Борхесу было цікава пабачыць твары першай сотні сваіх чытачоў. Мне цікава іншае. Ці гатовыя мы пабачыць твары ста апошніх чытачоў? Або менш патэтычна - твары апошняй сотні чытачоў раману?
Я даўно пачаў цікавіцца, дзе пачатак і канец раману. У якой ступені пачатак і канец раману - пачатак і канец чытаньня - абумоўленыя тым, што думае Ясьміна Міхайлавіч¹, тым, як мы чытаем і якая наша полавая прыналежнасьць? Ці абавязкова, каб раман меў заканчэньне? І што такое насамрэч канец нейкага раману, нейкага літаратурнага твору? І колькі адзін раман можа мець пачаткаў і заканчэньняў?
Пэўныя адказы я знаходзіў, калі пісаў свае кнігі. Яны й сталіся сапраўднымі адказамі на гэтыя пытаньні. Я ўжо даўно зразумеў, што ўсе віды мастацтва падзяляюцца на «рэвэрсіўныя» й «нерэвэрсіўныя». Існуюць такія віды мастацтва, якія даюць магчымасьць іх карыстальніку (рэцыпіенту) падысьці да твору з розных бакоў ці нават абысьці яго, мяняючы кірунак агляду. Гэта - рэвэрсіўныя: архітэктура, скульптура, выяўленчае мастацтва. Ёсьць таксама іншыя, нерэвэрсіўныя віды мастацтва, як музыка й літаратура, што падобныя да вуліц з рухам у адным кірунку, па якіх трэба крочыць ад пачатку да канца, ад нараджэньня да сьмерці. Я даўно імкнуўся зрабіць нерэвэрсіўную літаратуру рэвэрсіўным мастацтвам. Таму ў маіх раманах няма пачатку й канца ў клясычным разуменьні.
Прыкладам, «Хазарскі слоўнік» мае слоўнікавую структуру: гэта «раман-лексыкон на 100 000 слоў», і, у залежнасьці ад альфабэту, на розных мовах раман чытаецца па-рознаму.
Мой другі раман - «Краявід, намаляваны гарбатай» (яго можна параўнаць з крыжаванкай): калі чытаць яго вэртыкальна, то на першы плян выходзяць партрэты герояў кнігі. Калі гэтыя самыя разьдзелы чытаць гарызантальна («клясычным спосабам»), на першае месца выходзяць завязка й разьвязка сюжэту. Якія тут пачатак і канец раману? Перш за ўсё, раман канчаецца па-рознаму ў залежнасьці ад таго, трымае яго ў руках жанчына ці мужчына. Натуральна, пачатак і канец гэтага раману адрозьніваюцца і ў залежнасьці ад таго, як вы прачыталі твор - вэртыкальна ці гарызантальна.
Разам з раманам-слоўнікам і раманам-крыжаванкай я паспрабаваў вынайсьці яшчэ адзін спосаб перавесьці літаратурны твор у шэраг рэвэрсіўных відаў мастацтва. Гэта «Ўнутраны бок ветру» - раман-пярэварацень. У яго загаловак на двух бакох, і, як заўважыў мой сябра археоляг Драгаслаў Срэявіч, лепей за ўсё чытаць гэты раман паўтара разу. Ягонае заканчэньне - у сярэдзіне, там, дзе сустракаюцца гераіня й герой старажытнага грэцкага міту - Гера й Леандар. Калі вы пачняце чытаць у бок Леандра, пачатак будзе такі: «Будучыня мае адну вялікую перавагу: яна ніколі не бывае такой, якой ты яе сабе ўяўляеш». Калі вы распачняце чытаць раман у бок Геры, то прачытаеце іншае: «У першай палове свайго жыцьця жанчына нараджае, а ў другой - забівае ды хавае сябе або сваіх блізкіх...» Заканчэньне гэтага раману, прачытанага з боку Леандра, будзе такое: «Было пяць хвілін на першую, калі вежы ў жахлівым выбуху паляцелі ў паветра, разносячы агонь, у якім зьнікла цела Леандра». Калі возьмеце чытаць «Унутраны бок ветру» з боку Геры, атрымаецца такі канчатак: «Паводле слоў звар'яцелага паручніка, на трэці дзень увечары галава Геры крыкнула жахлівым, глыбокім і быццам мужчынскім голасам».
Мой чацьверты раман - «Апошняе каханьне ў Царградзе» - па сутнасьці, раман-таро, складзены з 22 частак, што адпавядаюць картам Вялікага аркана (Маёр Аркан). Як вядома, з дапамогай картаў таро можна прадказваць будучыню, а раман «Апошняе каханьне ў Царградзе» можна прачытаць паводле розных кодаў, як і самі карты. Іншымі словамі, гэты раман - інструкцыя для варажбы, якую можна выкарыстаць па-рознаму. Ён не прадказвае лёс сваім героям. Ён прадказвае лёс сваім чытачам, і чытач сам можа знайсьці свой лёс у кнізе. Падчас варажбы можна ўлічваць значэньне картаў і частак раману (якія маюць тыя самыя назвы ды нумары, што й асобныя карты), раман можна прачытаць без уліку картаў, а карты таро, што ідуць разам зь ім, - без уліку раману. А магчыма паводле дапаможніка для картаў таро, які ёсьць у зьмесьце, спачатку выкінуць карты на стол, а потым чытаць часткі раману ў тым парадку, у якім карты ляглі на талён"².