A R C H E П а ч а т а к № 1 (30) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  АЛІСА БІЗЯЕВА

Вокладка ARCHE 1-2004.

   Мінулыя нумары:

   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Аліса Бізяева
Зьнікненьне аўтара: беларуская сеціратура

«Пра свой апублікаваны ў кнізе твор пісьменьнік кажа: ён больш не належыць мне. Але ў вачох чытача твор асацыюецца зь пісьменьнікам. Пры публікацыі ў Сеціве прападае і гэтая апошняя залежнасьць. Твор, які быў зьмешчаны ў Інтэрнэце і датуль не друкаваўся на паперы, НЕ НАЛЕЖЫЦЬ НІКОМУ…» (Marmon, 17.02.2003, Litara.net). У нас толькі цяпер пачынаецца літаратура новага кшталту - сеціратура, кібэратура. Адкрытасьць твору такой літаратуры дазваляе весьці дыялёг з чытачом ды крытыкам; нават увесьці гэтае абмеркаваньне ў тканіну аповеду, зьмяніць ці дадаць асобныя часткі ў любы момант існаваньня твору. Інтэрнэт-тэкст ня можа быць нечым замацаваным і скончаным. Ён звычайна застаецца адкрытым для працягу ды ўмяшальніцтва новых аўтараў, сюжэтных ліній.

Нават традыцыйны твор, патрапіўшы ў Сеціва, здабывае патэнцыял для новага разьвіцьця, ён можа ператварыцца ў чарнавік ці недапрацаваны матэрыял. Як сказаў адзін з удзельнікаў дыскусіі на сайце Litara.net Marmon, «Гюго або Сэлінджэр у Сеціве чытаюцца з тым самым адчуваньнем тэкставай вартасьці-нявартасьці, што і форумныя гавэнды Кардонскага»¹ (Litara.net, форум Інтэртэкст, 17.02.2003).

Чытаньне ды ўспрыманьне твору, што зьмешчаны ў віртуальнай прасторы, таксама іншае. Гэта зазвычай актыўнае чытаньне, чытаньне з алоўкам, сьляды якога могуць быць адразу бачныя ўсім, у тым ліку аўтару тэксту. Тэкст у Сеціве падобны да гульні ў пінг-понг: аўтар пасуе, чытачы і крытыкі адбіваюць, надаюць новы вэктар і вяртаюць твор назад. Аўтар можа паправіць яго ці застацца глухім да парадаў, і гульня пачнецца наноў. Чым больш уважлівы да чытача аўтар, чым больш ён здольны завязаць гутарку на форуме, тым даўжэй цягнецца гульня - і ў выніку падчас прыземленай гутаркі можа сфармавацца літаратурная пэрліна.

Аднаго часу на сайце пра сучасную беларускую літаратуру Litara.net надзвычай часта сталі зьяўляцца паведамленьні, падпісаныя мянушкай Дон. Гэты пэрсанаж быў вельмі рознакаляровы ў сваіх перакананьнях і часам нават сам сабе супярэчыў. Але выказваньні ягоныя нельга было не заўважыць - нечаканыя, правакацыйныя, калі-нікалі даволі агрэсіўныя ў дачыненьні да астатніх удзельнікаў гутаркі. Пад гэтым нікам у форумах пісаў Сяргей Дубавец, называючы сябе собскім сабакам, які брэша на ўсіх, хто няшчыры ў сваёй любові да беларускай літаратуры. Можна было нават падумаць, што пэрсанаж дзейнічаў з сваёй волі й без дазволу чалавека, які яго нарадзіў. Падавалася, што сам Дубавец быў шчыра зьдзіўлены паводзінамі свайго стварэньня. Празь некаторы час спадар Сяргей паведаміў, што пад нікам Дон і некалькімі іншымі мянушкамі піша ня ён адзін, а яшчэ пяць чалавек, што таксама маюць доступ да гэтага ж кампутара. Ці паверыў хтосьці? Можа, і так. Але Дон застаўся супярэчлівым пэрсанажам Літары, і тое, колькі людзей удзельнічалі ў яго стварэньні, наўрад ці мае значэньне.

Ніколі не зьнікае зь першых радкоў форумаў на Літары нізка невялікіх твораў, якая кожны раз папаўняецца новымі рэалістычнымі замалёўкамі. Сьціплая назва «Абы пра што», а пад ёй Уладзімер Вашкоў, вядомы літаранцам як Палівач, распавядае сваё жыцьцё, успаміны, не зьмяняючы літаратурнага тону, адказвае на пытаньні сваіх чытачоў - наведвальнікаў Літары, якія ўцягваюцца ў гутарку, узгадваюць нешта і з свайго жыцьцёвага досьведу. У такім узаемадзеяньні ды ўзаемаўплыве нарадзіўся і дасюль ствараецца жывы шматаўтарскі твор, зь якога ўжо нельга зьнішчыць ніводнага сказу. Нехта падтрымлівае «гаспадара» і вядучага дыскусіі, нехта крытыкуе, але Палівачом кіруе думка: «Я бачу падабенства паміж вынаходзтвам Інтэрнэту і вынаходзтвам палкоўніка Кольта. Рэвальвэр Кольта зраўнаваў магчымасьці грамадзянаў Амэрыкі, забясьпечыў тым самым дэмакратыю. Інтэрнэт зраўнаваў таленты і бездараў. Добра гэта ці кепска, я ня ведаю» (Litara.net. Форум «Абы пра што», 27.07.2002).

Немагчыма ў творах сеціратуры шукаць аўтара, яго думкі ды ідэі, таму што адна зь яе асаблівасьцяў - калектыўнае аўтарства ці нават аўтарства саміх пэрсанажаў, што вядуць аповед, самастойна пішуць твор.

Сеціратура, штуршком і сродкам для разьвіцьця якой стаўся Інтэрнэт, - прастора, дзе гіпэраўтары й гіпэртэксты могуць рэалізоўвацца найбольш арганічным чынам. Тэкст становіцца багацейшым на сэнсы за той, які першапачаткова ствараў аўтар, ён можа выходзіць за межы асноўнай ідэі і атрымлівае разьвіцьцё ў новых напрамках, ствараючы сетку спасылак, сувязяў і асацыяцыяў. Тэкст перастае быць лінейным, таму што ён прымае розныя формы для кожнага, хто яго чытае.

Пісьменьнікі вынайшлі гіпэртэкст як сродак існаваньня літаратурнага сэнсу значна раней за зьяўленьне Інтэрнэту, але з стварэньнем літаратурных сайтаў стала магчымай літаратура з новай структурай ды ўзроўнем дынамічнасьці. Беларускія пісьменьнікі так ці інакш зьвяртаюцца да новых выяўленчых сродкаў, якія прапануе Інтэрнэт. Адам Глёбус піша раман «Дом», які, відаць, можа называцца раманам толькі ў віртуальнай прасторы, якая не адпавядае сапраўды буйным формам ды ня здольная ўтрымліваць сюжэтную лінію. Агульны сюжэт раману - гэта сувязі паміж яго героямі, але ў чымсьці і ўзаемаадносіны паміж удзельнікамі форумаў Літары, на вачах якіх «Дом» ствараўся, якія так ці інакш дапамагалі аўтару працягваць аповед. У пастскрыптуме да раману Адам Глёбус пералічвае ўсіх, хто ўдзельнічаў у напісаньні твору, і піша: «У дзёньніку Кузьма Чорны пытаўся: «Хто напіша за мяне мае раманы?» Сапраўды, даводзіцца самому пісаць тое, што ніхто іншы напісаць ня зможа, самае сваё. Нарэшце завершана праца, напісаны першы беларускі раман у інтэрнэтным фармаце».

Усё часьцей на літаратурных сайтах і на асобных вэб-старонках зьяўляюцца безыменныя ці аўтарскія творы. Публікуючы свой твор ці частку твору на адкрытым рэсурсе, яны згаджаюцца «адкрыць» свой твор, уступіць у дыялёг з чытачом і крытыкам, якія часта паводзяць сябе фамільярна, не вытрымліваюць дыстанцыі. Коштам за гэткую фамільярнасьць можа быць больш дынамічная тканка аповеду, жывейшы малюнак падзеяў, сапраўдны дыялёг герояў, а не прапушчаны праз аўтарскае «я» жыцьцёвы досьвед. Ня кожны пісьменьнік, прызнаны ў рэальным сьвеце, на такое здольны.

  крытык, стваральніца літаратурнага рэсурсу litara.net. Нарадзілася ў Адэсе.


































¹ Раман Кардонскі - адзін з наведвальнікаў сайту Litara.net, вядомы сваёй прыхільнасцю да дэтэктываў
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (30) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Сувязь з рэдакцыяй,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/10/21