A R C H E П а ч а т а к № 5 (28) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


52003
» да Зьместу «

 


ВІЛЕНСКАЯ АНТАЛЁГІЯ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Віленская анталёгія

МІКОЛА НІКАЛАЕЎ

(70Kb) Вокладка ARCHE 5-2003. ВІЛЕНСКАЯ АНТАЛЁГІЯ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча. Фатаздымкі Дзяніса Раманюка.

   Мінулыя нумары:

   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

 

Мікола Нікалаеў
Вільня і Літва
ў расейскім друку


Як тэма Вільні гучыць цяпер у расійскім друку? Спроба напісаць на замову “ARCHE” агляд апошніх 10 гадоў пачалася з анекдоту. Самага смешнага — габрэйскага. Камп’ютэр Расійскай нацыянальнай бібліятэкі на маё запытанне знайшоў толькі два выданні, у назве якіх было імя патрэбнага гораду. Яны называліся “Евреи в Вильно” і “Литовский Иерусалим”. Больш нічога.

Хочаш смейся, а хочаш плач — акрамя гэтых вельмі добрых для сваёй тэмы выданняў трапіліся толькі шматлікія кніжкі савецкага перыяду — відавыя альбомы, праваднікі па горадзе, мастацкія творы і цяпер рассакрэчаны, а раней спецховаўскі суперпадрабязны “Пашпарт гораду Вільнюсу” 1972-га году, паасобнік №43.

Няўжо праз дзесятак гадоў пасля перабудовы ніхто не напісаў па-расійску пра Вільню? Не, такі вынік сведчыць толькі пра непрыдатнасць прамалінейнага пошуку для вывучэння цікавай нам тэматыкі. А яшчэ пра тое, што ніхто акрамя габрэяў не змог спакойна і ўпэўнена сказаць пра гэты горад: “Наша Вільня”. Ні расійцы, ні літоўцы, ні беларусы. Праўда, літоўцам лягчэй. Цяпер, калі гэты горад — сталіца іх новай маленькай дзяржавы, “літоўская Вільня” ўспрымаецца як нешта само сабою зразумелае. “Вільнюс” — не толькі па-літоўску, але і на амаль усіх мовах свету.

Сталіца беларуска-літоўскага гаспадарства, культурная сталіца Беларусі, адміністрацыйная сталіца Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі і постсавецкай Летувы/Літвы ў гістарычных і культуралагічных штудыях — асобны сюжэт. Вільня была сталіцай дзяржавы, якая на працягу амаль паловы тысячагоддзя аб’ядноўвала ўсе беларускія землi, а потым бясследна знiкла з палiтычнай карты Еўропы. Ужо адна гэтая акалiчнасць можа тлумачыць, чаму для беларускага інтэлектуала цяжка паставiцца да гэтай тэмы без некаторай прадузятасцi.

Гiсторыя, лёс, культурная спадчына Вялiкага княства Лiтоўскага і яго апошняй (“вечнай”, як сказаў Антанас Тыла) сталіцы не толькi прыцягвалi i прыцягваюць да сябе ўвагу гiсторыкаў, фiлолагаў, мастацтвазнаўцаў, але i накладаюць выразны адбітак на грамадскую думку, iдэалагiчныя канструкцыі і навуковыя працы, нават — палiтычнае жыццё. Гэта ў пэўнай ступені немінуча — пакуль не пераходзiць мяжы, за якой пачынаюцца фантазіі i, адпаведна, заканчваецца навука. Напрыклад, адзiн з сучасных беларускіх даследчыкаў бачыць у Вялiкiм княстве i ў яго культуры ўзор канстытуцыйнага ладу, грамадзянскiх свабодаў, нават прававой дзяржавы, iнакш кажучы — чыстую “залатую сярэдзiну” памiж заходняй нецярпiмасцю i ўсходнiм дэспатызмам, а другi, не менш вучоны гарадзенскі прафесар лiчыць галоўнай заслугай ВКЛ захаванне свядомасцi этнiчнага адзiнства ўсходнiх славян, якая быццам патрэбная (i да сёння!) для паспяховага супрацiўлення польскай i ўвогуле заходняй культурнай экспансii. Пры ўсёй iдэйнай супрацьлегласцi гэтых поглядаў метадалагiчна яны тоесныя, паколькi іх аўтары ў роўнай меры зыходзяць з неабходнасцi, калi можна так сказаць, мабiлiзацыi гiстарычнага матэрыялу для актуальных патрэбаў дня i, галоўнае, не ўсведамляюць небяспекi, якая чакае гiсторыка на гэтым шляху: звужэння далягляду, адвольнага падбору крынiц, iх некрытычнага ўспрымання i да т.п.
 

(нар. у 1955 у Шчучыне) — супрацоўнік Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, сябра вучонай Рады РНБ. Сёлета пераклаў на беларускую мову, зрэдавагаў і выдаў у Пецярбургу манаграфію Фрыды Гурэвiч “Летапiсны Новгородок — старажытнарускi Наваградак”.
   

Падобныя метадалагiчныя падыходы ўласцiвыя не толькi беларускай iнтэрпрэтацыi спадчыны ВКЛ. У гiстарыяграфii Расii — заваёўніцы Вялiкага княства з усёй яго тэрыторыяй, насельнiцтвам, матэрыяльнымі рэсурсамi i культурнымі помнiкамi — да яго заўсёды прысутнiчала нейкае хваравiтае стаўленне. Яшчэ ў 1816 годзе Мікалай Карамзiн гаварыў аб сумесi “ўдаванай прыязнасці” i “натуральнай, узаемнай нянавiсцi” памiж Лiтвой i Расiяй1, праз сто гадоў Аляксандр Праснякоў напiша аб “непазбежнай варожасцi” Ўсходняй i Заходняй Русi2, i ў нашы днi знакамiты маскоўскі акадэмiк Валянцін Янін амаль паўторыць гэтую думку, характарызуючы (у прадмове да манаграфii сваiх малодшых калегаў) маскоўскiя дачыненні да Лiтоўска-Рускай дзяржавы як да “ўтварэння роднаснага, хоць i пастаяннай крынiцы ваеннай небяспекi”3. Калi дарэвалюцыйных гiсторыкаў хвалявала нязменная апазiцыя да Масквы з боку дзяржавы, у масе сваёй безумоўна славянскай i праваслаўнай4, то аўтараў савецкай эпохi насцярожвала, галоўным чынам, нацыянальная прырода ВКЛ, больш дакладна — вiдавочная адсутнасць такой, а яшчэ больш дакладна — прынцыповая немагчымасць суаднесцi яго гiсторыю з якой-небудзь канкрэтнай савецкай рэспублiкай. Апошнiм часам было шмат крытыкi ў бок савецкага даследчыка Ўладзіміра Пашуты за наданне iм Вялiкаму княству на пачатковым этапе iснавання нацыянальнага лiтоўскага характару. І ў гэтай крытыцы шмат слушнага5; толькi ж не будзем забывацца, што iншы падыход для савецкага гiсторыка быў амаль што немагчымы, бо паноўная iдэалогiя надзвычай рашуча спыняла спробы выхаду нацыянальнай гiстарычнай думкi за межы адведзеных ёй “рэспублiканскiх кватэр” (возьмем хоць бы гiсторыю з кнiгай Алжаса Сулейменава “Аз i я” альбо памянёны Алесем Краўцэвiчам факт “забароны ў 70-я гады выдання зборнай працы пра Беларусь у складзе ВКЛ”6). Апошнія гады паказалi, што, вызвалiўшыся ад савецкiх шораў, нацыянальная гiстарыяграфiя можа адразу ж апынуцца ў новых. Так, сучасныя даследчыкi-кнiгазнаўцы з Вiльні Сiгiтас i Дайва Нарбуты пiшуць у прадмове да свайго грунтоўнага каталогу лацiнскамоўных кнiг ВКЛ: “Дамiноўная цяпер дзяржаўная мова i мноства з ёю звязаных нерэалiзаваных грамадскiх магчымасцяў закладзеныя ў культуры XVII стагоддзя”7. У самой гэтай фразе не было б нiчога дзiўнага, калi б тут прысутнічала тлумачэнне, пра якую сучасную дзяржаву i якую дзяржаўную мову ідзе гутарка — польскую, беларускую цi такi лiтоўскую.

Класці ў аснову навуковага даследавання пэўную нацыянальную ідэю — справа рызыкоўная. Нават такі цвярозы вучоны, як Вячаслаў Чамярыцкі, заявіў аднойчы: “...Зусім непрымальнай з’яўляецца іх (беларуска-літоўскіх летапісаў — Аўт.) назва “заходнярускія”, ужыванне якой па сутнасці адмаўляе існаванне беларускага народу ў XV—XVI стагоддзях са сваёй адметнай культурай”8. Мусім пагадзіцца, што тэрмін “заходнярускі” адносна летапісаў сапраўды ў чымсьці няўдалы; але якое гэта мае дачыненне да “існавання беларускага народу”? І нават калі мае, што за злачынства — адмаўляць існаванне таго ці іншага этнасу ў канкрэтны гістарычны перыяд? У сярэдзіне XIX стагоддзя расійскі гісторык і правазнаўца Канстанцін Кавелін выказаў тое, што ў прынцыпе ўсведамлялі ў навуцы ўсе, але ніхто не ўмеў альбо не адважваўся выказаць адкрыта (у гістарыяграфіі гэта сустракаецца нярэдка): падчас складання “першага нашага летапісу” велікарусаў як “галіны рускага племя” яшчэ не існавала9. Аднак таго, хто на гэтай падставе палiчыў бы Кавеліна лібералам і заходнікам, чакае моцнае расчараванне: ужо на суседняй старонцы ён шчыра гаворыць, што “Расія ёсць адзіная свабодная славянская дзяржава” і пра “спрадвечную несамастойнасць Заходняй Расіі, яе няздольнасць да стварэння адзінай магутнай дзяржавы”10. Мы тут не будзем абмяркоўваць такі погляд па сутнасці — гэта проста прыклад таго, наколькі незлучальныя навуковыя высновы і нацыянальныя ці патрыятычныя афекты.

Аўтар гэтых радкоў за метадалагiчную аснову любой датычнай Вільні гістарычна-культурнай працы прапануе лiчыць такую пасылку: і ў Віленскі, і ў Наваградскі, і ў Троцкі перыяды сваёй гісторыі Вялiкае княства Лiтоўскае было дзяржаўнасцю, культурай, цывiлiзацыяй, якая загiнула i нiколi не ўваскрэсне i непасрэдным пераемнiкам якой не мае права лiчыць сябе нi адна з дзяржаў i нацый, што ўзніклі ў яго колішніх межах. Адэкватна зразумець такi культурны феномен можна, толькi адхiлiўшыся ад якой бы там нi было iдэалiзацыi альбо мадэрнiзацыi гiстарычнага мiнулага. Гэта не азначае, што мы абыякава ставімся да беларускай мінуўшчыны альбо адмаўляем уплыў культурнай спадчыны ВКЛ на нацыянальныя культуры нашага рэгіёну ў XIX—XX ст., — мы толькi заклікаем пазбавiцца ад непатрэбных прымхаў i стэрэатыпаў. Заклікаем, зразумела, нашага чытача — аўтары разгледжаных ніжэй публікацый сваё слова ўжо сказалі.
 






1 Карамзин Н.М. История государства Российского. Т.6. Москва: Наука, 1998.

2 Пресняков А.Е. Образование Великорусского государства. Москва: Наука, 1998.

3 Александров Д.Н., Володихин Д.М. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII—XVI веках. Москва: Аванта, 1994.

4 На думку М.Крома, вядучую ролю тут адыгрывала палітычная падазронасць адносна ВКЛ як “поліэтнічнага і поліканфесіянальнага ўтварэння”, якое пасля паўстання 1863—1864 гг. магло паслужыць небяспечным прыкладам для народаў імперыі (Кром М.М. Между Русью и Литвой: Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV—первой трети XVI в. Москва: Археографический центр, 1995.). Гэта абсалютна правільна, але зыходная інтуіцыя такой падазронасці значна глыбейшая за розныя злабадзённыя палітычныя ўражанні і, безумоўна, значна больш старая, чым падзеі 1863 г. Дый чым быў славуты “заходнерусізм” XIX ст., як не адчайнай спробай апраўдацца, даказаць сваю “рускасць”, праваслаўе, адным словам, непадзельнасць з метраполіяй, а ўсё іншае абвясціць інтрыгамі альбо подступам з боку ворагаў.

5 Гл., напр.: Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь. Полацкі і новагародскі перыяды. Менск: Навука і тэхніка, 1990; Ён жа. Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд. Менск: Беллітфонд, 1994; Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. Менск: Беларуская навука, 1998.

6 Краўцэвіч А.К. Цыт. выд.

7 Narbutiené D., Narbutas S. XVII a. Lietuvos lotyniškų knygų sarašas. Vilnius, 1998. P.25.

8 Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў. Менск: Навука і тэхніка, 1969.

9 Кавелин К.Д. Наш умственный строй: Статьи по философии русской истории и культуры. Москва, 1989. С.183.

10 Тамсама. С.184.
   

На эмоцыях і прымхах будуюцца разважанні ў найлепшай кнізе з віленскай тэмай — кнізе Томаса Венцлавы “Свобода и правда” (Москва: Издательская группа “Прогресс”, 1999).

Венцлава — сын вядомага пісьменніка, у савецкія часы дысідэнт, пасля выгнаннік, паэт, выкладчык прэстыжнага амерыканскага Йельскага ўніверсітэту — напісаў кнігу пра Вільню, дзе паказаў — найперш для сябе, але і для ўсяго свету — вынікі супастаўлення нацыянальных памкненняў і прыярытэтаў з агульначалавечымі вартасцямі. Раздзелы ягонай кнігі называюцца: “Габрэі і літоўцы”, “Расійцы і літоўцы”, “Вільня як форма духоўнага жыцця” (тут дыялог з інтэлектуалам-віленчуком Чэславам Мілашам), “Палякі і літоўцы”, “Незалежнасць”. Беларускай Вільні, сталіцы беларуска-літоўскага гаспадарства, у гэтай кнізе месца не знайшлося — яна неактуальная і непрадуманая. Старажытная Вільня для Венцлавы напоўненая рускімі, жмудзінамі і палякамі, якія чамусьці гавораць, пішуць і друкуюць кнігі на старабеларускай мове. Аднак яго мудрыя словы стасуюцца і да нас:

“Для мяне росквіт і нават само выжыванне нацыі — сумнеўная радасць, калі яе даводзіцца купляць коштам нянавісці да чужога, задушэння “варожых элементаў”, коштам канфармізму і маны. Нацыя дарагая мне настолькі, наколькі яе звычаі, гісторыя, сучаснасць увасабляюць праўду і свабоду — вартасці больш высокія, чым яна сама. І паколькі так ужо здарылася, што я паводле нараджэння і выхавання належу да той, а не да іншай нацыі, мой абавязак — прыносіць пасільную долю гэтых вартасцяў у яе сучаснасць, у яе штодзённы побыт.

Аднак, гаворачы так, я не хачу забываць і другое. Так, нацыяналізм у нашых краях мацнейшы, чым на Захадзе, але гэта таму, што мы не мелі магчымасці перажыць і пераадолець яго ў нармальных заходніх формах. Тое, што адбываецца цяпер, — не заўсёды вяртанне да цёмных часоў племянной варожасці. Гэта хутчэй імкненне да таго, што даўно маюць і не заўсёды цэняць еўрапейскія народы, — да цывілізаванага нацыянальнага існавання, якое выражаецца ў формах незалежнай дзяржаўнасці”.

 
   

Расійскія інтэлектуалы свайго часу прыслухаліся да Венцлавы і Мілаша. Дыялог аб Вільні друкавалі і абмяркоўвалі маскоўскія перыёдыкі “Синтаксис” (1981, №9) “Литературное обозрение” (1999, №3), “Старое литературное обозрение” (2001, №1).

Іншы полюс літоўскага абмеркавання праблемы Вільні ўяўляе сабой кніга “Восточная Литва в прошлом и настоящем” (пераклад, арыгінальнае выданне выйшла ў 1993 г. — Аўт.) прафесара ўніверсітэту імя Капсукаса Зігмаса Зінкявічуса (Mokslo ir enciklopedijų leidykla, Vilnius: 1996).

Парадокс гэтай кнігі палягае ў тым, што напісана яна ў “контрпрапагандысцкім” жанры, але аўтар — вядомы лінгвіст — дадаў так шмат аб’ектыўных і цікавых звестак, што адразу адхіліць гэтую ёмкую (387 старонак) працу не выпадае.

Пачынаецца кніга “Словам да чытача!” — на канцы звароту стаіць клічнік. Стаіць сімвалічна — відаць, таму, што аўтар прадмовы да кнігі Зінкявічуса Антанас Тыла хоча паведаміць расійскамоўнаму чытачу: “Віленскі край — гэта зямля, дзе былі першыя сталіцы літоўскай дзяржавы — Кернаў, Трокі і пазней — вечная сталіца Вільня” (с.5.). Ні наваградскі перыяд гісторыі ВКЛ, ні ковенска-летувіскі ў такую кароткую схему не ўпісваюцца, а таму і не называюцца. “Складаная грамадска-палітычная гісторыя гэтай зямлі — гэта няволя і жорсткі расійскі, пасля савецкі прыгнёт, пераследы літоўцаў пры акупацыйнай уладзе Польшчы ў 1919—1939 гадах”. Тыла рэкамендуе кнігу для папаўнення ведаў аб самой Літве, якая павінна стаць больш зразумелай і блізкай. А далей гаворыць аўтар, які паўсюль у тэксце выступае ад імя літоўскага народу, хаця на вокладцы кнігі стаіць толькі яго імя. У “Прадмове” ён прыгадвае прыказку старажытных рымлянаў: “Homines historiarum ignari semper sunt puere” — “Людзі, якія не ведаюць гісторыі, назаўсёды застаюцца дзецьмі”. Пасля ён абвяшчае, што мэта кнігі — пазнаёміць “недастаткова абазнаных у гісторыі чытачоў” з мінуўшчынай, якой яна была на самай справе (неістотна, падабаецца гэта камусьці альбо не падабаецца). І пачынае выкладаць гісторыю ў такой інтэрпрэтацыі, што не застаецца сумневу — чытачы павінны застацца дзецьмі, якія моўчкі прымаюць погляды прафесара Зінкявічуса.

Пасля кароткіх “Слова да чытача” і “Прадмовы” ідзе выклад гісторыі ад мяжы ІІ—І тысячагоддзяў да новай эры да пачатку 1990-х гадоў. Напісана пра пасяленні старажытных балтаў і пра старажытных літоўцаў. Акрэсленыя межы і кантакты балтаў з усходнімі славянамі, станаўленне і развіццё Вялікага княства Літоўскага, бегла пераказаныя падзеі XVI—XVIII стагоддзяў, улучна з заняпадам Рэчы Паспалітай. Шмат пра літоўскую і іншыя мовы ў “Старажытнай Літоўскай дзяржаве”. Шмат патэтычнай лаянкі ў раздзелах “Пад уладай царскай Расіі” і “Ўсходняя частка Літвы пад уладай Польшчы”, шмат нараканняў на “один трудно излечимый гнойник — город Висагинас…” (с.377), на пабітыя шыбы ў вёсцы Пялеса і штраф за гэта ў 30 рублёў (с.379), на вывад варожага войска з Віленскага епіскапства (с.381) і да т.п.
 

 
   

Але калі сур’ёзны чытач захоча праясніць для сябе сур’ёзныя пытанні, напрыклад, цi была пры Вітаўце альбо ці пры панаванні Вазаў супольная для Вялікага княства Літоўскага культурная прастора, адназначнага адказу ён не атрымае. Самастойнасць асобных земляў Вялікага княства ў далёкім мінулым замацоўвала iх культурныя асаблiвасцi. У розных частках дзяржавы карысталiся сваiмi дыялектамi “рускай”, цi “лiтоўскай” мовы (прусы i жмудзiны разумелi балцкія гаворкi з-пад Лiды i Крэва не больш, чым палачане палякаў). Хрысцiянства не забараняла “тутэйшай” мовы цi дыялекту, але прывучала малiцца на мове агульнацаркоўнай. Адным з важных i да сёння нявывучаных пытанняў культурнай гiсторыi ВКЛ застаецца пытанне аб ужываннi “рускай” мовы ў каталiцкiм касцёле. Ахрышчаная ў каталiцызм Лiтва стала дзвюхмоўнай: ведаючы свой родны (балтыйскi) дыялект, феадалы балцкага паходжання на публіцы i ў побыце карысталiся старабеларускай мовай — асаблiва тыя, хто трымаў маёнткi на славянскіх землях, хто параднiўся з русінскімі баярамі або польскімі шляхціцамі. Касцельнае набажэнства на лацiнскай мове вымагала ад святароў ведання лацiны, але не больш за тое. Якая мова мае абслугоўваць унутрыкасцельнае жыццё (казанне, дакументацыю i да т.п.), павiнны былi вырашаць самi вернікі. Рымска-каталiцкi касцёл у дачыненнях культуры (мастацтва, мовы, музыкi) быў сiстэмай гнуткай i адкрытай (пра гэта сведчаць, напрыклад, кiрылiчныя надпiсы i фрэскi вiзантыйскага стылю ў касцёлах Кракава i Люблiна часоў Ягайлы). Захаваныя шматлiкiя касцельныя паперы на старабеларускай мове вiленскiх i наваградскiх касцёлаў, пратэкцыя каталiцкага епiскапа першадрукару Францішку Скарыну гавораць пра тое, што на пачатку XVI стагоддзя ў касцёле ВКЛ адбывалася ваганне памiж “пальшчызнай” i “русчызнай”.

Зігмас Зінкявічус шмат аддае ўвагі праблеме мовы. Як і абсалютная большасць іншых літоўскіх гісторыкаў, ён заклікае замяніць навуковы тэрмін “старобелорусский язык” — “…этот письменный язык использовался исключительно в государственной канцелярии и исчез, как только был заменен польским языком” (с.78), — “больш карэктным” “канцылярская славянская мова Літоўскай дзяржавы”. На якой мове гаварылі віленчукі часоў пачынаючы ад дзейнасці друкарні Мамонічаў альбо выдавецтва Свята-Духаўскага манастыра і да канца другой сусветнай вайны, аўтар не піша нічога.

Сам пераклад “Восточной Литвы в прошлом и настоящем” — вельмі характэрны прыклад літоўскай экспансіі ў расійскую моўную культуру. Геаграфічныя назвы і імёны вялікіх князёў літоўскіх перакладчык падае толькі з канчаткамі “-us” і “-as”: Міндаўгас, Гедымінас, Альгердас, Вітаўтас і г.д. Тое, што расійская мова ведала аб гэтых асобах яшчэ ў тыя часы, калі літоўскай пісьмовай мовы не існавала (у XIII—XV стст.), і выкарыстоўвала для іх менавання формы Міндоўг, Гедымін, Альгерд, Вітаўт… перакладчыка не хвалюе. Даходзіць да кур’ёзных выпадкаў, калі вядомага пісьменніка XVI стагоддзя Міхалона Літвіна па-расійску называюць “Михаил Литовец”. Урэшце, гэта не першая і не апошняя кніга з падобнай “расійскай” мовай. За гады такой ненавіснай Зінкавічусу бальшавіцкай акупацыі літоўцы не толькі атрымалі гістарычную сталіцу Вялікага княства Літоўскага, але і прывучылі большасць савецкіх людзей (у тым ліку расійцаў) да яе жмудскай назвы — Вільнюс. Не да канца, не ва ўсім, але традыцыя, што ідзе ад наўгародскіх, пскоўскіх і маскоўскіх летапісаў да велізарнай расійскай гістарычнай літаратуры XIX і XX стагоддзя, была перарваная.

У кароткім аглядзе бракуе месца для падрабязнага разгляду кожнага з раздзелаў гэтай эмацыянальна напісанай кнігі, дзе ацэнкі патрабуе кожны факт — ад 1705 году, які “…условно можно считать годом исчезновения письменного языка вильнюсцев” (с.126) да 1939 году, калі “большевики готовились провести выборы в местные органы “власти”, после чего Вильнюсский край включить в состав Белорусской ССР и “начать строительство коммунизма” (с.226). Тагачасныя палітычныя гульні прывялі да таго, што Вільня адышла да Літоўскай ССР, і па вайне жменька нацыянальна свядомай беларускай інтэлігенцыі змагла знайсці ў ёй прытулак. Так, прынамсі, выпускніца Пражскага ўніверсітэту, выдатная настаўніца-матэматык Настасся Сланеўская пасля 1949 году вымушана была выехаць з Наваградку ў Салечнікі, дзе спакойна дажыла да пенсіі, — беларускія праблемы яна працягвала зацікаўлена абмяркоўваць толькі ў перапісцы з менскім пісьменнікам і мовазнаўцам Фёдарам Янкоўскім. Выдатны беларускі мастак Пётра Сергіевіч да смерці працягваў сваю творчасць у сацыялістычнай Вільні… — колькасць прыкладаў можна доўжыць.

Паклаўшы ў аснову навуковага даследавання літоўскі нацыяналізм, Зігмас Зінкявічус стаў на рызыкоўны шлях выкарыстання дзвюх супрацьлегласцяў — навуковых (гістарычных, тапанімічных, лінгвістычных) высноваў і нацыянальна-патрыятычнага афекту. Яны не столькі кампраметуюць адно аднаго, колькі існуюць у розных вымярэннях — у розных метадах і катэгорыях вывучэння навакольнай рэчаіснасці і ў розных вобразах міфалогіі. Прапагандысцкая танальнасць кнігі разбурае аўру прафесійнай навукі. Аўтар падае сябе трыбунам, які пасля доўгай адседкі выйшаў да народу. Аднак шмат хто быў несправядліва рэпрэсаваны — гэта само па сабе не дае права (хай сабе і дзеля росквіту ўласнай нацыі) распальваць нянавісць да “варожых элементаў”. Дарэчы, прадавалася кніга Зінкявічуса затанна: відаць, мела чыюсьці датацыю.
 

 
   

Неўзабаве пасля выхаду літоўскамоўнага арыгіналу кнігі Зінкявічуса пра існаванне дыяметральна іншай — польскай — візіі “праслаўнага” гораду нагадала Масква кнігаю Ежы Рэмера (Jerzy Remer) “Wilno. Pierwszemu marszałkowi Polski Józefowi Piіsudskiemu w 15-tą rocznicę odzyskania Wilna” (Москва: Алиал, 1995). Гэтае факсімільнае перавыданне даведніка 1935 году выдавецтва “Алиал” падрыхтавала сумесна з выдавецтвам “Гутенберг-Принт”, якое мае філію ў Варшаве. Выдавецтва не стала шукаць нават новага аўтара ўступнага слова і проста тыражом у 15 тысяч асобнікаў (!) якасна ўзнавіла арыгінальны тэкст Ежы Рэмера і фатаграфіі прафесара Віленскага ўніверсітэту, урадзімца беларускай вёскі Асташына Яна Булгака. Цудоўныя краявіды Вільні і ваколіцаў, фотаздымкі народных тыпаў (асабліва характэрныя — прадаўцы велікодных вербаў і смургонскіх абаранкаў), здымкі інтэр’ераў культавых будынкаў і партрэты тагачасных генералаў, уключаючы Люцыяна Жалігоўскага, — гэтае польскае бачанне віленскай гісторыі пададзена пасля эпіграфу Аляксандра Фрэдра: “To Polska — to ojczyzna nasza”.

Воляй лёсу Вільня ўжо ў XVIII стагоддзі заставалася толькі культурным цэнтрам. Яе палітычнай сталіцай спачатку была Варшава, пасля — Санкт-Пецярбург. Аб прычынах і спосабах паступовага “перацякання” творчай інтэлігенцыі ў расійскую сталіцу, аб важнасці культурных кантактаў з Вільняй для пецярбургскай Акадэміі мастацтваў і аб адваротных працэсах — руху мастакоў з класічнай адукацыяй на беларускія землі напісана мастацтвазнаўчая манаграфія: Свирида И. “Между Петербургом, Варшавой и Вильно. Художник в культурном пространстве. XVІІІ — середина XІX в.: Очерки” (Москва: “ОГИ”, 1999).

Новыя падыходы ў расійскай гістарыяграфіі да Вільні акрэсліліся на пачатку 90-х. У 1994 годзе ў Маскве выйшаў першы том новай гістарычнай энцыклапедыі “Отечественная история. История России с древнейших времен до 1917 года” (Москва: Большая Российская Энциклопедия, 1994), дзе артыкул пра Вільню напісаў гарадзенскі гісторык Дзмітрый Караў. У ягоным нарысе развіцця гораду адсутнічае літоўскі сантымент, але разам з ім — і ацэнкі значэння нацыянальных рухаў у гэтым горадзе для станаўлення культуры новых нацыянальных дзяржаў у XX стагоддзі: польскай, беларускай, літоўскай і габрэйскай.

Адначасова з’явілася праца пецярбуржца, супрацоўніка Пушкінскага дому Алега Творагава “Древняя Русь. События и люди” (СПб.: Наука, 1994). Першы тыраж гэтай навукова-папулярнай кнігі імгненна разышоўся, і ў тым жа годзе было дадрукавана яшчэ пяць тысячаў асобнікаў, а праз год зроблена перавыданне. Добры знаўца рускіх летапісаў, А. Творагаў пабудаваў сваю кнігу як хроніку — пагадовы выклад найважнейшых падзей з кароткімі характарыстыкамі і тлумачэннямі таго, што адбывалася. Літоўская Русь, якую ад даўніх часоў расійская гістарыяграфія ўспрымала як неад’емны аб’ект сваіх даследаванняў, была вынесена за межы працы. Вільня ўспамінаецца толькі двойчы, у сувязі з вайной Карла X, Яна Казіміра і Аляксея Міхайлавіча. Паведамляецца пра захоп расійскім войскам гораду ў 1655 годзе. На гэтай жа старонцы аўтар паказвае, што Ворша, Магілёў, Смаленск, Вільня, Коўна i Горадня былі для расійцаў польскімі (!) гарадамі. Каментуючы незалежніцкія памкненні Вялікага княства Літоўскага (разрыў па ініцыятыве Януша Радзівіла уніі з Польшчай і ўкладанне уніі са Швецыяй), Алег Тварагоў адзначыў: “Асобныя прадстаўнікі польскай адміністрацыі падпісвалі сепаратныя пагадненні, перадаючы пад пратэктарат Швецыі значныя абсягі краіны…”. Пашыраны сярод расійцаў стэрэатып — не бачыць паміж Польшчай і Расіяй іншай нацыі і дзяржавы — аказваецца надзіва трывалым!

Тым часам выкладчыкі гістарычных факультэтаў дзяржаўнага і еўрапейскага ўніверсітэтаў Санкт-Пецярбургу Андрэй Дварнічэнка і Міхаіл Кром зацікавіліся працэсам утварэння беларуска-расійскай мяжы, у выніку чаго з’явіліся кнігі: Дворниченко А. “Русские земли Великого Княжества Литовского (до начала XVI в.)” (СПб., 1993); Кром М. “Между Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в.” (Москва: Археографический центр, 1995). Грунтуючыся на дакументальных крыніцах, аўтары падрабязна апісалі, як паводзілі сябе тагачасныя насельнікі Смаленскай і Бранскай земляў — хто з іх застаўся служыць беларуска-літоўскай дзяржаве, хто пайшоў на службу маскоўцам. Вільня паўстае ў гэтых працах як полюс, супрацьлеглы Маскве, але гісторыкі не ацэньваюць полюсы знакамі “плюс” альбо “мінус”. Галоўнае для іх — лёсы памежных земляў і іх насельнікаў.

Абапіраючыся на гэтыя два даследаванні, маскоўская даследчыца М. Бычкова ў сваёй кнізе “Русское государство и Великое Княжество Литовское с конца XV ст. до 1569 г. Опыт сравнительно-исторического изучения политического строя” (Москва: Издательский центр Института российской истории, 1996) прыходзіць да высновы, што “ў Вялікім княстве Літоўскім у граніцах адной дзяржавы жылі розныя народы са сваімі палітычнымі і культурнымі традыцыямі”.

Кніга М. Бычковай прысвечана памяці аднаго з самых таленавітых гісторыкаў ВКЛ нядаўняга часу — заўчасна памерламу Эгідзюсу Банёнісу. Беларускае трактаванне ВКЛ як шматмоўнай і шматканфесійнай гістарычнай фармацыі тут не стала прадметам разгляду — можа, з прычыны недастатковай распрацаванасці тэмы самімі беларускімі даследчыкамі. Зрэшты, сама аўтарка прызнаецца, што яе “назіранні маюць хутчэй пастановачны характар і накіраваныя на тое, каб стымуляваць далейшае вывучэнне праблемы”.
 

 
   

Абставінам стварэння ВКЛ і складання новай палітычнай карты Ўсходняй Еўропы прысвечаны шэраг працаў маскоўскага даследчыка Дзмітрыя Аляксандрава: “Южная, юго-западная и Центральная Русь в XIII—XIV вв. и образование Литовского государства” (Москва: Гармония, 1994); “Галицко-волынская земля в XIII—XIV вв.” (Москва, 1997); “Смоленская земля в XIII—XIV вв.” (Москва, 1998). Яшчэ адна кніга напісана ў суаўтарстве з Валадзіхіным Д.: “Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII—XVI веках” (Москва: Аванта, 1994);

Дзмітрый Аляксандраў упершыню пасля Ўладзіміра Пашуты стварыў цэльную карціну гістарычнага працэсу на тэрыторыі будучага Вялікага княства Літоўскага, а таксама паспрабаваў асэнсаваць яго палітычную гісторыю, прычым яго аналіз заснаваны не толькі на вывучэнні крыніц, але і на аглядзе гістарыяграфіі. Беларускага чынніку ў палітычнай гісторыі ВКЛ аўтар не бачыць — можа, таму, што беларуская гістарыяграфія традыцыйна аддае справу асэнсавання і інтэрпрэтацыі гісторыі Вялікага княства Літоўскага гісторыкам мовы і літаратуры, а таксама літаратарам. Апрача гэтага, калі беларускія зацікаўленні да перыяду паўстання ВКЛ былі абазначаныя працамі Міколы Ермаловіча і Алеся Краўцэвіча, то Віленскі перыяд жыцця і функцыянавання нашай колішняй дзяржавы застаецца яшчэ — для нас саміх — terra incognita.

Для звычайнага расійскамоўнага турыста дастаткова інфармацыі пра Вільню можна знайсці ў турыстычным даведніку з серыі “Свет вакол нас” выдавецтва “Эдиториал УРСС”, што ўваходзіць у маскоўскі выдавецкі дом “Симон-пресс”. Ён распачаў серыю кніжак пра чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказу, Наўгародскую, Пскоўскую, Цверскую, Архангельскую вобласці, Карэлію, Крым. Дзевятая кніга ў серыі — яна ж першая пра замежную дзяржаву: Фридман В., Шапошников М., Буланов С. “Литовская республика. Вильнюс. Каунас. Шауляй. Путеводитель” (Москва: Эдиториал УРСС, 2000).

Тут ёсць гістарычны нарыс з растлумачэннем, хто такія Вітаўт і Альгерд, Сметона і Чурлёніс, план цэнтральнай часткі Вільні са спісам рэстаранаў, кавярняў і музеяў, пералік гістарычных цэркваў, касцёлаў і сінагог ды шмат іншых карысных звестак, уключаючы філалагічныя — некалькі самых неабходных слоў па-літоўску. Гасцям Вільні прапануюць агледзець новыя, пастаўленыя ўжо ў паслясацыялістычны час помнікі Гедыміну на Цэнтральнай плошчы (1996 г.) і Фрэнку Запу на вуліцы Каліноўскага (1995 г.)11. Праўда, аўтары заблыталіся з касцёламі, назваўшы касцёл Святога Міхала касцёлам Міколаса, а Вострую Браму — “Медининкские ворота”. Часам так і хочацца перакласці тэкст даведніка на беларускую мову, каб замест “Главная артерия Старого города состоит из улиц Пилес, Диджёйи и Святых Ворот (1,4 км)” загучала: “Галоўная артэрыя Старога гораду складаецца з вуліц Замкавай, Вялікай і Вастрабрамскай (1,4 км)”. Спадзяёмся, што гэта некалі зробяць беларускія турыстычныя фірмы.
 

11 Для тых, хто не зразумеў, каму незалежная Літва паставіла помнік на вуліцы Кастуся Каліноўскага, паведамляю: Фрэнк Запа (1940—1993), амерыканскі гітарыст і вакаліст.




   

Вільня — культурны цэнтр беларусаў, які застаўся па-за межамі нашай сённяшняй дзяржавы. Ці гэта значыць, што не трэба звяртаць на гэты горад спецыяльнай увагі? Мы так не лічым. Рэктар Віленскага ўніверсітэту Рамуальд Павілёніс у інтэрвію “Независимой газете”12 ахарактарызаваў постсавецкую прастору як прастору няісную: “Цяпер увесь свет постсавецкі. Проста нейкая частка дзяржаваў была ў межах савецкага лагеру, а нейкая была ў стасунках (хай варожых) з гэтым жа лагерам. Свет ужо даўно змяніўся”. Павілёніс прапануе не адступаць назад, а ісці далей. Згода. У гэтай сваёй працы я іду да Вільні.

1. Я іду да Вільні.
2. Мы ідзём да Вільні.
3. Яны ідуць да Вільні.

Навошта чытачы кніг iмкнуцца да Вільні? Адказ на гэта пытанне можна пашукаць у дзіцячай гульні “Вільня”, якую этнолагі запісалі ў канцы XIX стагоддзя ў вёсцы Аўдзеевічы Нягневіцкай воласці Наваградскага павету: на роўным месцы капаецца ямка 3 вяршкі ўглыбкі, столькі ж у дыяметры. Яна называецца “Вільня”. Дзеці па чарзе б’юць палкай вялікі драўляны цвік, заганяючы яго ў цэнтр ямкі. Хто першы дастане да “Вільні”, той лічыцца яе заснавальнікам. Ён атрымлівае права прызначаць пакаранне тым, хто “Вільні” не дастаў13. Насуперак гiстарычнай праўдзе, сёння расійскамоўныя выданні не называюць беларусаў заснавальнікамі і карэннымi насельнiкамi Вiльні. Тым часам загнаць у ямку свае драўляныя цвiкi — напiсаўшы свае кнiгi пра Вiльню, у тым ліку і па-расійску, — нiхто нам не забараняе.

 









12 Павилионис Р. Весь мир сегодня — постсоветский.// Независимая газета. 1997. 20 снежня.

























13 Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т.3. СПб., 1902. С.202.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (28) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/12/14