A R C H E П а ч а т а к № 6 (29) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


62003
» да Зьместу «

 


Эўропа на ўсход ад Эўропы
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


крытыка

  АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ

(27Kb) Вокладка ARCHE 6-2003. «ЭЎРОПА НА ЎСХОД АД ЭЎРОПЫ». Малюнак Уладзімера Адамчыка “Маленькі Анёльчык”, дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

 

Анатоль Сідарэвіч
Убоства тэорыі

Л.Н.Сечко. Социал-демократическая альтернатива.
— Менск: Веды, 2001.
Станислав Шушкевич. Неокоммунизм в Беларуси: идеология, практика, перспективы. — Смоленск: Скиф, 2002.

У сучасным кніжным моры практычна няма працаў беларускіх аўтараў, прысьвечаных гісторыі, тэорыі і праграматыцы сацыялізму і камунізму. Што такія распрацоўкі патрэбныя, няма спрэчак, асабліва беручы пад увагу эксплюатацыю цяперашнім рэжымам тэрміналёгіі, якою карыстаюцца дэмакратычныя сацыялісты: “рынкавы сацыялізм”, “сацыяльная дзяржава” і г.д. Што маюць супрацьпаставіць гэтаму сацыял-дэмакраты? Кнігі праф. Леаніда Сечкі і чальца-карэспандэнта НАН Станіслава Шушкевіча павінны былі б прыцягнуць увагу адмыслоўцаў ужо хаця б таму, што іх пісалі старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Натуральна чакаць, што ў гэтых творах выкладзеныя крэда лідэраў партыяў, іх погляды на праблемы сацыялізму. Урэшце, пішучы такія кнігі, лідэры партыяў проста ці ўскосна выказваюць прэтэнзіі на званьне тэарэтыкаў, знаўцаў прадмету.

Вось з гэтым — зь веданьнем прадмету — і ёсьць праблемы. Напрыклад, з брашуры Л.Сечкі мы можам даведацца, што ў 1904 г. была заснаваная Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і што яна карысталася вялікай папулярнасьцю сярод працоўных Заходняй Беларусі. Уславіўшы такім чынам і Беларускую сацыялістычную грамаду, і Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, Сечка хацеў высьцебаць сваіх цяперашніх апанэнтаў, але прадэманстраваў няведаньне гісторыі сацыял-дэмакратычнае праграматыкі. Калі б ён пагартаў праграмы Швэдзкае СДРП (1989) і СДП Нямеччыны (1990), дык убачыў бы, што складальнікі праграмы “старое” БСДГ дбайна вучыліся ў швэдаў і асабліва ў немцаў, і не сьцьвярджаў бы, што яны сьпісвалі праграму БНФ. У 1992 г., калі БСДГ прымала сваю праграму, мелася толькі праграма руху БНФ. Праграма зьявілася на сьвет у 1993 г. І калі гэта здарылася, кожны мог убачыць, што фронтаўцы пазычылі ў БСДГ разьдзел пра сацыяльную палітыку. Вялікія фрагмэнты праграмы БСДГ былі перанесеныя і ў праграму Беларускае партыі працы.
 

  — гісторык, публіцыст, сталы аўтар «ARCHE». Сёлета пад яго рэдакцыяй у выдавецтве «Беларускі кнігазбор» выйшлі выбраныя творы Антона Луцкевіча «Да гісторыі беларускага руху».
   

Мала таго: праграма БСДГ легла ў аснову праграмы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народнай грамады), сустаршынём якое некалькі месяцаў быў Л.Сечка. Галасуючы за гэтую праграму, ён у 1996 г. ня бачыў яе “бээнэфаўства”.

Так складваюцца справы зь веданьнем прадмету ў Л.Сечкі. Ягонае ж саматужнае — без уліку дасягненьняў сучаснае сацыялістычнае думкі — тэарэтызаваньне наводзіць сум.

Што датычыць працы С.Шушкевіча, дык у самой яе назьве — «Нэакамунізм у Беларусі» — ужо ўтрымліваецца клубок праблемаў. Па-першае, які зьмест укладае аўтар у панятак “камунізм”? Па-другое, якая гістарычная форма камунізму — бальшавізм, мааізм і г.д. — узнаўляецца ў Беларусі? Па-трэцяе, як разглядаюцца камунізм і нэакамунізм у Беларусі: як тэорыя, рух, мэта ці рэжым?
 

   
   

У кнізе ёсьць параграф «Вызначэньні». Аўтар цытуе дэфініцыю камунізму з праграмы КПСС (1961). І адразу ж дапускае некарэктны ў навуковай і больш прыдатны ў публіцыстычна-прапагандысцкай працы выраз: “Далей у Праграме, як тады было прынята, гаварылася, што камунізм, які ўзводзіцца савецкім народам, — гэта фактычны рай на зямлі...” Потым ідзе цытата з тае ж праграмы, у якой мы не знаходзім слова “рай”, затое знаходзім пастуляты камунізму: пераадоленьне адрозьненьняў паміж горадам і вёскай, супярэчнасьцяў паміж разумовай і фізычнай працай, гарманічныя адносіны паміж асобаю і грамадзтвам, бясклясавае грамадзтва... “Адкінуўшы патэтыку, усхваленьні, патас”, С.Шушкевіч прапануе чытачам кароткую дэфініцыю камунізму, якая “атрымала прызнаньне палітолягаў і заняла месца ў энцыкляпэдычных слоўніках і даведніках апошняга часу”, не называючы, што праўда, гэтых слоўнікаў і даведнікаў. Увага, вось яно, новае слова навукі: “Камунізм — адна з вэрсіяў грамадзкага ідэалу, што базуецца на міце пра ўсеагульную роўнасьць людзей на аснове поўнага багацьця”. Да гэтае куртатае дэфініцыі можна дадаць яшчэ дзясятак гэткіх жа куртатых, а плёну ня будзе ніякага, бо з падручнікаў лёгікі вядома, што найбольш цяжка вызначыць аксіялягічныя паняцьці (а ідэалы камунізму — грамадзкія вартасьці). Гэта разумелі і складальнікі праграмы КПСС, а таму ўжылі ня ўласна дэфініцыю, а хутчэй апісаньне камунізму.

Далей С.Шушкевіч робіць гістарычны экскурс і спрабуе ўпэўніць нас, што “зыходнае навуковае абгрунтаваньне ідэі камунізму імкнуліся даць К.Маркс і Ф.Энгельс”. Такім чынам, аўтар прызнае існаваньне навуковага камунізму. (Вось дзе блытаніна: Энгельс пісаў пра сацыялізм як навуку, а бальшавікі прыдумалі навуковы камунізм.) Мы ж, адмаўляючы магчымасьць навуковага сацыялізму (і камунізму), скажам — усьлед за Антоніё Лябрыёлам і Эдуардам Бэрнштайнам, — што Маркс і Энгельс стварылі тэорыю крытычнага сацыялізму (і камунізму). І дадамо, што ідэалы грамадзкае ўласнасьці на сродкі вытворчасьці, усеагульнае роўнасьці людзей, бясклясавага грамадзтва, эмансыпацыі жанчынаў, пераадоленьня адрозьненьняў паміж вёскай і горадам, разумовай і фізычнай працаю, самі паняткі “сацыялізм” і “камунізм” выпрацаваныя да Маркса і Энгельса. Маркс і Энгельс крытычна прааналізавалі ранейшыя дасягненьні сацыялістычнае і камуністычнае думкі ды зьвялі іх у не зусім завершаную сыстэму.
 

   
   

Паставіўшы знак роўнасьці паміж марксізмам і камунізмам, С.Шушкевіч цытуе расейскага акадэміка Аляксандра Якаўлева: “...марксізм-ленінізм — гэта не навука, а публіцыстыка — людажэрчая і самаедзкая”.

Стоп! Пра што гаворка, панове? Пра марксізм ці пра марксізм-ленінізм? Вось гэтак у працы С.Шушкевіча дапускаецца яшчэ адна падмена паняткаў. Яна, мусіць, вынікае з таго, што аўтар, выхаваны ў савецкай ВНУ, ня бачыць адрозьненьня паміж вучэньнем Маркса і Леніна. Калі б ён прачытаў і выкарыстаў у сваёй працы трохтамовае дасьледаваньне Лешака Калакоўскага «Główne nurty marksizmu» (у Нацыянальнай бібліятэцы маецца) ці кнігу таго ж А.Якаўлева «Омут памяти» (2001), то зразумеў бы: марксізм-ленінізм ня тоесны марксізму. Акадэмік Якаўлеў, між іншым, пісаў: “...я і цяпер адкідаю для сябе ролю нейкага абвінаваўцы Маркса”; “Мы прызвычаіліся да формулы «марксізм-ленінізм». Але ў ёй няма адзінага зьместу. Такога адзінага вучэньня няма. У значнай меры гэта розныя паняткі. Марксізм — адна з культуралягічных канцэпцыяў XIX стагодзьдзя, якіх было нямала. Ленінізм — паліталягічная канструкцыя, на аснове якой узьнік бальшавізм...”; “Ленін быў пасьлядоўным рэвізіяністам. Марксізм быў для яго адно шырмаю для палітычнай дэмагогіі”.

Атаясаміўшы марксізм і камунізм, потым марксізм і марксізм-ленінізм, С.Шушкевіч у параграфе «Асновы ідэалёгіі камунізму» атаясамлівае камунізм і сацыялізм. Наагул, у аўтара выбудоўваецца бальшавіцкая схема: марксізм — марксізм-ленінізм — навуковы сацыялізм (камунізм). Іншым плыням і адценьням марксісцкае, сацыялістычнае і камуністычнае думкі месца ў гэтай схеме няма. І гэта вельмі дзіўна, калі мець на ўвазе, што аўтар кнігі — сацыял-дэмакрат. У сувязі з гэтым кідаецца ў вочы, што ў сьпісе літаратуры няма твораў сацыялістычных крытыкаў камунізму: Карла Каўцкага, Вілі Бранта, Інгвара Карлсана ці нашага Антона Луцкевіча.
 

   
   

Недахопам кнігі С.Шушкевіча зьяўляецца і тое, што ён крытыкуе камунізм, сацыялізм, марксізм і марксізм-ленінізм не самастойна, не аналізуючы адпаведных першакрыніцаў, а, як правіла, спасылаючыся на кагосьці, але і гэтага кагосьці, як, напрыклад, Міхаіла Бакуніна, ён цытуе пры дапамозе пасярэдніка. Уражвае некрытычнасьць аўтара. Вось ён бярэ на веру і нам прапануе паверыць у справядлівасьць выказваньня Людвіга фон Мізэса: сацыялізм “мае на мэце абавязковую ліквідацыю ўсіх “перажыткаў” свабоды і ператварэньне людзей у поўных рабоў”, якія гатовыя “быць вінцікамі ў гіганцкай машыне, што вынайшаў і прывёў у рух усёмагутны правадыр”. Пра які сацыялізм ідзе гутарка — тэорыю, рух, мэту? Пра дэмакратычны сацыялізм ці “рэальны”? Ні сацыялізм, ні камунізм як тэорыя, рух і мэта не адмаўляюць свабоды. Больш за тое, у Камуністычным маніфэсьце сфармуляваны вялікі ідэал эўраантлянтычнай цывілізацыі: Маркс і Энгельс мараць пра час, калі “на месца старога буржуазнага грамадзтва зь ягонымі клясамі і клясавымі супрацьлегласьцямі прыходзіць асацыяцыя, у якой свабоднае разьвіцьцё кожнага зьяўляецца ўмоваю свабоднага разьвіцьця ўсіх”. За ажыцьцяўленьне гэтага ідэалу, за пабудову салідарнага грамадзтва (сынонім асацыяцыі) і змагаюцца дэмакратычныя сацыялісты, паставіўшы прынцып свабоды на першае месца сярод палітычных і маральных каштоўнасьцяў. Здаецца, гэтая мэта (пабудова салідарнага грамадзтва) запісаная ў праграмах і “старое” БСДГ, і БСДП (НГ), і БСДГ цяперашняй. Падаўленьне свабоды асобы практыкавалася ў грамадзтве “рэальнага сацыялізму”. Але “рэальны сацыялізм” быў “першаю фазаю камунізму”, сынонімам камуністычнага рэжыму, пра які піша далей С.Шушкевіч і які з 1918 г. крытыкуюць дэмакратычныя сацыялісты (згадаем “рэнэгата” Каўцкага) і нават камуністы (пачынаючы з Розы Люксэмбург).
 

   
   

У працы С.Шушкевіча марксізм-ленінізм — камунізм. Але і тут ня ўсё так проста — было ж у камунізьме люксэмбургіянства з тэзысам “Свабода заўсёды ёсьць свабодаю для іншадумцаў”. А ад люксэмбургіянства сьцежкі вядуць да эўракамунізму. Ці гэта ня плыні ў камунізьме?

Вось С.Шушкевіч піша, што камунізм — гэта ліквідацыя інстытуту прыватнае ўласнасьці і абагуленьне маёмасьці грамадзянаў. Што ў тэорыі камунізму гэта ня так, можна давесьці цытатамі нават з Камуністычнага маніфэсту. Маркс і Энгельс выступалі перш за ўсё супраць таго грамадзтва, у якім “прыватная ўласнасьць зьнішчаная для дзевяці дзясятых”, г.зн. для пралетараў і паўпэраў, якія й былі гэтымі 9/10 грамадзтва. Ці выступалі б яны за сацыялізацыю прыватнае ўласнасьці, калі б тыя 9/10 былі ўласьнікамі, калі б у сярэдзіне ХІХ ст. склаўся “народны капіталізм”? Далей у працы С.Шушкевіча сьцьвярджаецца, што адна з істотных рысаў камунізму — ваяўнічы атэізм і непрыманьне заходніх вартасьцяў. Калі гэта праўда, немагчыма растлумачыць, як так здарылася, што камуністы ў Італіі, Літве, Польшчы, Вугоршчыне ды іншых краінах стварылі моцныя сацыял-дэмакратычныя партыі, якія выступаюць за адзіную дэмакратычную і сацыяльную Эўропу.

Марна шукаць адказу на гэтыя пытаньні ў кнізе С.Шушкевіча. Дзіўным чынам ён, разважаючы пра камунізм, не заўважыў яго спэцыфічна расейска-ўкраінска-беларускай праявы — бальшавізму. Магчыма, пачаўшы ab ovo, з гэтае канкрэтнае зьявы, ён унікнуў бы тэрміналягічнае блытаніны і надта агульных азначэньняў ды больш ясна выбудаваў бы лінію разважаньняў: камунізм — бальшавізм — бальшавізм у Беларусі — нэабальшавізм у Беларусі. Тут жа выходзіць: не разгледзеўшы грунтоўна спэцыфікі камунізму (бальшавізму) у Беларусі, аўтар пераходзіць да нэакамунізму (а фактычна нэабальшавізму) у Беларусі.

Кнігі Л.Сечкі і С.Шушкевіча выдадзеныя як навуковыя. І гэта прымушае смуткаваць: калі такое веданьне гісторыі сацыялізму і блытаніну выяўляюць правадыры, дык якое такое тэорыі і стратэгіі варта чакаць ад гэтых сацыял-дэмакратычных партыяў? Між тым даўно вядома, што няма нічога больш практычнага, чымся добрая тэорыя.

 
 

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 6 (29) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Майстраваньне [mk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/01/21