A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (30) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
ВАЛЕР БУЛГАКАЎ | ||||||
|
Валер Булгакаў
|
рэдактар часопісу «ARCHE». Жыве і працуе ў Менску. Летась уклаў і выдаў гістарычныя творы Яна Станкевіча ды зборнік аналітыкі «Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі». |
Бібліяграфічнае апісаньне гэтых і мноства іншых публікацый даецца ў аглядзе Галіны Сяргеевай. Адным ён запомніцца багацьцем крыніц, другім - шаблённым да іх падыходам. Гісторыя дыяспары («беларускай прысутнасьці ў сьвеце») тут налічвае ўсяго 100 гадоў (час першай масавай міграцыі зь Беларусі - злом XIX і XX стагодзьдзяў), само ж паняцьце вызначаецца як «сталае ці часовае жыцьцё народу (беларускай этнічнай супольнасьці) за межамі дзяржавы (па-за гістарычнай тэрыторыяй свайго пражываньня)». Фармулёўка гэтая няўдалая. Яна дазваляе думаць, што беларусы зусім нядаўна зьявіліся ў Латгаліі ці Беласточчыне. Апрача таго, паняцьце народу ня зводзіцца да паняцьця этнічнай групы, а паняцьце дзяржавы ня тоеснае зь яго гістарычнай тэрыторыяй пражываньня. Атаесамленьне народу і дзяржавы таксама ігнаруе досьвед нацыятварэньня XIX стагодзьдзя на ўсходзе Эўропы, дзе ўзьнікаючыя нацыі часта былі разарваныя паміж некалькімі дзяржавамі. Як піша Сяргеева, яе дасьледаваньне абмяжоўваецца аглядам стогадовай гісторыі беларускай эміграцыі «на бацькаўшчыне й беларускімі дасьледнікамі ў замежжы». Тым самым яна ставіць знак роўнасьці паміж навуковым дасьледаваньнем і аглядам крыніцаў, а само паняцьце нацыянальнай гістарыяграфіі атаесамляе з апісаньнем тэмы «дасьледнікамі». У артыкуле да яе залічаецца літаратура і прэса на любой мове, любога жанру і любой ідэалягічнай скіраванасьці. Але нават калі перафармуляваць тэму артыкулу, напрыклад, так: «Беларуская дыяспара ў айчынных і замежных крыніцах XX стагодзьдзя па нацыянальнай гісторыі», - яго зьмест усё роўна ня будзе адпавядаць назьве. Праблемным застаецца сам тэрмін «беларуская дыяспара». У публікацыі ім пазначаюцца працоўныя мігранты-беларусы, якія на зломе XIX і XX стагодзьдзяў у пошуках працы і зямлі мігравалі ўглыбкі Расейскай імпэрыі, эканамічныя перасяленцы зь Беларусі ў ЗША першых двух дзесяцігодзьдзяў XX стагодзьдзя, беларусы - аўтахтонныя насельнікі сумежных зь цяперашняй Рэспублікай Беларусяй рэгіёнаў (Беласточчына, Латгалія; Сакрат Яновіч тут - эміграцыйны гісторык дыяспары, г. зн. таго, што знаходзіцца па-за «гістарычнай тэрыторыяй пражываньня беларускай этнічнай супольнасьці») і, нарэшце, дзьве хвалі эміграцыі, выкліканыя першай і другой сусьветнымі войнамі. Пра тое, што перад намі разнародныя фэномэны, гаворыць эканамічны, палітычны й культурны лёс кожнай з гэтых групаў, які склаўся асаблівым чынам. Некаторыя зь іх даўно і поўніцай былі асыміляваныя сваім новым нацыянальным асяродзьдзем, вядомыя цяпер толькі па навуковых публікацыях і дзеля гэтага годзяцца ў рубрыку «беларускай адсутнасьці ў сьвеце». У строгім сэнсе, разгледжаны артыкул мусіў мець назву «Агляд айчынных і замежных крыніц да гісторыі міграцый беларускага насельніцтва ў XX стагодзьдзі». Але нават з гэтым удакладненьнем ён тоіць шмат неразгаданых загадак. Кніга Міколы Панькова апісвае побыт паваеннай палітычнай эміграцыі на Захадзе, якая, як мы хутка даведаемся, стасуецца з паняцьцем дыяспары як прыватнае й цэлае. Толькі зрэдзьчасу ў асноўную канву ўкліньваюцца беларусы з БССР, напрыклад, Ларыса Александроўская і яе канцэрт 18 сьнежня 1945 году ў Парыжы, пісьменьнік Усевалад Краўчанка і ягонае самагубства 27 жніўня 1961 году або паэт Анатоль Вярцінскі і ягоны літаратурны вечар 7 сьнежня 1978 году ў амэрыканскім Квінс Каледжы. Як і Г. Сяргеева, Мікола Панькоў падае свой матэрыял згодна з храналягічным прынцыпам - ён вядзе памесячную рэгістрацыю культурных, палітычных і грамадзкіх падзеяў. Іх адлік пачынаецца з студзеня 1945 году (між іншага, 24 студзеня прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслаў Астроўскі выдаў інтрыгоўную адозву «Да зброі»), абрываецца нарацыя на лістападзе 1984 году. Месца дзеяньня - Нямеччына, Амэрыка, іншыя краіны Захаду, узятага ў геапалітычным сэнсе. Найбольш асьвятляюцца палітычныя акцыі і грамадзкія мерапрыемствы, менш - рэлігійнае й культурнае жыцьцё. Пададзеная вайсковая хроніка сёньня ўспрымаецца як кур'ёз. Паваенная палітычная эміграцыя паўстае супольнасьцю, якая выдае калі-нікалі кніжкі, чытае даклады, займаецца спортам і мастацкай самадзейнасьцю, адпачывае ў цэнтрах адпачынку, зьбіраецца на фэрмах для адмеркаваньня бягучых справаў, піша пэтыцыі і адозвы, канфліктуе з нацыянальнымі ворагамі, праводзіць у апошні шлях сваіх герояў. Але, бадай, улюбёнай формай актыўнасьці паваенных эмігрантаў было прыдумляньне ўсякіх мудрагелістых назоваў для ўласных «цэнтраляў» і «хаўрусаў», якія рэдка калі мелі рэальныя ўплывы на жыцьцё. Цяпер цяжка сказаць, чым кіраваліся эмігранты, даючы сваім суполкам гучныя найменьні. Мабыць, яны спадзяваліся на тое, што іх заўважаць і падтрымаюць палітычныя істэблішмэнты сваіх новых радзімаў. Часткова гэты намер спраўджваўся: заходнія харытатыўныя фонды праяўлялі пэўны інтарэс да праектаў сваіх новых суграмадзянаў. Ёсьць, напрыклад, зьвесткі, што выданьню нью-ёрскага часапісу «Веда» спрыяла «The Ford Foundation». Хутчэй, аднак, у гэтых патэтычных найменьнях трэба бачыць індыкатар хваравітых палітычных амбіцыяў грамадзка актыўнай часткі эміграцыі, а таксама яе паталягічную няздольнасьць знаходзіць паміжсобку паразуменьне і выступаць адзіным фронтам для адстойваньня нацыянальных інтарэсаў. Магчыма, гэтая страсьць да дактрынёрства і канструяваньня моўных утопіяў была перанятая ў савецкай ці нямецкай прапаганды, але непасрэдным узорам, бадай, было грамадзка-палітычнае жыцьцё ўкраінскай эміграцыі. Як вынікае з Паньковай «Хронікі», эміграцыя выявіла фэнамэнальную няздольнасьць да рэгулярных і доўгатрывалых культурных і кнігавыдавецкіх праектаў - акурат той «нятленкі», якая павялічвае культурны капітал нацыі і можа быць запатрабаваная наступнымі пакаленьнямі. Існавала маса газэтак, бюлетэньчыкаў і часопісікаў, якія зьнікалі пасьля аднаго-двух нумароў. Сёньня эміграцыйныя часопісы і кніжкі ўсё часьцей выдаюцца ў Менску. Пра «Хроніку» бэссэнсоўна гаварыць як пра ўнівэрсальную крыніцу для вывучэньня паваеннай эміграцыі ў краіны Захаду. Мы маем справу зь вельмі суб'ектыўным дзёньнікам, нашпігаваным фактычнымі памылкамі і тэрміналягічнымі неахайнасьцямі, якія выдаўцы паленаваліся выправіць. Алесь Салавей на эміграцыі стаў не Альфрэдам Кадняком, а Альбэртам; часопіс «Веда» ніколі ня быў «навукова-гістарычным». Масей Гітлін быў не «ініцыятарам поўнага перакладу на беларускую мову і друку Бібліі пад рэдакцыяй д-ра Янкі Станкевіча», а суперакладчыкам Бібліі. (Ініцыятарам быў пратэстанцкі пастар Тарас Сайка.) Родны брат Язэпа Пушчы Ізыдар Плашчынскі карыстаўся псэўданімам «Алесь Беразьняк», а не «Язэп Беразьняк». Вячаслаў Сэлях-Качанскі ніколі ня быў «знаным кампазытарам». Калі некрытычна прыняць на веру паведамленьне, што 31 жніўня 1969 году «з малебнам за беларускі народ і рэфэратам Вітаўта Кіпеля» амэрыканскія беларусы адзначылі 35-я ўгодкі Другога Ўсебеларускага Кангрэсу, то выходзіць, што гэты кангрэс адбыўся ў 1934 годзе. На той жа старонцы Юліяна Дубейкаўская характарызуецца як «ахвярная працаўніца беларускага руху ў часы «Нашай Нівы», хоць яна зацікавілася беларускім нацыянальным рухам толькі ўлетку 1915 году, г. зн. калі віленская «Наша Ніва» спыніла сваё існаваньне. Адольф Клімовіч памёр у вёсцы Клюшчані, што на Астравеччыне, а не ў падбеластоцкіх Кляшчэлях. Зямны шлях архімандрыта Лява Гарошкі скончыўся ня ў Лёндане, а ў Парыжы. Кнізе бракуе разгорнутых камэнтароў, безь якіх не зразумець, чаму хіратанізаваны ў 1961 годзе ў біскупы для беларусаў-каталікоў Уладзіслаў Рыжы-Рыскі ў другой палове 70-х гадоў XX стагодзьдзя зрабіўся «прапагатарам беларускай кальвінскай субожні». Легендарнае адценьне кнізе надаюць некаторыя гіпэрдакладныя паведамленьні: адзінай вартай занатаваньня падзеяй з нацыянальнага жыцьця ў красавіку 1945 году ў вэрсіі Панькова было зьнішчэньне савецкай авіяцыяй паблізу Кёнігсбэргу параплава, на якім знаходзілася 295 «юначак-беларусак». Але нягледзячы на свае пахібкі, выданьне ўсё ж дазваляе зразумець пэўныя заканамернасьці эміграцыйнага жыцьця. Да таго ж яно высьвечвае зусім у новай якасьці добра вядомыя постаці: Францішак Кушаль выяўляецца знаўцам беларуска-расейскіх дачыненьняў Новага часу, Юрка Станкевіч - спэцыялістам па атамнай энэргіі, а Янка Запруднік - гісторыкам расейскай філязофіі. Манаграфія супрацоўніка Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі Лявона Юрэвіча прысьвечана літаратурнаму руху паваеннай палітычнай эміграцыі. Яе адкрывае англамоўная прадмова лёнданскага прафэсара Арнольда Макміліна, які зьвязвае пачаткі беларускай эміграцыі з Францішкам Скарынам. Кніжка мае нестандартную структуру - яна адначасова зьяўляецца і крытыкай, і хрэстаматыяй. У яе першай частцы падрабязна, з выкарыстаньнем унікальных архіўных дакумэнтаў, асьвятляюцца цёмныя старонкі эміграцыйнай літаратуры. Кожны, хто цікавіцца ёй, зьверне ўвагу на бібліяграфію яе кніжных выданьняў пачынаючы з 1946 году. У другой частцы замест аўтара гавораць унікальныя дакумэнты - прыватныя лісты, калектыўныя звароты, факсымільныя адбіткі вершаў. Калі за падставу для ацэнкі ўзяць аб'ём інфармацыйнай нагрузкі на старонку тэксту, кніга ня будзе мець сабе роўных у гэтым аглядзе. Сам жа аўтар не да канца вызначыўся, з кім канкрэтна зьвязаць узьнікненьне эміграцыйнай літаратуры: ці то ўсьлед за Арнольдам Макмілінам - з Скарынам, ці то ўсьлед за бэрлінскай газэтай «Раніца» - зь Вінцэсем Каратынскім. Адна з асноўных яе ідэяў гучыць так: эміграцыйная літаратура была ня толькі мастацкай практыкай, але спосабам выяўленьня ўласнай грамадзянскай пазыцыі, інструмэнтам абуджэньня нацыянальнай сьвядомасьці, сродкам барацьбы за нацыянальныя ідэалы й перадачы нацыянальнай традыцыі наступнікам. Неад'емны элемэнт дыскурсу эміграцыйнай літаратуры тут - творчасьць беларускіх пісьменьнікаў у Нямеччыне ў гады другой сусьветнай вайны. Тут жа прапануецца яе апісаньне паводле храналягічнага прынцыпу з разьбіўкай на пяць рубрык (проза, паэзія, драматургія, мэмуары, пераклады). Зь яго вынікае, што эміграцыйныя пісьменьнікі займаліся паэзіяй ды прозай і куды менш ахвотна перакладалі, пісалі мэмуары і п'есы. Выданьні драматургіі можна пералічыць на пальцах: у 1955-1959 гадах выходзяць друкам п'есы Натальлі Арсеньневай, Даната Баяна і Вацлава Пануцэвіча, у 1962, 1964, 1967 гадах - Алеся Змагара, Міхася Міцкевіча ды Міхася Кавыля і, пасьля доўгай пярэрвы, у 1996-м - «Драматычныя начыркі» Янкі Юхнаўца. Вузкім месцам эміграцыйнай літаратуры былі таксама пераклады - гэтым разам ня толькі дзеля іх малалікасьці, але й дзеля іх нізкай якасьці. З 1946 і да 1997 году асобнымі выданьнямі выйшлі ўрыўкі твораў Р. Кіплінга, О. Уайльда, Д. Дэфо, Р. Стывэнсана, Дж. Сьвіфта, Яра Славутыча, раман Г. Сянкевіча «Quo vadis», «Роздумы» Марка Аўрэлія, «сярэдневяковая легенда» Парсіваль, каля дзясятка дыялёгаў Плятона і першы поўны пераклад Бібліі на беларускую мову, які зь няясных прычынаў у кнізе ня згадваецца. Апрача былога супрацоўніка бэрлінскага выдавецтва «Вінэта» Яна Пятроўскага ніхто на эміграцыі перакладамі рэгулярна не займаўся. У кнізе паняцьці «эміграцыя», «выгнаньне», «дыяспара» выкарыстоўваюцца як сынонімы, ад чаго раз-пораз парушаюцца лягічныя сувязі, напрыклад, паэзія Ўладзімера Жылкі залічаецца да эміграцыйнай літаратуры. Здаецца, ува Ўкраіне ці Польшчы яшчэ нікому не прыйшло да галавы называць Тараса Шаўчэнку або Адама Міцкевіча эміграцыйнымі пісьменьнікамі на той падставе, што і першы, і другі шмат гадоў правялі на чужыне. Распрацоўка навуковага клясыфікатара, каго і на якой падставе адносіць да літаратуры дыяспары, застаецца для беларускага літаратуразнаўства надзённым пытаньнем. Эміграцыйная літаратура з гледзішча сваёй мастацкай стылістыкі прэзэнтуецца ў кнізе як пераважна літаратура рэалізму з дамешкамі рамантызму Ўладзімера Случанскага, «міталягічнай прозы» Сяргея Хмары і «экзыстэнцыяльнай паэзіі» Ўладзімера Дудзіцкага. Ідэі аб яе мастацкай спэцыфіцы выказваюцца спантанна, безь лягічнага разгортваньня і пазначэньня эмпірычнай базы, ад якой адштурхоўваецца аўтар. Таму гэтая кніга не пра эстэтычную прыроду і жанравую адметнасьць эміграцыйнага пісьменства, а хутчэй пра яго літаратурную інфраструктуру і нацыянальны калярыт. Паўнавартаснай інфраструктуры літаратурнага працэсу на эміграцыі не паўстала. Не было створана выдавецтваў, якія б рэгулярна выпускалі творы эміграцыйных пісьменьнікаў, і кнігарняў, якія б прадавалі іх. Прайгравалі ад гэтага больш бэлетрысты, драматургі і публіцысты; паэты з сваімі малааб'ёмнымі творамі мелі большыя магчымасьці для публікацыі ў газэтах і часопісах. У выніку, па-першае, бэлетрысты й публіцысты пераважна друкавалі свае творы за свой жа кошт, і, па-другое, «друкаваная прадукцыя» прадавалася дзясяткі гадоў. Спробу Ўладзімера Пелясы ў 1953-1954 гадах паставіць на ногі камэрцыйнае выдавецтва напаткаў правал: яно зачынілася, выдаўшы тры паэтычныя зборнічкі. Значна больш пасьпяховымі былі выдавецкія праекты мюнхенскай «Бацькаўшчыны» (1952-1962) і Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку. Дзеля адсутнасьці «ўнутрыэміграцыйнага» літаратурнага рынку было немагчыма зарабляць сабе на жыцьцё пісьменьніцкай працай. Бэлетрыст Юрка Віцьбіч працаваў упакоўшчыкам на ткацкай фабрыцы, лірыкі Алесь Салавей і Міхась Кавыль - электразваршчыкам і, адпаведна, прыбіральшчыкам на фабрыцы мэдыкамэнтаў. Празаікі Мікола Цэлеш уладкаваўся грузчыкам на лесапільні, а Іна Рытар - засольшчыцай агуркоў. На заводах і фабрыках (бо ніхто ня ведаў толкам ангельскай мовы і ня меў адпаведнай кваліфікацыі) давялося папрацаваць Масею Сяднёву і нават Натальлі Арсеньневай. За рэдкім выняткам, усім ім даводзілася зарабляць ня толькі сабе на жыцьцё, але й на выданьне сваіх твораў. Гэта прымусіла гісторыка Аўгена Калубовіча апублікаваць бальшыню сваіх твораў пасьля выхаду на пэнсію, а пісьменьніка Масея Сяднёва - надрукаваць свае раманы «І той дзень надышоў», «Раман Корзюк», папрацаваўшы дырэктарам беларускай службы радыё «Свабода». Шмат якія творы тых аўтараў, хто ня змог або не схацеў даць грошай на іх выданьне, у тым ліку Антона Адамовіча, Аўгена Кавалеўскага, Міхася Міцкевіча, Уладзімера Сядуры, Янкі Юхнаўца, Юркі Віцьбіча, дагэтуль ня выдадзеныя і расьцярушаныя ў архівах. Слабым месцам літаратурнага руху на эміграцыі была і літаратурная крытыка. Нягледзячы на свой больш як сьціплы мастацкі набытак, паваенная эміграцыя была перакананая ў сваёй надзвычайнай місіі. На добры лад, гэтая мэгаляманія і стварае яе нацыянальны калярыт. Хай наша літаратура жанрава і стылёва бедная, але яна прасякнутая нацыянальнай ідэяй і любовяй да бацькаўшчыны, - прыкладна так разважалі эмігранты. Падобна разважае і Лявон Юрэвіч, які разумее літаратуру вельмі па-беларуску: не як вытворчасьць мастацкіх вартасьцяў, патэнцыйна цікавых ня толькі ў межах дадзенага нацыянальнага грамадзтва, але і за яго межамі, а як частку нацыянальнага праекту, пакліканага будзіць нацыянальную сьвядомасьць. Рацыянальна гэты комплекс нацыянальнай звышпаўнавартасьці (у духу псыхааналізу яго можна інтэрпрэтаваць як вонкавую, публічную праекцыю прыхаванага комплексу непаўнавартасьці) абгрунтаваць немагчыма, таму ў гульню ўваходзіць міт. У яго аснове ляжыць створанае эміграцыяй уяўленьне пра саму сябе як пра адзіную захавальніцу нацыянальнай тоеснасьці і ўцёках нацыянальнай ідэі зь Беларусі за акіян: «Сфармуляваная ў «Нашай Ніве», найбольш яскрава выявіўшы сябе ва «Ўзвышшы», адроджаная ў «Беларускай (Менскай) Газэце», нацыянальная ідэя не засталася ў Беларусі», - піша Лявон Юрэвіч. Аднак нацыянальная ідэя не была ўпершыню сфармуляваная газэтай «Наша Ніва» - ідэалягічная дактрына мадэрнага беларускага нацыяналізму ўзьнікае на дзясятак гадоў раней. Пра тэарэтычнае ўзбагачэньне нацыянальнай ідэі літаратурна-мастацкім аб'яднаньнем «Узвышша» можа гаварыць толькі той, хто разумее нацыянальную літаратуру амаль па-гегельянску, як форму выяўленьня нацыянальнай ідэі. Яшчэ больш гіпатэтычны ўнёсак у яе «Беларускай (Менскай) Газэты». І нарэшце, выраз «нацыянальная ідэя не засталася ў Беларусі» сьведчыць, што фізычны адрыў ад бацькаўшчыны абарочваецца яе дэманізацыяй. Рэспубліка Беларусь уяўляецца тэрыторыяй нацыянальнай паразы і ганьбы. Нацыянальная ідэя перастае быць ідэяй, г. зн. духовай сутнасьцю, і набывае чалавечую плоць. Яе пэрсаніфікуюць пажылыя заакіянскія апосталы. Аднак, ствараючы адной рукой гераічны міт пра эміграцыю, Лявон Юрэвіч сам жа другой рукой яго разбурае. На фоне рыторыкі пра эміграцыю як адзіную захавальніцу «любові да радзімы» і «вернасьці роднай мове» выяўляецца, што эміграцыйным можа быць пісьменьнік, які ня можа пахваліцца ні веданьнем беларускай мовы, ні якімісь іншымі адзнакамі нацыянальнай сьвядомасьці. Гаворка ідзе пра Андрэя Клёнава, якому ў кніжцы прысьвечаны асобны разьдзельчык побач з Алесем Салаўём і Янкам Юхнаўцом. У асобе Лявона Юрэвіча мы маем самага дасьведчанага знаўцу нашай эміграцыйнай літаратуры, які пачынаючы з 1993 году выдаў і пракамэнтаваў сотні раней недаступных твораў. Іх значэньне было б большае, калі б аўтар раз і назаўсёды парваў з тым, што збліжае яго з сучасным беларускім літаратуразнаўствам як зьявай. Было б лягічна, каб аўтар кнігі аб прозе беларускай эміграцыі прысьвяціў яе вывучэньню прозы беларускай эміграцыі. Аднак замест гэтага ён вырашыў «канцэптуальна цэласна» і «ў агульнаславянскім кантэксце» прааналізаваць увесь эміграцыйны літаратурна-грамадзкі рух. Скажам адразу, дасягнуць гэтай цэласнасьці Алесю Пашкевічу не ўдалося. Кніга важная тым, што адлюстроўвае характар навуковага сьветапогляду маладога пакаленьня беларускіх літаратуразнаўцаў. Пасьля лёсавызначальных для Беларусі падзеяў апошніх 15 гадоў ён застаецца пераходным і расколатым. Ужо сама спасылка на «агульнаславянскі кантэкст» паказвае, што аўтар кнігі, як і вядомыя беларускія палітыкі, існуе ў спэцыфічным «агульнаславянскім сьвеце» і зь нейкіх прычын баіцца выйсьці за яго межы. Да таго ж, яго разуменьне вельмі неглыбокае й вычэрпваецца расейскім, украінскім, польскім, баўгарскім «кантэкстамі» ды літаральна двума словамі пра славацкі. Гэтаму сьветапогляду таксама ўласьціва вялікая ступень карпаратыўнай зьвязанасьці. Кола навуковых аўтарытэтаў яго носьбіта вычэрпваецца творамі ўсім добра вядомых пэрсанажаў беларускага літаратуразнаўства. Апрача гэтага, ён існуе ў ізаляцыі ад сучаснага літаратуразнаўства і не чытае кніжак на заходніх мовах. Нарэшце, гэты сьветапогляд эклектычны. У ягонага носьбіта ўжо пачалася, але яшчэ ня скончылася пераацэнка ідэйных установак традыцыйнага бээсэсэраўскага літаратуразнаўства. Як вынік, нацыяналістычная рыторыка і антыкамуністычны энтузіязм тут спалучаюцца з прынцыпова дадатным стаўленьнем да бээсэсэраўскага літаратурнага афіцыёзу. Згодна з Пашкевічам, раманы Шамякіна закладалі асновы нацыянальнага сьветапогляду. А. Пашкевіч вылучае ў XX стагодзьдзі дзьве хвалі эміграцыі. Першая (Вацлаў Ластоўскі, Францішак Аляхновіч, Віктар Вальтэр і інш.) накацілася пасьля няўдалага досьведу беларускай дзяржаўнасьці на зломе 10-х і 20-х гадоў XX стагодзьдзя, другая - пасьля падзеяў другой сусьветнай вайны. Першая разьвівала і ўзбагачала пераважна мадэрнісцкімі элемэнтамі традыцыю «Нашай Нівы», другая пераймала традыцыі «ўзвышэнства». Асяродкамі першай хвалі былі Вільня («якая пасля імперскіх палітычных падзелаў перастала лічыцца і беларускім горадам»), гарады і мястэчкі Літвы, Латвіі, Чэхіі і, нарэшце, Нямеччыны, другой - т. зв. «вольны сьвет». Пісьменьнікі другой хвалі (1) «дапраходжвалі асноўныя «ўзвышаўскія» эстэтычна-мастацкія знакі-дамінанты: аквітызм, арфізм, красу, дэміургавасць, культурны гістарызм і інш.», (2) працягвалі літаратурныя традыцыі Савецкай Беларусі, перарваныя ў канцы 30-х - пачатку 40-х гадоў, (3) «асвойвалі найбольш значныя дасягненні і нямецкай, французскай, амерыканскай і расійскай эмігранцкай прозы». Гэтая канструкцыя не вытрымлівае крытыкі. Залічэньне Францішка Аляхновіча або Віктара Вальтэра ў разрад пісьменьнікаў-эмігрантаў, як і сарамяжлівыя прызнаньні, што Ігнат Абдзіраловіч «напісаў сваё эсэ «Адвечным шляхам» за межамі Беларусі», не патлумачыць інакш, як капрызам агістарычнай сьвядомасьці, якая ўспрымае геапалітычныя рэаліі пачатку XX стагодзьдзя з пункту гледжаньня пазьнейшых на сто гадоў адміністрацыйна-тэрытарыяльных падзелаў. Гэтыя пісьменьнікі ні ў якую эміграцыю не падаваліся і жылі і памерлі там, дзе прыйшлі на гэты сьвет: Аляхновіч і Абдзіраловіч - у Вільні, а Вальтэр - у Дзьвінску. Тэзы пра мадэрнізм як мастацкі стыль позьняга Ластоўскага або дамінаваньне «аквітызму, арфізму, красы, дэміургавасці, культурнага гістарызму» ў эміграцыйнай літаратуры, роўна як і пра яе ўплыў на літаратуру мэтраполіі, не падмацаваныя тэксталягічным аналізам і дзеля гэтага выглядаюць як асабістыя фантазіі іх аўтара (пагатоў ён ня даў азначэньня гэтых часам загадкавых тэрмінаў). Ідэі аб перайманьні літаратурнай традыцыі Савецкай Беларусі, якая перарываецца ў канцы 30-х - пачатку 40-х гадоў, і асваеньні здабыткаў заходняй ды расейскай эміграцыйнай прозы маглі быць народжаныя толькі ненавуковай сьвядомасьцю, што настойвае на стварэньні свайго паралельнага сьвету, у якім ня дзейнічаюць звычайныя прычынна-выніковыя сувязі. Першая зь іх грунтуецца на прынятай «па замоўчваньні» сучасным беларускім літаратуразнаўствам устаноўцы, згодна зь якой у 30-я гады ў нашай літаратуры працягваецца росквіт, зьяўляюцца шэдэўры накшталт «ляўкоўскага цыклу» Янкі Купалы, і толькі парушэньні законнасьці пры канцы дзесяцігодзьдзя ставяць на гэтым прагрэсе крыж. Аднак насамрэч разрыў гэтай шмат у чым вельмі ўмоўнай традыцыі адбываецца амаль дзесяць гадоў раней, на мяжы 20-х і 30-х. Можна вызначыць яго фізычна асязальныя індыкатары: з аднаго боку, масавы перасьлед пісьменьнікаў, распачаты камуністычнай уладай у 1930-м, з другога - пасьпешлівае асваеньне рэштай, якая засталася на волі, новай мастацкай стылістыкі і пісьменьніцкай этыкі, дзеля чаго і адбываецца гэты разрыў. Па-другое, эміграцыйныя пісьменьнікі фактычна не былі інтэграваныя ў заходнюю літаратурную супольнасьць. У Міжнародны ПЭН-клюб уваходзіў толькі Рыгор Крушына. Пад словамі Янкі Золка, які прызнаваўся, што яго амэрыканства заканчваецца амэрыканскім грамадзянствам, бо за час свайго побыту ён не засвоіў ні мовы, ні літаратуры, ні традыцыяў гэтай краіны, падпісаўся б не адзін Янка Станкевіч. Згодна з Макмілінам, у творчасьці эміграцыйных пісьменьнікаў, што апынуліся ў Амэрыцы, адсутнічае (за адным выняткам - прозы Сядуры) апісаньне гэтай краіны, а таксама яе насельнікаў. Ня будзем тлумачыць чаму. Не было таксама перакладаў эміграцыйных пісьменьнікаў на заходнія мовы, як і, за выняткам пары падборак, іх перакладаў з сучаснае заходняе і расейскае літаратуры. Спроба Кастуся Акулы напісаньнем раману на ангельскай мове «Tomorrow іs Yesterday» прарвацца на заходні літаратурны рынак прынесла толькі расчараваньні і фінансавыя страты. За рэдкім выняткам, эміграцыйныя пісьменьнікі былі ня прагнымі да культурных кантактаў інтэлектуаламі, а заклапочанымі будзённымі клопатамі адраджэнцамі, чый інтэлектуальны профіль, улучна з слабым валоданьнем заходнімі мовамі, сфармаваўся яшчэ да эміграцыі. Пальцаў адной рукі хопіць, каб пералічыць тых, хто зрабіў кар'еру ў заходніх унівэрсытэтах. Гэтыя ідэі, аднак, добра характарызуюць мысьленьне Алеся Пашкевіча. Па сваёй прыродзе ён ня крытык літаратуры, а яе апалягетык. Калі, думае Пашкевіч, эміграцыйная літаратура - зьява выдатная й велічная, яна ня можа існаваць у адрыве ад сусьветнага кантэксту. (Упершыню антынавуковую ідэю, што, калі да беларускай літаратуры мэтраполіі дакінуць літаратуру эміграцыі, у нас выйдзе адна з найбагацейшых у Эўропе літаратур, гадоў дзесяць таму выказаў прафэсар Алег Лойка.) Апалягетычнае мысьленьне грунтуецца на іншых перадумовах, чымся рацыянальнае. Для апалягетыка важная пачуцьцёвая экзальтацыя, сьцьвярджальны патас, рамантычны аплёмб. Халодныя вымогі навуковага ratio для яго не існуюць. Ня варта зьдзіўляцца, што ў кніжцы шмат памылак. Тут ставіцца пад сумнеў нават храналёгія сусьветнай гісторыі - намёкам на тое, што Аўстра-Венгерская імпэрыя распалася на 50 год раней за «расейскую царскую дзяржаву» («Расійская царская дзяржава ... распалася пазней Аўстрыйскай, а таму яе народы ... паўставалі да нацыянальнага жыцця і ўласнага дзяржавабудавання амаль на паўстагоддзя пазней»). Шмат недакладнасьцяў маюць пытаньні з абсягу «літаратурнай гістарыяграфіі»: аўтарства кнігі «Вяртання маўклівая споведзь: Постаці творцаў беларускай гісторыі ў кантэксце часу» прыпісваецца яе рэдактару Юрасю Гарбінскаму, тым часам як гэта была калектыўная манаграфія, у якой свае артыкулы апублікавалі амаль 20 аўтараў. Драматург Аўген Кавалеўскі памёр не ў 1965 годзе і не ў Парыжы, а 1963 годзе ў Руане. Паведамленьне з спасылкай на Масея Сяднёва пра тое, што Юрка Віцьбіч жыў у Рэгенсбургу ў адным доме зь Ю. Верашчакам, - дзіўная фантазія. Ю. Верашчака - адзін з псэўданімаў Вацлава Ластоўскага, чый зямны шлях на той момант ужо завяршыўся ўдалечыні ад Нямеччыны. Мэмуары Яна Пятроўскага былі выдадзеныя ня ў двух, а ў трох тамах. Гісторык Язэп Найдзюк ня быў «найбольш вядомым гісторыкам беларускага эмігранцкага руху». Яўхім Кіпель упершыню апублікаваў «Тэстамэнт» Уладзімера Жылкі не на эміграцыі, а ў ваенным Менску. Нарыс Уладзімера Сядуры «Смаленшчына - адвечная беларуская зямля» быў выдрукаваны не ў 1963 годзе ў Амэрыцы, а ў 1944 годзе ў Бэрліне, а яго правільны назоў «Смаленшчына - адвечная зямля беларускага народу». Часопіс «Узвышша» меліся аднавіць «не ў другой палове 40-х», а ў першай: выйшлі нават сыгнальныя асобнікі першага «адноўленага» нумару, але аддрукаваць увесь наклад выдаўцам перашкодзіў прыход Чырвонай Арміі. Самае ж прыкрае ў кнізе - не фактычныя недакладнасьці, а павярхоўнае знаёмства з тымі тэкстамі, аналізу якіх яна нібыта прысьвечаная. Возьмем, напрыклад, аналіз раману «Драбы» Ўладзімера Случанскага. Для апалягетыка гэты раман - ня толькі непераўзыдзены ўзор гістарычнай прозы, але важнае дасягненьне культурнага разьвіцьця ўсёй нацыі, якое дало штуршок і нацыянальнай літаратуры, і нацыянальнай гістарыяграфіі: Сваім раманам «Драбы» У. Случанскі ўпершыню ў беларускай літаратуры пазначыў галоўныя высновы беларускай гістарычнай навукі XX стагоддзя: сэрца летапіснай Літвы - Наваградак, яно знаходзіцца ў цэнтры сённяшняй Беларусі. А таму можна ўпэўнена сцвярджаць, што навуковая канцэпцыя М. Ермаловіча пра месцазнаходжанне летапіснай Літвы і яе мастацкая ілюстрацыя ў беларускай прозе ў рамане Г. Далідовіча «Кліч роднага звона» мелі ў «Драбах» свой першапачатак. Па ўсёй кніжцы раскідана многа ацэнак «Драбам» («адметны як у зместавым, так і ў фармальным планах твор», у якім «у гістарычнай перспектыве змадэляваны сімвал духоўнага і дзяржаўнага быцця-ўладкавання Літвы-Беларусі»). Ім папярэднічае катэгарычнае: «На эміграцыі ж твор У. Случанскага меў толькі ўхвальныя водгукі». Гэта не зусім так. У выдаваным у ЗША «Летапісе беларускай эміграцыі» (№ 29 за 1985 год) на яго была зьмешчаная крытычная рэцэнзія Часлава Будзькі, у якой ён скрупулёзна аналізуецца з пункту гледжаньня адпаведнасьці гістарычным рэаліям. І тут выяўляецца, што аўтар «Драбаў» быў вялікі блытаньнік. Ён зблытаў хана Залатой Арды часоў бітвы на Ворскле Цімура Кутлука зь яго сучасьнікам, военачальнікам Цімурам Кульгавым, які незадоўга да гэтай бітвы зрабіў зьнішчальны рэйд углыб залатаардынскай тэрыторыі, адкрыўшы тым самым шлях для літоўскай экспансіі. (Цімур Кульгавы ў «Драбах» - хан Залатой Арды.) Ня ўсё добра і зь іншым гістарычным пэрсанажам - «удзельным князем слуцкім, з слаўнага роду Алелькавічаў - у недалёкім мінулым вялікім рубакам і нястомным наезьнікам, а зараз ужо старым і аслабеўшым, сівым як лунь». Дынастыя Алелькавічаў была запачаткаваная Альгердавым унукам Алелькам. У 1399 годзе - у якім адбываецца дзеяньне - пра ніякіх Алелькавічаў гаварыць яшчэ не выпадала, бо сам заснавальнік дынастыі ня выйшаў зь дзяцінага веку. Маскоўскі агент і па сумяшчальніцтве праваслаўны мітрапаліт Фоцій тытулюецца «мітрапалітам маскоўскім і наваградзкім», дарма што ў той час існавала толькі тытулятура «кіеўскага мітрапаліта». Не была вядомая пісьменьніку Случанскаму розьніца паміж Крыжацкім Ордэнам у Прусіі і Ордэнам Мечаношаў у Лівоніі, як і прыкладная дата паўстаньня гусіцкага руху ў Чэхіі. Ня будзем спыняцца на ўсіх дэталях крытыкі - зь яе вынікае, што гістарычныя веды Случанскага былі фрагмэнтарныя, а лёгіка нарацыі падпарадкаваная вульгарна зразуметым нацыянальным інтарэсам (таму цела аповесьці населена падступнымі палякамі і маскоўцамі). Выснова Часлава Будзькі адназначная: «Дыскусія можа быць толькі, ці Случанскі напісаў благую гістарычную аповесьць, ці папросту - шкодную макулятуру». І гісторыя з «Драбамі», і паняцьцёвая блытаніна, і фактычныя няўвязкі сьведчаць, што літаратурнага апалягетыка мала займае элемэнтарна карэктны аналіз літаратурнага твору або пэўнай літаратурнай фармацыі. Не яму ён прысьвячае свае кнігі, а самому сабе і сваім амбіцыям. Тое, што сучаснае беларускае літаратуразнаўства знаходзіцца ў крызысе, ня раз канстатавалася ў незалежным друку. Прынамсі па дзьвюх пазыцыях - характары навуковага сьветапогляду і ўжываных мэтадалёгіяў (на месца ідэалягічных усё часьцей прыходзяць мэтадалягічныя абмежаваньні) - гэты крызыс далёкі ад пераадоленьня. Маладая зьмена гніламёдавых і навуменак па-ранейшаму ня ўмее рабіць вольных ад візіянэрства высноваў і абагульненьняў. І піша кнігі, якія ня менш эфэктыўна за сваіх папярэдніц фальсыфікуюць літаратурную рэальнасьць. Насуперак сваёй назьве, кніга Лідзіі Савік прысьвечана вылучна эміграцыйным паэтам - Натальлі Арсеньневай, Уладзімеру Дудзіцкаму, Хведару Ільляшэвічу, Янку Золку, Міхасю Кавылю, Уладзімеру Клішэвічу, Рыгору Крушыну, Алесю Салаўю і Масею Сяднёву. З спасылкай на Аўгена Калубовіча, які зьвязваў першую хвалю эміграцыі з разгромам паўстаньня Касьцюшкі, Савік называе паваенную эміграцыю восьмай па ліку ў нацыянальнай гісторыі. Ідэя ў кнізе фактычна адна, толькі выражаецца дзясяткамі схалястычных спосабаў: працягваючы традыцыі нашаніўства, эміграцыйная літаратура была формай захаваньня і прапаганды беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. У згадцы пра «нашаніўскую традыцыю» (якая, між іншага, нарадзіла мастацкі сьвет Масея Сяднёва) няма і ценю палемікі з Алесем Пашкевічам. Гэтая традыцыя папросту сымбалізуе для аўтаркі пачаткі ўсёй новай беларускай літаратуры. Лідзія Савік шмат дзе была і многа што бачыла, таму ў яе тоўстай кнізе параскідана багата цікавых зьвестак і цытатаў з рэдкіх крыніцаў. Ад кніжкі Алеся Пашкевіча яе таксама адрозьнівае простая кампазыцыя. Гэтым, аднак, сур'ёзныя адрозьненьні паміж гэтымі дзьвюма кніжкамі і абмяжоўваюцца. Усьлед за Пашкевічам Савік залічае ў эмігранты Вацлава Ластоўскага, Браніслава Тарашкевіча і Францішка Аляхновіча, «зьнішчанага ў часы сталіншчыны» (?). Збліжае іх і падмена аналізу літаратурных твораў суб'ектыўнымі імпрэсіямі зь іх нагоды, схільнасьць да ірацыянальнага, фрагмэнтарнае веданьне дасьледаванай тэмы і паталягічная боязь распачаць сур'ёзную дыскусію пра самую казытлівую старонку жыцьцяпісу эміграцыі - пэрыяд другой сусьветнай вайны. Пад схільнасьцю да ірацыянальнага тут разумеецца вылучэньне і навязваньне ідэяў, якія супярэчаць навуковаму сьветапогляду. Нярэдка яны проста алягічныя («амаль усе пісьменнікі-эмігранты былі сучаснікамі старэйшага пакалення беларускай творчай інтэлігенцыі»), але часьцей навеяны тым, што ў нас прынята называць «нацыянальнай гордасьцю». У вэрсіі Савік усе пісьменьнікі-эмігранты валодаюць асноўнымі эўрапейскімі мовамі, але пішуць толькі на роднай (гэтая думка фармулюецца двойчы). На шчасьце, гэта не адпавядае сапраўднасьці. Кастусь Акула, Уладзімер Сядура і Антон Адамовіч пісалі па-ангельску, Юрка Віцьбіч, Міхась Кавыль і Мікола Цэлеш - па-расейску. Увогуле, жыцьці й кар'еры эміграцыйных пісьменьнікаў ува ўлоньні іншых культур складаюць асобны інтэлектуальны сюжэт. Уладзімер Сядура ў Амэрыцы перарадзіўся ў дасьледніка творчасьці Дастаеўскага, якому прысьвяціў пару выдадзеных па-ангельску кніжак, Масей Сяднёў і Ўладзімер Клішэвіч нейкі час выкладалі расейскую мову ў амэрыканскіх каледжах, а Ўладзімер Дудзіцкі ў Вэнэсуэле - навуку аграноміі. Англамоўным пісьменьнікам давялося пабыць нават аднаму з палітычных лідэраў эміграцыі Міколу Абрамчыку, які ў 1950 годзе выпусьціў у Канадзе кніжку «I Accuse the Kremlin of Genocide of my Nation». Іншы сантымэнт зьвязвае Савік зь Вільняй, у якой, на яе думку, на пачатку XX стагодзьдзя «скрозь гучала беларуская мова». Каб зразумець, што гэта ня так, досыць прыгадаць віленскія прыгоды лірычных герояў Францішка Багушэвіча або Якуба Коласа. Як і цяпер, сто гадоў таму горад быў тэрыторыяй, у якой панавалі мовы нацыянальных культур, а не этнічных супольнасьцяў. У тагачаснай Вільні беларуская мова была мовай вузкіх інтэлігенцкіх асяродзьдзяў (якія і колькасьцю ўдзельнікаў, і прадукцыйнасьцю культурнай працы сур'ёзна прайгравалі нават літоўскай інтэлігенцыі, ня кажучы ўжо пра іншых) і, часткова, гарадзкіх нізоў. У гэтым сэнсе за сто гадоў мала што зьмянілася. Савік памыляецца часта і ў дачыненьні да шырокага кола пытаньняў. Блытаніна ў яе пачынаецца ўжо зь першых радкоў прадмовы, згодна зь якой, але насуперак відавочнасьці Рыгор Крушына пачаў друкаваць свае творы ў 30-40-х, а Кастусь Акула - толькі на эміграцыі. Спынімся толькі на прынцыповых момантах: на эміграцыі ў Юркі Віцьбіча выйшаў не адзін, а два зборнікі нарысаў - «Плыве з-пад сьвятое гары Нёман» (Мюнхен, 1956) і «Мы дойдзем» (Нью-Ёрк, 1974). Раман Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis» на беларускую мову пераклаў не Ўладзімер Дудзіцкі, а Пятро Татарыновіч. Кнігі Аркадзя Смоліча і Ўсевалада Ігнатоўскага ніколі не перавыдаваліся на эміграцыі. Антон Адамовіч «пачаў» не ў 30-х, а ў 20-х гадах. Віленскі часопіс «Калосьсе» стаў выходзіць не ў 1932, а ў 1935 годзе. Нямецкая акупацыя Менску доўжылася не 4, а 3 гады. Падчас другой сусьветнай вайны ў Слоніме выдавалася не «Слонімская газета», а «Слонімскі кур'ер» (лацінкай). Янка Золак, прыехаўшы ў Беларусь у 1994 годзе, ня мог быць удзельнікам Першага зьезду беларусаў сьвету, які адбыўся ў 1993 годзе. Слова «Крыўя» было ўведзена ўва ўжытак ня Ўсеваладам Ігнатоўскім, а Янкам Станкевічам (у такой форме). У Аўстраліі Алесь Салавей стаў не Альфрэдам, а Альбэртам Кадняком, і гэтае прозьвішча не было дзявочым прозьвішчам яго жонкі. Пра такія пісаньні звычайна гавораць, што з сваім выхадам яны спазьніліся на пяць, дзесяць ці колькі там яшчэ гадоў. Нават калі гэта так, «Пакліканыя» зьяўляюцца вельмі сучаснай ілюстрацыяй да таго, як піша, наколькі глыбока думае і што ведае сучаснае беларускае літаратуразнаўства. Бо адказнасьць за такія выданьні нясуць ня толькі іх аўтары, але і ўстановы, якія рэкамэндуюць іх да друку і практычнага выкарыстаньня, - у гэтым выпадку Вучоная рада Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. «Беларуская літаратура дыяспары» - трэцяя па ліку кніга Арнольда Макміліна, прысьвечаная нашаму краснаму пісьменству. Раней былі працы «A History of Byelorussian Literature: From its Origins to the Present Day» (1977, выклікала ідэалягічна вытрыманыя рэцэнзіі ў тагачасным беларускім друку) і «Belarusian Literature in the 1950s and 1960s. Release and Renewal» (1999, перавыдадзеная праз два гады па-беларуску). У прадмове да кнігі Макмілін гаворыць пра гісторыю яе стварэньня. Ён адзначае, што першапачаткова меркаваў напісаць гісторыю беларускай літаратуры, пачынаючы з 1970 году і да сёньняшняга часу, улучыўшы ў яе разьдзел пра эміграцыйных аўтараў. Але хутка зразумеў, што пра саму «дыяспарную» літаратуру можна лёгка напісаць цэлую кніжку, што й было зроблена. Кампазыцыйна «Беларуская літаратура дыяспары» істотна розьніцца ад падобных твораў беларускіх аўтараў, якія схільныя атаесамляць паняцьці «эміграцыя», «выгнаньне» і «дыяспара». Яна распадаецца на тры няроўныя часткі: эміграцыйная літаратура, беларуская літаратура ў сучаснай усходняй Эўропе і беларуская літаратура Польшчы. Памер першай і трэцяй частак прыкладна аднолькавы, другая ж амаль на парадак меншая (такім чынам, структура кнігі навязвае думку аб раўназначнасьці эміграцыйнай літаратуры і літаратуры беларускай меншыні Польшчы). Ува «Ўводзінах» гаворыцца, што кожная «дыяспарная» («expatriate») літаратура абавязкова мае дзьве асноўныя формы. Першая, якую можна назваць чыста дыяспарнай, прадстаўлена творамі, напісанымі за палітычнымі межамі краіны пісьменьнікамі, якія зьвязаны зь ёй сваім этнічным паходжаньнем і, часткова, сваёй мовай. Другая, уласна эміграцыйная, - творчасьцю тых, хто быў змушаны падацца ў эміграцыю з сваёй бацькаўшчыны. Згодна з гэтым у масіве агульнай дыяспарнай літаратуры вылучаюцца тры падтэмы: літаратура эміграцыі, творчасьць беларускіх пісьменьнікаў Расеі, Латвіі, Украіны і беларускай меншыні Польшчы. Нарэшце, апошняя важная заўвага датычыць правапісу кірылічных цытатаў (у кнізе цытаты з паэзіі даюцца сьпярша на мове арыгіналу, пасьля - у падрадковым ангельскім перакладзе) - аўтар сьцьвярджае, што беларуская артаграфія тут «нармалізаваная шляхам пазначэньня мяккіх зычных», г. зн. адпавядае таму, што ў нас называецца тарашкевіцай. На жаль, правапіс цытат - найслабейшае месца гэтай у цэлым зьмястоўнай кнігі. Выявіўшы ў іх пад сотню памылак, мы спынілі падлікі. Кніга знаёміць англамоўнага чытача зь Петрукамі, Нінкамі, Алікамі і іншымі пэрсанажамі літаратуры дыяспары. Пра яе макра- і мікралітаратурныя аналізы трэба пагаварыць асобна. Нягледзячы на агульную культуру дасьледаваньня, макралітаратурны аналіз часам вызначаецца павярхоўнасьцю і супярэчнасьцямі, а мікралітаратурны грашыць анахранізмамі, мадэрнізацыямі, геаграфічнымі і біяграфічнымі неадпаведнасьцямі, моўнымі скажэньнямі і іншымі недакладнасьцямі. Макмілін падтрымлівае тэзу, згодна зь якой эміграцыйныя пісьменьнікі пісалі на тэмы, якія былі забароненыя ў БССР, г. зн. заклікалі ратаваць родную мову і адстойвалі права нацыі на нацыянальную незалежнасьць, пры гэтым, з пункту гледжаньня мастацкай прыроды сваіх твораў, рэдка калі адыходзячы ад эстэтыкі «Нашай Нівы». Усе паэты, якім пашчасьціла вырвацца з гравітацыйнага поля «нашаніўства», перажылі ўплывы Максіма Багдановіча (ён абвяшчаецца паэтам, які вырас з традыцыі «Нашай Нівы» і, усьведамляючы патрэбу паляпшэньня слоўніка, рымаў і рытмікі, пераўзышоў яе, прышчапіўшы сваім літаратурным наступнікам, у тым ліку некаторым эміграцыйным паэтам, любоў да кананічных формаў), празаікі - Вацлава Ластоўскага. У адрозьненьне ад Алеся Пашкевіча, Макмілін не залічвае Ластоўскага і да яго падобных у катэгорыю эміграцыйных літаратараў, а таксама ня схільны акцэнтаваць уплыў «Узвышша» на літаратуру беларускай эміграцыі, дарма што прынагодна зазначае, што на фармаваньне творчай індывідуальнасьці Алеся Салаўя ўплывала паэзія Жылкі і Дубоўкі. Асобныя разьдзелы прысьвечаны творчасьці Янкі Юхнаўца (з прычыны яе экспэрымэнтальнасьці і максымальнай аддаленасьці ад традыцыі «Нашай Нівы»), Ларысы Геніюш (заслугоўвае адмысловага месца ў сэрцах беларусаў дзякуючы свайму пакутніцкаму лёсу), Натальлі Арсеньневай і Масея Сяднёва. Кожны мікрааналіз тут заканчваецца ацэнкамі. Алесь Салавей выяўляецца адным з найлепшых майстроў санэту ў беларускай літаратуры, рупным і часам бліскучым вэрсыфікатарам. Янка Золак тым часам - безумоўна малазначны паэт, чые найлепшыя творы былі створаны ў гады апошняй вайны. Янка Юхнавец паўстае адзіным паэтам свайго пакаленьня, якога з поўным правам можна назваць авангардыстам, дзякуючы здольнасьці спалучаць філязофскія падтэксты зь сьмелымі лінгвістычнымі экспэрымэнтамі. Рыгор Крушына характарызуецца як кансэрватыўны творца, схільны да нараканьняў на жыцьцё ўдалечыні ад бацькаўшчыны. Моцны бок паэзіі Ўладзімера Дудзіцкага ў яе мове - вялікім слоўнікавым запасе і частых сынтаксычных інвэрсіях. Паэзія Міхася Кавыля вылучаецца тым, што на 90 працэнтаў была створана на эміграцыі. Пасьля Багдановіча толькі Арсеньнева далёка адышла ад запачаткаванай Багушэвічам традыцыі зацыкленасьці на сацыяльных пытаньнях. Для Макміліна літаратурная крытыка цесна зьвязана з вызначэньнем літаратурнай гіерархіі. Ён прызнае вядучым паэтам эміграцыі Масея Сяднёва, які надзвычайна ўзбагаціўся дзякуючы сваім кантактам зь вялікай нямецкай культурай. Гэтыя кантакты выклікалі значныя зьмены ў фармальных аспэктах яго паэзіі, асабліва ў мэтрыцы і жанравай прыродзе. Сяднёў пачаў ужываць модны белы верш, пісаць вялікія паэмы і нават рытмізаваную прозу, а яго паэзія пачала напаўняцца вялікай колькасьцю літаратурных і іншых рэмінісцэнцыяў, у тым ліку ліку на творы Пушкіна. Усё гэта прымусіла Макміліна лічыць Сяднёва найважнейшым беларускім паэтам XX стагодзьдзя, а яго творчасьць - вяршыняй дасягненьняў эміграцыйнай паэзіі. На думку Макміліна, эміграцыйная проза прайграе паэзіі па сваім літаратурным значэньні, што, аднак, не прыніжае яе важнасьці. Як і Пашкевіч, ён бачыць яе перш-наперш у славянскім кантэксьце (ад якога неадрыўная нават творчасьць Кастуся Акулы). Аднак - ужо ў адрозьненьне ад Пашкевіча, чыя градацыя грунтуецца на адвольным залічэньні да эміграцыйнай прозы твораў, напісаных Антонам Адамовічам і Лявонам Савёнкам яшчэ да эміграцыі зь Беларусі, - Макмілін не вылучае сатырычнай прозы як яе трэцяга «асноўнага тыпу», абмяжоўваючыся гістарычнай і мэмуарнай. Сярод гэтых дзьвюх разнавіднасьцяў дамінуе гістарычная або квазігістарычная проза, якая распадаецца на фальклёрна-гістарычную і кніжна-гераічную. У аўтарах гістарычнай прозы апынаюцца стваральнік «прымітыўных ваенных апавяданьняў» Алесь Змагар, Уладзімер Сядура, Пётра Сыч, Антон Адамовіч і інш. Мастацкая проза Ўладзімера Сядуры - аднаго з найбольш плённых эміграцыйных пісьменьнікаў, калі меркаваць па памеры напісанага, - характарызуецца як вельмі пасрэдная. Макмілін вітае Сядураву спробу апісаць Новы сьвет, але лічыць яе вынік вельмі няўдалым. Канчаецца гэты разьдзел простай і па-свойму ўнівэрсальнай высновай: у краіне, гісторыя якой адмаўляецца, фальсыфікуецца і перакручваецца, гістарычная проза мае трансьлітаратурнае значэньне. Згодна з Макмілінам, родапачынальнікамі мэмуарнай традыцыі эміграцыйнай прозы выступаюць Казімер Сваяк, Вінцук Адважны і Аўген Калубовіч, а найбольшым здабыткам зьяўляецца раманістыка Масея Сяднёва і, у меншай ступені, Кастуся Акулы. У вэрсіі Макміліна Сяднёў пераўзышоў сваіх калег стылёвым багацьцем і моўнай вышуканасьцю сваіх раманаў «І той дзень надышоў» ды «Раман Корзюк», якія «будуць жыць разам з найлепшымі творамі пісьменьнікаў нашкталт Янкі Брыля, Васіля Быкава і Івана Пташнікава». Гэтым, здавалася б, абгрунтаваным высновам і ацэнкам уласьцівыя, аднак, унутраныя супярэчнасьці. Пачнём з паэзіі. Паводле Макміліна, яна фактычна спалучае неспалучальнае: з аднаго боку, адрозьніваецца «багацьцем і разнастайнасьцю», з другога - зьяўляецца ультракансэрватыўнай, а вэрсыфікацыйныя здольнасьці бальшыні яе стваральнікаў - надзвычай нізкімі. (Гэтаксама і з эміграцыйнай прозай: сьпярша будзе падкрэсьлена яе важнасьць, а пасьля сьцьверджана, што яна выклікацьме адно гістарычны інтарэс.) Па-другое, Макмілін хінецца да абсалютызацыі ролі Максіма Багдановіча, які вырастае ў адзінага трэгера заходнеэўрапейскіх і клясычных вершаваных памераў (санэт, актава, канцона, трыялет) у беларускую паэзію і ад узьдзеяньня якога ня могуць вызваліцца нават найбольш кансэрватыўныя паэты, верныя сыляба-тоніцы. Насамрэч калі Багдановіч сапраўды папулярызаваў у нашай паэзіі трыялет і санэт (хаця санэты пісалі ягоныя сучасьнікі Янка Купала, Зьмітрок Бядуля, Паўлюк Трус, Уладзімер Дубоўка і інш.), то актаву ў беларускую літаратуру ўвёў Янка Купала, а Багдановіч па сутнасьці не карыстаўся гэтым вершаваным памерам, як і не карыстаўся канцонай, факты ўжываньня якой у беларускай літаратуры застаюцца адзінкавымі. Зьвядзеньне заходнеэўрапейскіх і, шырэй, мадэрнісцкіх уплываў на эміграцыйную паэзію да асобы Максіма Багдановіча мае суб'ектыўны характар яшчэ й таму, што запярэчвае інсьпірацыі іншых эўрапейскіх літаратур, хай сабе з такога мілага Макміліну славянскага сьвету. Адпаведнік Багдановіча ў абсягу гістарычнай прозы - Вацлаў Ластоўскі. Імпульс, дадзены ім гістарычнай прозе, быў нагэтулькі моцны, што не запыніўся на эміграцыйных пісьменьніках і даляцеў да Ўладзімера Караткевіча з Уладзімерам Арловым, «найбольш выдатных беларускіх раманістаў». Між тым цьверджаньні накшталт «Віцьбіч пісаў сваю прозу ў духу Вацлава Ластоўскага» або «Случанскі насьледаваў інсьпірацыям Вацлава Ластоўскага» яшчэ больш галаслоўныя, чымся ў выпадку Багдановіча. Проза Ластоўскага не магла мець шырокага ўзьдзеяньня прынамсі з прычыны свайго вельмі вузкага абарачэньня: упершыню асобным выданьнем яна выйшла ў Мюнхене ў 1956 годзе (укладальнік мюнхенскага выданьня ў сваёй прадмове называе Ластоўскага «мала ведамым пісьменьнікам»). Апрача гэтага, Макмілін разумее гістарычную прозу Ластоўскага надзвычай тэндэнцыйна, як увасабленьне тыпова нацыяналістычнага сьветапогляду, разглядаючы тым самым яе аўтара не як пісьменьніка, а як настроенага на прадукаваньне нацыяналістычнай міталёгіі ідэоляга, які між іншага стварыў фікцыю залатога веку беларусаў. Лішне гаварыць, што гэтая «фікцыя» была створаная на пару дзясяткаў гадоў раней за Ластоўскага паводле ўнівэрсальных эўрапейскіх законаў пабудовы нацыянальнага міту. Макмілін, як сьведчыць яго аналіз, таксама не пайшоў далей за першае павярхоўнае знаёмства з «Драбамі» Случанскага. Гэты твор, на ягоную думку, багаты дэталямі, гістарычнымі характарамі і падзеямі, улучна з «выдатнымі карцінамі аднастайных краявідаў Беларусі, у лясох якой вядуцца мядзьведзі і іншыя дзікія зьвяры», а ягоны аўтар сур'ёзна рыхтаваўся да яго напісаньня. Думаецца, існуюць дзьве асноўныя прычыны гэтай павярхоўнасьці - непераадолены моўны бар'ер і праблемная праца з крыніцамі. Абедзьве яны, як у фокусе, сышліся пры аналізе прозы Антона Адамовіча, якая чамусьці аднесена да «гістарычнай». Зь вялікага і надзвычай цікавага празаічнага даробку Адамовіча Макмілін ведае і аналізуе толькі адно апавяданьне «Афрадыта-Ост». Яго дзеяньне адбываецца ў Нямеччыне незадоўга да яе капітуляцыі. Галоўны герой апавяданьня едзе ў цягніку толькі ў аднаму яму вядомым кірунку. Зь нейкіх прычынаў ён пабойваецца сустрэчы зь нямецкай крымінальнай паліцыяй. Асабліва не прыцягваючы да сябе ўвагі, ён раптам натыкаецца на вельмі сымпатычную дзяўчыну, пра якую сьпярша думае, што яна немка й гімназістка. Паміж маладымі людзьмі завязваецца ажыўленая размова на нямецкай мове (хоць наратар прызнаецца, што ведае нямецкую вельмі пасрэдна і што яго зьдзіўляе гэтая легчыня, зь якой даецца размова па-нямецку). Хлопец і дзяўчына адчуваюць узаемны поцяг, хлопец чытае дзяўчыне вершы Багдановіча на мове арыгіналу. Разьвязка апавяданьня нечаканая: высадзіўшы сваю спадарожніцу на пэроне чыгуначнай станцыі, наратар праз расхрыстаны плашч неспадзеўкі бачыць на ёй нашыўку «Ost», знак паходжаньня з усходу тагачаснага нямецкага райху. Апошнія сумневы разьвейвае запіска з адрасам, якую крадком пакінула дзяўчына перад сваім выхадам: яна была напісаная каліграфічнай кірыліцай і па-беларуску. Тым часам у Макміліна ўсё выглядае інакш: Прыкладам мастацкай прозы Адамовіча зьяўляецца «Афрадыта-Ост», апавяданьне аб сустрэчы ў цягніку падчас вайны маладога хлопца, найхутчэй остарбайтэра, з маладой і загадкавай немкай ці, магчыма, жыдоўкай. Іх знаёмства канчаецца, калі яна выходзіць зь цягніка. Паміж імі ціха ідзе рамантычная і таямнічая размова. Атмасфэра даволі добра перадаецца без залішняй дэталізацыі. Ён спрабуе зразумець нямецкі характар і, каб стварыць адпаведную атмасфэру, ужывае шматлікія нямецкія словы, напісаныя кірылічнымі літарамі. Атмасфэра цягніка адлюстравана часткова, без падрабязнай дэталізацыі... Дзяўчына выходзіць зь цягніка, пакідаючы героя ў рамантычным расчараваньні, хаця гэтая прыгода надае яму больш вытрымкі перад абліччам немінучага арышту. Давяршаецца гэты пераказ няправільным, абумоўленым неразуменьнем беларускага арыгіналу перакладам назвы апавяданьня на ангельскую мову - «Aphrodite Eastern Style». Воля літаратурнага крытыка канчаткова зьнішчае вобраз роўнай сваім хараством грэцкай багіні каханьня беларускі, вымушанай насіць нашыўку «Ost». Вельмі павярхоўнае знаёмства Макміліна і з творчасьцю шэрагу іншых пісьменьнікаў. Прачытаўшы зь дзесяць старонак прозы Пётры Сыча ў анталёгіі «Ля чужых берагоў» (Мюнхен, 1955), ён здавальняецца цалкам кур'ёзнай высновай: «Гэтых фрагмэнтаў недастаткова, каб стварыць выразнае ўяўленьне аб патэнцыйным таленце Сыча як пісьменьніка». Ясна, што недастаткова, бо для разгорнутых ацэнак і эмпірычна падмацаваных высноваў трэ было разгледзець кнігу лірычнай прозы Сыча «Сьмерць і салаўі» (Мюнхен, 1965), пра якую Макмілін нічога ня ведае. Вельмі туманнае ўяўленьне ён мае і пра творчасьць аўтара раману «Роджаныя пад Сатурнам» і шэрагу меншых твораў Віктара Вальтэра (Бальтара, у аўтарскім напісаньні). Ад таго, што Макмілін цытуе прозу Юхнаўца зь літаратуразнаўчых артыкулаў Юрэвіча, а апавяданьні Віцьбіча - з ужо памянёнага зборніка «Вяртаньня маўклівая споведзь», праблема крыніцаў толькі завастраецца. На фоне гэтага няпоўнага або нават перакручанага ўяўленьня пра эміграцыйную прозу надзвычай няпэўнымі і адвольнымі аказваюцца адразу абедзьве Макмілінавы высновы ў яе дачыненьні: па-першае, што яна прайграе па літаратурнай вартасьці эміграцыйнай паэзіі, а па-другое, вызначэньне Масея Сяднёва як яе карыфэя. Дарэчы, на думку некаторых крытыкаў, найбольшым дасягненьнем эміграцыйнай прозы зьяўляецца творчасьць Антона Адамовіча: Аўген Калубовіч меркаваў, што яна вартая ўганараваньня Нобэлеўскай прэміяй. І яшчэ колькі заўвагаў наконт фактычных недакладнасьцяў. Пасьля выезду зь Нямеччыны Ўладзімер Дудзіцкі жыў не ў Італіі, Гішпаніі і ЗША, а ў Вэнэсуэле. Першы верш Міхася Кавыля ня мог быць апублікаваны ў 1929 годзе ў «Беларускай газэце» таму, што газэты з такой назвай тады не існавала. Алесь Салавей паступіў у Менскі пэдагагічны тэхнікум не ў 1937-м, а ў 1938 годзе. Яго першы друкаваны верш «На сенажаці» пабачыў сьвет не ў 1933-м, а ў 1937 годзе. Янка Золак нарадзіўся 1 лістапада 1912, а не 1910 году. Вячаслаў Адамчык ня быў савецкім паэтам, як і Віленская Марыінская гімназія, у якой вучылася Натальля Арсеньнева, не была Віленскай вучэльняй айцоў-марыянаў. Гэтая паэтка надрукавала свой першы верш у 1920 годзе ў віленскай «Нашай Ніве», а ня ў «Нашай долі», і яе сын Яраслаў загінуў не ў баі, а на сцэне Менскага гарадзкога тэатру ад выбуху бомбы, падкладзенай партызанамі. Нарэшце, пісьменьніца Іна Рытар абрала сабе псэўданім Аляксандра, а ня Іра Саковіч, Уладзімер Клішэвіч нарадзіўся ў вёсцы Краснадворцы, а не Чырнадворцы, Ян Станкевіч выдаваў часопіс «Веда», а ня «Веды», Крынкі - гэта ня вёска, а мястэчка, і г. д. Канчаецца тэматычны блёк, прысьвечаны эміграцыйнай літаратуры, нарысам пра драматургію. Хаця ў ім няма рэвэляцыйных думак, сама яго прысутнасьць робіць дасьледаваньне прынамсі фармальна завершаным. З усіх памянёных у гэтым аглядзе кніжак драматургія разглядаецца толькі тут, беларускія аўтары проста ня бачаць яе самастойным прадметам дасьледаваньня. Разьдзельчык пра творчасьць трох беларускіх паэтаў з Усходняй Эўропы (Эдуарда Вайвадзіша з Латвіі, Анатоля Кірвеля з Расеі, Іны Снарскай з Украіны) таксама зьявіўся, бадай, для стварэньня эфэкту паўнаты, а не з аналітычных меркаваньняў. Запомніцца ён можа хіба адной дэтальлю: што найбольш таленавітая з гэтых трох, Снарская, нарадзілася ў Полацку ў арыстакратычнай (sic!) сям'і. Дарэчы, застаецца загадкай, чаму Макмілін адабраў для агляду толькі гэтую тройцу і пакінуў па-за ўвагай творчасьць, напрыклад, Тацяны Сапач, Хведара Нюнькі або Станіслава Валодзькі. Разьдзел пра беларускую літаратуру Польшчы структурна і канцэптуальна мала чым адрозьніваецца ад папярэдніх. Яе лідэрамі абвяшчаюцца Ян Чыквін і празаік Сакрат Яновіч. Паэтаў тут крытыкуюць за старамоднасьць. Віктару Шведу дастаецца за творчае рэнэгацтва, Алесю Барскаму - за надзвычай простую прасодыю. Зосю Сачко губіць страсьць да разбурэньня літаратурнай мовы за кошт выкарыстаньня дыялектнай мовы ў сваіх вершах. Іншымі словамі, каб ня вершы Міраславы Лукшы («паэткі вялікага прыроджанага дару і шырокіх тэматычных інтарэсаў»), імпрэсіяніста Яшы Бурша, які ўплываў сваёй творчасьцю на маладзейшых калег, і, натуральна, Яна Чыквіна (чыя творчасьць «увабрала ў сябе лепшае з польскай і беларускай паэзіі, праўда, без захапленьня авангарднымі фармальнымі экспэрымэнтамі»), паэзію беларускай дыяспары Польшчы можна было б з поўным правам назваць тэматычна і сюжэтна беднай, дый да таго ж напісанай пры дапамозе анахранічных наратыўных тэхнік. І ўсё ж, як і ў выпадку зь літаратурай беларускай эміграцыі, акурат яна застаецца найбольшым мастацкім дасягненьнем беларусаў Польшчы. Проза і тым больш драматургія моцна прайграюць ёй у літаратурнай вартасьці. Зноў жа, як і ў выпадку эміграцыйнай літаратуры, проза тут у асноўным прадукавалася ў жанры мэмуараў, успамінаў і гістарычнага раману. Менш значнымі празаічнымі жанрамі называюцца лірычныя і элегічныя апавяданьні вельмі рознай даўжыні, нарысы, жарты і анэкдоты, а таксама этнаграфічныя замалёўкі. Усьлед за Янам Чыквіным Макмілін найбольшым празаічным здабыткам называе раман Сакрата Яновіча «Самасей», напісаны ў сярэдзіне 70-х, а яго адметнасьцю - сьцьвярджэньне маральнай і іншай перавагі вёскі над горадам. Падобна да вершаў Багушэвіча, горад адзін паўстае ў ім як варожы, матэрыялістычны, бяздушны, вульгарны Бабілён, які зьнішчае спрадвечную маральнасьць. З разьдзелу пра драматургію вынікае, што польскія беларусы пасьля другой сусьветнай вайны напісалі дзевяць п'есаў. Самай рэалістычнай зь іх Макмілін уважае п'есу Яна Чыквіна «Калі хто чужы» (1967), а таксама бачыць уплыў паэзіі Аляксандра Блока на драматургію Сакрата Яновіча (раней ён дагледзеў у драматургіі Янкі Юхнаўца уплываў Пушкіна і Чэхава, а ў прозе Міры Лукшы - сьляды «квазічэхаўскай рэалістычнай манеры»). На фоне гэтага стракаценьня сьлядоў расейскіх клясыкаў асабліва відавочнай робіцца няздольнасьць Макміліна ўбачыць узьдзеяньні іншых літаратур на літаратуру дыяспары. Як бы там ні было, Арнольд Макмілін застаецца нацыянальным здабыткам Беларусі, бо ён адзіны заходні дасьледнік, які прысьвяціў сябе вывучэньню беларускай літаратуры. На жаль, за гэты статус яму давялося заплаціць адсутнасьцю крытычнага абмеркаваньня сваіх беларусазнаўчых працаў. Інакш не патлумачыць, чаму ягоная апошняя кніжка выйшла не адрэдагаваная як сьлед. Колькасьць публікацый, прысьвечаных беларускай дыяспары, пакуль слаба адбіваецца на іх якасьці. Усе яны ў той ці іншай форме культывуюць пра яе фантастычныя ўяўленьні, прычым асаблівую міталягізацыю зьведвае эміграцыйная літаратура (як адзінае прытулішча нацыянальнай сьвядомасьці і г. д.). У ніводнай зь іх не знайсьці адказу на пытаньне, чаму беларуская эміграцыя аказалася ня ў стане працягнуць на бацькаўшчыне свае палітычныя (у адрозьненьне ад Прыбалтыкі, у кожнай з трох краін якой у 90-х прэзыдэнцкія пасады займалі людзі з паваеннай хвалі эміграцыі) або гуманітарныя праекты (самае ўплывовае інтэлектуальнае выданьне Ўкраіны, часопіс «Критика», рэдагуе «прадстаўнік украінскай дыяспары ў Амэрыцы» - гарвардзкі прафэсар Рыгор Грабовіч). Не ўваходзячы ў шырокую дыскусію, заўважым, што беларускі нацыяналізм канца XІX - пачатку XX стагодзьдзяў адрозьніваўся ад украінскага значна горшымі адукацыйнымі перадумовамі. Змагаючыся з польскім нацыяналізмам на беларускіх землях, расейскі царызм дашчэнту вынішчыў тут сыстэму вышэйшай адукацыі. Тыя вышэйшыя вучэльні, якія стварыліся на хвалі Кастрычніцкай рэвалюцыі, былі ня ў стане, з прычыны нізкага ўзроўню выкладаньня ў іх гуманітарных дысцыплін, у прыватнасьці замежных моваў, рыхтаваць інтэлектуалаў, здольных да працы ў заходніх унівэрсытэтах. Вядома, эміграцыя перадала пэўныя элемэнты сваёй традыцыі на бацькаўшчыну. Аднак не заўсёды яны былі вартыя перайманьня, як, напрыклад, практыка бескарэктурных выданьняў, якая расьцьвіла ўжо ў незалежнай Беларусі, або нізкая прадукцыйнасьць інтэлектуальнай працы («Запісы Беларускага інстытуту навукі й мастацтва», самае пэрыядычнае навуковае выданьне эміграцыі, выходзіла прыкладна раз на два гады і, за выняткам аднаго нумару, на беларускай мове, тым часам як іх літоўскі аналяг, «Lituanus. Lithuanian Quarterly Journal of Arts and Sciences», быў англамоўным квартальнікам). Што да літаратуры беларускай дыяспары і, вузей, эміграцыі, то яна дагэтуль застаецца неспасьцігнутым да канца фэномэнам, - прывычныя мэтадалёгіі, якія не працуюць без замоўчваньняў, штампаў, перакручваньняў і фальсыфікацый, дазваляюць яго толькі апісаць, а не зразумець. А гэта азначае, што зьвязаныя карпаратыўнай этыкай беларускія навукоўцы па-ранейшаму ня хочуць ці ня могуць называць рэчы сваімі імёнамі. У гэтым сэнсе моцна выйграе ня ўцягнуты ў тутэйшыя акадэмічныя мафіі і літаратурныя кланы Арнольд Макмілін, здольны спакойна сказаць, што Барыс Сачанка - гэта малазначны раманіст. Каб не падацца дэпрэсіўным пэсымістам, выкажу пад канец свой маленечкі спадзеў: сьвет зьмяняецца, жыцьцё зьмяняецца, і гуманітарная навука таксама не стаіць на месцы. Гадоў зь пятнаццаць таму мала хто мог уявіць, што неўзабаве зьявіцца гэтулькі працаў аб нашай дыяспары. Назапашана багата матэрыялу, і, каб закрыць тэму, нашым гуманітарнікам трэба адмовіцца ад сэрвільнасьці і стаць больш сучаснымі. Загляне сонца і ў наша аконца. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (30) - 2004 |
|
Сувязь з рэдакцыяй,
Майстраваньне [mk],
Абнаўленьне [czyk] |