большасць насельніцтва, прысутнічалі ў дзяржаўным апараце і ад пачатку абумоўлівалі палітычную практыку Вялікага княства (натуральна, не толькі як прыгнечаныя сяляне), — усё гэта для беларускіх гісторыкаў таго часу не выклікала сумневу. Асаблівая ўвага надавалася актуалізацыі старабеларускае культурнае традыцыі Вялікага Княства — у прыватнасці, М. Доўнар-Запольскі сцвярджаў, што старабеларуская мова была не толькі моваю справаводства, але і гутарковай нават для этнічных балтаў27. У такой сітуацыі нават пэўнае “паніжэнне” пазіцыяў В. Ластоўскага У. Ігнатоўскім (апошні прытрымліваўся канцэпцыі захопу Русі Літвою) не запярэчвала беларускае (літоўска-беларускае) сутнасці Вялікага Княства. Наступным лагічным крокам стала афармленне беларусацэнтрычнае парадыгмы стварэння і развіцця Вялікага Княства, якая, з аднаго боку, была вельмі патрэбная беларускаму нацыянальна-вызваленчаму руху, а з другога, значыла толькі больш паслядоўную “беларусізацыю” вядомых гістарычных традыцыяў. Беларусацэнтрычная версія гісторыі Вялікага Княства стваралася ў 1930—1940-я гады, калі беларускі нацыянальны рух перажываў не найлепшыя часы, гісторыкам М. Шкялёнкам і папулярным лінгвістам Я. Станкевічам (у папулярызаванай форме). Зборнікі гістарычных твораў абодвух былі нядаўна выдадзены асобнымі кнігамі28. У новай гістарычнай парадыгме генеалогія Вялікага княства Літоўскага ад самага пачатку мела беларускую прыроду. М. Шкялёнак29 вызначыў князя Міндоўга як гаспадара крывіцкага княства, якое пазней пачало экспансію на ўсход, поўнач і поўдзень, прычым крывіцкія землі далучаліся да новай дзяржавы добраахвотна, а жмудскія — сілаю. Дынастыю вялікіх князёў М. Шкялёнак назваў балцка-полацкай з паходжання, іх балцкі элемент меў мясцовае, субстратнае паходжанне, ніякім чынам не звязанае з жмудзінамі (продкамі літоўцаў). Я. Станкевіч займаў яшчэ больш радыкальную пазіцыю30 — прычыну стварэння Вялікага Княства ён бачыў у імкненні да аб’яднання беларускіх земляў. З пункту гледжання этнічнага паходжання ён лічыў ВКЛ “гаспадарствам крывіцка(беларуска)-лятувіскім”, але з таго гледзішча, хто гэтае гаспадарства ствараў, які яно насіла нацыянальны характар, было яно толькі крывіцкім (беларускім)31. Я. Станкевіч таксама называў Міндоўга беларускім князем і бачыў у Наваградскай зямлі асяродак, з якога пачалося пашырэнне новае дзяржавы. У якасці дадатковае аргументацыі на карысць беларускае генеалогіі ВКЛ Я. Станкевіч называў знаходжанне сталіцы Княства ў “крывіцкім” горадзе Вільні, славянскае паходжанне гербу “Пагоня”, ужыванне беларускай дзяржаўнай і палітычнай тэрміналогіі. Так стваралася сіметрычна супрацьлеглая савецкай версіі канцэпцыя генезісу Вялікага Княства, якая канчаткова аформілася ў 1950-х гадах у творах У. Пашуты. Згодна з ёй, сутнасць улады таксама была беларуская, бо менавіта інтарэсы беларускіх земляў былі асноваю палітыкі вялікіх князёў літоўскіх (беларускіх). З гэтае прычыны М. Шкялёнак прапаноўваў лічыць нацыянальнымі героямі не Свідрыгайлу ды казакаў, а тых, хто з імі змагаўся, адстойваючы цэласнасць дзяржавы, — Жыгімонта І і Яна Радзівіла ІІІ. Ён асабліва падкрэсліваў, што гаспадарамі беларускіх земляў пасля Ягайлы былі не польскія каралі, але вялікія князі літоўскія (беларускія)32. Я. Станкевіч для вызначэння беларускасці ўлады ў ВКЛ апеляваў да панавання беларускага права і ўспрымання беларусамі гэтае дзяржавы як сваёй. У 1960-х гадах ён вырашыў, што “беларускі” (вялікалітоўскі) характар ВКЛ павінен быў стаць асноваю нацыянальнай ідэнтычнасці і прапанаваў перайменаваць Беларусь у “Вялікалітву”.
|
24 Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. Менск, 1992. С.11. 25 Адпаведна, дынастыя вялікіх князёў літоўскіх павінна разглядацца як працяг полацкае княскае дынастыі. 26 Доўнар-Запольскі М. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Менск, 1994. С.9. 27 Тамсама. С.17. 28 Шкялёнак М. Беларусь і суседзі. Гістарычныя нарысы. Беласток, 2003. Станкевіч Я. Гістарычныя творы. Менск, 2003. 29 Гістарычная спадчына М.Шкялёнка досыць вялікая, але цэнтральнае месца займае серыя артыкулаў “Да мэтадалёгіі гісторыі Беларусі”, якая была надрукавана ў газеце “Раніца” ў 1942—1943 гг. 30 Адмаўляючы назву “Беларусь” як каланіяльную, ён імкнуўся замяніць яе квазігістарычным назовам “Крыўя”, “Крывія”. 31 Станкевіч Я. Цыт. выд. С.145. 32 Шкялёнак М. Цыт. выд. С.143. |
Літоўская гістарыяграфія Для грамадства, ідэнтычнасць членаў якога заснаваная на этна-лінгвістычных прынцыпах — а менавіта такой была абвешчаная ў 1917 годзе Літоўская Рэспубліка, — вялікае значэнне мае этнічная аснова ўласнае палітычнае традыцыі. Нягледзячы на пэўны інтарэс літоўскага нацыянальнага руху да ідэі шматнацыянальнага Вялікага княства Літоўскага, у аснову ідэі новае літоўскае дзяржаўнасці была пакладзена этна-лінгвістычная супольнасць. У адпаведнасці з гэтай дзяржаўнай ідэяй склалася новая гістарыяграфія, пакліканая ачысціць палітычную традыцыю ВКЛ ад славянскіх (перш за ўсё русінскіх) элементаў. Сітуацыя для літоўскай гістарыяграфіі значна палягчалася тым, што літоўскае дамінаванне ў ВКЛ у польскай гістарыяграфіі было ў той час калі не догмай, то пашыраным уяўленнем. Як бясспрэчная гістарычная веда прымалася формула, лаканічна сфармуляваная Г. Лаўмянскім у 1935 годзе: “Паноўнай [у Вялікім Княстве] была этнічная літоўская супольнасць, і яе належыць ідэнтыфікаваць з дзяржаваю; у яе руках знаходзілася палітыка, а яе інтарэсы былі для вызначэння палітыкі вызначальнымі”. Гэтая формула як найлепш падыходзіла да нацыянальнае літоўскае дзяржавы, фармулюючы ўсю сутнасць разумення ўлады ў ВКЛ. Улада была этнічна літоўская, палітыка ажыццяўлялася ў імя этнічных літоўцаў, русінскі элемент — толькі рэсурс для літоўскага этнічнага дамінавання. Натуральна, што русінскія землі былі захоплены літоўцамі, а дынастыя літоўскіх князёў мела балцкае паходжанне. Дзякуючы таму, што ў час далучэння Літвы да СССР у 1940 годзе савецкая гістарыяграфія прызнавала выключна літоўскі характар Вялікага княства Літоўскага, гэтая версія веды пра мінулае практычна без зменаў праіснавала да аднаўлення незалежнасці Літвы ў пачатку 1990-х. Яе важнай уласцівасцю трэба лічыць ацэнку літоўскімі гісторыкамі этнічнага літоўскага элементу ў ВКЛ не менш за 1/3 ад агульнага складу насельніцтва. Заснаванне Вялікага Княства літоўскім этнічным элементам таксама не выклікала ў іх сумневу (асабліва прыдатнай была савецкая версія генезісу ВКЛ), спробы некаторых даследчыкаў змясціць Літву ў вярхоўі Нёмана нічога не мянялі, бо гэта тэрыторыя прызнавалася этнаграфічна літоўскай. |
Троху іншай была рэцэпцыя гісторыі пасля 1596 году. Тут польская гістарычная веда разыходзілася з палітычнымі патрабаваннямі творцаў новае літоўскае ідэнтычнасці. Найперш літоўскія гісторыкі не прымалі ўнітарнай інтэрпрэтацыі Рэчы Паспалітай, калі федэратыўны характар гэтае дзяржавы або ігнараваўся, а яна сама атаясамлівалася з Польшчай, або сцвярджалася страта ВКЛ сваёй дзяржаўнасці пасля Уніі 1569 году, бо нібыта ад 1569 году польска-літоўская дзяржава ўяўляла сабой адно цэлае33. Літоўскія гісторыкі зазначалі аўтаномны характар развіцця ВКЛ пасля Уніі 1569 году і паслядоўна апелявалі да традыцыі “ліцвінскага сепаратызму”, які красаваў нават у сярэдзіне XVIII ст. і чыя традыцыя дапамагала падоўжыць гісторыю літоўскае дзяржаўнасці на некалькі стагоддзяў. Літоўская гістарыяграфія негатыўна ставілася да канцэпцыі польскай палітычнай нацыі і бачыла ў ёй сродак паланізацыі эліты Вялікага Княства, самі палякі ў ёй практычна на працягу ўсяго ХХ ст. трактаваліся як чужая і варожая сіла34. Паланізацыя, адпаведна, насіла прымусовы і агрэсіўны характар. Пры інтэрпрэтацыі культурнае спадчыны Вялікага Княства літоўскія гісторыкі схільны называць усё ліцвінскае літоўскім. Само Вялікае Княства вызначалася як шматкультурная і шматнацыянальная, але не як шматпалітычная дзяржава, і ўсе этнасы ў ім, акрамя літоўскага, разглядаліся як нацыянальныя “меншасці”35. У адпаведнасці з гэтым літоўская дзяржава выступала апякункай і фундатаркай русінскае культурнае традыцыі, якая здолела развіцца толькі дзякуючы гэтай спрыяльнай палітыцы. Што тычыцца старабеларускае мовы, то яе прынята называць “gudų kanceliarinė kalba” (русінская канцылярскаая мова), “senoji slavų kalba” (стараславянская мова) ці “kanceliarinė slavų kalba” (канцылярская славянская мова)36. Найбольш распаўсюджаныя апошнія два варыянты зводзяць яе да безасабовага lingua franca кшталту лаціны. Яшчэ адной прыкметаю літоўскае гістарыяграфіі з’яўляецца яе “дзяржавацэнтрычнасць”, што праяўляецца ў інтэграцыі гісторыі этнасу (нацыі) і гісторыі дзяржаўнасці37. З гэтым звязана ўстойлівае атаесамленне паняткаў Літвы і Вялікага княства Літоўскага. Такая моцная сувязь гісторыі з інстытутам дзяржавы з’явілася ў пачатку ХХ ст. і, напэўна, генетычна ўзыходзіць да польскае гістарыяграфіі ВКЛ. Увогуле гісторыя Літвы выглядае наступным чынам: Старажытная Літва — Вялікае княства Літоўскае (ХІІІ—XVIII стст.) — этнаграфічная Літва (куды ўключана паўночна-заходняя частка Беларусі разам з Гародняй) у складзе Расіі — незалежная Літва 1917—1940 гг. — Літоўская СССР — сучасная Літоўская Рэспубліка. Усе пералічаныя дзяржаўныя і тэрытарыяльныя ўтварэнні з’яўляюцца такімі ж літоўскімі, як і сучасная Літоўская Рэспубліка.
|
33 Бардах Ю. Крэва і Люблін. З праблемаў польска-літоўскае уніі // Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Менск, 2002. С.68. 34 Смалянчук А. Цыт. выд. С.149. 35 Нацыянальныя меншасці ў адпаведнасці са сваім статусам, а не колькасцю. 36 Гл., у прыватнасці: Антонаў А. Беларусь і беларусы ў літоўскіх школьных падручніках гісторыі // Беларускі гістарычны агляд. Т.8. 2001. Снежань. 37 Гэта сітуацыя выразна адрозніваецца ад беларускай, бо для беларускай гістарыяграфіі гісторыя — гэта перш за ўсё гісторыя “народу”. |
Вялікае княства Літоўскае і палітычная рэальнасць Вялікае княства Літоўскае знікла з палітычнае мапы Еўропы ў канцы XVIII cт., але яго палітычная гісторыя на гэтым не скончылася, у канцы 80-х г. ХХ стагоддзя яно зазнала сапраўднае адраджэнне свайго палітычнага капіталу. “Адраджэнне” памяці пра Вялікае Княства стала важным сродкам разбурэння беларускае савецкае ідэнтычнасці і займала значную ролю ў аргументацыі нацыянальнага руху канца 1980-х — пачатку 1990-х. Практычна ўся палітычная сімволіка беларускага нацыянальнага руху, ад гербу “Пагоня” да бітвы пад Оршаю, так ці інакш была ўгрунтаваная ў гістарычны досвед Вялікага Княства. Гісторыя як сродак атрымання веды-пра-мінулае выразна адлюстроўвае “дух эпохі”, але робіць гэта ў сублімаваным і непазнавальным выглядзе. Як і любая навука, яна апелюе да праўды і гэтым прымушае пэўным чынам маскаваць уласную палітычную прыроду. Вялікае княства Літоўскае як гістарычны вобраз, што мы ўжо зазначалі, было элементам палітычнае свядомасці і эвалюцыянавала разам з ёй. У часы польска-расійскага супрацьстаяння Вялікае Княства паўставала як арэна бясконцае барацьбы каталікоў і праваслаўных. Цяпер, калі палітычным стандартам стала талерантнасць, у палітычнай гісторыі ВКЛ шукаюць і знаходзяць эталон рэлігійнае цярпімасці. У першай палове ХХ ст., калі паўставалі нацыянальныя рухі і ім неабходна была сцвердзіць сваю самастойнасць, дзяржаўнасць і нават “імперскасць” (што дадавала нацыянальнаму руху гонару), фармаванне Вялікага Княства выглядала як шэраг заваёваў і гвалтоўных экспансіяў, вайны за жыццёвую прастору. Калі ж палітычныя адносіны паміж краінамі стабілізаваліся і канфрантацыя змянілася размовамі пра еўрапейскую інтэграцыю ды добрасуседства, пачалі пашырацца канцэпцыі сінтэзу, сімбіёзу, згоды ды ўзаемнай выгады як асновы існавання Вялікага княства Літоўскага. Разам з палітычнай модай на мультыкультуралізм з’яўляюцца канцэпцыі Вялікага княства як ідэальнай шматкультурнай дзяржавы Сярэднявечча38. Асаблівую ўвагу звяртаюць на дэмакратычную традыцыю Вялікага Княства, якая на пачатку ХХ ст. успрымалася хутчэй як “шляхецкае бязладдзе”. Вобраз Вялікага Княства быў заўсёды розны і заўсёды адлюстроўваў “дух часу” ці “дух прасторы”, якія яго стваралі. Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае мы ведаем як Літоўскую, Літоўска-Рускую, Літоўска-Беларускую, беларуска-літоўскую і, нарэшце, беларускую дзяржаву. Кожны з адзначаных вобразаў Вялікага Княства адсылае да ўласнага палітычнага кантэксту і гістарычнага навуковага канону. Мы паспрабавалі глыбей зразумець гэтае адрозненне, але ні ў якім разе не вырашыць, наколькі яно правамерна. На гэтым шляху ў нас стаіць разуменне гісторыі як веды палітычнай, дакладней — палітычна значнай. Няма палітычных практык — няма і кагнітыўных. На жаль, на працягу ўсяго свайго развіцця гістарычная навука значна больш залежала ад геапалітычнага ландшафту сучаснасці, чым ад фактаў мінулага, якія яна даследуе.
|
38 Нацыянальная прыналежнасць у такім выпадку размываецца, і ВКЛ паўстае як беларуска-польска-ўкраінска-расійска-габрэйска-… і так да бясконцасці дзяржава. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (28) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Маkса Плакса |