A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (29) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
|
Валер Булгакаў
|
Натуральна, гаварыць пра люстэркавае падабенства гэтых дзьвюх электаральных кампаніяў не выпадае. Для Крамля было важна зламіць хрыбет свайму галоўнаму палітычнаму антаганісту — камуністам, а ня толькі правесьці свае партыі ўлады ў Думу. У імя гэтага яму давялося ахвяраваць парлямэнцкай будучыняй дзьвюх зь іх. (Хаця таксама нельга недаацэньваць важнасьць дасягненьня канстытуцыйнай большасьці ў Думе, каб было лягчэй праводзіць перадзел маёмасьці. Аб гэтым гавораць дадзеныя праведзенага камуністамі перападліку галасоў: іх забіралі ў «Яблыка», «СПС» і «Радзімы», а КПРФ і ЛДПР фактычна не чапалі.) Расейскія выбары таксама вызначаліся большым “карнавальным” размахам. Чаго толькі вартае абяцаньне глазьеўска-рагозінскай «Радзімы» павысіць сярэднюю зарплату ў Расеі ў чатыры разы або яе паразытаваньне на іміджы “баявых” генэралаў Валянціна Варэньнікава і Георгія Шпака. Дарэчы, на стале ў апошняга ляжыць пара прапанаваных беларускімі бізнэсоўцамі праектаў, зьвязаных, у прыватнасьці, з інвэстыцыямі ў беларускі гасьцінічны бізнэс. Ня будзе нічога дзіўнага, калі праз чатыры гады ён зь вядомага расейскага дэпутата ператворыцца ў ціхага беларускага капіталіста або, глядзіш, у пуцінскага намесьніка у Беларусі. Але ў асноўным ідэйны сэнс гэтых дзьвюх кампаніяў супадаў. Іх арганізатары і выканаўцы паставілі перад сабой дзьве стратэгічныя мэты. Па-першае, пры дапамозе калярытных, пазнавальных у народзе палітыкаў, якія прэзэнтуюць “альтэрнатыўныя” і ў той жа час блізкія пэўным сацыяльным групам погляды на разьвіцьцё грамадзтва, заручыцца падтрымкай электаральнага “балота”, г.зн. тых, хто ніяк ня можа вызначыцца, за якую палітычную сілу галасаваць, а таксама раскалоць цьвёрды пратэстны электарат. Адсюль такі разгул нацыянал-сацыялістаў і сацыял-імпэрыялістаў сёлета ў Расеі ды лібэралаў і эўраінтэгратараў з захаваньнем нацыянальнай спэцыфікі два гады таму назад у Беларусі. Па-другое, публічна прынізіць рэальную палітычную апазыцыю і траўмаваць верных ёй выбарцаў шляхам яе ператварэньня ў палітычнага аўтсайдэра, які ня мае шанцаў вызначаць палітычны курс краіны. Нарэшце, абедзьве кампаніі збліжае іх практычны посьпех: і тут, і там выбарцы прагаласавалі так, як і мае быць. Высновы з гэтага ўсяго невясёлыя. Тое, што Лукашэнка два гады таму сьвяткаваў сваю “элегантную й прыгожую перамогу”, заслуга хутчэй не кіраўніка яго выбарчай кампаніі Ўрала Рамдракавіча Латыпава, а невядомых грамадзкасьці заежджых расейскіх палітычных інжынэраў, якія кансультавалі лукашэнкаўцаў. Значыць, ужо тады Беларусь выкарыстоўвалася як палігон для практычнай апрабацыі новых палітычных тэхналёгіяў. Таму ня трэба зьдзіўляцца, калі кампанія правядзеньня расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў пройдзе па беларускай мадэлі або з выкарыстаньнем нашага досьведу (толькі хіба з больш рэалістычным вынікам для дзейнага расейскага прэзыдэнта — час жа не стаіць на месцы і зброя барацьбы за электарат пастаянна ўдасканальваецца). Беларусаў жа чакае чарговы тэст на палітычную сьпеласьць: парлямэнцкія выбары ўвосень 2004 году. Карцінныя скандалы і валтузьня вакол Лібэральна-дэмакратычнай партыі, якія дэталёва асьвятляліся ў дзяржаўных мэдыях, падтрымліваючы высокі градус грамадзкага інтарэсу да гэтай па сутнасьці праўрадавай арганізацыі, як нішто іншае паказваюць, што падрыхтоўку да іх пачала ня толькі дэмакратычная “пяцёрка з плюсам”. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 6 (29) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Майстраваньне [mk] |