A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (30) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
РОБЭРТ КОТРЭЛ | ||||||
|
Робэрт Котрэл
|
рэдактар часопісу «ARCHE». Жыве і працуе ў Менску. Летась уклаў і выдаў гістарычныя творы Яна Станкевіча ды зборнік аналітыкі «Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі».
1 Thomas Graham, «The New Russian Regime», перакладзены ў «Независимой газете», 1995, 23 лістапада. Грэхем працаваў у амерыканскім пасольстве ў Маскве, а цяпер ён робіць у Нацыянальнай радзе бяспекі ў Вашынгтоне. Лілія Шаўцова - старшы навуковы супрацоўнік Фонду Карнегі. У траўні 2003 году яна выпусціла цудоўнае даследаванне расійскага палітычнага механізму апошніх гадоў «Пуцінская Расія». |
Кніга «Сілавыя прадпрымальнікі» заснаваная на інтэрв'ю з прафесійнымі злачынцамі - расійцы называюць іх «бандытамі», - а таксама з прадпрымальнікамі, міліцыянерамі і работнікамі прыватных ахоўных агенцтваў. Волкаў распавядае, як ён заваяваў іхні давер: Мне давялося навучыцца хутка пісаць, бо пра дактафон не магло быць і гаворкі. Я тлумачыў, што мяне як сацыёлага цікавяць агульныя ўзоры, схемы ды прыклады і што я не высвятляю, хто каго забіў, і не шукаю інфармацыі, якая «падставіла» б мяне або майго суразмоўніка. Падчас інтэрв'ю я мог задаваць любыя пытанні, аднак мой рэспандэнт адказваў толькі на тыя, на якія хацеў. Мы дамовіліся, што ён проста прапускае тыя пытанні, якія палічыць нязручнымі. Маючы такія гарантыі, бандыты ахвотна выгаворваліся. З «Рамана», сярэдняе рукі прадстаўніка пецярбургскай злачыннай групоўкі, Волкаў выцягнуў наступную аўтабіяграфію. У семнаццаць гадоў той атрымаў тытул майстра спорту па боксе. Па сканчэнні школы ён пайшоў у армію і трапіў у Афганістан. Вярнуўшыся ў 1989 годзе, Раман сышоўся з некалькімі групамі махляроў і ценявых дзялкоў, забяспечваў ім фізічную ахову, пры дапамозе сілы вырашаў іх спрэчкі. У той самы час ён не прапускаў магчымасці паўдзельнічаць у лакальных узброеных канфліктах у якасці наёмніка, ваяваў у Абхазіі, Прыднястроўі і нават у Босніі. Ягоны цяперашні асноўны бізнес - нелегальная вытворчасць гарэлкі з таннага спірту, што ўвозіцца з Беларусі. Карыснае знаёмства. |
Бандыты паходзяць з любых асяроддзяў, у якіх фармуецца групавая парука і адпаведная залежнасць ад яе: крымінальныя сеткі ў савецкіх турмах, спартовыя каманды, аб'яднанні ветэранаў вайны ў Афганістане, казацкія саюзы і нават дзяржаўныя службы бяспекі. Прафесійныя злачынцы выконваюць тыя самыя падставовыя віды дзейнасці, што органы бяспекі. Яны запалохваюць, ахоўваюць, збіраюць інфармацыю, залагоджваюць канфлікты, даюць гарантыі, сочаць за выкананнем дамоваў і збіраюць падаткі. Яны маюць у сваім распараджэнні той самы рэсурс - арганізаваны гвалт. Чым лепш яны яго выкарыстоўваюць, тым мацнейшымі яны робяцца. Адсюль найменне, што дае ім Волкаў, - «сілавыя прадпрымальнікі».2 Ён праводзіць адрозненне паміж гэтымі бандытамі 90-х, чые прыёмы ўзыходзяць да вулічнага гандлю і дробнамаштабнага рэкету канца 80-х гадоў, і больш традыцыйным тыпам расійскага злачынца3. Злачынец нічога не стварае і не прэтэндуе на тое, каб нешта ствараць. Бандыт, наадварот, прапаноўвае паслугі, заснаваныя на выкарыстанні ці пагрозе выкарыстання гвалту, і адмыслова рэкламуе гэты факт. Менавіта таму, заўважае Волкаў, у любым буйным расійскім горадзе на працягу 1990-х гадоў бандытаў можна было распазнаць па іхніх залатых упрыгожаннях, кароткай стрыжцы, скураных куртках, масіўных чорных аўтамабілях і напорыстых паводзінах. Злачынец імкнецца праскочыць у грамадскіх месцах незаўважаным, бандыт хоча, каб яго пазнавалі. Эканамісты могуць палічыць, што Волкаў хіне да даўно вядомага тлумачэння, паказваючы, што пры слабой дзяржаве бізнесоўцы звязваюцца з неафіцыйнымі групоўкамі, у тым ліку і крымінальнымі, каб забяспечыць сабе фізічную ахову і нагляд за выкананнем пагадненняў. Але Волкаў ідзе значна далей, сцвярджаючы, што мала лічыць гэтыя канкурэнтныя групоўкі «ўсяго толькі пасіўнымі пастаўшчыкамі пэўнага тавару». Злачынныя групоўкі часта маюць надзвычай эфектыўныя рычагі ўздзеяння на фірмы, з якімі маюць справы. Іхняя прапанова - не тая, ад якой можна адмовіцца. Волкаў імкнецца дакладна вызначыць, хто яны, чым яны займаюцца і якія метады пры гэтым ужываюць. І дзякуючы свайму смеламу і заснаванаму на першакрыніцах даследаванню яму гэта ўдаецца. Ён адзначае, што адносіны бандытаў і бізнесменаў хутка ператвараюцца ў нешта падобнае да ўзаемазалежнасці. «Мы нешта накшталт вымушаных партнёраў», - тлумачыць яму адзін з гангстэраў, і Волкаў ужывае гэты выраз4 для апісання больш цесных адносінаў паміж бандытамі і камерсантамі, што прыйшлі на змену звычайнаму рэкету, характэрнаму для пачатку 1990-х. На той час банды з ужываннем сілы ўжо падзялілі сферы ўплыву ў канкрэтных гарадах або галінах прамысловасці і дзякуючы гэтаму атрымалі кантроль над асобна ўзятымі бізнесменамі, якія плацілі ім даніну. Бандыты разглядаюць прадпрымальнікаў як безадказных і слабахарактарных слабакоў, якім нельга давяраць. Эксплуатаванне іх часта «ўспрымаецца бандытамі амаль як маральны абавязак», піша Волкаў. Той бізнесмен, які хаця б аднойчы заплаціў бандзе даніну, разглядаецца як уласнасць гэтай банды і абкладаецца падаткам назаўсёды5. Аднак, паколькі ён фактычна робіцца ўласнасцю банды і крыніцай даходу, яго трэба абараняць ад іншых бандаў і нават дапамагаць яму зарабляць болей грошай. Бандыты пачынаюць забяспечваць сваіх прадпрымальнікаў інфармацыяй пра канкурэнтаў, выбіваць іх пазыкі і дапамагаць у іншых практычных праблемах, уключаючы адносіны з чыноўнікамі. Калі карыстацца тэрміналогіяй эканаміста Манкура Олсана, яны робяцца «аселымі» бандытамі, зацікаўленымі ў росце дабрабыту сваіх ахвяраў, а не «качавымі», якія забіраюць усё. І, што найважнейшае, банды, паколькі яны ведаюць і ў нейкім сэнсе паважаюць адна адну, становяцца гарантамі дамоваў, якія заключаюць «іхнія» прадпрымальнікі. Гэтая практыка ператвараецца ў правіла, прычым, як адзначае Волкаў, настолькі паўсюдна, што ва ўсёй расійскай эканоміцы большасць здзелак на вялікія сумы падпісваецца толькі пры ўмове, што ў іх у якасці дадатковых гарантаў удзельнічаюць «вымушаныя партнёры» (злачынныя групоўкі або законныя сілавыя структуры). Сам факт адсутнасці ўзаемна прызнанага «вымушанага партнёра» можа сарваць здзелку. Волкаў прыгадвае пытанне, якім Ніцшэ пачынае другую частку сваёй «Генеалогіі маралі»: «Вывесці жывёлу, якая насмельваецца даваць абяцанні, - ці ж не гэта ёсць тая парадаксальная задача, якую паставіла сабе прырода ў дачыненні да чалавека?» Трох-чатырох гадоў капіталізму ў Расіі было дастаткова, каб вывесці такую пароду людзей - прыстасаваную да мясцовых умоваў, хоць і непрывабную ў іншых адносінах. Аднак гвалт, на якім трымаліся дамоўленасці, мусіў быць рэальным і час ад часу ўжывацца. Паступова перамог прынцып узаемнага стрымлівання, і пік заказных забойстваў быў пройдзены ў 1995 годзе. У той час на рынак аховы парадку пачалі прыходзіць новыя гульцы, у прыватнасці, тысячы былых афіцэраў расійскіх органаў бяспекі і элітных вайсковых падраздзяленняў, якіх прымусілі сысці ў адстаўку маральнае разбэшчанне і нізкія заробкі. Яны стварылі ўласныя прыватныя ахоўныя агенцтвы або далучыліся да ўжо існых, прапануючы прадпрымальнікам усё больш эксклюзіўныя паслугі, і захавалі цесныя, хаця й нефармальныя, сувязі з уладамі. За пэўную плату яны маглі замяніць бандытаў, што апекаваліся той ці іншай фірмай, сваёй, больш легітымнай аховай. Гэткая паслуга, вядомая пад назвай «зняцце страхі», прывяла да істотнай дэкрыміналізацыі расійскага бізнесу пры канцы 1990-х. Паколькі злачынныя групоўкі прайгравалі навейшым і не такім адыёзным прыватным ахоўным агенцтвам, яны былі вымушаныя прыстасоўвацца да сітуацыі. Адны спрабавалі «касіць» пад прыватныя ахоўныя фірмы, рэарганізаваўшы сваю дзейнасць і дысцыплінаваўшы яе. Іншыя, такія, як «тамбоўская групоўка» ў Санкт-Пецярбурзе, расшырылі сваю дзейнасць або цалкам змянілі яе характар, зрабіўшыся інвестарамі і заняўшыся ўласным бізнесам6. Волкаў аддае належнае «сілавым прадпрымальнікам» за зробленую «большую частку чорнай работы», неабходнай, каб падрыхтаваць глебу для кансалідацыі дзяржаўнай улады, якая і адбываецца падчас кіравання Ўладзіміра Пуціна. Расійская дзяржава цяпер спрабуе адваяваць манаполію на ўжыванне гвалту, вяршэнне правасуддзя і збор падаткаў - манаполію, якую яна гэтак прынізліва згубіла за Гарбачовым і Ельцыным. Адкрытым застаецца пытанне, ці можна гэта зрабіць, не абапіраючыся на таталітарныя і аўтарытарныя метады, якія пераважалі на працягу ўсёй расійскай гісторыі. Пуцін падае ўсё больш знакаў, што аўтарытарныя метады захаваюцца - прынамсі, тыя з іх, якія яшчэ не страцілі сваёй актуальнасці і могуць быць выкарыстаныя. |
2 Волкаў зазначае, што гэты тэрмін не з'яўляецца ягонай вынаходкай, а выкарыстоўваўся раней у працах на тэму сіцылійскай мафіі, у прыватнасці, у кнізе Антона Блока (Anton Blok. The Mafia of A Sicilian Village: A Study of Violent Peasant Entrepreneurs. Oxford: Basil Blackwell, 1974). 3 Я ўжываю тут выраз «расійскі злачынец» як адпаведнік расійскага «злодзей у законе» - прафесійнага злачынца, які карыстаецца павагай сярод падобных да сябе і трымаецца блатных традыцый. 4 У гэтым месцы інтэрв'ю Волкаў зазначае: «Спрабуючы вырашыць праблему інтэлектуальнай уласнасці, я падзякаваў рэспандэнту за, як мне падалося, каштоўнае і трапнае аналітычнае азначэнне... і сказаў, што збіраюся выкарыстаць гэты тэрмін як аналітычную катэгорыю. Той не пярэчыў». 5 Паводле ацэнкі Волкава, крымінальныя групоўкі звычайна забіралі ад 20 % да 30 % прыбыткаў фірмы, якая знаходзілася пад іхняй «страхой». 6 На думку Волкава, тамбоўская групоўка кантралявала кампанію ПТК, якая спецыялізавалася на пастаўках паліўна-змазачных матэрыялаў. Паміж 1994-м і 1999-м кампанія паступова зрабілася асноўнай паліўнай кампаніяй Пецярбургу і вобласці. Паводле часопісу «Newsweek» ад 3 верасня 2001 году, кантракт, які надаў ПТК фактычную манаполію на рознічны гандаль бензінам у Санкт-Пецярбурзе, быў падпісаны Ўладзімірам Пуціным, намеснікам мэра гораду ў 1994-1996 гадах. Гэта не значыць, што Пуцін патураў злачынцам, аднак паказвае, наколькі цесна ў Расіі ў 90-я перапляліся бізнес, палітыка і крымінал. |
Я спыніў сваю працу замежнага карэспандэнта ў Маскве ў мінулым кастрычніку, калі сутыкнуўся з парай такіх сілавых прадпрымальнікаў у пераходзе пад Кутузаўскім праспектам, галоўнай вуліцай на захадзе Масквы, дзе месціўся мой офіс. Я ўвайшоў з імі ў паглыблены кантакт. Наступны тыдзень я правёў у Інстытуце неўралогіі, а большую частку зімы - у розных бальніцах і клініках у якасці амбулаторнага пацыента. На Каляды я ўжо мог нармальна адкрываць рот. У сакавіку я зноўку быў у стане пісаць. Я пакінуў Расію і пераехаў у Латвію, краіну, якую некалі анексаваў Савецкі Саюз. Цяпер яна рыхтуецца ўступіць у Еўрапейскі Саюз. З дапамогай перамены месца я змог адчуць, што паводзіны Расіі ў Злучаных Штатах ці Заходняй Еўропе не кранаюць непасрэдна амаль нікога, пакуль не выбухаюць атамныя бомбы або атамныя электрастанцыі. Аднак для Латвіі і іншых краін, якія мяжуюць з Расіяй, яе паводзіны і намеры маюць большае значэнне, чым усё іншае ва ўсім свеце. У краінах Балтыі дагэтуль прысутнічае адчуванне, што кароткае імгненне незалежнасці можа быць перарванае векавым замежным панаваннем, перш-наперш расійскім. Мы можам быць абсалютна пэўнымі, што Расія сёлета не ўяўляе сабой ніякай пагрозы ані для Латвіі, ані для любой іншай краіны, і, цалкам магчыма, не будзе ўяўляць яе ў найбліжэйшыя дзесяць год. Аднак хто можа прадказаць, што здарыцца гадоў праз дваццаць пяць - пяцьдзесят? Усё залежыць ад таго, як будзе развівацца Расія. Для суседніх з ёю краін надзвычайнае практычнае значэнне мае адказ на пытанне, ці сапраўды Расія перастала быць надзвычай небяспечнай формай кіравання - імперскай дыктатурай - і замест гэтага набыла па вызначэнні мірную форму дэмакратычнай дзяржавы. Большасць міжнародных экспертаў лічаць, што гэткая змена адбываецца ці ўжо адбылася. Хочацца верыць, што яны не памыляюцца. Сэр Родрык Брэйтуэйт, брытанскі амбасадар у Маскве ў 1988-1992 гадах, падае добра падмацаваны прыклад такога меркавання ў сваіх праніклівых і вясёлых мемуарах «За Масквой-ракой: перакулены дагары нагамі свет». Ён удала спалучае свой аптымізм у ацэнках Расіі з уменнем бачыць яе недахопы, гэткія, як, напрыклад, схільнасць да маны нават на найвышэйшым афіцыйным узроўні. Гэта, як ён кажа, «неад'емная частка грамадскага жыцця... Улада маніла свайму народу і замежнікам». І тым не менш, на ягоную думку, тыя замежнікі, якія маюць пераважна крытычнае ўяўленне пра Расію, - гэта або нядобразычліўцы, або кепска інфармаваныя людзі, або і адны, і другія адначасова. Толькі «інтэлектуальна лянівыя людзі», сцвярджае ён, могуць думаць, што, паколькі Расія заўсёды была імперыяй, расійцамі будуць заўсёды кіраваць імперскія інстынкты. Паколькі Расія заўсёды была аўтакратыяй, дэмакратыя ніколі не зможа там расквітнець, а расійцы будуць заўжды патрабаваць моцнага лідэра, чыя ўлада будзе трымацца на рэпрэсіўным апараце. Паколькі дзяржава кіравала расійскай эканомікай, расійцы ніколі не будуць здольныя весці сумленны бізнес. Паколькі расійцы заўсёды былі эмацыянальныя, спагадныя, цярплівыя, разбадзяныя, схільныя да алкагалізму і лжывыя, то такімі яны і застануцца. |
Брэйтуэйт прытрымліваецца іншай думкі. «Гісторыя і геаграфія, - падсумоўвае ён, - магчыма, і змясцілі Расію на пэўную адлегласць ад еўрапейскай ліберальнай традыцыі, аднак няма цвёрдых падставаў меркаваць, што Расія абсалютна не ў стане пераадолець сваё мінулае»7. Аднак калі мы сцвярджаем, што Расія можа парваць ці ўжо парвала з аўтарытарнай ды імперскай мінуўшчынай, і зусім нядаўна - з савецкай дыктатурай, то мы абавязаны запытацца, чаму посткамуністычная Расія не зрабіла нічога, каб адцурацца, ужо не кажучы каб пакараць, тых, хто нясе найбольшую адказнасць за самыя страшныя бакі савецкай сістэмы, з якімі, як прынята меркаваць, Расія ўжо развіталася. Вось тлумачэнне Брэйтуэйта: Люстрацыя накшталт той, што правялі чэхі, выкрыла б галоўных злачынцаў. Аднак яна б таксама назаўсёды запляміла мноства прыстойных у іншых адносінах людзей, якія, апынуўшыся пад ціскам паліцэйскай дзяржавы, ішлі на кампраміс, хлусілі і даносілі на сваіх калегаў або нават сяброў і сваякоў. Цяжар, які б гэта наклала на грамадства, якому і без таго было нялёгка вынесці шок пераменаў, мог бы аказацца большым, чым яно магло б вытрымаць. Было б ілюзіяй меркаваць, што такі судовы працэс быў бы ўхвалены грамадствам. Для ўсіх расіян ён стаўся б не чым іншым, як апошнім судовым шоў у змрочным шэрагу паказальных палітычных працэсаў, якія стагоддзямі нявечылі гісторыю Расіі. З цягам часу, з адыходам пакаленняў, якія жылі пры камуністычным рэжыме, і з фундаментальнымі зменамі, якія трансфармуюць прыроду расійскага грамадства, гэтае балючае пытанне нарэшце згубіць вастрыню. Такое рашэнне ніколі не задаволіць педантаў, а таксама людзей помслівых або прыхільнікаў ідэальнай справядлівасці. Аднак, напэўна, гэта было адзіна магчымае рашэнне. Некаторыя з гэтых аргументаў можна прыняць, але не ўсе. Ці звязана з помслівасцю або педантызмам патрабаванне, каб адказныя за ГУЛАГі, або дэпартацыі прыбалтыйскіх грамадзян, або за забойства Рауля Валенберга і пераслед Іосіфа Бродскага сталі перад судом? І ці можна ўпэўнена гаварыць пра «фундаментальныя змены» ў Расеі, калі мы адразу дадаём, што яна не можа або не хоча трымаць адказ за свае ранейшыя правіны? |
7 Ствараецца ўражанне, што словы «цвёрдых» і «абсалютна» былі дададзеныя да тэксту на стадыі рэдактарскай апрацоўкі. Тым не менш, думка ясная. |
Калі Брэйтуэйт прыніжае матывы тых, хто імкнецца да справядлівасці, ён, безумоўна, робіць памылку. Калі ж ён гаворыць пра здольнасць Расіі да пераменаў, мы мусім пагадзіцца, што ён шмат у чым мае рацыю. Трэба быць сляпым у літаральным сэнсе гэтага слова, каб не заўважыць зменаў, што адбыліся ў Расіі пасля краху камуністычнага рэжыму. Зазвычай шмат пішуць і гавораць пра ператварэнне Масквы ў зацыклены на грошах геданістычны горад, з адкрытымі круглыя суткі крамамі і рэстаранамі8. Менш заўважным для замежных візіцёраў, але больш істотным з гледзішча нацыянальнага адраджэння стаў росквіт высокай культуры. Кнігавыданне, тэатр, музыка і кінематограф перажываюць творчы ўздым, які, праўда, не заўсёды суправаджаецца камерцыйным поспехам9. Тым не менш, не ўсе змены ў Расіі адбываюцца ў адным і тым самым напрамку або з адной і той жа хуткасцю. Найхутчэй лібералізуецца і вестэрнізуецца гарадское насельніцтва. Буйны бізнес рухаецца за ім больш павольна і больш выбіральна. Дзяржава не пасунулася амаль што зусім, а барацьбу Пуціна за ўзнаўленне кантролю Крамля над прэсай і тэлебачаннем, парламентам, уладай у рэгіёнах і буйным бізнесам можна разглядаць як частковы адкат назад. Раней я меркаваў, што Пуціну ў аднолькавай ступені ўласцівая схільнасць да лібералізму і этатызму ды што ліберальныя тэндэнцыі могуць перамагчы. Але цяпер становіцца ясна, што ягоныя глыбінныя інстынкты заклікаюць да «моцнай рукі»; што ў сваім сэрцы ён усё яшчэ мент, што ён і прадэманстраваў у адказе студэнту Калумбійскага ўніверсітэту. Падчас яго наведання 26 верасня 2003 году на пытанне, ці ён «парушае свабоду слова ў Расіі», Пуцін адказаў: У нас ніколі не было свабоды слова, таму я нават не ведаю, што парушаць... На пачатку 90-х да нас прыйшла свабода. Яе па-рознаму разумелі ў грамадстве і прэсе. Свабода, і свабода прэсы ў прыватнасці, разумелася як усёдазволенасць, як анархія і прага разбурэння ўсяго і ўсіх10. Вось вам і свабода слова, адзін з здабыткаў 90-х гадоў у Расіі, безумоўна варты захавання. Цікава, ці застаўся цяпер Родрык Брэйтуэйт гэткім жа аптымістам, якім ён быў год ці два таму? Ён асабіста не выказвае асаблівага захаплення Пуціным, апісаўшы яго пасля першай сустрэчы ў 1995 годзе як «маленькага чалавечка, якому цяжка глядзець вам у твар», а пазней як «цень са свету спецслужб». Ён выказвае «засмучэнне», што пры Пуціну, былым афіцэру КГБ, у Крамлі «зноў узрастае гонар» за расійскія спецслужбы. Аднак, скончыўшы пісаць сваю кніжку на пачатку 2002 году, ён прыйшоў да пераканання, што нават «маскоўская ліберальная інтэлігенцыя» дастаткова задаволеная Пуціным, бо яе прадстаўнікі лічаць, нібыта, незалежна ад прэзідэнта, краіна будзе-такі працягваць рухацца ў патрэбным напрамку, да ўсеагульнага росквіту, не адмаўляючыся пры гэтым ад дэмакратычных заваёваў, здабытых падчас кіравання двух ягоных папярэднікаў. На жаль, у Расіі нічога ніколі не здараецца «незалежна ад прэзідэнта». Пуцінская цяга да ўсёабсяжнага дзяржаўнага кантролю ўжо ўвайшла ў супярэчнасць з імкненнем да большай незалежнасці з боку буйных расійскіх прыватных кампаній, напрыклад, падчас кампаніі ўладаў, накіраванай на запалохванне ўладальнікаў велізарнай нафтавай карпарацыі «Юкас» і, магчыма, нават на яе рэнацыяналізацыю. Што здарыцца, калі пуцінскія імкненні да цэнтралізацыі будуць усё больш разыходзіцца са спадзяваннямі шырокіх мас насельніцтва? Я не сцвярджаю, што неўзабаве грамадская думка ўвогуле павернецца супраць яго. Ён дагэтуль застаецца найлепшым расійскім лідэрам апошніх часоў. Найбольшую небяспеку для Пуціна тоіць расчараванне грамадства ў палітыцы, якая праводзіцца пасля таго, як ён паставіў на высокія дзяржаўныя пасады палітычна маладасведчаных ветэранаў КГБ. Ні ў барацьбе з карупцыяй, ні ў вайсковай рэформе, ні ва ўстанаўленні трывалага міру ў Чачні асаблівага прагрэсу дасягнута не было. Напярэдадні снежаньскіх парламенцкіх выбараў Пуцін пайшоў на пераслед буйнога бізнесу, спадзеючыся, што гэты крок спадабаецца грамадскасці. Магчыма, так яно і ёсць. Аднак калі гэта прывядзе да большага дзяржаўнага ўмяшання ў прамысловасць, што ў сваю чаргу выкліча пагаршэнне кіравання эканомікай, падзенне інвестыцый і, непазбежна, колькасці працоўных месцаў, ягоны рэжым значна страціць папулярнасць. |
8Гл., напрыклад, артыкул Машы Гесэн «Маскоўскія грошы» ў «US News & World Report» (13 кастрычніка 2003 году). У ім 22-гадовы «прадпрымальнік-мільянер» Ягор Лаўроў сцвярджае, што «па колькасці элітных начных клубаў Масква далёка апярэджвае Парыж, Лондан і Нью-Йорк... Новыя клубы адчыняюцца ў Маскве ў сярэднім двойчы на месяц, і ўсе яны запоўнены людзьмі, што пад'язджаюць да ўваходу на «Майбахах» коштам 500 тысяч баксаў у суправаджэнні прыватнай аховы на «поршэ» з мігалкамі. Тут ёсць рэстараны з кухняй на любы густ, з любым інтэр'ерам і любымі цэнамі і проста «адлётныя» элітныя буцікі». 9Гл. таксама выключна змястоўную гутарку Аркадзя Астроўскага з Томам Стопардам наконт сучаснага расійскага тэатру - «Галоўная гільдыя Расіі» ў «Financial Times Weekend Magazine» (6 верасня 2003 году). Астроўскі, які пераклаў на расійскую мову апошнюю трылогію Стопарда «Бераг утопіі», распавядае, як «цікавасць да сур'ёзных слоў і думак» вярнулася ў расійскі тэатр пасля «ўсёабсяжнага сарказму, кпінаў і насмешак», якія, разам з нецэнзурнай лексікай, былі праявай няпэўнасці і цынізму 90-х. 10 Гл. штодзённы інфармацыйны бюлетэнь МЗС Расіі (29 верасня 2003 году). |
«Дзяржава і эвалюцыя», назва, якая абыгрывае «Дзяржаву і рэвалюцыю» Леніна, успрымаецца як своечасовы каментар на тэму пуцінскай Расіі, хаця Ягор Гайдар упершыню апублікаваў сваю кнігу ў 1994-м, адразу пасля таго, як пакінуў урад. У 1991-1992 гадах ён быў міністрам фінансаў і выконваў абавязкі прэм'ер-міністра, у 1993-1994 гадах быў міністрам эканомікі. Ён быў творцам першых вялікіх эканамічных рэформаў у Расіі, дэрэгуляцыі цэнаў, што адкінула за мяжу беднасці масу людзей, і пачаткаў буйнамаштабнай прыватызацыі, адным з метадаў правядзення якой быў выпуск ваўчэраў, якія пасля шырока набываліся буйнымі інвестарамі11. Ягоная кароткая, але змястоўная кніга выйшла цяпер у цудоўным англійскім перакладзе Джэйн Эн Мілер. Яе варта прачытаць, каб не толькі прыгадаць, якім разумным і дасціпным пісьменнікам можа быць Гайдар, але і пабачыць, як мала пытанняў, узнятых ім амаль дзесяцігоддзе таму, было паспяхова вырашана за гэты час. Ці то Гайдар гэткі празорлівы, ці то Расія нагэтулькі нязменная, аднак «Дзяржава і эвалюцыя» чытаецца, нібыта ўчора выйшла з-пад пяра аўтара. Узяць хаця б гэтае папярэджанне аб пагрозе аўтарытарызму, якое, несумненна, больш своечасовае для цяперашняга часу, чым для 1994 году: Мы, відавочна, назіраем адзнакі новага ледавіковага перыяду. Шмат людзей, якія ў 1989-91 гадах кляліся ў адданасці грамадзянскай супольнасці і дэмакратычным ідэалам, цяпер гэтаксама палка прысягаюць у адданасці моцнай дзяржаве, «моцнай руцэ». Не менш трапнымі з'яўляюцца разважанні Гайдара пра прыватную ўласнасць і яе цэнтральную ролю ў любым ліберальным грамадстве. У «Дзяржаве і эвалюцыі» ён часта вяртаецца да гэтай тэмы, даследуючы эканамічныя ўклады Расіі з часоў мангольскага ярма і да сённяшніх дзён. Ён апраўдвае праведзеныя ягоным урадам эканамічныя рэформы, надзвычай непапулярныя тады, калі пісалася гэтая кніжка, і ненашмат больш папулярныя цяпер, неабходнасцю расчысціць у Расіі плацдарм для прыватнай уласнасці і капіталізму. На ягоную думку, галоўным фактарам, які стагоддзямі «трагічна аддзяляў Расію ад усёй Еўропы», была «адсутнасць традыцыі легітымнай уласнасці», кульмінацыяй чаго стаў крыжовы паход камуністаў супраць любой прыватнай уласнасці наагул. Расійская традыцыя бліжэйшая да краінаў Усходу, дзе ўласнасць і камерцыя заўжды былі нечым падазроным, строга кантраляваліся і кіраваліся ўсёведным і ўсюдыісным бюракратычным апаратам. Пры дэспатычных рэжымах канфіскацыі, захопы маёмасці, страта сацыяльнага статусу або права на ўласнасць, абмежаванні ў карыстанні прадметамі раскошы могуць напаткаць нават найбагацейшых прыватных уласнікаў, варта ім толькі згубіць сувязі з уладамі. Страта пазіцыі - страта маёмасці. Уласнасць - натуральная здабыча, а дзяржава - натуральны драпежнік, які заўжды напагатове, заўжды чыніць перадзел і пераразмеркаванне здабытых трафеяў. У гэтым апісанні непакоіць тое, што яно відавочна нагадвае Расію Пуціна. Мабыць, Гайдар з усіх сілаў намагаўся ўвесці паняцце неадчужальнай прыватнай уласнасці, але ці паспяхова? Два гады таму Пуцін з задавальненнем назіраў, як паліцыя, падаткавікі і падкантрольныя дзяржаве крэдыторы аднялі ў мэдыя-магната Ўладзіміра Гусінскага яго медыя-імперыю, а яго самога вымусілі падацца ў выгнанне. Прыхільнікі Пуціна падавалі гэта як нетыповы прыклад разборак, справакаваных супрацівам самога Гусінскага, або як звычайную камерцыйную справу, звязаную з вяртаннем запазычанасці. Пераслед Барыса Беразоўскага, злога генія расійскага бізнесу 1990-х, які нядаўна атрымаў палітычны прытулак у Брытаніі, тлумачыўся прыблізна таксама. Сёлета Пуцін зноўку ўзяўся за старое - ці хутчэй ягоныя пракуроры і падатковая інспекцыя, у той час як ён робіць выгляд, што назірае за справай з адлегласці. Аплачаная Крамлём кампанія пераследу «Юкасу», найвялікшай расійскай нафтавай кампаніі, што пачалася ў ліпені 2003 году з арышту цесна звязанага з ёй фінансіста, дасягнула кульмінацыі пры канцы кастрычніка з арыштам Міхаіла Хадаркоўскага, старшыні праўлення і ўладальніка кантрольнага пакету акцый «Юкасу». Здаецца, галоўнае злачынства Хадаркоўскага палягала ў тым, што ён стаў занадта багатым і занадта ўплывовым чалавекам і пачаў сябе паводзіць, як багатыя і ўплывовыя людзі ў іншых краінах, г. зн. фундаваць палітычныя партыі і выказвацца па пытаннях дзяржаўнай палітыкі. |
11Гл. маю рэцэнзію на кнігі Пола Клебнікава «Хросны бацька Крамля: Барыс Беразоўскі і разрабоўванне Расіі» (Paul Klebnikov, Godfather of the Kremlin: Boris Berezovsky and the Looting of Russia, Harcourt, 2000) і Крыстыі Фрылэнд «Распродаж стагоддзя: дзікая гонка Расіі ад камунізму да капіталізму» (Chrystia Freeland, Sale of the Century: Russia's Wild Ride from Communism to Capitalism, Crown, 2000) у «The New York Review» ад 19 кастрычніка 2000 году. Гл. таксама рэцэнзію «Расія: ці быў лепшы шлях?» на кнігу Пітэра Рэдаўэя і Дзмітрыя Глінскага «Трагедыя расійскіх рэформаў: рыначны бальшавізм супраць дэмакратыі» (Peter Reddaway and Dmitri Glinski, The Tragedy of Russia's Reforms: Market Bolshevism Against Democracy, United States Institute of Peace, 2001) у «The New York Review» ад 4 кастрычніка 2001 году. |
Мала таго што Хадаркоўскага кінулі ў турму - 30 кастрычніка пракуратура замарозіла ягоныя акцыі «Юкасу», а таксама акцыі іншых сузаснавальнікаў кампаніі. Ёсць думка, што акцыі былі арыштаваныя для таго, каб Хадаркоўскі або ягоныя паплечнікі гарантавана выплацілі дзяржаве кампенсацыі, калі суд прызнае іх вінаватымі ў махлярстве або ўхіленні ад падаткаў. Аднак кошт акцый (каля 11 мільярдаў долараў) нагэтулькі перавышае магчымую суму штрафу за ўчыненне крымінальнага злачынства (каля 1 мільярда долараў), што з'яўляюцца сумневы ў законнасці гэтага затрымання. Шмат хто разглядае гэта як першы крок да выцяснення Хадаркоўскага з «Юкасу» - або шляхам рэнацыяналізацыі кампаніі, або вымусіўшы яго прадаць сваю долю ўхваленаму Крамлём пакупніку за прызначаную Крамлём цану12. Як і мае быць, 3 лістапада была апублікаваная заява Хадаркоўскага, у якой паведамлялася, што ён «сыходзіць з кампаніі». На наступны дзень на пасадзе старшыні праўлення яго замяніў Сямён Кукес, ветэран нафтавага бізнесу, які нейкі час кіраваў іншай буйной расійскай нафтавай кампаніяй, ТНК, палову актываў якой у пачатку 2003 году набыла брытанская «British Petroleum». Гэтая навіна выклікала рост акцыяў «Юкасу», адлюстраваўшы спадзяванні інвестараў на тое, што Крэмль можа спыніць пераслед кампаніі, нават калі ціск на Хадаркоўскага будзе працягнуты. Другая з гэтых магчымасцяў падаецца вельмі верагоднай. 4 лістапада «New York Times» паведаміла, што Хадаркоўскі падумвае наконт таго, каб скласці Пуціну канкурэнцыю на прэзідэнцкіх выбарах наступнага году, - перспектыва, што гарантавала яму працяглы пераслед, калі не турэмнае зняволенне. |
12 Хадаркоўскі прызнае, што спансараваў правацэнтрысцкую партыю «Яблык», якая часта дэманструе апазіцыйнасць Крамлю; але насуперак паведамленням у расійскай прэсе адмаўляе, што фінансаваў КПРФ. |
У палітычным сэнсе Хадаркоўскі быў прывабнай і ўразлівай мішэнню, бо ён, як Гусінскі і Беразоўскі, належаў да т. зв. алігархаў, якія ледзьве не захапілі кантроль над расійскай дзяржавай падчас прэзідэнтуры Барыса Ельцына, забраўшы ў яе нафтавыя кампаніі і іншыя прыродныя рэсурсы, якія і зрабілі іх цяпер казачна багатымі. Заступаючы на пасаду прэзідэнта, Пуцін сказаў, што алігархі могуць захаваць свой бізнес пры ўмове, што яны не будуць умешвацца ў палітыку і будуць плаціць падаткі. Сімпатыкі Пуціна цяпер сцвярджаюць, што Хадаркоўскі парушыў гэтую дамоўленасць, а значыцца, ягоны бізнес больш не з'яўляецца недатыкальным для новых атак падатковых інспектараў і генеральнай пракуратуры. Іншыя алігархі пазіраюць на гэта з асцярогай. Раман Абрамовіч, адзін з сузаснавальнікаў нафтавай кампаніі «Сібнафта» і групы «Расійскі алюміній», цяпер распрадае большую частку сваіх фондаў у абедзвюх кампаніях14. У абарону Пуціна можна сказаць, што ўлада алігархаў сапраўды стварае пэўныя праблемы. У іншых краінах спансараванне палітычных партый бізнесменамі можа быць агульнапрынятай практыкай і нават лічыцца праявай адказнасці перад грамадствам. Аднак у Расіі чатырма пятымі ўсёй прыватнай прамысловасці валодае вельмі вузкая групка вельмі багатых людзей, уключна з Хадаркоўскім, якія могуць паспрабаваць купіць пэўную манаполію на вызначэнне дзяржаўнай палітыкі (як яны гэта ўжо зрабілі на кароткі час пры Ельцыну, падтрымаўшы ягонае пераабранне як фінансавымі ўнёскамі, так і праз уласныя тэлевізійныя каналы). Таму было б зразумела, калі б Пуцін хацеў не пускаць алігархаў у палітыку, баючыся, што яны пачнуць дамінаваць у палітычным жыцці або надзяляць сябе новымі нафтавымі кампаніямі. Але папраўдзе Пуцін хоча зачыніць ім шлях у палітыку, каб захаваць уласную манаполію на палітычную ўладу. Расіі не пашкодзіла б мець болей палітычнай канкурэнцыі, нават з боку такіх, як Хадаркоўскі, які ўжо перастаў быць тым драпежнікам, якім ён быў яшчэ пяць год таму. Кантралюючы адну з найбуйнейшых расійскіх кампаній, ён сам быў бы моцна зацікаўлены ў тым, каб зрабіць Расію стабільнай, квітнеючай, адкрытай краінай, у якой выконваюцца законы і шануецца права на прыватную ўласнасць. І гэта, у сваю чаргу, зрабіла б яго значна бліжэйшым да заходніх ліберальных каштоўнасцей у параўнанні з Пуціным, асабліва ўлічваючы нядаўнія захады апошняга - арышт Хадаркоўскага і канфіскацыю яго ўласнасці. |
13Напэўна, лёс замарожаных акцый будзе вырашаны да таго, як адбудзецца продаж усяго «Юкасу» ці яго часткі. Незадоўга да свайго арышту Хадаркоўскі паклапаціўся, каб у выпадку прызнання яго неправаздольным юрыдычны кантроль за ягоным пакетам перайшоў да шэрагу вызначаных ім асобаў. Як паведамлялася, першымі кандыдатамі з гэтага спісу з'яўляюцца іншыя сузаснавальнікі «Юкасу», а ў выпадку іх адсутнасці - брытанскі фінансіст лорд Джэйкаб Ротшыльд. 14 6 кастрычніка 2003 году лонданская «Sunday Times» паведаміла, што Абрамовіч прадаў палову сваёй 50-працэнтнай долі ў «Расійскім алюмініі» другому галоўнаму акцыянеру кампаніі, Алегу Дзерыпаску, прыкладна за 2,3 мільярда долараў ЗША. За два дні да гэтага «Юкас» пацвердзіў сваё набыццё кантрольнага пакету «Сібнафты» ў Абрамовіча і драбнейшых акцыянераў. |
Гэта не найгоршы сцэнар для Расіі. Усё ж кансалідацыя ўлады пры Пуціну пакідае краіне больш свабоды, чым у савецкія часы, а таксама значна больш магчымасцяў для дасягнення дабрабыту. Жаданне Пуціна карыстацца павагай заходніх лідэраў можа і надалей стрымліваць ягоную аўтарытарную жылку, хоць гэтага ні ў якім разе нельга сцвярджаць з усёй пэўнасцю. Існуе небяспека, што яго нядаўні зварот да тактыкі «моцнай рукі» ва ўнутранай палітыцы можа сведчыць пра рост уплыву рэакцыянераў з яго найбліжэйшага атачэння, якія бачаць замежную палітыку Расіі больш канфрантацыйнай у дачыненні да Захаду. Адным з трывожных сігналаў пры канцы кастрычніка стала адстаўка Аляксандра Валошына, вытанчанага і дасведчанага кіраўніка пуцінскай адміністрацыі, які захоўваў гэтую пасаду яшчэ з часоў Ельцына. Паводле расійскіх мерак Валошын быў лібералам. Ён таксама валодаў усімі патрэбнымі палітычнымі прыёмамі, каб не даваць ходу былым генералам арміі і КГБ, якімі Пуцін насяліў шматлікія іншыя крамлёўскія кабінеты. Калі ж пад уплывам справы «Юкасу» фондавыя рынкі захісталіся і пачаліся ўцёкі капіталу з Расіі, Пуціну хапіла розуму не перапужаць інвестараў яшчэ больш, аддаўшы пасаду Валошына чарговаму ветэрану спецслужбаў. Ён прызначыў на яе намесніка Валошына Дзмітрыя Мядзведзева, чалавека заслужанага і паважанага. Аднак Мядзведзеў - нашмат слабейшая за Валошына фігура. Ён не зможа загарадзіць дзверы кабінету свайго шэфа, калі ў іх будуць ламіцца яго аднакашнікі з КГБ. Трэба чакаць адставак і іншых магутных, звязаных з буйным бізнесам палітыкаў ельцынскага прызыву. Сярод іх прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Касьянаў, якому ягоная яўная сімпатыя да Хадаркоўскага можа пасля думскіх выбараў каштаваць пасады; Анатоль Чубайс, колішні архітэктар шырокамаштабнай прыватызацыі эпохі Ельцына і цяперашні кіраўнік расійскай энергетычнай манаполіі, які выказваўся ў падтрымку Валошына. Гэта не найгоршы, але далёка і не найлепшы сцэнар для Расіі. Выглядае на тое, што пуцінская Расія збіраецца застацца краінай, у якой важныя палітычныя рашэнні прымаюцца не на аснове адкрытай і інфармацыйна насычанай дыскусіі, а групай асобаў у Крамлі, большасць якіх страціла сувязь з народам і мяркуе, што так і мае быць, а ўсё большая частка якіх падзяляе грубыя і агрэсіўныя палітычныя інстынкты савецкай эпохі. А гэта зарука непрадказальнасці, безадказнасці, неэфектыўнасці і, нарэшце, слабасці. Слабая Расія будзе няшчаснай Расіяй. Калі такое здарыцца, гэта закране нас як мінімум у такой жа ступені, як і саміх жыхароў Расіі. 5 лістапада 2003 году З англійскай пераклала Мілана Міхалевіч |
15Гэтай фармулёўкай я абавязаны Джэймсу Шэру з брытанскага Цэнтру вывучэння канфліктаў. Шэр таксама заўважае: «Сцвярджаць, што бізнесмен, які зарабіў 7 мільярдаў долараў, не можа выказваць уласных поглядаў аб сваёй краіне і яе замежнай палітыцы, ужо не кажучы аб тым, каб працаваць разам з тымі, хто ягоныя погляды падзяляе, - значыць настойваць на прынцыпе, які можа быць захаваны толькі з дапамогай сілы». (Дзеркало тижня. 2003. 16 жніўня.) |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (30) - 2004 |
|
Сувязь з рэдакцыяй,
Майстраваньне [mk],
Абнаўленьне [czyk] |