A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (29) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
БАГУСЛАЎ БАКУЛА | ||||||
|
Багуслаў Бакула
|
— публіцыст, літаратуразнаўца, спэцыялізуецца на літаратурнай кампаратывістыцы. Прафэсар Познанскага ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча. Апошняя кніга — «Historia i komparatystyka. Słowacki romantyków i potomnych» (2000). Пераклад зроблены з ласкавай згоды аўтара. |
2Мы жывём у постсацыялістычнай дэмакратыі, прыкметнай рысай якой зьяўляецца намэнклятурны капіталізм у эканоміцы і патэрналізм скарасьпелых палітычных групаў, якія самазадаволена завуць сябе “палітычнаю клясай” (гэтым марксісцкім слэнгам карыстаюцца нават непахісныя лібэралы) або “палітычнаю элітай”. Займаючы высокае месца ў грамадзкай гіерархіі, яны ня тое каб “служаць грамадзтву”, а хутчэй, кажучы жаргонам тых колаў, вядуць “палітычную гульню”. У гэтай рыторыцы адчуваецца нейкая адчужанасьць, асабліва калі ўлічыць, што большая частка тае “эліты” існуе ўсяго некалькі гадоў і яшчэ не забясьпечыла сабе стабільнай грамадзкай, ня кажучы ўжо пра культурна-асьветную, базы, традыцыі. Сёньня тут можна казаць пра “намэнклятурны элітарызм”, паколькі большасьць трапляе ў “палітычную клясу” дзякуючы не асабістым якасьцям або выдатнай дзейнасьці, але дзякуючы прыналежнасьці да пэўнай палітычнай групы, што апанавала частку ўлады і разьмяркоўвае гэтую ўладу між сваімі. Гены камуністычнага мінулага выяўляюцца тут мацнейшымі за дэмакратычныя ўборы, што дэманструюцца публіцы. Бо ня ўсё, з чаго складалася сапраўдная сутнасьць сацыялізму, адышло ў нябыт. Засталася пэўная групавая мэнтальная інэрцыя, засталіся карупцыя ды папулізм, дзеці сацыялістычнай дэмакратыі, рэфлекс дамаганьня прывілеяў грамадзкімі й прафэсійнымі групамі ўплыву, палітызацыя прафсаюзаў, партыйнае сэктанцтва, заскарузлы цэнтралізм насуперак адміністрацыйнай рэформе. Няшмат было тых, хто стаў перад судом за палітычныя правіны, у тым ліку за цяжкія злачынствы супраць народу. Маладая дэмакратыя выявілася сыстэмай, што бароніць разнастайных злачынцаў лепей, чым звычайных грамадзянаў. За апошнія дзесяць з гакам гадоў цалкам зьмяшаліся відавочныя, здавалася б, значэньні, сьцерліся адрозьненьні, што вызначалі “who is who”. Лібэралізм, асабліва з польскім абліччам, з самага пачатку моцна патыхаў ХІХ стагодзьдзем і быў скіраваны хутчэй на атавізмы, барацьбу за побыт, чым на стварэньне разумнай канцэпцыі кіраваньня. Ён натыкаўся на рэшткавыя зьявы гаспадарчых інстытуцыяў, што йшлі каранямі ў сацыялістычную эканоміку. Лібэралы ды правыя прагнулі ўсталяваць кантроль над усім грамадзкім працэсам, а левыя перасталі бараніць звычайных грамадзянаў, ледзьве толькі ўчулі пах грошай. Тады левыя ўклалі няпісанае, парадаксальнае пагадненьне зь лібэраламі й манэтарыстамі. Вынікам яго зьяўляецца так званая фіскалізацыя польскай эканомікі — акцэнт цяпер робіцца на тэхнічных элемэнтах стрыманьня інфляцыі ды на ўтрыманьні неапраўдана высокіх падаткаў. Дзіўнае спалучэньне манэтарызму, псэўдалібэралізму і псэўдасацыялізму перажылі амаль усе палітычныя віхуры ў Польшчы. На яго аснове паўстаў сыстэмны гібрыд, што пры канцы дзесяцігодзьдзя выпрацаваў мэханізмы стварэньня моцных гаспадарчых і палітычных структураў — намэнклятурная дэмакратыя. Гэты ўнутрана супярэчлівы тэрмін я ўжываю для пазначэньня сыстэмных формаў, якія, базуючыся на аўтарытарнай фармацыі, набылі вонкавыя рысы дэмакратыі. Яны ўсё яшчэ захоўваюць пэўныя рысы сапраўднага сацыялізму ў эканоміцы, праве, сыстэме палітычных рашэньняў, а найбольш — у практыках уладных колаў. Прыкметай польскіх палітыкаў, што ствараюць гэтую намэнклятурную рэальнасьць, асабліва выхадцаў з «Салідарнасьці», зьяўляецца шалёная, амаль хваравітая амбіцыйнасьць і няздольнасьць рацыянальна выкладаць свае ідэі, а тыповай праявай палітычнага жыцьця — звады, буры ў шклянцы вады, сутычкі, экстрэмізм. Тым часам камуністычная намэнклятура не абцяжарана рыторыкай і практыкай узаемнага супрацьстаяньня — дысцыплінаваная, яна дзейнічае, ня маючы маральных амбіцыяў, у рамках праверанай сыстэмы сувязяў, хаваючыся ў банках і назіральных радах прыватных, дзяржаўных ды зьмяшаных карпарацыяў. Адзінай яе мэтаю зьяўляецца ўдасканаленьне сыстэмы намэнклятурнае прыватызацыі, што вядзе да адваёвы страчанай прасторы рэальнае ўлады для сябе й свайго найбліжэйшага палітычнага атачэньня. І адных, і другіх падточвае ракавая пухліна, народжаная паяднаньнем палітычнага капіталізму і карупцыі.
|
3Слова “эліта” цяпер гучыць крыху двухсэнсоўна — раней так называлі людзей, якія належалі да кола камуністычнае ўлады, а пасьля 1989 году — капіталістаў-скорабагацькаў і прадстаўнікоў новапаўсталых палітычных груповак. Сапраўдныя інтэлектуальныя і духоўныя эліты заняпалі: яны альбо ня здолелі прыстасавацца да агрэсіўнага стылю палітычнага жыцьця, альбо папросту не прымаюць яго. З каго складаюцца новыя эліты? Што трэба зрабіць, каб апынуцца ў эліце? У якой эліце? Камуністычная намэнклятура закамуфлявалася на розных узроўнях грамадзкага жыцьця, найбліжэй да гаспадарчага і банкаўскага сэктараў ды самакіраваньня. Гэтыя групы, як і новапаўсталыя палітычна-бізнэсовыя суполкі, кіруюць краінай. Па сутнасьці, элітарызм у эўрапейскім разуменьні — зьвязаны з прыналежнасьцю да высокай культурнай традыцыі, паходжаньнем і высокім узроўнем асьветы, што забясьпечвае магчымасьць значнага ўплыву на грамадзкае жыцьцё, — гэтым групам пакуль што не пагражае. Зрэшты, тое самае тычыцца і іншых групаў, што фармуюцца ў выніку дзейнасьці палітычна-фінансавага лобінгу — гэтую сыстэму празвалі “рэспублікай сваіх людзей”, — якому падпарадкоўваюцца тым ці іншым чынам усе палітычныя сілы ў Польшчы. Вось, напрыклад, кіраўнік ураду, што мае імідж прагматыка і прыхільніка прафэсіяналізму, на пасаду начальніка дзяржаўнае страхавое агенцыі прызначае невука, які ў зьзяньні юпітэраў збайдаваў гэтую скрайне неабходную сацыяльную інстытуцыю. Міністры зьмяняюцца, нібыта марыянэткі, з скандалам адыходзяць ад справаў скампрамэтаваныя. Урадавыя кааліцыі змушаныя бараніць прывілеі палітычных партыяў. Грамадзтва здаецца неабавязковым, а часам і лішнім дадаткам да дзяржавы, што ўяўляецца выключна як групоўка палітычнай і эканамічнай намэнклятуры. Дзяржаўны бюджэт губляе мільёны дзякуючы “радаснай творчасьці” гэтых групаў. За памылкі даўно ўжо нікога не выклікаюць у суд, бо перад ім давялося б паставіць усю новую “Рэч Паспалітую”. Чаму ж дэмакратычнае вызваленьне мае такія сумныя наступствы, чаму новая сыстэма — моцна абапертая на старую — падгнівае? Адной з шматлікіх прычынаў зьяўляецца так званая “філязофія тлустае рыскі”. Яна пазначае адмову судзіць людзей і групоўкі, што пасьля 1945 году калябаравалі з камуністамі, і забараняць ім дзейнічаць у новай сыстэме. Яна пазначае таксама перамешваньне старога ладу з новым. Вынікам іх суіснаваньня сталася выкарыстаньне спэцслужбаў для палітычнага шантажу, размываньне крытэраў маральнае ацэнкі асобы палітыка, прававы хаос, карупцыя, мафіёзнасьць, вялізныя эканамічныя страты. Няўзброеным вокам відаць, чым скончыцца тое сьціраньне мяжы між дабром і злом: у палітыцы, у мэдыях, на вуліцы. Вось яно, узьдзеяньне ўкарэненага ў сьвядомасьці многіх палітычных групаў і асобных палітыкаў маральнага рэлятывізму. Пад прыкрыцьцём практыкі “тлустае рыскі” намэнклятура перафармавалася і сфармавала групы, што прадстаўляюць яе ўва ўладзе Рэчы Паспалітай, групы, якія цяпер называюць “элітамі”. На ўскрайку гэтае фармацыі існуюць палітычныя групкі, што выйшлі з «Салідарнасьці», — часта яны пераймаюць манеру вядзеньня гульні, а часам нават стыль мысьленьня, характэрны для польскага палітыкуму, ці то намэнклятурнага капіталізму. Зрэшты, сёньня частка апазыцыйнае эліты 70—80-х гадоў ня толькі адкрыта супрацоўнічае з посткамуністычнай намэнклятурай, але нават усталёўвае зь ёй цесныя таварыскія адносіны, заціраючы тым самым прынцыповыя гістарычныя падзелы, цудоўна легітымізуе посткамуністычную ўладу на маральным узроўні. У абсягу палітычнае ўлады Польшча выразна падзяляецца на Варшаву і ўсё астатняе. Варшава, як цэнтар мэнэджмэнту і кіраваньня, вядзе палітыку нэгатыўнае сэлекцыі кадраў. Толькі на першы погляд няясна, чаму ўладныя групы, праводзячы рэформы, пасьля 1989 году не стварылі (калі ў гэтым была вострая гістарычная неабходнасьць) некалькі цэнтраў, дзе рыхтавалі б высакаклясных мэнэджэраў. Гэтыя групы найперш зацікаўленыя ў замацаваньні вынікаў падзелу здабычы і зусім ня хочуць аддаваць кавалак улады камусьці, хто не належыць да сыстэмы, што ўжо крышталізавалася. Ні для кога не сакрэт, што частку ўлады хапанулі сямейныя кланы, і яна перадаецца ад бацькі да сына, ад маці да дачкі ці яшчэ неяк гэнак. Маладое пакаленьне “эліты” гойсае па варшаўскіх і ўжо эўрапейскіх салёнах, чаруе публіку ў тэлеперадачах, рыхтуючыся да наступнага скоку ў будучыню. Яно пачуваецца цалкам бясьпечна, бо мае за плячыма густую сетку сувязяў; каб арыентавацца ўва ўсім гэтым, патрэбныя ня столькі паліталягічныя веды, колькі абазнанасьць у камуністычнай la belle époque, інфармаванасьць у пытаньні эканамічных сувязяў, а таксама здольнасьць функцыянаваць у лябірынце назіральных радаў, агенцыяў, фундацыяў і камітэтаў. Большая частка грамадзтва не разумее і не ўспрымае драпежніцкае мадэлі, якую стварылі польскія лібэралы й камуністы на прынцыпе “хто дужэйшы, той і мае рацыю”. Маруднасьць пераменаў у нас тлумачыцца супрацівам грамадзтва, а гэты супраціў — беднасьцю й неадукаванасьцю. Абедзьве зьявы ёсьць вынікам знаходжаньня пры ўладзе пасьля 1989 году палітычных групаў, што цалкам адчужаныя ад жыцьця найбяднейшых слаёў грамадзтва, але пасьпяхова маніпулююць страхамі і надзеямі палякаў, валодаючы такім моцным сродкам узьдзеяньня, як тэлебачаньне.
|
Думаю, гэтая сытуацыя ўплывае ня толькі на звычайнага грамадзяніна, які пачуваецца нічога ня вартай пешкай па-за шахматнай дошкай палітычнай і эканамічнай гульні. Яна адбіваецца і на сьвядомасьці польскай культуры, на жыцьці вышэйшай школы, на стане сярэдняй і пачатковай школы. Яна ўплывае на якасьць польскага мастацтва. Ужо няма традыцыйнага для яго кірунку, засяроджанага на сацыяльнай праблематыцы — кіно маральнага непакою. Маралісцкую паэзію цішком высьмейваюць за сувязь зь нібыта непатрэбным эпосе гвалтоўнай мадэрнізацыі кансэрватыўным павучаньнем, падсалоджаным сыропам салідарнасьці. Можна нават згадаць, калі менавіта пачалася гэтая эпоха — ад вельмі знамянальнага фільму «Сабакі» (1992) Уладзімежа Пасікоўскага і ад “кар’еры” зьвязаных з гэтым фільмам палітычных і культурных зьяваў. Назавем іх, паводле Альжбеты Маравец, “люмпэн-пралетарскай мастацкай сьвядомасьцю”. Вядома, тое, што эліты ня могуць кіраваць краінай, а большасьць грамадзянаў — людзі бяз волі, яшчэ не азначае, што ўсё ўжо зусім дрэнна. Паўзучай інэрцыі сыстэмы супрацьстаяць розум і энэргія польскай інтэлігенцыі. Менавіта дзякуючы апошняй можна было гаварыць пра посьпех і нават пра польскі шлях да капіталізму. Але цяпер гэтага ўжо замала. Адолець адрыў ад Заходняй Эўропы можа толькі інтэлігент, што разумее працэсы заходняе эканомікі, ведае замежныя мовы, арыентуецца ў палітычных мэханізмах, структурных асаблівасьцях эўрапейскіх і сусьветных гандлю і права. Новая постаць у нашым грамадзкім пэйзажы — магчыма, больш жорсткая, менш зацыкленая на тэме нешчасьлівай долі бацькаўшчыны, рашуча скіраваная ўперад. Сэктар дзяржаўных прадпрыемстваў дагэтуль застаецца асноўнаю сфэрай эканомікі. Такім чынам, мы, як і раней, сядзім у напаўкамуністычнай сыстэме з усімі створанымі гэтым гібрыдам эканамічнымі, сацыяльнымі, палітычнымі й культурнымі ўмовамі. Яны выклікалі да жыцьця агідную злаякасную пухліну — усяўладную карупцыю. Капіталізм паўстаў у Польшчы як вынік прысабечаньня большай часткі нацыянальнага багацьця колішняй сацыялістычнай намэнклятурай, што ўжо не патрабуе ніякай уяўнай палітычнай улады, затое мае рэальную ўладу, распараджаючыся грашыма ў банках, засядаючы ў канцэрнах ды назіральных радах.
|
4Атрыбутамі дэмакратыі, на якія палякі ўскладалі найбольшыя спадзяваньні напярэдадні зьмены ладу, быў сойм, фармаваны шляхам свабодных выбараў, што рэпрэзэнтуе свабоду самавызначэньня народу; упаўнаважаны па грамадзянскіх правох, што мусіць абараняць фундамэнтальныя прынцыпы свабоды чалавека; а таксама прэзыдэнт, што ад імя ўсіх нас прамаўляе да сусьветнай супольнасьці. Цягам апошніх дзесяці гадоў гэтыя сымбалі свабоды, на якіх з гонарам пісалася слова «Салідарнасьць», выявіліся вельмі й вельмі неадназначнымі. Пераломнае дзесяцігодзьдзе сваёй апошняй грымасай паказвае нам гамбровічаўскую міну, дэмаскуе нашае “апупеньне”, нясталасьць. Дэмакратычныя інстытуцыі ахопленыя зьмястоўнаю пустэчай, яны дэманструюць выключна фармальны мэханізм свайго функцыянаваньня, іх перасталі атаясамліваць з каштоўнасьцямі, якія калісьці былі закладзеныя ў падмурак гэтых інстытуцыяў. На пачатку мінулага дзесяцігодзьдзя візытоўкай польскай нованароджанай дэмакратыі стаўся нечуваны раней фэномэн — упаўнаважаны па грамадзянскіх правох. Пакуль справаю апекавалася прафэсарка Эва Лэнтоўска зь яе велізарным шармам і дарам перакананьня, грамадзянскія правы былі ўлюбёнай тэмаю на тэлебачаньні, і ўсе мелі ад гэтага безумоўную карысьць. У сярэдзіне дзесяцігодзьдзя іншы ўпаўнаважаны, распачаўшы змаганьне за прэзыдэнцкую пасаду, імгненна занядбаў свае абавязкі, пасьпеўшы, аднак, выказваньнем сваіх палітычных поглядаў кінуць цень на ўсю інстытуцыю, якой шмат хто цалкам давяраў. Ягоны наступнік у такіх абставінах мог зрабіць толькі адно — зьнікнуць з мэдыяў і заняцца выключна назіраньнем за парушэньнямі грамадзянскіх правоў у Польшчы. Цяпер ён, нарэшце, дбаў пра свае прафэсійныя абавязкі, а не пра будучую палітычную кар’еру, але рабіў гэта так пасьпяхова, што грамадзкая думка пазбылася штодзённае інфармацыі пра дзейнасьць гэтае ўстановы. Такім чынам, інстытуцыя, якая мусіла выконваць важную маральную ролю ў адроджанай дзяржаве, зрабілася яшчэ адным хадатайнікам. Польскі парлямэнт распачаў сваю гістарычную дзейнасьць у атмасфэры грамадзкае эўфарыі. Гэты “дамоўны”, як яго называюць, сойм зрабіў магчымым правядзеньне хаатычнай лібэральнай гаспадарчай рэформы, але адначасова пад яго прыкрыцьцём павырасталі зубы намэнклятурнае дэмакратыі й сфармаваўся так званы палітычны капіталізм. Пры канцы дзесяцігодзьдзя прэса выкрыла безьліч скандальных фактаў карупцыі. Мэдыі ды хто-ніхто з парлямэнтароў сьцьвярджаюць, што ў польскім сойме за мільён даляраў можна купіць закон. На сёньня сойм зьяўляецца польскай палітычнай праблемай нумар адзін. Ня маючы народнага даверу, ён ня можа плённа функцыянаваць. Адкрыта гаворыцца пра недарэчнасьць сэнату — інстытуцыі, што кантралюе дзейнасьць сойму — пра фатальны парадак галасаваньня, які перадусім служыць інтарэсам некалькіх найбольшых партыяў, адкрываючы ім дарогу да карупцыйных адносінаў. У першыя гады польскае незалежнасьці самай непапулярнай асобай быў прэзыдэнт. У канцы дзесяцігодзьдзя прэзыдэнт зрабіўся самай папулярнай асобай. Вядома, ня той самы. Абодва дзяржаўныя мужы, якія, згодна з вынікамі апытаньняў, “найбольш паўплывалі на палітыку ў апошнім дзесяцігодзьдзі”, зьяўляюцца ўзорамі двух тыповых прадуктаў ПНР. Першы — рабоча-сялянскае клясы, якая выйшла на першы плян дзякуючы сацыялістычнай індустрыялізацыі ды час ад часу бунтавалася, узрушаючы сыстэму і прымушаючы яе зьмяняцца. Другі — прадстаўнік дробнага мяшчанства, розныя інтэлігенцкія ўломкі якога запаланілі партыйныя камітэты, арганізацыі, інстытуты, асьветныя ўстановы, зрабіўшыся таксама асноваю тонкай, але заўважнай праслойкі дробных бізнэсоўцаў. Дробнамяшчанскі слой — грамадзкая база Польскай аб’яднанай рабочай партыі — у 70—80-я гады стварыла ў ПНР даміноўны тып культуры. Гэтыя дзьве грамадзкія клясы не заўжды дзейнічалі ў згодзе, але вызначальна паўплывалі на найноўшую гісторыю. Рабоча-сялянская, дарма што пад яе штандарамі пачыналіся перамены, зазнала відавочную паразу адначасова з асабістай палітычнай няўдачай колішняга лідэра «Салідарнасьці». Ён ня змог утрымаць і павялічыць эканамічныя ды грамадзкія прывілеі — наадварот, страціў амаль усё, што меў дагэтуль, да чаго добра спрычыніліся прафсаюзнае аб’яднаньне «Салідарнасьць» і створаныя на яго аснове сойм ды ўрад. Рыторыка была яшчэ прафсаюзьніцкай, пра абарону “народных інтарэсаў”, але практыка мусіла сутыкнуць грамадзкія чаканьні з гістарычным заданьнем стварэньня капіталістычнай эканомікі. «Салідарнасьць» не змагла таксама спарадзіць лідэра, што меў бы шырокую грамадзкую падтрымку і быў бы здатны ўлагодзіць амбіцыі ды ўзаемныя рахункі меншых правадыроў. І сёньня яна плаціць за гэта стратаю даверу большасьці палякаў. Прадстаўнік посткамуністычнае партыі ня меў такіх праблемаў. Пасьля развалу ПАРП ён годна вытрымаў ролю рэфарматара польскае лявіцы, якога крыўдзяць агрэсіўныя і непамяркоўныя правыя. У тым, што ён быў ані вельмі чыстым у палітычным сэнсе, ані дасканалым маральна, таксама была свая мудрасьць: ці хто з нас можа пахваліцца тым, што зьяўляецца ідэальным узорам для іншых? Заўважныя хібы гэтага палітыка — лёзунгавая пальшчызна, што часам патыхала партыйным стылем мяжы 80—90-х гадоў, палітычныя праколы і недатрыманьне добрага тону — хоць і высьвечваюць ягонае палітычнае карэньне, але аказваюцца больш зразумелымі й даравальнымі за мэтафарычна фармуляваныя велічныя канцэпцыі ды рэзкасьць яго найбольшага ў першай палове дзесяцігодзьдзя канкурэнта родам з «Салідарнасьці». Бо намэнклятурнік прэзэнтуе гладкі, неакрэсьлены дробнамяшчанскі стыль культуры, што так выяўна характарызуе Саюз левых дэмакратаў (СЛД) і выклікае сымпатыю ў мільёнаў прамысловых і сельскіх працаўнікоў, а таксама ў той часткі інтэлігенцыі, якая дасягнула грамадзкага посьпеху за камуністамі.
|
Паразу Леха Валэнсы выклікала памылковае, хоць і гераічнае рашэньне раскалоць, не зважаючы на крыкі знэрваванага электарату і палітычнай базы, штучны фронт «Салідарнасьці», каб зьявіліся ўмовы для стварэньня мноства партыяў ды арганізацыяў некамуністычнага характару, выклікаць творчае напружаньне. Валэнса паводзіўся нязграбна, сьмяшыў, абураў, правакаваў непрыязную рэакцыю, аднак дасягаў сваёй мэты. Прымушаў дзейнічаць, піхаў наперад нават тых дзеячоў жніўня-80, якія асабіста яго ненавідзелі. Рабіў гэта коштам сваёй палітычнай кар’еры. Канкурэнт-пераможца ўмела выкарыстоўваў узыходныя паветраныя плыні. Не падымаўся вышэй за ўзровень, ухвалены таварышамі, каб забясьпечыць сабе трывалую палітычную базу. Ён быў іх закладнікам і адначасова палітычнай візытоўкаю. Першы яго тэрмін характарызуецца поўнай адсутнасьцю заканадаўчай дзейнасьці. Затое ён пасьпяхова блякаваў рэформы там, дзе яны маглі мець відавочны посьпех і актывізаваць прыхільнікаў палітычнае канкурэнцыі. Выявілася, што польскае грамадзтва не адпавядае хрэстаматыйным і тэарэтычным уяўленьням пра трансфармацыю. Яно прагне не рэвалюцыі, а эвалюцыйных зьменаў, што ня цалкам адмаўляюць ПНР. З пункту гледжаньня грамадзкае псыхалёгіі гэта цалкам зразумела. Тыя, хто гэтага не засвоіў, і надалей будуць зазнаваць паразы. Наш самы папулярны палітык амаль без супярэчнасьцяў умее паяднаць рысы посттаталітарнай намэнклятурнай дэмакратыі ды культуры з новымі ідэямі. Ён узорна ўвасабляе ідэю пра моц ПНР у польскай сьвядомасьці, пра значнасьць намэнклятуры ў грамадзка-палітычнай сыстэме ІІІ Рэчы Паспалітай, а таксама пра грамадзкія сымпатыі да таго коніка, якога гэтая намэнклятура — за нашыя грошы — выкінула на пачатку мінулага дзесяцігодзьдзя. Яго добразычлівы патэрналізм выгадна адрозьніваецца ад гістэрычнага стылю многіх правых палітыкаў, хаваючы пад сабой лібэральную драпежнасьць і амбіцыі. Пераможца прэзыдэнцкіх выбараў 2000 году і яго атачэньне — гэта і ёсьць падмурак “тлустае рыскі”. Але адказваць за “рыску” мусяць і людзі з процілеглага боку. Тыя, што некалі зьдзейсьнілі гістарычныя трансфармацыі й дазволілі бяскарна трансфармавацца намэнклятуры. Пэўна, усе палякі. У сярэдзіне другога тэрміну прэзыдэнт пачынае разбудоўваць сваю палітычную пазыцыю ў двух новых кірунках, выклікаючы занепакоенасьць сваёй ранейшай палітычнай базы. Ён узмацняе міжнародны імідж, выразна даючы зразумець, што ахвотна заняў бы якоесьці годнае месца ў структурах NATO, Эўрапейскага Зьвязу, — і вось ужо чуюцца развагі пра яго шанцы зрабіцца генэральным сакратаром NATO. Калі б такое сапраўды адбылося, гэта быў бы посьпех і асабіста Квасьнеўскага як палітыка, і Польшчы. Цалкам неспадзяваным зьяўляецца другі кірунак. Усё выразьней вымалёўваецца поле канфлікту Квасьнеўскага з кансэрватыўным крылом СЛД. Урэшце гэта можа нават скончыцца ўтварэньнем новай палітычнай фармацыі на чале з Квасьнеўскім, здольнай згуртаваць рэфарматарскія плыні ў СЛД з плынямі памяркоўнымі, сацыял-дэмакратычнымі, у якія ўвайшлі б сябры Уніі Свабоды, што цяпер зусім страціла ўплыў, хоць у свой час была падмуркам польскай трансфармацыі. Посьпех гэтай ініцыятывы залежыць ад таго, у якой меры Квасьнеўскі здолее пазбыцца свайго апаратніцкага іміджу і выявіцца палітыкам эўрапейскага фармату. Суархітэктарам гэтага заплянаванага хаўрусу зьяўляецца колішні дысыдэнт Адам Міхнік, адзін зь лідэраў апазыцыі 70—80-х гадоў, а цяпер — галоўны рэдактар самага масавага штодзённага выданьня «Gazeta Wyborcza». Гэтыя палітыкі прылюдна дэманструюць сваю ўзаемную сымпатыю, гартуюцца ў агні скандальнае справы, зьвязанай з барацьбой за дамінаваньне на польскім рынку мас-мэдыяў, асабліва тэлебачаньня. Найбольшая штодзённая газэта Польшчы і тэлестанцыя, за валоданьне якой змагаецца група Міхніка, разам з палітычным уплывам Квасьнеўскага ствараюць істотную пагрозу для манаполіі СЛД.
|
5У 2001 годзе скончыўся важны пэрыяд у сучаснай гісторыі Польшчы: можна казаць пра пахаваньне палітычнай канструкцыі «Выбарчая Акцыя Салідарнасьць» («АВС») і пра адмову польскага грамадзтва ад канцэпцыі зьменаў, прапанаваных правымі й партыямі, вытворнымі ад «Салідарнасьці». Сумным завяршэньнем гэтага пэрыяду сталіся тры падзеі, што ў выніку склаліся ў вобраз, поўны цёмных фарбаў і атмасфэры няпэўнасьці. Першая — гэта згадка ў кнізе Яна Гроса «Суседзі» гісторыі мястэчка Ядвабнае, дзе жыхары-палякі вынішчылі сваіх суседзяў-жыдоў. Дыскусія вакол гэтай кніжкі сталася сымбалем зьменаў, што адбываюцца ў польскай мадэлі нацыянальнай ідэнтычнасьці і ў гістарычнай сьвядомасьці палякаў. Палякі пасьля доўгай дыскусіі й адмаўленьняў, што даносіліся пераважна з асяродзьдзя правіцы, узялі на сваё сумленьне цяжар ядвабенскай трагедыі. Тым самым наважыліся на балючы, але крайне неабходны акт замены ранейшай гераічна-мартыралягічнай парадыгмы, што складала самую сутнасьць ідэалізаванае нацыянальнае ідэнтычнасьці. Эмацыйную ідэалізацыю паволі замяняе адважнае, хоць і балючае, усьведамленьне невідавочнага, неадназначнага досьведу, у якім палякі не былі толькі ахвярамі камунізму ці фашызму. Рахунак калектыўнага сумленьня ад гэтага моманту зрабіўся даўжэйшым, але яно мае цяпер на адзін грэх забыцьця меней. За пэрыяд ад 1989 году, ад пачатку пераўтварэньняў у краінах Усходняй Эўропы, гэты крок можна лічыць самым адважным. Ахвотных паўтарыць яго сярод суседзяў Польшчы пакуль што не відаць. Стыхійныя бедзтвы, дагэтуль бачаныя толькі ў тэлевізары, сталіся для Польшчы новым грамадзкім досьведам 90-х гадоў. Паводкі выклікалі эканамічную крызу, якую паглыбіла гаспадарчая няздатнасьць уладных элітаў, але выявілі таксама нечуваную згуртаванасьць палякаў перад пагрозаю небясьпекі. Можна сказаць, што польскае грамадзтва, падзеленае палітыкамі й трансфармацыяй, зноў, як заўжды, яднала бяда. Трэцяй важнай падзеяй сталася параза правых і кампрамэтацыя палітыкі ўраду «АВС» на выбарах у верасьні 2001 году. Польскае грамадзтва, заўжды салідарнае ў сытуацыях небясьпекі, адвярнулася цяпер ад «Салідарнасьці», дагэтуль найбольшай рэфарматарскай сілы. Урадавую кааліцыю «АВС», што, праводзячы складаныя рэформы, вяла Польшчу празь цяжкі пэрыяд зьменаў, пакаралі поўным выцясьненьнем на палітычны край. Гэта сьведчыць, што нічога вечнага не бывае, што б ні думалі польскія палітыкі наконт гэтага. Варта, аднак, адзначыць рашучасьць рэформаў, распачатых у 1998 годзе «АВС». Гэта ўсё ж былі захады, скіраваныя ў ХХІ стагодзьдзе. Яны не ўдаліся, аднак ідэяў, лепшых, чым тагачасныя рэформа адміністрацыйнага падзелу, рэформы сыстэмаў асьветы, аховы здароўя і сацыяльнае абароны, няма і сёньня. Палітычная смута, выкліканая правымі, зачапіла ня толькі іх саміх, ледзьве ня зьнішчыўшы ўшчэнт колькі груповак, але ўдарыла і па самаадчуваньні ўсяго грамадзтва, якое да выбараў у верасьні 2001 году падыходзіла моцна абцяжаранае нявырашанымі грамадзкімі й эканамічнымі праблемамі ды зь сьлядамі траўмаў у такой далікатнай сфэры, як калектыўная ідэнтычнасьць.
|
6Слабасьць «АВС» і папулізм камуністаў, якія любой цаной рваліся да ўлады, падахвоцілі іншыя групоўкі да беспрэцэдэнтнай перадвыбарнай рыторыкі. Значную падтрымку, апроч Саюзу левых дэмакратаў, забясьпечыла сабе «Самаабарона» — партыя, што йшла пад надзвычай рэтраграднымі, антыэўрапейскімі, папулісцкімі лёзунгамі. Іх лідэр Анджэй Лепэр, які ня раз даводзіў, што супраць яго закон бясьсільны, ледзь не дасягнуў, паводле колькасьці набраных галасоў, месца другога палітыка ў Польшчы пасьля прэзыдэнта. Ён ненадоўга атрымаў пасаду віцэ-маршалка сойму, здабыў значную папулярнасьць у мэдыях, але ўсё згубіў праз прымітыўныя палітычныя скандалы. Посьпех посткамуністаў і адыход у нябыт «АВС» і Уніі Свабоды для Польшчы значылі адкладаньне на потым найважнейшых рашэньняў. Посткамуністы, вядома, у барацьбе за ўладу ня маюць сабе роўных. Аднак, выяўляецца, здабыўшы яе, ня ведаюць, што зь ёй рабіць. Таму краіну ахоплівае хваляваньне, як у 1993—1999 гадох, а ўлада стварае бачнасьць дзейнасьці, згортваючы ўжо запушчаныя палітычныя і гаспадарчыя працэсы, узмацняе ролю дзяржавы, што выклікае павелічэньне падаткаў, фарсуе экстэнсіўнае эканамічнае разьвіцьцё. Разам з выхадам на палітычную сцэну «Самаабароны» ажылі варожыя культуры, эўрапеізацыі, лібэралізму антыінтэлігенцкія настроі. Выбары-2001 былі катаклізмам, што агаліў бяздарнасьць палітычных элітаў, іх залежнасьць ад вялікага капіталу, нястачу харызматычных лідэраў, страх і нежаданьне грамадзтва браць удзел у прапанаванай партыямі палітычнай гульні.
|
7Часта даводзіцца чуць думку, што першыя гады трэцяга тысячагодзьдзя былі для Польшчы часам страчаных ілюзіяў амаль ува ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Пэрыяд гэты адзначаны бюджэтным крызысам ды зьніжэньнем тэмпу прыросту вытворчасьці да аднаго працэнту, хаосам у асьвеце і распадам культуры, зьяўленьнем трохмільённай арміі беспрацоўных, урэшце, палітычным заняпадам пажнівеньскай кааліцыі, што кіравала ў 1997—2001 гадох. Нястомна крытыкуючы папярэднікаў, малюючы чорны сцэнар разьвіцьця падзеяў у эканоміцы, посткамуністы ледзьве ня выклікалі ў грамадзтве паніку. Яны заблякавалі рэформу школьніцтва, якая ўтварыла хаос у асьветнай палітыцы, што й без таго кульгала, аддалі кантроль за польскімі нафтавымі трубаправодамі даўнім контрагентам Расеі й карэнным чынам зьмянілі сыстэму грамадзкіх службаў: цяпер урадавая адміністрацыя цалкам залежыць ад палітычных рашэньняў і намагаецца абмежаваць сувэрэннасьць адзінай незалежнай ад іх структуры — Рады фінансавай палітыкі. У сфэры грамадзкіх каштоўнасьцяў, насуперак ачышчальнай ядвабенскай кампаніі, назіраецца дэградацыя этасу «Салідарнасьці». Відаць, хтосьці з колішніх лідэраў апазыцыі, сёньня заможных і надзвычайна ўплывовых, лічыць магчымым братацца з колішнімі апаратчыкамі й прыцясьняльнікамі. Цягам некалькіх апошніх гадоў у краіне вядзецца спрэчка пра ацэнку камуністычнай Польшчы і пра ролю, якую ў ёй выконвалі некаторыя сёньняшнія ўплывовыя асобы. Посткамуністы закансэрвавалі мінулае, увёўшы пэўныя папраўкі ў закон пра люстрацыю, і ў найбліжэйшыя гады тут наўрад ці ўдасца штосьці зьмяніць. З палітычнага пункту гледжаньня Польшча здаецца згусткам цалкам супярэчлівых, процілеглых тэндэнцыяў. Посткамуністы перамаглі на выбарах, здабыўшы трохі больш за 40% галасоў, пры тым, што ўсяго галасавала каля сарака адсоткаў выбарцаў. Большасьць, што пратэставала маўчаньнем, надалей робіцца непрадказальнай сілаю, якой улада панічна баіцца, асабліва, калі адбываюцца такія падзеі, як рэфэрэндум пра ўваход у Эўрапейскі Зьвяз.
|
8Становішча культуры на парозе ХХІ стагодзьдзя зьяўляецца досыць дзіўным. Штодзённая прэса, каляровыя выданьні й штомесячнікі, за выняткам некалькіх назоваў, належаць іншаземцам. Польшчу залівае велічэзная хваля літаратурнай папсы. Шалёны рост цэнаў на кніжкі выклікаў ня менш хуткае зьніжэньне чытацкае актыўнасьці, заняпад бібліятэкаў; насельніцтва купляе ў некалькі разоў меней кніжак, чым у камуністычныя часы, хоць выбар папросту ўражвае. Усё ж Польшча па-ранейшаму застаецца найбольшым кніжным рынкам ува Ўсходняй Эўропе. Выразна заўважная палярызацыя інтэлектуальных элітаў: іхная разьяднанасьць, абмежаваньне выключна службовымі функцыямі, заняпад інтэлігенцкіх групаў — галоўнага спажыўца культурных дабротаў. Інтэлігенты ўжо ня хочуць быць інтэлігентамі, бо гэтая грамадзкая група сёньня страціла свой колішні прэстыж, а традыцыя, здаецца, болей шкодзіць, чым дапамагае. Частка інтэлектуальных элітаў перастала займацца нацыянальнай культураю, бо бачыць у ёй толькі лішні баляст. Затое ўвайшлі ў моду постмадэрнізм, дэканструкцыя і г.д. Тут гадуецца своеасаблівы адчужаны амэрыканізм над Віслай. Самыя масавыя духоўныя патрэбы зьведзеныя ў Польшчы да банальнае забаўкі; «Гары Потэр» задавальняе значна лепш, чым «Пан Тадэвуш». Але, нягледзячы на гэта, характэрнай рысаю сучаснае польскае культуры зьяўляецца асьветны бум, зьяўленьне сотняў новых дзяржаўных і прыватных ВНУ і — як вынік — заўважны няўзброеным вокам прагрэс тысячаў маладзёнаў, што гавораць на замежных мовах, вандруюць па сьвеце, едуць на Захад па яшчэ лепшую адукацыю. Гэтая армія павінна зьмяніць сваю краіну і напэўна гэта зробіць.
|
9Палякі апынуліся ў цісках нялёгкіх праблемаў. Яны хочуць у Эўропу, але коштам, нашмат меншым за той, што выстаўляе Брусэль. Патрабаваньні Эўрапейскага Зьвязу б’юць па нацыянальных амбіцыях, паказваючы, як далёка Польшчы нават да слабаразьвітых сяброў супольнасьці. Яна малая, бедная, несамастойная краіна зь вялізнай унутранай запазычанасьцю. Беднасьць і невялікія (прынамсі, у найбліжэйшы час) шанцы яе адолець робяцца аргумэнтам на карысьць самаізаляцыі. Некаторым прасьцей занурыцца ў нацыянальны аўтызм, высьвятляць пытаньне вышэйшасьці этнічнага чыньніку ў адносінах да падазронае глябалізацыі, страшыць нямецкай, расейскай, амэрыканскай, эўрапейскай пагрозай, чым брацца за рэфармаваньне эканомікі, за аднаўленьне заскарузлага нацыянальнага канону, за закладаньне новых падвалінаў культуры. На фоне эўрапейскага рацыяналізму падаецца, што некаторыя праявы польскіх калектыўных паводзінаў прывандравалі з ранейшых эпохаў — асабліва каталіцкая рэлігійнасьць, збудаваная на прынцыпах нэапаганскага, па сутнасьці, «Радыё Марыя» (радыёстанцыя, што трансьлюе рэлігійны, псэўдамэтафізычны сэканд-генд, абаперты на нацыяналізм, народную рэлігійнасьць і фрустрацыйныя настроі грамадзтва). Многія палякі (каля 40%) не жадаюць мець грамадзянства ў аб’яднанай Эўропе — магчыма, пабойваюцца страціць толькі-толькі здабытую сувэрэннасьць. Правыя групоўкі, разам з часткай касьцёлу, баючыся страціць свой уплыў пасьля далучэньня да эўрапейскай супольнасьці, выкарыстоўваюць гэты патрыятычна-аўтысцкі комплекс, спароджаны пачуцьцём непаўнавартасьці, эканамічнай боязьзю, недахопам адукацыі, няведаньнем замежных моваў, расчараваньнем у кіраўнічых групах, што вырашаюць лёс краіны. Час, аднак, патрабуе іншага. Сьвету пагражае нацыяналізм, эгаізм нацыяў, што валодаюць запасамі сыравіны, тэрарызм, экалягічныя бедзтвы. Малыя нацыі Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы ўжо ня змогуць спадзявацца на вялікіх гэтага сьвету. Яны мусяць перастаць марыць пра веліч і дабрабыт, што ім належаць у якасьці маральнай кампэнсацыі. Надышоў час цяжкай працы. А дэнацыяналізацыя ні ў Заходняй, ні ўва Ўсходняй Эўропе не пагражае нікому, хто сам гэтага не захоча. Між 1791-м і 2001-м гадамі Польшча была сувэрэннай толькі трыццаць гадоў. Да слабасьці дзяржаўніцкіх традыцыяў дадаецца дзейнасьць шматлікіх палітычных групаў, зь якой добра бачная іх ступень адданасьці дзяржаве, яе пэўнай каштоўнасьці. Польскія “эліты” бяз жалю пагаджаюцца на абмежаваньне польскага сувэрэнітэту ў абмен на мандат, што дазволіць швэндацца па эўрапейскіх салёнах, і на датацыі, што часткова зьменшаць адказнасьць за стан эканомікі. Для пэўных палітычных групаў эўрапейская супольнасьць зьяўляецца раем новых магчымасьцяў, для звычайнага паляка — невядомым і небясьпечным клопатам. Бо нацыянальны патрыятызм — гэта адно, а ўменьне кіраваць уласнай будучыняй і, урэшце, дзяржавай — зусім іншае. Палякам нашмат лепей удаецца вэрбальны патрыятызм, апазыцыя, гуртаваньне ў надзвычайных сытуацыях. У той самы час палякі ахвотна скардзяцца на ўласную дзяржаву ў эўрапейскі суд, ня вераць у мясцовую юстыцыю. Дзяржаву як найвышэйшую нацыянальную і грамадзкую каштоўнасьць сёньняшнія палякі ацэньваюць скептычна — што не адмаўляе нацыяналізму, патрыятызму, моцнае прывязанасьці да нацыянальнае сымболікі. Вырашыць гэтую супярэчнасьць нібыта можа дэмакратычны багаты Эўрапейскі Зьвяз: ён усталюе арганізацыйныя рамкі, змусіць працаваць адміністрацыю, акрэсьліць правы, адначасова дазваляючы махаць нацыянальным штандарам, праяўляць сувэрэннасьць, даплачваць сялянам, рабочым, лекарам, настаўнікам, аптэкарам… Штосьці возьме, штосьці адбярэ… Зрэшты, да канца невядома, што менавіта… паколькі грамадзтва не да канца праінфармаванае пра дэталі перамоваў. Праэўрапейскасьць і эўраскептыцызм утвараюць у грамадзкай сьвядомасьці палякаў канглямэрат, зь якога пакуль што не паўстае ніякай трывалай, вызначальнай тэндэнцыі. Здаецца, у 2004—2005 гадох Польшча стане-такі сябрам ЭЗ. Яе чакаюць цяжкія выпрабаваньні і вялізная праца. Найперш краіна мусіць прайсьці этап унутранае самаправеркі — нацыянальны рэфэрэндум па гэтым пытаньні. Сёньня за ўваход у Зьвяз выказаліся 60% грамадзянаў. Амаль столькі сама грамадзянаў прагаласавалі ў 1989 годзе за зьмену грамадзкага ладу. Такім чынам, каля 15 мільёнаў грамадзянаў абыякавыя або выказваюцца супраць — такая колькасьць эўраскептыкаў можа выклікаць сур’ёзныя грамадзкія канфлікты ды перанесьці іх у Эўразьвяз. У Брусэлі гэта разумеюць. Адначасова ўзрастаюць унутраныя канфлікты ў партыі ўлады, а таксама дыстанцыя між ёй і лягерам прэзыдэнта Квасьнеўскага. Магчыма, посткамуністы, што болей за ўсё шануюць уладу, захаваюць уяўнае адзінства да рэфэрэндуму 2003 году. Але верагодным зьяўляецца таксама сцэнар новых парлямэнцкіх выбараў у 2003 годзе. Партыя ўлады, занятая падзелам гэтай улады на ўсё драбнейшыя кавалкі, больш і больш адмяжоўваецца ад грамадзтва, губляючы ўплыў на разьвіцьцё падзеяў у краіне і саступаючы папулісцкім групоўкам. Гэта можа ўскладніць працэс, посьпех якога дае Польшчы гістарычны шанец, і калі яна яго змарнуе — застанецца на тым самым месцы, зь якога цягам двухсот гадоў прагнула зрушыцца.
Пераклаў з украінскай Андрэй Скурко |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 6 (29) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Майстраваньне [mk] |