| |
Андрэй Захаранка
Хоку
ЦЭРКАЎКА НА МОГIЛКАХ
Бiтага звона
Важкi, iржавы язык
Вецер гайдае.
Пяе салоўка
Над могiлкамi ўсьцяж.
Чаму так гучна?
Вецер у лесе.
Нiбыта шоргае дождж.
Вочы заплюшчу.
Ў сэрцы збалелым
Колiшняй радасьцi сьлед
Цi адшукаю?
Цэрква старая.
Могiлкi. За крыжамi -
Вёскi ускраек.
Дзедава хата.
Стрэла мяне пустая
Лава ля плоту.
Дужае вецер.
Зьела палову неба
Шэрая хмара.
ЛЕТНЯЯ НОЧ
Даўнейшы хутар. Ля сажалкi на ўзьлеску Адзiн падмурак.
РАЗГЛЯДАЮЧЫ СТАРЫЯ ФАТАГРАФII
Сэрца заныла. Твар яе любы йзноў Раптам убачыў.
ПАСЬЛЯ ДАЖДЖУ
Торгае вецер Важкае лiсьце дарма. Дрэвы замёрлi.
ГРАФСКАЯ ПУШЧА НАД НЁМАНАМ
Гронкi парэчак. Вiльгацьцю дыхае дол. Цьмяныя шаты.
МРОЯ
Лiпеньскi вечар. Сёньня прыдумаю я Ейныя вусны.
ЛЕТНI ТУМАН
Абярнула ноч На вiльготны дол Малака гладыш.
ЛIПЕНЬСКАЯ НОЧ
Ясная поўня. Ценю уласнаму я Хоку чытаю.
СТАРАЯ БЯРОЗА ЛЯ ТОКУ
Шэпча лiстота. Тулiцца поўня ў яе Сьветлыя шаты.
Сьцiсну ў далонi Горкi тутэйшы палын. Сьлёзы расстаньня.
Конiк сакоча. У срэбнай паўцемры адзiн. Месяц узьняўся.
Бараўцы-Менск, 1999-2003
|
|
нарадзіўся 8 лютага 1974 году ў Новасібірску. У 1996 годзе скончыў геаграфічны факультэт БДУ, а ў 1999-м - асьпірантуру пры ім. У 2000 годзе апублікаваў у "ARCHE апавяданьне "Кроніка аднае аблогі".
|