A R C H E П а ч а т а к № 6 (29) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


62003
» да Зьместу «

 


Эўропа на ўсход ад Эўропы
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


беларускі сьвет

  ЛЯВОН ЮРЭВІЧ

(27Kb) Вокладка ARCHE 6-2003. «ЭЎРОПА НА ЎСХОД АД ЭЎРОПЫ». Малюнак Уладзімера Адамчыка “Маленькі Анёльчык”, дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

 

Лявон Юрэвіч
Беларусазнаўства
па-англійску*


Заходнія навукоўцы без цяжкасцей адрозніваюць амерыканскую літаратуру ад англійскай. Яшчэ больш істотныя адрозненні назіраюцца паміж расійскай і польскай літаратурамі з аднаго боку і беларускай — з другога. Але калі гаворка заходзіць пра гэтую сферу даследаванняў, людзі часта блытаюцца.

Тое самае з пошукам Беларусі на карце свету. Людзі без праблем вызначаюць месцазнаходжанне Кітаю і Тыбету, усведамляючы розніцу паміж імі, аднак Беларусь у геаграфічным плане — гэта па-ранейшаму, так бы мовіць, terra incognita.

Гэтаму ёсць сумнае, але абгрунтаванае тлумачэнне. Джон Воранаф, рэдактар серыі «Еўрапейскія гістарычныя слоўнікі», якая выходзіць у выдавецтве «The Scarecrow Press», у прадмове да «Гістарычнага слоўніка Беларусі» адзначыў: “Беларусь — гэта яшчэ адна з новых дзяржаў, што ўзніклі пасля распаду Савецкага Саюзу. Падобна да іншых, яна не сталася зусім новай, паколькі мела ўласную дзяржаўнасць і фактычна была незалежнай у мінулым. Але яе незалежнасць была непрацяглай, глеба для нацыяналізму — беднай, і з шматлікіх прычын — эканамічных, палітычных, ваенных і нават дэмаграфічных — краіна апынулася пад уплывам свайго гіганцкага суседа — Расіі”.

Але час мінае, а людзі на Захадзе па-ранейшаму лічаць за лепшае думаць пра Беларусь як пра частку Савецкага Саюзу. Нават нягледзячы на тое, што апошняга болей няма.

Вядома, мы можам чакаць зменаў — зменаў у светапоглядзе, у свеце, у людзях. Але мы можам і рыхтаваць змены! Кажучы “мы”, я маю на ўвазе бібліятэчных работнікаў.
 

  (нар. 1965 у Менску) — літаратурны крытык, выдавец. Скончыў філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту імя Максіма Горкага (1990). Загадвае аддзелам падарункаў і абмену Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі. Сёлета падрыхтаваў да друку Збор твораў Антона Адамовіча.


* Артыкул напісаны аўтарам падчас навучаньня ў дактарантуры «Palmer School of Library and Information Science» у ангельскай мове для амэрыканскіх бібліятэкараў.
   

У чым заключаецца галоўная задача бібліятэкара, асабліва бібліятэкара-рэферэнта? “Наша роля простая: бібліятэкі і іх супрацоўнікі павінны імкнуцца да дасканаласці ў выкарыстанні свайго досведу на карысць чытачоў, забяспечваючы зручны доступ да інфармацыі на канцэптуальным, тэхнічным і метадалагічным узроўні інфармацыйнай эпохі. Мы павінны не толькі адлюстроўваць цікавасць грамадства да інфармацыйнай эпохі, але і дапамагаць людзям у іх дзейнасці”1.

Іншымі словамі — не толькі адказваць на пытанні, але і даваць адказы перш, чым пытанні будуць зададзены.

Тым не менш, нават для дасведчаных бібліятэкараў-рэферэнтаў вышэйазначанае пытанне часам аказваецца няпростым. Чаму? Таму што складаная гісторыя краіны Беларусі адбілася і на рубрыцы «Беларусь» у тэматычным каталогу. Так, вы можаце знайсці матэрыялы пра “Belarus” (з вытворнымі “Belarusan”, “Belarusian”), “Belorus”, “Byelorussia” і нават “White Russia” (“Белую Расію”)!

Чарговая праблема існуе з самімі матэрыяламі. Пераважная колькасць літаратуры пра Беларусь на англійскай мове была напісана і выдадзена як частка прапаганды падчас “халоднай вайны”, калі “Вялікая Сястра” Масква піхала краіну ў камунізм. Змены ў свеце зрабілі большасць гэтых публікацый бескарыснымі. Новыя ж публікацыі рэдкія і часцяком занадта вузкія (пра Халакост, Чарнобыль ці Лукашэнку).

Гэтая кароткая анатаваная англамоўная бібліяграфія пра Беларусь рыхтавалася з мэтай запоўніць лакуну — стварыць даведнік, які б адлюстроўваў цяперашні стан гэтай галіны. Ён можа быць карысны для студэнтаў, якіх цікавяць асноўныя звесткі пра Беларусь (у першую чаргу ў амерыканскіх энцыклапедычных крыніцах), для вучоных-гуманітарнікаў, што ўжо маюць сякія-такія веды ў гэтым абсягу і хацелі б паглыбіць іх (карыстаючыся манаграфіямі і архівамі), а таксама для маіх калег — бібліятэчных работнікаў у іх штодзённай руціннай працы па апісанні крыніц.

Гэтая бібліяграфія закранае найбольш агульныя пытанні, такія, як гісторыя са старажытных часоў да нашых дзён, культура і літаратура. Большасць анатаваных публікацый убачылі свет у 1980—90 гадах, калі свет пачынаў мяняцца ў бок цяперашняга становішча.

Галоўная ж мэта гэтай працы — зрабіць Беларусь бліжэйшай да Захаду.

 

 











1 Paul Evan Peters. Information Age Avatars // Library Journal. 1995. March. P.34.
   

1.0. Энцыклапедыі, слоўнікі

Цяпер існуе толькі адзін слоўнік, цалкам прысвечаны Беларусі, — 1.1. Большасць амерыканскіх энцыклапедый даюць агульнае апісанне Беларусі і тлумачаць паходжанне яе назвы. Але і яны з’яўляюцца неблагімі крыніцамі інфармацыі, асабліва ўлічваючы, што 1.1 можна знайсці далёка не ў кожнай школьнай ці ўніверсітэцкай бібліятэцы.
 

1.1. Zaprudnik, Jan. Historical Dictionary of Belarus. Lanham, Md.: Scarecrow Press, 1998. 299 p.

Слоўнік уяўляе сабой 28-ы том вядомай серыі «Еўрапейскія гістарычныя слоўнікі». Ён уключае наступныя раздзелы: «Акронімы і абрэвіятуры», ужытыя ў выданні; найбольш істотныя «Заўвагі па тэрміналогіі і транслітарацыі»; «Карты»; «Гістарычная храналогія»; «Бібліяграфія» (с. 229—293); уласна «Слоўнік» з больш чым 400 артыкуламі і «Дадатак: кіраўнікі Беларусі з 860 да 1997 гадоў». Гэты слоўнік павінен быць адпраўным пунктам для кожнага, хто цікавіцца Беларуссю.

Доктар Запруднік, беларус паводле нацыянальнасці і адзін з найбольш кампетэнтных у гэтай галіне аўтараў, стварыў надзвычай каштоўную, але не ідэальную кнігу. Слоўнік ахоплівае ўсе сферы гісторыі, палітыкі, эканомікі, археалогіі, мастацтва, рэлігіі і культуры Беларусі да 1997 году. Ён закранае персаналіі, тапонімы, арганізацыі, абстрактныя паняцці і пытанні, важныя для гэтай спецыфічнай краіны. «Уводзіны» (с.1—22) дазваляюць атрымаць сапраўды грунтоўнае ўяўленне аб прадмеце.

Некаторыя слоўнікавыя артыкулы («Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», «Лукашэнка Аляксандр», «Расія») утрымліваюць ацэначныя выказванні і меркаванні, якія, напэўна, не пасуюць такому тыпу літаратуры, але зразумелыя, улічваючы тое, што аўтар з’яўляецца палітычным эмігрантам і прадстаўляе ў сваёй кнізе дэмакратычны пункт гледжання.

У артыкуле «Алфавіт» можна знайсці беларускі кірылічны алфавіт і яго лацінічны эквівалент (транслітарацыю). Гэтая інфармацыя каштоўная далёка не толькі з пункту гледжання гісторыі. Каталог беларускіх кніг у Бібліятэцы Кангрэсу і ў Нью-Йоркскай публічнай бібліятэцы пабудаваны паводле прынцыпу транслітарацыі. Таму гэты артыкул будзе вельмі карысны для бібліятэчных работнікаў і даследчыкаў.

Кажучы, што гэтая кніга “не ідэальная”, я меў на ўвазе тую акалічнасць, што аўтар слоўніка імкнуўся стварыць крыніцу, якая б максімальна поўна адлюстроўвала сучасны момант. Ён уключыў туды нават палітычных дзеячоў 90-х гадоў, якія памерлі перад самай публікацыяй слоўніка. Такая актуалізаванасць добрая для газеты ці часопісу, але, пэўна, не для даведачнага выдання. Другі мінус кнігі — брак ілюстрацый і прадметнага паказальніка.

Цана слоўніка складае 60 долараў ЗША і выглядае зусім апраўданай. Хоць можна прыдбаць гэтую кнігу і танней — у раёне 40 долараў.
 

1.2. Worldmark encyclopedia of cultures and daily life / Timothy L.Gall, editor. Detroit: Gale, 1998.

Артыкул «Беларусы» (том 4 — «Еўропа», с.60—66) пабудаваны паводле стандартаў гэтай незвычайнай энцыклапедыі. Ён пачынаецца з невялікага анонсу (прысутнічаюць падраздзелы «Вымаўленне», «Альтэрнатыўныя назвы», «Пражыванне», «Насельніцтва», «Мова», «Рэлігія»), які выглядае не зусім прапрацаваным. Звесткі пра альтэрнатыўныя назвы прапануецца шукаць у самім артыкуле, месцам пражывання, натуральна, указваецца Беларусь, а мовай — беларуская. Фанетычная транскрыпцыя, якая прыводзіцца ў энцыклапедыі, павярхоўная і, варта дадаць, недакладная (Byeh-lah-ROOS-ans).

Цела артыкулу мае наступную структуру, агульнапрынятую для энцыклапедыі «Worldmark»: «Уводзіны», «Месца паходжання і пражывання», «Мова», «Фальклор», «Рэлігія», «Галоўныя святы», «Народныя абрады», «Узаемаадносіны людзей», «Умовы жыцця», «Сямейнае жыццё», «Адзенне», «Ежа», «Адукацыя», «Культурная спадчына», “Праца», «Спорт», «Забавы і адпачынак», «Народныя рамёствы і ўлюбёныя заняткі», «Сацыяльныя праблемы», «Бібліяграфія». Прысутнічае адна карта і адна ілюстрацыя.

Артыкул быў напісаны двума амерыканскімі беларусамі — непрафесіяналамі ў гэтай галіне. І гэта наклала адбітак на ўсю працу. У ёй няма памылак, але многія факты выклікаюць сумненні. Ствараецца ўражанне, што аўтары карысталіся старымі крыніцамі. Некаторыя тэзісы (напрыклад, у падраздзеле “Сямейнае жыццё”) не могуць успрымацца сур’ёзна. Аўтары ўжываюць геаграфічныя назвы і культурныя тэрміны не ў беларускай, а ў расійскай транскрыпцыі. Не ўся літаратура, пералічаная ў бібліяграфіі, англамоўная, затое ўся яна, за выключэннем аднаго пункту, малакаштоўная. Гэтым артыкулам можна карыстацца ў навучальных установах, калі няма іншых крыніц.
 

1.3. The encyclopedia of democracy / Seymour Martin Lipset, editor in chief. Washington, D.C.: Congressional Quarterly, 1995.

Артыкул «Беларусь» (том 1, с.121—124) напісаны вядомым філолагам доктарам Запруднікам і разглядае прадмет у наступных аспектах: «Праблемы пераходнага перыяду», «Нараджэнне палітычных партый», «Структура ўраду і новая Канстытуцыя», «Дэмакратычныя перспектывы». Артыкул утрымлівае дзве невялікія, але чытэльныя карты.

Агульная назва энцыклапедыі не характарызуе артыкулу ў цэлым, паколькі ў ім ідзе гаворка не толькі пра дэмакратыю. Артыкул апісвае сённяшняе палітычнае жыццё ў недэмакратычнай Беларусі і дае добры канспект апошніх падзей у краіне. У той жа час тут змяшчаецца мінімум інфармацыі пра гісторыю і культуру, неабходнай для лепшага разумення сённяшняй сітуацыі. З моманту выдання энцыклапедыі прайшоў пэўны час, што для такіх публікацый крытычна. Аднак гэты артыкул па-ранейшаму здольны даць чытачам усё, што ім трэба: факты, ход падзей, імёны і аналіз. Англамоўная бібліяграфія невялікая, але грунтоўная. Гэты артыкул не варта выкарыстоўваць у сярэдніх школах з прычыны акадэмічнай мовы.
 

1.4. Censorship: a world encyclopedia / edited by Derek Jones. London; Chicago: Fitzroy Dearborn, 2001.

Гэтая энцыклапедыя ў алфавітным парадку падае імёны людзей, геаграфічныя назвы, кнігі, падзеі і г.д., што датычаць яе прадмету. Закранаюцца разнастайныя сферы дзейнасці, такія, як літаратура, музыка, танцы, СМІ і інш. У дадатак да ўсяго прыводзяцца апісанні краін, сярод якіх можна знайсці і Беларусь (с.204—206). Аўтары яўна з’яўляюцца экспертамі ў паасобных пытаннях, і яны добра распрацоўваюць сваю тэму. Артыкул знаёміць з гісторыяй цэнзуры ў Беларусі ад яе ўзнікнення і да цяперашняга часу. Таксама ён прыводзіць агульныя характарыстыкі: колькасць насельніцтва, асноўныя канфесіі, афіцыйныя мовы, узровень пісьменнасці, колькасць радыёпрыёмнікаў на 100 і тэлевізійных прыёмнікаў на 1000 жыхароў, хоць не зусім зразумела, чаму выбраны менавіта такія параметры.

Як заяўляюць аўтары, гісторыя цэнзуры ў Беларусі неаддзельная ад іншых працэсаў, што дзеяліся ў краіне. Гэты тэзіс дае ім нагоду болей расказаць пра гісторыю і культуру Беларусі з XIII стагоддзя да 1998 году. Пры гэтым яны, як ні дзіўна, не абмяжоўваюцца агульнай інфармацыяй. Мова артыкулу добрая і простая. Бібліяграфія не вычарпальная, але ніштаватая. Пералічаныя назвы крыніц у асноўным англамоўныя, але адна беларускамоўная назва перакладзена на англійскую. Гэта стварае памылковае ўражанне аб існаванні англамоўнай літаратуры.

Гэты артыкул разам з 1.3 дае ўяўленне пра сённяшнюю Беларусь.

У энцыклапедыі змешчаны таксама артыкул пра радыёстанцыю «Беларусь», закрытую з цэнзурных меркаванняў.
 

1.5. Encyclopedia of nationalism / editor-in-chief, Alexander Motyl. San Diego, Calif.; London: Academic Press, 2001.

Гэтая энцыклапедыя — адно з найноўшых выданняў, якія ўтрымліваюць інфармацыю пра Беларусь. Праўда, не ў асобным раздзеле, як гэтага можна было б чакаць. Замест гэтага тут ёсць артыкул «Расія і былы Савецкі Саюз», напісаны М.Рыўкіным (Нью-Йоркскі гарадскі каледж), спецыялістам па русістыцы. Аўтар па-ранейшаму лічыць, што Расія — гэта найважнейшы кампанент былога Савецкага Саюзу, а іншыя часткі гэтай краіны мелі падобны гістарычны шлях.

Інфармацыю пра нацыяналізм у Беларусі можна знайсці ў падраздзелах «Паходжанне беларускага нацыяналізму» і «Выпрабаванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці». Матэрыял арыентаваны на чытача, які сама меней знаёмы з прадметам. Ён можа адыгрываць ролю канспекту, але зноў жа для людзей, якія ўжо дастаткова разбіраюцца ў паасобных праблемах. Аўтарскае разуменне нацыяналізму вельмі спрэчнае. Як вынікае з артыкулу, аўтар піша пра развіццё беларусаў як нацыі, але гэта не нацыяналізм. Артыкул мае «Слоўнік тэрмінаў» (12 дэфініцый), але ўсе яны датычаць расійскай культуры. Гэты артыкул не мае практычнага значэння для вывучэння Беларусі.
 

1.6. Encyclopedia of world literature in the 20th century: based on the first edition edited by Wolfgang Bernard Fleischmann / Leonard S.Klein, general editor. Rev. ed. New York: Ungar, 1981—1984.

У гэтай энцыклапедыі ёсць некалькі артыкулаў, што маюць дачыненне да Беларусі. Па-першае, гэта артыкул «Беларуская літаратура», падрыхтаваны Томасам Бэрдам, аўтарам шматлікіх публікацый пра Беларусь. Па-другое, гэта тры артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў — Наталлю Арсенневу, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, напісаныя доктарам Запруднікам. Кожны артыкул мае бібліяграфію. Добры падбор імён (першыя постаці ў літаратуры), пералік літаратурных твораў, ясная мова робяць публікацыі ў гэтай энцыклапедыі матэрыялам, з якім неабходна пазнаёміцца кожнаму, хто вывучае Беларусь і яе літаратуру. Наступным этапам у раскрыцці гэтай тэмы можа служыць 3.2.
 

1.7. Harvard encyclopedia of American ethnic groups / Stephan Thernstrom, editor; Ann Orlov, managing editor, Oscar Handlin, consulting editor. Cambridge, Mass.: Belknap Press of Harvard University, 1980.

Украінскі філолаг з Канады доктар П.Р.Магочы выступіў тут з артыкулам «Беларусы» (с.181—184). Гэта быў першы паважны нарыс пра беларускую дыяспару ў Амерыцы, напісаны пры дапамозе беларусаў. Сумесная праца дала добрыя вынікі. У публікацыі сцісла апавядаецца пра гісторыю Беларусі Сярэднявечча і XIX стагоддзя, перыяду другой сусветнай вайны і апошніх часоў. Большая частка артыкулу прысвечана беларусам у Амерыцы і гісторыі іх іміграцыі. Прыводзіцца, сярод іншага, пералік беларускіх арганізацый, цэркваў, школ, часопісаў, кніг і найбольш вядомых імігрантаў. Артыкул уключае адну карту і бібліяграфію, якая па сёння захоўвае актуальнасць. Ён можа быць рэкамендаваны студэнтам універсітэтаў і навукоўцам, хоць ёсць ужо і шэраг пазнейшых публікацый на гэтую тэму.
 

1.8. Gale encyclopedia of multicultural America / contributing editor, Rudolph J. Vecoli; edited by Judy Galens, Anna Sheets, Robyn V.Young. Detroit, MI: Gale Research, 1995.

Артыкул «Беларускія амерыканцы» (с.174—182) у гэтай энцыклапедыі, напісаны спецыялістам у гэтай галіне доктарам В.Кіпелем, можна назваць міні-манаграфіяй. Ён уключае раздзелы: «Агульны агляд» (з падраздзеламі «Гісторыя», «Беларусь пад расійскай акупацыяй», «Сучасная эпоха», «Беларуская іміграцыя ў Амерыку», «Пасляваенная іміграцыя», «Рассяленне»), «Культурная адаптацыя і асіміляцыя» (з падраздзеламі «Традыцыі, звычаі і вераванні», «Кухня», «Нацыянальны касцюм», «Песні і танцы», «Святы», «Рамёствы»), «Мова», «Сямейныя і зямляцкія адносіны», «Рэлігія», «Палітычнае жыццё і органы кіравання», «Індывідуальнае і калектыўнае жыццё», «СМІ», «Арганізацыі і асацыяцыі». Яшчэ артыкул змяшчае пералік беларускіх арганізацый у Амерыцы, іх адрасоў і кантактных тэлефонаў, а таксама спіс «Крыніц для дадатковага вывучэння».

Гэты артыкул — у некаторым сэнсе камбінацыя 1.2 і 1.7, аднак ён больш грунтоўны і глыбей раскрывае тэму. Артыкул дае шырокае і дэталізаванае апісанне беларусаў на Бацькаўшчыне і за мяжой. Мова яго прасцейшая, чым у 1.7.
 

1.9. The encyclopedia of New York City / edited by Kenneth T.Jackson. New Haven: Yale University Press; New York: New-York Historical Society, 1995.

Артыкул «Беларусы» доктара В.Кіпеля дае сціслае ўяўленне пра беларускую прысутнасць у Нью-Йорку з 1890-х па 1990-я гады. Большасць прыведзеных фактаў можна знайсці ў 1.8. Маецца на ўвазе, што чытач ужо знаёмы з прадметам.

 

   
   

2.0. Бібліяграфіі

Па сутнасці, англамоўных бібліяграфій па Беларусі не існуе. Што да розных дадаткаў і заўваг да публікацый у энцыклапедыях ці манаграфіях, дык тут можна згадаць толькі адну кнігу — Vakar, Nicholas P. A Bibliographical Guide to Belorussia. Cambridge, Mass.: Harvard University Press, 1956. 63 p. Аўтар гэтага даведніка ў свой час быў адным з найбольш аўтарытэтных амерыканскіх навукоўцаў-філолагаў. Ён напісаў таксама манаграфію «Беларусь: нацыяўтварэнне. Сацыялагічнае даследаванне»2. Гэтыя кнігі былі заўважным дасягненнем у 50-я гады, але сёння яны маюць толькі гістарычнае значэнне.
 

2.1. Kipel, Vitaut, and Zora Kipel, Eds. Byelorussian Statehood. Reader and Bibliography. New York: BINIM, 1988. 398 p.

Гэтую кнігу нельга назваць бібліяграфіяй у простым сэнсе — яна спалучае рысы бібліяграфіі, біяграфічнага даведніка і даведачнай манаграфіі.

Першыя чатыры раздзелы будуць прапушчаныя даследчыкамі, якія шукаюць хуткіх адказаў на свае пытанні, і ацэненыя тымі чытачамі, хто жадае атрымаць грунтоўнае ўяўленне аб прадмеце («Шлях да дзяржаўнасці», «Беларуская Народная Рэспубліка», «Савецкая Беларусь», «Змаганне за беларускую дэмакратыю»). Гэтыя раздзелы з’яўляюцца падборкай артыкулаў розных аўтараў і ў сукупнасці ўтвараюць нарыс гісторыі Беларусі. Чытачы павінны быць знаёмыя з пэўнымі гістарычнымі тэрмінамі, такімі, як “бальшавік” ці “НКВД”, паколькі гэтыя тэрміны спецыяльна не тлумачацца.

Пяты раздзел мае назву «Бібліяграфія». Ён падзелены на наступныя падраздзелы: «Крыніцы», «Дакументы і матэрыялы», «Газеты і часопісы», «Кнігі і артыкулы ў перыёдыцы», «Літаратура па Слуцкім паўстанні».

Укладальнікі называюць гэтую бібліяграфію (с.245—301) сціплай спробай сабраць разам матэрыялы па прадмеце. Але сапраўды каштоўнай дэталлю іх працы з’яўляюцца анатацыі літаральна да кожнага пункту ў бібліяграфіі. Часам гэта кароткае апісанне “адным радком”, а часам некалькі абзацаў, якія даюць чытачу поўнае ўяўленне пра змест і характар той ці іншай крыніцы.

Наступныя тры дадаткі самі па сабе з’яўляюцца энцыклапедычнымі даведнікамі. Гэта «Біяграфічныя нарысы лідэраў беларускага нацыянальнага руху», «Кіраўнікі асноўных беларускіх нацыянальных арганізацый, палітычных партый і ўрадаў», «Храналогія асноўных падзей у Беларусі ў 1914—1921».

Першы дадатак (с.303—362) — гэта маленькі біяграфічны даведнік з бібліяграфічнымі заўвагамі (частка, якой бракуе ў 1.1).

Манаграфія таксама ўключае раздзелы «Заўвагі аб сістэме транслітарацыі», «Беларуская Народная Рэспубліка: асноўныя звесткі», «Карта Беларусі», «Прадметны паказальнік». Маюцца чорна-белыя ілюстрацыі.

Цяпер гэтую кнігу складана знайсці. З прычыны свайго спецыфічнага зместу і мовы яна рэкамендуецца толькі для навуковых бібліятэк. Асабліва раім яе спецыялістам-гуманітарнікам.

 

 













2 Vakar Nicholas P. Belorussia: the making of a nation, a case study. Cambridge, Harvard University Press, 1956. 297 p.
   

3.0. Даведачныя манаграфіі

Паколькі большасць энцыклапедый змяшчаюць толькі агульныя звесткі, не раскрываючы прадмета глыбока, уяўляецца абгрунтаваным уключыць у гэтую бібліяграфію некалькі манаграфічных прац, пабудаваных на ўзор энцыклапедычных даведнікаў. Гэтыя даведачныя манаграфіі да сёння застаюцца найлепшымі крыніцамі інфармацыі па беларускай гісторыі (3.1), літаратуры (3.2) і дыяспары ў Амерыцы (3.3).
 

3.1. Zaprudnik, Jan. Belarus: At a Crossroads in History. Boulder, Colo., Westview Press, 1993. 278 p.

Манаграфія выйшла ў серыі выдавецтва «Westview Press», прысвечанай постсавецкім рэспублікам. Кніга ўключае «Прадмову», «Заўвагі па тэрміналогіі», раздзелы «Беларускі алфавіт», «Коратка пра Беларусь», асноўныя раздзелы з гістарычным матэрыялам, выкладзеным у храналагічным парадку ад старажытных часоў да 1992 году, «Дадатак: асноўныя даты беларускай гісторыі», «Слоўнік тэрмінаў», «Бібліяграфію» (с.247—257), «Паказальнік». Кніга выдадзена пры падтрымцы «Праграмы па вывучэнні нацыянальнасцей і Сібіры» Інстытуту Харымана Калумбійскага ўніверсітэту («Nationality and Siberian Studies Program of the Hariman Institute, Columbia University»).

Нягледзячы на назву, манаграфія прысвечана не толькі гісторыі, але і эканоміцы, палітыцы ды культуры.

Доктар Запруднік напісаў кнігу, якая выглядае пашыранай версіяй 1.1, толькі артыкулы размешчаны не ў алфавітным, а ў храналагічным парадку. “Паказальнік” палягчае пошук патрэбных звестак. Вялікія раздзелы падзяляюцца на меншыя часткі, што маюць уласныя падзагалоўкі, так што патэнцыяльны карыстальнік можа чытаць толькі тое, што яго цікавіць. Мова выдання простая і неакадэмічная, што робіць яго добрым дапаможнікам для школ і каледжаў. Тэкст суправаджаецца архіўнымі і сучаснымі чорна-белымі ілюстрацыямі.
 

3.2. McMillin, Arnold B. Die Literatur der Weissrussen = A History of Byelorussian Literature: From Its Origins to the Present Day. Giessen, Germany: Wilhelm Schmiltz Verlag, 1977. 447 p.

Хоць гэтая кніга выйшла ў 1977 годзе, яна застаецца пакуль што адзінай поўнай гісторыяй беларускай літаратуры на англійскай мове. Іншыя кнігі таго самага аўтара, якія можна згадаць, ахопліваюць абмежаваны перыяд («Беларуская літаратура ў 1950—1960 гадах: вызваленне і абнаўленне»3, 1999) ці абмежаваную прастору («Беларуская літаратура дыяспары»4, 2002).

У манаграфіі разглядаецца беларуская літаратура ад XII стагоддзя і да пасляваеннага перыяду. Стыль працы апавядальны. Звесткі пра літаратуру суправаджаюцца фактамі з гісторыі і культуры. Прысутнічае вялікая колькасць літаратурных твораў і іх фрагментаў у перакладзе на англійскую мову, што пашырае ўяўленне чытача пра беларускую літаратуру. Храналагічныя рамкі раздзелаў выразна акрэсленыя, што робіць кнігу лёгкай для выкарыстання і канспектавання. Карыснымі дадаткамі з’яўляюцца «Паказальнік асобаў» і «Паказальнік назваў літаратурных твораў». Бібліяграфія пададзена шырока, але большасць крыніц неангламоўныя.
 

3.3. Kipel, Vitaut. Belarusans in the United States. Lanham, Md.: University Press of America, 1999. 569 p.

Доктар В.Кіпель зрабіў абсалютна ўнікальнае даследаванне. Сам імігрант, ён аб’яднаў у адной кнізе гісторыю Беларусі і гісторыю Амерыкі. Хоць кніга расказвае пра беларусаў у ЗША, яе пяты раздзел прысвечаны самой Беларусі, яе гісторыі і палітычнаму жыццю. Астатнія раздзелы апісваюць жыццё і дзейнасць беларусаў у Амерыцы з энцыклапедычнай усебаковасцю. Назавём некаторыя з іх: «Беларуская эміграцыя ў даследаваннях, публікацыях і статыстычных крыніцах», «Некаторыя этнічныя характарыстыкі беларусаў», «Рэлігійнае жыццё і рэлігійныя арганізацыі», «Выдавецкая справа. Беларусістыка ў сродках масавай інфармацыі», «Беларуска-амерыканскія культурныя сувязі» і г.д. Кожны раздзел мае больш дэталёвае чляненне на падраздзелы з удалымі і лёгказразумелымі загалоўкамі. Напрыклад, у раздзеле «Беларуская эміграцыя ў даследаваннях, публікацыях і статыстычных крыніцах» вылучаюцца «Англамоўныя публікацыі», «Публікацыі на іншых мовах», «Беларускамоўныя публікацыі», «Некалькі заўваг пра статыстыку». Кніга таксама змяшчае «Заўвагі адносна тэрміналогіі і напісання», «Дадатак: беларускі алфавіт» і «Паказальнік».

Гэтая даведачная манаграфія будзе карысная не толькі даследчыкам беларуска-амерыканскіх сувязей, але і тым, хто шукае агульнай інфармацыі пра Беларусь. Тут асабліва прыдасца першы раздзел «Асэнсоўваючы Беларусь» (с.3—26). Стыль выдання блізкі да акадэмічнага. Тут няма бібліяграфіі як асобнай структурнай адзінкі, затое багата спасылак у зносках. Манаграфія ілюстраваная рэдкімі і даволі цікавымі здымкамі. Для навуковых і акадэмічных бібліятэк.

 

 













































































3 McMillin Arnold B. Belarusian literature in the 1950s and 1960s: release and renewal. Köln: Bohlau, 1999. 315 p.

4 McMillin Arnold B. Belarusian literature of the Diaspora. Birmingham: University of Birmingham Central Printing Services, 2002. 503 p.
   

4.0. Бібліятэкі, архівы

4.1. Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны (http://www.skaryna.clara.net/skaryna/)

Скарынаўская бібліятэка была заснавана ў 1971 годзе ў Лондане. Гэта найбольшы ў Еўропе (за межамі Беларусі) збор кніг на беларускую тэматыку. Ён уключае даведачныя выданні, слоўнікі, мастацкую літаратуру, кнігі, выдадзеныя да 1800 году, рукапісы і музыку. Маецца кароткі каталог з карыснымі анатацыямі, які можна знайсці на інтэрнет-старонцы бібліятэкі. Доступ да бібліятэчных фондаў толькі па дамоўленасці. Загадчык бібліятэкі Джым Дынглі — выключны прафесіянал у сваёй галіне і добры знаўца еўрапейскіх моў. Адрас: 37 Holden Road, London.
 

4.2. Нью-Йоркская публічная бібліятэка. Секцыя славянскіх і балтыйскіх літаратур
(http://www.nypl.org/research/chss/slv/slav.balt.html)

Гэта найбольш прафесійна арганізаваная калекцыя, чаму паспрыялі былыя работнікі бібліятэкі Вітаўт і Зора Кіпелі. Беларуская падборка мае доўгую гісторыю; першыя кнігі пачалі паступаць у бібліятэку ў пачатку 1920-х гадоў. Дарэчы, калі адчыніў дзверы новы корпус бібліятэкі, першы чытач быў якраз з Беларусі5. Беларускі аддзел налічвае больш за 9000 тамоў на розных мовах і ў розных фарматах (кнігі, перыядычныя выданні, мікрафільмы і мікрафішы), якія закранаюць усе тэмы, звязаныя з Беларуссю. Каталог бібліятэкі можна знайсці ў Інтэрнеце (catnyp.nypl.org). Усе кнігі, што паступілі да 1972 году, трэба шукаць у «Чырвоным каталогу» бібліятэкі.

Сям’я Кіпеляў у 1999 годзе ахвяравала бібліятэцы калекцыю эміграцыйных перыядычных выданняў і кніг пра Беларусь, што выйшлі галоўным чынам ва Ўсходняй Еўропе, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы ды Аўстраліі з сярэдзіны XIX стагоддзя і да 2000 году ўключна. Калекцыя перыёдыкі ўключае 414 экзэмпляраў часопісаў, газет, бюлетэняў, шматтыражак, праспектаў і іншых выданняў, упарадкаваных у алфавітным парадку па назвах. Іншыя экспанаты калекцыі ўключаюць каля 4500 кніг, брашур, аб’яў, прэс-рэлізаў і дакументаў. Гэта найпаўнейшы збор такога роду ў свеце, адкрыты для даследчыкаў. Цяпер рыхтуецца да друку адпаведны бібліяграфічны даведнік6.
 

4.3. Іншыя архівы

Вядома, існуе і шмат іншых архіваў, часам у самых нечаканых месцах. Напрыклад, беларускія фонды ў Інстытуце Гувера.

 

  5 Raeff, Marc. Our First Reader: David Shub and His Times // Biblion. №3(2). Spring 1995. 109—125 р.
























6 Belarusian publications in the West: bibliography / compiled by Zora Kipel and Vitaut Kipel; edit. By Liavon Yurevich. New York: [New York Public Library], 2001. 2 v. Unpublished typescript.





   

5.0. Установы

5.1. Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ)

Інстытут быў заснаваны ў Нью-Йорку ў 1950 годзе беларускімі эмігрантамі і з тых часоў зрабіўся цэнтрам беларусазнаўства ў Паўночнай Амерыцы. Інстытут выдае двухмоўны альманах «Запісы БІНіМ», на сённяшні дзень выйшла ўжо 26 выпускаў. Некаторыя тэксты можна знайсці па адрасе http://belarus8.tripod.com/ZapisyBINIM/zapisy.htm ці http://kamunikat.net.iig.pl/www/czasopisy/binim/spis.htm. Інстытут таксама выдае некалькі кніжных серый («Беларускія пісьменнікі замежжа», «Гісторыя беларускай эміграцыі», «Бібліяграфічная серыя»). Інстытут збірае архівы беларускіх арганізацый дыяспары, а таксама прыватных асоб. Усе яны ўнікальныя і ўтрымліваюць каштоўныя матэрыялы. Інстытут не мае свайго офісу і цяпер размяшчаецца ў доме доктара В.Кіпеля, прэзідэнта БІНіМ. Скантактавацца з інстытутам можна праз тэлефон (732-557-0094), факс (732-557-0095) ці электронную пошту (lyurevich@nypl.org).

 

   
   

6.0. Перыядычныя выданні

Існуюць толькі два англамоўныя перыядычныя выданні, якія могуць дапамагчы ў вывучэнні Беларусі. Адно з іх — часопіс «The Belarusian Review» («Беларускі агляд»), што выдаецца Беларуска-амерыканскай асацыяцыяй, галоўнай беларускай арганізацыяй замежжа. Яго аўтарам можа стаць любы навуковец, які цікавіцца беларускай праблематыкай. Гэты часопіс піша пераважна на палітычныя тэмы, але часамі друкуе артыкулы па культуры, эканоміцы, беларускім замежжы і да т.п. Паколькі сам часопіс ёсць далёка не ва ўсіх бібліятэках, можна карыстацца яго бясплатным электронным варыянтам, які сістэматычна абнаўляецца. Выданне мае рубрыкі «Беларускі форум», «Беларусы за мяжой», «Агляд перыёдыкі», «Зводка навін» і інш. Часопіс заўсёды змяшчае інфармацыю пра новыя кнігі пра Беларусь на англійскай мове. На вебвузле размешчана кантактная інфармацыя, раздзелы «Архіў» і «Загрузка», а таксама, што вельмі істотна, пошукавы сэрвіс. Падпісная цана на год складае 45 долараў для прыватных асоб і 65 долараў — для арганізацый. Гэтае выданне — найлепшая крыніца свежай інфармацыі па прадмеце для беларусазнаўца.

Часопіс «Belarusian Chronicle» («Беларускія хронікі», http://www.skaryna.clara.net/abs/chronicl.htm) выдаецца Англа-беларускім таварыствам штоквартальна і адносіцца да трэцясортных крыніц. Гэты часопіс змяшчае навіны з Беларусі і паведамленні пра падзеі, звязаныя з Беларуссю, у Вялікабрытаніі, пераважна ў Лондане. Падпісвацца на яго няма асаблівых прычын, але даследчыкам, якія цікавяцца беларускім жыццём у Лондане, ён можа быць карысны. У такім выпадку яго можна знайсці ў Інтэрнеце.

 

   
   

7.0. Базы звестак, крыніцы
і матэрыялы ў Інтэрнеце

Англамоўных вебстаронак, што маюць дачыненне да Беларусі, у Інтэрнеце нямала. Не варта шукаць звесткі пра Беларусь праз сістэмы пошуку «About.com», «Yahoo!», «Google», паколькі яны могуць выдаць занадта шмат няправільнай ці проста састарэлай інфармацыі. Тым не менш, усё ж ёсць некалькі сеткавых рэсурсаў, да якіх можна звярнуцца па даведку.
 

7.1. Belarusian.com (http://www.belarusian.com)

Пэўна, найлепшы на сёння вузел. Маюцца наступныя раздзелы: «Дзе знаходзіцца Беларусь?», «Дзяржаўнасць», «Палітычнае жыццё», «Эканоміка», «Гісторыя», «Культура», «Беларусь і Захад», «Храналогія», «Чарнобыль», «Прэзідэнт», «Грамадскі рух», «Палітычныя партыі», «Правы чалавека», «Знакамітыя беларусы», «Менск». Вузел забяспечаны пошукавым сэрвісам, спасылкамі на іншыя рэсурсы Інтэрнету з інфармацыяй пра Беларусь, прыводзіцца кантактная інфармацыя. Напаўненне вузла ахоплівае большасць пытанняў, якія могуць сёння ўзнікнуць пра Беларусь. Асобнай старонкай пададзена бібліяграфія са спасылкамі на іншыя рэсурсы Інтэрнету. Раздзел «Знакамітыя беларусы» выглядае як біяграфічны слоўнік — невялікі (69 асоб), але цікавы. Пошукавая сістэма прапануе некаторыя загадзя сфармуляваныя тэмы для імгненнага пошуку (напрыклад, “беларускі ўрад і Злучаныя Штаты Амерыкі”, “Беларусь і смяротнае пакаранне”, “палітычныя зняволеныя” і інш.). Апошняя інфармацыя вузла датуецца сакавіком 2000 году. Вузел мае некалькі ілюстрацый, карт.
 

7.2. Віртуальны даведнік па Беларусі (http://www.belarusguide.com/main/index.html)

Гэты праект узнік у 1994 годзе і быў першым англамоўным вебвузлом пра Беларусь у Інтэрнеце. Мэта праекту — стварэнне віртуальнай энцыклапедыі пра Беларусь. Вузел мае наступныя раздзелы: «Навіны вузла», «Беларуская гісторыя», «Беларуская дзяржаўнасць і незалежнасць», «Беларуская культура», «Заканадаўства і палітычнае жыццё Беларусі», «Беларускія вебвузлы», «Прырода і геаграфія», «Слоўнік» (спасылка на 7.3), «Вандроўка», «Беларусь: глабальныя рэсурсы», «Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС», «Беларуская генеалогія», «Беларуская прамысловасць». Кожны раздзел мае кароткую анатацыю і падзел на падраздзелы. У цэлым структура «Віртуальнага даведніка» даволі традыцыйная. Ёсць пошукавы сэрвіс для лягчэйшай навігацыі, а таксама мноства спасылак на іншыя рэсурсы пра Беларусь. Матэрыялы вузла выкладзены на даступным узроўні і не пазбаўлены памылак. Большасць стваральнікаў вузла — студэнты ці аматары, але яны выкарыстоўваюць сур’ёзныя крыніцы. Найлепшая рыса рэсурсу — багацце ілюстрацый, хоць дызайн яго і не ідэальны.
 

7.3. Англа-беларускі слоўнік (http://www.ceti.com.pl/~hajduk/)

Існуе некалькі папяровых беларуска-англійскіх слоўнікаў7, але большасць з іх паспелі разысціся ці перавыдаюцца толькі ў Беларусі. Не ў кожнай бібліятэцы яны ёсць. Таму гэты электронны беларуска-англійскі і англа-беларускі слоўнік можа стацца выйсцем з сітуацыі.

Вебвузел прапануе, зразумела, сістэму пошуку, а таксама звод граматычных правіл. Ён перакладае словы, геаграфічныя назвы, імёны, спецыяльныя тэрміны і ўстойлівыя выразы (назвы дзён тыдня і месяцаў, састаўныя лічэбнікі і г.д.). Карысная функцыя “гукі”, якая дазваляе пачуць як асобныя беларускія гукі, так і некаторыя словы і фразы. Паколькі ў беларускім пісьме ўжываюцца як кірылічны, так і лацінічны алфавіты, слоўнік апісвае сімвалы іх абодвух. Рэсурс досыць просты ў карыстанні, але аб’ём слоўніка невялікі. Не чакайце ад яго залішне.
 

7.4. ЦРУ — кніга фактаў (http://www.odci.gov/cia/publications/factbook/geos/bo.html)

Гэтая знакамітая старонка дае толькі мінімальныя агульныя апісанні беларускай геаграфіі, насельніцтва, органаў кіравання, эканомікі, узброеных сіл, шляхоў зносін і сродкаў сувязі і г.д., пераважна ў імёнах і датах. Можа быць карыснай для атрымання асноўнай інфармацыі пра краіну і для высвятлення канкрэтных фактаў пра яе, калі вы ўпэўнены, што такая інфармацыя на вузле ёсць. Пошукавая сістэма адсутнічае.
 

7.5. Аддзел краіназнаўства Бібліятэкі Кангрэсу (http://lcweb2.loc.gov/frd/cs/bytoc.html)

Можа выкарыстоўвацца для даведачных мэтаў як электронны варыянт кнігі «Беларусь і Малдова: краіназнаўства»8. Тут ёсць поўная версія кнігі з падзелам на часткі, бібліяграфія, слоўнік тэрмінаў, сістэма пошуку. Матэрыял ахоплівае гісторыю краіны і нашы дні. Стыль і мова блізкія да энцыклапедычнага. Маюцца перакрыжаваныя спасылкі, некаторыя ілюстрацыі і карты (у фармаце .pdf).
 

Пераклаў з англійскай мовы
Сяргей Петрыкевіч

 
 

  7 Найлепшае і найбольш даступнае з іх наступнае выданне: Ushkevich Alexander, Zezulin Alexandra. Byelorussian-English, English-Byelorussian dictionary: with complete phonetics. New York: Hippocrene Books, 1992. 290 p.










































8 Belarus and Moldova: country studies. Federal Research Division, Library of Congress; edited by Helen Fedor. Washington, D.C.: The Division: Headquarters, Dept. of the Army: For sale by the Supt. Of Docs., U.S. G.P.O., 1995. 254 p.











Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 6 (29) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Майстраваньне [mk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/01/21