A R C H E П а ч а т а к № 1 (30) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


крытыка

  АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ

Вокладка ARCHE 1-2004.

   Мінулыя нумары:

   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Анатоль Сідарэвіч
Дух і літара

Якуб Колас. Новая зямля: Паэма ⁄ Агул. рэд., пасьлясл. Я. Янушкевіча; Уклад. У. Гілеп, Я. Янушкевіч; Прадм. М. Мушынскага; Пер. на рас. мову С. Гарадзецкага і інш.; Пер. на польск. Ч. Сэнюха; Камэнт. М. Мушынскага, Я. Янушкевіча; Маст. В. Шаранговіч. - Менск: БФК, 2002.

У Максіма Гарэцкага ёсьць парадаксальнае выказваньне пра тое, што творчасьць Купалы «болей нацыяналістычна, чым творчасьць Коласа, і меней нацыянальна... чымся коласаўскі эпас». Хочаш таго ці не, мусіш згадзіцца і з Гарэцкім, і з вызначэньнем Коласавай паэмы «Новая зямля» як энцыкляпэдыі жыцьця беларускага сялянства. Жыцьця - заўважым - дакалгаснае эпохі. І паказальна, што менавіта гэтая, багата аздобленая мастаком Васілём Шаранговічам, паэма была выдадзеная ёмістым томам да 120-х угодкаў песьняра.

Скажам шчыра: том мог быць танчэйшы, калі б не сэрвілізм нашага чынавенства, якое і ў страшным сьне ня можа прысьніць, што Коласаў шэдэўр надрукаваны на мове арыгіналу і ў перакладзе на польскую безь перакладу на расейскую¹. Хоць перакладу на «вялікую і магутную» насамрэч няма: калі ў арыгінале мы налічваем 10953 радкі, дык у расейскім перакладзе - на 966 радкоў меней. Асабліва не пашанцавала песьні ХІІІ («Падгляд пчол»), якую расейскі перакладнік скараціў на 109 радкоў. Мусіць, за апісаньне сялянскага (з чыйгосьці гледзішча - кулацкага) «раю», што было недапушчальна пасьля галадамору (ад голаду пухлі сяляне і ў беларускім савецкім Палесьсі) ды падчас карткавай сыстэмы. Істотна абсечаная і песьня ХХІV («Вялікдзень»). Ізноў жа: і карціна сытасьці ў ёй, і стаўленьне народу да рэлігіі ня так, як «трэба», паказанае.

Беларуска- і расейскамоўную вэрсіі камэнтароў напісаў Міхась Мушынскі. Ён тлумачыць чытачу, што такое Вербніца, Вялікая Субота, Піліпаўка і г. д. Рэлігійнае невуцтва, мабыць, яшчэ не ўдалося адолець, калі трэба тлумачыць такія паняткі. А адмыслова для расейскамоўнага чытача падаецца гісторыя перакладу «Новае зямлі» на «вялікую і магутную» і ацэнка яго самім Якубам Коласам. Пясьняр адзначаў, што «в переводе на русский язык поэма звучит далеко не по-русски». Нягледзячы на ўсе стараньні Коласа (які нават сам перакладаў цэлыя кавалкі за перакладнікаў), яму «не ўдалося дамагчыся поўнай адпаведнасьці арыгіналу». Дый як яе было дамагчыся, калі пільна працавала цэнзура і ня менш пільна - самацэнзура перакладнікаў. Вылазіла навонкі і іх савецкасьць, жаданьне выслужыцца перад уладаю. Як скажаўся дух паэмы, як яе героям прыпісвалі атэізм² - гэта М. Мушынскі дэманструе пры супастаўленьні цытатаў з арыгіналу і перакладу.

І вось расейскі пераклад «Новае зямлі» друкуюць пад адной вокладкаю з арыгіналам...

Зь Міхасём Мушынскім трэба паспрачацца наконт пераліку выданьняў «Новае зямлі». Ён называе першае (1923), трэцяе (1934), чацьвертае (1941), пятае (1946) выданьні. Але я не магу згадзіцца з такою нумарацыяй, бо «Новую зямлю» выдавалі таксама ў Заходняй Беларусі, вывучалі ў нешматлікіх беларускіх і дзьвюхмоўных школах, і заходнебеларускія дзядзькі «шпарылі» яе на памяць цэлымі разьдзеламі. У 1928-1929 гадох трыма выпускамі і ў розных віленскіх друкарнях убачыла сьвет трэцяе выданьне «Новае зямлі»³, а ў 1931 годзе - чацьвертае. Менскае выданьне 1934 году было, такім чынам, пятым.

Так яно і было: у Савецкім Саюзе галоўны Коласаў твор нельга было цалкам перакласьці на расейскую, а бээсэсэраўскае і саюзпісьменьніцкае кіраўніцтва і не магло, і не жадала замаўляць яе пераклад на іншыя мовы. (Напрыклад, я перакананы, што «Новая зямля» выдатна гучала б па-ўкраінску, як гучаць на гэтай мове ў перакладах Рамана Лубкіўскага і Паўла Гірныка купалаўскія «Яна і я» ды «На Куцьцю».) Тым часам за пераклад паэмы ўзяўся быў Тадэвуш Хрусьцялеўскі (Chróścielewski). У гэтую працу ён уцягнуў сваю дачку Дароту і Бажэну Клёг-Гагалеўскую (Klog-Gogolewska). Для кнігі Якуба Коласа «A tak śpiewa dudka miła» (Лодзь, 1982) былі перакладзены фрагмэнты песень І, XXVII, XXVIII, ХХІХ (Т. Хрусьцялеўскі), XIII, XVII, XXVI, ХХХ (Д. Хрусьцялеўская), V, VIII і ІХ (Б. Клёг-Гагалеўская). Апрача таго, Б. Клёг-Гагалеўская пераказала ў тым самым томе зьмест усяе паэмы. Аднак высьветлілася, што лодзінскія перакладнікі рабілі гэтую працу толькі для дадзенага зборніку Коласавых твораў, завяршаць яе поўным перакладам яны ня мелі намеру.

У сваім пасьляслоўі «Наша Песьня Песьняў» і ў камэнтарох да трохмоўнага выданьня Язэп Янушкевіч распавядае, з чаго і калі пачалася праца Чэслава Сэнюха над новым перакладам «Новае зямлі», і ледзь не па днях паказвае, калі якая песьня была перакладзеная. Перакладнік працаваў бязмала дзесяць гадоў - недзе на два гады менш, чым сам аўтар. А перад пачаткам гэтае працы была размова Янкі Брыля з Чэславам Сэнюхам у коласаўскай Альбуці...

Тое, што за пераклад «Новае зямлі» ўзяліся ў Польшчы, ня дзіўна: польскія і беларускія сяляне з цэнтральных і заходніх земляў нашае краіны, якія забылі пра пазямельную грамаду, вельмі блізкія ў сваёй мэнтальнасьці. Ім, бадай, аднолькава была ўласьцівая вера, што свая ральля - гэта «наймацнейшая аснова і жыцьця першая умова». Розьніла іх тое, што польскае сялянства, выхаванае сваім каталіцкім духавенствам, загартаваным у супрацьстаяньні з захопнікамі, здолела адпрэчыць калгасны лад. Коласавы ж Міхал, Антось і Ганна, як і мільёны іхніх суайчыньнікаў, у найлепшым разе маглі дастаць на Вялікдзень з-за бэлькі старую кантычку - як успамін пра сваё колішняе каталіцтва... Ды я заходжу на іншую дзялянку - гістарычную, хоць і лічу, што прыняцьце хрысьціянства зь Бізантыі сталася прычынаю нашае адсталасьці, а Унія была толькі зьлёгку мадыфікаваным праваслаўем.

Дык вось, Язэп Янушкевіч, падлічваючы радкі ў расейскім ды польскім перакладах, адзначае, што і Чэслаў Сэнюх не дасягнуў ідэалу эквілінэарнасьці: ягоны пераклад на 164 радкі большы за арыгінал. Ведама, ідэал ёсьць ідэалам, але не самамэтаю. У дзьвюх песьнях ідэал дасягнуты, у дзевяці песьнях перакладу радкоў меней, чым у арыгінале. Меней іх на адзін, на два ці тры, і нават на пятнаццаць, як у песьні ІІ («Раніца ў нядзельку»). У васьмі песьнях на адзін-дзевяць радкоў болей, чым у арыгінале, і ў адзінаццаці іх болей на дзесяць («Пярэбары», «Дзедаў човен», «Вялікдзень») і нават на дваццаць два («Дарэктар»), на дваццаць тры («Сьмерць Міхала») або на дваццаць дзевяць («На глушцовых токах»).

Паглядзім, што скарочана ў песьні «Раніца ў нядзельку». Два радкі «згубленыя» ў фрагмэнце, у якім гаворыцца пра жаночую долю (радкі 70-78 арыгіналу), але сутнасьць яго ад гэтага не пацярпела (радкі 70-76 перакладу). Найбольш прапала радкоў у той частцы, дзе дзядзька Антось вяртаецца зь Нёмна і апавядае пра рыбалку (радкі 147-229 арыгіналу, 145-209 перакладу). Аўтар тут трохі пакеплівае з свайго героя:

        ...А дзядзька мерна йдзе з-за кладкі,
        Ідзе бяз шапкі,
        круціць носам -
        Гаворыць пацеры з засосам;
        Для сьмешак твар яго зацяты,

        Дык, моў, ня лезьце, парасяты.
        І дзеці змоўклі, больш ні слова:
        Няхай канчаецца размова
        Антося дзядзькі са сьвятымі, -
        Тады пагутарыць і зь імі.
        А покі скончыць ён маліцца,
        То можна ў Сьвержні апыніцца:
        Псальмоў адкоціць з паўдзясятка,
        Дык так выразна, ды так гладка,
        Што дзяк і той ня ўсякі зможа,
        Як рэпу грыз, - даруй грэх, божа!
        Не гаварыў, а сек языкам!
        Маліўся дзядзька з тым разьлікам...
  крытык літаратуры, сталы аўтар «ARCHE»
































¹Мусіць, таму і лічыцца былы міністар культуры У. Гілеп укладальнікам кнігі, хоць што тут, здаецца, і ўкладаць
































²Укладальнікі, захоўваючы літаратуру савецкіх публікацыяў паэмы, пакідаюць напісаньне бог. Думаецца, справядліва было б пісаць у гэтым выданьні паэмы Бог. Ці нельга пераканацца ў слушнасьці такога перакананьня, калі паглядзець дасавецкія публікацыі паасобных песьняў? Мы ж ведаем, што за бальшавіцкаю дыктатураю Якуб Колас мусіў перарабляць свае раней напісаныя творы і выдаляць зь вершаў (пэйзажнае лірыкі) рэлігійныя матывы, згадку пра Бога.

³У першым выпуску былі зьмешчаныя песьні І-ХІІІ, у другім - песьні ХІV-XXI, у трэцім - астатнія дзевяць. Пагінацыя - скразная. У першым выпуску, падрыхтаваным у друкарні С. Бэкера, было 123 старонкі плюс дзьве старонкі на зацемкі, і ўсё ж другі выпуск, зроблены ў друкарні «Рах», пачынаецца са 123-й старонкі. У першым выпуску, у якім напісана, што гэта «адбітка з «Народу» (газэты Беларускае сялянскае партыі Яна Станкевіча), пазначана таксама: выданьне 3-е. А вось другі і трэці выпускі выдаўцы чамусьці пазначылі як 4-е выданьне паэмы. У трэцім выпуску, надрукаваным у друкарні «Pogoń - Pax», таксама адзначана, што яно набрана літарамі У. Знамяроўскага (беларускага выдаўца). Асаблівасьцю трэцяга выданьня ёсьць тое, што замест літары й ва ўсіх трох выпусках выкарыстаная літара j
   


У перакладзе гэты фрагмэнт і скарочаны. Я выдзеліў тыя радкі, якія маглі б выклікаць у польскіх чытачоў зь ліку шчырых вернікаў неадэкватнае разуменьне стаўленьня аўтара да рэлігіі. Перакладнік, думаю, кіраваўся перш за ўсё гэтым меркаваньнем4. Што гэта так, сьведчыць і наступны прыклад. У песьні «Падгляд пчол» ёсьць даволі запамінальны вобраз: «Крыніца бурнага натхненьня, ⁄⁄ Мінут вясёлых, ажыўленьня, ⁄⁄ Стаяць, як біскупы, бутэлі, ⁄⁄ І ласа ўсе на іх глядзелі». Аднак у перакладзе гэтага вобразу няма. У беларусаў, якіх пераводзілі з аднае веры ў другую, трохі іншае стаўленьне да вонкавых праяў рэлігійнасьці і да духавенства, чым у большасьці палякаў.

На шэсьць радкоў скарочаны дыялёг дзядзькі з Алесем пра шчупака, які разам з кручком сарваўся яму з вуды (радкі 199-229 арыгіналу, 185-209 перакладу). Што праўда, скарачэньне гэтае не прынесла нейкіх зьмястоўных стратаў і не скажае вобразу дзядзькі Антося. Шэсьць радкоў перакладнік дабірае ў трох заключных разьдзелах песьні (вяртаньне Міхала з абходу).

А вось песьня ХХІІ («На глушцовых токах»). Два першыя разьдзельчыкі эквілінэарныя. Пасьля трэцяга, у якім пабольшала на тры радкі, эквілінэарнасьці ўжо няма, але дух Коласавай паэмы, характарыстыкі герояў (таго ж Абрыцкага) захаваныя. Пакуль Міхал падыходзіў да агню, ля якога сядзелі Абрыцкі, Дземідовіч, Астахновіч ды іншыя, пераклад перавысіў арыгінал ужо на шаснаццаць радкоў (139:123). Пасьля апісаньня бойкі Пшавары й Абрыцкага гэтая розьніца павялічылася на васямнаццаць радкоў. Далей усё зноў ідзе радок у радок, але, пакуль Міхал хадзіў «сачыць глушцоў, шукаць іх токі», у перакладзе паболела на дваццаць пяць радкоў, а ў канцы песьні, калі лесьнікі вярнуліся да будана, дадаліся яшчэ чатыры радкі. І цяжка ўпікнуць перакладніка, што ён зграшыў супраць літары і духу песьні.

Дваццатая песьня («Каляды», назва якой гучыць не «Kolędy», як можна было б чакаць, а «Gody») у перакладзе большая на тры радкі за арыгінал. А здарылася гэта таму, што аўтар (мусіць, як і Міхалавы дзеці ў паэме) у чаканьні смакаты пасьля Піліпаўкі (Адвэнту) вельмі ж прыглядаўся, што і як матуля гатуе на Куцьцю да сьвяточнага стала.

        І вось вячэра пачалася!
        Спыніцца мушу я на квасе:
        Ён колер меў чырванаваты;
        Тут быў таран, мянёк пузаты,
        Шчупак, лінок, акунь, карась,
        Кялбок і ялец, плотка, язь,
        Яшчэ засушаныя зь лета.
        Але ня ўсё яшчэ і гэта:
        Аздоблен квас быў і грыбамі...

Чэслаў Сэнюх перакладае ледзь ня літара ў літару, але, як сын і знаўца звычаяў нашае зямлі, удакладняе, нешта дадае сваё (гэтыя радкі выдзеленыя):

        I już wieczerza w całej krasie!
        Lecz chcę zatrzymać się na kwasie:
        Ten kwas swój kolor czerwonawy

        Od buracznej miał zaprawy,
        A był w nim taran, lin brzuchaty
        I ułow nasuszony z lata -
        Szupak, okonie, płocie, jazie,
        Kiełbiki, jelce i karasie

        I jeszcze miętus na okrasę.
        Lecz to nie wszystko. Kwas jest kwasem,
        Gdy suszonymi go grzybami
        Dopełnić...

Перакладнік заўсёды троху камэнтатар. Тут якраз той выпадак: хто так цяпер спраўляе Куцьцю? І хоць патрабаваньне эквілінэарнасьці парушанае, дух фрагмэнту захаваны. Літара не пакрыўджаная і праўда жыцьця захаваная. Ці вось радкі з тае самае песьні:

        Ялінка ў хаце так прыгожа!
        А колькі радасьці і ўцехі!
        На ёй
        валоскія арэхі,
        А з пазалочанай паперкі
        Глядзяць панадныя цукеркі...

Перакладнік тут (мусіць, згадваючы сваё маленства) «папраўляе» аўтара і піша, што ялінка

        ...daje dzieciom moc radości,
        Kusząc ich oczy cukierkami
        I
        złoconymi orzechami...

І такая дэталь нешта дадае для разуменьня колішняга сялянскага і дробнашляхецкага быту, не пярэчыць духу «Новае зямлі». Але вернемся да пытаньня пра эквілінэарнасьць. У перакладзе песьні XXVI («Агляд зямлі») на два радкі меней, чым у арыгінале. Ды вось чытаем апісаньне слуцкага пэйзажу: «Прад імі Случчына ляжала...» Перакладнік палічыў патрэбным пакінуць у тэксьце слова «азярод», але радок «Па старасьвецкіх азяродах» ён мусіў патлумачыць. Таму й чытаем: «Po staroświeckich «aziarodach» - ⁄⁄ Krzyżakowatych urządzeniach ⁄⁄ Do bujnych traw i zbóż suszenia» 5.

  4Хоць і ня скажаш, што ўсе палякі такія ўжо вернікі і дзеці Касьцёлу (газэта «Nie» з нумару ў нумар крытыкуе духавенства, пачынаючы ад якога вясковага кандыдата і канчаючы біскупам Рыму, а тыраж мае досыць вялікі), перакладнік меў на ўвазе przeciętego Polaka зь яго культам Бога, Касьцёлу і Айчыны. Ёсьць у палякаў і культ войска, а таму ў іх немагчымы вобраз кшталту Івана Чонкіна. Менавіта ze względów idejowych (Войска польскае не выглядае ідэальна) пераклад раману Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды» ня змог убачыць сьвету ні ў Польшчы камуністычнай, ні ў Польшчы дэмакратычнай. Вяртаючыся да рэлігійных матываў: перакладнік учыняе недакладнасьць, калі ў песьні «Летнім часам» радкі «То там, то сям у чэсьць пятровак ⁄⁄ З грудзей тых макавых галовак, ⁄⁄ Дзяўчатак слаўных, яснавокіх, ⁄⁄ Ў лугах прасторных і шырокіх ⁄⁄ Плывуць-дрыжаць сьпяванак тоны...» перакладае як «A że to w Dzień Piotrowy było, ⁄⁄ Z piersi tych dziewczyn jasnookich⁄⁄ Śpiewanki płyną pod obłoki...» Колас пісаў пра пятроўкі (пятроўку) - пост, што пачынаецца праз тыдзень пасьля Сёмухі (Зялёных сьвятаў) і працягваецца да дня Пятра і Паўла. А ў сам Пятроў дзень людзі на працу не хадзілі. У перакладзе трэба было б «Dzień Piotrowy» паправіць на «post Piotrowy», і тады было б зразумела, чаму тыя сьпяванкі «Tajemnym smętkiem zamącone».
   

Веданьне геаграфіі краю дазваляе перакладніку (ці не з настальгіяй?) «устаўляць» сваё, як у песьні «Зіма ў Парэччы» з знакамітым паляваньнем на зайцоў («Забілі зайца, не забілі, ⁄⁄ Але ж, брат, гуку нарабілі» ). Кіруе «паляваньнем» дзядзька Антось.

Дае дарэктару ён бляху. - Звані ў яе, бі чым папала, Абы мацней яна гучала - На ўсю Сьвяржэнскую граду!

У перакладзе:

«Darektarowi» daje blachę: - Masz walić w nią czym tylko da się, By las się zatrząsł w tym hałasie Od Stołpców aż po Nowojelnię!

Ад гэтага «od Stołpców aż po Nowojelnię» камічны эфэкт нават узмацняецца: і сапраўды «huku-krzyku było!».

Або слова «капэля». У нашым кутку, калі падшпаркі зьбіраліся ці то ў лес, ці то на возера, дарослыя казалі паблажліва: «Бач ты, сабралася капэля». А тут - у песьні «Зіма ў Парэччы» - яшчэ з бляхаю, патэльняю... І хоць слова «капэля» ў арыгінале няма, перакладнік уводзіць яго, і гучыць яно натуральна:

Ruszyli w las. Stryj już zawczasu Obmyślił, jaki rewir lasu Przepędzą lawą, w którą stronę Cała kąpela pójdzie gonem...

Або з імёнамі праблема. Бывае так, што дзеля рыму і рытму імя трэба мяняць. Звычайна гэта робіцца з імёнамі трэцярадных пэрсанажаў, якіх мы сустракаем у паэме толькі адзін раз. Дзядзька Антось з Таксаю палюе на тхароў, бо «У Сьвержні Іцка з Моўшам проста ⁄⁄ Да шкуркі ўліпнуць, як кароста». У перакладзе ж у тым самым Сьвержні за шкурку ледзь не пацалуюць руку Гірш і Іцак. У песьні «Воўк» аўтар згадвае Дароту, перакладнік - Агату, у песьні «Летнім часам» у аўтара Аўдоля, у перакладніка - Алёна... Гэтыя недакладнасьці ня маюць істотнага значэньня, бо і ў аўтара імёны гэтых пэрсанажаў, бадай, выпадковыя, «пад рыфму».

Іншы раз перакладнік уводзіць імя дадаткова. Вось дзед Юрка (вобраз, сьпісаны з рэальнага паэтавага дзеда), той дзед Юрка, што, падгуляўшы, «трохі сына памуштруе» (nota bene: будучага Старшыню Рады БНР і акадэміка Язэпа Лёсіка). У Коласа (песьня «Дзедаў човен») імя ўласьніка шынка, у якім дзед Юрка падгуляў, ня згадваецца. Перакладнік жа ўдакладняе: «A gdy wróciwszy z szynku Srula ⁄⁄ Dziadek rozbawił się, rozhulał...» І тут ён не скажае арыгіналу, бо імя гэтага шынкара (Сроль) мы сустрэнем у песьні «Сэсія». Добрае веданьне тэксту, заходнебеларускіх рэаліяў, звычаяў і наднёманскіх мясьцінаў - усё гэта дапамагае перакладніку ўвесьці чытача ў сьвет Міхалавай сям'і, яе турботаў, у яе прыроднае і сацыяльнае атачэньне.

Мяне цікавіла, як перакладзеныя тыя радкі з паэмы, якія часта цытуюцца, сталі афарызмамі. Скажам так: ня ўсё перакладніку ўдалося (дый, мусіць, ён такое адмысловае мэты перад сабою ня ставіў), але шмат што і па-польску гучыць запамінальна. Вось паралельныя тэксты:

  5 «Заашчадзіў» перакладнік на іншым. У прыватнасьці, у гэтай песьні ёсьць сэнтэнцыя: «Наогул хата - справа дробна, ⁄⁄ Абы зямля была ўпадобна» У гэтых двух радкох - сялянская філязофія. У нас на Палесьсі чалавеку, які кажа, што ў кагосьці надта малая хата, адказваюць: «Хоць ракам лезьці - было б што есьці». З гісторыі ЗША мы ведаем, што фэрмэры жылі ў зямлянках датуль, пакуль не даводзілі да ладу зямлю і не «станавіліся на ногі». Шкада, што Чэслаў Сэнюх якраз гэтыя два радкі і не пераклаў.
   


Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе ня маю сілы!

А за сталом на верашчаку
Падгатаўлялі ўжо атаку…

А ў пост, скажы, сварыцца можна,
Калі ты гэтака пабожна?

І мяккім робіцца паганы -
Хоць ты кладзі яго да раны.

І так, бывала, наясіся,
Што хоць на пупіку круціся...

А чыгунок, бы пан пузаты,
Кіпіць, пыхціць, шуміць заўзята…

Які ты, хлопча, нецярпячка,
Няхай цябе затопча качка!

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут...

Наняўся, кажуць, як прадаўся! -
Міхал зласьмешна адазваўся.

А будзе йсьці навука туга,
Падгоніць бацькава папруга!

Паны на момант слупянеюць,
Жаваць іх сківіцы ня сьмеюць...

Сказаць: салгаў - не выпадае,
Паверыць - веры не хапае...

Сьпяваеш добра, ды ці тое?
Вярзеш, брат, грушу на вярбе.

...можна б сьмела зьесьці булку,
Каб абысьці гэту качулку...

Ідзе так дзядзька і па бруку
Адзін за дзесяць робіць груку.

Чыноўнік буркнуў штось сярдзіта,
Як той вяпрук каля карыта...

А нашча чарачку кульнуць -
Усё адно, што ў рай зірнуць.


Kraju rodzinny, sercu miły!
Zapomnieć ciebie nie mam siły!..

I już na misą z wereszczaką
Stół się szykował do ataku.

Jak jesteś taką już pobozną,
To powiedź: w post przeklinać mozna?

Najgorszy zlośnik uglaskany,
Choć bierz i przyłóż go do rany...

Więc brzuszki im pęczniały prędko,
Choć bąka kręć na własnym pępku...

Sagan puzaty jak panisko
Już prawie kipie, warem pryska…

Oj, niecierpliwy ty okropnie!
A niechże ciebie kaczka kopnie!

Kupić na własność trochę ziemi
I już nad sobą pana nie miec...

Najęty, mówia, jak sprzedany -
Zakończył Michał prawdą znaną.

A na lenistwo i narowy
Mam sposób pewny: pas ojcowy!

Wszyscy zamarli w osłupieniu,
Aż zapomnęli o jedzeniu...

Powiedzieć: kłamstwo - nie uchodzi,
Uwierzyć - rozum się nie godzi...

Czy ty nam prawdę tut przedstawiasz,
Czy gruszki nam na wierzbie wmawiasz?

...człek by wrąbał bułkę z mlekiem,
Zanim by obszedł taką bekę...

Idzie tak stryjo i na bruku
Sam za dziesięciu robi huku.

Burknąl czynownik rozeźlony,
Jak nad korytem wieprz spasiony...

A na szczo walnąć po sto gramów
To tak, jak zajrzeć w raju bramy.

 
   


Ведама, усяго зрабіць радок у радок і сугучна не атрымалася. Напрыклад, славутага «А для дзяцей набольша сьвята ⁄⁄ Абы наесьціся багата» ці ня менш запамінальнага «А сок быў сьвежы, такі хвацкі, ⁄⁄ Такі салодкі забіяцкі!». Затое хораша гучаць наступныя радкі: «O jakże bliski sercu dziecka ⁄⁄ Jest brzęk patelni na przypiecku!». А гэтая «рэкляма» Хадыкам свае зямлі?

        Вось паплавец мой. Сена - піва!
        Ядкое, брацікі, на дзіва:
        Запраў, дык есьці будзе поп.
        А жыта! ну, ня ўзьнімеш сноп!
        Глядзеце: ржышча - чараціны,
        Ня вашы менскія націны,
        Бо вашы менскія пясочкі
        Знаёмы добра мне, браточкі, -
        Мясіў уласнымі нагамі,
        Ядзяць іх мухі з камарамі!
        Tam ląka. Siano z niej jak piwo,
        Zapachów, smaków w nim na dziwo,
        Choć swatów częstuj nim czy popa!
        A żyto! Nie podźwigniesz snopa!
        O tutaj rżysko: jak po trzcine,
        Nie jak po waszej tam zbożynie
        Na mińskich piachach zamorzonej.
        Znam te waszy piaski płone,
        Zdeptałem swymi je nogami,
        Jadły je muchy z komarami!

Сёе-тое перакладнік папраўляе, і даволі ўдала. Вось дзядзька Антось з Грышкам хочуць узысьці на Замкавую гару ў Вільні. Вартаўнік кажа ім, што трэба «білет купіць на права ўходу». Гэты радок рыфмуецца з наступным: «Сябры спынілісь - грошай шкода». У перакладзе вартаўнік патлумачыў, што трэба купіць білет, а далей ідуць два радкі, што ствараюць жывы, сюжэтны малюнак: «Stanęły chłopy koło wchodu, ⁄⁄ W głowy się drapią: grosza szkoda!»

Агульнавядомаю праблемаю ў перакладзе зьяўляюцца фразэалягізмы, праўдзівей - пошук іх адпаведнікаў. У песьні VII («Дзядзька-кухар») у вядомых словах дзядзькі Антося пра кансэрватыўнасьць жанок («Як іх на розум тут ня ставяць, ⁄⁄ Яны ж сваё ўсё права правяць ⁄⁄ І робяць так, як і рабілі, ⁄⁄ Калі пяшком пад стол хадзілі» ) трэба адпаведна перакласьці ўстойлівы выраз «калі пяшком пад стол хадзілі». У перакладзе чытаем:

        Kobietom w głowie się nie mieści,
        Że chłop nie tylko sieje, orze,
        Lecz i na kuchni znać się może.
        I warzą strawy jak warzyły,
        Gdy jeszcze siusiumajtki były.

Адпаведнік знойдзены, аднак і такое адзначыць трэба: у той час, калі пісалася паэма, вясковыя дзяўчынкі майтак ня ведалі. Перакладнік тут ажыцьцявіў мадэрнізацыю.

Перакладнік - асабліва ў паэзіі - можа ўставіць «родны» фразэалягізм у пераклад, нават калі ў арыгінале ніякага фразэалягізму няма. Так робіць і Чэслаў Сэнюх. У песьні XXV («Летнім часам») у заключным разьдзеле (назавём яго ўслаўленьнем грыбоў) перакладнік (відаць, што сам аматар grzybobrania) ня змог утрымацца, каб ня ўславіць баравікі і сваім словам:

        Prawdziwki! Wielkie jak kopyta,
        W ogromnych ciężkich kapieluszach,
        Istne paniska, bez przesady,
        Grzybowa szlachta w dzień parady,
        Że hulaj dusza bez kontusza!

Ад арыгіналу гэтыя і наступныя радкі далекаватыя, але неяк ня хочацца дакараць перакладніка, бо падзяляеш яго настрой. Асабліва ж радуе гэтае польскае «hulaj dusza bez kontusza», бо перад намі праўдзівае апісаньне грыбнога балю. Аднак калі зыходзіць з патрабаваньняў тэорыі, перакладніку яшчэ давядзецца папрацаваць над гэтым разьдзелам, каб і прынцып эквілінэарнасьці задаволіць, і літару арыгіналу.

Або вось яшчэ адзін прыклад увядзеньня свайго ўстойлівага выразу. У песьні ХІІ («Сэсія») Міхал ідзе праз засьценак і разважае:

        ...І хоць няважныя харомы
        Тут гэта шляхта збудавала,
        Але жыве і гора мала!
        Хоць шляхціц цёмны, як саган,
        Затое ж сам сабе ён пан:
        Паноў лясьнічых знаць ня знае,
        Прад імі сьпіны не згінае...

У гэтым фрагмэнце ёсьць два ўстойлівыя выразы: «цёмны як саган», «згінаць сьпіну». Чэслаў Сэнюх мяняе першы зь іх, у якім факусуецца кплівае і нават пагардлівае стаўленьне пісьменных і заможных мужыкоў да цёмнае ды беднае шляхты, затое ўводзіць іншы, польскі выраз, у якім ідэалізуецца праўны статус гэтае самае шляхты:

        Był to zaścianek mu znajomy,
        Jak chłopskie chaty kryte słomą
        I tak jak one już nie nowy.
        Lecz żył tut szlachcic szaraczkowy.
        Choć jak chłop ciemny, w swej zagrodzie
        Wolnością równy wojewodzie.
        Nie zgina przed leśniczym karku,
        Nie zna odrobku i szarwarku...

Гэтае «jak chłop ciemny», калі экстрапаляваць яго на сялянскую масу, нібыта й апраўданая папраўка, але ж у фрагмэнце выказваецца менавіта Міхалава стаўленьне да шляхты, а ён - мужык і пісьменны, і нябедны. Аднак паколькі заможнасьць ягоная крохкая, бо трымаецца на панскай ласцы, устаўка «w swej zagrodzie wolnością równy wojewodzie» апраўданая: хоць перакладнік і ідэалізуе праўны стан дробнае шляхты, устаўкаю ён падкрэсьлівае ейную эканамічную ды юрыдычную незалежнасьць - сапраўдныя прадметы Міхалавай зайздрасьці. Устаўку асабліва апраўдвае перакладніцкае ўзмацненьне гэтага Міхалавага пачуцьця: «Aż westchnął Michał z tej zazdrości: ⁄⁄ Czemuż nie on wśród jegomości?» (у Коласа: «Міхал зірнуў і пазайздросьціў: ⁄⁄ Чаму й ня ён між ягамосьцяў?» ). …Удалечыні ад роднага кутка паэт пісаў:

        Эх, досьвітак маленства, лета!
        Вамі навек душа сагрэта!

Удалечыні ад роднага кутка перакладчык піша:

        Chłopiectwo moje! Lato, lato!
        Mam co wspominać! Dzięki za to!

Застаецца сказаць, што ня кожнаму паэту, ня кожнаму твору ўдаецца знайсьці свайго перакладніка. Якуб Колас і «Новая зямля» знайшлі яго ў асобе Чэслава Сэнюха. Не ў апошні чарод таму, што перакладнік, аддалены часам і прастораю ад сваёй радзімы, здолеў прасякнуцца пачуцьцямі паэта, увайсьці ў створаны ім сьвет.

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (30) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Сувязь з рэдакцыяй,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/10/21