A R C H E П а ч а т а к № 5 (28) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


52003
» да Зьместу «

 


ВІЛЕНСКАЯ АНТАЛЁГІЯ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


палітыка

 

(70Kb) Вокладка ARCHE 5-2003. ВІЛЕНСКАЯ АНТАЛЁГІЯ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча. Фатаздымкі Дзяніса Раманюка.

   Мінулыя нумары:

   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

 

Віталь Сіліцкі
Адкладзеная свабода:
Посткамуністычны аўтарытарызм у Сэрбіі і Беларусі


3

У замкнутым коле — досвед палітычнага самазабойства сербскай і беларускай апазіцыі

Cербская апазіцыя з самага пачатку была падзеленая на партыі і групоўкі, якія паміж сабой канкуравалі не менш, чым з уладай. Галоўнай лініяй падзелу былі супярэчнасці паміж нацыянальна-традыцыйнай і ліберальна-мадэрнізацыйнай плынямі ў яе шэрагах. Галоўным прадстаўніком першай плыні на працягу дзесяцігоддзя заставаўся Сербскі рух аднаўлення (СРА), які ўзначальваў Вук Драшкавіч. СРА паўстаў у 1989 г. як спроба палітычных аўтсайдэраў пагуляць на полі нацыянал-радыкальнага руху, ачоленага Мілошавічам, і, калі атрымаецца, перахапіць у яго ініцыятыву. Галоўным пунктам крытыкі Мілошавіча Драшкавічам заставалася яго малая адданасць ідэям “вялікай Сербіі”, а не мэты і метады “антыбюракратычнай рэвалюцыі”. Галоўным палітычным саюзнікам Драшкавіча ў той час быў пазнейшы лідэр крайне нацыяналістычнай Сербскай радыкальнай партыі Ваіслаў Шэшаль, з кім яны першапачаткова былі аднапартыйцамі. Ліберальную плынь у апазіцыі ўзначальвала Дэмакратычная партыя (ДП) філосафа, вучня Юргена Габермаса Зорана Джынджыча. Гэтая плынь мела галоўнымі мэтамі эканамічнае развіццё і сацыяльную мадэрнізацыю сербскага грамадства. Калі СРА аддавала перавагу вулічнай палітыцы, ДП рабіла стаўку на “сістэмную” палітыку.

У той жа час, кожная частка апазіцыі імкнулася да таго, каб прыстасаваць свае праграмы да агульнай атмасферы істэрыі і ксенафобіі, якую распальвала тады афіцыйная прапаганда. У гэтых умовах сербскія апазіцыйныя партыі станавіліся выключна апартунісцкімі і лёгка мімікравалі ад “нацыянал-радыкалізму” да “памяркоўнага лібералізму”. Гэтыя пераходы былі матываваныя таксама памкненнем адмежавацца ад іншых апазіцыйных партый і атакаваць сваіх канкурэнтаў на адным і тым жа кавалку палітычнага поля. Адзінае, што іх амаль заўжды аб’ядноўвала, была апазіцыя да ўлады. Апазіцыйныя партыі часцяком “адмаўляліся ад любых прынцыпаў, палітычнай праграмы, ідэі, а галоўным аб’ектам іх дзейнасці быў Слабадан Мілошавіч. (...) Іх галоўным прынцыпам было “быць супраць”, нават калі гэта патрабавала змянення партыйнай праграмы, расколу ў партыі ці кампрамісу з партыяй вайны ў Пале (сталіцы сербскіх паўстанцаў у Босніі. — Аўт.)”1. Так, СРА з нацыянальна-радыкальнага лагеру ў 1990—91 гг. у 1992 г. перакінулася ў “партыю міру” (рэзка крытыкуючы Мілошавіча за развязванне ваеннага канфлікту). Аднак у 1997 г. гэта не перашкодзіла Драшкавічу падтрымаць авантуру ў Косаве і праз год нават заняць пасаду віцэ-прэм’ера федэральнага ўраду. Джынджыч, сваёй чаргой, прымкнуў да “партыі вайны” ў 1993—94 гг., калі шукаў кантактаў з баевікамі Караджыча ў Босніі. За гэта ўлады нават дазволілі Джынджычу мець свой тэлевізійны канал.
 

1 Dubravka Stojanovic, “The Traumatic Circle of Serbian Opposition,” in The Road to War in Serbia: Trauma and Catharsis, ed. Nebojsa Popov (CEU Press, 2000), p.469.









   

З непаслядоўнасці і ўнутраных супярэчнасцяў у стане апазіцыі ўмела карыстаўся Мілошавіч, які ўмела ангажаваў асобных яе лідэраў і нават цэлыя партыі да супрацы ды пазіцыянаваў сябе грамадству як адзіную памяркоўную альтэрнатыву “фашыстам” (Шэшалю і пэўны час Драшкавічу) і “заходнім наймітам” (ліберальным партыям). Такія паводзіны апазіцыйных лідэраў таксама зніжалі грамадскі давер да іх з боку грамадства, якое разглядала іх палітычную дзейнасць выключна як барацьбу за ўласныя інтарэсы. Адзінымі апазіцыйнымі партыямі, якія не супрацоўнічалі з Мілошавічам, былі Дэмакратычная партыя Сербіі (ДПС) Ваіслава Каштуніцы (памяркоўна-нацыяналістычная партыя, што ў 1992 г. адкалолася ад ДП) і Грамадзянскі саюз Сербіі (ГСС) Весны Пешыч. У рэшце рэшт, непрадказальнасць апазіцыйных палітыкаў (таксама як і стараннае падсілкоўванне ультрарадыкальнай альтэрнатывы ў асобе Шэшаля) дазволілі Мілошавічу прадставіць сябе як найбольш прадказальнага палітыка і для заходняй супольнасці. Дзякуючы гэтаму Мілошавіч выйшаў фактычна сухім з прайгранай ім вайны ў Босніі ў 1995 г., калі ЗША і Еўрасаюз зрабілі на яго стаўку як на партнёра пры падпісанні дэйтанаўскіх пагадненняў, спалохаўшыся прыходу да ўлады нацыянал-радыкалаў. Мілошавіч займеў імідж міратворца і нават здолеў умацаваць свой рэжым простымі інвестыцыямі з Захаду.

Пачынаючы з першых шматпартыйных прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у 1990 г. сербская апазіцыя канкуравала з рэжымам на федэральных і рэспубліканскіх парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах, а таксама на выбарах у мясцовыя органы ўлады. Апазіцыйныя перадвыбарныя кампаніі звычайна пачыналіся за пару дзён да галасавання, а перад гэтым партыйныя лідэры доўга высвятлялі, ці трэба ў іх наогул удзельнічаць, і выстаўлялі рэжыму ўльтыматумы з пагрозай байкоту, калі іх патрабаванні не будуць выкананыя. Пасля таго як іх ультыматумы адкідаліся, яны нарэшце пастанаўлялі ўзяць у выбарах удзел, звычайна праводзілі выключна негатыўныя кампаніі і нарэшце, пасля паразы, пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў2.

Адсутнасць унутранага адзінства каштавала апазіцыі палітычнага ўплыву і прыводзіла да таго, што магчымасці дасягнуць палітычных пераменаў раней за 2000 г. сістэматычна страчваліся. Цікава, што ўжо ў 1993 г. сукупная выбарчая падтрымка апазіцыйных партый і рухаў, г.зн. складзеныя разам галасы іх выбарцаў, перасягнула адпаведную падтрымку СПС. Аднак галасы выбарцаў расцярушваліся між некалькімі партыямі і ва ўмовах прапарцыйнай выбарчай сістэмы, заснаванай на рэгіянальных спісах, партыі з найбольшай колькасцю галасоў атрымлівалі значную перавагу ў парламенце3. А гэтымі партыямі звычайна былі СПС і СРП.

Трэба адзначыць, што спробы аб’яднаць апазіцыю рабіліся ўвесь час. Першы апазіцыйны альянс — Аб’яднаная апазіцыя Сербіі — створаны для ўдзелу ў парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах 1990 г., распаўся яшчэ да выбараў. Другі, Дэмакратычны рух Сербіі (сербская абрэвіятура ДЭПОС), аб’яднаў толькі блізкія да Дражкавіча партыі і быў праігнараваны Джынджычам. Ён праіснаваў троху больш за год (1992—1993 гг.). Аднак акурат ДЭПОС даў першы сапраўдны бой Мілошавічу, калі на прэзідэнцкіх выбарах у Сербіі ў 1992 г. яго кандыдат, югаслаўскі прэм’ер і амерыканскі мільянер Мілан Паніч, дасягнуў неблагога выніку.

Першым сапраўды паспяховым прыкладам аб’яднання сербскай апазіцыі стала стварэнне ў 1996 г. кааліцыі “Заедна” (“Разам”) для ўдзелу ў федэральных і мясцовых выбарах у лістападзе таго ж году. “Заедна” ўпершыню аб’яднала дзве найбуйнейшыя апазіцыйныя партыі (СРА і ДП), а таксама мноства меншых апазіцыйных рухаў. Фактычна ўпершыню ў гісторыі Сербіі паўстаў не проста аб’яднаны апазіцыйны рух, але палітычная альтэрнатыва, якая выразна падкрэслівала сваю праеўрапейскую арыентацыю. Гэта не было адназначна прынята грамадствам. “Заедна” прайграла выбары ў федэральны парламент, дзе зноў, другі раз пасля 1992 г., узнікла “чырвона-карычневая кааліцыя”, што аб’яднала СПС і СРП, аднак атрымала пераканаўчую перамогу на мясцовых выбарах у амаль усіх буйных гарадах (уключаючы Бялград), дзе была высокая канцэнтрацыя апазіцыйнага электарату. Як бачым, праца на “жорсткі электарат” прынесла плён менавіта на мясцовых выбарах.
 

2 Srecko Markovic, “The Parliamentary Elections of 1990, 1992, and 1993,” in Challenges of Parliamentarism: The Case of Serbia in Early 1990s (Belgrade: Institute of Social Sciences, 1995), p.45—68.








3 У выбарах па рэгіянальных спісах колькасць мандатаў, якая аспрэчваецца ў адным дадзеным рэгіёне, невялікая і не гарантуе месцаў у парламенце, нават калі партыя перасягне праходны бар’ер у межах усёй краіны. Напрыклад, калі лічба меншая за 20, то для партыі, што набярэ 5 адсоткаў галасоў, гэтага можа быць недастаткова для здабыцця аднаго месца ў рэгіёне. Натуральна, гэтыя месцы адыходзяць да больш вялікіх партыяў.































   

У адказ Мілошавіч зрабіў адну з сваіх найбуйнейшых палітычных памылак: ён паспрабаваў скасаваць вынікі выбараў праз падкантрольную яму Цэнтральную выбарчую камісію пасля таго, як перамога апазіцыі ўжо была афіцыйна абвешчаная. Адказам на гэты крок была масавая і бесперапынная акцыя вулічнага пратэсту, што ахапіла Бялград ды іншыя “апазіцыйныя” гарады і працягвалася некалькі месяцаў, збіраючы толькі ў сталіцы да некалькіх сотняў тысячаў чалавек штодня. Аснову пратэстных складалі маладыя адукаваныя інтэлектуалы і студэнты.

Масавыя пратэсты зрабілі ўплыў на ўсё грамадства. Упершыню Мілошавічу быў кінуты сапраўды магутны выклік як на сістэмным, так і на пазасістэмным палітычным полі (заўважым, што ланцужок “перамога на выбарах — масавы вулічны пратэст” спрацаваў менавіта ў такой паслядоўнасці, якая потым паўтарылася і на прэзідэнцкіх выбарах у 2000 г.), што адбілася ў свядомасці і электаральнага “балота”, і прыхільнікаў рэжыму. СПС за тры месяцы згубіла каля паловы сваіх прыхільнікаў, і адгэтуль яе ніколі не падтрымлівала больш за чвэрць электарату4. Урэшце, масавасць і бесперапыннасць пратэсту зрабілі сваю справу, і ўлады прызналі вынікі мясцовых выбараў. Новая гарадская рада Бялграду абрала Джынджыча мэрам сталіцы. Гэта мела вялікія палітычныя і сацыяльныя наступствы. Па-першае, упершыню была даведзеная магчымасць перамогі над рэжымам у сістэмнай палітыцы (маецца на ўвазе сербскі досвед, у сусветным такіх выпадкаў “шокавых выбараў”, калі дыктатары прайгравалі, гуляючы паводле сваіх жа правілаў, не менш за дваццаць)5. Па-другое, да апазіцыі перайшоў кантроль за тэрыторыяй (а разам з гэтым і за адміністрацыйнымі, фінансавымі і інфармацыйнымі рэсурсамі), на якой пражывала каля траціны насельніцтва краіны. Мясцовыя газеты, радыё- і тэлестанцыі мелі вялікую долю ў сербскім інфармацыйным полі, і гэта дазволіла прабіць інфармацыйную блакаду, створаную ўладамі. Па-трэцяе, перамога апазіцыі прывяла да імклівага росту сацыяльнай актыўнасці. Мноства няўрадавых арганізацый, што адыгралі выключную ролю ў падзеях 2000 г., узніклі менавіта пасля лютага 1997 г. Сярод іх можна назваць студэнцкі рух “Адпор”, што ўзнік годам пазней у студэнцкім асяроддзі ўдзельнікаў зімовых падзей у Бялградзе, а таксама аналітычны асяродак G-17, які на пэўным этапе свайго існавання адыграў ролю “мазгавога цэнтру” дэмакратычнай апазіцыі. Фактычна былі створаныя неабходныя перадумовы для дэмакратычнай трансфармацыі ў Сербіі. Але гэтыя перадумовы яшчэ больш за тры гады не выкарыстоўваліся, паколькі новы віток унутранай барацьбы ў апазіцыі адштурхнуў яе далёка назад.

Наступным этапам дзейнасці “Заедна” была падрыхтоўка да парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Сербскай, што мусілі адбыцца ўвосень 1997 г. Адразу пасля прызнання вынікаў мясцовых выбараў лідэры кааліцыі дамовіліся, што СРА вылучыць кандыдата на пасаду прэзідэнта, ДП — прэм’ер-міністра, а Грамадзянскі саюз Сербіі — спікера парламенту. Гэта азначала, што пасада прэзідэнта мусіла адысці да Драшкавіча. Грамадзянскі саюз Сербіі, незадаволены гэтым, сабатаваў пагадненне фактычна з моманту яго падпісання, заявіўшы, што Драшкавіч не мае досведу для кіравання дзяржавай. Незадаволеныя пераважалі і ў іншых апазіцыйных групоўках. Тактыкай іх барацьбы супраць Драшкавіча была абраная адмова ад удзелу ў выбарах. ГСС, ДП і ДПС заявілі ў траўні, што яны прымуць удзел у выбарах толькі тады, калі будуць выкананыя іх патрабаванні забяспечыць свабодныя і справядлівыя выбары. Джынджыч і Драшкавіч зноў змянілі сваю палітычную тактыку, што было абумоўлена выключна іх імкненнем рэалізаваць свае бягучыя палітычныя інтарэсы. Першы пазіцыянаваў сябе як радыкал, а другі — як памяркоўны “сістэмны” палітык.
 

































4 Zoran Slavujevic, “Partijska identifikacija gradjana pre i posle izbora 2000,” in Partijska scena Srbije posle 5 oktobra 2000, urednik Vladimir Goati (Beograd: Friedrich Ebert Stiftung i institut drustvenih nauka, 2002), p.216.


5 Гл. Samuel Huntington, The Third Wave, а таксама мой артыкул “Выборы в авторитарных режимах: фарс или шанс для перемен?”, Адкрытае грамадства. 2001. №1(10).
   

Урэшце сітуацыю выкарыстаў Мілошавіч, які згуляў на падзелах у апазіцыі. Ён правёў сепаратныя перамовы з Драшкавічам і паабяцаў яму, калі той не здыме сваёй кандыдатуры, лібералізаваць інфармацыйную палітыку і запрасіць на выбары міжнародных назіральнікаў. Пасля перамоваў Драшкавіч заявіў аб кампрамісе, дасягнутым паміж “кіраўніком дзяржавы і лідэрам дэмакратычнай апазіцыі”, і дадаў, што перашкоды для ўдзелу ў выбарах знятыя. За тое, што Джынджыч працягваў настойваць на байкоце, Драшкавіч сіламі сваёй фракцыі і СПС зняў яго з пасады мэра Бялграда. Такім чынам, Драшкавіч перайшоў у лагер Мілошавіча (з якога ён быў выгнаны падчас бамбардаванняў у 1999 г., калі зноў выступіў з крытыкай рэжыму). Аднак яго абвінавачанні ў адрас былых саюзнікаў, “чаму яны цяпер адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах, калі ў папярэдніх выбарах згадзіліся ўдзельнічаць на тых жа самых, калі не горшых умовах”6, мелі пад сабой грунт. Байкот, як паказалі выбары і падзеі, што адбыліся пасля іх, меў згубныя наступствы не толькі для самой апазіцыі, але і для ўсяго грамадства.

Вынікі першага туру прэзідэнцкіх выбараў аказаліся найгоршымі для СПС за ўвесь час яе існавання. Яе кандыдат Зоран Ліліч (Мілошавіч не мог удзельнічаць у выбарах праз канстытуцыйнае абмежаванне тэрмінаў і таму загадзя арганізаваў сваё абранне на пасаду прэзідэнта Югаславіі федэральным парламентам) набраў 35,6% галасоў — столькі ж, колькі Мілошавіч, калі прайграў выбары ў 2000 г. Драшкавіч праз частковы байкот выбараў апазіцыяй здолеў набраць толькі 20%. Сапраўдным шокам стаў поспех Шэшаля, што атрымаў 28% галасоў. Выбарцы, якія не прыйшлі галасаваць (у першым туры ўзялі ўдзел 57% выбарцаў, што азначала, што спробы дэлегітымізаваць выбары праз байкот праваліліся), а таксама значная частка тых, хто прагаласаваў за Шэшаля, былі нявыкарыстаным рэсурсам апазіцыі, які пры яе кансалідаваным удзеле мог прынесці ёй перамогу ўжо ў 1997 г. Шэшаль проста захапіў пратэстны электарат, што праз байкот і грамадскае расчараванне ў апазіцыі застаўся сам-насам з стаўленікам Мілошавіча! Болей за тое, такія ж самыя наступствы меў і байкот федэральных выбараў у 1992 г., якія апазіцыя ігнаравала з прычыны “нелегітымнасці” саюзнай канстытуцыі. Фактычна байкоты пайшлі на карысць самай небяспечнай для дэмакратаў аўтарытарнай палітычнай альтэрнатывы. У другім туры Шэшаль выйграў выбары, якія, аднак, былі прызнаны неадбытымі дзеля недастатковай яўкі (паводле дадзеных цэнтрвыбаркаму, яна склала 48,97%). Падчас перавыбараў з тымі ж самымі асноўнымі ўдзельнікамі (апазіцыя, за выняткам СРА, іх зноў байкатавала) Драшкавіч набраў толькі 15% галасоў, а перамогу ў другім туры атрымаў паплечнік Мілошавіча Мілан Мілуцінавіч, прычым выключна коштам фальсіфікацыі галасоў у Косаве (дзе за яго “прагаласавалі” 300 тысяч албанцаў).

Вынікам выбараў 1997 г. было тое, што Мілошавіч пры дапамозе апазіцыі пазбег падзення свайго рэжыму. Аднак для яго стабільнасці яму была неабходная кааліцыя з СРП. Адроджаная “чырвона-карычневая” кааліцыя (за якую прагаласавала, нават з улікам фальсіфікацый, усяго трэцяя частка ўсіх выбарцаў) вырашыла зрабіць палітычныя ачкі на антыалбанскай кампаніі ў Косаве і распальванні антызаходняй істэрыі ў грамадстве. Апазіцыя апынулася ў разгубленасці. Яе адна частка (ДП і ДПС) была маргіналізаваная, іншая (СРА) — цалкам абсарбаваная рэжымам.

Пачынаючы з 1997 г. у Сербіі склалася сталая антыпрэзідэнцкая большасць, чый памер нават паменшыўся падчас выбараў 2000 г. Такім чынам, сацыяльныя ўмовы для змянення палітычнага рэжыму існавалі ўжо за тры гады да таго, калі гэта насамрэч адбылося.
 

























6 Thomas, Politics of Serbia in the 1990s, p.345.
   

Падзел у стане беларускай апазіцыі на працягу мінулага дзесяцігоддзя быў абумоўлены некалькімі фактарамі. Першы — супярэчнасці паміж нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі, якія сімвалізаваў БНФ, з аднаго боку, і ліберальнымі ды левымі плынямі — з другога. Фактарам падзелу тут было нацыянальнае пытанне (стаўленне да беларускай мовы і незалежнасці), а таксама персанальныя непаразуменні апазіцыйных лідэраў. Прэтэнзія лідэра БНФ Зянона Пазьняка на выключны статус сваёй партыі ў апазіцыйным руху ў сярэдзіне 1990-х гг. абярнулася яе паслядоўнай адмовай супрацоўнічаць з іншымі апазіцыйнымі сіламі. Пасля правалу на парламенцкіх выбарах 1995 г. і адноснага поспеху лібералаў з АГП на давыбарах у тым жа годзе БНФ страціў ролю вядучай апазіцыйнай сілы. Яго стаўка на аднаасобнае лідэрства сярод дэмакратычных сілаў толькі спрыяла ягонаму палітычнаму заняпаду. Тым не менш БНФ з цягам часу здолеў выпрацаваць больш прагматычнае стаўленне да іншых апазіцыйных сілаў (чаму спрыяў рост у іх незалежніцкіх настрояў у другой палове 1990-х гг.), а таксама абнавіў сваю ўласную палітычную стратэгію (выявіў большую раскаванасць ува ўзаемадзеянні з “расійскамоўнымі” партыямі). Сам Зянон Пазьняк пасля эміграцыі ў 1996 г. страціў уплыў на сваю партыю. Ён адкрыта сабатаваў “альтэрнатыўныя” прэзідэнцкія выбары 1999 г., дарма што раней даў згоду на ўдзел у іх. Болей за тое, пасля ён заявіў, што акурат іх зрыў быў мэтай яго вылучэння. У выніку Пазьняк пазбавіўся пасады старшыні партыі БНФ і мусіў стварыць з рэштак сваіх сімпатыкаў Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ (КХП-БНФ), якую нават у апазіцыйным лагеры ніхто не ўспрымаў усур’ёз.

Беларускай дэмакратычнай апазіцыі таксама былі ўласцівыя ўнутраныя падзелы, у прыватнасці на “нацыяналістаў” і “лібералаў”. Акурат гэткі падзел прывёў да разгрому апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 г. Іншым фактарам, што абумовіў пройгрыш, была яе няздольнасць да супрацы з прагматычна настроенымі прадстаўнікамі дзяржаўнай эліты. Маецца на ўвазе не толькі частка кебічаўскага атачэння, але і функцыянеры накшталт Генадзя Карпенкі, чый рэйтынг падчас прэзідэнцкай кампаніі 1994 г. набліжаўся да першай двойкі. Карпенка пазіцыянаваў сябе так, каб прывабіць “сярэдняга выбарца”, чым выгадна адрозніваўся ад Пазняка з Шушкевічам, чый пік папулярнасці тады ўжо прайшоў. Яшчэ больш катастрафічным быў разгром у першым туры парламенцкіх выбараў у 1995 г., калі апазіцыя зноў падзялілася на “нацыянальны” і “ліберальны” блокі, а “ліберальны”, у сваю чаргу, раскалоўся яшчэ на некалькі плыняў. Тады фрагментаванне дэмакратычных сілаў садзейнічала поспеху камуністаў, аграрыяў і лукашэнкаўскай вертыкалі. Толькі аб’яднанне ў другім туры, які адбыўся дзеля нізкай яўкі ў першым, дазволіла стварыць апазіцыйныя фракцыі ў Вярхоўным Савеце 13-га склікання, але магчымасць дасягнуць “крытычнай масы”, што прадухіліла б рэферэндум лістапада 1996 г., усё роўна была страчаная.

Як гэта ні парадаксальна, але аб’яднанню апазіцыі пэўным чынам спрыяў сам Лукашэнка, чыё імкненне пазбавіць сваіх апанентаў хоць якога ўплыву на палітычны працэс падштурхоўвала да аб’яднання “нацыяналістаў” і “лібералаў”, былых нефармалаў і прадстаўнікоў наменклатуры, левых і правых, нават былых паплечнікаў Лукашэнкі (чый уплыў на апазіцыю з цягам часу зрабіўся надзвычай моцным — дастаткова прыгадаць імёны Ганчара, Лябедзькі, Нісцюка, Захаранкі, Лявонава, Фядуты і іншых) і тых, хто ніколі з ім не супрацоўнічаў, г.зн., па сутнасці, усіх тых, хто ўтвараў палітычную сцэну краіны да 1994 г.

Такое згуртаванне, безумоўна, было сатканае з супярэчнасцяў, найважнейшае з якіх праявілася падчас падзеяў 1996 г. Новай лініяй расколу ўнутры апазіцыі стала пытанне палітычнай тактыкі, а менавіта — выбар паміж “вулічнай” і “сістэмнай” палітыкай. Каб зразумець крыніцы гэтага расколу, трэба звярнуцца да генезісу беларускай апазіцыі. У адрозненне ад сербскай, якая паўстала ў перыяд “прамога” пераходу ад камуністычнай да посткамуністычнай дыктатуры і не мела перыяду, які вышэй быў азначаны як “дэмакратычны эпізод”, беларуская апазіцыя паўстала і ўсталявалася ва ўмовах імклівай лібералізацыі, што распачалася яшчэ ў часы перабудовы. Сваімі першымі поспехамі яна абавязаная не толькі і не столькі ўласным намаганням, колькі той хвалі дэмакратычных пераменаў, якая захліснула Ўсходнюю Еўропу і аказала моцны ўплыў на палітычныя падзеі ўнутры Беларусі (абвяшчэнне незалежнасці ў жніўні 1991 г. было б наўрад ці магчымым без няўдачы жнівеньскага перавароту ў Маскве, болей за тое, сам апазіцыйны рух у форме БНФ быў фактычна скапіяваны сваімі стваральнікамі з прыбалтыйскіх першаўзораў).
 

 
   

У адрозненне ад Сербіі, якая была абкружаная з усіх бакоў аўтарытарнымі рэжымамі, часам створанымі былымі камуністычнымі функцыянерамі (Румынія, Харватыя, Боснія і Македонія), Беларусь знаходзілася ў адносна лепшым становішчы, і шмат каму здавалася, што лукашэнкаўскі рэжым — прыкрая выпадковасць, якая хутка згіне без астатку. Сярод багата якіх апазіцыйных дэпутатаў пераважала думка, што рэжым персанальнай улады, усталяваны пасля лістападаўскага рэферэндуму, пратрымаецца ўсяго пару месяцаў. Сёння, калі рост антыдэмакратычных тэндэнцый у суседніх “славянскіх” краінах (Расіі і Ўкраіне) стаў відавочным, такая пазіцыя падаецца надзвычай наіўнай. Але пяць—шэсць год таму апазіцыйна настроеная публіка спадзявалася, што эканамічны крызіс і палітычны ціск з боку міжнароднай супольнасці (сюды шмат кім з апазіцыянераў уключалася і Расія) зробяць сваю справу. Чаму менавіта эканоміка і расійскі фактар на працягу пэўнага часу спрыялі, а не пярэчылі мацаванню лукашэнкаўскага рэжыму, я дэталёва растлумачыў у сваіх папярэдніх публікацыях7.

Стаўка на “вонкавыя” сілы была выкліканая таксама паразамі ў выбарчых кампаніях, а больш канкрэтна — адсутнасцю самааналізу ўласнай палітычнай стратэгіі, што абумовіла гэтыя паразы, а таксама схільнасцю тлумачыць іх не ўласным палітычным непрафесіяналізмам, а масавымі фальсіфікацыямі выбарчага працэсу і “дрымучай дурасцю беларускага народу”. Дзеля гэтага пэўныя колы апазіцыі перасталі ўспрымаць грамадства як саюзніка ў барацьбе за дэмакратычныя перамены (вынятак складала грамадска актыўная частка жорсткага апазіцыйнага электарату ў Менску і іншых буйных гарадах, што мела стварыць аснову для ўціску на ўлады). Да таго ж палітычная стратэгія апазіцыі пасля лістапада 1996 г. у асноўным зводзілася да таго, каб, дабіўшыся прызнання еўрапейскай супольнасцю і ЗША рэшткаў Вярхоўнага Савету 13-га склікання як адзінага легітымнага парламенту краіны, забяспечыць вонкавую дэлегітымізацыю Лукашэнкі. Удзел у “сістэмнай палітыцы” супярэчыў гэтай стратэгіі.

Такім чынам, чыннікамі, што вызначылі “пазасістэмную” палітычную стратэгію беларускай апазіцыі (з двума асноўнымі элементамі — “вуліцай” і “вонкавымі сіламі”) былі: 1) так і не спраўджаныя спадзяванні на глыбокі эканамічны крызіс, што выклікаў бы масавы сацыяльны пратэст супраць рэжыму (і, значыцца, недаацэнка яго сацыяльнай трываласці і пераацэнка пратэстных настрояў у беларускім грамадстве); 2) перабольшанне ролі вонкавых фактараў у беларускім палітычным працэсе (што азначала першынство вонкавай дэлегітымізацыі рэжыму перад разбурэннем яго ўнутранай легітымнасці, якая трымалася на палітычнай культуры той часткі грамадства, што падтрымлівала Лукашэнку менавіта за яго дыктатарскія метады, а таксама на азначаным вышэй “сацыяльным кантракце” рэжыму і грамадства ды няведанні большай часткай “нявызначаных” і пасіўных праціўнікаў рэжыму інфармацыі пра палітычныя альтэрнатывы); 3) паступовае расчараванне грамадства ў Лукашэнку і падзенне яго папулярнасці, што пачалося з 1998 г., памылкова інтэрпрэтавалася апазіцыйнымі лідэрамі як сведчанне росту аўтарытэту апазіцыі і іх саміх. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька ў сярэдзіне 2000 г. заявіў, што 30% беларускага электарату ўжо гатовыя галасаваць “нават за слуп, на якім напісаныя дэмакратычныя лозунгі”. Цяжка сказаць, быў гэта самападман ці свядомая гульня, але на самай справе пры 30% “жорсткага” антылукашэнкаўскага электарату толькі трохі больш за 10% падтрымлівалі канкрэтную апазіцыйную альтэрнатыву. Астатняя частка на выбарах прагаласавала б так, як і “балота”, якое, як сведчыць досвед, заўжды крочыць за мацнейшым. Такая пазіцыя, аднак, стварала ілюзію, што сацыяльная база апазіцыі ўзнікне сама сабой і асаблівых намаганняў для яе стварэння ці павелічэння прыкладаць не трэба.
 



























7 Гл. мае артыкулы “Эканамічная палітыка Лукашэнкі” і “Палітычная эканомія беларуска-расійскай інтэграцыі” ў зборніку “Беларуска-расійская інтэграцыя. Аналітычныя артыкулы” (Менск: Энцыклапедыкс, 2002).
   

Усё гэта стварыла дзіўную сітуацыю ў беларускай палітыцы. З аднаго боку, Лукашэнка сам паслядоўна выціскаў апазіцыю з палітычнага поля, выпхнуўшы яе лістападаўскім рэферэндумам з “першага” ў “трэці” сектар. Аднак апазіцыя сама свядома зрабіла стаўку на паралельнае грамадства як форму не толькі свайго існавання, але і палітычнай стратэгіі: у ім існавалі свае інстытуты (Вярхоўны Савет 13-га склікання, “паралельны ўрад” у форме Нацыянальнага выканаўчага камітэту і “паралельная” цэнтральная выбарчая камісія на чале з Віктарам Ганчаром), свае палітычныя працэсы (“альтэрнатыўныя” прэзідэнцкія выбары), свае медыі, нават свае святы, мастацтва, музыка і культура. Так арганізоўвалася не этнічная ці культурная, а менавіта палітычная меншасць, якая па логіцы мусіла пашыраць свой уплыў у “афіцыйным” грамадстве. Папросту кажучы, паралельнае грамадства на працягу доўгага часу чакала, што “гара прыйдзе да Магамета”. Аднак палітычнае, арганізацыйнае і ў пэўнай ступені культурнае адасабленне ад асноўнай часткі электарату толькі павялічвала дыстанцыю паміж імі.

Як і ў Сербіі, у Беларусі фактычна не апраўдала сябе стаўка на масавыя пратэсты як адзіны альбо галоўны сродак палітычнай барацьбы. Колькасць удзельнікаў “маршаў свабоды” 1999—2000 гг. не перавышала 30 тысячаў чалавек, што было яўна недастаткова, каб пераканаць грамадства ці хаця б уласных прыхільнікаў у колькаснай перавазе апазіцыі над уладай. Больш за тое, склад удзельнікаў быў звычайна аднолькавы: аснову ўсіх дэманстрацыяў складалі “ветэраны вулічнай барацьбы”, што фактычна рабіла акцыі пратэсту “навярненнем ужо навернутых”. Прадказальнымі былі дні, часы і нават мэты масавых акцыяў, што паступова пераўтварыліся ў дэманстрацыю субкультурнай тоеснасці, “прывязаную” да памятных датаў у палітычным календары (15 і 25 сакавіка, 26 красавіка і г.д.). Паступовае зніжэнне масавасці акцый адлюстравала расчараванне нават апазіцыйна настроенай часткі грамадства ў іх эфектыўнасці.

Бадай што першай спробай апазіцыі прыцягнуць да сябе ўвагу ўсяго грамадства было правядзенне альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў у 1999 г. (Гэтую акцыю можна прызнаць першай, калі не лічыць кампаніі збору подпісаў за “Хартыю-97”. Сама “Хартыя”, на жаль, з праваабарончай групы, заснаванай на прынцыпах грамадскай салідарнасці, паступова пераўтварылася ў звышпалітызаваную групоўку, якая, не маючы арганізацыйнага статусу, структуры і сістэмы адказнасці, імкнулася навязаць правілы паводзінаў для палітычных структураў і на нейкі час зрабілася механізмам “звядзення рахункаў” паміж рознымі плынямі ў апазіцыі.) Сама па сабе акцыя мела рацыянальнае зерне. У разе поспеху яна магла пахіснуць легітымнасць Лукашэнкі ў грамадстве і пераўтварыцца ў своеасаблівыя “праймарыз” сярод апазіцыйных лідэраў перад сапраўднымі выбарамі. Аднак, на жаль, альтэрнатыўныя “прэзідэнцкія выбары” сталі закладнікам палітычных інтарэсаў іх арганізатараў і ўдзельнікаў ды скончыліся публічным скандалам паміж старшынём альтэрнатыўнага цэнтрвыбаркаму Ганчаром і лідэрам БНФ Пазьняком. Акцыя мела і іншыя разбуральныя наступствы для апазіцыі. Па-першае, пасля яе правядзення сярод вялікага кола актывістаў, што пацярпелі за ўдзел у ёй, запанавала пачуццё (па)кінутасці з боку яе арганізатараў. Па-другое, абвясціўшы неверагодныя вынікі выбараў (яўку выбарцаў у 54% і, на здзек, перамогу Пазьняка), арганізатары выбараў фактычна апусцілі сябе на адзін узровень з лукашэнкаўскім цэнтрвыбаркамам, за тым адно выключэннем, што фальсіфікацыя афіцыйных выбараў ніколі не дасягала такіх памераў (паводле дадзеных незалежных назіральнікаў, у “мабільных” выбарах узялі ўдзел крыху больш за пяць адсоткаў выбарцаў). Выбары 1999 г. засталіся ўзорам палітычнага бізнесу і блефавання не столькі перад нацыянальнай, колькі перад міжнароднай супольнасцю.
 

 
   

Спроба перамоваў паміж уладай і апазіцыяй у 1999—2000 гг. наконт лібералізацыі выбарчага заканадаўства таксама была ад пачатку запраграмаваная на няўдачу. Па-першае, як я ўжо адзначаў, перамоўны працэс з персаналісцкім рэжымам немагчымы паводле азначэння (перамовы маюць поспех пры ўмове дэцэнтралізаванага размеркавання ўлады, пры якім рэфарматары ўнутры рэжыму маюць пэўную ступень аўтаноміі). Да таго ж, апазіцыя не мела магчымасці весці перамовы з пазіцыі сілы, бо аб’ектыўна не карысталася шырокай грамадскай падтрымкай. Гэта штурхала яе да пошуку “заступніка”, які б мог націснуць на рэжым. Гэтая роля выпала на АБСЕ. Паводле трапнага азначэння аналітыка Юрыя Дракахруста, “перамовы пераўтварыліся з перамоваў Лукашэнкі з апазіцыяй пры пасярэдніцтве Захаду ў перамовы Лукашэнкі з Захадам пры пасярэдніцтве апазіцыі”8. Але паколькі Захад не меў эфектыўных палітычных, эканамічных ці сілавых рычагоў ціску на беларускага прэзідэнта, пагроза адмовы ў прызнанні яго рэжыму значыла для Лукашэнкі прыкладна тое ж, што адмова дэмакратычным лідэрам у паўночнакарэйскай візе. Да таго ж, заклікі АБСЕ падчас перамоў да кампрамісаў увесь час выклікалі надзвычай рэзкую рэакцыю сярод апазіцыі, і нават даходзіла да абвінавачанняў у адрас кіраўніка місіі амбасадара Ганса-Георга Віка ў прасоўванні інтарэсаў Лукашэнкі, Расіі, нямецкага капіталу і г.д. Гэта, аднак, не перашкаджала і Лукашэнку абвінавачваць місію АБСЕ ў выкананні ролі мазгавога цэнтру апазіцыі.

Вынік перамоваў быў прадказальны. Лукашэнка пазбавіў пасадаў сваіх прадстаўнікоў, якія падпісалі пагадненні аб доступе апазіцыі да сродкаў масавай інфармацыі, і замяніў самі перамовы “грамадскім дыялогам” з лаяльнымі яму грамадскімі арганізацыямі. Вылучэнне на пачатку 2000 г. апазіцыяй “чатырох умоваў” удзелу ў парламенцкіх выбарах (доступ да СМІ, прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях, спыненне палітычных рэпрэсіяў і пашырэнне паўнамоцтваў парламенту) было добрым публічным крокам, але, як і ў выпадку з сербскай апазіцыяй у 1997 г. (тады патрабаванні да Мілошавіча таксама ўкладаліся на падставе рэкамендацый місіі АБСЕ, якую ўзначальваў былы гішпанскі прэм’ер Феліпэ Гансалес), выглядалі як зачэпка для няўдзелу ў выбарах. Апазіцыя зноў апынулася ў замкнёным коле: каб дамагчыся вольных выбараў, ёй трэба было набрацца сілы, але ж набрацца сілы без удзелу ў сістэмнай палітыцы было, як засведчыў досвед, немагчыма. Было таксама няясна, што мелася паштурхнуць Лукашэнку да прыняцця такіх умоваў.

Важным фактарам, што адбіўся на вызначэнні апазіцыйнай стратэгіі і тактыкі, былі механізмы ўзаемадзеяння паміж палітычнай (партыі) і грамадзянскай (няўрадавыя арганізацыі) супольнасцю ў рамках паралельнага грамадства. Гэтыя два асяроддзі аб’ядналіся да такой ступені, што большасць апазіцыйных партыйных актывістаў былі сябрамі адной ці некалькіх НДА і наадварот, а партыйныя кіраўнікі былі адначасова лідэрамі няўрадавых арганізацый. Такая ўзаемасувязь склалася з аб’ектыўных прычын: палітычная апазіцыя не мела ўнутраных крыніцаў фінансавання, а карыстанне вонкавымі было забаронена законам. Трэці сектар, такім чынам, пераўтварыўся ў механізм забеспячэння жыццядзейнасці палітычнай апазіцыі. У беларускіх умовах гэта мела тры наступствы. Першае — гэта выключная палітызаванасць няўрадавага сектару, які выкарыстоўваўся як “гарматнае мяса” пры правядзенні палітычных кампаній. НДА пачалі абслугоўваць кіраўнічыя структуры апазіцыі замест таго, каб выконваць “грамадскія паслугі” для дэмакратычнай супольнасці, у тым ліку даваць незалежны аналіз яе дзеянняў. Другое — палітычнае існаванне партыйных лідэраў залежала не ад дасягненняў у палітычнай барацьбе, а ад пазіцыі ў “трэцім сектары”. Болей за тое, паколькі пазіцыі лідэраў НДА не залежалі ад іх палітычнай эфектыўнасці, то верхавіна палітычнай супольнасці не мела сур’ёзнай матывацыі для ўдзелу ў “сістэмнай” палітыцы. Трэцяе — статус і роля НДА як паралельнай структуры апазіцыйнай іерархіі дазвалялі маніпуляваць апазіцыйнымі сіламі ў абыход іх фармальных кіроўных інстытутаў. Гэтаму спрыяла цэнтралізаваная структура няўрадавага сектару, арганізаваная вакол вядомых рэсурсных цэнтраў.
 























8 Белорусская деловая газета. 26 студзеня. 2000.
   

Падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у кастрычніку 2000 г. пытанні стратэгіі спрычынілі новы раскол у шэрагах апазіцыі. На першы погляд, ён не быў надта глыбокі. Байкот, што абвесціла рада КРДС, не падтрымала толькі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада) Мікалая Статкевіча, моладзевая арганізацыя “Грамадзянскі форум”, якая праз сваё рашэнне пазбавілася статусу моладзевага крыла АГП, і шэраг вядомых палітыкаў (такіх, як Міхаіл Чыгір, Генадзь Грушавы, Гары Паганяйла і іншыя). Аднак, як паказалі прэзідэнцкія выбары 2001 г., менавіта гэтыя групоўкі здолелі стварыць каманду Ўладзіміра Ганчарыка, якая сілаю была амаль роўнай камандзе, умоўна кажучы, “Домаша—КРДС”. Аргументы “за” і “супраць” былі вядомыя: удзел у выбарах легітымізуе ўладу, а байкот вядзе апазіцыю да самаізаляцыі ў грамадстве. Аднак дзве палярныя тактыкі былі ўзведзеныя да абсалюту, і ў выніку выбары/байкот-2000 пераўтварыліся ў чарговую ўнутраную “разборку” ў шэрагах апазіцыі, якая падарвала адзінства дэмакратычных сілаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Высвятленне адносінаў працягвалася і пасля кампаніі — спачатку спробай арганізаваць раскол у БСДП, потым расколам самой КРДС і выхадам з яе сацыял-дэмакратычных партый ды ўтварэння імі кааліцыі “За сацыяльныя перамены”.

Як кампанія дэлегітымізацыі Лукашэнкі байкот не меў сэнсу. Па-першае, легітымнасць выбараў адзначаецца іх адпаведнасцю агульнапрынятым стандартам, а не складам удзельнікаў. Падчас кампаніі рэжым прадэманстраваў выключную няздольнасць да захавання нават нейкага выгляду празрыстасці і справядлівасці выбарчага працэсу. Па-другое, байкот якраз-такі паспрыяў унутранай легітымізацыі Лукашэнкі тым, што ён практычна дэмабілізаваў дэмакратычны электарат і зноў пакінуў тых, што не вызначыліся, без альтэрнатывы існай уладзе. Каб пацвердзіць сказанае вышэй, звернемся да табліцы, якая паказвае, што сярод тых, хто не пайшоў на выбары ў Палату, пераважалі праціўнікі Лукашэнкі, а сярод удзельнікаў выбараў — яго прыхільнікі. Байкот спрацаваў на карысць дыктатара такім жа чынам, як і ў Сербіі. Сама колькасць удзельнікаў выбараў, згодна з незалежнымі апытаннямі, значна перавысіла 50%, так што лічба ў 45%, якая быццам бы сведчыла аб байкоце, была выведзена з вынікаў галасавання ў Менску (аб гэтым сведчаць і вынікі незалежнага назірання ў іншых гарадах, якія адрозніваюцца ад афіцыйных толькі на пару, а не на семнаццаць адсоткаў). Аб’ектыўна кажучы, нават афіцыйныя звесткі, пры ўмове што колькасць выбарцаў не была падкарочаная падчас галасавання, сведчылі, што выбары не адбыліся ў 39 акругах, а гэта быццам сведчыла пра поспех байкоту. Аднак зноў жа, гэта былі гарадскія акругі, дзе апаненты Лукашэнкі пераважалі!
 

 
   

Прызнанне паспяховасці байкоту было запраграмаваным актам апрацоўкі вонкавых назіральнікаў і ад пачатку грунтавалася на простых разліках: каля трэці выбарцаў ніколі не ходзіць на парламенцкія выбары, дастаткова далучыць да іх жорсткі апазіцыйны электарат, каб абвясціць поспех байкоту (дарэчы, сярод тых, хто не пайшоў на выбары, толькі 6 % вызначылі прычынай байкот, астатнія — банальную абыякавасць да палітыкі ці нястачу часу). Фактычна байкот і быў накіраваны на жорсткі электарат, бо праводзіўся толькі ў 22 найбуйнейшых гарадах (іначай кажучы, гэта была чарговая кампанія “навярнення навернутых”). Аднак пасіўнасць выбарцаў яшчэ не давала падстаў абвясціць электаральную рэвалюцыю: па кастрычніцкай кампаніі рэйтынг Лукашэнкі павысіўся, а грамадская падтрымка апазіцыі зменшылася. Палітычная перамога падобная да спартовай: перамагае той, хто забіў гол у чужую брамку, а не ў сваю, нават калі старанна таго дамагаўся. У выніку, падзеленая на антаганістычныя лагеры апазіцыя ўваходзіла ў год выбараў прэзідэнта без істотнага электарату. Пры гэтым нават прыхільнасць жорсткага лукашэнкаўскага электарату не была ёй гарантавана. Паводле звестак таго ж НІСЭПД, узровень даверу да большасці апазіцыйных інстытутаў (альтэрнатыўнага парламенту і цэнтрвыбаркаму, палітычных партыяў і прафсаюзаў) быў ніжэйшы сярод апанентаў Лукашэнкі, а не яго прыхільнікаў!

Табліца “Байкот як сродак дэмабілізацыі апазіцыі”
(Удзел у парламенцкіх выбарах-2000 у залежнасці ад стаўлення да прэзідэнта Лукашэнкі)

  Удзельнічалі ў выбарах (58,8 %) Не ўдзельнічалі ў выбарах (41,2 %)
Перакананыя прыхільнікі Лукашэнкі 21,4 6,8
Тыя, хто вагаецца 56,9 46,9
Перакананыя праціўнікі Лукашэнкі 12,7 49,3

Крыніца: Новости НИСЭПИ. Вып. 1, 2001. Сакавік. С. 8.

Табліца “Давер да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў сярод прыхільнікаў і апанентаў Лукашэнкі”

Грамадскія і дзяржаўныя інстытуты Давяраюць прэзідэнту Не давяраюць прэзідэнту
Адукацыйныя ўстановы +0.465 +0.144
Царква +0.436 -0.121
Армія +0.445 -0.289
Дзяржаўныя СМІ +0.608 -0.581
Урад +0.433 -0.699
Афіцыйны цэнтрвыбаркам +0.388 -0.712
Дзяржаўныя даследчыя цэнтры +0.252 -0.243
Недзяржаўныя даследчыя цэнтры +0.102 +0.202
Канстытуцыйны суд +0.237 -0.415
Пракуратура +0.159 -0.481
Адвакатура +0.122 -0.219
Суды +0.160 -0.490
КДБ +0.130 -0.503
Федэрацыя прафсаюзаў +0.153 -0.538
Праваабарончыя арганізацыі -0.016 -0.113
Мясцовыя ўлады +0.043 -0.593
Міліцыя -0.017 -0.654
Незалежныя прафсаюзы -0.158 -0.149
Нацыянальны сход +0.030 -0.726
Палітычныя партыі -0.223 -0.423
Апазіцыйны цэнтрвыбаркам -0.187 -0.300
Вярхоўны Савет 13-га склікання -0.185 -0.465
Незалежныя СМІ -0.335 +0.107
Саюзы прадпрымальнікаў -0.227 -0.253
Банкі -0.246 -0.504

Кожная дзесятая доля азначае 10% апытаных; напрыклад, значэнне +0.1000 азначае, што на 10% больш апытаных давяраюць адпаведнаму інстытуту, чым не давяраюць.

Крыніца: НІСПЭД, Belarus: Choices for the Future. National Human Development Report. Minsk: UNDP, 2000. P.58.

Далей будзе.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (28) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/12/14