A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (29) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
АНДРЭЙ ЕКАДУМАЎ | ||||||
|
Андрэй Екадумаў
|
(нар. у 1973 у Менску) — філёзаф, сацыёляг. Адзін з аўтараў аналітычных працаў «Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі» і «Беларусь: сцэнары рэформаў», што пабачылі сьвет сёлета. |
Першы сьвет з сваім перадавым дыскурсам і катэгарыяльным апаратам — у туманнай далечы, за даляглядамі беларускай сьвядомасьці. Нам яшчэ некалькі пакаленьняў засвойваць іх досьвед, філязофскі апарат, ад самога Арыстотэля ўспадкаваны, набірацца розуму. Ніхто па-за межамі Беларусі, апроч хіба што нашых экс-суграмадзянаў ды вялікіх аматараў экзотыкі, абдумваць беларускія праблемы на мове філязофіі ня будзе. Давядзецца самім. Выбар небагаты — ці сваімі сьціплымі разумовымі высілкамі ўрабляць мясцовы грунт, ці эміграваць да Дэрыдоў зь Ліятарамі. Працэс станаўленьня беларускага постімпэрскага дыскурсу выразна бачны на прыкладах, сабраных у “Анталёгіі”. Але пра гэта крыху пазьней. Ёсьць яшчэ варыянт 2). У адрозьненьне ад першага, ён пераадольвае паралюш волі да мысьленьня і дзеяньня на тутэйшай неўрадлівай глебе. Але затое варыянт 2) небясьпечны арыстакратызмам на памыйніцы. Лёзунг-загад “На табе роднае — і любі!” (“Купляй сваё”, “Добра, таму што беларускае”) ужо многіх адвярнуў ад патрэбы “думаць Беларусь”. Некаторыя інтэлектуальныя стравы атручваюць розум. Вось два варыянты ацэнкі беларускага інтэлектуальнага прадукту. Заўсёды ёсьць рызыка зваліцца не ў адну, дык у другую яміну. Аб’ектыўна, ці, дзеля постмадэрновай нямоднасьці “аб’ектывізму”, — адэкватна ацаніць “зробленае ў Беларусі” ня так і проста. Сытуацыя з падваеньнем ацэнкавай шкалы — беларуская ўнівэрсальная. Прынамсі, у сфэры таго самага беларускага мысьленьня, што ўзяліся паказаць зьбіральнікі «Анталёгіі». Задача ў іх, жорстка абмежаваных колькасьцю старонак і друкаваных знакаў, была ня самая ўдзячная. Патрабавалася адабраць зь беларускай інтэлектуальнай кунсткамэры тэксты, якія больш-менш выразна паказваюць публіцы дынаміку “беларускага мысьленьня” за 12 гадоў. Так складальнікі ўжо загадзя паставілі сябе пад удар прадузятай крытыкі. Кшталту: “А дзе Глёбус?! А чаму Бембель?!” ці “А чаму ў вас Глёбус бяз шапкі?!”. Стопрацэнтна надзейных крытэраў адбору беларускіх тэкстаў наша крытыка прапанаваць ня можа. Затое падстава для незадавальненьня заўсёды пад рукой. У складальнікаў жа была задача — паказаць беларускую думку, якая яна зь сябе была і стала за гады незалежнасьці. І тут, у прынцыпе, істотныя не канкрэтныя аўтары самі па сабе, а праблемы і тэндэнцыі, паказаныя ў тэкстах. У ацэнцы «Анталёгіі» шмат залежыць ад таго, што менавіта крытыкуем — канкрэтныя артыкулы ці ўсё выданьне цалкам. Калі беларускае паходжаньне і беларуская праблематыка — галоўныя вартасьці тэксту, калі катэгарыяльны апарат і навыкі мысьленьня ня цягнуць на элемэнтарную пісьменнасьць — варыянт 1) артыкулу забясьпечаны. Але ацэньваць «Анталёгію» цалкам — ня тое самае, што канкрэтны артыкул або некалькі іх на выбар. Яна не прэтэндуе быць зборнікам рэцэптаў для выратаваньня айчыны ад расейскамоўнай пагрозы ці ўзорам дасягненьняў беларускай думкі ў межах СНД. Якое мысьленьне, такія і тэксты. Гэта не “Рэклямны праспэкт сучаснага беларускага мысьленьня”. І калі ў «Анталёгію» патрапілі, мякка кажучы, кур’ёзныя артыкулы, то ці варта люстра дакараць? Вось такое спарадзіла беларуская думка 1990-х, вось такое і друкуем. Каб ня стаць чарговым зборам твораў пра ўсё запар па-беларуску, «Анталёгіі» патрабаваліся артыкулы, што задаюць кантэкст прачытаньня астатніх. Прасьцей, прынцып у выбары аўтараў — “не адзін, дык другі”, абы паказваў “думку беларускую”, — павінен ужывацца абмежавана. Патрэбен сама меней адзін артыкул, што задае кантэкст для прачытаньня-тлумачэньня ўсёй анталёгіі, каб аўтарскія развагі ўзору 1990 году не ўспрымаліся як пункт гледжаньня складальнікаў у 2003-м. У «Анталёгіі сучаснага беларускага мысьленьня» такіх артыкулаў, на маю думку, тры. Гэта «Трансфармацыя беларускай нацыянальнай ідэі» Алеся Чобата ў разьдзеле «Эйдас», «Крэольства й праблема нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі» Ўладзімера Абушэнкі ў «Лёгасе» і «Культура сьмецьця і сьмецьце культуры» Максіма Жбанкова ў «Топасе». Яны й зьвязваюць анталёгію ў адзінае цэлае.
|
У артыкуле Алеся Чобата — разгромная крытыка нацыяналістычнага міту пра вялікую беларускую культуру. Артыкул гэты карысны. Вымушае сур’ёзна задумацца над “прапіснымі ісьцінамі” нацыяналістычнага міту. Сур’ёзна аспрэчваецца тэза пра Вялікае Княства Літоўскае як духоўную радзіму беларускай нацыі, пераасэнсоўваецца роля імпэрскіх ідэалёгій. Таксама падрабязна разьбіраецца фармаваньне нацыянальнай ідэі ўсьлед за распадам СССР і абвяшчэньнем незалежнасьці. Адзначаецца духоўная нясьпеласьць беларускіх элітаў, даіндустрыйны патэрналізм пасьля індустрыялізацыі і іншыя нашыя культурныя болькі. Артыкул Максіма Жбанкова ў «Топасе» прысьвечаны болей постсавецкай беларускай культуры. Яна ў Жбанкова апісаная як трэшавая — гэтакі савок-у-постмадэрне. Тут таксама крытыка беларускага шляху ў Эўропу, аналіз узаемінаў закансэрваваных узораў савецкага афіцыёзу і афіцыёзам жа спароджанага андэрграўнду. Максім Жбанкоў прапануе цікавае тлумачэньне і другаснасьці беларускага культурнага прадукту, і патрэбы ў ін’екцыях расейскага маскульту, і фатальнага правалу нацыяналістычнага культуртрэгерства. Таго самага, што выраджаецца ў арыстакратызм, — калі не на памыйніцы, то на балоце. Цяпер пра «Крэольства й праблему нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі» Ўладзімера Абушэнкі ў разьдзеле «Лёгас». Нарэшце ў беларускамоўным выданьні выразна вымавілі тое, што даўно лунала ў паветры. Праблема постсавецкай беларускай ідэнтычнасьці ня зводзіцца да моўнай. Далёка ня ўсе расейскамоўныя ў Беларусі ідэнтыфікуюць сябе абавязкова з расейцамі ці “несьвядомымі манкуртамі”. Акурат ільвіная доля такіх “несьвядомых” усьведамляе сябе беларусамі. Гэтая вялізная доля насельніцтва вельмі дваіста ставіцца да Расеі і яе культуры, а таксама дваіста ацэньвае свой “родны кут”, што й дае падставу апісваць іх ідэнтычнасьць як спэцыфічна крэольскую, посткаляніяльную. Наша культура пасьля распаду СССР шмат у чым усё яшчэ застаецца каляніяльнай. Тут рэшткі аўтахтоннай культуры шчыльна зьнітаваныя з прынесенымі з усходу і даўно ўжо засвоенымі практыкамі. Цяпер расейскае ўжо нібыта і не чужое, але ўсё адно не сваё. Сытуацыя такога падваеньня — прыкмета крэалізаванай сьвядомасьці. Уладзімер Абушэнка падрабязна разглядае станаўленьне нацыянальнай ідэнтычнасьці насельнікаў былых гішпанскіх калёніяў. Там, дзе ўзьнікае неабходнасьць у самаідэнтыфікацыі не па правілах, навязаных мэтраполіяй, дзе моўны і дзяржаўны нацыяналізм не разьвіліся, можа рэалізавацца варыянт крэольскага нацыяналізму. Артыкул Абушэнкі добры тым, што прапануе адмовіцца ад жорсткай апазыцыі свае—чужыя, якая расколвае беларускую культуру на моўна-субкультурныя гета. Усе тры артыкулы — крытыка пройдзенага і падказка для будучыні. Акурат іх варта вылучыць як цэнтральныя ў «Анталёгіі» з гледзішча ахопу праблемаў (і беларускі кантэкст захавалі, і сусьветнага не згубілі) у сытуацыі канфлікту інтэлектуальных практык падчас культурнага разрыву і цывілізацыйнага адставаньня. Такі набор праблемаў задае адзінства «Анталёгіі».
|
Астатнія публікацыі ў зьвязцы з гэтымі трыма ці то наагул не пра Беларусь, ці то зьяўляюцца ўзорамі беларускіх лістоў да сябе з субкультурнага гета і ўспрымаюцца як камэнтары, удакладненьні, тлумачэньні, наглядныя прыклады нашага постсавецкага дыскурсу. «Рацыянальны нацыяналізм» Сяргея Дубаўца, пэўна, можа прэтэндаваць на ролю галоўнага кур’ёзу ў «Анталёгіі». На ягоным прыкладзе выяўляецца вельмі балючая для беларускіх адраджэнцаў праблема — нястача навыкаў аналітычнага мысьленьня, дый катэгарыяльнага мысьленьня наагул. Каб выказаць думкі, ім часьцяком не стае словаў. Мова не адпавядае ўзроўню праблемы. Чытаеш — нібыта назіраеш спробы вытлумачыць абстрактнае на пальцах. Але давайце цяпер паглядзім на год напісаньня артыкулу: 1990. Во так. Няшмат жа тады народу, у 1990-м, магло гэтак паразважаць, выкарыстоўваючы панятак “дыскурс”, удосталь пагаманіць-папісаць пра мадэрнізмы і постструктуралізмы. У БДУ толькі стваралі філязафічна-эканамічны факультэт. А вось тэкст Макса Шчура датаваны 2002 годам. Можна супаставіць з «Рацыянальным нацыяналізмам» 1990-га і вызначыць, як эвалюцыянавала думка беларуская. Ці параўнаем рэфэратыўны артыкул Юрася Залоскі «Сутнасьць і падставы рэлігіі» 2001-га з напісаным праз год артыкулам «Пол, кляса, нацыя і постсавецкая рэструктурызацыя» Алены Гапавай. Ю.Залоска — выпускнік Варшаўскай праваслаўнай духоўнай сэмінарыі, А.Гапава — дырэктарка Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў ЭГУ ў Менску. Узважым праваслаўна-рэлігійныя заклікі супраць фэмінісцкай крытыкі. Чытач не такі ўжо і дурны, высновы зробіць сам. Падборка тэкстаў у «Анталёгіі» акурат дае такую мажлівасьць — супастаўленьня ідэяў і дыскурсаў міжсобку. Ад чаго і да чаго прыйшла беларуская думка за тузін гадоў, пачынаючы ад Дэклярацыі аб сувэрэнітэце? З «Анталёгіі» відаць — не была тая Дэклярацыя забясьпечаная ні эйдасамі, ні лёгасамі. Філязофскае асэнсаваньне беларускіх праблемаў, якое павінна было б апярэджваць набыцьцё незалежнасьці, ішло сьледам за яе набыцьцём. І тэкст Марыны Мажэйкі, унівэрсытэцкай, “акадэмічнай” аўтаркі, дзе Беларусь наагул не фігуруе, зусім ня лішні ў анталёгіі. Але ён дае нам ключык да разгадкі гэтай вялікай таямніцы — чаму праваліўся беларускі нацыяналізм мяжы 1980—90-х. Замест аджылых тэарэтычных канструкцыяў афіцыйная эліта ўзброілася нязграбнымі ідэалягемамі і мітамі (пра вялікую беларускую культуру і г.д.). І пацярпела палітычнае фіяска. Беларускі досьвед давядзецца абдумваць нам жа, тым, хто Беларусь насяляе. На суд чытача «Анталёгіі» выносяцца матэрыяльныя сьведчаньні гэтага працэсу беларускага мысьленьня — тэксты беларускіх аўтараў. Іх прачытаньне можа стаць крытычным разборам палётаў думкі над зязюліным гняздом. Але пры гэтым можна ацэньваць тэксты «Анталёгіі» й іначай — акурат як ілюстрацыю працэсу засваеньня філязофскай культуры, зьмяненьня пастаноўкі праблемаў, пошуку адказаў на пытаньні, зададзеныя па-беларуску. Матэрыялы «Анталёгіі» гавораць, што з 1990 да 2002 г. у беларускамоўнай інтэлектуальнай супольнасьці пазначыліся сякія-такія тэндэнцыі. Бінарныя апазыцыі нацыяналістычнага дыскурсу выявіліся празьмерна жорсткімі для культурнай сытуацыі 90-х. У выніку «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» прапануе ўдакладніць кірункі разьвіцьця беларускай ідэнтычнасьці.
ПастскрыптумПад канец не ўтрымацца ад пажаданьня складальнікам наступных такоўскіх выданьняў. Тэхнічнае выкананьне праекту таксама рэч сур’ёзная. Таму няблага было б, каб 123-х, 124-х старонак было ня больш за адну на асобнік кнігі, а публікацыі, датаваныя 1999 годам, ня мелі спасылак на падзеі году 2000. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 6 (29) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Майстраваньне [mk] |