Ноч. Спачывальня.
На экране - твары жанчыны і мужчыны, яны ляжаць на ложку. Жанчына на пярэднім пляне, ляжыць на сьпіне з заплюшчанымі вачыма, мужчына на баку, павернуты ў фас, сьпіць з разяўленым ротам і выдыхае паветра на жанчыну. Жанчына часам расплюшчвае вочы і азіраецца на мужчыну.
Ж а н ч ы н а. Не магу заснуць. І так штоночы. Ён дыхае на мяне. Часам становіцца жахліва. Хай бы ўжо неяк проста дыхаў. А то паглядзіце. (Адварочваецца ад мужчыны, але сутыкаецца з тым жа тварам зь іншага боку.) Госпадзі! Ну што гэта такое! (Хаваецца пад коўдру, пэўны час валтузіцца, затым на месцы, дзе была яе галава, вылазяць ногі. Экран пераносіцца на яе твар у фас, яна ляжыць на сьпіне і з палёгкай уздыхае, заплюшчвае вочы.) Ужо цяпер я пасплю. Я прысьню што-небудзь, як па тэлевізары. Пра рэкляму. (Паўза. Нечакана чуецца блізкі прысьвіст і сіпеньне. Жанчына расплюшчвае вочы і глядзіць убок. Там той жа твар мужчыны, ён дыхае на яе. Жанчына заплюшчвае вочы і адварочваецца ў іншы бок. На экране адзін вялікі твар мужчыны з разяўленым ротам.) М-м-м! (Жанчына сьпіхвае мужчыну на падлогу і развальваецца на ўвесь ложак, зьвесіўшы па краёх рукі і ногі.)
Выява мужчыны, які ляжыць на падлозе, пакрысе расплюшчвае вочы і аглядае сябе. Пэўны час глядзіць на руку жанчыны, што зьвісае з ложка. Заплюшчвае, расплюшчвае вочы.
М у ж ч ы н а. Ну што вы на гэта скажаце? (Узьнімаецца, садзіцца на край ложка, трэ вочы.) Куды яна падзелася? (Шукае рукой побач з сабой.) Толькі што тут была. (Прыўзьнімае край коўдры, зазірае глыбей, паўзе пад коўдрай да іншага краю ложка. Там з-пад коўдры вытыркаецца яго галава і азіраецца.) Я магу прысягнуць. (Кладзецца спаць, заплюшчвае вочы, разяўляе рот, шумна дыхае перад сабой.)
Экран пэўны час паказвае профіль мужчыны, затым паволі ссоўваецца ўбок і паказвае побач зь ім профіль жанчыны. Яна з расплюшчанымі вачыма і падціснутымі вуснамі.
Ж а н ч ы н а. Калі ўжо ты надыхаешся... Так, каб заткнуцца. Ну што табе трэба ад мяне? Божачкі ж вы мае. Я табе гэта ніколі не забуду. Дзякуй, дзякуй за ўсё. (Накрывае свой твар падушкай.)
Экран вяртаецца на профіль мужчыны. Той расплюшчвае вочы, глядзіць перад сабой, на падушку перад яго тварам. Падымае рукой падушку, там нікога няма. Кладзе падушку назад, заплюшчвае вочы.
Раніца.
Жанчына ў начной кашулі йдзе па калідоры, уключае сьвятло ў ванным пакоі, заходзіць унутр, пляскае сабе вадой на твар, затым зачыняе дзьверы.
Мужчына ў халаце йдзе па калідоры, заўважае, што ўключанае сьвятло ў ванным пакоі, зазірае туды, нікога не знаходзіць, выключае сьвятло і йдзе на кухню.
Жанчына палошча рот, калі ў яе гасьне сьвятло. Яна гучна выплёўвае ваду, выходзіць, запальвае сабе сьвятло і далей чысьціць зубы.
Мужчына выходзіць з кухні, ізноў заўважае ўключанае ў ваньне сьвятло, зазірае туды і выключае сьвятло. Калі ён сыходзіць у пакой, чуецца, як у ваннай жанчына гучна выплёўвае ваду. Праз сэкунду жанчына выглядае з ваннай, у яе на вуснах пена ад зубной пасты. Яна штосілы б'е па выключальніку ўсёй далоняй, нешта бубніць і хаваецца ў ваньне.
Мужчына зноўку праходзіць па калідоры, спыняецца перад выключальнікам. Аглядаецца, выключае сьвятло і йдзе на кухню.
З ваннай нясьпешна выходзіць жанчына з падціснутымі вуснамі.
Ж а н ч ы н а (скрозь зубы). Сука. (Ідзе ў залю.)
Мужчына заходзіць у ванны пакой, уключыўшы сьвятло, і зачыняецца там.
Зьяўляецца жанчына, апранутая ўжо ў сукенку, і слухае пад дзьвярыма. Калі даносіцца, як мужчына ўключае душ, яна крыху чакае, потым ідзе ў туалет і перакрывае там кран з гарачай вадой. Мужчына ў ванным пакоі крычыць і лаецца. Жанчына здымае з абодвух кранаў у туалеце вэнтылі, кладзе іх у кішэню і йдзе на кухню.
Кухня.
Сьпіна мужчыны, ён нешта смажыць.
М у ж ч ы н а. Як мне надакучыла гэтая бульба. Праўда, з сольлю яшчэ можна было б пацярпець. Трэба набыць соль. Яйкі я ўсё роўна забуду. Альбо іх ужо ўсе купяць. Як заўсёды. І кетчуп скончыўся.
Мужчына ссоўваецца ўбок - чуецца грукат пустых бутэлек, - лаецца, садзіцца за стол, ставіць перад сабой патэльню са смажанай бульбай. Адчыняе нажом мясныя кансэрвы, нож адкладае на іншы бок стала. На экране пэўны час толькі нож, чуецца, як відэлец шкрабе па талерцы, затым - як сіпіць нейкая смажаніна. Рука жанчыны бярэ нож, цяпер на кухні адна жанчына. Яна варушыць у патэльні на плітцы яечню, соліць яе і палівае кетчупам. Затым сядае есьці. Сьнедае, выцірае вусны ручніком. Глядзіць у патэльню. Там яшчэ два яйкі.
Ж а н ч ы н а. Што я зноў, як дурніца, поўную патэльню набухала. (Удыхае водар яечні. Задумліва шчыпае сябе за жывот, глядзіць на яечню.) Усё, хопіць. (Адносіць патэльню да сьметніцы, чапляе рэшткі яечні відэльцам, але, перад тым як выкінуць, крыху адкусвае.)
Жанчына сыходзіць, на экране пэўны час адна сьметніца. Туды падае бляшанка з-пад кансэрваў, паказваецца рука мужчыны, той трасе ёю над сьметніцай. Далей экран кіруе за мужчынам. Ён ідзе ў іншы пакой, апранаецца, выходзіць у калідор, апранае плашч і боты, адчыняе дзьверы, за якімі аказваецца такі самы пакой. Мужчына заходзіць, распранаецца, пакідаючы плашч на тумбе ў калідоры, а боты - проста пасярод пакою, і йдзе ў залю. Там садзіцца на ложак і чытае газэту. За акном вечар. Мужчына ўключае тэлевізар, там на экране бегаюць вялікія і маленькія літары, выявы пісталетаў, акрываўленых людзей, голыя жанчыны, грошы, шпрыцы, прэзэрватывы і надпісы «Stop AIDS», затым сэрыя выбухаў - і экран тэлевізара гасьне. Мужчына пэўны час яшчэ глядзіць туды, затым паварочвае галаву ўбок і бачыць, што з-за шафы тырчыць нага жанчыны. Мужчына падыходзіць, прысядае на калені, горача цалуе і лашчыць нагу, цягне на сябе. Гэта аказваецца штучная плястыкавая нага, мужчына кідае яе на падлогу і йдзе на ложак. Глядзіць у бок шафы. Там ізноў вытыркаецца нага жанчыны, у кадры толькі яна. Нага выгінаецца, затым зьяўляюцца рукі, яны здымаюць панчохі. Зьяўляецца другая нага і ўся жанчына. Жанчына выходзіць з-за шафы, папраўляе на сабе халат, ходзіць па пакоі, прыбірае.
Ж а н ч ы н а. Што за дзень?.. Трэба было хоць кветак сабе купіць, а то так і здохнеш тут бяз кветак. Я ня бачыла іх ужо год! (Выходзіць у калідор, папраўляе на падлозе боты мужчыны, ягоны плашч вешае на вешалку, гладзіць яго рукой, нюхае. Ідзе на кухню.) Павячэраю і пайду да Люды. Не, не пайду. Пайду куплю сабе кветкі і запрашу сябе ў кавярню. Нажаруся гарэлкі і падчаплю якога мужыка. Значыць, там і павячэраю. (Накідвае свой плашч, абувае чаравікі і сыходзіць, зачыніўшы за сабой дзьверы.)
У калідоры перад дзьвярыма зьяўляецца мужчына, ён апранае плашч, боты, пералічвае грошы ў гаманцы, прыгладжваецца перад люстэркам, вышчыпвае валасы з носу, пырскае дэзадарантам пад пахі, сыходзіць.
Начная гарадзкая вуліца.
На экране пустая дарога на фоне вялікага цёмнага дому. Зьяўляюцца маленькія постаці мужчыны і жанчыны, яны ідуць з двух процілеглых бакоў адно насустрач аднаму, перасякаюцца, аддаляюцца, мужчына азіраецца на жанчыну, затым абое зьнікаюць за краямі экрану. У доме пакрысе гаснуць вокны, з таго боку, у якім зьнік, зьяўляецца мужчына, ён ідзе няўпэўнена, часам спатыкаецца і прытрымліваецца рукой за ліхтар. Жанчына зьяўляецца са свайго боку, паліто на ёй расшпіленае, яна махае сумачкай, з сумачкі тырчаць кветкі. Яны перасякаюцца, прамінаюць адно аднаго. Мужчына аглядаецца, спрабуе нешта сказаць жанчыне, падымае руку, але потым махае ёю і йдзе ў свой бок. Усе вокны ў доме і ліхтары пры дарозе гаснуць.
Спачывальня. Ноч.
Жанчына засьцілае прасьціну на ложку, кладзе падушку, адварочваецца за коўдрай, паварочваецца зноў да ложка і бачыць ужо дзьве падушкі, прычым каля сьцяны, большая, аказваецца прымятай, нібыта на ёй ляжалі. Пэўны час жанчына глядзіць на ложак, затым разам з коўдрай садзіцца на край ложка. Выцірае вочы краем коўдры, кідае коўдру ў кут, распранаецца, падыходзіць да акна і рэзка адхінае фіранкі. З выклікам глядзіць на начны горад. Празь нейкі час прыкрываецца рукамі і адыходзіць.
Паўза.
З-за фіранкі нясьпешна выходзіць мужчына, нібыта доўга глядзеў у акно і стаміўся глядзець. Ён ходзіць па кватэры, з пакою ў пакой, ціха і няўпэўнена, затым вяртаецца ў спачывальню, кладзецца ў ложак і ляжыць, гледзячы ўбок. З-за шафы паказваецца нага жанчыны, але мужчына пазірае на яе абыякава. Потым у люстэрку ў калідоры паказваецца аголенае жаночае цела, чуецца сьмех. Мужчына глядзіць перад сабой, ніяк не рэагуючы, затым адварочваецца да сьцяны.
Асьвятленьне гасьне.
Горад прыгожых і таленавітых
Чытанка для дзетак
У адным маленькім, але вельмі прыгожым горадзе, разложаным на высокім вольным беразе агромністае ракі, жыў скрыпач. Гэта быў старэнькі, сівы, нават белы дзядок з дому на самым абрыве. Ён граў так прыгожа, як пяе салоўка, і яшчэ прыгажэй. Доўга-доўга, ад самае раніцы і да вечару, музыка лілася з вокнаў яго дому і прымушала людзей, што праходзілі міма, спыняцца і замілавана слухаць. Скрыпача любілі ўсе, людзі адчувалі, што ня могуць і дзень пачаць як трэба, калі не паслухаюць яго цудоўную музыку.
І толькі адзін чалавек не разумеў яе прыгажосьці. Гэта быў таленавіты і вядомы мастак з дому насупраць. Ён пісаў карціны і міжволі думаў, чуючы скрыпку: «І што тут прыгожага? Самая звычайная скрыпка». Ягоныя карціны ніяк не цярпелі ад таго, што мастак не разумеў гэтае асаблівае прыгажосьці музыкі. Наадварот, яны заўсёды адрозьніваліся такім буяньнем фарбаў, што ўсё намаляванае выглядала як жывое.
Аднойчы на сьвята гораду мастак выставіў усе свае карціны на галоўнае плошчы. Было вельмі весела, людзі стоўпіліся каля іх, адпіхваючы адзін аднаго і ўсхваляючы мастака. Толькі адна маленькая дзяўчынка хадзіла побач і няўцямна паціскала плячыма: «Што ўжо такога асаблівага ў гэтых карцінах? Па-мойму, яны самыя звычайныя».
Гэтая дзяўчынка была вельмі прыгожай, самай прыгожай дзяўчынкай у горадзе. І ўсе дарослыя, і ўсе іншыя дзеці захапляліся ёю, яе дзіўнымі валасамі і агромністымі блакітнымі вачыма, такою яна была прыгожай. Толькі адзін хлопчык зь ейнае клясы лічыў яе самай звычайнай. Сам жа ён вучыўся лепш за ўсіх дзетак у горадзе, і ўсе настаўнікі і настаўніцы ставілі яму самыя высокія адзнакі за яго веды.
Усе, апроч адной настаўніцы, - яна лічыла, што веды ў яго самыя звычайныя. Гэтая настаўніца ў вольны час выпякала самыя смачныя ў горадзе пірагі. Усе суседзі: і блізкія, і далёкія - вельмі любілі імі паласавацца, але не любіў іх толькі яе муж, бо лічыў іх самымі звычайнымі.
Ён быў найлепшым у горадзе доктарам. Да яго на лячэньне імкнуліся прыйсьці ўсе ў горадзе, апроч начальніка міліцыі, бо той сумняваўся, што доктар гэты незвычайны. «Наадварот, - думаў начальнік, - ён самы звычайны доктар».
Начальнік жа вельмі добра сьпяваў і меў самы цудоўны голас, якога не любіў толькі адзін артыст.
Артыст меў самыя прыгожыя вусы, і толькі рэжысэр яго тэатру лічыў іх даволі звычайнымі.
Рэжысэр лепш за ўсіх ставіў п'есы ў тэатры, аднак яны былі нецікавыя аднаму гледачу...
І так па ўсім горадзе - кожны жыхар умеў нешта рабіць лепш за ўсіх.
Толькі адзін маленькі хлопчык быў самым звычайным хлопчыкам. Ён заўсёды сядзеў на лаўцы, глядзеў на мінакоў і думаў: «І чаму гэта яны так захапляюцца адзін адным? Па-мойму, усе яны самыя звычайныя. Вось іншая справа я. У мяне - самая цудоўная матуля!»