Сёньня адзін з тых рэдкіх вечароў, калі сям'я Яны адпачывае ад міжусобных войнаў і запарвае ў аляпаватым імбрычку гарбату перамір'я. Зусім блізка ад майго носу - туфлі Янінага бацькі, што пахнуць канфэрэнц-залямі. Пад тумбачкай я заўважаю квіток з пункту абмену валюты, россып цукрынак і кавалачак шкла.
- Марына дома? - шапчу я.
- Ідзём, - нецярпліва цягне яна мяне ў залю. - Няма, няма.
Я спыняюся на парозе й ціха вітаюся. У цэнтры пакою, у атачэньні кубкаў і вафляў, выгінаецца імбрычак. Галіна Іванаўна адказвае мне сваім заўсёдным падазроным тонам, але прадубляванае слова «добры» сьведчыць мне на карысьць. Міхаіл Самсонавіч, не паварочваючы галавы, кідае, як лекар у ваенкамаце: «Здароў!» Іхныя твары асьвятляе тэлевізар. На экране бляндын у белай кашулі цкуе аднаго паўголага мурына на другога, голас за кадрам дзіўна нагадвае голас натураліста Эда Джэнкінса.
- Джы Джы супраць гэтага, як яго, - паведамляе Міхаіл Самсонавіч. - Сядай, ня стой.
- Ізноў пераключыў, - стогне Галіна Іванаўна й чамусьці хапаецца за шыю. - Міша, ну колькі можна, колькі можна. Давай сам - вафлі, гарбатка. Ад Яны не дачакаешся.
Міхаіл Самсонавіч моўчкі пераключае мурынаў на чачэнцаў у наручніках і адкідваецца на сьпінку канапы. Цяпер ён гэткі, якім ёсьць насамрэч, - няголены трыбух у клятчастай паранджы. Некалькі сэкундаў у вачох Галіны Іванаўны мільгацяць вечаровыя навіны, потым яна зацікаўлена нюхае паветра:
- Палёным пахне. Бяры яшчэ вафляў. Палёным пахне.
Міхаіл Самсонавіч разьдзімае ноздры, краем вока паглядаючы на жончын нос. Галіна Іванаўна паварочваецца да мяне, нібыта мой орган больш дасканалы:
- Табе ня пахне?
- Ну... - пачынаю я, і Галіна Іванаўна зноў заклапочана чапляецца за мужа:
- Можа, тэлевізар гарыць? Яна, схадзі на кухню, але ж я ўсё выключыла, газ выключыла…
Яна, падціснуўшы вусны, адпраўляецца на кухню, Міхаіл Самсонавіч - да тэлевізара. Усё ў парадку, трывога дарэмная. Запарка ў імбрычку яшчэ ёсьць. «Табе падалося, мам», - кажа з злой усьмешкаю Яна і паказвае, чаму сёньня ў кватэры пануе спакой. Перада мной - надзіва руды жлобінскі леў, над маркотнымі зялёнымі вачыма якога навісае цэпэлінаўская грыва. З рук Яны ён скача на калені бацькоў, усаджваецца паміж імі, закінуўшы лапу за лапу. Высьвятляецца, што Галіна Іванаўна прыцягнула яго з свайго дэка адмыслова для Яны. Калі мы пазнаёміліся, Янін пакой ужо быў заселены рознай плюшавай набрыдзьдзю. Бяспашпартныя жывёлы атабарыліся нават пад ложкам. Мілае племя, што звыклася з грымотамі наверсе, якія час ад часу ладзілі мы зь Янай, забыўшы пра ўсё на сьвеце.
- Як гэта яго зрабілі рудым, - усьміхаецца Яна, кладучы назад надкусаную вафлю.- Жлобінскія львы звычайна сінія, нібы шклоачышчальнік, або якія-небудзь аранжава-гнедыя. Ну як табе?
- Супэр, - кажу я, задуменна гледзячы на льва, якога Яна толькі што прызначыла маім супернікам. Цешыцца трэба, што гэта леў, а ня хто-небудзь чалавекападобны. - Ён нагадвае, ведаеш, каго-небудзь зь «Пінк флойд» або з «Дып пёрпл».
Галіна Іванаўна хоча нешта спытаць, але замест гэтага глытае астылую гарбату. «Чаму яны штовечар сядзяць дома, а ня сходзяць на шпацыр, у госьці, у тэатар?» - думаем мы зь Янаю й чакаем нагоды, каб уцячы. На дварэ цямнее. Мы хрумстаем вафлямі й назіраем за накаўтаваным Джы Джы.
Я цудоўна памятаю той дзень - каламутны, цяжкі, як пажарны шлянг, - калі ўпершыню ўвайшоў сюды. Я памятаю гэты стол, што стаяў тады ля акна, і завялую штучную кветку на ружовым абрусе. Пад кветкай асадка бяз стрыжня ўказвала вастрыём на фатаграфію Марыны з бацькамі, засунутую да поясу пад шкло буфэта. Яніна сястра пераводзіла мой позірк на канапу з талеркай, поўнай семкавага шалупіньня. Шалупіньне нагадвала попел. Галіна Іванаўна, цяжка дыхаючы, паглядала на мяне зьнізу ўбок. Гэта толькі ўзмацніла адчуваньне, нібыта перад маім прыходам тут сьпешна палілі нейкія важныя паперы. Цэлая чарада ўмоўных знакаў. Праз паўгадзіны Яна поўзала пад раскладзенай канапай, на якой яе калісьці зачалі, а я ганяў пыл з куту ў кут. «Так, прыбярэце тут, бацька тэлефанаваў, што а сёмай будзе!» - першая фраза, якую я пачуў ад Галіны Іванаўны, гучала менавіта так.
Мы прагна цалаваліся ў вітальні пад інквізытарскія пахі з кухні, і Яна ледзь не адкусіла мне язык, калі над самымі нашымі вушамі заныў званок, непрыемны, як сыгнал аўтаномнага пажарнага паведамляльніка. На парозе зьявіўся маладжавы чалавек, сунуў мне руку, а Яне - плашч. «О, прыбралі, малайцы», - сказаў ён кісла, дабраўшыся да залі. Я памятаю стол на кухні, фасолі, што застравалі ў горле, зялёнае супавае мяса ў руцэ Міхаіла Самсонавіча. «Якую мову? Грузінскую?» - перапытвае Галіна Іванаўна, употай правяраючы на расавую чысьціню мой профіль. «Адукацыя вышэйшая, гэта вельмі добра, - з палёгкай уздыхае Міхаіл Самсонавіч. - Гэта ў наш час галоўнае». «А бацькі чым...» - устаўляе нарэшце даўно падрыхтаванае пытаньне Галіна Іванаўна й торгае на сябе край настольніка, каб паглядзець, чым займаюцца нашы зь Янай рукі й ногі. «Ой, прабачце, мне падалося, гэта зноў тая мыш! Яна табе не распавядала? Мыша, ты знайшоў мішалоўку? Я ж прасіла, прасіла!»
«Цікава, як ты пазнаёміўся з сваёй дзяўчынай?» - спытала ўчора за кавай Паліна Віктараўна з катэдры польскай мовы, саракагадовая самотніца, якая мае да мяне невытлумачальную сымпатыю. Аднойчы паня Паліна наткнулася на нас у адным з гандлёвых цэнтраў і з той пары ўзгадвае Яну пры кожнай сустрэчы. Яна не падазрае, што мая дзяўчына некалькі месяцаў таму здавала іспыт па філязофіі валасатаму дацэнту з джынсавымі нагамі, у якога Паліна Віктараўна закаханая. Як пазнаёміўся? Я паглядзеў у ейны кубак і прыкінуў, якога аповеду хопіць на такую колькасьць кавы. Складваць сусьвет гэткім чынам, каб ён зьмяшчаўся ў двух-трох поліэтыленавых сказах, я ня ўмею. Кавы ў кубку хапіла на кароткую гісторыю, дзе праўды было роўна столькі, каб не пакрыўдзіліся мае знаёмыя прыамурскія памежнікі, чэмпіёны Далёкага Ўсходу па стральбе з лука, а хлусьні - каб пані Паліна не сышла да студэнтаў расчараванай.
Першая наша сустрэча адбылася на галоўным праспэкце: я, высакамерна пасмоктваючы кубінскую соску, еду, закінуўшы ножкі адна на адну, зь мядзьведзем-целаахоўнікам на каленях, у ня вельмі зручным аднамесным экіпажы; Яна, на твары якой сьвецяцца два чыстыя і шчырыя, нібы адбіткі неба ў ранішнім возеры, бясконца зьдзіўленыя «о!», пракручваецца на руках у бацькі і праводзіць мяне позіркам. Сустрэча другая: кавярня, адна з тых, што называюцца імёнамі тых жывёлаў, зь якіх робяць дзіцячыя мясныя пюрэ; на гэты раз ужо я, хлопчык зь непрапарцыйна вялізным ілбом, дзе мала засталося сьпець будучым прышчам, вуграм і фурункулам, задуменна капаюся ў суфле, кідаючы раз-пораз пагляды на такую, такую... як фэя - казалі ў нашых фільмах, на вастраносую прыгажуню, якая зацікаўлена дасьледуе зьмесьціва сваіх ноздраў. Наверсе, у недасяжных вышынях, дзе жывуць адно самотныя шатлы й саюзы-апалёны, нас цярпліва чакаюць дарослыя. Трэцяя сустрэча. Я паблытаў тралейбусы, і мяне заносіць у яе раён; пакуль я распытваю, як даехаць дахаты, за нейкі мэтар ад мяне Яна, перад якой расступаюцца прыцемкі, тасуе мае сьляды на сьнезе. Наступным разам мы спатыкаемся ўва ўнівэрмагу, я шукаю падарунак для маці, яна - для сястры. Нас прыбівае да берагу аддзелу парфумэрыі, і нехта на прозьвішча Канюкова, з прычоскай а-ля Сід Вішэс і пахам рыбы (абяцаю, што яна больш ня зьявіцца ў гэтым аповедзе), засланяе нас адно ад другога. Урэшце я сыходжу, так і не наважыўшыся залезьці ў тубік выключна жаночай чаргі, - ты набываеш нешта латыскае й рушыш дадому, думаючы па дарозе зусім не пра мяне. Праз год нас затоўкваюць у адзін вагон мэтро, і перад канцавым прыпынкам я нарэшце магу ўзяцца за поручань - ты адторгваеш руку без пальчаткі, ледзь прыкметна крывішся, я не прашу прабачэньня (Punk 's not dead і ўсё такое). Ты едзеш да стрыечнага брата й думаеш не пра мяне, я еду да сябра піць другі раз у жыцьці гарэлку й думаю пра сэкс. Той год наогул быў багаты на сустрэчы. Праз два месяцы й два дні мы ўпершыню размаўлялі. Ты стаяла ля «Музыкі» й чакала таго, пра каго думала, я йшоў па чыстыя касэты. «Не падкажаце, каторая гадзіна?» - спыталася ты, не адводзячы вачэй. Да нашага знаёмства заставалася чатыры гады. Потым мы зноў прайшлі адно міма аднога на тым самым участку праспэкту, дзе спаткаліся ўпершыню. Я з захапленьнем сачыў за даўжэзнымі худымі нагамі, што крочылі насустрач. У мяне тады быў флюс, памятаеш, у цябе - голыя плечы зь нікім не цалаванымі пакуль прышчыкамі. Маленькі, маленькі, чэзлы, дыстрафічны горад, паўдохлая сталіца. Мала кавярняў, надта доўгія й простыя вуліцы, небагата крамаў, неглыбокае мэтро. Час, памножаны на такія адлегласьці, рана ці позна дасьць у выніку сустрэчу. Я сядзеў з Максам на лаўцы, ты йшла побач. Потым былі пустыя і таму нейкія надзвычай імклівыя гады. Я стаяў на вакзале, было сямнаццатага траўня, ня памятаю ўжо, што я там рабіў, мусіць, паліў ля праходу да касаў у вялікай кампаніі прыемна незнаёмых людзей. На прыступках паказалася жанчына, што валакла за сабой гіганцкую валізу. «Да мяне», - нібыта шапнуў нехта за сьпінай. «Ня можа быць», - падумалася лянотна. «Пасьцеражыце, малады чалавек, - жаласьліва сказаў гэты добры, як высьветлілася, анёл у панамцы. - Зьбегаю да раскладу». Выхаваньне не дазволіла мне сысьці ні праз дваццаць, ні праз трыццаць хвілінаў. Урэшце я прыняў вельмі, як мне падавалася, правільнае рашэньне - зірнуць, што ў валізе: калі нешта каштоўнае, то здаць у камэру знаходак, калі ж нейкая драбяза - кінуць і ўратавацца ад адказнасьці ўцёкамі ў блізкае мэтро. Я асьцярожна таргануў маланку й тут жа закрыў валізу. У валізе валялася зброя - я ўжо бачыў усе гэтыя аўтаматы, гранаты ды іншыя рабрыстыя штучкі, калі марнаваў здароўе на вайсковых зборах. Пасьля дзьвюх нэрвова выпаленых цыгарэтаў я наважыўся пайсьці да вакзальных мянтоў. Але да гэтага не дайшло. Цягнучы валізу і баючыся, што мяне апярэдзіць патруль, я вочы ў вочы сутыкнуўся з уладальніцай зброі. Праўда, яна ўжо пасьпела зьняць панамку, апрануць саламяны капялюшык і набыць марожанае, што ў ейных руках глядзелася няйнакш гранатаю. Нарэшце я трапіў у цесны вакзальны пастарунак, дзе мае тлумачэньні былі спыненыя дружным рогатам вельмі добразычлівых вусатых міліцыянтаў. «Вас здымала схаванай камэрай перадача «Хіханькі ды хаханькі»!» - паведаміла мне з-за іхных сініх плячэй дзелавітая дзяўчына ў скуры ды срэбры. Яну прывялі празь пяць хвілінаў - такую неверагодна юную. Мы атрымалі па бэйсболцы ды яшчэ, здаецца, па маечцы. Яне яны аказаліся завялікія, мне - замалыя, і цяпер Яніны бацькі езьдзяць у іх на лецішча.
У вагоне нас прыціснула адно да аднаго шчыльней, чым ёй хацелася, і Яе Раздражненьне дазволіла мне праводзіць яе да дому. Па дарозе мы абмяняліся імёнамі: я адразу зьмясьціў ейнае куды трэба, Яна ж маё сунула ў аддзяленьне для візытак. На рагу вуліцы мы высьветлілі, што сьвет крыху цясьнейшы, чым мы думалі: я канчаў унівэрсытэт, яна ўзімку брала ўдзел у студэнцкай оргіі пад назваю «Мэдыюм». Ля пад'езду мы наблізіліся, ужо дакладна ведаючы, што абое ненавідзім рабскі гумар, мяшчанскі сьветапогляд, папсу, сабакаловаў і саветыкусаў. Час давёў, што ненавідзім мы іх зусім рознымі нянавісьцямі.
Гэтае здарэньне на вакзале сталася адным з самых балючых прыніжэньняў пражытага мной жыцьця («Шчасьлівы, - сказала мне на гэта Яна. - Значыць, ты яшчэ ня ведаеш, што такое сапраўднае прыніжэньне»). Ня ведаю, як Янка, а я нікому не распавядаў пра гэта. Праз колькі дзён мы ўжо разам жавалі бульбяную салату ўва ўнівэрсытэцкай сталоўцы, назаўтра выправіліся на гадзінны шпацыр па горадзе, які завяршыўся ажно апоўначы на цёмнай пляцоўцы пры Яніных дзьвярох, па другі бок якіх думала ўжо беспакойную мацярынскую думу Галіна Іванаўна. Пару тыдняў мы ратаваліся ад дажджоў у выпадковых пад'ездах, падобных да грамадзкіх прыбіральняў, убіралі ў сябе пыл усіх навакольных лавачак, цені ўсіх паркавых дрэваў - выконвалі банальны рытуал мільярдаў закаханых, каб пасьля аднаго вечару ў мяне дома пачаць пакрысе зьдзяйсьняць рытуал раскаханых. Але тады нічога падобнага не наведвала маю галаву - нерухомае цела майго героя было перанесенае бліжэй да шуфляды зь Янінай гераіняй. Напачатку ёй страшэнна падабаліся дзьве рэчы: тое, што яе ймя ў альфабэтным парадку апераджае маё, і каханьне ля адчыненых вокнаў, калі яна, абапіраючыся на падваконьне, высоўвалася на двор і лавіла звар'яцелымі, невідушчымі, а хутчэй папросту ўзьнесенымі на больш высокі ўзровень вачыма разнастайныя дробязі - сабакаў, вусеняў, вераб'ёў, дымок з форткі, малога зь мікімаўсавымі вушамі, гіру й гантэлі на бальконе дому насупраць, алькаша ў позе гарніста каля тэніснага століка... Я ціха разьмяшчаўся ззаду, і наколькі нерухомай была мая верхняя частка, настолькі ж няўрымсьлівай - ніжняя. Яна, Янок, Янка. У дзень вызваленьня нашай радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў я быў пазнаёмлены зь яе бацькамі. Праз год я сяджу ў залі яе кватэры, гляджу тэлевізар, хрумстаю вафлямі, спрабую думаць зь Янаю ўва ўнісон - гэта ўсе мае дасягненьні. Дзякуй за ўвагу.
Апошняя вафля дастаецца Галіне Іванаўне. Яніна маці шумна грызе сваю долю здабычы, сёрбае гарбату, выклікаючы на лоб Міхаіла Самсонавіча зграю зморшчынак. Наша размова пакрысе спыняецца; яшчэ некалькі пясчынак - і гадзіньнік можна пераварочваць. Толькі я адзін заўважаю цяпер нецярплівыя падрыгваньні таго нэрвовага стрыжня, што засеў у Яне й прымушае яе напружана сьціскаць падлакотнікі фатэля: Яна ўжо даўно чакае зручнага моманту, каб пайсьці адсюль, каб, узяўшы мяне за руку, вярнуцца ў свой пакой, на сваю выспу. Крадком я паглядваю на бацькоў: Міхаіл Самсонавіч змрочна глядзіць некуды паміж фіранкай і шафай, на ягонае плячо паклаў агністую галаву задрамалы леў, Галіна Іванаўна калупае зубачысткай у роце. Экран тэлевізара фарбуе пакой у кіслотныя, нездарова-зыркія колеры. Мы ўключаем тэлевізар з той жа прычыны, зь якой першабытны чалавек разводзіў уночы вогнішча. Экран разгараецца - і абараняе нас усю нашую жыцьцёвую ноч. Перад яго рэклямай мы бясьсільныя. Уявім сабе рэклямнага агента, распаўсюдніка касмэтыкі, ідэоляга мыла, цэрбэра-цэптэра, агітатара за пральны парашок - нават тройчы паслаўшы яго па-расейску, мы ўбачым перад сабой непрыстойна ветлівую ўсьмешку, пачуем найцярплівейшы ўздых і новае казаньне: мы самі бяжым ад свайго шчасьця. Тэлевізійная рэкляма - гэта як словы любові, гэта як вобраз каханьня, бо яе сэнс толькі ў яе паўтарэньні.
Міхаіл Самсонавіч вырашае павандраваць па каналах. Мы зь Янай цярпліва чакаем, бо, па-першае, намі кіруе наскрозь фальшывае, але ўсеўладнае пачуцьцё віны перад бацькамі - трэба ж прысьвяціць ім хаця б некалькі гадзінаў на тыдзень, а па-другое, я ніяк не магу дапіць гарбату. Я не хачу пакрыўдзіць Галіну Іванаўну... пакрыўдзіць галіну іванаўну... пакрыўдзіць гадзіну і ў ванну... Нельга, нельга з такімі думкамі станавіцца нечым зяцем. Я люблю Галіну Іванаўну... люблю галіну іванаўну. Міхаіл Самсонавіч шпацыруе па каналах, закасаўшы нагавіцы, зьняўшы тапачкі. І тут адбываецца неймавернае: ён натыкаецца на «Вышыню».
Гэты ісьляндзкі фільм зь першых жа хвілінаў захоплівае Яну. Камэра, што на працягу сарака хвілінаў ляціць над акіянам, над неспасьцігальна халоднай, касьмічна агромністай масай чорнай вады зь сівымі скронямі забойцы. Яна кусае вусны. Яе цела нарэшце разьняволілася, і толькі пальцы пабялелі. Здаецца, што Галіна Іванаўна ды Міхаіл Самсонавіч таксама трапілі пад узьдзеяньне гэтай чароўнасьці, што струменіць з экрану, - прынамсі, іх зусім не чуваць. Камэра імкне над акіянам, наверсе адно аблокі. Памеры экрану яшчэ больш узмацняюць для гледача пачуцьцё бяскрайнасьці - так і чакаеш, што зараз з-за межаў аб'ектыву абрынуцца на цябе тысячы, тысячы кілямэтраў вады. Музыку - тую музыку, якую мае студэнты здольныя ўспрымаць хіба ў кактэйлі зь якімі-небудзь ды-джэямі, - часам трохі заглушае шум самалётных вінтоў. Суворыя птахі колеру пены, сонца, якое зрэдку сьлізгане на паверхні вады, прыгладзіўшы на хвілю хвалі; дзіўнае зеленаватае сьвячэньне. Мы сядзім у поўным маўчаньні, і я нават некаторы час веру, што бацькі Яны адчуваюць тое ж, што мы, што яны таксама лятуць на цяжкіх крылах праз акіянскае паветра. Я кладу далонь на цёплыя пальцы Яны, бо мне хочацца быць бліжэй, яна раздражнёна выторгвае руку. Я ня крыўджуся. Фільм працягваецца. Мне складана сказаць, дарэчы, колькі хвілінаў ён ужо йдзе, як доўга мы сядзім тут у маўчаньні. Адчуваньне часу страчанае. Магчыма, фільм толькі пачаўся, магчыма, праз імгненьне тытры зруйнуюць усю чароўнасьць. У «Вышыні» не гучыць ніводнага чалавечага слова.
- Усім прывітаньне! - націск на «ы». У пакоі зьяўляецца Марына, зграбна пераступаючы шлягбаўм маіх некультурна выцягнутых ног. Да майго застылага твару дакранаецца водар яе шыкоўнай парфумы, які палохае мяне сваёй прыцягальнасьцю. Бацькі заварушыліся. Леў праваліўся кудысьці за сьпіну Міхаіла Самсонавіча.
- А мы тут задрамалі крышку, задрамалі, - праз саладжавы позех выціскае Галіна Іванаўна. Міхаіл Самсонавіч выдае адразу некалькі пазяханьняў. Марына не зьвяртае на іх увагі - яна вырывае з рук Міхаіла Самсонавіча пульт і пачынае разьюшана мяць яго доўгім пальцам.
- Пасьпела, пасьпела! - крычыць яна й плюхаецца паміж бацькамі. - Глядзіце!
Марына ды Яна зусім непадобныя. Калі нехта бачыць іх разам на вуліцы, то падумае, што яны проста сяброўкі.
- Зараз мяне пакажуць, - Марына нахіляецца наперад, абхапіўшы рукамі круглыя калені. На экране цалуюцца двое мужчын: стары ў сінім пінжаку й малады, які роспачна махае нейкай чырвонай кніжачкай. Міхаіл Самсонавіч няўцямна глядзіць на жонку. Я ледзь стрымліваюся, каб не засьмяяцца. Пацалунак адбываецца на сцэне, на заслоне наклееныя літары «Горка». Справа ад закаханай парачкі радасна пляскае ў ладкі хлопец з пафарбаванымі валасамі у маечцы юнісэкс. Вясельле савецкіх геяў.
- Што гэта за парнуха? - пытаецца Яна, падыходзіць да канапы й забірае лява.
- Заткніся, малая, - бурчыць Марына і адсоўвае Яну да мяне. - Гэта наш Горкаўскі райком, мы ўручаем членскія білеты новым... новым членам... ды пакажы ж мяне...
Цяпер ужо й бацькі сьвідруюць тэлевізар вачыма. На сцэну падымаецца юнак, спыняецца на прыступках, нерашуча чухае яйцы, хлопец з пафарбаванымі валасамі хапае яго за пальцы й з усьмешкай цягне да сябе, не раўнуючы ратавальнік на вучэньнях. Дзед у сінім пінжаку задаволена аблізвае губы й бярэ са стала новую кніжачку.
- Гэта наш першы сакратар, - нецярпліва мармыча Марына. - Вось гэты, у майцы... Валодзька Ракіцін... А гэта вэтэран... Сьмірноў... ды пакажыце ж прэзыдыюм, казлы...
Бацькі з павагай заключаюць Марыну ў абдымкі сваіх ганарлівых поглядаў. Я пакорліва сузіраю экран. Трансьляцыя ўручэньня (натуральна, у запісе) йдзе на гарадзкім тэлеканале ГТВ. Сьвет, які нам паказвае ГТВ, мусіць, такі, якім яго бачаць хранічныя алькаголікі на пятнаццаты дзень запою: акварыюм, напоўнены брагай, сярод якой плаваюць цяжкаадрозныя фігуры, прадметы, рэчы.
- Ды вазьміце ж управа, - Марына ледзь ня плача. - Вазьміце ўправа.
Нарэшце апэратар скараецца. Мы бачым Марыну за высокім сталом, пад яе лакцямі круцяць шыямі некалькі меншых марынаў. Намесьнік першага сакратара моладзевага Саюзу. Галіна Іванаўна кідаецца да тэлефона. «Віталік? Віталік, скажы сваім, хай пераключаюць хутчэй на гэтэвэ, там нашу Марынку паказваюць!»
- А зараз я прамову буду гаварыць, - адкідаецца на сьпінку канапы Марына, упэўненая, што ўжо апэратару ня будзе куды падзецца. І праўда, Марыну бяруць буйным плянам...
Наступіўшы мне на нагу, Яна вырывае ў Марыны пульт, вокамгненна ўсаджваецца на сваё месца і, як нічога і не было, утаропліваецца ў экран. «Вышыня» ўжо скончылася - па тэлевізары спрэс навіны. Яна пасьпявае зрабіць некалькі колаў па тэлевізійных мэрыдыянах, пакуль Марына ротам заглынае экраннае сьвятло.
- Аддай пульт, сучка!
Пульт ляціць Марыне ў сківіцу. Марына парыруе кідок, пульт ляціць на Міхаіла Самсонавіча, той спрабуе злавіць, але няўдала. Марына набірае поўны рот самых сьмярдзючых словаў. Міхаіл Самсонавіч мітусьліва шарыць пад нагамі ў дачкі. Але ўжо позна, і ГТВ ужо паказавае адзін з тых фільмаў, прапісаных нам раз на дзень.
Мы ратуемся ў Яніным пакоі. Яна грукае дзьвярамі, і, як толькі сьціхае рэха гэтага стрэлу, мы чуем зь вітальні лаянку - тыя словы, якія ў нашай краіне вымавіць можа кожны, а вось прачытаць - не. Хто крычыць, сказаць цяжка, адно можна сьцьвярджаць з упэўненасьцю: гэта ня голас Міхаіла Самсонавіча. Той цяпер цішком глядзіць спартовыя навіны й цешыцца, што жонка й старэйшая дачка зачыняцца зараз на кухні й дадуць пазаўзець за ўлюбёны «Рэал». Лаянка гучыць ізноў, паўтараючыся слова ў слова. Моцныя, моцныя, сталёвыя жанчыны: ні сьлёзаў, ні гістэрыкаў, ніякіх віскаў - суцэльны мат. Сьлёзы будуць потым, гідкія, нежывыя, абавязковыя. Яну ўзгадваюць яшчэ раз, і яшчэ. Яна пачуваецца рознаскланяльным назоўнікам.
Нарэшце Яна адварочваецца ад дзьвярэй. Я асьцярожна прысаджваюся на край ложка. Яна выпускае льва на даўно ня чышчаны дыван - мне на ім знаёмая кожная крошка, кожная плямка. Я аўтар паловы зь іх. Дыван у Яніным пакоі - вялікая мапа сьвету. Мы ганарымся ёй так, як толькі калекцыянэр жывапісу можа ганарыцца арыгіналам Матыса. Таму Яна дывана і ня чысьціць - такое мапы ня мае ніхто. Паміж Афрыкай і Лацінскай Амэрыкай у нас Атлянтыда, абрысы якой праступілі на дыване пасьля таго, як падчас нашага каханьня на блакіт акіяну абрынуліся паўкеліха чырвонай «Фецяскі». Наша рэліквія, наша мапа, наша Атлянтыда.
Леў з расчараваньнем аглядвае сваіх пухнатых васалаў, што павылазілі з шчылін і сутарэньняў, здымаючы капелюшы пры выглядзе новага фаварыта гаспадыні. З такім войскам... Яна падыходзіць да акна, прытуляецца лбом да нагрэтага за дзень шкла, потым раптоўным, шырокім, на мяжы вывіху рухам адсоўвае фіранкі, адчыняе высокую аканіцу, разгінае вострыя плечы. Нашы цені вісяць па-над клюмбаю. Як у мёртвае возера, у пакой уліваецца зусім астылая вуліца. Яна мякка адводзіць маю руку й забіраецца на ложак.
- Дай мне коўдру, - яе рука імгненьне пырхае ў паветры, і я наступаю льву на хвост. Яна здымае шкарпэткі й захінаецца ледзьве не з галавой. Паразважыўшы, я асьцярожна спрабую прытуліцца побач. Яна не адразу пасьпявае зрэагаваць, і мне перападае сэкунда такой асалоды, за якую не шкада заплаціць і некалькімі гадамі жыцьця. Усяго імгненьне я з балючай вастрынёй уяўляю нас галоднай бязьдзетнай сям'ёй, уяўляю, як мы здымаем пакой у мансардзе й штораніцы засынаем вось так, пад адной коўдрай, шчасьлівыя, нягледзячы ні на што - разам. Усяго імгненьне. Калі яно сканчаецца, я ўскокваю з ложка, уджалены Яніным локцем.
- Ты што сабе дазваляеш? Ахранеў? - задышліва шэпча Яна, спалохана пазіраючы на дзьверы і чамусьці папраўляючы майткі.- Хто ты такі? А калі нехта зойдзе, калі бацька зойдзе, а мы тут... Мазгі маеш?
Я саджуся на самы край, каб падкрэсьліць сваю крыўду. «Паляжаць ня дасьць», - бурчыць Яна і апускае ногі на падлогу.
- Чаму шэптам? - кажу я наўмысна гучна, быццам на мне залатыя навушнікі.- Чаго ты так баішся, Янок?
Атрымліваецца надзвычай ненатуральна. Яна з шкадаваньнем вывучае мае дэманстратыўна танаваныя вочы, ізноў азіраецца на дзьверы й прамаўляе ўжо нармальным голасам:
- А ты не баішся. Ведама ж, табе ўсё адно. Ну дык ідзі, раскажы бацьку, што са мной сьпіш, у якіх позах, папрасі ў яго грошай на прэзэрватывы, а лепей трахні мяне на вачах ува ўсіх.
Я сьціскаю зубы так, што хрумсьцяць плёмбы.
- Ты б пра мяне падумаў, - кажа Яна крыху больш лагодна. - Бацька мяне забіў бы, калі б такое ўбачыў. Хто ты такі?
- Хто я такі? - старая катрынка ўва мне ўсё-ткі запілікала. - Вось ты мне, Янка, і адкажы.
- Фу, я пачуваюся насоўкай, - зморшчваецца Яна. - Ізноў завёў... Ну колькі можна. Сам вінаваты, што ня муж, не жаніх, ня бой... Хто ж тады я для цябе? Вагіна? Хочаш нешта зьмяніць - зрабі ўчынак. Мужчынскі!
Натуральна, вымавіць слова «каханьне» я ня здольны. Яна, я ў гэтым пэўны, таксама. Мяркую, пачынаючы з нашага пакаленьня слова «каханьне» будзе ўсё больш трывала замацоўвацца сярод табуяванай лексыкі. Вызваліўшы, дарэчы, месца з штодзённага лексыкону для іншых, раней вузкаспэцыяльных словаў.
- Я ўжо не дзіцё, - заводжу я наноў, і мяне расьпірае ад агіды да самога сябе. - Чаму мы ня можам стварыць сям'ю? Чаму мы ня можам?..
- Ты сам разумееш чаму, - адказвае яна маркотна, потым падсоўваецца бліжэй і кладзе галаву на маё плячо. Яе набліжэньне выклікае ў мяне прыступ бурлівага раскаяньня. - Адкажы, ну хіба табе дрэнна са мной? Чым цябе не задавальняе тое... тое, што ёсьць? Хіба не галоўнае, што мы разам? Калі не лічыць гэтых (яна хітае галавой на дзьверы), што нам замінае жыць так, каб атрымліваць задавальненьне...
- Сама разумееш чым, - рохкаю я, зрэшты, ужо падатлівы, як дзіцячы канструктар. Яніна рука, сымбіёз коткі й кобры, прасьлізгвае паміж маіх ног. Янка ціха сіпіць, схіляе галаву, і я зь зьдзіўленьнем усьведамляю, што трымаю яе цёплае цела ў зусім не сяброўскіх абдымках. Крыкі за дзьвярыма даўно змоўклі, у залі чутная толькі эмацыянальная гутарка Міхаіла Самсонавіча з паджылым хрыпатым тэлекамэнтатарам. У нашым пакоі - тэатар ценяў, які ладзяць два бясшумныя матылі. Я лаўлю паветра, што выдыхае Яна.
- Скажы «каханьне», - прашу я невядома чаму.
- Што? - яна санліва прыпадымае галаву.
- Скажы «каханьне». Скажы - «каханьне».
Яна выпростваецца.
- Навошта?
- Прашу цябе, калі ласка, скажы.
Дабрадушны сьмех скажае яе твар настолькі, што мне становіцца страшна. Але тут жа насланьнё зьнікае, быццам і не было.
- Love, - вымаўляе яна, зрабіўшы галівудзкія вочы. - Amour.
- Не, - я праглынаю сталовую лыжку сьліны. - Скажы «каханьне».
- Любовь, - кідае Яна. - Нечаянно нагрянет.
Я валю яе на сьпіну й хапаю за шыю. Пальцы быццам адно гэтага й чакалі. Я заплюшчваю вочы, і ў маёй сьвядомасьці рыскі-літары К, А, Х ператвараюць сваю бяскрыўдную вэртыкальнасьць у мадыфікацыі ўкрыжаваньня.
- Што ты казала пазаўчора? - я адпускаю Яну. Яна, заказытаная, плача ад сьмеху. - Пра тэст гэты, пяць якасьцяў...
- Гэта не зусім тэст. Гэта практыкаваньне такое... - Янка садзіцца. - Давай зладзім.
Яна знаходзіць дзьве асадкі й пазбаўляе тоўсты сшытак двух лістоў. Мы садзімся сьпінамі да сьцяны. За дзьвярыма перакатваюцца раздражнёныя крокі. Іх суправаджае няспынны прыцішаны стогн. Выснова тут магчымая адна: там Галіна Іванаўна.
- Сутнасьць такая, - Янка гаворыць нягучна, але й ня шэптам. - Усё вельмі лёгка. За пяць хвілінаў ты запісваеш у слупок пяць якасьцяў майго характару, якія табе даспадобы, і пяць - якія не падабаюцца. Я адпаведна...
- Усё зразумела, не дурны, - адмахваюся я, кідаю позірк на гадзіньнік, прыцэльваюся асадкай. - Раз, два, тры, час пайшоў.
Адначасова з часам у пакой завітвае Марына. Выраз яе твару такі перабольшана прыхільны, што мы зь Янаю сынхронна закрываем вочы лісткамі й пачынаем нешта крэмзаць. Гэтае крэмзаньне - таксама псыхалягічнае практыкаваньне. Што рухае рукой чалавека ў такія хвіліны, якая сувязь між вынікам гэтага крэмзаньня і, напрыклад, эмоцыямі? Патлумачыць штрыхоўку й перавагу цёмнага колеру ў такіх малюнках змрочнымі думкамі - спрошчаны погляд на рэчы. Я, да прыкладу, выкрэмзваю ў дадзены момант нешта накшталт пляну эвакуацыі таямнічага будынку ў выпадку пажару.
- У марскі бой рэжацеся? - добразычліва пасьміхаецца Марына. Яна кожным рухам дэманструе сястрынскую любоў, не забываючыся, аднак, палюбавацца й на сябе ў загадкава-люстранай цёмнай паверхні шафы. - Гэй, рабяткі!
Шашаль нянавісьці пачаў тачыць паперу перад тварам Яны, яшчэ калі дзьверы толькі адчыняліся (пагрукаць Марыне і ў галаву не прыйшло). Я малюю зацеклай рукой пераходы й калідоры, лесьвіцы й падвальныя памяшканьні, будуары й лазенкі - нагрувашчаньне простых лініяў.
- Янка, ды што ты як дзіця, - аблізваецца Марына. - Давай мірыцца, ладна табе. А, малая?
Яна павольна адсоўвае ад твару лісток і, гледзячы на сястру невідушчымі вачыма, грызе асадку. Я раблю па намаляванай схеме экскурсію для стрэлак.
- Малая, ну нельга ж так. Маці вунь, сэрца ў яе забалела. А я на цябе не злуюся. Зусім. А, малая?
Яна задуменна глядзіць на мяне, пераводзіць позірк на Марыну - усё той жа позірк, на ўсё тую ж румяную, добразычліва-ўсьмешлівую, змайстраваную з надзьмутых паветраных балёнчыкаў сястру.
- Ты мне замінаеш, Марына.
- Я?
- Ты мне жыць замінаеш. Выйдзі адсюль, калі ласка.
Марына пасьміхаецца яшчэ шырэй, я з страхам назіраю за яе ротам, гатовым разарвацца ад усьмешкі. Марына падымаецца, робіць крок у нашым кірунку, кідае погляд на мяне й паволі, не здымаючы ўсьмешкі, бокам рухаецца да дзьвярэй.
- Сучка малая, каб цябе трактарам трахнулі, - расьцягвае вусны Марына, і для яе, мы бачым, гэта балючы працэс, бо ўсьмешка, цяпер больш падобная на пірожнае, скоўвае Марынін прыгожы рот. - Я цябе ненавіджу, підарка трахнутая. Я цябе калі-небудзь задушу.
Марына выходзіць, а яе рот усё яшчэ мроіцца нам некалькі маўклівых хвілінаў. «Навучыў на сваю галаву», - слаба пасьміхаюся я.
- Засёк час? - мой слых скланае голас Яны. - Пачалі.
Па праўдзе кажучы, у нас ня вельмі раўнапраўнае становішча: калі ад мяне гэтае «практыкаваньне» патрабуе разабрацца ўва ўласных пачуцьцях і, што яшчэ складаней, даць ім імёны, то Яна, ведаючы ўмовы загадзя, даўно магла выканаць яго ў галаве. Але я не кажу пра гэта ані слова, моўчкі пасопваю й кручу асадку, баючыся парушыць тое суладзьдзе, тое шчасьлівае нетрывалае сугучча нашых зь Янаю сьвядомасьцяў, якое нам міжволі падаравала Марына. Я думаю і ўдаю, што думаю, выдумваю й перадумваю, і сёе-тое нават натую, але на патрэбную пяцёрку нашкрэбсьці ніяк не магу. Асабліва бянтэжыць мяне гэтае праклятае «Не падабаецца». Як я й чакаў, Яна запісвае свае вынікі амаль не адрываючы рукі й потым цярпліва назірае за маімі намогамі. Пяць хвілінаў мінаюць фантастычна хутка, і я перадаю лісток Яне.
На гэты раз у дзьверы грукаюць. Галава Міхаіла Самсонавіча дазваляе нам, натхнёным нядаўняй перамогай, уздыхнуць з палёгкай.
- Янка, цябе да тэлефона, - кажа ён ласкава й, сьмешна выгнуўшыся, прапускае яе ў вітальню. Я хаваю лісток між каленяў. Міхаіл Самсонавіч праходзіць у пакой, нерашуча падступаецца да акна, зачыняе яго, аглядваецца на мяне, уздыхае, ізноў адчыняе. Я шукаю словы, якія пасуюць, ён - якія забіваюць. У выніку мы загаворваем адначасова:
- Міхаіл Самсонавіч...
- А «Рэал» выйграў...
Больш мы сказаць нічога ня здольныя. Мне надзвычай няўтульна ад неабходнасьці церціся аб калючую шчаку душы Міхаіла Самсонавіча, які дробна хітае галавой, мармыча нешта пад нос, нібы пераконваючы кагосьці, і толькі вяртаньне Яны вымушае яго сьпешна сысьці.
- Хто званіў? - пытаюся я як мага больш легкадумна.
- Ды так, - кідае Яна.
- А ўсё-ткі, хто?
- Неістотна.
- Я... Ты мусіш мне сказаць, хто гэта быў.
- А хто ты для мяне, каб я рабіла справаздачы?
- Значыць, я ніхто? Я для цябе ніхто?
- Як ты мяне закатаваў... Едзь дахаты, добра? Ужо палова на дванаццатую.
Я вырашаю адступіць. Дараваньня даводзіцца прасіць у сьпіны, затым у шыі, у вуха, апошняя інстанцыя - халаднаватыя Яніны вусны - выносяць апраўдальны вэрдыкт. Прынамсі, разьвітаемся мы сёньня тымі, якімі сустрэліся.
- Я ня буду праводзіць да дзьвярэй, добра? - пазяхае Яна, дае мне на дарогу трошкі сваёй сьліны, паварочваецца да сьцяны й выключае сьвятло. Каля прыбіральні я натыкаюся на Галіну Іванаўну.
- Малады чалавек, дахаты не пара? - халодна кажа яна, ня гледзячы на мяне, і зьнікае ў залі, прычыніўшы за сабой дзьверы. Я глыбока ўдыхаю пах Галіны Іванаўны - ні з чым не параўнальны пах паджылага хворага чалавека, які зьбіраецца класьціся спаць, не пачысьціўшы зубоў.