A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (29) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
ЮРЫ ПАЦЮПА | ||||||
|
Юры Пацюпа
|
(нар. у 1965 у Полацку) — філёляг, сталы аўтар «ARCHE». У 1992 скончыў філялягічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы.
1 Працы Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Менск, 1927. С.309—310. |
Характар прыточаных абмылаў кажа пра тое, што іх аўтары наагул не адрозьнівалі пазыцыйных чаргаваньняў і пісалі й гіпэркарэктна, жадаючы як мага больш “зьбеларусіцца”. У нечым падобная зьява, правапіснае гіпэроканьне (розорванье), назіралася ў старабеларускай мове, што насамрэч было праяваю аканьня. Замест этымалягічнага [а] пісалася о, бо не пад націскам беларусы заўжды чулі [а] і ня ведалі, дзе ж трэба пісаць законнае о2. Даўней мыляліся ад няведаньня царкоўнаславянскае мовы, а цяпер — ад няведаньня беларускае, ад моўнае глухаты. Паспрабуйма ўсё ж услухацца ў мову. Першым кідаецца ў вочы тое, што гукі [і] ды [у] маюць няроўную змогу да пазыцыйнага чаргаваньня. Гук [у] чаргуецца куды ямчэй за гук [і], на гэта зьвярталі ўвагу браты Лёсікі і асабліва С.Некрашэвіч, які зазначаў: “Гукі [й] і [ў] у адносінах да галоснасьці не аднолькавыя. У той час як [ў] заўсёды зьяўляецца галосным гукам, пра [й] гэтага сказаць нельга: ён можа быць і гукам зычным [j]”3. Каштоўная таксама заўвага А.Лёсіка пра тое, што “[і] можа скарачацца толькі ў такіх выпадках, калі папярэдні галосны гук разам зь [і] вымаўляецца адным выдыхам паветра… калі ж мы вымаўляем папярэдні галосны гук асобна ад [і], то дыфтонг не вытвараецца, і скарачэньня [і] ня можа быць”4. Такім ходам, супраць скарачэньня [і] былі выстаўленыя наступныя довады: 1) у мове ёсьць нямала выпадкаў, калі на [і] падае лягічны націск: Адны вочы і плачуць і сьмяюцца; Павінную галаву і меч ня іме; Ён яго і корміць, і поіць (А.Лёсік); 2) скарачэньне [і] калі-нікалі стварае немілагучныя спалучэньні: сыпалася ймжака; стаяла ймгла; ў Ймгліне; коні ймчацца; на ймпэрыалістаў (Я.Лёсік, А.Лёсік); 3) нават пры наяўнасьці правіла бальшыня моўнікаў піша [і] без скарачэньня (С.Некрашэвіч)5. Апошняе назіраньне, зробленае сучасьнікам Тарашкевіча, асабліва добры напамінак для тых, хто хоча вярнуцца да старога напісаньня. Занедбаваньне гэтага правіла вынікала якраз зь першага доваду. Бо ў паводзінах на пісьме [і] вядзе рэй сэмантыка, а не фанэтыка. Калі не 50%, дык недзе з 30% [і] ў беларускай мове стаіць пад лягічным націскам (чаго ніяк ня скажаш пра [у]). Таму адно з двух: або нам абычас давядзецца адступацца ад правіла, або мы пазбудзем сябе змогі сэнсавага акцэнтаваньня [і]6. Асобна трэба разгледзець “сустрэчу” [і]—[у] ў адным тэксьце. «Наша Ніва» дае на разгляд прыклад: кукуруза й у Беларусі расьце7. Цікава, як гэта трэба вымаўляць? Калі сьледаваць напісаньню, то фраза павінна чытацца: кукуруза [ю] Беларусі расьце. Але ж так ніхто не гаворыць! Гавораць часьцей за ўсё так: кукуруза [іў] Беларусі расьце. Значыць, незалежна ад парадку гукаў, дамінуе скарачэньне [у], а не скарачэньне [і].
|
2 Гурло Н. Да пытання станаўлення беларускай арфаграфічнай сістэмы (па матэрыялах заходнярускай пісьменнасці XIV—XV ст.ст.) // Учёные записки Гродненского государственного педагогического института. Вып. VI (серия гуманитарная). Минск, 1960. С.82. 3 Працы. С.216. 4 Тамсама. С.307. Пар.: “Варыянт /й/, што ўжываецца пасьля галосных, характарызуецца значна меншай ступеньню пад’ёму языка. Велічыня амплітуды вельмі блізкая да велічыні амплітуды папярэдняга галоснага. Выдзеліць у гэтым выпадку сэгмэнт, суадносны зь /й/, практычна немагчыма. Таму яго лепш адносіць да папярэдняга галоснага, разам зь якім ён складае дыфтангоід” (Падлужны А. Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы. Менск, 1977. С.77.) 5 Тамсама. С.307—308, 205, 216. 6 У тых выпадках, дзе і заўжды шчыльна зьліваецца з папярэднім словам, варта практыкаваць злучанае пісаньне, як дый замест ды і, а мажліва — праз злучок: але-й замест але і. 7 Наша Ніва, 2000. Дарэчы, гэты мой артыкул пачаў пісацца менавіта тады, на прапанову газэты. |
Памыляецца нават Ф.Янкоўскі, калі піша, што “ў сярэдзіне сказу пасьля часьціцы і пішацца ў, а вымаўляецца у, калі гэта(я) часьціца не выдзяляецца інтанацыйна”8. Ніжэй ён нездарма робіць перасьцярогу: “Пры інтанацыйным, нават слабым (выдзяленьне маё.— Аўт.), выдзяленьні часьціцы вымаўленьне супадае з напісаньнем: Прыйдзе, тата, і ў нашу хату сьвята”. Толькі рэч тут перш-наперш не ў інтанацыі, а ў рознай прыродзе гукаў. Хіба не камічна будзе гучаць, калі мы скажам й ужо [южо] замест і ўжо? Крыху лягчэй дапусьціць адпаведнае чаргаваньне і/й ў украінскай мове, дзе [ў] (вовна, повний, дівка супраць беларускіх воўна, поўны, дзеўка) крыху іншае прыроды, прыкладам: Священна сутінь залягла // Й в дрімотнім сні спочила Візантія (Ю.Клэн)9. Тут пасьля [і] стаіць гук [w], менш падобны да галоснага, чым беларускі [ў]. Цікава, што на правапіснай канфэрэнцыі за скарачэньне [і] ня выказаўся практычна ніводзін этнічны беларус. Затое баранілі скарачэньне [і] расеец П.Растаргуеў ды ўкраінец П.Бузук, якія, пры ўсіх сваіх ведах, не маглі адчуваць беларускае мовы як роднае і разважалі абстрактна-навукова10. Да скарачэньня [і], асабліва перад [ў], беларусы не імкнуліся ў старой «Нашай Ніве», калі правілаў ды абмежаваньняў не існавала, прыкладам: сваё значэньне і ў цяжкіх варунках (Наша Ніва, 1910, 5 жніўня). Не імкнуліся і пазьней (паводле памянёнага сьведчаньня С.Некрашэвіча), калі гэтае правіла зьявілася. Што датыкае правапісу [у], дык тут усё наадварот. Супраць яго скарачэньня, апрача братоў Лёсікаў, не выказваўся ніхто. Зрэшты, істотных довадаў ня выставілі і Лёсікі. Яны паводзіліся простаю аналёгіяй: раз не скарачаем [і], то [у] таксама не скарачаем. Аднак з усяго сказанага вышэй (у тым ліку і Лёсікамі) вынікае: аналёгія тут зусім недарэчная. У паводзінах на пісьме [у] рэй вядзе фанэтыка, а не сэмантыка. Можа падацца, што з напісаньнем [у] зусім няма праблем. Насамрэч вакол [у] меней спрэчак, але куды болей супярэчнасьцяў — праблемаў прыватнага характару. Сучасны правапіс [у] далёка не заўсёды супадае зь яго рэальным вымаўленьнем. Складовае [у] пасьля галосных можа зьяўляцца: 1) пры пісаньні вершаў, дзеля мернасьці мовы (С.Некрашэвіч); 2) пры павольным вымаўленьні фразы (П.Растаргуеў); 3) пры недакладнасьцях іншага роду (П.Растаргуеў)11. І, наадварот, гук [ў] можа ўзьнікаць (а ў вершах пісацца) пасьля знакаў прыпынку, калі яны не ўтвараюць паўзы. Асабліва часта такое здараецца ў слове ўрэшце. На жаль, пра гэта помняць хіба што адно паэты — менавіта ў вершаваньні абычас узьнікае канфлікт з правапісам. Частковае занядбаньне артаэпіі і мэханічнае падпарадкаваньне вымаўленьня правапісу існуе, бадай, у кожнай мове. Што да беларускай, то такое разыходжаньне надта адмоўна адбілася на пісаньні прыймя у ў розных пазыцыях, асабліва перад словамі, якія пачынаюцца на [у]. На сёньняшні дзень мы маем тры (!) асноўныя віды пісаньня зьбегу [у]: 1) ва ўрадзе; 2) ува ўрадзе; 3) у ўрадзе12. |
8 Янкоўскі Ф. Пытанні культуры мовы. Менск, 1961. С.35. 9 Цыт. паводле: Клен Ю. Вибране. Київ, 1991. С.77. 10 Працы. С.227—228, 232—233. 11 Працы. С.215, 227. 12 Гл. пр.: Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.1. Менск. С.61, 75. |
І ніводнае зь іх ня можа нас задаволіць. Першы прыклад відочна штучны і перанесены ў беларускую мову з царкоўнаславянскае (праз расейскую). Трэці, у існасьці, беларускі, але “папяровага” паходжаньня, бо вымавіць яго так, як ён пішацца, бадай, не да змогі. Другі ж становіць сабой складаны гібрыд, паходжаньне якога цьмянае і сумнеўнае, а ўжываньне, дзеля грувасткасьці, непажаданае. Гэта ўсё, што тут можна сказаць напярод, без дасьледаваньня праблемы. Каб разьвязаць праблему напоўніцу, зьвернемся перш-наперш, як рабіў у складаных выпадках В.Ластоўскі, да этымалёгіі13, бо, слушна заўважае К.Вулгайзэр, з гледзішча сынхроннай марфаналёгіі гэтыя прыстаўкі і прыймёны ў сучаснай беларускай мове становяць пэўныя цяжкасьці14. Лічыцца, што падставаю зьяўленьня [ў] на месцы этымалягічнага [в] (кроў, праўда) была наяўнасьць у старабеларускіх дыялектах губна-губнога [w] супраць губна-зубнога [в] (або [v]) у расейцаў ды палякаў, а прычынаю — заняпад рэдукаваных [ъ], [ь]15. Цяжка сказаць, калі адбыўся даны пераход, але ўжо ў грамаце 1229 году пісалася: оутвєрдять; уzдоумалъ; оу риzє; оу роусе; оустоко (усток); оу смольнєскь; оуzяти; наоуспять і г.д.16. У сучаснай беларускай мове апрача [у] складовага і [ў] нескладовага ёсьць губна-зубное [в] (у словах вішня, вера, вясна) і губна-губное [w] (у словах вочы, возера, вушы, вуліца). Значыць, калі расейская мова абходзіцца двума гукамі (без уліку мяккіх) і дзьвюма літарамі в — у, то ў беларускай мове на гэтым месцы маем чатыры гукі [в] — [w] — [ў] — [у] і тры літары в — ў — у. Прыстаўка у- і прыймя у толькі ў дыяхраніі сягаюць [в], у сынхраніі ж фанэмаю прыймя заўсёды ёсьць [у]. Таму прыймя ва пасьля заняпаду рэдукаваных аніяк не магло зьявіцца. Нехарактэрнае ва і для народнае мовы. Прыймя ўва, пэўна што правапісны канструкт, утворана ад прыстаўкі ўва-, якая пераважна штучнага паходжаньня. У тэкстах, не запсаваных “кніжнаю мудрасьцю” ды сучаснымі карэктарамі, мы сустракаем форму ўходзіць замест сучаснае ўваходзіць: Дзёмка і Грышка ўходзяць у карчму (Г.Марцінкевіч); Уходзіць Юлька, бледная, пастарэўшы (П.Просты); Амільян зь Міхалкам спраўлялі ўходзіны (С.Бірыла)17. Адно ў форме дзеяслова ўвайшла — перад ненацісьненым галосным гукам [і] (ішла) — законна ўзьнікае прыстаўка ўва-18. Штучнымі ёсьць такія ўтварэньні, як увабрацца, увагнаць, увагнуць, увапрэць, увапхнуць, уваскрэснуць, уваход, уваходзіць і г.д. Пра іх пойдзе гаворка ніжэй, а наагул для літаратурнае мовы як звычайныя варта нарайваць формы ўбрацца, угнаць, угнуць, упрэць, упхнуць, ускрэснуць, уход, уходзіць, бо ўсе яны ўтвораныя ад асноў, што пачынаюцца на зычныя: брацца, гнаць, прэць, пхнуць, хадзіць. Спалучэньне ўва- ўзьнікае толькі перад асновай на галосную: увасабленьне, увачавідкі19. Бальшыня моўнікаў гэтак звыкліся з ва ды ўва, што нічога іншага ўявіць сабе ня могуць. Пераканаць іх, нават спасылаючыся на народную мову, нельга. І ўсё ж паспрабуем. Слоў з пачатным [у] ў беларускай мове няшмат. Выпадкаў жа, калі перад [у] стаіць прыймя у, і пагатоў мала. І пры гэтых зьбегах, адважуся заявіць (пакуль што гіпатэтычна), чуем мы ня [ваў], ня [ўваў], ня [уў] і ня [у], а [ву] — этымалягічнае губна-губное [w] ды [у] (быццам жабіна крумканьне). Калі словы урад, улоньне, уступ, Украіна, унівэрсытэт, усе паставіць у месным склоне з прыназоўнікам у, то яны гучацьмуць: [вурадзе], [вулоньні], [вуступе], [вукраіне], [вунівэрсытэце], [вусіх], гэтаксама, як і цэльныя словы вушы, вусы, вулей, вуліца, кавуны. Прасьцей кажучы, этымалягічнае [w] тут аднаўляецца. А гэта ўжо зычны гук (хіба толькі зь невялікім адценьнем галоснасьці) і таму зьяўляецца ён перад [у] як пасьля галосных [жанчына вурадзе], так і пасьля зычных [дэпутат вурадзе], [там вунівэрсытэце]. Ніжэй мы пераканаемся, што губна-губное [w] чуваць перад усякімі галоснымі, ня толькі перад [у]. Адсюль адразу ўзьнікае пытаньне: як пісаць прыназоўнік у перад [у], каб перадаць гучаньне сродкамі беларускага правапісу? Гэтае апорыі так і не разьвязалі мовазнаўцы за цэлае стагодзьдзе. Урэшце, стварыліся штучныя існасьці кшталту ва ды ўва. І цяпер, хаця-нехаця, мы мусім зьвяртацца да старабеларускае практыкі. Даўней [у] пісалася амаль так, як і прынята ў сучаснай беларускай мове — пасьля зычных — у складовае: будучи дей у мене (Акты, 1600 г.), а пасьля галосных в замест ў нескладовага: добре в парсуну познавши (Акты, 1569 г.); злого вмыслу (Акты, 1569 г.)20. А.Булыка піша: “Багаты фактычны матар’ял... сьведчыць аб тым, што адлюстраваньне пераходу в у ў... становіцца ў XVI ст. правапіснай нормай… Нават у канцы XVI — першай палове XVII ст., калі пад уплывам правапісных прыёмаў друкаваных кніг агульная тэндэнцыя да фанэтызацыі правапісу пачынае затухаць, у помніках <справовых> пераход у ў ў адлюстроўваецца ўсё яшчэ даволі шырока”21. Cтарабеларускія пісары, ня маючы правапісных нормаў, былі досыць пасьлядоўныя. Больш таго, яны пільнаваліся нават тых законаў мовы, якія мы сёньня занядбалі. Я цудоўна разумею, што пры жаданьні можна назьбіраць соткі непасьлядоўнасьцяў, але для нас важная сама тэндэнцыя, сэнс якой палягае не ў статыстыцы, а ў імаверным адбіцьці рэальных фанэтычных зьяў22. Н.Гурло, дасьледуючы старабеларускі правапіс, вылучыў тры спосабы даўнейшага пісаньня у. Адзін зь іх (оу) — архаічны, а два іншыя (у і въ/увъ) — навейшыя. Прыклады з апошніх спосабаў варта разгледзець уважлівей: 1) у Полотску; у Судомири; у тыйжьдень; у Копыли; 2) увъ Опанасовщине; увъ Ильинском; увъ Острыни; увъ Оболцахъ23. Ня трэба быць лішне назіральным, каб заўважыць, што ў першым разе прыймя у стаіць перад зычнымі, а ў другім — перад галоснымі. Значыць, перад галоснымі прыймя -у набывае нейкую іншую якасьць. І ці ня тая самая гэта якасьць, якую сёньня ў пэўных варыянтах “тарашкевіцы” перадаюць як прыстаўное [в] пасьля галосных: у вагні, у вазёрах?
|
13 Апрача В.Ластоўскага з тагачасных, як і цяперашніх, лінгвістаў ніхто не разглядаў моўныя пытаньні ў культуралягічным аспэкце. Прыкладам, у спрэчцы аб літары j ён робіць заўвагу: “Пахаджэньне ёта (сягаючае праз лацінскую азбуку з эгіпецкіх ерогліфаў) ёсьць фалічнае” (Працы. С.149). Пры ўсіх частых хібах і недакладнасьцях В.Ластоўскі паводзіўся тым слушным мэтадам уніфікацыі, які палягае на каўзацыі. (Пар.: Лоўзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі. Менск, 1995. С.248—249.) 14 Вулхайзер К. Марфалагічнае і марфаналагічнае развіццё агульнасла- вянскіх прыставак і прыназоўнікаў *wъ, *u, *sъ, *jьz у беларускай мове // Беларуская лінгвістыка. Вып.49. Менск, 2000. С.10. На жаль, гэтая праца, грунтоўная з тэарэтыч- нага боку, мае ў сабе процьму факталягічных недакладнасьцяў і абмылаў. Аўтар амаль не адрозьнівае ў стара- беларускай мове графіч- ных і фанэтычных фор- маў, фактычна не бярэ пад увагу ўплыву на сучасную беларускую мову правапісу расей- скае мовы, а “адлюстра- ванага” правапісу, сваім парадкам, — на літаратурную вымову. Да таго ж, ён абапіраецца на аўтараў, толькі афіцыйна прызнаных у савецкай традыцыі. Памянёныя хібы прыво- дзяць да таго, што складанае перапляцень- не марфаналягічных, правапісных і асыміля- цыйных зьяваў ён разглядае як натураль- ны, “лінейны” і аднарод- ны працэс разьвіцьця фанэтычных формаў. Адпаведна, навукова-практычная каштоў- насьць гэтае працы ў значнай ступені страч- ваецца і сур’ёзна грун- тавацца на ёй нельга. 15 Янкоўскі Ф. Гістарычная граматыка беларускай мовы. Менск, 1989. С.101; Rott-Żebrowski T. Gramatyka historyczna języka białoruskiego. Lublin, 1992. S.63. Тэрмін заняпад, занепадаць мне падаецца найбольш ясным і згодным зь беларускаю моваю, ёсьць іншыя сынонімы: занік, занікнуць (Станкевіч), чэзьненьне, счэзнуць (Станкевіч); страта, страціцца, (Янкоўскі, Рот-Жаброўскі); падзеньне (Рот-Жаброўскі). Апошні тэрмін — няўдалае пазычаньне з расейскага падение, па-беларуску належыць — упадак, паданьне, спаданьне. Бо падзеньне не магло ўзьнікнуць зь меркавань- няў словаўтваральных, а тым часам расейскае упадок — па-беларуску заняпад. Пар. у іншых мовах даны тэрмін: анг. disappearance, loss; фр. chute, ням. Schwund, Ausstoßung; гішп. caida. 16 Цыт. паводле: Хрестоматия по истории русского языка. Москва, 1990. С.61—66. 17 Цыт. паводле: [Марцінкевіч Г.] Атвечэрэк // Шляхам гадоў. Менск, 1990; Просты П. Сьвякроўка // Сьвіцязь, 1995; Бірыла С. Стражнік // Беларуская дакастрычніцкая проза. Менск, 1965. 18 Я.Станкевіч на гэты конт цікава заўважае: “увыйду, ы маем з праясьнелага ъ (*vъjь-)”; “о (а) у увайду іншых дыялектаў маем пад уплывам аналёгіі пайду, дайду” (Збор твораў. С.185.) Аднак як на маю думку, дык тут маем не аналёгію, а зьяву дысыміляцыі, бо беларуская мова ў паасобных выпадках унікае спалучэньняў ый. 19 Зразумела, што ў сынхраніі ў слове ўвачавідкі [в] адносіцца да кораню, а не да прыстаўкі, але з гледзі- шча псыхалёгіі ўспры- маньня слова істотнае розьніцы тут няма. Наагул, спалучэньне ўва- ў гэтым шэразе можа разглядацца як прэфіксоід. 20 Цыт. паводле: Социально-политическая борьба народных масс Белоруссии: Конец XIV в. — 1648 г.: Сб. документов и материалов. В 3 т. Т.1. Менск, 1988. 21 Булыка А. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Менск, 1970. С.98, 103. 22 Пар.: “Зразумела, тым жа помнікам уласьцівы і напісаньні, дзе пераход в у ў па традыцыі не адлюстроў- ваецца, але такія напі- саньні сустракаюцца значна радзей, чым разгледжаныя вышэй” (Булыка А. Цыт. выд. С.98). 23 Гурло Н. Цыт. выд. С.85—86. |
Зьяўленьне розных спосабаў пісаньня прыймя у невыпадковае. Яшчэ Я.Станкевіч выказаў здагадку аб дыфтонгавай прыродзе [ў], маўляў, “само ў складаецца з элемэнту у і в”24. А Л.Якубінскі меркаваў, дзей ў усіх індаэўрапейскіх мовах “гук в вымаўляўся толькі як ў (нескладовае у)” і “да гэтае пары захаваў нешта ад якасьці санорных і галосных”25. Іх домневы дапамагаюць зразумець шмат складанага ў паводзінах чаргаваньняў у/ў. Беларуская мова, як ведама, не трывае жосі (зьбегу галосных) у той жа меры, што і турца (зьбегу зычных)26. Даўней пры жосі існавалі наступныя спосабы пісаньня прыймя у: 1) малжонка моего у выменьи (Акты, 1560 г.); каля у высподе (Акты, 1609 г.); 2) и в ыных многих речех (Акты, 1601 г.); варабеньку в очыцы (Д.Рудніцкі)27. |
24 Станкевіч Я. Цыт. выд. С.185.
25 Якубинский Л.П. История древнерусского языка. Москва, 1953. С.150. 26 Абодвыя тэрміны прапаноўвае У.Дубоўка ў сваёй наватарскай і з гледзішча рыторыкі вельмі каштоўнай працы “Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасьці нашае мовы” (цыт. паво- дле: Спадчына, 1992, №5). Гэта куды лепш, чым савецкае пазычань- не з расейскае мовы зіяньне, ці недакладны пераклад П.Сьцяцко зьзяньне. Калі ўжо пера- кладаць, дык зиять — зяўраць, і таму трэба было б зяўра, але гэтае слова ня мае такой карэ- ляцыі, якую перадае Ду- боўкава жось — турэц. |
Першы зь іх можна абазначыць як аналітычны (распадзельнае напісаньне дыфтонгу [uw]), а другі — як сынтэтычны (злучанае напісаньне дыфтонгу [u]). Сёньня, маючы літару ў, сынтэтычны спосаб мы запісалі б гэтак: і ў іных28. Падобныя напісаньні назіраюцца і ў менш экстрэмальных становішчах: поес из ыголником, у выголнику копа грошей (Акты, 1560 г.); врадником в ыменю (Акты, 1600 г.); Воловичов у ыменью (Акты, 1609 г.). Кожны ўзор, як можна заўважыць, імкнецца да аднаго — найаптымальнейшага адлюстраваньня эпэнтычнага губна-губнога [w], якое цесна кантактуе з суседнімі гукамі. Яшчэ ў грамаце 1229 году, дзе скрозь трапляецца у (оу), раптам спатыкаем напісаньне: wб въдино мьсто. Гэтае въдино замест у адзіна (у вадзіна) можна растлумачыць толькі тым, што пры вымаўленьні тут чулася ня [у] ці губна-губное [w], а нешта сярэдняе паміж імі. Чыстае [ў] нескладовае тут абазначалася інакш: наоуспять29. Што датыкае нешматлікіх выпадкаў у перад [у], дык пісаліся яны гэтаксама, як і перад іншымі галоснымі, прыкладам: год не бывши у вураде своем Пропойску (Акты, 1555 г.). У XX стагодзьдзі, калі зьявілася літара ў, зрэдку спатыкаецца новы адменьнік сынкрэтычнага спосабу: і ў выбары тэм і ў укладаньні зьместу сваіх твораў (М.Гарэцкі); ад казны бяруць ў арэнду (Наша Ніва, 1909, 1 траўня). Такім парадкам, мы маем ня тры, а пяць спосабаў перадаваньня на пісьме прыймя у перад [у]: 1) штучнапазычаны: ва ўрадзе; 2) камбінаваны: ува ўрадзе; 3) штучналітарны: у ўрадзе; 4) аналітычны: у вурадзе; 5) сынтэтычны: ў урадзе (въ ураде). Дзіўна, што два апошнія — найбольш лягічныя — узоры не прыжыліся. Хоць менавіта яны, як было паказана, нарадзіліся спантанна і найпаўней адлюстроўваюць асаблівасьці беларускае мовы. Які выбраць сёньня? Штучнапазычаны, як мы ўжо зазначалі, не вытрымвае ніякае крытыкі. Катэгарычна адпрэчвае яго і Я.Станкевіч: праславянскае “прыймя *vъ у беларускай мове ніколі ня можа мець выгляду “ва”, “хіба толькі на вельмі абмежаным прасторы”30. На жаль, Я.Станкевіч схіляецца да другога і трэцяга ўзораў, непажаданасьць якіх варта патлумачыць асобна. Камбінаваны спосаб крытыкаваўся вышэй, хоць чыста тэарэтычна прыназоўнік ува запраўды можа ўзьнікаць. Толькі нельга выдаваць яго за адзіна мажлівы. Суіснуюць жа ў беларускай мове, нават ў адной гаворцы, прыслоўі зусім і заўсім, сусім і саўсім, але ў літаратурнай мове мы аддаем перавагу першаму. У прыватнай гутарцы Мікола Даніловіч зьвярнуў маю ўвагу на нетыповыя адмены у ў Федароўскага: і ў ва сьне ні сьнілася (8078); яму калісь уватруць носа (5398); ліхо далося ў ва знакі (4334); ані на мне ані ва мне (3248); голкі німа дзе ваткнуць (2903)31. Падобныя прыклады разглядаюць Я.Карскі, Я.Станкевіч, А.Булыка, К.Вулгайзэр: оуво сне, ува Пскове, оуво Львове, вовсихъ32. На першы погляд здаецца, што яны супярэчаць папярэднім довадам. Але калі разважаць ад супраціўнага, дык зусім не, бо ўжываюцца найчасьцей не пры зьбегах у, а пры зьбегах зычных. Ня ўводзіць жа нам і гэткага правіла. Дарэчы, прыклады можна запісаць сынтэтычна: ў азнакі, ў асьне, ў амне (ў імне) і г.д.33. Так ці гэтак, але запісы не перадаюць запраўднага гучаньня. А вымаўлялася губна-губное [w], хутчэй за ўсё, амаль без змыканьня губ, голасам. Аб нестандартных адценьнях [у] сьведчаць некаторыя запісы Я.Карскага і Е.Кліха: ўучиць; n’e uum’eju; uum’or; uukrau34. У падобных зьявах Я.Карскі бачыць або ўстаўкі, або падваеньні. Спробы аспрэчыць ці дапоўніць Я.Карскага пакуль што мала чаго далі. Я.Станкевіч слушна піша пра дыфтангальнасьць [ў], але дарэмна спрабуе уво сьне зьясьняць у дыяхраніі, а у вадным — у сынхраніі35. І тут, і там досыць сынхранічных працэсаў. Хутчэй за ўсё, пасьля у перад зьбегамі зычных разьвіваецца ня толькі прыстаўны [в], але і прыстаўны галосны, як у словах аржаны, амшара. А галоўнае, варта падкрэсьліць, што гэтак званы прыстаўны [в] ёсьць эпэнтэзаю, а не пратэзаю, таму К.Вулгайзэр беспадстаўна зводзіць у адзін шэраг спалучэньні першага парадку у вольгерда і другога — до восени36. Асобна варта патлумачыць успамінаную Я.Карскім зьяву — рэдуплікацыю, якая незразумела, скуль бярэцца. Па-мойму, падваяюцца толькі прыстаўкі, але не прыймёны, — для апошніх характэрная эпэнтэза. Паводле маіх назіраньняў, у Лідзкім раёне побач з звычайным дзеясловам урваць сустракаецца яго экспрэсіўная, узмоцненая форма ўварваць. У тым жа раёне падобных зьяў нямала; прыкладам, слова лецець не палянізм і не дублет дзеяслова ляцець, а яго ўзмоцненая форма. Мяркую, што і пытаньні зашто? завошта? У жывых гаворках разьвіваліся як звычайныя ды экспрэсіўныя. Некаторыя з успамінаных вышэй формаў: увабрацца, увагнаць, увагнуць, увапрэць, увапхнуць — дапушчальныя і нават патрэбныя, калі разглядаць іх як узмоцненыя адменьнікі формаў звычайных37.
|
27 Прыклад Дамініка Рудніцкага (цыт. паводле: Мальдзіс А. З літаратуразнаўчых вандраванняў. Менск, 1987. С.65.) з гледзішча сынхраніі не зусім дакладны, бо тут, як і ў слове ўвачавідкі, мы маем не эпэнтэзу, а пратэзу, але гэта яшчэ больш пацьвярджае сам правапісны прынцып.
28 Даўно пара наўсьлед за Ф.Багушэвічам ды Я.Станкевічам не рабіць штучнага разьмежаваньня паміж старабеларускаю моваю і сучаснаю; такія помнікі, як «Статут» (1588), для папулярных выданьняў варта друкаваць сучасным правапісам. 29 Наагул правапіс граматы — гэта “ўзор непісьменнасьці”, ці, дакладней, непасьлядоўнасьці, але тым больш цікава прасочваць, як праз графічную свабоду дыктуе сваю волю фанэтычная канечнасьць. Дарэчы, калі б грамату перапісаць сучасным правапісам, дык мы пераканаліся б, наколькі жывая гутарковая мова XIII стагодзьдзя блізкая да сучаснае. 30 Станкевіч Я. Цыт. выд. С.61, 75. 31 Цыт. паводле: Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.4. Warszawa, 1935. 32 Карский Е. Белорусы. Язык белорусского народа. Москва, 1955. Вып.1. С.335; Станкевіч Я. Цыт. выд. С.185; Булыка А. Цыт. выд. С.102; Вулхайзер К. Цыт. выд. С.11. 33 Правапіс ў’ імне, з’ імною варта агаворваць асобна. 34 Цыт. паводле: Вулхайзер К. Цыт. выд. С.12. 35 Станкевіч Я. Цыт. выд. С.185. 36 Вулхайзер К. Цыт. выд. С.12. 37 Часамі рэдуплікацыя прыводзіць да істотных зьменаў сэмантыкі: можна прыязна сказаць убрацца ў прыгожыя строі і непрыязна — увабрацца ў пер’е, узаемазамена дзеясловаў кожнай фразы немажлівая, бо істотна памяняецца сэнс сказаньня. |
На жаль, экспрэсіўныя формы дзеясловаў занядбаныя як дасьледнікамі мовы, так і самымі моўнікамі. Бо інтэрфэрэнцыя з расейскаю моваю асабліва шкодна і непрыкметна адбіваецца на сэмантыцы ў цэлым. Прыкладам, некаторыя словы: адмена, затым, канечна, пасланьне, пісаньне — ужываюцца з расейскімі значаньнямі, а некаторыя міжмоўныя амонімы зусім выпратваюцца: знаць, канечны, пазорны, праціўны, спорны, харошы38. І менавіта ўнікаючы двухсэнсоўнасьці побач з расейскімі сугучнікамі, замест беларускіх звычайных формаў уходзіць, убрацца, угнаць экспрэсіўныя формы уваходзіць, увабрацца, увагнаць пачынаюць разьвівацца як звычайныя. Тут мы маем падвоеную, вельмі завуаляваную расеізацыю. Вось жа, прыймя ўва грувасткае, несыстэмнае, прыдатнае адно для выпадкаў з пачатным [у]. Але ў гаворках нават у гэтай якасьці ўжываецца нячаста. Галоўная ж яго загана ў тым, што ўва не дае рады сваім абавязкам — асабліва пры наяўным сацыяльным субстраце39. Дзе трэба [uwa] — зрасеізаваны беларус вымаўляе [uva]. І перавага ўва супраць ва зводзіцца да нуля. Нездарма моўныя “прагматыкі” выбіраюць спосаб штучнапазычаны як эканомнейшы. Камбінаваны спосаб лягічна цягне за сабою праблему пісаньня прыймя у перад іншымі галоснымі. І Я.Станкевіч у гэтым пляне куды пасьлядоўнейшы за сучасных “вячоркаўцаў”. Ён зрабіў адпаведнае дасьледаваньне зборніка казак А.Сержпутоўскага, дзе выявіў два спосабы пісаньня у перад (і паміж) галоснымі: першы — быў у ваднаго чалавека; мужык у вагародзе; служыў сабе ў ваднаго; і другі — маёнтак у аднаго пана; былі ў аднаго40. Аднак, як мы бачым, дасьледаваў Я.Станкевіч не саму гутарковую мову, а толькі тыя недасканалыя спосабы запісваньня, якія тарнаваў А.Сержпутоўскі. У выніку найлепшы знаўца народнае мовы стаўся закладнікам не зусім дасканалых запісаў. У.Дубоўка ў запісах народнае мовы, зробленых Я.Карскім і А.Шахматавым, знаходзіць іншы спосаб: А ў ґдовушкі, у ґдавіцы нораў не дзявічы. Гэтую зьяву ён абазначае як сутоку галосных (насамрэч зьліваюцца тут ня толькі галосныя)41. Я.Карскі наагул адмовіўся ад катэгарычнага зьясьненьня данага артыкуляцыйнага працэсу. Ясна адно: лучнасьць гукаў тут надзвычай высокая і разрываць іх ня варта. Спосаб, які абірае Я.Станкевіч, адпавядае вышэй памянёнаму аналітычнаму. Прыклад У.Дубоўкі — бліжэйшы да сынтэтычнага42. Так ці інакш, лёгіка камбінаванага спосабу няўхільна прыводзіць да аналітычнага. Бо калі мы маем пісаць мужык у вагародзе, дык трэба і мужык у вурадзе. Аднак і пры камбінаваным, і пры аналітычным спосабе захоўваецца тая самая пляга — небясьпека пераўтварэньня губна-губнога [w] ў зрасеізаванае губна-зубное [v], якое не магло ўзьнікнуць натуральным спосабам43. Наагул, пазыцыйнае чаргаваньне прыстаўных [в] зацямняе этымалёгію слова, ускладняе правапіс, псуе яго эстэтыку, прыкладам: дробныя княствы ў вадно (Наша Ніва, 1910, 29 ліпеня). Не адразу згадаеш, ад чаго паходзіць гэтае вадно — ад слова вада ці слова адзін. І тут было б дарэчы ўспомніць адну тэксталягічную недарэчнасьць, зьвязаную з прыймем у. У 1923 годзе А.Паўловіч надрукаваў верш «Над Сьвіслаччу», дзе быў наступны радок: За рэчкаю вадалі // Квяцісты луг44. Пазьнейшыя ўкладаньнікі «Выбранага» не расчыталі сэнсу слова вадалі і выправілі аўтара: За рэчкаю у далі // Квяцісты луг45. Насамрэч вадалі — амаль тое самае, што воддаль, паходзіць яно ад спакменьніка аддаль у месным склоне з у, які, адпаведна, сягае старабеларускага аддаленьне — “адлегласьць”46. Параўнайма ў У.Дубоўкі: Журавы... кашляюць з аддалі; прамяністасьць — у аддалі47. Паводле аналітычнага спосабу верш можна было запісаць: За рэчкаю ў ваддалі // Квяцісты луг, а паводле сынкрэтычнага — За рэчкаю ў аддалі // Квяцісты луг. Які з спосабаў празрысьцейшы, па-мойму, відаць яскрава. Зварот аўтара менавіта да аналітычнага і заблытаў савецкіх тэкстолягаў. Цікава, што ў XX стагодзьдзі з вадалі (ў аддалі) паўтарылася такая самая рэч, як і ў XIII стагодзьдзі з въдино (ў адзіна)48. Штучналітарны спосаб, пры ўсёй сваёй эканомнасьці, наагул выглядае нейкаю правапіснаю нісянеціцай. Той, хто яго прыдумаў, відаць, менш за ўсё дбаў пра вымаўленьне, бо як можна беларусу вымавіць асобна уў? Праўда, К.Вулгайзэр “у народных гаворках і часам нават у гутарковым стылі беларускай літаратурнай мовы” зазначае гэткія прыклады: [uws’ix], [uwdavy], [uwn’iv’ers’itec’e]49, аднак іх прырода з гістарычнага і з фанэтычнага боку вельмі сумнеўная. Узьнікненьне штучналітарнага спосабу вынікае з шкалярскае правапіснае догмы, быццам ў нескладовае абавязкова пішацца пасьля галосных і ніколі ня пішацца ў іншых пазыцыях. Але раз такі спосаб зьявіўся — паспрабуем прасачыць, куды вядзе яго лёгіка.
|
38 Гл.: Пацюпа Ю. Беларуская мова ў часе // Гармонія беларускага слова. Гродна,1999. С.25.
39 Сацыяльным субстратам Паліванаў называў кантынгент рэальных носьбітаў мовы, які пад уплывам эканамічна-палітычных зрухаў уплывае на эвалюцыю гэтае мовы. (Гл.: Журавлёв В.К. Теория языковой эволюции Е.Д.Поливанова (К 100-летию со дня рождения) // Вопросы языкознания, 1991, №4.) 40 Станкевіч Я. Цыт. выд. С.186. 41 Дубоўка У. Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасьці нашае мовы // Спадчына. 1992. №5. С.82. 42 Цікава зазначыць адрозьненьні ў паглядах Я.Станкевіча і У.Дубоўкі на ролю гэтак званага прыстаўнога [в]. Станкевіч: “Перад пачатным [а]... просьле прыймя у, ў ё прыстаў- ное [в]” (у ваўсе, палена ў вагні). Дубоўка: “Калі пачатковае націскное [о] з прыдыханьнем [в] тра- ціць свой націск, дык прыдыханьне ўжываец- ца толькі ў тых выпад- ках, калі папярэдняе слова мае адкрыты канчатак” (вялікія вазё- ры, на вялікіх азёрах). Для Дубоўкі важнае раў- намернае, “сьпеўнае” разьмеркаваньне зыч- ных і галосных гукаў, а для Станкевіча — беспасярэдні кантакт у з а. Прыстаўное [в] Дубоўкі фактычна ёсьць пратэзаю, а Станкевіча — эпэнтэзаю. Правіла Станкевіча мае “грама- тычны” зьмест, а Дубоўкі — “рытарычны”. У паасобных спалучэнь- нях іх правілы могуць супадаць, але часьцей расходзяцца. Паводле Дубоўкі: ночкаю васень- няю; спраўляў асяніны. А паводле Станкевіча магло б быць: ночкаю асеньняю; спраўляў васяніны. У цэлым Станкевіч больш праў- дзіць, але кожная з тэо- рыяў мае падставы ў жывым маўленьні і па-свойму карысная. 43 У К.Вулхайзэра гэтая праблема асабліва за- блытваецца: спачатку ён слушна сьцьвярджае на- яўнасьць у дабеларускіх дыялектах губна-губнога [w], але потым незразуме- ла дзеля чаго [у] ў яго пе- раходзіць у [w] губна-губ- ное і, што яшчэ больш абсурдна, у [v] губна-зуб- ное, каб урэшце ўсё гэта зьлілося ў сучасным [у] (Вулхайзэр К. Цыт. выд. С.11.). Падобная фанэ- тычная “акрабатыка” вынікае зь неадрозь- неньня зьяваў правапісу ад зьяваў фанэтыкі. Варта зацеміць раз і на- заўсёды, што ў беларус- кай мове беспасярэдняе лучнасьці паміж [у] і губ- на-зубным [v] няма і быць ня можа. Неразуменьне гэтага факту і выклікае ўсе недарэчнасьці. 44 Цыт. паводле: Выпісы з беларускае літаратуры. Масква-Пецярбург, 1923. С.204. 45 Цыт. паводле: Паўловіч А. Выбранае. Мінск, 1975. С.51. 46 Старабеларускія лексіконы. — Мінск, 1992. С.98; 101. 47 Цыт. паводле: Дубоўка У. Выбраныя творы. У 2-х т. Т.2. Мінск, 1965. С.62, 86. 48 Аднак трэба мець на ўвазе, што ў старажыт- ным кантэксьце тое напісаньне можа раз- глядацца як сынтэтыч- нае, а ў сучасным — як аналітычнае. 49 Вулхайзер К. С.15. |
Унівэрсальнаю адметнасьцю беларускае мовы ёсьць ненапружанае вымаўленьне гукаў, адмысловая “лянівая” сьпеўнасьць. Адсюль — афрыкаты: [z’], [ц’], цяга да паўнагалосься: морак, бераг; прыстаўныя галосныя: Імсьціслаў (а не Мстиславль); прыстаўныя зычныя: Ворша (а ня Орша); ухіленьне ад зьбегу зычных: Заслаўе, рыфмаў (а не Изяславль, рифм); зьбегу галосных: Ян (а не Иоан). І як толькі мы паспрабуем прыймя у перад [у] вымавіць як уў, яно за кошт свайго націску (хоць і вельмі слабога, але яўнага) няўхільна ператворыцца ў вуў, а потым у ву. Таму у ўрадзе мусіць гучаць як [вуўрадзе] і ўрэшце, як [вурадзе]. Як бачым, штучналітарны спосаб або парушае ўнівэрсальную асаблівасьць беларускае артыкуляцыі, або, лёгікаю рэчаў, вядзе да сынтэтычнага спосабу. У кожным разе, пільнавацца яго толькі дзеля правапісных догмаў ня варта. Здараюцца і такія нетыповыя выпадкі, калі ўсе спосабы, апрача сынкрэтычнага, не даюць рады. У беларускай мове, як ведама, перад націсьненымі губнаватымі галоснымі [о], [у] заўжды ўзьнікаюць прыстаўныя гукі [в] і [г]: возера, востры, або гостры. Аднак гэтае правіла можа “здымацца”, і вымаўленьне [о], [у] становіцца напружаным, калі на прыстаўку падае сэмантычны націск: одум “рэфлексія”, оступ “кнея, нетра”, опаць “падучка”, урвіс “хуліган”50. Сюды ж, з пэўнымі агаворкамі, можна аднесьці іншаземныя словы орган, унія. Аднак вымавіць у одуме, у урвіса даволі цяжка, занадта пэдантычна выглядае у водуме, у вурвіса і зусім недарэчна — ува урвіса. Перад націсьненымі [о], [у] прыймя у слушна пісаць толькі гэтак: быць ў одуме, мядзьведзь ў оступе, ён ў опаці, забраў ў урвіса. Такім парадкам, правапіс зьбегу у сам сабою выліваецца ў праблему [у] перад галоснымі. Усе прыточаныя прыклады з XIII па XX стагодзьдзі можна падзяліць на два тыпы: 1) моего у выменьи; у выголнику; бывши у вураде; мужык у вагародзе; служыў сабе ў ваднаго; княствы ў вадно; за рэчкаю вадалі; 2) wб въдино; и в ыных; врадником в ыменю; Воловичов у ыменью; і ў укладаньні; маёнтак у аднаго пана; былі ў аднаго; за рэчкаю ў адалі; а ў ґдовушкі, у ґдавіцы. Без сумневу, мы маем справу з складаным фанэтычным працэсам. Гук, які тут вымаўляецца, неаднародны. У першым разе навідавоку імкненьне перадаваць яго аналітычна, у другім — сынтэтычна. Таму пяць спосабаў пісаньня зьбегу у таксама можна зьвесьці да двух апошніх, тры першыя спосабы — вынік непаразуменьня. Сама лёгіка рэчаў прымушае выбіраць паміж сынтэтычным і аналітычным. Аптымальным, так ці гэтак, падаецца пяты, сынкрэтычны спосаб. Паспрабуйма вымавіць: мужык ў урадзе, мужык ў адведках, мужык ў одуме, былі ў адведках. Усе прыклады гучаць па-рознаму, але ўсюды адчуваецца “прысмак” губна-губнога [w]. І галоўнае, ніякіх прыстаўных літараў тут ня трэба, бо літара ў аўтаматычна рэгулюе вымаўленьне. А гэта значыць, менш трэба траціць сілаў — 1) на засваеньне артаэпічных нормаў: [у wадным], а не [у vадным]; 2) на пісаньне прыстаўных літараў: адзін, у ваднаго; 3) на варыянты прыймёнаў: у яго, ува ўрадзе і 4) на разуменьне напісанага: у вадным, у водным, у вадзяным, у вадзіным. Нават пры найлепшым пільнаваньніся артаэпіі аналітычны і камбінаваны спосабы не перадаюць адналітнасьці вымаўленьня [у] і [w], іх плаўнага ўзаемапераходу, пазыцыйнага вылучэньня то адной, то другой паловы дыфтонгу.
|
50 Прыкл.: Пан загадаў нам апасочыць усю пушчу, каб даведацца ў якім оступе мядзьведжае лагво. Пружаны (Ластоўскі В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924. С.396); Панас зьбялеў, як крэйда, і пачаў трэсьціся ўсім целам, бытта яго опаць біла (Лейка К. Панас Крэнт // Беларуская дакастрычніцкая проза. С.234.). Урвіс гэты далезя хоць куды. Лідзкі р-н, в. Дамэйкі. Тут мы маем вельмі рэдкі выпадак [w] як нелябіялізаванага адкрытага галоснага сярэдняга раду сярэдняга ўздойму, які чуецца ў выклічніку От! (Гл.: Филин Ф. Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Ленинград, 1972. С.149—160.) Гэты галосны гук, як і ў іншых выпадках зычны [g], — несыстэмны для беларускае мовы, зазвычай ён нясе экспрэсійную нагрузку. Рэшта [o] маюць у беларускай мове лябіяльную пратэзу [w] менавіта з прычыны свае лябіялізаванасьці. Імкненьне Я.Станкевіча (Гл. Т.2. С.371—373) ды аўтараў «Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы» да ўніфікаваньня адкрытага націсьненага [о], [у] як гукаў закрытых — не найлепшая паслуга для мовы. Гэты вынятак мае грунт у народных гаворках і надае мове нечаканае разнастайнасьці, стэрэаскапічнасьці.
|
Дзеля “натуралізацыі” пакажам усе памянёныя складанасьці на прыкладзе з славутага «Ліста да Абуховіча»: У злом розуменю, в обмовах людзских и в соромноти сидит, як дьявел у дупли51. Перад намі клясычны ўзор ужываньня прыймя у, двойчы як у і двойчы як в, якое, натуральна, стаяла на месцы [ў] нескладовага. Можна толькі дзівіцца, наколькі дакладна адчувалі мову ў XVII стагодзьдзі. Сучасны правапіс дазваляе перапісаць сказ дакладней: У злом разуменьню, ў абмовах людзкіх і ў саромнасьці сядзіць, як д’явел у дуплі. Адсюль няцяжка сфармуляваць даволі простае правіла: — Прыймя у пішацца як ў нескладовае пасьля галосных і перад неятаванымі галоснымі а, о, у, э, ы (мажліва, перад і). Перад галоснымі літара ў вымаўляецца як гук [w]. Гэты прынцып, як і ўсякі іншы, не ўнівэрсальны. Пры пісаньні прыймёнаў найлепей зьвяртацца да сынкрэтычнага спосабу: ў агні (супраць у вагні), але пры пісаньні прыставак, наадварот, можна (і пакуль што варта) захоўваць аналітычны спосаб пісаньня: увасабленьне (супраць ўасабленьне). Дарэчы, на такі адважны крок, як пісаньне ў перад галоснымі пасьля зычных і на пачатку фразы, я адважыўся далёка ня першы. Права першасьці пакідаю за В.Вячоркам, які ў сваім праекце правапісу прапанаваў пісаць замежныя словы: Ўільям, Пўанкарэ, тўіст. Але чаму такая прывілея для замежных? Падставаю таго ці іншага пісаньня замежных слоў мусіць быць наяўнасьць аналягічных зьяваў у сваёй мове. (Ніхто ж не прапаноўвае ўжываць мяккае [р’], калі яно супярэчыць беларускаму вымаўленьню.) Аднак ці ёсьць беларускія Ўільямы? Рэдкім выпадкам гуку [w], які ўзьнікае перад санорным зычным (!), ёсьць псэўданім-абрэвіятура В.Ластоўскага: Власт. Раней мне здавалася, дзей тут В.Ластоўскі моцна пахібіў супраць мовы, пакуль я ня вычытаў у Каруся Каганца: Жыў багаты земянін, — Властам яго звалі52. Выходзіць, у мове далёка ня ўсё адпавядае звыклым нормам. Станкевіч прызнаваўся: “Б.Тарашкевіч думае, што адно посьле прыймя у перад а зьяўляецца прыстаўное в (дом у вагні), але просьле ў не (нешта сквірчэла ў агні). Гэтак і я раней думаў, пакуль не зрабіў дасьледаваньня”53. Насамрэч, выснова Я.Станкевіча не канчальная. Перад намі зьява куды складанейшая, чым звычайнае прыстаўное [в]. Мне таксама некалі здавалася, што праблема толькі ў пісаньні прыймя у перад словамі на [у]. Але, упершыню напісаўшы [ў] перад [у], я задумаўся: чаму не пішу яго перад іншымі галоснымі, калі [ў] тут гучыць натуральна? Вынікам тых разваг і паўстаў гэты досьлед. Найлепшы правапіс, як і ўсякая іншая норма, — гэта зло, праўда, зло мусовае. Даўней нормаў не існавала. А сёньня мы маем норму і ганарымся ёю — як быццам можна ганарыцца стандартам! Нездарма Валянцін Валошынаў на пачатку XX стагодзьдзя мусіў паставіць невясёлы дыягназ: “Сыстэма сабетоесных формаў становіцца існасьцю мовы”54. Сёньня ўсё, што пісалася ў старабеларускай мове, лінгвісту, захопленаму стандартызацыяй, або проста маладасьведчанаму чалавеку падасца нейкім хаосам. Насамрэч, існуе процьма нестандартных сытуацыяў, якія нельга абняць жаднаю нормаю. Вось у “старой” «Нашай Ніве» спатыкаецца як быццам бы “правапісная недарэчнасьць”: прасьвету у сябе — ў хаці. (1910, 29 ліпеня). Калі ж мы пільна ўчытаемся ў фразу, дык недарэчнымі выглядацьмуць хутчэй знакі прыпынку. Бо прыймя у тут пішацца згодна з жывою рытмікаю словаў, а ня мёртвых графічных знакаў. Проста мы развучыліся ўслухоўвацца ў слова і сталі падобныя да таго чалавека, які, каб даведацца, дзе стаіць сонца, глядзіць на гадзіньнік.
|
51 Цыт. паводле: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Минск, 1962. 52 Цыт. паводле: Каганец Карусь. Творы. Менск, 1979. Я раіў бы сёньня пісаць: Ўласт. 53 Станкевіч Я. Цыт. выд. С.186. 54 Волошинов В. Новейшие течения лингвистической мысли на Западе // Волошинов В. Философия и социология гуманитарных наук. Санкт-Петербург, 1995. С.195. |
І ўсё ж ёсьць сфэра, што не заўсёды падпарадкуецца правапісу, — гэта прастора вершу. Тут даўно насьпела патрэба сыстэмы рэкамэндацыяў, якія, спадзяюся, не скуюць мовы, а, наадварот, вызваляць яе ад правапіснае абмежаванасьці. Успамінаю (яшчэ зь першага курсу) гутарку ў літаб’яднаньні «Наднёманскія галасы» перад выступленьнем у нейкай вучэльні. Людміла Кебіч запыталася ў Міхася Губярнатарава, кіраўніка «галасоў»: “А ці заўсёды ў вершах трэба пільнавацца правапісу у?” Той лагодна ўсьміхнуўся і адказаў: “Ну што Вы! Гэта амаль немажліва!” А ўжо на другім курсе М.Федзюковіч, паэт высокай культуры ды зычлівы чалавек, вучыў мяне адваротнаму: “Калі ты паважаеш сябе як паэта — старайся ніколі не пісаць у супраць нормаў правапісу!” Таго самага вымагаў ад сваіх вучняў і А.Масарэнка ў чырваназьменаўскіх «Крыніцах». Не пагадзіўшыся тады з М.Губярнатаравым, я ня мог да канца пагадзіцца з М.Федзюковічам і выпрацаваў уласныя правілы. Запраўды, каўтаньне [ў] нескладовага паміж двух зычных ці перад зычным на пачатку сказу супярэчыць усім законам беларускае мовы. Але здаровы розум падказвае, што ні ў якім разе нельга забараняць пісаньня у складовага пасьля галоснага, калі гэтага вымагае рытм ды памер верша, — чым я і паводзіўся на практыцы. Праўда, аднойчы прылучыўся занадта складаны выпадак. Ў адным з маіх вершаў быў радок: а галашэньні зьніклі у імглу — тут [у] складовае стаіць ня проста пасьля галоснага, але і перад галосным, прытым — галосным пратэтычным. Выходзіць жахлівая жось. Значна пазьней я пераправіў радок наступным спосабам: а галашэньні згінулі ў імглу. Дапушчальнае, на маю думку, ў нескладовае ў вершах і пасьля галоснага за знакам прыпынку, які ўтварае слабую паўзу або зусім не ўтварае паўзы. Дарэчы, тут таксама магу прытачыць уласны прыклад надужыцьця дадзенаю палёгкаю: Чорны сярод восені стаю Каб прачытаць [ў] нескладовае ў трэцім радку — трэба зьлегкаважыць коску ды падзел радкоў, што рабіць непажадана. Гэта меншы грэх, чым пісаньне ў нескладовага пасьля зычных, але сёньня такой вольнасьці я б сабе не дазволіў. Пакуль паэты пішуць у/ў кожны на свой капыл, карэктары і рэдактары мусяць прытарноўвацца да гэтых licentia poetica. Паназіраўшы за рэдактураю вершаў, правапіс адхіленьняў можна зьвесьці да дзьвюх традыцыяў: 1) нормы правапісу падпарадкуюцца рытму і памеру верша; 2) нормаў правапісу пільнуюцца насуперак рытму і памеру. |
І адна, і другая традыцыі падаюцца мне заганнымі, хоць за аснову варта было б узяць першую. Бо правапіс, як вышэй зазначалася, грунтуецца на фармальным гучаньні, а верш — на рэальным, ці, іншымі словамі, правапіс палягае на мове, а верш — на маўленьні. Гэта, відаць, адчуваюць карэктары, зьвяртаючыся найчасьцей да першае традыцыі. Заганнасьць другой аднойчы я рызыкаваў спазнаць. У часопіс «Arche», дзе, дарэчы, заўсёды трымалі высокую марку пісьменнасьці, я прапанаваў вершы, некаторыя зь іх укладзеныя рэдкімі памерамі, у тым ліку пяцідольнікам першым, у якім былі радкі з дапушчальным парушэньнем нормаў правапісу: з кветкамі пераплеценыя, ўздыханьнямі Зайшоўшы на прачытаньне карэктуры, я жахнуўся — ад майго пяцідольніка мала чаго засталося: з кветкамі пераплеценыя, уздыханьнямі Карэктарка патлумачыла, дзей рэдактар загадаў пільнавацца правапісу, не зважаючы ні на што. Давялося ісьці да рэдактара даводзіць, маўляў, гэта рэдкі памер, і калі ўсякія там ямбы ды харэі чытач пазнае, дык пяцідольнік — ніколі. Пасьля таго здарэньня я зразумеў: далей чакаць нельга, трэба даваць якой рады. І вось, ніжэй, выходзячы з уласнага паэтычнага, філялягічнага і рэдактарскага досьведу, я прапаноўваю рэкамэндацыі да правапісу вершаў.
1. Рытм не супярэчыць правапісу, вершы пішуцца згодна з нормамі правапісу — у складовае паміж зычнымі: На палянцы дый у травах (К.Каганец); — ў нескладовае паміж галоснымі: Колам ня гнецца і ў іншай сьпіна (Стары Улас); — ў нескладовае перад галоснымі: Не цябе я люблю, як ў абоймах сьціскаю (М.Арол) і г.д.
2. Рытм супярэчыць правапісу, але дазваляецца пісаць — у складовае пасьля галосных: Пайшлі у пушчу ўтраіх па лыкі (Стары Улас); Нікнуць праменьні яго у далі (М.Арол); — ў нескладовае пасьля галосных за знакамі прыпынку: Ёсьць многа красак у лузе, ў дуброве (Стары Улас); Як у глухім бярлогу, ў шафе сьпіць (Р.Барадулін).
3. Рытм супярэчыць правапісу, і не дазваляецца пісаць — ў нескладовае паміж зычнымі і на пачатку сказу: Вербалоз між іх ўтуліўся (К.Каганец); Прытулак мой — ў пакойчыку адным (Р.Тармола); Ў бітвах за долю, ў бітвах за волю (М.Клімковіч).
4. Рытм супярэчыць правапісу, і не рэкамэндуецца пісаць — ў нескладовае пасьля ў нескладовага перад зычнымі: Вы па-свойму, моў ў прысюды (К.Каганец).
5. Правапіс супярэчыць рытму, непажадана пісаць — ў нескладовае на пачатку радка пасьля галосных: што кожны ліст апалы без развагі (М.Федзюковіч)55.
У вершах, як можна заўважыць, вытрымваюцца не правапісныя, а артаэпічныя нормы. Правапіс хаця-нехаця мусіць ім падпарадкоўвацца. Толькі ў трэцім з прыточаных вышэй выпадкаў, калі груба парушаецца артаэпія, ад паэта трэба вымагаць слушнага напісаньня. На жаль, нават у клясыкаў, асабліва нашаніўскае пары, адступаў ад нормы процьма. У савецкія часы намаганьнямі рэдактараў і літкансультантаў выпрацавалася сякая-такая паэтычная культура (якая сёньня зноў траціцца). Але сьляпое сьледаваньне правапісу не заўсёды ў згодзе з жывым маўленьнем. Апошні, пяты выпадак гэта паказвае. Палемізуючы з сваім дарадцам М.Федзюковічам, я зьвяртаюся да ягоных жа радкоў. Прырода вершу палягае на двайным, сынтаксычным і рытмічным, распадзеле тэксту56, таму паўза ў канцы радка дае той самы эфэкт, што і коска. Падсумоўваючы, хочацца сказаць: на практыцы я ўжо пасьпеў, і ня раз, пераканацца, што мае ўдакладненьні правапісу выклікаюць неразуменьне. Што зробіш, звычка — другая натура! Але яны простыя да запамінаньня. Галоўнае — глянуць на рэчы з пазыцыі здаровага розуму. Прапановы да правапісу вершаў куды цяжэйшыя. Зрэшты, гэта вынятак, які ня трэба ведаць кожнаму школьніку. А вось кожнаму паэту ды карэктару, што паважаюць сябе, не зашкодзіла б засвоіць. |
55 Цыт. паводле: Каганец Карусь. Стары Улас. Год беларуса. Мінск, 1990; Арол М. Творы. Менск, 1991; Дзень паэзіі ’88. Менск, 1988.
56 Гл. прыкл.: Руднев П.А. Стих и проза // Даугава. 1989. №8. С.86. Варта зацеміць, што з уводам прапаноўваных правілаў многія “няслушныя” напісаньні ў вершах (выпадак 1, М.Арол) стануць “слушнымі”, а “слушныя” (выпадак 5, М.Федзюковіч) — “крыху няслушнымі”. У цэлым жа “слушнага” аўтаматычна пабольшае, а “няслушнага” — паменшае. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 6 (29) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Майстраваньне [mk] |