A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (29) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
АРНОЛЬД МАКМІЛІН | ||||||
|
Арнольд Макмілін
|
— прафэсар расейскай літаратуры лёнданскага ўнівэрсытэту. Сярод навуковых зацікаўлень- няў вылучае сучасную расейскую прозу, расейскую музыку, а таксама беларускую літаратуру й мову. Летась выдаў манагра- фію «Belarusian Litera- ture of the Diaspora». |
У кнiзе сем артыкулаў, першы з якiх — «Статус і функцыi расійскай мовы ў апошнiх савецкiх законах аб мове» (1992) — з’яўляецца аналiтычным аглядам спробаў савецкай улады рэгуляваць выбар і ужыванне моваў у розных сферах грамадскага жыцця, ад адукацыi да афiцыйных папер і ад шыльдаў да абвестак. У пастскрыптуме (2003), прыгадваючы неразважлiвы аптымiзм пачатку 1990-х, выклiканы наданнем беларускай мове статусу дзяржаўнай, аўтарка пiша пра фiнал надзеяў: у Беларусi аптымiзм скончыўся пасля рэферэндуму 1995 году; з былых савецкiх рэспублiк Беларусь стала адзiнай краiнай (выключаючы Кыргызстан), дзе расійская мова атрымала юрыдычны статус, роўны статусу нацыянальнай мовы. У другiм артыкуле — «Моўная сiтуацыя ў Беларусi: этычныя калiзii дзвюхмоўя» (1994) — разглядаецца Другое беларускае адраджэнне 1989—1991 гадоў (першае мела месца ў 1906—1918 гадах). Пасля гiстарычнага экскурсу пра лiтаратурную мову Вялiкага Княства Лiтоўскага, пра сiтуацыю ў ХIХ стагоддзі і кароткi перыяд беларусiзацыi ў 1920-я гады сп-ня Мячкоўская ставiць пытанне пра тое, цi можна наагул спынiць і пераадолець наступствы той палiтыкi русiфiкацыi, якую на пачатку 1930-х гады павялi бальшавiкi. Хто, пытаецца аўтарка, вiнаваты ў дэнацыяналiзацыi беларускага народу? Яе галоўным фактарам быў расійскi шавiнiзм у адносiнах і да Ўкраiны, і да Беларусi (нядаўна ён быў канспектыўна ўзноўлены ў кнiзе Салжанiцына), пры тым што адносную блiзкасць да расійскай мовы і беларушчыны, і ўкраiншчыны, зразумела, прыходзiцца прызнаць фактарам, якi абумовiў неспрыяльныя пазiцыi гэтых моваў у Расійскай / Савецкай iмперыi (у параўнаннi са становiшчам моваў, генеалагiчна больш аддаленых ад расійскай). Таблiцы з разнастайнымi статыстычнымi звесткамi заклiканы высветлiць розныя аспекты беларускай этналiнгвiстычнай сiтуацыi, у тым лiку ў супастаўляльным плане. Услед за статыстыкай разглядаюцца своеасаблiвасць этналiнгвiстычнай самаiдэнтыфiкацыi беларусаў, характар беларуска-расійскага дзвюхмоўя ў цэлым, а таксама розныя матывы злучэння дзвюх моўных стыхiй у адным тэксце: iронiя, цытатнае клiшэ, тлумачэнне беларускага слова з дапамогай расійскага эквiвалента, скарыстанне слова з iншай мовы дзеля стварэння асаблiвых канатацый i, вядома, лексiчнае змяшэнне без усялякiх матываў (як самы звычайны выпадак беларуска-расійскай iнтэрферэнцыi). Напрыканцы артыкулу абмяркоўваюцца перспектывы таго, што аўтарка называе “нацыянальны рамантызм і моўная практыка” (с.43), уключна з працэсамi, якiм Васiль Быкаў даў векапомнае азначэнне “агонiя нацыянальнай мовы” (с.44). Наступны артыкул мае пераважна гiстарычны характар: «Навошта аднаму народу дзве азбукi? (Кiрылiца ды лацiнка ў калiзiях беларускага адраджэння)» (1998). Асноўная і прадказальная выснова такая: суiснаванне двух алфавiтаў значна аслабляла першае беларускае адраджэнне.
|
У чацвертым, вельмi вялiкiм артыкуле аб нацыянальным адраджэннi ў Беларусi і Ўкраiне разглядаюцца падабенствы і адрозненнi дзвюх сiтуацый у сацыяльным і лiнгвiстычным аспектах. Артыкул будуецца на глебе стараннага аналiзу гiстарычных працэсаў; шматлiкiя статыстычныя звесткi падаюцца ў сцiслым таблiчным выглядзе. Як і зборнiк у цэлым, артыкул вылучаецца не толькi эрудыцыяй аўтаркi, але і адсутнасцю пабочнага або залішняга матэрыялу — дзякуючы дакладнаму адбору таго, што на самай справе iстотна для тэмы. У адрозненне ад iншых артыкулаў зборнiка, у даследаваннi «Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч не быў аўтарам вадэвiлю “Пiнская шляхта”» (2000) у цэнтры ўвагi знаходзiцца лiтаратуразнаўчая праблема, хаця яна і вырашаецца лiнгвiстычнымi метадамi. Бескампрамiсны загаловак артыкулу дазваляе бачыць тут выклiк тым даследчыкам лiтаратуры, якiя прызвычаiлiся абавязкова адшукваць аўтараў для ананiмных тэкстаў. У артыкуле даецца ўражальнае абвяржэнне канону, згодна з якiм вадэвiль лiчыцца апошнiм творам самага буйнога беларускага пiсьменнiка сярэдзiны ХIХ стагоддзя. У працы «Чым беларусы адрознiваюцца ад расійцаў?» (2002) пададзена элегантнае і разам з тым цалкам навуковае даследаванне загаловачнага пытання, якое, дарэчы, і мне часта ставiлi ў розных аўдыторыях. Прафесарка Мячкоўская адказвае на пытанне ў дзесяцi ўзважаных раздзелах, якiя заслугоўваюць таго, каб тут прывесцi iх загалоўкi: «Еўрапейцы-беларусы vеrsus еўразiйцы-расійцы»; «Беларускiя сяляне-аднаасобнiкi versus расійскiя сяляне-абшчыннiкi (калгаснiкi)»; «Народ, пакараны Iмперыяй за саюз з Польшчай»; «“Прыватныя” жыхары заходняй iмперскай ускраiны vеrsus “дзяржаўны народ”»; «Беларусы раней за расійцаў пакiдаюць “супольнае ўлонне” ўсходнеславянскiх народаў»; «Беларуская падатлiвасць асiмiляцыi і беларускi касмапалiтызм vеrsus неўспрымальнасць расійцаў да навакольных моваў»; «Беларускi недавер i/або раўнадушнасць да слова, адукацыi, да кнiжнай і гарадской культуры, да iдэалогii versus расійская словацэнтрычнасць і iдэалагiчная палкасць»; «Вузкасць культурных гарызонтаў беларускай гуманiтарыстыкi»; «Дзвюхмоўе і бiкультуральнасць беларусаў versus аднамоўе і монакультуральнасць расійцаў»; i, нарэшце, амаль што кплiвы і гарэзлiвы фiнальны пункт: «У Беларусi людзi жывуць у сярэднiм дольш, чым у Расii», якi даў аўтарцы права, са спасылкай на ААН, cфармуляваць напрыканцы артыкулу яшчэ адну цiкавую заўвагу: “Дарэчы, у глабальных шматпрыкметных рэйтынгах па “чалавечым развiццi”, якiя штогод складаюць у ААН, Беларусь усё яшчэ наперадзе ад Расii” (с.125).
|
У апошнiм артыкуле гэтай захапляльнай кнiгi паказваюцца новыя рысы ў беларускай моўнай сiтуацыi, што праявiлiся на пачатку ХХI стагоддзя, а таксама зафiксаваны той “момант iсцiны” аб беларускiм суверэнiтэце, што стаў вiдавочным летам 2002 году, калi Аляксандр Лукашэнка, урэшце iгнаруючы раздражнёнасць Пуцiна, абвясцiў: “Беларусь нiколi не стане 90-м суб’ектам Расiйскай Федэрацыi” (с.140), чым заслужыў iранiчныя ўхвалы беларускай лiберальнай прэсы. Гэты артыкул пачынаецца з канстатацыi таго, што пасля рэферэндуму 1995 году ўжыванне беларускай мовы звузiлася, аднак пры гэтым пашырылася яе сiмвалiчнае ўжыванне настолькi, што яно пераважае выкарыстоўванне лiтаратурнай мовы ў камунiкатыўных функцыях. Узмацнiўся канфлiкт памiж старой, рэпрэсаванай арфаграфiяй (тарашкевiца) і саветызаваным (русiфiкатарскiм) правапiсам (наркамаўка). Змяшэнне моваў набывае новыя формы і функцыi: часам у газетным артыкуле на расійскай мове галоўная iдэя фармулюецца па-беларуску; у расійскамоўным палiтычным выступе асобныя беларускiя фразы могуць ужывацца як знакi нацыянальнай свядомасцi і нацыянальна-адраджэнскай арыентацыi аўтара цi прамоўцы; беларуская мова на шыльдах прадпрыемстваў дробнага бiзнесу часам успрымаецца як знак нацыянальнай трываласцi і ўкаранёнасцi; у расійскамоўных СМI ўкрапiны на беларускай гучаць як кпiны з беларускамоўнай апазiцыi цi з традыцыйнай беларускай культуры; у сваю чаргу, у апазiцыйнай беларускай прэсе ўкрапiны трасянкi — звычайна гэта кпiны з расійскамоўных беларусаў; скажоная цi ўтрыраваная расійская мова падкрэслiвае непрыманне русiфiкацыi і “савецкасцi”. У апошнiм артыкуле гучыць iранiчны пасаж адносна канца абвешчанага аб’яднання Беларусi з Расiяй, пры гэтым цытуецца галоўны носьбiт трасянкi — сам беларускi прэзiдэнт, калi ён зухавата адкiдвае нацыянальную мову сваёй краiны як мову бедную, на якой нельга выразiць нiчога вялiкага (с.127). Гэты выдатны зборнiк глыбокiх, дбайна дакументаваных і дакладна напiсаных даследаванняў будзе карысным усiм, каго цiкавiць дзвюхмоўе, моўная палiтыка і феномен мовы ў якасцi сiмвалу і падмурку нацыянальнай iдэнтычнасцi. Першыя шэсць артыкулаў упершыню пабачылi свет за межамi Беларусi, апошняя праца напiсана спецыяльна для разгледжанага тому. Варта спадзявацца, што ў недалёкай будучынi гэтая высакаякасная кнiга будзе перавыдадзена; яна заслугоўвае таго, каб знайсцi свайго шырокага чытача ў самой Беларусi. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 6 (29) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Майстраваньне [mk] |