Ня раз спрабавала занатаваць свае ўражаньні ад жыцьця ў Амэрыцы, але ўсё не ставала часу. Час - бадай, самае дарагое, што тут ёсьць. Можа, таму амэрыканцы ня любяць спазьняцца ці стаяць у чэргах - ня маюць на гэта часу. Хуткасьць жыцьця і ёсьць тым першым, што ўражвае і палохае тутака. Усё віруе ўдзень, увечары і ўначы. Адно спыняецца, яго падхоплівае іншае. І кожны ведае, што мае шанец схапіць удачу за руку, таму й рупіцца.
Амэрыка - краіна вельмі простых і натуральных жыцьцёвых правілаў, а амэрыканцы - вельмі, а часам і занадта аптымістычны народ. Многім эўрапейцам гэта падаецца прымітыўным і нават грубым. Неаднойчы даводзілася мне чуць ад знаёмых, што Амэрыцы бракуе духоўнасьці, тонкасьці і культурнасьці. Мне напачатку таксама так здавалася. Ну што за культура ў гамбургерах ды галівудзкіх баевіках? Але гэта, так бы мовіць, тандэтны экспарт. Прадукцыя ж для ўнутранага спажываньня нашмат багацейшая. Каб убачыць яе, трэба тут пажыць ці хацець убачыць. Зрэшты, неістотна, зь якога боку акіяну чалавек жыве. Нямала сустракала я сваіх землякоў, што гады пражылі ў Амэрыцы з заплюшчанымі вачыма - хто ад страху і бездапаможнасьці, хто ад упартасьці, а хто ад звычайнай дурноты. І ў такім стане можна пражыць, ня надта бядуючы. Адно што ніякай сатысфакцыі. Хіба, вярнуўшыся на бацькаўшчыну, распавядаць пра тое, як там усё гібее.
Першае маё знаёмства з рэальнай Амэрыкай не было лёгкім. Давялося перавучвацца, засвойваць новыя правілы гульні, ці рэаліі, і перш за ўсё тое, што ў Амэрыцы кожны адказвае сам за сябе. А каб гэтая адказнасьць мела сэнс, кожны вольны рабіць, гаварыць ці верыць у што заўгодна (ці ня верыць). Вось табе, дзядзька, свабода, рабі з сабой што хоч. Хоч зарабляй грошы, а хоч не зарабляй, хоч ідзі ў прэзыдэнты, а хоч - на прэзыдэнта... Адно плаці дзяржаве падатак у залежнасьці ад даходу ды не прасі супу і асьпірыну, хіба што зусім бедны ці нягеглы. Страшная карцінка для саветамі ўзгадаванага чалавека. Свабода - гэта першае, ад чаго мая савецкая частка мазгоў адмаўлялася, абы ня браць адказнасьці, абы нехта забясьпечыў і гарантаваў. Вось гэтая сабачая прывычка і цягнула назад. Але цікаўнасьць і адчуваньне свабоды папіхалі наперад. Найперш трэ было вучыць мову, зарабляць на жыцьцё і асвойвацца ў новым сацыяльным асяродзьдзі. Пайшла вучыцца. Ня так важная была фармальная мясцовая адукацыя, як упэўненасьць у сабе і камунікацыя. І перад вучобай, і пасьля яе заканчэньня, пры ўладкаваньні на працу мяне ніхто ніколі не папрасіў паказаць дакумэнты пра адукацыю ці працоўную кніжку (зрэшты, панятку «працоўная кніжка» тут няма). Усё бралася на веру праз гутаркі і правяралася канкрэтнай працай. Што да працы, дык яе даводзілася шукаць праз агенцыі і газэты, рассылаць сотні заяваў, праходзіць тузіны сумоўяў з наймальнікамі, чуць не адно «мы з вамі скантактуемся». Аж нарэшце аднойчы нешта спрацавала, і я атрымала поштаю свой першы працоўны кантракт з абяцаньнем добрага заробку і ўсіх стандартных ільготаў карпаратыўнай Амэрыкі. Гэта было першае адчуваньне сапраўднай перамогі над сваім страхам. Грамадзтва канкурэнцыі карае страх і слабасьць досыць жорстка. Прымаўку «Галоўнае - не перамога, а ўдзел» амэрыканцы стасуюць да няўдачнікаў. Амэрыканскі дэвіз хутчэй гучыць як «Заўсёды імкнуцца да перамогі». Вядома, як і паўсюль у сьвеце, людзі тут розныя. Хтосьці - гулец, а хтосьці - глядач. Але ўсе згаджаюцца, што роўнасьць немагчымая. Магчымая толькі свабода быць або тым, або іншым. Вось гэтая свабода і давала энэргію, якой не магло даць папярэдняе жыцьцё з гарантыямі.
Другая рэалія, да якой давялося прызвычайвацца, - цяжкая праца. Тут даводзіцца спаборнічаць за працоўнае месца і працаваць цяжэй і даўжэй. Гэтая традыцыя працы, што вядзе пачатак ад першых пратэстантаў-перасяленцаў з Эўропы, спалучаная з свабодай прадпрымальніцтва і неабмежаванымі рэсурсамі, спарадзіла своеасаблівы тып заходняга працаўніка - несупыннага вытворцы і адначасова спажыўца. Патрэба вырабляць, аднак, пераважвае патрэбу спажываць. Хоць ізноў-такі звонку здаецца, што амэрыканскі лад жыцьця - гэта суцэльнае спажываньне. У параўнаньні з эўрапейцамі амэрыканцы спажываюць меней у адсоткавым выражэньні, чымся ствараюць. Ня ведаю, якія на тое прычыны. Магчыма, гэта вера ў American dream. А можа, гэта тлумачыцца тым, што амэрыканцы ня маюць сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня і за ўсё мусяць плаціць з сваёй кішэні, таму й больш ашчадныя ў тратах. У Амэрыцы вы ня знойдзеце шыльдаў «замкнёна на абед» ці «рамонт» ані ў прыватнікаў, ані ў дзяржаўных установах. Амэрыканцы задавольваюцца шасьцю непрацоўнымі днямі ў год для дзяржаўных сьвятаў, у той час як немцы маюць 24. Права на вакацыі не існуе, як і права на працу. Зусім ня кожная праца гарантуе аплачаны адпачынак ці мэдычную страхоўку. Што да пэнсіяў, дык пераважная бальшыня амэрыканцаў (тыя, што хочуць жыць вышэй за рысу беднасьці) пра гэта мусяць паклапаціцца самі, адкладваючы грошы ўва ўласныя пэнсійныя фонды. Але цяжкасьць працы ня марная. Яна дае плён - грошы. Адны гэтыя грошы ўкладаюць у камфорт і матэрыяльныя даброты, другія - у вольны час. Я ж - у незалежнасьць ад беднасьці і змушанай працы ў старасьці. Гучыць амаль крамольна для маёй савецкай часткі мазгоў. Але што зь яе... Зь ёй я б да скону працавала на дзядзьку. Што й вядзе мяне да трэцяй рэаліі - выбару.
Зь першага дня жыцьця ў Амэрыцы давялося выбіраць. Якую ежу есьці, якую палітыку падтрымліваць, на якой мове гаварыць - усё, да апошняй дробязі, мусіла быць маім рашэньнем. Ніякіх «ты мусіш». Выбар дае сапраўдную асалоду, нават калі ён невялікі, бо заўсёды можна зрабіць свой. Часам амэрыканцы пытаюцца ў мяне, чаму я засталася ў ЗША. Гэта як пытацца ў дзіцяці, чаму яно хутчэй хоча вырасьці дарослым, - бо ж ніхто мне ня будзе дыктаваць, якія газэты чытаць, які сьцяг шанаваць і якому богу маліцца. Але гэта ім цяжка растлумачыць, бо для іх яно натуральнае права. Для мяне ж гэта доўгачаканы скарб, які ўжо не магла б аддаць назад.
Свабода і праўнасьць, гэтыя простыя жыцьцёвыя перадумовы, і трымаюць у Амэрыцы мільёны імігрантаў мацней за тугу па бацькаўшчыне і цяжкасьці адаптацыі. Унутраная эміграцыя непараўнальна цяжэйшая за замежную. Пакуты замежнай - адлегласьць і прывычка. Трагедыя ўнутранай - адчужанасьць і бяспраўе.
Але як жа з духоўнасьцю і культурнасьцю? Сярэдні амэрыканец ня знойдзе на мапе сьвету Індыі і не гаворыць на некалькіх мовах. Але гэты стандарт культурнасьці больш эўрапейскі, чым амэрыканскі. Амэрыканцы за некалькі стагодзьдзяў выпрацавалі свой стандарт і ня надта дбаюць, як да яго ставіцца матухна Эўропа. Каб лічыцца ў Амэрыцы чалавекам культурным, зусім неабавязкова цытаваць на памяць Шэксьпіра і хадзіць на клясычны балет. Амэрыканскі стандарт - гэта спэцыялізацыя, адкрытасьць да новага і цярпімасьць. Сярод беларусаў бытуе перакананьне, што наш народ талерантны, - міт, які можа быць правераны толькі практычным суіснаваньнем рознага. Але дзе гэтае рознае і дзе суіснаваньне? Амэрыканцы ж адкрытыя і талерантныя практычна. Вядома, гэта не прыйшло адразу, з прыездам першых перасяленцаў і выцясьненьнем карэнных жыхароў кантынэнту. Цярпімасьць выпрацоўвалася на працягу стагодзьдзяў праз эканамічную і палітычную неабходнасьць міграцыі і свабоднае мысьленьне. Свабода і самаадказнасьць вымагалі і вымагаюць ад амэрыканцаў стварэньня ўласных, вельмі неаднародных культурных формаў. Адны маюць магчымасьць дамінаваць у поп-культуры, другія абмежаваныя асяродзьдзем і папулярнасьцю, элітарныя ці маргінальныя, але ўсе - існыя і неперасьледаваныя. Іхным суіснаваньнем і правяраецца амэрыканская талерантнасьць. Падобнае сужыцьцё і супрацоўніцтва розных культураў ды расаў пакуль недасяжнае для збольшага монаэтнічных эўрапейцаў. Амэрыканцы ж навучыліся карыстацца гэтым як крыніцай энэргіі. Прасьцей кажучы, размаітасьць унутраных культурных формаў - гэта тое, чаго амэрыканцы не экспартуюць, а трымаюць для свайго спажытку і разбаўляюць дарагім выкшталцоным імпартам, які яны могуць сабе дазволіць. Экспартуецца ж тое, што лёгка прадаецца.
Для беларусаў, прывучаных за апошнія 80 гадоў да дзяржаўнай стандартызацыі формаў і зьместу культурнага жыцьця, гэткая размаітасьць здаецца размытасьцю. Там, дзе «павінен» існаваць Саюз пісьменьнікаў і пара-тройка вольных літаратурных суполак, існуюць сотні і тысячы саюзаў, груповак, тусовак і проста адзіночак. Ніхто не вызначае палітыкі, ніхто не дамінуе раз і назаўжды. Дзяржава не надае тытулаў і не навязвае любові да ляўрэатаў. Культура існуе па-за ёй, як і рэлігія, і часткова фундаваныя дзяржавай навука ды адукацыя. Я неяк паспрабавала асэнсаваць гэтую адасобленасьць праз вочы майго мужа-амэрыканца. Спытала яго, што ён думае пра ідэалягічны кантроль дзяржавы ў галіне культуры, навукі ці адукацыі. Ён не зразумеў, якая з гэтага можа быць карысьць той жа культуры ці дзяржаве. «Культуры - ніякай, дзяржаве - болей клопату, чым карысьці, а вось канкрэтным людзям, што ёй кіруюць, ёсьць - утрыманьне ўлады», - запярэчыла я. Ягоны адказ быў просты: чаго вартая ўлада над дзіравым чаўном? Натхні людзей стварыць цудоўны карабель і кіраваць ім, і насалоджвайся прагулкай. Кіруй найлепшымі памкненьнямі да стварэньня, а не зьнішчэньня. Хмм... Выбірай!