A R C H E П а ч а т а к № 1 (30) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  ГЕНАДЗЬ ЛЕХ

Вокладка ARCHE 1-2004.

   Мінулыя нумары:

   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Генадзь Лех
Як тварылася Міжрэгiянальнае аб'яднаньне беларусаў Расеi

Упершыню размова пра неабходнасьць cтварэньня агульнарасейскай арганiзацыi беларускай дыяспары зайшла ў часе правядзеньня Першага зьезду беларусаў сьвету, летам 1993 году. Гэта было пры канцы «рамантычнага» пэрыяду ў адраджэнскiм руху, у пару вялiкiх, але марных надзеяў на хуткае атрыманьне сваёй рэальнай, цывiлiзаванай эўрапейскай кватэры - незалежнай Беларусi. Шмат расейскiх беларусаў зьбiраліся вярнуцца (i вярталiся з надзеяй на лепшае жыцьцё і дабрабыт) на сваю Бацькаўшчыну. Але...

На Зьезьдзе пры падтрымцы Рады ЗБС «Бацькаўшчына» адбылося некалькi сустрэчаў кiраўнiкоў суполак Масквы, Новасібiрску, Пецярбургу і г. д. для абмеркаваньня гэтага пытаньня. У той жа час, у 1993 годзе, адбылiся зьезды ўкрaiнцаў і карэйцаў Расеi ды былi створаныя агульнарасейскiя арганiзацыi гэтых дыяспараў. Але ў беларусаў гэтая справа не знайшла рэальных выканаўцаў, бо вялiкае патрэбы не было: суполкi iмкнулiся мець кантакты ў першую чаргу зь Беларусяй, а не мiжсобку, дый Беларусь была мацнейшай, а тагачасны кiраўнiк дзяржавы Станіслаў Шушкевiч з разуменьнем ставiўся да зычэньняў дыяспары.

Гэтак было да 1997 году, калi справы ў Беларусi ўжо ішлі зусім інакш. На гэты раз дыктатарскай Беларусi спатрэбiлася агульнарасейскае аб'яднаньне беларусаў для падтрымкі панславісцкай ідэалёгіі й асабіста Аляксандра Лукашэнкi. 5 лютага 1997 году ў Менску адбылася афіцыйная «нарада прадстаўнiкоў беларускiх суполак па пытаньні правядзеньня Зьезду беларусаў Расеi з мэтаю ўтварэньня агульнарасейскай арганізацыi беларусаў». Нарада адбывалася пад дахам грамадзка-культурнага таварыства «Радзiма», якое ў савецкi час было прыдаткам структур КДБ па працы з дыяспарай. Аб правядзеньні iмпрэзы маскоўскiя беларусы даведалiся выпадкова і адразу пажадалi прыехаць, бо праз сваiх землякоў атрымалi праграмку, у якой было пазначана, што на нарадзе будуць прысутнiчаць дарадцы А. Лукашэнкi, прадстаўнiкi беларускага Саўмiну, мiтрапалiт Фiларэт, У. Замяталiн, У. Латыпаў, iншыя вядомыя асобы. Мэтаю Зьезду ў задуме ягоных арганізатараў мусіла стаць падтрымка дыяспарай А. Лукашэнкi і ідэяў «саюзу», а ў пэрспэктыве - утварэньне паралельнага аб'яднаньня дыяспары ў сьвеце, у процівагу iснаму ЗБС «Бацькаўшчына». Найсьмяшнейшае было тое, што пытаньне правядзеньня Зьезду беларусаў Расеі меліся вырашаць досыць адыёзныя асобы з Прыднястроўя, Башкартастану, Арменіі й Чарнігаўшчыны. Напрыклад, дэлегацыя з Арменіі ўяўляла сабою дзьвюх жанчын-габрэек з «Славянскага дому Арменіі», якіх у беларускіх справах нічога не цікавіла. На самім сходзе прамаўлялі толькі дарадцы Лукашэнкі - беларускамоўныя Яновіч і Гурко, невядомыя нам прадстаўнiкi Саўмiну, што ўразілі благой беларускай мовай, а розныя «славянасабораўцы» нат не высоўвалiся. Першай рашуча выказалася супраць прапановаў арганізатараў мая, маскоўская дэлегацыя.

Пасьля заявы маскоўскiх беларусаў астатнiм не было чаго казаць, акрамя агульных словаў пра «еднасьць народаў былога СССР». Настрой у арганізатараў быў сапсаваны. Маскоўская суполка пры падтрымцы піцерскіх беларусаў настаяла на тым, каб адкласьці разгляд і абмеркаваньне справы. Такім чынам, пралукашэнкаўскi зьезд восеньню 1997 году не адбыўся, бо рэальна дзейныя суполкі дыяспары або ўстрымлівалiся, або былi супраць. Але справа на гэтым ня скончылася. Дзеля ідэалягiчнай падтрымкі ў Расеi і сьвеце лукашэнкаўскай дыктатуры ўсё адно было патрэбнае стварэньне новага паралельнага згуртаваньня беларускай дыяспары. Хай сабе і фармальнага.

Летам 1997 году ЗБС «Бацькаўшчына» праводзiла ў Беластоку чарговую навукова-культурную канфэрэнцыю «Культура беларускага замежжа». На гэты сход ад Расеі прыехалi кiраўнiкi пяці найбуйнейшых суполак зь Пецярбургу, Iркуцку, Масквы, Новасібiрску i Калiнiнграду. Пасьля канфэрэнцыi адбылося абмеркаваньне пытаньня аб правядзеньні Зьезду беларусаў Расеі. Старшынi пецярбурскага і маскоўскага таварыстваў беларускай культуры, найбуйнейшых і найстарэйшых, дамовіліся правесьці ў Маскве на пачатку 1999 году Зьезд беларусаў Расеi. Прадстаўнік Iркуцку Алег Рудакоў станоўча паставiўся да гэтага рашэньня і пазьней увайшоў у аргкамітэт Зьезду, а старшыня Новасібірскага таварыства ўстрымаўся (пазьней перайшоў на бок рэжыму). Прадстаўнiк Калiнінграду (сп. Шаховіч) паведамiў, што ягоная суполка ўваходзiць у Аб'яднаньне беларусаў Балтыi i ўдзельнічаць у расейскіх справах пакуль не зьбiраецца.

На працягу 1998 году маскоўскае ТБК інфармавала iсныя суполкi і зацiкаўленых асобаў аб падрыхтоўцы Зьезду. Быў створаны яго аргкамітэт, якi на сваім паседжаньнi вырашыў правесьці Зьезд беларусаў РФ 27 сакавіка 1999 году (найбліжэйшая да 25 сакавіка субота). З гэтаю мэтай аргкамiтэт мусiў уступiць у кантакт зь Мiннацам Расеi, Мiнюстам Расеi i дэпартамэнтам па міжрэгіянальных сувязях маскоўскай мэрыi. Усе гэтыя расейскія ўстановы напачатку досыць прыхільна паставiлiся да iдэi Зьезду. Мiнюст Расеi даў даведку: на 1 верасьня 1998 году ў Расеi дзейнічала 14 афіцыйна зарэгiстраваных у 1988-1995 гадох суполак, але, як высьветлілася, тры зь іх фактычна спынiлi сваё iснаваньне ў 1994-1996 гадох. Пры гэтым новыя не ствараліся, бо становiшча ў самой мэтраполii - Беларусi - не спрыяла гэтаму. Мiннац Расеi паведамiў, што ён дасьць памяшканьне і возьме на сябе расходы на прыезд дэлегатаў. Дэпартамэнт мэрыі ўзяў на сябе расходы па разьмяшчэньні дэлегатаў Зьезду. Маскоўскае таварыства, згодна з законам, за свой кошт надрукавала аб'явы пра час і мэту правядзеньня Зьезду ў шэрагу цэнтральных газэтаў. Адбылося дзьве сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў мэрыі, Міннацу і аргкамітэту Зьезду, на якіх абмяркоўваліся ўзоры запрашэньняў, колькасьць дэлегатаў Зьезду і ганаровых гасьцей, здымкі дакумэнтальнага фільму пра Зьезд i iншыя тэхнiчныя пытаньнi. Добрае стаўленьне да аргкамiтэту Зьезду з боку расейскiх урадавых структураў доўжылася да 11 студзеня 1999 году, пакуль чыноўнiкi Мiннацу не адмовiлiся ад далейшага супрацоўнiцтва на падставе iнфармацыi лукашэнкаўскай амбасады ў Маскве, што дзейнасьць аргкамiтэту Зьезду беларусаў супярэчыць «працэсу аб'яднаньня Беларусi i Расеi». На наступны дзень адмовілася ад супрацоўніцтва і мэрыя (пакінуўшы за сабой статус назіральніка ад расейскіх уладаў). З гэтага часу замест дапамогi ў правядзеньні гэтага Зьезду пачалiся перашкоды.

Што ж яны хацелі? Каб мы падтрымлівалі «аб'яднаньне Беларусi i Расеi»? Безумоўна ж, сапраўдны беларус ня будзе падтрымлiваць акупацыі сваёй Радзiмы! У той жа дзень чыноўнiк Мiннацу паказаў афіцыйную даведку ад Мінюсту, што на працягу апошнiх двух месяцаў у Расеi зарэгiстравана 42 (!) новыя беларускiя суполкі і працэс працягваецца. Аргкамітэту Зьезду ўдалося высьветліць найцікавейшыя акалічнасьці: 1) стваральнікамі новых арганізацыяў зьяўляюцца, як правіла, тры асобы, найчасьцей адстаўныя службоўцы «сiлавых структураў РФ»; 2) наваствораныя структуры маюць чатыры тыпы назваў: а) «Белорусско-славянский спортивный клуб г. Омска» и г. д., б) «Общество поддержки объединения Белоруссии и России и лично Президента Лукашенко г. Пскова» і г. д., в) рэгіянальныя фэдэральныя аўтаноміі беларусаў Комі, Карэліі і г. д., г) рэгіянальныя «белорусские землячества афганцев, интернационалистов і г. д. Москвы, Ленинградской области» і г. д.; 3) кантактныя тэлефоны і адрасы гэтых структураў, за выняткам наваствораных рэгiянальных аўтаномiй, стварэньнем якiх займаўся Мiннац РФ, часта зьяўляліся «лiпавымi»; 4) стварэньне і рэгiстрацыю новых структураў курыраваў «кадравы рэфэрэнт» амбасады Беларусі ў Расеі. Амбасада ж і фiнансавала гэты працэс.

Пры канцы студзеня чыноўнiкi Міннацу, Мінюсту РФ, лукашэнкаўскай амбасады, мэрыі Масквы і выканкаму Саюзу Беларусі і Расеі стварылі свой Аргкамітэт па правядзеньні зьезду на чале зь віцэ-прэм'ерам маскоўскага ўраду Францішкам Каўрыгам. Гэты аргкамітэт прыняў рашэньне аб правядзеньні Сходу па ўтварэньні Фэдэральнай аўтаноміі беларусаў у Расеі 2 красавіка 1999 году. Пры гэтым, згодна з законам аб Фэдэральнай культурнай аўтаноміі, неабходна было мець рэгіянальныя аўтаноміі больш чым у палове суб'ектаў РФ, што нерэальна было выканаць нават для іх. На гэта адзін з удзельнікаў гэтай «дзеі», загадчык Галоўнага ўпраўленьня выканкаму Саюзу А. Чарняк выказаў меркаваньне, што беларусы - нацыя спэцыфічная, іх цяжка на штосьці арганізаваць, таму Міннацу і Мінюсту трэба «падумаць», як «аформіць» гэтае ўтварэньне. Такім чынам, беларускія суполкі Расеі арганізоўвалі свой зьезд, а імпэрская намэнклятура - ФАРМАЛЬНЫ свой.

УСЯГО ГРОШЫ ДАЛІ БОЛЬШ ЗА СТО ЧАЛАВЕК

У гэтых надзвычайных варунках маскоўскае таварыства культуры правяло некалькі сходаў, сустрэчаў зь нешматлікімі беларускімі бізнэсоўцамі, пусьціла шапку па коле і талакой за два тыдні сабрала неабходныя грошы. Асабліва трэба падзякаваць спсп. Мішчанцы, Буку, Валюжэнічу, Бабарэку, Шкілёнку, якія разам унесьлі каля 1100 даляраў. Усяго грошы далі больш за сто чалавек, і неабходная сума хутка сабралася. Насуперак усяму, у настроях людзей панаваў уздым. Аплацілі залю ў ЦДЛ, апаратуру, гатэль, кавярню. Прадстаўнікі Іркуцку і Пецярбургу, што ўваходзілі ў аргкамітэт, ня мелі магчымасьці фінансава дапамагчы Зьезду, але дапамагалі інфармацыйна. Аргкамітэт зьвярнуўся да рэгіянальных адміністрацыяў РФ зь лістамі пра выдзяленьне дэлегацыям сродкаў на дарогу ў Маскву, і сродкі былі выдзеленыя. Толькі лукашэнкаўская амбасада працягвала шкодзіць, дасылаючы запрашэньні на свой сход і дэзынфармуючы беларускія суполкі. У прыватнасьці, невядомы супрацоўнік пасольства за чатыры дні да правядзеньня нашага, незалежніцкага Зьезду паведаміў якуцкай дэлегацыі, што маскоўскія беларусы, маўляў, свой зьезд адмянілі і будуць удзельнічаць у «супольным сходзе 2 красавіка». Дык якуцкая дэлегацыя з шчырае душы і здала квіткі на самалёт. Самае нахабнае, што гэты «невядомы» спасылаўся на старшыню аргкамітэту Генадзя Леха...

І ўсё-такі Зьезд адбыўся. 27 сакавіка сабраліся прадстаўнікі суполак з Масквы, Пецярбургу, Іркуцку, Майкопу, Краснаярску (краявая аўтаномія), Цюмені, Маскоўскай і Ўладзімірскай абласьцей. Усяго прыехалі 76 дэлегатаў з правам голасу ды пяць дзясяткаў гасьцей, у тым ліку дэлегацыя Беларусі ў складзе Станіслава Шушкевіча й Сямёна Домаша, дэлегацыя ЗБС «Бацькаўшчына» (Ганна Сурмач і Барыс Стук), прадстаўнік Дэпартамэнту маскоўскай мэрыі па працы з славянскімі нацыянальнасьцямі Т. Волгіна, прадстаўнікі іншых дыяспараў Масквы, вядомыя барды Зьміцер Бартосік і Віктар Шалкевіч, прадстаўнікі СМІ зь Беларусі, радыё «Свабода» і іншыя. У расейскіх СМІ беларуская імпрэза асьвятленьня не атрымала, бо ў гэты час іх займала тэма Косава і хуліганскіх нападаў на амэрыканскую амбасаду ў Маскве. Будынак амэрыканскай амбасады, у які ляцелі фарба і яйкі, знаходзіўся за 400 мэтраў ад будынку ЦДЛ, дзе ішоў Зьезд беларусаў. У гэты ж дзень у Маскве праходзіў устаноўчы зьезд Саюзу правых сілаў. Цікава, што адтуль па С. Шушкевіча прыслалі «Мэрсэдэс». Аўто прастаяла чатыры гадзіны, але ён адмовіўся ехаць, кажучы, што яму важна быць тут, з роднымі беларусамі.

Зьезд пачаўся з абраньня Прэзыдыюму, у які ўвайшлі Ганна Сурмач, Станіслаў Шушкевіч, Генадзь Лех і Валянцін Грыцкевіч. Ахову Зьезду несла дружына маскоўскіх беларусаў (дзякуй Алесю і Янку Курысам, Алесю Калядзе). Заля была ўбраная бел-чырвона-белымі сьцягамі, гербам «Пагоня», бел-чырвона-белымі кветкамі. Перад урачыстым адкрыцьцём Зьезду маскоўскі фальклёрны гурт «Алеся» выканаў гімн «Магутны Божа». Акрамя ўрачыстае часткі, да абеду прагучаў грунтоўны даклад Анатоля Грыцкевіча пра стан беларускага руху ў Расеі. Пасьля абеду адбыліся выбары Рады Міжрэгіянальнага аб'яднаньня беларусаў Расеі, прыняцьце Статуту МАБР. Прэзэнтаваліся выданьні: маскоўскіх беларусаў - «Шляхам Скарыны», іркуцкіх - «Маланка», пецярбурскіх беларусаў-каталікоў - «Крыніца». Старшынём Рады МАБР быў абраны аўтар гэтых радкоў, намесьнікамі - Анатоль Грыцкевіч (Пецярбург) і Алег Рудакоў (Іркуцк), сакратаром Рады МАБР - Таіса Мішчанка, сябрам Рады - вядомы бізнэсовец беларускага паходжаньня Анатоль Сілівончык зь Цюмені. Галоўным рэвізорам быў абраны Яўген Чапко.

Мы двойчы падавалі паперы на рэгістрацыю МАБР, яны прайшлі дзяржаўную і недзяржаўную экспэртызу. Тым ня менш, у рэгістрацыі МАБР было адмоўлена. У размове чыноўнік упраўленьня юстыцыі дакараў: «Деятельность Вашей организации противоречит процессу объединения Белоруссии и России...»

СУСТРАКАЎ СЬВІСТ - ЗА МОВУ ДЫ ПРАПАНОВЫ

2 красавіка пры паўпустой залі адбыўся Сход па ўтварэньні аўтаноміі «Белорусы России» пад расейскім і лукашэнкаўскім сьцягамі, з прывітальнымі словамі ад Лукашэнкі й Ельцына, з удзелам урадавых дэлегацыяў. Адзіным беларускамоўным выступоўцам быў урадавы дэлегат зь Беларусі. Затое былі прынятыя патрэбныя Заявы аб падтрымцы Лукашэнкі і палітыкі інкарпарацыі. Мінюст і Міннац РФ хуценька зарэгістравалі гэтае згуртаваньне.

У выніку двух праведзеных Зьездаў аформіліся два беларускія згуртаваньні - «фармальнае» і «нефармальнае». Нягледзячы ні на што, МАБР пачаў дзейнічаць, да яго пачалі далучацца «старыя» суполкі, што захоўвалі «нэўтралітэт». Галоўная задача МАБР - інфармацыйная каардынацыя дзейнасьці беларускіх суполак - выконваецца. МАБР існуе як рух і ідэя. Далейшы лёс МАБР у значнай ступені залежыць ад падзеяў у Беларусі як мэтраполіі беларускага руху і ў меншай ступені - ад падзеяў у Расеі і сьвеце, ад фармальнай рэгістрацыі і стаўленьня ўладаў. Галоўнае, што беларусы РФ не засталіся статыстамі ў прыкрых гульнях. На апошнім Зьезьдзе ЗБС «Бацькаўшчына» дэлегацыю афіцыёзных «аўтанамістаў» з РФ сустракаў сьвіст - за мову ды прапановы. Пасьля непамыснага для лукашэнкаўцаў разьвіцьця падзеяў у беларускай дыяспары працэс стварэньня сусьветнага таварыства «кішэнных беларусаў» заціх.

Дый нават у Расеі на апошняй (восень 2002 году) канфэрэнцыі «аўтанамістаў» аб наяўнасьці заявілі ўсяго 14 суполак (зь іх толькі 5 аўтаномій). Астатнія 28 прапалі бяз знаку. А мы - жывём!

  (нар. у 1963 у Магілеве) - актывіст беларускай дыяспары ў Расеі. Скончыў Маскоўскі інстытут сталі і сплаваў. Загадваў лябараторыяй ува Ўсесаюзным інстытуце лёгкіх сплаваў. Апошнім часам займаецца прыватным бізнэсам.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (30) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Сувязь з рэдакцыяй,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/10/21