Француз, амерыканец і фін пайшлі ў Індыі на паляванне і сустрэлі слана. Першая думка француза: «Цікава, як ён кахаецца?» Першая думка амерыканца: «Цікава, колькі ён зарабляе ў год?» Першая думка фіна: «Цікава, што ён думае пра Фінляндыю?» Такім анекдотам сустрэла мяне гэтая краіна. І сапраўды, трэцім пытаннем кожнай размовы было «Што вы думаеце пра Фінляндыю?». Спачатку я думала, што гэта такі дзіўны нацыянальны комплекс, але даволі хутка зразумела, што за гэтым пытаннем хаваецца вялікі гонар за сваю краіну, ды такі, што аж зайздросна робіцца. Але самым незвычайным вынікам гэтага пачуцця з'яўляецца тое, што ў адказ бальшыня чакае ад замежніка такога ж самага гонару за сваю краіну. Колькі разоў пры мне здаралася так, што як толькі чалавек пачынаў бяздумна ганіць сваю краіну, да яго гублялі цікаўнасць і павагу. Такая вось сур'ёзная краіна Фінляндыя.
MADE IN FINLAND - ЗНАК ЯКАСЦІ
Фінляндыя, ці Суомі, як сваю краіну называюць самі фіны, апошнім часам робіць сабе добрую рэкламу ў свеце. Да сусветнага лексікону фінская мова дадала слова «саўна»; да стала - гарэлку «Фінляндыя»; да шоў-бізнэсу - Санта-Клаўса з Раваніемі; да інфармацыйных тэхналогій - «Нокію»; да дзяржаўнай палітыкі - паняцце «фінляндызацыя»; да міжнародных адносінаў - прэзідэнта Марці Ахцісаары, пасля міратворчых дзеянняў якога самым папулярным імем у Намібіі стала Марці; да жаночай эмансіпацыі - трох галоўных палітыкаў-жанчынаў: прэзідэнта Тар'ю Халанэн, прэм'ер-міністра Анэлі Ятэнмякі і мэра сталіцы Хельсінкі Еву Сітанэн; да музыкі - Яна Сібеліўса, «Апакаліптыку» і Расмуса; да літаратуры - Тувэ Янсан і мумі-троляў; да архітэктуры - Алвара Аалта; да дызайну - Тыма Сарпанэву і «Арабію»; да кінаіндустрыі - братоў Акі і Міку Каўрысмякі; да спорту - дык і не пералічыць.
Краіна маленькая, а вось унёсак даволі вялікі. Доўга думала, чаму так, разважала, якая фундаментальная, але цяжкаўлоўная рыса розніць іх ад нас. Магчыма, тое, што з прычыны малой колькасці насельніцтва фіны даражылі кожным чалавекам і заўсёды паважалі і падтрымлівалі асобу. Дагэтуль людзі старэйшага пакалення з жахам узгадваюць фотаздымкі часоў Фінскай вайны (1939-1940), калі Савецкі Саюз напаў на Фінляндыю, каб уключыць яе ў свой склад. Ад тагачасных карцінак з палёў бітваў дагэтуль дрыжыкі па скуры прабягаюць, бо на іх - цэлыя савецкія дывізіі, якія замярзалі да смерці, так і не пачаўшы біцца. Кожны раз прагляд гэтых фотаздымкаў выклікае ў фінаў аднолькавую рэакцыю - яны паціскаюць плячыма і пытаюцца: «Як так можна? Як чалавечае жыццё можа быць нічога не вартае?» Спачатку я спрабавала нешта адказаць, патлумачыць, што народу ў Савецкім Саюзе было шмат, пару мільёнаў замарозіць, пару дзясяткаў забіць - мала што мяняе ў жыцці вялікай імперыі. На такі мой адказ усе дзівіліся і казалі: «Такая маладая, а ўжо такая цынічная!» - і нястомна распавядалі пра каштоўнасць кожнага жыцця. Дарэчы, Расія для падтрымання свайго нацыянальнага міфу, які б ён там ні быў, ізноў спрабуе перапісаць гісторыю і ўскласці віну за пачатак Фінскай вайны на Фінляндыю, чатырохмільённую краіну, якая з якойсьці дзіўнай прычыны напала на 160-мільённы Савецкі Саюз.
Апрача Фінляндыі, мне пашчасціла крыху пазнаёміцца яшчэ з дзвюма заходнімі краінамі - Злучанымі Штатамі і Нямеччынай, але ні ў адной з гэтых краінаў я не сустрэла такой накіраванасці на выхаванне павагі да асобы і на развіццё асобы. У школе фінскія настаўнікі спрабуюць ацаніць моцныя ды слабыя бакі вучняў і вучыць, зыходзячы з гэтага; у выкладанні настаўнікі зыходзяць з таго, што трэба не прымушаць вучыцца, а паспрабаваць зацікавіць вучня праз розныя заданні, якія вучні выконваюць самастойна ці ў групах. Неяк праглядала падручнік з гісторыі, дык у ім вучылі чытаць газеты ды суадносіць гісторыю з тым, што робіцца ў сучасным свеце. Не дзіва, што пасля школы ў моладзі ўжо закладзеныя задаткі самастойнага мыслення і свайго погляду на рэчы.
У першы час было незвычайна тое, што пасля заканчэння школы многія маладыя людзі з'язджаюць ад бацькоў і пачынаюць цалкам самастойнае жыццё: самі зарабляюць грошы ды даволі часта жывуць са сваёй дзяўчынай ці хлопцам. Ледзьве не правілам добрага тону лічыцца гадоў да 25-27 паспець павучыцца ці папрацаваць за мяжой. Свая краіна хаця і адна з найлепшых у свеце па шматлікіх статыстыках, але галоўныя плыні, што віруюць у свеце, даходзяць са спазненнем, а хочацца ўсяго паспытаць і ва ўсім паўдзельнічаць, таму і даводзіцца часта пачынаць электроннае пасланне са словаў: «Ты цяпер у якой частцы свету?» Калі шчыра, дык я больш нідзе не сустракала такой упэўненай у сабе, начытанай і абазнанай у свеце моладзі.
Магчымасць падарожнічаць і аддаленасць фінскай мовы ад іншых эўрапейскіх дадае імпэту ў вывучэнні замежных моваў. Поруч з моцнай сістэмай адукацыі спрыяе гэтаму яшчэ і той факт, што ўсе тэлевізійныя праграмы на замежных мовах не дублююцца, а ідуць з субцітрамі, таму трэба вельмі моцна не хацець вучыць замежныя мовы, каб хоць нешта ў галаве не адклалася. Неяк адзін мой знаёмы дзівіўся: «Што гэта за краіна такая, дзе нават дворнікі па-англійску гавораць?» Відаць, людзей вельмі добра навучылі кіравацца прынцыпам знакамітага фінскага дзеяча Адраджэння Снельмана, які сказаў, што «багацце маленькай нацыі ў яе культуры».
КРЫХУ ПРА КУЛЬТУРУ
Пра фінскую культуру - ні пра высокую, ні пра папулярную - нельга размаўляць, не згадаўшы фінскай саўны. Саўна з'яўляецца часткай фінскай культуры ўжо некалькі тысячагоддзяў, і хоць ідэя саўны - гэта не фінская вынаходка, фіны гэтую ідэю запатэнтавалі, развілі і змадэрнізавалі. У Фінляндыі знайсці ванну ў кватэры амаль немагчыма - гэта лічыцца каталіцкай раскошай, для лютэранскай душы непрыстойнай, а вось саўну - калі ласка, бо яна загартоўвае і цела, і душу перад выпрабаваннямі жыцця. Калі ж некаторым не пашчасціла мець сваю саўну ў кватэры, дык у склепе пад'езду такая абавязкова будзе. Без саўны жыццё нават у горадзе немагчыма сабе ўявіць, таму шмат хто надае саўне ледзь не статус рэлігіі. Калі нехта запрашае да сябе ў саўну, гэта лічыцца праявай сяброўства і прыняцця ў сваё кола, таму адмаўляцца не рэкамендуецца.
Большасць гарадскіх саўнаў маюць печкі з электрападагрэвам, саўны на лецішчах разаграюцца дровамі, але самым шыкам лічыцца схадзіць у чорную, ці дымную саўну, печка якой не мае дымаходу, а дым збіраецца пад высокай столлю. Паход у саўну можа заняць увесь дзень. Падчас «саўнавання» не прынята нікуды спяшацца, гэта месца і час для расслаблення, медытацыі, вырашэння праблемаў свету ці, на крайні выпадак, сваёй краіны, але ні ў якім выпадку не асабістых, і прыняцця важных рашэнняў. Спачатку ў саўну ідуць жанчыны, затым праз гадзіну яны даюць месца дужаму полу, які пачынае падліваць вады на камяні, заганяць тэмпературу за 100 градусаў і спаборнічаць, хто даўжэй выседзіць. Спаборніцтва звычайна доўжыцца хвілінаў дзесяць, пасля чаго ўсе выскокваюць чырвоныя як ракі і бягуць у мора ці бліжэйшае возера ахаладзіцца. Парыцца і ахаладжацца ў тэмпе трэба як мінімум тры разы, пасля можна перайсці на палегчаны рэжым і ў перапынках папіць піва.
Былы прэзідэнт Фінляндыі Урха Кеканэн быў вялікім аматарам выкарыстання саўны як у сваіх асабістых, так і ў дзяржаўных мэтах. Урха Кеканэн лічыўся найлепшым перамоўцам з прадстаўнікамі Савецкага Саюзу. Даволі часта ён атрымліваў тое, што хацеў, не ў апошнюю чаргу пры дапамозе гарэлкі ды саўны. Сваю палітыку ён праводзіў згодна з прынцыпам: «Голыя, расслабленыя палітыкі, якія пацеюць у саўне, прымаюць лепшыя і больш чалавечныя рашэнні, чым заціснутыя ў вузкіх касцюмах, прыдушаныя гальштукамі асобы, якія пакутуюць у душных залах».
Сярод замежнікаў ходзіць анекдот, паводле якога можна вызначыць сваю прыналежнасць да фінскай нацыі: ты занадта доўга прабыў у Фінляндыі, калі лічыш, што мінус 20 на дварэ - гэта досыць цёпла, каб хадзіць без шапкі, а плюс 80 - занадта халодна, каб сядзець у саўне. Яшчэ адзін жарт падкрэслівае галоўную славутасць Фінляндыі, галоўную прыналежнасць фінскага мужчыны і галоўную рысу характару: Пека і Маці пайшлі ў саўну, селі на палкі, пасядзелі хвілінаў 10, тут Пека падымае бутэльку піва і кажа: «За здароўе!» На што Маці адказвае: «Мы сюды піць прыйшлі ці размаўляць?»
МАЎЧАННЕ І СВОЕАСАБЛІВЫ ГУМАР
Галоўнай рысай фінскай нацыі доўга лічылася маўклівасць. Калісьці яшчэ Бертальд Брэхт заўважыў, што фіны ўмеюць маўчаць на дзвюх мовах - фінскай і шведскай. Рэкламная кампанія першых мабільных тэлефонаў ішла пад слоганам «Каб фіны маглі больш размаўляць». З падобнага прыгадваецца яшчэ першая вечарына. Тут прынята пачынаць святкаванне Калядаў ужо недзе ў другой палове лістапада. Прыватна і на працоўных месцах ладзяць «малыя каляды» - вечарыны, дзе каштуюць глінтвейн, пернікі ды нападпітку жвава спяваюць караоке ці з задавальненнем робяць яшчэ якое глупства, за якое ўвесь наступны год саромеюцца. Дык вось неяк я патрапіла на пачатак такой вечарыны на сваім аддзяленні ва ўніверсітэце. Заходжу, аглядаюся па бакох - нікога няма, толькі нейкі голас чуецца са сталоўкі. Накіроўваюся туды, зазіраю ў прыадчыненыя дзверы і бачу, што вакол стала паўколам стаяць апранутыя ў чорнае людзі (тады я яшчэ не ведала, што жалоба ў адзенні пачынаецца з надыходам халадоў) і слухаюць сумную прамову (тады маё вуха яшчэ не прызвычаілася да амаль што безінтанацыйнай фінскай мовы, таму так і падалося). Я перапужалася, што папала на пахаванне, і цішком-цішком пасунулася да выхаду. На наступны дзень запыталася ў знаёмых, хто памёр. Спачатку яны доўга не маглі зразумець, а калі зразумелі, пра што ідзе размова, доўга не маглі перастаць дзіка рагатаць, бо аказалася, што я папала на звычайную фінскую вечарыну, якую са сваім сярэднееўрапейскім тэмпераментам прыняла за пахаванне.
Да асаблівасцяў фінскага, а па-суседску і шведскага баўлення часу належаць 20-гадзінныя круізы ў мора і паездкі на пароме ў Швецыю, якія ўсе пяшчотна называюць п'янымі круізамі. У Хельсінкі на паром сядае пара тысячаў ахвочых павесяліцца, паром адыходзіць у мора і пачынае прадаваць бяспошлінны алкаголь, у выніку чаго пачынаецца непамерная весялосць: танцы, спевы і ўсё, што душа пажадае. Без такога круізу нельга сказаць, што ты паспытаў фінскага жыцця. Праўда, з расійскім мужыком спаборнічаць у літраболе ніхто не здольны.
З з'яўленнем сонца сітуацыя на вуліцах радыкальна мяняецца. Ужо ў красавіку з першым сонцам адкрываюцца тэрасы. Народ, захутаўшыся ў футры, шапкі, шалікі й пальчаткі, сядзіць на тэрасах і п'е піва, і, хоць стук зубоў чуваць аж за суседнім столікам, шклянку піва ў гонар надыходу вясны мусіш выпіць. Улетку ж з надыходам белых начэй пачынаецца сапраўднае святкаванне і кампанейства, якое пазначаецца тым, што на тэрасе з табой можа загаманіць незнаёмы чалавек - калі пашчасціць, вядома ж. Пра сацыяльныя здольнасці фінаў яны самі распавядаюць такі анэкдот:
- Чым адрозніваецца фін-экстраверт ад фіна-інтраверта?
- Пры сустрэчы фін-інтраверт глядзіць на свае боты, а фін-экстраверт - на твае.
«СКОЛЬ!» - «ЗА ЗДАРОЎЕ!»
Праўда, гарэлка развязвае языкі нават самым маўклівым фінам, прычым піць трэба не ўсім вядомую «Фінляндыю», а мясцовую «Коскенкорву», ці, як яе ласкава называюць, «Косу» з рознымі варыяцыямі. Самы папулярны варыянт - гэта Салміякі-косу з лакрыцай, якая патыхае фенхелем. На наш смак дык гэта нешта такое, што можна прапанаваць нечаканым ці нялюбым гасцям, каб доўга не заседжваліся. Пад гарэлку дыскусіі звычайна не набываюць градусаў, хутчэй наадварот, робяцца меланхалічнымі і разважнымі з усебаковым абмеркаваннем тэмы сэнсу жыцця. Гэта ім, відаць, у спадчыну ад Расійскай імперыі засталося, як і цэнтр сталіцы Хельсінкі, які называюць маленькім Санкт-Пецярбургам, з прычыны чаго Хельсінкі на пэўныя перыяды за савецкім часам рабіўся сталіцай сусветнага кінематографу. Калі дзеянне фільму адбывалася ў сапраўдным Пецярбургу, яго прыязджалі здымаць у Хельсінкі, ад чаго імідж Санкт-Пецярбургу ў вачах замежнікаў мусіў неймаверна палепшыцца, бо будынкі тут дагледжаныя, а вуліцы чыстыя.
ФІНСКІЯ ЦУДЫ - ЭКАНАМІЧНЫ ДЫ ЖАНОЧЫ
Але Фінляндыя можа быць удзячная Савецкаму Саюзу не толькі за кіно. Пасля другой сусветнай вайны згодна з мірнай дамовай паміж Фінляндыяй і Савецкім Саюзам Фінляндыя мусіла выплаціць пераможцу вялікія рэпарацыі, прычым прадукцыяй машынабудаўнічай прамысловасці, якой у Фінляндыі ў той час не было, бо да гэтага Фінляндыя гандлявала амаль што выключна сыравінай. Сціснуўшы зубы, падцягнуўшы паясы ды паклікаўшы на дапамогу пратэстанцкую этыку, фіны пабудавалі машынабудаўнічую прамысловасць і за сем гадоў выплацілі ўсе рэпарацыі. Гэты досвед і добра адукаванае насельніцтва дапамаглі і пасля, калі на пачатку 1990-х раптам не аказалася пад бокам Савецкага Саюзу, які як бяздонная бочка праглынаў усё, што толькі было даць. Фінская прамысловасць мусіла пераарыентавацца на новыя рынкі і, праскочыўшы цераз адну прыступку, стала ледзь не вядучай краінай у галіне інфармацыйных тэхналогіяў. Гісторыя «Нокіі» нечым нагадвае гісторыю Фінляндыі: усё пачыналася з тартаку, а скончылася мабільнымі тэлефонамі. Дарэчы, «Нокія» яшчэ дагэтуль вырабляе гумавыя боты паралельна з сотавікамі.
Але не гумавымі ботамі хацелася б скончыць, а чым-небудзь прыгажэйшым і цікавейшым. Хацелася б скончыць расповедам пра фінскіх жанчын. Фінляндыя, разам з іншымі скандынаўскімі краінамі, лічыцца краінай не толькі развітага сацыялізму, але і пераможнага фемінізму. Фінляндыя была першай краінай у свеце, дзе жанчынам у 1905 годзе было нададзена не толькі права голасу, але і права выбірацца ў парламент. З таго часу жанчыны вельмі актыўна карыстаюцца гэтым правам, і Фінляндыя мела аднойчы жанчын на дзвюх галоўных дзяржаўных пасадах - прэзідэнта і прэм'ер-міністра адначасова. Шкада, што ў нас гэты інтэлектуальны рух так павольна набірае хуткасць, а слова «феміністка» яшчэ не перастала быць лаянкавым. Фемінізм, як гэта разумеюць фінкі, дае жанчыне большую свабоду быць сабой і не саромецца сваёй жаноцкасці ў жорсткім мужчынскім свеце. Хай усходнееўрапейскія мужчыны кажуць, што фінскія жанчыны не такія прыгожыя, як беларускі, але самі фінкі наконт гэтага асабліва не перажываюць. Нават фінскія актрысы падобныя да звычайных жанчын, а не да Барбі.
Добрая адукацыя, фінансавая незалежнасць і дакладнае веданне сваёй вартасці адкрываюць не толькі шмат магчымасцяў для напоўненага цікавымі падзеямі і сустрэчамі жыцця, але і для поўнасцю сведамага і добраахвотнага рашэння застацца дома.
Тут не пачуеш такога выказвання: «Такая прыгожая жанчына, а цікавіцца палітыкай, бізнесам, правам ці хоча займаць кіраўнічыя пасады, лепей знайшла б сабе мужа ды гадавала дзяцей».
ЗАМЕСТ ЭПІЛОГУ
У сваіх нататках пра Фінляндыю я прапанавала толькі некаторыя заўвагі пра рэчы, якія здзівілі, збілі з панталыку ці спадабаліся мне больш за ўсё ў Фінляндыі. Як і ў кожнай нацыі, у фінаў ёсць свае звычкі ці спосабы рабіць рэчы, якія мы назвалі б прыбабахамі ды замарочкамі. Розных расповедаў пра Фінляндыю і фінаў, сур'ёзных і не вельмі, развагаў аб падабенстве гісторыі Беларусі і Фінляндыі, анекдотаў пра нацыянальныя рысы ды і проста гісторый з жыцця набралася б на цэлую кнігу. Але скончу тут пажаданнем, каб кожнаму ў жыцці надарылася магчымасць наведаць Фінляндыю - сястру-блізнятку Беларусі, бо Фінляндыю таксама клічуць сінявокай і - краінай тысячы азёр.