Сярод шматлікай і разнастайнай «беларусікі» Расійскай нацыянальнай (былой Імператарскай публічнай) бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу прыцягвае ўвагу аб'ёмістая (155 аркушаў) падшыўка разнастайных дакументаў з фірменнай наддрукоўкай на сіняй вокладцы: «Канцылярыя арцыбіскупа Магілёўскага, мітрапаліта ўсіх рыма-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі». На ёй пяром і чарнілам рукапісны загаловак: «Справа аб Гарадышчанскім касцёле». Справа, што пачалася ў 1905 годзе, закончылася ўжо даўно і трагічна. Але, зазірнуўшы ў «Беларускую энцыклапедыю», мы знойдзем толькі ўспамін аб узарваным у 1944 годзе фашысцкімі захопнікамі касцёле - нічога больш. Тым часам дакументы з сіняй папкі паведамляюць цікавы кавалак гісторыі пасёлку Гарадышча (менавіта так, а не «Гарадзішча», названы ён у старых паперах). Мы прапануем дакументальны пераказ гісторыі пра змаганне людзей - сялян, паноў, святароў - супраць паноўнай улады за сваю веру і годнасць. Змаганне было стваральнае, бо праводзілася ў жыццё праграма, якую адукаваныя чальцы мясцовага грамадства распрацавалі «для карысці вёскі і ваколіцы». У гэтым апавяданні, акрамя беларускіх палітычных і веравызнаўчых спраў, імёнаў і паселішчаў, ёсць яшчэ адзін фігурант - гэта Пецярбург. Тут, у доме паэта і сенатара Гаўрылы Дзяржавіна на Фантанцы, 118, знаходзілася канцылярыя рыма-каталіцкага арцыбіскупа - адсюль сачылі за Гарадышчам. Тут знаходзяцца Сенат і Сінод, тут Таўрыдскі палац, у якім у Першай Дзяржаўнай Думе засядае член Часовага камітэту па гарадышчанскім касцёле, дэпутат ад Менскай губерні Раман Скірмунт. На Загарадным праспекце жыве адвакат гарадышчанцаў Баляслаў Альшамоўскі, а на Неўскім, 6, працуе натарыус Забельскі, у якога Альшамоўскі завярае шматлікія копіі дакументаў. Напэўна, нехта з пецярбургскіх жывапісцаў напісаў партрэт…
Апавяданне разбіта на тры храналагічныя часткі, адпаведныя этапам гэтай мірнай барацьбы. Мы выкарыстоўваем цытаты з старога справаводства, таму часам прагучаць нязвыклыя моўныя звароты і да т. п. моўныя асаблівасці.
У 1662 годзе ў вёсцы Гарадышча, што на беразе Ясельды, побач з возерам Святым (цяпер яно «Палескае»), за 12 вёрстаў ад Пінску, полацкі ваявода Ян Караль Копаць заклаў кляштар і пры ім мураваны касцёл. Загадам Начальніка Паўночна-Заходняга Краю Расійскай Імперыі ад 25 красавіка 1865 году за № 1994 першакласны касцёл і бенедыктынскі манастыр пры ім былі зачынены. Менскі губернатар меркаваў перадаць будынкі кляштару і касцёлу праваслаўнай епархіі для пераводу сюды з Пінску манастыра і духоўнага вучылішча. Праваслаўныя адмовіліся ісці ў дазвання каталіцкую вёску, а 819 душ парафіянаў рыма-каталіцкага вызнання чакалі вырашэння лёсу сваіх святыняў. У лістападзе 1869 году будынкі касцёлу і кляштару з прыналежнай да іх зямлёй былі канфіскаваныя ў дзяржаўны скарб і прададзены сапраўднаму стацкаму саветніку (тытул, адпаведны генерал-маёрскаму) Дэлагардзі з умовай, каб будынак касцёлу быў знесены альбо перароблены ў жылое памяшканне з поўным змяненнем яго выгляду.
ЗМАГАННЕ. ЧАСТКА I (1897-1907)
У 1897 годзе, падчас следства аб крадзяжы ў маёнтку Гарадышча, паліцыі сталі вядомыя наступныя акалічнасці: Дэлагардзі памёр, не выканаўшы да канца абавязкаў па сваёй нерухомасці. Будынак кляштару ён разабраў, а ў касцёле зняў толькі купал і мядзяны дах, пакрыўшы храм дахоўкай. Зямля з касцёлам перайшла ў спадчыну да ўдавы стацкага саветніка фон Гоера. У гэты ж час падпаручнік Антон Нелюбовіч-Тукальскі, шляхціч Юры Асмалоўскі і іншыя жыхары Менскай губерні звярнуліся да Ягонай Імператарскай Вялікасці, Гаспадара Імператара з прашэннем аб недапушчэнні зла будынку і аб дазволе ім выкупіць пляц з касцельным будынкам і цвінтаром. З прычыны гэтага прашэння менскі губернатар не палічыў неабходным патрабаваць ад спадарыні фон Гоер неадкладнага выканання абавязку па зносе касцельнага будынку. На пачатку 1899 году міністр унутраных справаў канфідэнцыйна паведаміў губернатару, што Ягоная Імператарская Вялікасць па хадайніцтве аб дазволе набыць будынак зачыненага Гарадышчанскага касцёлу 7 студзеня таго ж году зрабіў ласку загадаць: 1) азначанае хадайніцтва адхіліць і 2) прапанаваць менскаму губернатару не настойваць на прывядзенні ў выкананне пастановы аб разбурэнні альбо абсалютным змяненні выгляду касцёлу. Дзеля выканання гэтага загаду менскі губернатар аддаў сакрэтны загад Пінскай павятовай паліцыі аб непрад'яўленні да ўладальніцы маёнтку «Гарадышча» патрабавання аб зносе альбо пераробцы будынку былога касцёлу.
Напэўна, змест «сакрэтных» загадаў на шляху з Пецярбургу праз Менск і Пінск у Гарадышча зрабіўся вядомы зацікаўленым асобам. Як і безумоўная іншая ісціна: царская адміністрацыя мела на ўзбраенні шмат разнастайных прыёмаў і рычагоў для дасягнення сваіх мэтаў. У Менску вырашылі пакарыстацца лацінскім правілам divide et impera - падзяляй і пануй.
У верасні 1899 году гаспадыня маёнтку, Марыя фон Гоер, раптам прадала будынак касцёлу на злом пінскім яўрэям Ёселю Айзінману, Мойшу Эпштэйну і Лейбу Таўзісу. Калі ж азначаныя габрэі прыбылі ў маёнтак Гарадышча, сышоўся натоўп сялян і пагрозамі ды кіданнем камянёў не дапусціў пачатку працаў па зломе будынку - гэта з рапарту паліцэйскага чыноўніка. Адна з віленскіх газет пад рубрыкай «З Літвы, Украіны і Беларусі» так напісала аб гэтым здарэнні: «Гарадышчане … выслалі ўсіх сваіх жанчын, каб перашкодзілі руйнаванню касцёлу. Пачэсныя гарадышчанкі так блізка да сэрца прынялі гэтую місію, што, падышоўшы пад касцёл, нарабілі вялікага ляманту. Новыя ўласнікі касцёлу, адчуваючы недарэчнасць такой куплі і азірнуўшыся на стромы бераг возера, дзе прысталі іхнія лодкі, у найвялікшай паспешнасці ўцяклі ў Пінск і занеслі ўладам скаргу, «што жанчыны бунтуюцца». Адразу ў Пецярбург на імя імператрыцы Марыі Фёдараўны пайшла тэлеграма сялян, у якой яны скардзіліся на памешчыцу фон Гоер за продаж хрысціянскай святыні іншаверцам. Імператрыца даручыла справу генерал-ад'ютанту Троцкаму, які зрабіў запыт менскаму губернатару. Тым часам у Пінску яўрэі (думаецца, з лёгкім сэрцам - бо атрымалі сумнеўны гешэфт) далі распіскі, што не будуць зносіць будынку да асаблівага распараджэння.
У траўні 1900 году міністэрства ўнутраных справаў з Пецярбургу просіць менскага губернатара паведаміць, ці працягвае ўласніца маёнтку Гарадышча Марыя фон Гоер настойваць на прывядзенні да выканання яе з Ёселем Айзінманам, Мойшам Эпштэйнам і Лейбам Таўзісам дамовы ад 7 верасня 1899 году і ці няма магчымасці захаваць гэты будынак, беручы пад увагу прыгажосць яго інтэр'еру, у якасці помніка мастацтва. Памешчыца адказала, што яна не настойвае на выкананні дамовы аб разбурэнні храму, аднак пры ўмове, што ёй будзе дазволена, каб пазбегнуць матэрыяльных стратаў, прадаць гэты будынак мясцовым сялянам-каталікам, каб тыя ўжо ўтрымлівалі яго ў належным для помніка даўніны выглядзе.
Са свайго боку менскі губернатар выказаў так, што хадайніцтва сп-ні фон Гоер, на яго думку, не падлягае задавальненню, бо дазвол мясцовым каталікам выкупіць будынак несумненна быў бы ўспрыняты былымі парафіянамі касцёлу як знак згоды з боку ўраду на аднаўленне зачыненага храму.
У 1905 годзе справа выкупу касцёлу спатыкнулася аб адсутнасць сродкаў, што відаць з «Рапарту» пробашча Пінскага касцёлу ксяндза Войціка мітрапаліту - у гэтым лісце ёсць і звесткі аб гарадышчанскіх фрэсках: «…касцёл гэты… мураваны, знадворку значна папсаваны, дахоўка на страсе зусім рассыпаецца; у сярэдзіне засталіся голыя сцены, знізу падрапаныя і збэшчаныя надпісамі розных наведвальнікаў, якія на розных мовах пакінулі свае подпісы. Аднак увогуле сцены пафарбаваныя пэндзлем таленавітага мастака і там, дзе рука наведвальніка не дастала, вельмі далікатна выглядаюць, як толькі ўчора пафарбаваныя…» Далей ксёндз Войцік піша, што на выкуп касцёлу патрэбна больш за 12 тысяч рублёў, а з зямлёй і возерам - больш за 30 тыс. руб. Яму ж для рамонту Пінскага храму не стае 15-18 тысяч, а на іншыя патрэбы тым больш нічога нямашака… Напісаная ўпоперак рэзалюцыя мітрапаліта № 4535 датавана 30.08.1905: «Дзеля адсутнасці сродкаў куплю касцёлу адкласці да больш спрыяльных абставінаў». Гэтая рэзалюцыя датычыла толькі факту куплі. Адначасова мітрапаліт атрымаў прашэнне ад сялян Яна Савохі і Адама Гука дазволіць у гарадышчанскім касцёле набажэнствы. Як доказ таго, што храм знаходзіцца ў прыдатным стане, прыкладзены фотаздымак. Рэзалюцыя пралата Свідэрскага: «Прасіць Сп. Міністра аб дазволе ў гэтым касцёле багаслужбы». На фотаздымку вясковай святыні відаць інтэр'ер, дастойны багатага сталічнага храму.
ЗМАГАННЕ. ЧАСТКА II (1907-1909)
Рэвалюцыя 1905-1907 гадоў у Расеі паўплывала і на беларускія каталіцкія справы. Дэпартамент духоўных справаў замежных вызнанняў 30 лістапада 1907 году паведаміў менскаму губернатару, што не лічыць магчымым адмовіць жыхарам-каталікам вёскі Гарадышча Пінскага павету ў іхнім хадайніцтве аб дазволе ім адчыніць для багаслужбаў будынак раней зачыненага касцёлу, нагадаўшы, што, паводле новага закону 1906 году, для дазволу ўзнаўлення рыма-каталіцкіх касцёлаў неабходныя толькі згода адпаведнага рыма-каталіцкага епархіяльнага начальства, наяўнасць грашовых сродкаў і выкананне патрабаванняў Будаўнічага статуту. Таму, пісалі з Пецярбургу ў Менск, калі сп. Тэадаровіч (з 1903 году гаспадар Гарадышча) згодзіцца перадаць, на тых ці іншых умовах, будынак памянёнага касцёлу з пляцам пад ім тамтэйшым каталікам, то ім не можа быць забаронена адчыніць яго, на памянёных падставах, для набажэнстваў. У хуткім часе даведка менскага губернскага архітэктара засведчыла, што сцены гарадышчанскага касцёлу выкладзены ў 9-10 цаглін, моцныя і будынак адпавядае патрабаванням Будаўнічага статуту да такога кшталту пабудоваў. У красавіку 1908 году сяляне-ўпаўнаважаныя Адам Гук, Ян Савоха і Станіслаў Коўб прасілі біскупа даручыць пінскаму вікарнаму ксяндзу Радзівону альбо дэкану ксяндзу Войціку адчыніць касцёл і правесці ў дзень Святога Духа набажэнства. На гэтае хадайніцтва кіраўнік справаў Магілёўскай арцыдыяцэзіі пралат Дзенісевіч адказаў, што не можа дазволіць богаслужэнне да таго, пакуль няма ведамкі ад пана Тэадаровіча адносна перадачы касцёлу. Адказ (на імя ўпаўнаважанага Станіслава Коўба) у арцыбіскупскай канцылярыі на набярэжнай Фантанкі, 118, надрукавалі, прысвоілі № 2436, падпісалі і адправілі… не па адрасе.
У канцы траўня 1908 году здзіўлены ксёндз Зэльба, адміністратар касцёлу ў Ваўчкевічах, прыслаў у канцылярыю Магілёўскага арцыбіскупа такі ліст: «Пры гэтым маю вярнуць рэляцыю № 2436 з тае прычыны, што ў маёй парафіі няма вёскі Гарадышча, у якой быў бы пабенедыктынскі касцёл, і прозвішча Коўба зусім не чуў». Справа адклалася.
Тым часам узнікла ініцыятыўная група асобаў, якая лістом на імя біскупа Стэфана Дзенісевіча пацвердзіла намер утрымліваць касцёл у Гарадышчы на свае сродкі. 9 кастрычніка 1909 году была напісана папера, дзе двое парафіянаў Гарадышчанскага касцёлу абавязваліся ўтрымліваць будынак храму ў належным выглядзе, паколькі ён будзе перададзены ў грамадскае карыстанне. Папера напісана рукой Рамана Скірмунта з Парэчча і падпісана таксама I. Кужанецкай. На наступны дзень падобны ліст падпісалі яшчэ восем асобаў - чатыры мужчыны і чатыры жанчыны (Канстанцыя Скірмунт, Леанціна Орда, Стэфанія Брэза і Аляксандра Бутрымовіч). Першым стаіць подпіс стрыечнай сястры Рамана Скірмунта Канстанцыі, якая жыла ў маёнтку Моталь. Гэтая пісьменніца, вядомая сваёй цікавасцю да гісторыі, якраз тады выдала ў Варшаве трэцюю кнігу з цыклу «Над Нёманам і Балтыкай». Кніга была прасякнута мясцовым літоўскім патрыятызмам і называлася «Міндоўг, кароль Літвы».
ПЕРАМОГА. ЧАСТКА III (1909-1917)
Калі ўсе ўмовы для распачынання багаслужбаў у Гарадышчы былі выкананыя, арцыбіскуп Стэфан Дзенісевіч афіцыйна дазволіў асвяціць касцёл і адслужыць імшу. Зрабіў гэта лунінецкі капелан ксёндз Станіслаў Іваноўскі. Пінскі дэкан 25 лістапада 1909 году даносіў у арцыдыяцэзію, што касцёл пасвечаны 18 лістапада, затым 21 лістапада была адслужаная ўрачыстая літургія і «ад гэтага часу штотыдзень з Пінску мае там служыць хто-небудзь з ксяндзоў па адной імшы - наколькі гэтаму не перашкодзяць непрадбачаныя акалічнасці».
У Пецярбургу на Фантанцы, 118 «трымалі руку на пульсе» - у папцы са справамі па Гарадышчы ляжыць змястоўная ў сваёй лаканічнасці тэлеграма ад 18.09.1909: «Сёння Гарадышча асвечана Іваноўскі». А «непрадбачныя акалічнасці» ўзніклі адразу ж. Ужо 9 снежня 1909 году менскі губернатар паслаў кіраўніку Магілёўскай арцыдыяцэзіі «Прадстаўленне», у якім паведаміў, што ксёндз Іваноўскі за незаконнае адкрыццё касцёлу прыцягнуты да суду, мерай стрымання для яго абрана падпіска аб нявыездзе, і прасіў спыніць «незаконныя» богаслужэнні. 7 студзеня 1910 году (роўна дзень у дзень юбілей разгляду справы імператарам і загаду «не бурыць») паступіў яшчэ адзін - вельмі рэзкі - ліст менскага губернатара з пагрозамі зачыніць касцёл не часова, а канчаткова.
Касцёл стаяў зачынены, а ў справе з'явілася яшчэ адна дзейная асоба - адвакат Баляслаў Губертавіч Альшамоўскі (Пецярбург, Загарадны праспект, 13, кв. 10). Арцыбіскуп Магілёўскі, мітрапаліт усіх рыма-каталіцкіх касцёлаў Расіі ў верасні 1911 году выдаў прысяжнаму паверанаму Альшамоўскаму даверанасць на прадстаўленне ўсіх інтарэсаў касцёлу і парафіянаў у справе Гарадышча ў Менскім акруговым судзе. У працэсе, які a priori меў палітычны характар, пецярбургскі адвакат стаў супраць менскай адміністрацыі. У якасці сведак былі пакліканыя пінскі паліцыянт Кільчэўскі, памешчык Тэадаровіч, сяляне Плюховіч, Тышко, Сямён і Аляксандр Лоі, Гарох, Мароз і Амельяновіч.
У «Справе Гарадышчанскага касцёлу» ёсць асобна пераплецены сшытак (45 старонак машынапісу) - плён працы Альшамоўскага. Менскія чыноўнікі абвінавачвалі сялян з ініцыятыўнай групы ў тым, што яны без дазволу адрамантавалі (і гэтым самым прыстасавалі да магчымасці богаслужэньня) зачынены касцёл. Альшамоўскі пабудаваў абарону на доказах, што рамонт - справа зробленая, скончылася даўно і з тэрміну даўнасці не падлягае асуджэнню. Аднак суд пастанавіў, што рамонт - справа, якая мае працяг, і вырашыў наступнае: 1) сялян вёскі Гарадышча Пінскага павету Яна Савоху (45 гадоў), Адама Гука (67 гадоў), Станіслава Коўба (50 гадоў) і Васіля Казарына (50 гадоў) пакараць штрафам у памеры 50 рублёў з кожнага, з заменай арыштам пры паліцыі на два тыдні кожнага; 2) ксяндза Станіслава Аляксандра Іваноўскага прызнаць па судзе апраўданым. Апеляцыі ў Віленскую судовую палату і Касацыйны дэпартамент Сенату ў Пецярбургу вынікаў не далі - прысуд быў зацверджаны.
Невядома, што рабіў два тыдні ў паліцыі кожны з асуджаных, але напэўна яны вярнуліся дадому змагарамі і пакутнікамі за веру, а адвакат, які дамогся апраўдальнага прыгавору ксяндзу Іваноўскаму, стаў сімвалам справядлівасці. Пасля заканчэння працэсу ні прысяжны павераны Альшамоўскі, ні часовы Парафіяльны камітэт не спынілі намаганняў у адкрыцці храму - яны працавалі настойліва і ўпарта. Важным крокам стаў выкуп маёнтку: у чэрвені Міністэрства ўнутраных справаў на хадайніцтва Альшамоўскага дазволіла, а ў ліпені 1913 году натарыус Зміцер Васюковіч у канторы Пятра Пігулеўскага ў Пінску, на Кіеўскай вуліцы, аформіў купчую - гарадышчанскія сяляне Адам Гук, Ян Савох, Васіль Казарын і Станіслаў Коўб набылі ў калежскага саветніка Вікенція Тэадаровіча нерухомую маёмасць, а менавіта: «азёры пад назвамі «Святое» і «Гарадышча» з прыналежнай да іх зямлёй, на якой знаходзіцца прыстань пры рацэ Ясельдзе і сад, агароджаны цаглянай абгародкай, у якім знаходзіцца будынак зачыненага каталіцкага касцёлу са званіцай і цагляны недабудаваны дом…». У жніўні 1914 году хадайніцтва аб адкрыцці касцёлу знаходзілася ў сп. менскага губернатара, а 21 верасня таго ж году ў Петраградзе Дэпартамент духоўных справаў дазволіў рамонт і адкрыццё касцёлу для службаў.
У кастрычніку 1915 году мы знаходзім у Гарадышчы ксяндза Адама Лісоўскага, які разам з вясковым старастам Васілём Тышком і панятымі Пятром Лагушкам ды Вінцэнтам Савохам склалі «Акт вопісу і ацэнкі касцельнай маёмасці». Пры гэтым сам будынак храму не быў ацэнены, як запісана ў акце: «З прычыны масіўнасці будынку касцёлу, пабудаванага ў стылі рэнесанс, і з прычыны велізарнай гістарычнай і мастацкай каштоўнасці старажытнага насценнага жывапісу «al fresco», які пакрывае ўсю сярэдзіну храму, што ў якасці старажытнага помніка дойлідства карыстаецца шырокай вядомасцю, ацэнку гэтага з прычыны некампетэнтнасці ацэншчыкаў зрабіць не было магчымасці».
Ці цяпер, на пачатку XXI стагоддзя, мы можам палічыць страты ад адсутнасці гэтага помніка, ці таксама «з прычыны некампетэнтнасці» не можам прэтэндаваць на ролю ацэншчыкаў нашага страчанага здабытку?
Сярод іншай маёмасці ў 1915 годзе згаданы абраз святой Ганны ў галоўным алтары, пісаны алейнымі фарбамі. Старажытны, мастацкі. Кошт 4000 рублёў. Ацэнка абраза зроблена на падставе водгукаў кампетэнтных наведвальнікаў храму. Яшчэ два абразы ацэнены па 500 рублёў: «Маленне аб чашы» і «Святы Бенедыкт» у срэбнай рызе. Тры абразы ацэнены па 200 рублёў і адзін - 100 рублёў.
Вопіс называе два старажытныя партрэты абатаў гарадышчанскага бенедыктынскага кляштару, старажытны партрэт заснавальніка кляштару і новы «партрэт дабрадзея касцёлу ў пазалочанай раме».
Жыццё складзенае так, што яшчэ не закончаны адзін яго эпізод, а ўжо пачынаецца другі. Не прайшло і году ад аднаўлення рэгулярнага богаслужэння ў Гарадышчы, а чальцы Часовага камітэту па Гарадышчанскім касцёле Раман Скірмунт (лістом ад 15.09.1915) і Канстанцыя Скірмунт (лістамi ад 17 лютага i 15 лiпеня 1915) турбуюць арцыдыяцэзіяльнае начальства разважаннямі пра пажаданую арганізацыю працы ў Гарадышчы і скаргамі на тое, што ксёндз А. Лісоўскі не надае сваёй парафіі дастаткова ўвагі. Раман Скірмунт - у гэты час чалец Менскага губернскага камітэту Ўсерасійскага земскага саюзу - уважліва ставіцца да спосабу выкарыстання маёнтку, што купілі на грамадскія складкі.
Каб не быць галаслоўнымі, парафіяне складаюць і пасылаюць у Пецярбург «Мемарыял аб праграме, пажаданай для Гарадышча». Мемарыял гаворыць, што, «выкупляючы касцёл і маёнтак Гарадышча ў Пінскім павеце, людзі, якія гэта зрабілі, паставілі сабе наступныя мэты:
1. Дабіцца адкрыцця касцёлу, асадзіць пры ім пробашча і аднавіць парафію.
2. Праводзіць і развіваць у Гарадышчы грамадскую працу, ужо там раней распачатую (школу, рамёствы, узорны агарод) - для карысці вёскі і ваколіцы».
Далей у сямі пунктах: «Маёнтак і яго прызначэнне» - праграма вываду маёнтку з запазычанасці банку, патрабаванне да біскупа зацвердзіць падзел абавязкаў пробашча і часовага Камітэту па кіраванні маёнткам, а з часам дэлегаваць кіраванне пінскаму Таварыству дабрачыннасці.
Шмат пазней, ужо пасля заканчэння другой сусветнай вайны, брат Канстанцыі Скірмунт Канстанцін узгадваў, што, калі Эліза Ажэшка хацела падарыць свой гарадзенскі маёнтак грамадскай арганізацыі, улада не дазволіла. А ў выпадку з Гарадышчам грамадскасць апынулася на вышыні!
Раман і Канстанцыя Скірмунты дамагліся свайго - хуткім часам менскі дэкан ксёндз Ягеловіч «для дапамогі пробашчу Гарадышчанскага касцёлу ксяндзу А. Лісоўскаму ва ўдзяленні духоўных патрэбаў мясцоваму каталіцкаму насельніцтву» пасылае ксяндза Аляксандра Астрамовіча (аднаго на Гарадышчанскі, Лунінскі, Лунінецкі і Осаўскі касцёлы), потым Астрамовіча замяняе ксёндз Ісідар Борыс, а ў траўні 1916 году ў Гарадышча пераязджае вікарны менскага Марыінскага касцёлу ксёндз Аляксандр Місевіч. Гэты чалавек стаў сведкам самых цяжкіх дзён Гарадышчанскага касцёлу, а яго рапарты, лісты і тэлеграмы сталі сведчаннем трагічных падзей. Вось ліст ксяндза Місевіча свайму арцыбіскупу ў Петраград ад 23 верасня 1916 году: