A R C H E П а ч а т а к № 6 (29) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


62003
» да Зьместу «

 


Эўропа на ўсход ад Эўропы
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


лірыка

   

(27Kb) Вокладка ARCHE 6-2003. «ЭЎРОПА НА ЎСХОД АД ЭЎРОПЫ». Малюнак Уладзімера Адамчыка “Маленькі Анёльчык”, дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

 

Людка Сільнова
Месяц на востраве Патас
Нізка вершаў

Дарога

Зьмілуйся, лёс круты!..
Белых бяроз бінты.

Возера цёмны круг.
Колаў бясконцы рух.

Вежы пастоў ДАІ.
Соснаў ствалы ў гаі.

Елак калючы дрот.
Ластавак хуткі лёт.
 

Санаторскія клюмбы

Я тут
Упершыню.
Ня кветкі —
Алея агню.

Чырвоны,
Аранжавы, жоўты...
Ваякі
Ў зялёных ботах!

Горда
Трымаюць галоўкі
Кветкі, гвардзейцы,
Сяброўкі.
 

Белыя бардзюры

Бардзюраў
Вясельны вэлюм.
Усё тут
Акрэсьлена белым.

Дарогі,
Сьцяжыны і клюмбы —
Ўсё белым,
Нардычным і любым.

І — вобразы:
Афіцэры,
Войска, агляд,
Піянеры...

Сьціскаецца сэрца:
“Радзіма!..
Паўсюдна і вечна.
Адзіна”.
 

   
   

Музыка соснаў

Грае
На ўсходзе сонца
Вецер
На арфах соснаў.

Медныя струны
Гаю
Шчыпле,
Перабірае...

Я дабрыду
Да арфаў —
Соснаў ствалы
Пакратаць.

Струны?
А ці — пэргамін?..
Продкаў маіх
Тэстамэнт.
 

Старое войска

(Верш, напісаны пасьля наведаньня пітнога бювэту)

Гаючай вады напіся,
Салёнай, бы сьлёзы зямлі, —
І сокалам узьніміся
Агледзець дамкі і палі.

Заблытайся ў лябірынце,
Сівых калідорах вятроў,
Бяз тонкай сярэбранай ніці
(Зь якое Бог лёсаў наплёў).

І выйдзі адтуль — героем,
Заўсёдных часоў ваяром...
Ты войска дагоніш — старое,
Як мора, як сонца і гром.

Нас — кожнага — вабіць Тайна
І непадуладны прастор,
І возера чара, і дайна,
Калені і грудзі гор.
 

Чарадзейная вада

Ляжу сабе
Ў гаючай ваньне,
Крышталяў поўнай
Мінэральных.

Каб менш чуваць
Было мне болю
Ў жыцьці,
Мяне паклалі ў солі.

Бывайце,
Гора і бяда!
Ля горла —
Хрумсткая вада.

Я пазяхну,
Нібыта айсбэрг...
Імгненьне — у дрымоце...
Авэрс...

Дыхнулі сьцюжаю
Багі.
Затрапяталі
Берагі!

...Культура
Выйшла — ўся! — з вады:
Крыніца.
Акіян. Ільды.
 

   
   

На востраве Патас*

1.

Іх поўна на востраве Патас,
Язычніцкіх словаў шурпатых!
Прыкуты да ўласнага болю,
Бывае, рыкае — такое!

Як чорнае сонца! Як коні
Ў чырвонай пене пагоні!
Вайна, хоць за вокнамі — мір:
Гімнастыка, ванны, кефір...

2.

Як словы губляюць свой патас,
Свой “шолам” на востраве Патас!
Гляджу на іх кволыя грудзі:
Яны — тыя ж хворыя людзі...

Вы, бітваў былых ваяры!
Дзе грозныя вашы шнуры?
Дзе вершаў каваных радкі?
Ін’екцыі, ваты шматкі...
 

Натуральная школа

Вартуе закон яліна.
Красуе ў сонцы рабіна.
Косы пляце вярба.
Ў ветры зьвініць сасна...

У кожнае — свая роля,
Свая гераічная доля.
І тут маё гасьцяваньне —
Няволя, а ці — заданьне?

Вітаю вас, дрэвы, сёстры,
У час мэталічны, востры!
Сонца барвяны бык
Сьпеліць ахвярны рык.

Вартуе закон яліна...
 

Муха

Мо ты мне зьвінела над вухам
У ранішнім сонечным сьне,
Маленькая, шэрая муха,
Сьпявала, будзіла мяне?

А зараз, як вецер няўмольна
Аблокамі сонца закрыў,
Абрус з павуціньня павольна
Ў бясьсільлі трасеш — ці ня ты?

Маленькая, шэрая муха...
Сьпявала, будзіла мяне...
Зьвінела паэткай над вухам
У ранішнім сонечным сьне...

І сэрца рванецца! — з аблогі,
Зь вязьніцы, няшчасьця, бо сплёў
Павук павуціньне дарогі
І кінуў на гольчаты дол.
 

 

* Востраў Патас (грэц. pathos — боль, пакута) — востраў Болю. Паэтычнае вызначэньне лекавай установы.
   

Павуціньне дарог

Між соснаў пасьцелены сініх
Асфальтавы чорны абрус.
Ня вузел дарог — павуціньне,
Дзіравы карункавы круг.

Ён блішча на восеньскім сонцы,
Абліты нядаўнім дажджом.
Аўтобусу, рэйсавай пчолцы —
Паўзьці і гундосіць гудком...

Стаіліся збоку дарогі
Машыны — адна і яшчэ...
Крадзецца Павук шасьціногі,
А час, нібы мёд, не цячэ...
 

Душа і пастух

І ўбачыла
неба ў аблоках,
Нібыта ў авечках,
у сьне...

Маланкай
пастух адзінокі
Ў празрысты разрыў
сьлізгане!

І там,
на каменнай прыступцы,
На купцы
зямлі над вадой
Авечку ён знойдзе,
прытуліць
І возьме
на неба з сабой.

Умомант
закрыецца вечка
І ўніз
панясецца вядро,
Бляшанае,
з вадкасьцю млечнай, —
У студню...

І выгукне Гром!
 

   
   

Верасы,
або Экскурсія

Кранаюць душу верасы
Колерам бэзава-шэрым.
Ня падчаркі пышнай красы —
Героі: спадарства і сэры.

Па лесе іду скрозь туман,
Сьцяжынай за кімсьці ступаю —
Як рыцарскі даўні раман
Кісейнай паненкай чытаю.

Высока пад неба ўстаюць
Старонкі празрыстае Кнігі —
І ціха дадолу ідуць...
І птушак — трывожныя крыкі.

Героі мінулых часоў
Хаваюцца, скачуць і б’юцца,
І пасмы рудых валасоў
На смурных кустах застаюцца.

Мужчынам закон — ваяваць
І зьведаць мэтал і каханьне...
Галінкі сухія хрумсьцяць,
Як літары слоў, пад нагамі.

Ляжыць неадпраўлены ліст —
Сасновай кары скрутак вузкі.
Чарніцы, як кроплі крыві —
Варожай! — запэцкаюць рукі...

Ля возера экскурсавод
Сабраў нас усіх, быццам варту,
Паданьняў прывёў карагод,
Схіліў над уяўнаю картай.

Уроссып! Пайшлі хто куды.
Зьбіралі суніцы жанчыны.
А хлопцы ля самай вады
Спрачаліся: “Ёсьць!..” — “Немагчыма!..”

Магістар, паклаўшы на рот
Далоні (бы чару ці кола),
Як быццам у туравы рог,
Паклікаў усіх адмыслова...

І зноўку ў дарогу, у шлях
За сонцам, здароўем і сілай!..
А сэрца маё ў верасах
Знайшло свой салярыс і вырай.
 

Ластаўкі ля маёй лёджыі
на дзявятым паверсе

Ластаўкі, ластаўкі,
Шчабятушкі!
Знакі агню! Засланкі
Ў нябеснае печы
(у хмарах — кужэльных пялюшках!)...

Ластаўкі, ластаўкі! Зноўку лятаеце
Каля маёй лёджыі, а ці лодкі,
Ладзьдзі ўжо гатовае — да адчайнага
Паэтычнага падарожжа...

Ластаўкі! Сёньня вы гучна шчабечаце,
Ірвецеся ў Сіняга неба Бязмоўе,
Сабакамі Джэка Лёндана брэшаце —
З кнігі, што ў шлях забяру з сабой я.

Ластаўкі, ластаўкі! Радкі пачатыя,
Рытмы пачутыя і падхопленыя...
Вы — сапраўдныя правакатаркі,
У сьвет закінутыя, непадробныя!

 
Жнівень—верасень 2003
Берасьце—Патас

 
 

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 6 (29) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Майстраваньне [mk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/01/21