A R C H E П а ч а т а к № 6 (29) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


62003
» да Зьместу «

 


Эўропа на ўсход ад Эўропы
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


Эўропа
на ўсход ад Эўропы

  АЛЯКСЕЙ ЛЕВІНСОН

(27Kb) Вокладка ARCHE 6-2003. «ЭЎРОПА НА ЎСХОД АД ЭЎРОПЫ». Малюнак Уладзімера Адамчыка “Маленькі Анёльчык”, дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

 

Аляксей Левінсон
“Каўказ” пада мной
Сьціслыя нататкі наконт фармаваньня і практычнага выкарыстаньня “вобразу ворага” ў дачыненьні да “асобаў каўкаскай нацыянальнасьці”

Апытаньні грамадзкае думкі* даюць усе падставы казаць — варожыя настроі ў дачыненьні да катэгорыі людзей, якіх называюць “каўказцы” ці “асобы каўкаскай нацыянальнасьці” (далей АКН), маюць масавы характар. Інфармацыя ад праваабарончых арганізацыяў, паведамленьні СМІ сьведчаць, што ў Расеі ў асобных выпадках меры дыскрымінацыі, эксклюзіі, а часам і гвалту ў адносінах да АКН маюць арганізаваны, інстытуцыяналізаваны характар, зьяўляюцца палітыкай шэрагу грамадзкіх арганізацыяў, а таксама дзяржаўных і мясцовых органаў улады. Нарэшце, вайсковыя дзеяньні на Каўказе, паводле перакананьня шматлікіх іх удзельнікаў і назіральнікаў, таксама вядуцца фэдэральнымі сіламі менавіта супраць людзей пэўнай — “каўкаскай” нацыянальнасьці.

Мы мяркуем, што такая ўнівэрсалісцкая рыторыка з вуснаў тых, хто ажыцьцяўляе названыя практыкі, зьяўляецца інструмэнтам, што выводзіць іх з-пад адказнасьці. Бо адказнасьць за цкаваньне паводле нацыянальнай прыкметы, калі б яна была вызначаная, аказалася б вельмі сур’ёзнай. Зрэшты, суб’ектамі адказнасьці маглі б стаць некаторыя асобы. Мы ж тут і далей будзем гаварыць пра працэсы ў безаблічнай (і безадказнай) грамадзкай думцы, масавай сьвядомасьці. Такім чынам, на жаль, у нас досыць прычын, каб казаць пра наяўнасьць масава варожага стаўленьня да гэтай катэгорыі АКН, пра тое, што ў шэрагу выпадкаў АКН аказваюцца ў ролі ворага. Аднак панятак “варожасьць” і яго навуковыя эквіваленты (ксэнафобія, этнічны нэгатывізм, этнічная эксклюзія), як і панятак “ворага” (праціўніка), мае іншую прыроду, чым панятак “вобраз ворага”. Апошні ўключае фігуру, інстанцыю дасьледчыка, які кваліфікуе сытуацыю, але знаходзіцца па-за ёй. Апрача таго, катэгорыя “вобразу ворага” прыцягваецца для апісаньня суб’екта варожага стаўленьня, у адрозьненьне ад панятку “ворага”, які дадаецца да аб’екту такога стаўленьня. Нарэшце, канцэпт “вобразу ворага”, на наш погляд, варта скарыстоўваць для аналізу тых выпадкаў, калі выказваньне нэгатывізму на адрас якога-небудзь сацыяльнага аб’екту мае вынікам (фактычнай / лятэнтнай мэтай) не нанясеньне яму шкоды, яго зьнішчэньне і да т.п., але павышэньне салідарнасьці ў нейкім згуртаваньні — суб’екце гэтых нэгатыўных перажываньняў, афэктаў.
 

  — сацыёляг, кіраўнік аддзелу якасных дасьледаваньняў Усерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкае думкі. Тэкст перадрукоў- ваецца з інтэрнэт-выданьня www.polit.ru з ласкавай згоды яго рэдакцыі.





* У гэтым разьдзеле выкарыстаныя матэры- ялы апытаньняў, што праводзіліся Ўсерасій- скім цэнтрам вывучэнь- ня грамадзкае думкі.
   

“Вобраз ворага” — мы можам сказаць, складаны аналітычны канцэпт, канструкцыя, стваральнікі і карыстальнікі якой належаць да таго ж боку, што й аўтар і чытачы гэтых радкоў, назавём яго “апісальным”. Катэгорыя ж АКН належыць, як мы пакажам, боку, “які апісваюць”. Сама катэгорыя, што таксама будзе паказана, зьяўляецца, у сваю чаргу, вельмі складанай канструкцыяй, стваральнікаў якой мы назавём.

На наступных старонках мы зьвернемся да некаторых гістарычных і сацыяльных перадумоваў фармаваньня “вобразу ворага” менавіта з “каўказцаў”, а пасьля разгледзім адзін з выпадкаў выкарыстаньня гэтага вобразу.

 

   
   

“Нацыянальнасьць” як галоўная антрапалягічная кваліфікацыя

Сказаўшы, што аб’ектам варожасьці вельмі часта аказваюцца асобы некаторай нацыянальнасьці, варта запытаць сябе, чаму менавіта нацыянальнасьць зьяўляецца прычынай для дыскрымінацыі (ці выдаецца за такую). Адмысловец лёгка заўважыць, што ў большасьці выпадкаў, калі дыскрымінацыя таго ці іншага кшталту ажыцьцяўляецца ў дачыненьні да “каўказцаў”, яна зьяўляецца дыскрымінацыяй расавай, а не нацыянальнай. Гэта найбольш зразумела, калі ўжываецца слова “чорныя” і ягоныя эквіваленты, і найбольш наглядна, калі пад імя “азераў”, што зьяўляецца свайго роду нацыянальнай кваліфікацыяй, залічваюць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў.

Нашае разуменьне “тых, хто апісвае”, што пад нацыянальнасьцю ў гэтых выпадках разумеюць расу, важнае для нас саміх. Але ня менш важна было б зразумець, чаму выкарыстоўваецца слова “нацыянальнасьць”.

Мы не прэтэндуем на асьвятленьне ўсяго велізарнага комплексу пытаньняў, зьвязаных з выкарыстаньнем гэтай катэгорыі. Мы хочам толькі адзначыць узрастаньне ролі нацыянальнай кваліфікацыі і самакваліфікацыі ў 1990-я гады на савецкай, далей постсавецкай прасторы.

Сьцісла кажучы, распад адносна складаных сацыяльных структураў суправаджаўся кампэнсатарным умацаваньнем адносінаў прасьцейшага характару, да якіх належаць салідарнасьці на “прыродных”, прымардыяльных пачатках, такіх, як век, нацыянальнасьць ці месца жыхарства (пры пашыраным разуменьні адпаведных тэрмінаў іх часам называюць гендэрнымі ці расавымі катэгорыямі).

Можна меркаваць, што прычыны наступныя. Інстытуцыянальнае ўпарадкаваньне савецкай дзяржавы як формы для грамадзтва было закладзенае, як вядома, на высока ўнівэрсалісцкіх пачатках, уласьцівых адному з утапічных варыянтаў камуністычнай ідэалёгіі пачатку XX стагодзьдзя. Да аднога з гэтых пачаткаў належыць усталяваньне ўсеагульнай роўнасьці ў незалежнасьці ад расы ці нацыянальнасьці. Больш за тое, сьцьвярджалася такая мэта-ідэал, як ліквідаваньне нацыяў і нацыянальных адрозьненьняў.

Зь цягам часу гэтае ўпарадкаваньне эвалюцыянавала. Варта нагадаць, што ідэолягі і іх прыхільнікі, якія падтрымлівалі першапачатковую ўтапічную пазанацыянальную вэрсію, былі рэпрэсаваныя. Далей шырока апісаная эвалюцыя рэжыму ў канцы 1930—1940-х гадоў, якая была выкліканая падцягнуць і кансалідаваць новыя слаі мясцовай бюракратыі, што зьявіліся ў выніку паскоранай ратацыі. Катэгорыя нацыянальнага была рэабілітаваная і пушчаная ў справу як інструмэнт. “Нацыянальнасьць” атрымала каштоўнасную афарбоўку — часткова з апірышчам на падобныя традыцыйныя катэгарызацыі (народнасьць, веравызнаньне), часткова як новы атрыбут чалавека ці групы. У выпадку пазытыўнага знаку нацыянальнасьць для чалавека ці групы магла ператварацца ў рэсурс, у тым ліку для вэртыкальнай мабільнасьці. Нацыянальнасьць жа магла трансфармавацца ў карпаратыўны рэсурс мясцовай бюракратыі ў адносінах з вышэйшымі інстанцыямі.

Пасьля істотных хваляваньняў і канфліктаў у хрушчоўскія часы балянс наяўных бюракратычных групаў, у тым ліку тых, якія апазнавалі сябе як “нацыянальныя”, быў усталяваны. Гэта пачало надалей успрымацца як брэжнеўскі застой. Разьвіцьцё бюракратычнай сыстэмы прыняло характар інвалюцыі. Ідэалягічныя групы, якія абслугоўвалі сыстэму і былі зьвязаныя з унівэрсалісцкім камуністычным дыскурсам, дасягнулі верхніх паверхаў адведзеных ім каналаў мабільнасьці і замацаваліся там. Замацаваўшыся, яны манапалізавалі свае правы на інтэрпрэтацыю адпаведных ідэалягемаў і на эмісію адпаведных сымбалічных прадуктаў, якімі яны абслугоўвалі палітычны рэжым.

У сувязі з гэтым такія кірункі, як навука, ідэалёгія, культура — ува ўнівэрсалісцкай іх трактоўцы — згубілі пэрспэктыўнасьць для арыентаванай на мабільнасьць зьмены. Толькі вузкая катэгорыя імпэрска-сталічнай інтэлігенцыі магла працягваць пошук на ўнівэрсалісцкіх жа шляхах, але зьмяніўшы “камуністычны” варыянт унівэрсалізму на “гуманістычны” ці “агульначалавечы”. А для мясцовых субэлітных групаў альтэрнатыўны шлях ляжаў празь незанятыя сэнсавыя зоны рэлігійнага, этнічнага, містычнага, нарэшце, нацыянальнага.

Першыя этапы крызы вышэйшай дзяржаўнай бюракратыі (“галоснасьць”) разблякавалі шляхі адначасова для абодвух дыскурсаў — “агульначалавечага” і “нацыянальнага”. Фракцыя вышэйшай бюракратыі, што перамагла на гэтым першым этапе, зрабіла стаўку на саюз з былым ідэалягічным праціўнікам — “Захадам”. Адпаведна, унутры краіны яна прыцягнула носьбітаў “агульначалавечых” унівэрсалісцкіх перакананьняў (“перабудова”). Тады саюзьнікам цэнтральнай улады (М.Гарбачова) выступіў аўтар той рэпэтыцыі “перабудовы”, што была праведзеная на Каўказе, — Э.Шэварднадзэ, які ўжо пакінуў сваю рэгіянальную пасаду. Нерэпрэсіўны характар слабога рэжыму пакінуў “нацыяналістычны” дыскурс у распараджэньні ніжэйшых групаў бюракратыі.

Гэты дыскурс выявіў для іх сваю высокую інструмэнтальнасьць, бо ён дазволіў адмабілізаваць пад кожную зь мясцовых элітаў “сваё” грамадзтва. Дадзены этап успрымаўся як “нацыянальны ўздым”. Далей з апірышчам на гэты рэсурс мясцовыя эліты змаглі дабіцца незалежнасьці ад цэнтру (што пасьля было названае “парадам сувэрэнітэтаў”). На Каўказе гэты працэс прыняў асабліва канфліктныя формы. Грузія, якая паводле структуры найбольш нагадвала ўласную мэтраполію, перажыла параксізмы нацыяналістычна арыентаванага рэжыму з аўтарытарна-таталітарнымі ўхваткамі, чараду канфліктаў, што мелі характар грамадзянскай вайны, а далей — сэрыю сэпаратысцкіх выступаў, якія мелі і ўласныя “нацыянальныя” крыніцы, і падтрымку звонку.

У большасьці выпадкаў інвалюцыя мясцовай дзяржбюракратыі, што была вызваленая з-пад кантролю цэнтру і атрымала “свае” рэсурсы ў непадзельнае карыстаньне, паглыблялася. Складаныя структуры кіраваньня, калі яны не былі зьвязаныя з працэсамі пераразьмеркаваньня ўласнасьці ці заміналі ім, былі разбураныя. Адпаведна, складаныя формы імпэрскай ідэнтычнасьці і ляяльнасьці згубілі свой практычны сэнс. Імпэрская культура, якую перасталі падтрымліваць, — а гэта была адзіная інстытуцыйна ўладкаваная культура, — пачала імкліва разбурацца. Гэта выявілася ў формах разбурэньня навукі, адукацыі. Простыя формы ідэнтычнасьці, для падтрымкі якіх патрэбны мінімум інстытуцыянальна-арганізацыйных сродкаў, пачалі прыходзіць на зьмену. “Нацыя”, “нацыянальнасьць” належаць менавіта да гэткіх.

 

   
   

АКН як габрэй нашага часу

Адзін з клясычных варыянтаў “вобразу ворага” для многіх грамадзтваў — “габрэй”, “жыд”. Сындраматыка антыкаўкаскіх установак сярод насельніцтва цэнтральных і шэрагу ўскраінных раёнаў Расеі шмат у чым нагадвае клясычны антысэмітызм, якім ён быў у канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзя ў Расейскай імпэрыі. Сапраўды, у абодвух выпадках аб’ектам зьяўляецца меншасьць, чальцы якой маюць выгляд, манеру маўленьня (акцэнт), імёны, што лічацца характэрнымі, то бок тымі, якія гавораць пра пэўныя (непрымальныя) чалавечыя якасьці і нават пра чужыя каштоўнасьці ды варожыя для большасьці мэты іх носьбітаў. Як і ў выпадку з габрэйствам зь мястэчкаў, “каўказцы” ўнутры сябе камунікуюць на чужой і незразумелай для большасьці мове, слухаюць сваю музыку, выконваюць свае рытуалы і адзначаюць свае сьвяты, захоўваюць уласныя пабытовыя звычкі, разам з спосабам арганізацыі сям’і і колькасьцю дзяцей, стаўленьнем да іх выхаваньня, стаўленьнем да навучаньня. Іхная група, як калісьці габрэі, мае ўласную пабытовую этыку, сваю працоўную і камэрцыйную этыку і, нарэшце, уласную веру. Далей, што “чорныя”, што габрэі, як часта зь непрыязнасьцю заўважаюць у іх атачэньні, імкнуцца трымацца разам, дапамагаюць адзін аднаму. Яны кампактна жывуць і канцэнтруюцца ў пэўных прафэсійных і эканамічных нішах. Адна з найважнейшых акалічнасьцяў — яны дзейнічаюць у прадпрымальніцтве (камэрцыі, гандлі, бізнэсе). Пры гэтым трэба зазначыць, што дзеля шэрагу прычынаў гэтыя групы-меншасьці маюць, як правіла, большы посьпех у прадпрымальніцтве, чымся большасьць, сярод якой яны жывуць і якая аказваецца ў становішчы іх кліентаў і іх працаўнікоў. Уласна, яны акумулююць капітал. У “нацыянальнага пачуцьця” зьяўляецца клясавы кампанэнт. Гэтыя групы лёгка становяцца аб’ектам канцэнтраванага антаганізму, што нярэдка ўключае такі эксцэс, як пагром.

Няцяжка заўважыць, што гэтыя прыкметы (прыдатныя для апісаньня многіх групаў, напрыклад, кітайцаў у Паўднёва-Ўсходняй Азіі ці індыйцаў у Афрыцы), дапасавальныя да габрэйства канца XIX — пачатку XX стагодзьдзя ў Расеі і некаторых іншых краінах Усходняй Эўропы, не дапасуюцца да габрэйства сёньняшняга. Апошняе згубіла свае адрозьненьні ад атачальнай большасьці і паводле мовы, і паводле веры, пабытовай культуры ды інш. Яно таксама ў значнай ступені разьмеркавалася ў розных эканамічных і сацыяльных нішах. Адбылася асыміляцыя габрэяў. Яны трансфармаваліся ў супольнасьць зусім іншага кшталту, нашмат больш інтэграваную ў мясцовую культуру. Пра кошт гэтай асыміляцыі, якая ўключае ледзь ня ўдалае “канчатковае рашэньне габрэйскага пытаньня”, тут гаворка ня пойдзе.

Такія габрэі таксама часам становяцца аб’ектам нэгатыўных адносінаў, і гэтыя адносіны таксама маюць назву “антысэмітызм”. Аднак, паводле нашага глыбокага перакананьня, вельмі важна правесьці адрозьненьне. “Клясычны” антысэмітызм, які праіснаваў доўгі час ажно да самых першых дзесяцігодзьдзяў XX стагодзьдзя, быў скіраваны супраць меншасьці, якая пужала большасьць сваёй небясьпечнай чужасьцю. Сёньняшні антысэмітызм нацэлены на групы асыміляваных габрэяў, якія пужаюць сваёй небясьпечнай блізінёй.

Сярод выхадцаў з Каўказу частка належыць да ранейшых хваляў, чымся цяперашнія мігранты і ўцекачы. Ступень іх асыміляцыі ў савецкую і расейскую культуру прыкладна такая ж паводле глыбіні, як у сучаснага габрэйства. Адпаведна, калі яны і робяцца аб’ектамі варожага стаўленьня, дык тыпу сучаснага антысэмітызму.

Што тычыцца цяперашніх “каўкаскіх” дыяспараў у Расеі, ім выпадае на долю цалкам клясычная форма непрыязнасьці да “гандлёвага народу”. Яны зазнаюць долю ня проста тых, кім пагарджаюць і каго ненавідзяць, але тых, каго цкуюць, грамяць і да т.п. Пры гэтым у некаторых групаў “каўказцаў”, як, напрыклад, армянаў, а таксама чачэнцаў, у калектыўнай памяці, як і ў габрэяў, жыве траўма (спроба генацыду ці мэтанакіраваных рэпрэсіяў супраць іх як народу). Гэта фармуе дадатковыя характарыстыкі дыяспары і афарбоўвае адносіны з большасьцю.

 

   
   

Каўказ. Практыкаваньні ў геаграфічным дэтэрмінізьме

Каўказ — горнае ўтварэньне, якое ляжыць ля мора. У пэрыяд, калі фармавалася сучасная мапа сьвету, Каўкаскія горы і мора за імі — пры наяўных рэсурсах і сродках вядзеньня вайны ды ўвогуле аказаньня сілавога ціску — былі цяжкапераадольнай перашкодай для далейшага пашырэньня Расейскай дзяржавы. Балянс сілаў паміж Расеяй і іншымі краінамі замацаваўся ў XIX стагодзьдзі так, што Каўказ стаў краем, мяжой расейскай экспансіі ў гэтым кірунку. У гэтым сэнсе Каўказ — мяжа магчымасьцяў імпэрыі.

У ходзе яе напаўраспаду, прыпыненага ў канцы XX стагодзьдзя, Каўказ ізноў паказаў сябе ў гэтай якасьці лімінальнай акалічнасьці расейскага існаваньня. Па яго хрыбце пралягла новая мяжа. Але і яго паўночныя схілы як тэрыторыя — зона найвышэйшай рызыкі, дзе Расея можа страціць землі, і зона найбольшай імавернасьці (ці найбольшых ілюзіяў) набыцьця, вяртаньня адпалых земляў. Менавіта там — участкі тэрыторыі РФ, дзе фактычна няма яе юрысдыкцыі, дзе супраць краіны на яе тэрыторыі вядуць вайсковыя дзеяньні іншаземцы — не абстрактныя “міжнародныя тэрарысты”, а грамадзяне іншых дзяржаваў. Разам з тым менавіта на Каўказе і толькі на Каўказе Расея заяўляе прэтэнзіі на кантроль над тэрыторыямі, якія належаць сумежнай дзяржаве, ажыцьцяўляе сілавыя і палітычныя дзеяньні, якія многім здаюцца падобнымі да анэксіі. Скажам так, Каўказ — гэта геаграфічнае месца, дзе працягваецца каляніяльная гісторыя Расеі, адзінае месца, дзе Расея можа паводзіць ці ня можа сябе не паводзіць як каляніяльная дзяржава.

Больш за тое, на Каўказе працягвае разыгрывацца геапалітычная драма часоў халоднай вайны. Акурат там Расея знаходзіцца сваімі вайсковымі структурамі ў найбольш цесным сутыкненьні, фактычна — супрацьстаяньні з сваім былым асноўным супернікам і патэнцыйным вайсковым праціўнікам — ЗША.

Расейскія вайсковыя аб’екты суседнічаюць з амэрыканскімі ў постсавецкай Сярэдняй Азіі, але там ёсьць флёр новай “пуцінскай” палітычнай рэчаіснасьці, то бок хаця б бачнасьць супадзеньня “контртэрарыстычных” мэтаў і інтарэсаў абедзьвюх краінаў. Зьяўленьне ж амэрыканскіх вайскоўцаў у Грузіі ёсьць адкрытым супрацьстаяньнем расейскім намерам і ў гэтым сэнсе — чарговым абазначэньнем Каўказу як мяжы, бар’еру для расейскай экспансіі — цяпер не прыроднага, ляндшафтнага, але геапалітычнага.

 

   
   

Вайна і курорт

Але геаграфічнае палажэньне Каўказу мае і іншую праекцыю, назавем яе прыродна-этна-культурнай. Чорнае мора як дальняя пэрыфэрыя міжземнаморскага басэйну аказалася паўночнай мяжой пашырэньня адпаведнай культуры. У сілу гэтай акалічнасьці ў зоне Каўказу зьдзяйсьняўся культурны кантакт. Расейская (стэпавая, лясная, паўночная — словам, кантынэнтальная) культура зналася з культурай, якая была перш за ўсё фундамэнтальна “іншай”. Пры гэтым, у адрозьненьне ад “іншых” на паўночнай і ўсходняй межах савецкай айкумэны (і ў падабенства з гэткай на заходняй мяжы) яна была зараджаная больш высокім патэнцыялам і таму прыцягальная. Расейцы ўступілі ў кантакт з гэтым культурным комплексам тады, калі ён паступова выходзіў з-пад уплыву Асманскай імпэрыі. Адпаведна міжземнаморская культурная лінія, якая дайшла да расейскіх вачэй і вушэй, мела моцную “прысадку” мусульманскай — цюрска-пэрсідзка-арабскай — традыцыі. У культурным сэнсе гэты “паўднёвы Захад” раз-пораз пераходзіў у “паўднёвы Ўсход”. Тыфліс для расейцаў быў настолькі ж Парыжам, наколькі Стамбулам.

Каўказ, будучы яшчэ тэатрам ваенных дзеяньняў у XIX стагодзьдзі, атрымаў у літаратуры і сярод абслугоўванай ёю чытацкай публікі статус экзатычнай краіны. Рамантычная праекцыя ці не найлепш удалася менавіта ў дачыненьні да Каўказу як прыроднай зоны і як прытулішча плямёнаў ды народаў.

Для эўрапейскіх нацыяў доўгатэрміновыя каляніяльныя войны — у адрозьненьне ад адносна карацейшых, але больш небясьпечных для нацыі войнаў з роўным праціўнікам, іншай дзяржавай — безумоўна, гралі асаблівую й істотную ролю ў культуры. Расеі дапамагло стаць у гэты шэраг непасьпяховае і таму доўгатэрміновае пакарэньне Каўказу. Наяўнасьць Каўказу як месца для подзьвігу, для слаўнай сьмерці адыграла істотную ролю ў станаўленьні этычнай сыстэмы расейскага дваранства якраз тады, калі яно (дваранства) закладала асновы таго, што цяпер завецца “расейскай культурай”. Ваенная заваёва Сібіры і Паволжа прайшла да гэтага часу, заваёва Цэнтральнай Азіі — у асноўным пасьля. Таму рамантычнае ў расейскай культуры аказалася зьвязаным перш за ўсё з Каўказам.

Каўказ даў выхад да дзьвюх культурных зонаў. Адна — Міжземнамор’е, паўночнай ускраінай якога было чарнаморскае ўзьбярэжжа Каўказу (і Крым). Амбіянс міжземнаморскіх партовых гарадоў, культура курорту адыгралі істотную ролю ў складаньні сьпярша культуры клясы, якая жыла, нічога ня робячы, далей — сьвяточнай культуры дваранства, пасьля — формаў непаўсядзённасьці для іх нашчадкаў у савецкія часы. Тут можна было гуляць у Эўропу.

Другі выхад — да Малой Азіі, на Ўсход. Мусульманскі кампанэнт, што прысутнічаў на Каўказе, у кароткі пэрыяд савецкага спакою ўжываўся як дэкор для стварэньня арыентальнага асяродзьдзя.

Масавай жа культуры належаць — гэтаму ніхто ня будзе пярэчыць — разнастайныя фільмы, тэлеспэктаклі, якія эксплюатуюць сымбалічны фонд Каўказу як гісторыі. Сюды, у сваю чаргу, адносяцца гістарычныя паводле сваёй пазнакі зьвесткі, якія атрымліваюць на самім Каўказе тыя, хто там пабываў. Існы фонд “мінулага”, калі хочаце — “традыцыі”, выконвае, як яму і належыць, ролю абгрунтаваньня сёньняшніх пазыцыяў.

Тут паўстае адна сур’ёзная праблема. Этычныя праблемы, якімі былі заклапочаныя ў свае часы расейскія літаратурныя клясыкі, не ўключалі пытаньня пра правы — правы чалавека, правы людзей розных канфэсіяў на свабоду сумленьня, правы нацыяў на самавызначэньне, правы адной краіны на тэрыторыю іншай і да т.п. Для іх гэтыя пытаньні яшчэ не ўставалі ці не ўставалі ў дачыненьні да сытуацыі на Каўказе. Норма інтэрнацыяналізму, якая зьявілася зь іншых парадыгмаў, ня кажучы пра нормы грамадзянскіх правоў, блага стыкуецца з тым, як падыходзілі да расейскай палітыкі на Каўказе Пушкін і іншыя “нашы ўсе”. Зь зьяўленьнем марксісцкай касмапалітычнай дактрыны і пралетарскага інтэрнацыяналізму, што вырас зь яе, быў выпрацаваны падыход і да афіцыйнай карціны сучаснасьці, і да афіцыйнай карціны гісторыі. Ня месца выкладаць яго тут. Важна падкрэсьліць, што гэты падыход дастаткова складна ўвязваў усе маральна значныя рашэньні, якія маглі сустрэцца на прадугледжаным гэтай мас-культурай жыцьцёвым шляху савецкага чалавека.

У прыватнасьці, пераход Каўказу, населенага, што зразумела, людзьмі зь іншай часткі сьвету, ува ўласнасьць Расеі, а пасьля СССР, як і правы “нас” на “іхныя” рэсурсы, што вынікаюць з гэтага, там былі абгрунтаваныя ня “нашымі” эгаістычнымі (па-цяперашняму — нацыянальнымі) інтарэсамі, а “іхным” інтарэсам і карысьцю. Калі б ня мы, яны б не прылучыліся...

Іншая справа, што поруч з гэтай афіцыйнай мас-культурай існавала нейкая фольк-традыцыя, асаблівы дыскурс, у якім таксама было сваё гістарычнае меркаваньне, як і свая антрапалёгія, этналёгія і сацыялёгія.

Акурат гэтаму прынцыпова непісьменнаму сучаснаму фольк-дыскурсу, як ні дзіўна, карэспандуе этыка Пушкіна і Лермантава — у той частцы, у якой яна адпавядала этыцы казакоў і генэралаў. Там няма сумневу, чаму чачэнец — злы, як няма пытаньня, ці можна абвяшчаць злымі/добрымі цэлыя народы і да т.п.

Такая фольк-гісторыя — этнагісторыя, калі хочаце, — дае людзям упэўненасьць у тым, што цяперашнія абставіны не навіна, што такое разьмеркаваньне роляў — мы змагаемся зь імі, яны спрабуюць нам шкодзіць — нармальнае, што “яны заўжды нас ненавідзелі”, “яны тысячу гадоў з намі ваююць”. Аповедамі пра тое, што Каўказ быў заваяваны, і прытым у ходзе працяглых войнаў, абгрунтоўваецца права на гэты край.

Антрапалягічны падыход тут тлумачыць інакшасьць каўказцаў вельмі проста. Ён прымае яе за дадзенасьць, але не пакідае яе ў статусе факту, акалічнасьці, якую трэба патлумачыць, а, наадварот, ператварае яе ў тлумачальны аргумэнт. Акурат таму яны да нас варожыя, бо яны іншыя. Асымэтрыя не бянтэжыць. На адным баку мы — такія, якія мы ёсьць, беспрэдыкатныя. З таго, якія мы, увогуле нічога не вынікае — мы для сябе празрыстыя, нябачныя. А на іншым баку яны, не такія. Яны, вядома, зусім непразрыстыя, і ня варта разглядаць іх знутры, вывучаць як людзей. Зразумела, што іх непадобнасьць да нас і ёсьць прычынай таго, што “яны нас ня любяць”, яны шкодзяць.

А вось такое ж фольк-сацыялягічнае меркаваньне: яны ўсе трымаюцца разам, усе адзін за аднога, адзін пралезе — усіх за сабой цягне. У іх слухаюцца старэйшых, паважаюць жанчынаў, помсьцяць за сваіх. У нас нічога гэтага няма. Гэтыя якасьці нам даспадобы, як нам даспадобы багацьце. Яны ў гэтым сэнсе багатыя, мы бедныя. У нас перавага (перад самімі сабой), якую бедны мае ў вачах народу: “нам цяжэй”. Яны ня п’юць, у іх такі закон, ці — яны п’юць і не сьпіваюцца, а мы шмат п’ём, сьпіваемся, нам і ад гэтага цяжэй.

Нашая перавага даведзеная. Яна захоўваецца і ў тых выпадках, калі прызнаецца, напрыклад, іх (чачэнцаў) неадольнасьць.

 

   
   

Яшчэ раз пра “гісторыю бальшавіцкіх арганізацыяў
у Закаўказьзі”

Калянізацыя Каўказу пасьля заканчэньня вайсковага супраціву йшла шляхам уключэньня рэгіёну ў агульную імпэрскую рамку ў якасьці адной з правінцыяў. Такая сытуацыя адкрыла перад грамадзтвамі Каўказу пэўныя пэрспэктывы мабільнасьці ў адносна шырокіх межах той сацыяльнай сыстэмы, якую ўяўляла зь сябе Расейская імпэрыя. Адна лінія — гэта ўключэньне мясцовых элітаў у склад імпэрскай знаці. Другая — падключэньне да аднога з галоўных мэханізмаў вэртыкальнай мабільнасьці — сыстэмы адукацыі. Нарэшце, трэцяя лінія ўяўляла зь сябе ўключэньне ў контрэліту, апазыцыю, якая змагалася за ўладу з самаўладзьдзем.

Па такім канале ўзыходзілі на агульнаімпэрскі ўзровень многія жыхары Каўказу, сярод іх Ёсіп Джугашвілі. Імпэрыя на тое й імпэрыя, што яе лёс часам вырашаюць маргіналы, але заўсёды вырашаюць у цэнтры. Для імпэрскага цэнтру Джугашвілі з Каўказу быў у яшчэ большай ступені маргінал, чымся Ўльянаў з Паволжа ці Бранштэйн з Наваросіі.

Каўкаскаму паходжаньню Сталіна трэба сёньня надаць асаблівую ўвагу. Сярод цывілізацыйных асяродкаў, заваяваных расейскімі царамі, Каўказ меў асаблівае значэньне. Гэты край гістарычна старэйшы за Расею, ён жа за яе дэмаграфічна маладзейшы. Яго народы валодаюць сацыяльнымі рэсурсамі, якіх няма ў расейцаў, але маюць патрэбу ў тым, што яны могуць знайсьці толькі ў Расеі. Каўказ як населенае месца меў зусім іншую структуру сацыяльных сувязяў, чымся цэнтральная частка імпэрыі. Сталін наклаў сетку адных адносінаў на іншыя і карыстаўся абедзьвюма з выгадай для сябе. Як толькі Сталін стаў на чале імпэрыі, ён, не забудземся, выступіў і як уладар Каўказу. У сваёй правінцыі ён зьнішчаў роды й кланы, перасяляў ці выганяў народы, забараняў мовы.

Аднак ён жа даў тым, хто застаўся пасьля ягонага тэрору, рэнту (цэны на сыравіну), якая пасьля ягонай сьмерці карміла гэты край яшчэ гадоў сорак, да распаду імпэрыі. Пры ім былі ўсталяваныя такія закупкавыя цэны на мандарыны, бабкоў ліст й іншыя ўнікальныя прадукты субтрапічнага краю, што туды пацяклі грошы з усяго Саюзу. Ён заклаў асновы каўкаскага фэадальнага капіталізму, які перагнаў расейскі.

Мабыць, тады ўзьнікла роля Каўказу, у першую чаргу Грузіі, служыць экспэрымэнтальнай пляцоўкай для ўсіх галоўных сацыяльных і эканамічных працэсаў, што пасьля будуць узрушваць Расею. Татальная карупцыя, мэханізмы блату й дэфіцыту, ценевікі, цэхі і цэхавікі — усё гэта спачатку зьяўлялася на Каўказе, пазьней трапляла ў Расею. Больш за тое, перабудова рэпэтавалася ў Грузіі пры Шэварднадзэ.

Корпус элемэнтаў былога СССР, які разьвітваецца зь дзяржсацыялізмам, стаіць перад выбарам, якую мадэль капіталізму прыняць. Адну прапаноўвалі наша Поўнач, наш Захад — Прыбалтыка. Другую — наш Поўдзень, наш Усход. Гэта Каўказ і Цэнтральная Азія. Першая мадэль, будзем лічыць, — гэта клясычны капіталізм, “паводле Вэбэра”. Рацыянальнасьць, эфэктыўнасьць, празрыстасьць, чысьціня. Уласна ў Расеі гэтым шляхам мелі намер рухацца некаторыя з каапэратараў самай першай хвалі, якія прыйшлі з НДІ, з ВНУ. Хацелі выпускаць недарагі дыхтоўны абутак і мець сумленны высокі прыбытак. Другая мадэль — капіталізм, які можна назваць каўкаскім ці паўднёвым. Для нас ён паўднёвы, таму што ў формах, якія цяпер у нас пануюць, ён закладаўся адно-два пакаленьні назад, перш за ўсё на Каўказе, на так званых “поўднях”, а таксама ў некаторых раёнах Сярэдняй Азіі. Але расквітнеў ён перш за ўсё на прасторах Расеі, часткова Ўкраіны. Яго можна ў шырокім сэнсе назваць міжземнаморскім, але ў Міжземнамор’і яго называюць левантыйскім. Гэта капіталізм, які нарадзіўся і жыве па-за рэчышчам пратэстанцкай этыкі.

Прайшоў нейкі час, і давялося канстатаваць, што выбар у Расеі зроблены, і зроблены на карысьць другога тыпу. Сапраўды, у Расеі пачаў дамінаваць бізнэс, заснаваны на сувязях роднасьці й знаёмства, а не фармальных роляў, на вусных дамовах і пагрозе расправаў, а не на дакумэнтах і юрыдычнай урэгуляванасьці і да т.п. Упадабаны жарт “у нас базар, а ня рынак” самім ужываньнем пэрсідзкага слова паказваў на “пэрсіянскі”, “азіяцкі” радавод нашага капіталізму, што склаўся абы-як. Больш навуковыя разважаньні пра яго мафіёзна-бюракратычную аснову вялі да таго ж да аналёгіяў з трэцім сьветам, то бок з той жа “азіятчынай”.

 

   
   

Дэпартацыя

Тут ня будзе абмяркоўвацца роля Сталіна ў гісторыі імпэрыі ў цэлым і ягоная роля ў дачыненьні да Каўказу. Мы абмяжуемся згадкай пра рэпрэсіі, якія на яго непасрэдныя ўказаньні, але ад імя савецкай (= расейскай) дзяржавы ажыцьцяўляліся на Каўказе і якія паўплывалі на ляяльнасьць да гэтай дзяржавы з боку горцаў, скораных ёю менш чым два пакаленьні назад. На гэтую зьніжаную ляяльнасьць Сталін адказаў рэпрэсіямі цяпер ужо на ўзроўні народаў, у прыватнасьці — чачэнскага народу. Шараговаму складу і афіцэрам НКВД, відаць, палітычныя органы прапанавалі нейкія тлумачэньні, чаму яны павінны дэпартаваць мірных жыхароў. Можна лічыць, што ў рамках гэтай часткі грамадзтва быў сфармаваны вобраз ворага, які меў аб’ектам чачэнцаў (інгушоў, калмыкаў). Аднак для астатняга грамадзтва паноўнай заставалася канцэпцыя дружбы народаў і курортнага паказу адпаведнай мясцовасьці.

Не Ярмолаў, а Сталін стварыў для Расеі тую праблему Каўказу, ад якой Расея пакутуе і якой цяпер мучыць Каўказ. Ня ў сілах справіцца з чачэнцамі, яна заклікае цень Сталіна, каб ён ізноў іх выселіў.

Якую ролю адыграла дэпартацыя і рэабілітацыя ў той форме, у якой яна прайшла, у матывацыях прыхільнікаў аддзяленьня Чачэніі ад Расеі, мы не бяромся ацэньваць. Але нашыя дасьледаваньні паказваюць, што празь дзесяцігодзьдзе пасьля таго, як была праведзеная рэабілітацыя рэпрэсаваных народаў, сярод расейцаў, ад імя якіх дзеяла рэпрэсіўная ўлада, пераважала ідэнтыфікацыя з гэтай уладай, а ня з той, што правяла рэабілітацыю.

Паводле стану на 2000 год каля паловы расейцаў лічылі “безумоўна правільнай” ці “хутчэй правільнай” справай распачатую Сталіным дэпартацыю чачэнцаў. “Хутчэй няправільным” ці “безумоўна няправільным” лічыла гэта толькі траціна грамадзянаў краіны. Усяго ў суадносінах 48:34 мы назіраем перамогу сталінскіх ідэяў над пастановамі канстытуцыйных органаў Расеі пра рэабілітацыю рэпрэсаваных народаў. І тут на бабулек-сталіністак не спасьлешся. У пакаленьні 18—24-гадовых за высылку выступаюць 52% — найвышэйшая доля сярод усіх узроставых групаў. У студэнцтве, якое папоўніць шэрагі адукаванай супольнасьці, — суадносіны 48:42. Уліецца яно — лясьне хісткая перавага праціўнікаў дэпартацыяў сярод адукаваных (44:46).

Але гэтая ж сьвядомасьць прытрымліваецца іншай, больш архаічнай, “мясцовай” сыстэмы нормаў, у адпаведнасьці зь якой адносіны народаў, плямёнаў пэрсаналізуюцца і ўсім членам адпаведнай калектыўнай пэрсоны прэскрыптыўна ставяцца пэўныя правіны ці заслугі, заганы ці добрыя якасьці.

Адносіны такіх суб’ектаў заўжды асымэтрычныя, бо карціна заўжды будуецца эгацэнтрычна з пункту гледжаньня калектыўнага Эга (мы), для якога астатнія — яны.

 

   
   

Каўказ і “Каўказ”

Апрача Каўказу, ёсьць яшчэ і катэгорыя “Каўказ”, частка расейскага масавага сацыяльна-палітычнага дыскурсу. Для нашых мэтаў зручна трактаваць “Каўказ” як рэчаіснасьць, імплікаваную катэгорыяй АКН. Нагадаем, што ў такім ужытку гэтая катэгорыя далей ня дробіцца, у ёй не адрозьніваюцца супольнасьці, якія, як вядома, у рамках іншых дыскурсаў разглядаюцца ў якасьці асобных народаў, дзяржаваў, геаграфічных зонаў ды інш. У прыватнасьці, гэты панятак не адрозьнівае Паўночнага Каўказу і Закаўказьзя. “Каўказ”, які задаецца такім азначэньнем, ня ўласна геаграфічны назоў, і азначаецца ім не фізычная, тая, што падлягае вымярэньню, прастора. У паўсядзённым ужытку, на які мы будзем абапірацца, “Каўказ” — гэта катэгорыя ня столькі геаграфічная, колькі гістарычная, а таксама псыхалягічная, палітычная, геапалітычная, крыміналягічная, плюс яшчэ культурная і сацыяльная. Словам, гэта “месца”, лякаль паводле Гідэнса. Такіх “звышгеаграфічных” месцаў наўкола нямала, узяць хаця б “Захад”, “поўначы” і “поўдні”, якія перасякаюцца з Каўказам.

Гэта таксама ня столькі геаграфічны, колькі гістарычна-культурна-этна-эканамічны панятак. Сказаць, што “поўдні”, “Каўказ” — гэта месца, дзе жывуць АКН, цяпер было б няслушна. Гэта месца, адкуль яны прыяжджаюць. Тонкасьць у тым, што там, дзе яны жывуць, яны зьяўляюцца армянамі, ці грузінамі, ці чачэнцамі, ці азэрбайджанцамі і г.д. Там іх гэтым лягерна-казарменным зборным тэрмінам не назавеш. Акрамя таго, “Каўказ” існуе ня толькі ў раёне Каўкаскага хрыбта, але, паводле перакананьня значнай часткі расейцаў, усюды. Выраз “у нас тут поўны Каўказ” зьяўляецца хадзячай формулай і сустракаецца практычна па ўсёй астатняй Расеі.

Будзьма пэдантамі і патлумачым, што гэтай формулай абазначаецца адразу некалькі істотных для дадзенай тэмы зьяваў.

Па-першае, формула зьяўляецца адлюстраваньнем тых працэсаў і падзеяў на Каўказе, што вядуць да масавай міграцыі з гэтага рэгіёну.

Па-другое, у ёй адлюстроўваецца факт дыяспарычнага расьсяленьня выхадцаў з Паўночнага Каўказу і Закаўказьзя на прасторы былога СССР, у прыватнасьці Расеі.

Па-трэцяе, яна фіксуе пры гэтым факт іх лякальнай канцэнтрацыі, трайбалістычныя тэндэнцыі ў характары іх расьсяленьня.

Па-чацьвертае, яна паказвае на адносна малую ступень асыміляцыі гэтых выхадцаў з Каўказу ў іншыя лякальныя і этнічныя супольнасьці, што перажываецца як іх чужасьць, недарэчнасьць.

Нарэшце, па-пятае, яна адлюстроўвае напружанасьць у адносінах паміж мясцовым насельніцтвам і “каўказам”, кажа пра варожасьць у дачыненьні да яго.

 

   
   

Катэгорыя АКН. Паходжаньне

Свайго камэнтару заслугоўвае базавая катэгорыя нашае сыстэмы паняткаў. Панятак “асобы каўкаскай нацыянальнасьці”, як паказалі нашыя дасьледаваньні, нарадзіўся ў брэжнеўскую эпоху. Месцам яго паходжаньня зьяўляюцца казармы і вайсковыя гарадкі, дакладней — кабінэты палітработнікаў. Менавіта ў апошніх зьявілася неабходнасьць у адмысловых катэгорыях для абазначэньня раней невядомага сацыякультурнага фэномэну. Вядомым ён стаў нашмат пазьней і называецца з тых часоў “развалам СССР”. (Сувязь локалу “Каўказ” з локалам “Захад” тут простая. Паводле перакананьня многіх, развалілі СССР дэмакраты, падбухтораныя ворагамі СССР з Захаду.)

Такім чынам, у Савецкай Арміі пачалі разьвівацца т.зв. “нестатутныя адносіны”. Гэты апафатычны тэрмін, як і тэрмін “нефармальныя аб’яднаньні”, што зьявіўся ўсьлед за ім, а далей — “незаконныя фармаваньні”, рэгістраваў тое, што сацыёлягі (у сваю чаргу, чыста адмоўным чынам) вызначаюць як нефармальныя сацыяльныя структуры, выраслыя ўнутры фармальных. Самая звычайная рэч, але ў Савецкай Арміі, дзе такі від “нестатутных адносінаў”, як “дзедаўшчына”, падмяў пад сябе частку адносінаў статутных, сытуацыя была асаблівай. У дадзеным выпадку гаворка йдзе пра такія нестатутныя адносіны, якія на мове саміх іх удзельнікаў называліся то старым расейскім словам “зямляцтва”, то замежным навуковым тэрмінам “нацыяналізм”.

У адрозьненьне ад інстытуту дзедаўшчыны, які абапіраецца на часавыя адносіны і абумоўлівае статус салдата часам ягонага прызыву (ствараючы, вядома, уласны сацыяльны час, які вымяраецца прызывамі), інстытут армейскіх зямляцтваў разьмяркоўвае статусы згодна з зонамі пэўнай сацыякультурнай прасторы. Сама прастора ў цэлым заўжды існавала ў неазначаным выглядзе, але яна супадала з сутнасьцю, якая называлася СССР.

У папярэдняй фразе значным зьяўляецца словазлучэньне “ў цэлым”. Справа ў тым, што зямляцтвы ўзьніклі ў Савецкай Арміі акурат тады, калі расшчапілася гэтая цэласнасьць.

Заслугоўвае хаця б кароткага разгляду пытаньне пра тое, ці быў гэты працэс натуральным. Можна трымацца пункту погляду, што распад — натуральная доля любой імпэрыі, можна лічыць, што для расейскай, ці савецкай імпэрыі распасьціся тым больш натуральна. Пры гэтай лёгіцы, аднак, трэба лічыць, што ствараць вобраз ворага — натуральная справа любой супольнасьці, а такой супольнасьці, як нашая, — у асаблівасьці.

Мы ня будзем самі палемізаваць з гэткімі меркаваньнямі. Скажам толькі, што нам вядомы й іншы пункт погляду, і вядома, што ён належыць большасьці насельніцтва Расеі. Гэтыя людзі думаюць, што Саюз не распаўся, а што яго развалілі. Віну вельмі многія ўскладаюць на Ельцына з Гарбачовым. Часам да іх дадаюць іншых прэзыдэнтаў зь ліку тых, хто падпісаў Белавескія дакумэнты. Існуе меркаваньне, што Савецкі Саюз расьцягнулі на кавалкі асьмялелыя рэспубліканскія эліты.

Але, не выбіраючы паміж опцыямі “непазьбежная энтрапія” і “злачынная змова”, мы зазначым, што імпэрыі ня стала ўласна імпэрскага пачатку ў культуры і сацыяльнай практыцы, каб захаваць сябе. Гаворка йдзе пра тое, што акурат у імпэрыях зьяўляецца магчымасьць практыкаваць тое, што можна назваць “лакальным унівэрсалізмам”, “мясцовым касмапалітызмам”. Частка імпэрскіх інстытутаў, як, напрыклад, грамадзянства, грашовая сыстэма і некаторыя іншыя, у нейкай ступені адпавядала гэтым патрабаваньням. Зазначаную ролю здольная была граць катэгорыя “савецкага”, але ў тых выпадках, калі яна ўжывалася ня цэнтрам для рэпрэсіі тых ці іншых зонаў пэрыфэрыі, а пэрыфэрыйнымі суб’ектамі для камунікаваньня міжсобку.

Пабудова партыйнай, а зь ёй і ўсіх астатніх сыстэмаў паводле тэрытарыяльна-нацыянальнай прыкметы, насуперак інтэрнацыяналісцкай, унівэрсалісцкай паводле сваёй інтэнцыі камуністычнай ідэалёгіі, была тактычнай выйгранкай і стратэгічнай прайгранкай бальшавіцкай улады ў ейным сталінскім варыянце. Адмаўляючыся ад унівэрсалісцкіх прынцыпаў на карысьць партыкулярысцкіх мадэляў, улада атрымлівала апірышчы. У адных выпадках імі выступалі сыстэмы сваяцтва-кумаўства, у іншых — сыстэмы, пабудаваныя на ляяльнасьці, “глебе”, мясцовай традыцыі ды інш. Асаблівая роля адводзілася панятку “нацыі” і “нацыянальнасьці”. Нібыта дэмістыфікаваная бальшавікамі і, у прыватнасьці, самім Сталіным, яна наноў містыфікавалася, бо моўчкі прызнавалася за базавае (“прыроднае”) азначэньне асобы, супольнасьці, дзяржавы. Асноўны жэст улады быў у кожным разе зразумелы: унівэрсалісцкія пачаткі — гэта дэманстратыўны, вонкавы, намінальны бок справы. Усё рэальнае скрозь і заўжды абапіраецца на партыкулярысцкія і “прыродныя” асновы. Трэба падкрэсьліць, што ад гэтай агульнай каштоўнаснай арыентацыі пралягала простая дарога да адпаведных практык, у тым ліку практык палітычнага кіраваньня, а таксама кантролю і выхаваньня.

Калі гэтыя практыкі пачалі рэалізоўвацца ў спэцыфічным асяродзьдзі арміі, яны далі вычварныя вынікі. Нагадаем, што прызыў на абавязковую службу ў Савецкай арміі праходзіў па ўсёй тэрыторыі СССР, але няўхільна выконвалася правіла экстэрытарыяльнасьці. Вялікая плошча краіны дазваляла аддаляць ад дому любога прызванага. За гэтым правілам, заўважым, стаяла ўяўленьне, што мясцовыя сувязі і мясцовыя ляяльнасьці вайскоўца будуць заведама мацнейшымі за тыя, якія яму запрапануе ўнівэрсальны інстытут арміі.

Уласна кажучы, так і адбылося. З тым толькі адрозьненьнем, што “мясцовымі”, “прыроднымі” асновамі аказаліся тыя, што да мясцовасьці былі прывязаныя ня больш, чымся тэрмін прызыву да веку прызыўніка. У канфліктным асяродзьдзі казармы пачалі фармавацца супярэчныя адна адной віртуальныя, як цяпер кажуць, супольнасьці, сфармаваныя паводле зьмяшаных расава-культурна-геаграфічных і геапалітычных прыкметах. Ёсьць падставы лічыць, што першымі крокамі былі дзеяньні па статуснай субардынацыі прызыўнікоў зь неславянскіх этнасаў. Яны дыскрымінаваліся як “чуркі”. Далей сярод іх пачалі адрозьнівацца “ўрукі” і “шашлыкі”, першыя, адпаведна, выхадцы зь Сярэдняй Азіі, другія — з Каўказу.

Наўрад ці можна казаць пра фармаваньне ў арміі паўнавартаснай (з пункту гледжаньня адпаведнасьці тэорыі) канструкцыі “вобразу ворага”, але ўтварэньне жорсткай і рэпрадуктыўнай варожасьці бессумнеўнае. Больш за тое, гэтая варожасьць выявіла магчымасьці пашыранага рэпрадукаваньня. Былі знойдзеныя новыя асновы для кансалідацыі і разьмежаваньня. Дыскрымінацыя масквічоў праходзіла на пазаэтнічнай аснове, іншыя асновы разглядаліся як нацыянальныя. У вайсковых гарадках ці ў асобных падразьдзяленьнях, часам нават у асобных прызывах, станавілася абавязковым разьмежаваньне паводле якоесь сканструяванае прыкметы.

Ня варта ўпадаць у аблуду наконт наўмыснай сканструяванасьці гэтых сытуацыяў. Канцэнтрацыя прызыўнікоў з аднога рэгіёну ці аб’яднаных якой-небудзь яшчэ, значнай у вайсковых умовах, прыкметай ніколі не здаралася “сама”, “стыхійна”. Фармаваньне складу часьцей і падразьдзяленьняў поўнасьцю было ў руках адпаведных інстанцыяў вайсковага ведамства. Іхнымі намаганьнямі ў гэтых частках стваралася дамінаваньне адной ці другой групоўкі. Іншая справа, што прыкмета, якая рабілася ці асновай для салідарнасьці, ці асновай для дыскрымінацыі, задавалася ня імі, а ўзьнікала ў цесным казармавым асяродзьдзі, якое ў сотні разоў згушчала паветра імпэрыі.

Варта згадаць і тое, што падпарадкаванае становішча “чурак” у сілу хаця б дэмаграфічнай сытуацыі ў СССР складалася не ўва ўсіх часьцях. Іх контрдзеяньні сяды-тады давалі адчуць на сабе цяжар казармавага тэрору “асобам славянскай нацыянальнасьці” — нядружным між сабой кацапам, хахлам і бульбашам. Часам даміноўным бокам аказваліся памянёныя “шашлыкі”, ня менш складанае аб’яднаньне хачаў з азерамі і да т.п.

Так ці йнакш, сабраны ў няволю казармы “ўвесь савецкі народ” у сваёй маладой мужчынскай частцы ў сямідзясятыя гады ўжо безумоўна ня прагнуў падтрымліваць “дружбу народаў”, намінальнае апірышча нібыта свабоднай айчыны. А падзяліць прызыўныя кантынгенты і дазволіць праходзіць службу на сваёй тэрыторыі не пагаджалася кіраўніцтва, у першую чаргу вайсковае. Такім чынам яно ахоўвала цэласнасьць краіны. Напэўна, і да гэтых часоў думае, што правільна рабіла.

Узьніклая варожасьць разьмяжоўвала юнакоў 18—20 гадоў. Эксцэсы варожасьці выклікалі клопат паліторганаў арміі, якім даводзілася ў той ці іншай ступені адказваць за іх. Для апісаньня гэтых працэсаў быў прыдуманы, як казалі, тэрмін “нестатутныя адносіны”, які, у адрозьненьне ад словаў салдацкага жаргону, падкрэсьліваў дыстанцыю моўцы ад самой зьявы. Такім жа чынам былі прыдуманыя назвы для аб’яднаньняў, зададзеных унутрыказармавай сытуацыяй. Аснова, якую палітработнікі імкнуліся пакласьці ў аснову тэрміну, была, як ужо паказвалася, прадвызначаная няскладзеным імпэрскім кантэкстам, нязьдзейсьненым плавільным катлом.

Таму апорным тэрмінам стала слова “нацыянальнасьць”. Уласна, так быў вызначаны будучы вобраз ворага, замацаваны прынцып для яго ўзнаўленьня. Далей меркаваньне палітработнікаў паклала — надоўга — на адну плоскасьць этнас, рэгіён, канфэсію. “Асобы славянскай нацыянальнасьці” vs “асобы каўкаскай нацыянальнасьці” vs “асобы мусульманскай нацыянальнасьці”. Апошняе азначэньне, зрэшты, сышло з распадам СССР, паколькі было прызначанае для “ўрукаў”. Ні татараў, ні чачэнцаў, ні іншых унутрырасейскіх магамэтанаў яно не абдымала.

Адзінства “братэрскіх славянскіх народаў” пасьля распаду СССР таксама ня раз паддавалася рызыцы. Апытаньні 1992—1993 гадоў рэгістравалі ўсё большую наяўнасьць сярод расейцаў тых, хто гатовы быў дзеля вяртаньня Севастопалю ці Крыму ўжыць вайсковую моц супраць Украіны. Ад рэспандэнтаў — выпускнікоў вайсковых навучальных установаў, дзе курс набіраўся яшчэ да 1991 году, даводзілася не аднойчы чуць аповеды пра тое, як разьвітваліся з аднакурсьнікамі-ўкраінцамі: “Ня дай нам Божа сустрэцца”. Ёсьць яшчэ некалькі ўскосных сьведчаньняў таго, што акурат украінцаў прызначалі на месца “ворага”. Пераключэньне на Чачэнію спыніла гэты працэс.

Знойдзены новы вораг быў куды больш прыдатным. Адна зь першых перавагаў была ў тым, што чачэнцы належалі да згаданых АКН.

 

   
   

Злы чачэнец

Антычачэнскія настроі ўтвараюць самастойную падтэму ў пытаньні пра варожае стаўленьне часткі жыхароў Расеі да АКН.

З аднога боку, антычачэнскія настроі найбольш рэзка й моцна выражаюць комплекс варожасьці да “каўказцаў”. У той жа час, варожыя адносіны з чачэнцамі разьвітыя па шэрагу кірункаў куды далей, чымся зь іншымі групамі, якія адносяцца да АКН. Супраць чачэнцаў (сэпаратыстаў, удзельнікаў незаконных фармаваньняў, бандытаў, але ўсё ж — чачэнцаў) вядуцца вайсковыя дзеяньні. Яны для некаторай часткі расейцаў — вайскоўцаў, накіраваных у Чачэнію, — жывыя вайсковыя праціўнікі. Гэта іншы статус, чымся носьбіт вобразу ворага.

Але для большай часткі насельніцтва Расеі яны могуць адыгрываць ролю носьбітаў вобразу ворага. У шэрагу выпадкаў іх ня ўмеюць адрозьніваць ад грузінаў ці азэрбайджанцаў, яны аказваюцца “хачамі”, але часам яны ўдакладняюцца да “чэхаў”. Хаця з чачэнцамі ваююць у Чачэніі, а з “чачэнскай мафіяй” ваююць паўсюль, хаця чачэнцаў паддаюць іншым разам гвалту ў аддзяленьнях міліцыі, але, наколькі можна меркаваць паводле чутак і прэсы, супраць іх не зьдзяйсьняюцца акты масавага гвалту — пагромы. Ахвярамі пагромаў бываюць азэрбайджанцы ці армяне, але не чачэнцы. Ня выключана, што арганізатары пагромаў баяцца іх кранаць. У кожным разе, у грамадзкай думцы чачэнцы маюць рэпутацыю “злосных”, “помсьлівых” (тых, хто практыкуе крывавую помсту). Іх не называюць сьмелымі, але за імі бясспрэчна прызнаюцца байцоўскія якасьці, якія не прыпісваюцца ні грузінам, ні армянам, ні азэрбайджанцам. Больш за тое, у апошнія гады, калі спатрэбілася знайсьці апраўданьне няўдачам фэдэралаў у Чачэніі, была пушчана формула: яны самі пра сябе гавораць — мы ўмеем толькі ваяваць ці рабаваць. Такога праціўніка “нармальнай” арміі не перамагчы — у гэтым сэнс выкарыстаньня формулы.

 

   
   

Вобраз ворага — трыгер вайны

Савецкая армія пасьля сыходу з Аўганістану была абцяжараная “аўганскім сындромам”, які можна лічыць складанай рэакцыяй грамадзтва (і вайскоўцаў як яго часткі) на “вялікую і прайграную вайну”. У гэтым стане ўзьніклі так званыя “антываенныя настроі”. У палітыкаў, якія распараджаліся тады бюджэтам, зьявілася магчымасьць скараціць вайсковыя выдаткі, абапіраючыся на згоду большасьці жыхароў краіны (на пачатку 1990-х больш за 70% грамадзянаў лічылі патрэбным гэтыя выдаткі скараціць). У грамадзтве пачала дзеяць тэндэнцыя — патрабаваць скарачэньня арміі і вайсковых выдаткаў. Да канца 1990-х тэндэнцыя згубіла сваю рэзкасьць, але тым ня менш у 1997 годзе скарачэньне арміі падтрымалі 43% жыхароў краіны. За скарачэньне выступалі ў сваёй большасьці прадпрымальнікі і кіраўнічыя работнікі, спэцыялісты, студэнты, службоўцы, рабочыя.

Траціна жыхароў, перш за ўсё старэйшае пакаленьне, была супраць скарачэньня. Але і іх спыняла не магчымае зьніжэньне абараназдольнасьці краіны. Гэты матыў высунулі менш за пяціну насельніцтва (17%), а сярод вайскоўцаў гэты матыў высунулі толькі 11%. Ня менш значным доказам супраць скарачэньня ў вачах грамадзтва ў цэлым (16%), а для непасрэдна зацікаўленых групаў і нашмат больш значным (27% сярод вайскоўцаў) было тое, што “ўрад ня зможа забясьпечыць афіцэраў, якія сыходзяць у адстаўку, жытлом і працай”. Нават сярод самых зацятых праціўнікаў скарачэньня і самых зацятых прыхільнікаў таго, што скарачэньне немагчымае, бо наробіць шкоду абараназдольнасьці (гэта прыхільнікі Г.Зюганава), і тое апошні матыў усяго толькі роўны па ступені значнасьці матыву “няма чым забясьпечыць афіцэраў” (па 24%).

Іншымі словамі, армія ў вачах значнай часткі грамадзтва мела патрэбу ў падтрымцы і захаваньні не з ваенных прычынаў. Армія як армія губляла аўтарытэт. Адбывалася імклівае адцясьненьне яе з пазыцыяў “восевага” інстытуту грамадзтва, якім яна — нароўні з партыяй і органамі — была пры савецкім ладзе. У 1992—1993 гадох можна было зафіксаваць “правал” нават на тле больш агульнага трэнду падзеньня даверу да арміі і двух іншых названых інстытутаў.

Вайскоўцы як карпарацыя спрабавалі абараніць сябе шляхам стварэньня ўласных грамадзкіх арганізацыяў, шляхам парлямэнцкіх дэбатаў. Грамадзтва іх ня слухала.

Страта аўтарытэту азначала, як мы паказалі, страту ня толькі сымбалічных дабротаў, але і статусаў, то бок улады, а таксама бюджэту, то бок дабротаў матэрыяльных.

Быць можа, першы крок зрабілі ня ўласна вайскоўцы, а больш тонка арганізаваныя структуры. Але на другім кроку армія далучылася спробай ізноў запрапанаваць грамадзтву “галоўную справу” — вайну. Вайна з замежным праціўнікам з шматлікіх прычынаў была немагчымая. Армія пачала вайсковыя дзеяньні на тэрыторыі ўласнай краіны. Вядома, ня супраць “сваіх”, а супраць тых, хто найбольш падыходзіў на ролю “ворага”. Гэта былі чачэнцы.

Армія дамаглася грамадзкай увагі. Але з адмоўным знакам. Дзейнасьць арміі ў чачэнскіх падзеях ацэньвалі як “вельмі добрую” 1—2% расейцаў. Адносная большасьць у 40—45% лічыла яе нездавальняльнай.

У інтэрвію пра ролю арміі ў чачэнскай крызе часьцей за ўсё выказвалі спачуваньне шараговым вайскоўцам, але пра вайсковае камандаваньне часьцей за ўсё заяўлялі, што яно зацікаўленае ў працягу вайны. Меркаваньне пра наяўнасьць глыбокай зацікаўленасьці вярхоў, у тым ліку вайсковых, у працягу вайны, было вельмі распаўсюджаным у сярэдзіне 1996 году.

А ў чым было зацікаўленае грамадзтва? У канцы 1996-га 35%, а на пачатку 1997 году 29% заяўлялі, што “былі б толькі рады аддзяленьню Чачэніі ад Расеі”. Немалая частка (21% і 29% адпаведна) былі “супраць, але гатовыя прыняць яго”, 24% і 22% заяўлялі, што “гэта не зрабіла б на іх асаблівага ўражаньня”, па 13% ня ведалі, што адказаць, і толькі 8% у абодвух апытаньнях казалі, што “аддзяленьню Чачэніі варта перашкодзіць усімі сродкамі, у тым ліку і ваеннымі”. Варта заўважыць, што апошні варыянт адказу нават сярод вайскоўцаў сьпярша выбіралі ня больш за 12%. Што тычыцца варыянту першага (“быў бы рады...”), то ў некаторых сацыяльных групах (напрыклад, студэнты) яго ў канцы 1996 году давала больш чым траціна апытаных, а сярод прадпрымальнікаў — палова.

Мірную дамову, заўважым, не лічылі крокам да аддзяленьня (так думалі толькі 10%). У чэрвені 1997 году тры чвэрці насельніцтва Расеі (74%) ухвалялі падпісаньне дамовы пра мір і прынцыпы ўзаемадачыненьняў з Чачэніяй (не ўхвалялі 12%). Але кошт мірнай дамове ведалі. Яе палічылі “гістарычным паваротам у адносінах паміж нашымі народамі, знакам спыненьня векавой варожасьці” усяго толькі 7% расейцаў. Прызнаньнем паразы расейскай арміі ў вайне 1994—1996 гадоў палічылі яе 14%. Для чвэрці гэта быў ня мір, а ілюзія міру, іншыя 24% лічылі, што мір — малазначны факт, паколькі кіраўніцтва Чачэніі, на іхную думку, не кантралюе становішча ў рэспубліцы.

Гэтыя зьвесткі сьведчаць пра тое, што грамадзкая сьвядомасьць большасьці перажывала вельмі складаныя часы. Згода на аддзяленьне Чачэніі для гэтай часткі грамадзтва вынікала не з спачуваньня да імкненьняў аднаго з народаў былога СССР да незалежнасьці. У кастрычніку 1996 году дзьве траціны расейскага грамадзтва (62%) заявілі, што паставіліся б адмоўна (у тым ліку 33% — рэзка адмоўна) да ўключэньня ў канстытуцыю РФ права любога суб’екта фэдэрацыі (краю, вобласьці, рэспублікі) на выхад з складу Расеі.
 

   
   

Згода на аддзяленьне Чачэніі, выказаная да таго ж у форме “быў бы рады...”, накшталт праяўленай за некалькі год да таго згоды на аддзяленьне рэспублік Прыбалтыкі ад СССР, была рэакцыяй глыбока абражанага самалюбства краіны-мэтраполіі. Назіраньні за стаўленьнем да адасабленьня рэспублік Балтыі паказваюць, што згода на сыход аднога з уладаньняў мэтраполіі, якая даецца ёй вельмі вялікім унутраным напружаньнем, далей трансфармуецца ў трывалую непрыязнасьць і залічэньне таго, хто сышоў, у шэраг непрыяцеляў Расеі, тых самых “ворагаў”.

Наколькі няпростай па сваёй прыродзе была памяркоўнасьць да меркаванага аддзяленьня Чачэніі, настолькі няпростым па прыродзе быў і пацыфісцкі настрой грамадзтва на пачатку і на працягу першай чачэнскай вайны. Ня варта забывацца, што грамадзтва заяўляла свой пратэст супраць вядзеньня вайны ў Чачэніі досыць яўна — такое меркаваньне самога грамадзтва. У лістападзе 1996-га 61% расейцаў заявілі, а ў студзені 1997 году, азіраючыся на скончаную вайну, 61% пацьвердзілі, што галоўную ролю ў спыненьні ваенных дзеяньняў у Чачэніі адыгралі дзеяньні А.Лебедзя (61%) (вяршэнства гэтага фактару пацьвярджалася і пазьней; у верасьні 1997 году — 40%). Але другім паводле значнасьці фактарам былі палічаныя “настойлівыя пратэсты грамадзкасьці, арганізацыяў салдацкіх мацярок, прэсы”. Адносная значнасьць акурат гэтага фактару расла ў вачох грамадзкасьці ў меру аддаленьня ў часе ад саміх падзеяў. Яго зазначалі амаль 30% у кастрычніку, то бок напалову менш, чымся ўнёсак А.Лебедзя, і ўжо 40% у студзені 1997-га — то бок дзьве траціны, і 30% у верасьні 1997-га — тры чвэрці ад “фактару Лебедзя”.

Сам факт таго, што Расея пацярпела паразу ў “чачэнскай вайне”, у верасьні 1997 году прызнавалі 49%, аддзяленьне Чачэніі большасьць расейцаў лічыла вырашанай справай. Тады, у верасьні 1997 году, больш за палову расейцаў выказвалі перакананьне, што ў будучыні Чачэнія стане незалежнай дзяржавай. Што яна застанецца ў складзе Расеі, лічылі менш за чвэрць расейцаў (24%). Істотна, што ў асяродзьдзі кіраўнікоў перакананасьць у дасягненьні Чачэніяй незалежнасьці была вышэйшай — 60%, а сярод вайскоўцаў гэта было проста паноўным меркаваньнем — 68%.

Паход расейскіх вайскоўцаў па грамадзкае прызнаньне і аўтарытэт скончыўся поўным правалам. Адзінае, што яны здолелі захаваць, — гэта тэзыс пра ідэнтычнасьць арміі і дзяржавы, краіны, нацыі. Параза мілітарысцкай карпаратыўнай структуры ад іншай такой жа была інтэрпрэтаваная як нацыянальная параза, як глыбока перажытая нацыянальная ганьба.

На гэтым фоне не зьдзіўляе, што жаданьня зноўку распачынаць ваенныя дзеяньні ў грамадзтве было няшмат. “Пробная” заява міністра ўнутраных справаў на пачатку 1998 году пра магчымасьць прэвэнтыўных удараў па базах баевікоў на тэрыторыі Чачэніі сустрэла адмоўную рэакцыю 53% насельніцтва і падтрымку 30%. Сканчэньне вываду расейскіх войскаў з Чачэніі было часьцей за ўсе іншыя названае найгалоўнейшай падзеяй 1997 году — так заявілі 44% расейцаў у канцы году.

Між тым, перарваная Хасаўюртам чачэнская вайна пасьпела стаць істотным функцыянальным элемэнтам многіх эканамічных схемаў і палітычных камбінацыяў. Вайна, як гэта часта бывае, выявіла сваю карыснасьць па-за сваімі намінальнымі мэтамі кшталту разгрому праціўніка, дасягненьня перавагі над ім і да т.п. Паводле аповедаў рэспандэнтаў, вайна як працэс была патрэбная некалькім інстытутам, як зьвязаным з абаронай і арміяй, так і, на першы погляд, цалкам мірным, кшталту фінансавых установаў. Асаблівую каштоўнасьць уяўляла захопленая вайной прастора Чачэніі, дзе практычна былі скасаваныя законы й парадкі, што дзеялі на астатняй тэрыторыі РФ, але дзе праз гэта аказалася магчымым многае зь недаступнага там. А гаспадарамі гэтага сьвету вялікіх магчымасьцяў апыналіся сілавікі. Як казалі некаторыя з рэспандэнтаў, яны там падзялялі ўладу з сваімі мясцовымі калегамі. У вобразе “ворага” зьяўляліся зусім новыя рысы партнэра. Мір аказаўся вялікай перашкодай такому разьвіцьцю справаў, тым больш што ён фіксаваў непачэсную для фэдэральнага сілавога блёку сытуацыю ў Чачэніі. І замацоўваў устаноўку грамадзкай думкі супраць вайны і вайскоўцаў.

Тым, хто хацеў ізноў ваяваць, трэ было ці дзеяць супраць грамадзкай думкі, ці трансфармаваць пазыцыю грамадзтва. Вось тут спрацаваў вобраз ворага. Безыменныя тэрарысты, якія ўзарвалі дамы ў Маскве, у масавай сьвядомасьці былі апазнаныя як “каўказцы”, як чачэнцы.

Вось вынік: у кастрычніку 1999 году 65% насельніцтва падтрымалі бамбёжку вайсковых базаў і прамысловых аб’ектаў на тэрыторыі Чачэніі. Адмову ад мірных пагадненьняў, падпісаных А.Лебедзем і А.Масхадавым, падтрымалі больш за 50%. У сьнежні 1999 году 44% паверылі ў тое, што “баевікі будуць разьбітыя, і ўся Чачэнія будзе вернутая ў склад Расейскай Фэдэрацыі”. Інакш кажучы, грамадзкая сьвядомасьць павярнулася тады на 180 градусаў.
 

   
   

Тыя, хто лічыў тады, што “канфлікт прывядзе да велізарных стратаў з абодвух бакоў і скончыцца так, як гэта было ў 1996 годзе”, складалі меншасьць у 11%. Удвая больш было тых, хто чакаў, што канфлікт набудзе працяглы характар і пашырыцца на іншыя рэгіёны Паўночнага Каўказу. Але і абедзьве гэтыя катэгорыі разам саступалі па колькасьці тым, хто верыў у хуткую перамогу.

Зазначанае вышэй напружаньне, зь якім грамадзтва давала згоду на адасабленьне Чачэніі і адмаўлялася перашкаджаць гэтаму працэсу ваенным шляхам, можна лічыць свайго роду праявай “аўганскага сындрому”. Сапраўды, адным з галоўных антываенных матываў быў “мацярынскі” пратэст супраць гібелі “нашых хлопчыкаў”. За гэтым пратэстам стаяла радзей вымаўлянае — “бессэнсоўнай гібелі”, то бок той, што не вяла да дасягненьня пастаўленай геапалітычнай мэты — падпарадкаваць суперніка, чужака. Цяпер, на пачатку другой чачэнскай кампаніі, усё зьмянілася. Спалучэньне боязі помсты з боку чачэнцаў, страху (яго адчувалі 60% у лістападзе 1999 году) і жаданьня ўласнай помсты (61% прызнаваўся ў пачуцьцях “помсты і нянавісьці да тэрарыстаў і баевікоў”) знайшлі псыхалягічную рэалізацыю ў распачатых баявых дзеяньнях: 60% лічылі, што “чачэнцы цяпер маюць паводле заслугаў”. Вайскоўцам быў дадзены карт-блянш з боку грамадзтва. Правядзеньне “буйнамаштабнай ваеннай апэрацыі” падтрымалі 75%. Ці гэта не трыюмф у выкарыстаньні “вобразу ворага” як інструмэнту для разьвязваньня вайны?

Як мы казалі напачатку, паводле свайго прызначэньня “вобраз ворага” выкарыстоўваецца не для рашэньня ваенных задачаў (перамога над праціўнікам), а для дасягненьня нейкіх мэтаў унутры той супольнасьці, у якой гэты вобраз мае сэнс і пашырэньне. Так выйшла і гэтым разам.

На пачатку другой чачэнскай кампаніі расейскае грамадзтва паверыла ў хуткую ваенную перамогу. Абсалютная большасьць падтрымлівала правядзеньне ваенных апэрацыяў. Інакш кажучы, грамадзтва прыняло канвэнцыйны сцэнар “маленькай пераможнай вайны” і чакала належных пазытыўных вынікаў ад яго рэалізацыі — славы, гонару і г.д.

Неўзабаве стала зразумела, што другая кампанія поўнасьцю паўтарае першую. Частка людзей, якія лічылі, што вайсковыя апэрацыі ў Чачэніі перасьледуюць нейкія іншыя мэты, акрамя абвешчаных, ізноў пачала расьці. Пачала расьці і частка перакананых, што вайсковыя дзеяньні ў Чачэніі будуць працягвацца доўга ці вельмі доўга. Але яшчэ больш значна пачала расьці частка тых, хто выступаў за непрымальны для вайскоўцаў варыянт — пераход да перамоваў. Усталяваліся характэрныя для першай чачэнскай кампаніі суадносіны прыхільнікаў спыненьня і прыхільнікаў працягу ваенных дзеяньняў як 2:1.

Гэтыя зьмены ня сталі прычынай разбурэньня “вобразу ворага”. Але сышоў істотны кампанэнт — магчымасьць выкарыстоўваць яго для мабілізацыі грамадзтва. Гэта даказана ў жахлівым экспэрымэнце, якім сталіся падзеі на Дуброўцы. Для тых, хто хацеў, каб грамадзтва затрымцела, убачыўшы вобраз ворага, гэтыя падзеі адкрылі крайнія магчымасьці. Які вынік? У паўтара разу павялічылася колькасьць тых, хто выступае за працяг ваенных дзеяньняў. Але гэта быў усплёск, а ня доўгатэрміновая мабілізацыя, на якой можна было б пабудаваць больш-менш сур’ёзную палітычную канструкцыю. Праз два месяцы аднавіліся апісаныя вышэй суадносіны 2:1.

Пасьля адбыліся падзеі ў Іраку. Дэзарыентаваная грамадзкая думка адначасова хацела б быць разам з усім багатым і цывілізаваным Захадам, да чаго мы ўжо пачалі прызвычайвацца, але па старой памяці хацела б разам з былымі сябрамі СССР выступіць супраць звычнага “вобразу ворага” — ЗША. Генэральскае лобі дапамагло павярнуць вэктар дзяржаўнай палітыкі на рэйкі другога варыянту. Усплёск прамілітарысцкага энтузіязму, на гэты раз зусім кароткі, суправаджаў фазу такіх доўгачаканых вестак пра ваенныя няўдачы нашага былога галоўнага праціўніка.

Потым аказалася, што наш былы саюзьнік здаўся бяз бою, кінуўшы нашу зброю... У масавай сьвядомасьці настала расчараваньне. За працяг ваенных дзеяньняў у Чачэніі цяпер выступае менш за адну пятую. За пераход да перамоваў з чачэнскім бокам — больш за 70%.

Фіяска кампаніі, разьвязанай з дапамогай “вобразу ворага”, уражвае ня менш за яе трыюмф.

З расейскай мовы пераклала Наста Бакшанская

 
 

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 6 (29) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Майстраваньне [mk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/01/21