A R C H E П а ч а т а к № 1 (30) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


аналітыка

  ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ

Вокладка ARCHE 1-2004.

   Мінулыя нумары:

   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Даніла Жукоўскі
У лабірынце з постмадэрністам

          ...Утварыўся лябірынт тэкстаў са шматлікімі галерэямі й сьцежкамі, па якіх блукаюць самотныя аўтары й ня могуць выйсьці да чытача, бо чытач блукае па сваіх сьцежках. Інфармацыйна-тэкставы лябірынт - гэта й ёсьць на сёньня нашае культурніцкае поле.

          Пятро Васючэнка


          Я цалкам згодзен з братам, але хацеў бы перавесці нашу спрэчку крыху... убок.

          Уладзімір Караткевіч.
          «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»


ТЭЗЕЙ

Пачалося з непаразумення. Мой заклік да творцаў не хаваць за словам «постмадэрнізм» уласных недапрацовак1 палічылі замахам на беларускі постмадэрнізм як з'яву. Насамрэч мяне турбавала і турбуе іншае: змаганне грамадскіх дзеячоў за эмансіпацыю ад беларускай аўдыторыі. Злоўжыванне ПМ - малы эпізод, зручная ілюстрацыя. Але для Сяргея Балахонава чыстае і светлае імя беларускага постмадэрнізму ёсць справай гонару, і ён натхнёна крэсліць панараму дасягненняў2. Шырыня й велічнасць малюнку выклікалі пытанні што да абраных ім крытэраў постмадэрнасці, якія самі па сабе ёсць ці не найлепшым прыкладам ПМ-мыслення, якое адмаўляе іерархіі ды ўніверсальную, адзіную для ўсіх ісціну.

Грунтуючыся ў тым ліку на гэтым тэксце, Аляксей Бацюкоў трапна вызначыў сітуацыю з літаратурным авангардам:

Шаноўныя людзі напісалі прыгожыя, нават захапляльныя кнігі ды артыкулы пра сучасны беларускі авангард і пры гэтым самі стварылі ці ня самыя яркія авангардныя творы. Асабіста я не знаходзіў у літаратараў і ў творах, дасьледаваных імі, тых глыбокіх сэнсаў і тых повязяў з самымі сучаснымі сусьветнымі плынямі, якія былі раскрытыя і паказаныя спадарамі В. Акудовічам і Ю. Барысевічам. Падыход, выяўлены спадарамі С. Балахонавым і В. Акудовічам... навязвае нейкі стэрэатып. Постмадэрн выступае як нешта акрэсьленае і моднае, усім зразумелае і што ўжо тым-гэтым выкарыстоўваецца напоўніцу альбо часткова, у той час як застаецца адкрытым пытаньне, па якім крытэры да ліку постмадэрновых можна не далучаць пэўных тэкстаў3.

Даволі пікантная сітуацыя (сапраўдны зрух літаратуры ўбок; але не штурханне, хутчэй дрэйф) - пра мастацкія тэксты чытаць нашмат цікавей, чым самі тэксты: больш выразнасці, інтрыгі, фантазіі. Чарговы выступ сп. Балахонава4 не развеяў уражання: баронячы ПМ ужо ад сп. Бацюкова, ён падаў азначэнне постмадэрнізму й крытэры далучэння тэксту да ПМ-сям'і, чаго не ставала першаму артыкулу, і вычарпальна праілюстраваў іх цытатамі, вызваліўшы чытачоў ад неабходнасці звяртацца «да першакрыніцаў».

Азначэнне тыповае, крытэры звычайныя. Найбольшыя засцярогі выклікае «парадыйны спосаб апавяданьня, валадараньне адметнага кшталту іроніі», кшталт якой варта было б удакладніць, бо лёгкасць, з якой аўтар знаходзіць патрэбныя рысы і выдае твору ПМ-сертыфікат, спакушае агаласіць шэдэўрамі постмадэрну па-балахонаўску «Чжуан-цзы» або «Гільгамеша».

Інтэлектуальны энтузіязм, нават данкіхоцкага тыпу, выклікае павагу. Але хацелася б, высветліўшы канчаткова параўнальна простае пытанне пакрыўджанага постмадэрнізму, прапанаваць высілкам калегаў больш адпаведнае рэчышча.

 

публіцыст, крытык літаратуры, сталы аўтар «ARCHE». У мінулым нумары часопісу апублікаваў эсэ «Ідзі і глядзі». Робіць на гарадзенскай гуце.



























1 Даніла Жукоўскі. Пасткі на хайвэі постмадэрнізму // ARCHE. 2001. № 4.




2 Сяргей Балахонаў. Ізноў пра кляты постмадэрнізм // ARCHE. 2002. № 1.


























3 Аляксей Бацюкоў. Штурханьне ўбок // ARCHE. 2003. № 1.



4 Сяргей Балахонаў. Архіпэляг «постмадэрн», альбо Аналізу халодная сляза // ARCHE. 2003. № 3.

   

МІНАТАЎР

Нараканні на нечытэльнасць ды жанравую беднасць трапляюць на старонкі часопісаў адчувальна радзей, чым клопат пра постмадэрнізм. Прасцей не чытаць беларускага, балазе іншага хапае, тым больш што нешматлікія публікацыі літаратурная грамада сустракае бетонным мурам маўчання. Галасы клічуць у пустыні:

Сказ з трох словаў: «Беларуская літаратура - нудоціна». Я, вядома, не пагаджаўся, прыводзіў прыклады Караткевіча, Маўра і... Вось на гэтым «і» я і спыняўся, бо больш ня мог згадаць... І вось з майго двухгадовага дасьледаваньня паўстала зусім непрыгожая карціна: сучасная масавая беларуская літаратура адсутнічае5.

Ня маем мы ня толькі фантастыкі, дэтэктываў, прыстойных гістарычных твораў, мы ня маем звычайнай добрай сучаснай літаратуры, дзе б аўтары з застарэлым дысыдэнцтвам не настальгавалі па савецкім часам (С. Астравец, І. Сідарук, В. Мудроў), не капіявалі шэранькіх заходніх твораў у расейскім перакладзе (Ю. Станкевіч), не гублялі галавы на прыдуманай уласнай «геніяльнасьці» (Адам Глёбус), не імкнуліся моўным ды тэматычным эпатажам прыхаваць адсутнасьць двух найважнейшых складнікаў сапраўднай літаратуры - мець, што сказаць, і ўмець гэта сказаць (Ільля Сін, З. Вішнёў)... Ці ня ў гэтым уся справа - у халтуры пісьменьнікаў, непрафэсійнасьці... няздольнасьці пісаць цікава, у перакананасьці, што чытач праглыне любое, як-бы й пра што-б яму ні пісалі, бо тое - па-беларуску?6

 
























5Раман Кардонскі // Беларус. 2003, чэрвень.

   

Ніякае дыскусіі не завязваецца. Ніхто нават не пакрыўдуе публічна. На інтэрнэт-форумах на litara.net і knihi.com здараюцца абмены думкамі паміж бакамі: ультраліберальны сеціўны этыкет, карнавальнае стракаценне мянушак-нікаў, разняволеная форма выказванняў іншым разам спрыяюць шчырасці, нашмат часцей (і звычайна з ініцыятывы прадстаўнікоў літаратурнай супольнасці) - пустому балбатанню і дэзарыентацыі. Фактычна накінуты літаратарамі і іх паплечнікамі стыль аргументацыі выключае сур'ёзнае стаўленне да таго, што гаворыцца на форумах. Самае ж галоўнае: збліжэння не назіраецца. Мінатаўр беларускага лабірынту завецца Самота.

НЯЎЛОЎНЫ

Тое, што «асаблівасьць постмадэрновага тэксту - гэта спалучэньне арыентаванасьці на масавага спажыўца на першым узроўні … з складанымі сымбалямі і «кодамі» на другім узроўні тэксту, дабрацца да якога чытач можа толькі праз пэўныя намаганьні» адзначаў, з спасылкаю на працы В. Акудовіча, Аляксей Бацюкоў7.

  6Навум Галяшэвіч // Беларус. 2003, ліпень.
   

З ягонай наступнай высновай, што ў творах, якія ў Беларусі шырака абвяшчаюцца постмадэрнымі, бракуе якраз-такі гэтага «простага» ўзроўню, нагэтулькі цяжка не пагадзіцца, што апанент абмежаваўся менш дакладнай фармулёўкай: «Шматслойнасьць закліканая даць праўду кожнаму чытачу згодна з роўнем яго падрыхтаванасьці, адукаванасьці, абазнанасьці, эрудыцыі» 8.

  7Аляксей Бацюкоў. Штурханьне…
   

Асцярожнасць беларускіх прыхільнікаў ПМ у абыходжанні з словам «шараговы» красамоўная. Ці ўваходзіць у «кожныя» чытач, які хоча пачытаць вечарам цікавую й захапляльную кнігу? Прыкладаў такога падыходу ў беларускай літаратуры няма. У сусветнай магу без затрымкі згадаць «Імя ружы».

Постмадэрнісцкіх тэкстаў у поўным сэнсе гэтага слова ў нас няма. Ёсць толькі Валянцін Акудовіч, які імкнецца сцвердзіць адваротнае, ды Сяргей Балахонаў, пяру якога належыць ці не адзіны вынятак - серыя мініяцюр на чале з «Аднарогамі Беларусі». Калі б «Клакоцкі...» не выклікаў непераможнага жадання заснуць, калі б Караткевіч напісаў «Хрыста…» на дваццаць год пазней… Каб мець шансы злавіць беларускага аднарога, трэба рызыкнуць і сказаць колькі словаў наконт тэхнічнага боку.

ПОСТМАДЭРНІСЦКІ МЛЫН

Галоўная, на мой погляд, памылка абаронцаў постмадэрнісцкага млыну ў тым, што яны блытаюць прыём і метад. Постмадэрнісцкі арсенал у беларускай літаратуры карыстаецца вялікім попытам, спробаў стварыць паслядоўна постмадэрнісцкі тэкст - нашмат меней, не кажучы ўжо пра поспех.

Менш за ўсё чакаеш сустрэць постмадэрнісцкі «часова-прасторавы кактэйль» у творах на гістарычныя тэмы. Аднак што ў аповесці Андрэя Федарэнкі «Нічые» («Полымя» № 3, 2001, тэма - Слуцкае паўстанне), што ў рамане Алеся Наварыча «Літоўскі воўк» («Маладосць» №№ 4-6, 2003, тэма - паўстанне 1863 году) знарочыстыя анахранізмы, нечаканыя перамяшчэнні нашага сучасніка ў герояў, якія набываюць выгляд маскі, што гаворыць чужым голасам, з'яўляюцца важкім сродкам выказвання аўтарскае пазіцыі.

  8 Сяргей Балахонаў. Архіпэляг…
   

Ірына Шаўлякова9 прыводзіць нямала забаўных прыкладаў з «Нічыіх»: «Вельмі хутка тэнісіст узмахнуў ракеткаю - адляцелі палякі, прыкаціліся чырвоныя» . У «Літоўскім ваўку» вельмі гарманічна з неадназначным (у вузка звышсучасным значэнні) стаўленнем аўтара да сваіх герояў - удзельнікаў «інсурэкцыі», ягонай выразнай арыентацыяй на расійскую гістарыяграфію паўстання гучыць фраза пра кітайскую пагрозу Еўропе, укладзеная ў вусны расійскага чыноўніка.

Абсалютна немагчымая для еўрапейца ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя філіпіка падаецца нялішняй. Наварыч-грамадзянін звяртаецца да сучаснікаў. У гэтай фразе, паміж іншага, можна заўважыць адметнага кшталту іронію (sic!), звернутую да чытача: маўляў, што вы сабе галаву забіваеце нейкім паўстаннем напаўзабытым, калі тут вунь якая пагроза навальваецца.

Наўрад ці нават Сяргей Балахонаў рызыкне залічыць вышэйзгаданыя тэксты да набыткаў беларускага постмадэрну. Проста прыёмы зрабіліся агульнаўжывальнымі, і ў адзінкавым, несістэматычным ужыванні не з'яўляюцца маркерам ПМ. Гэта мова эпохі, да складання яе спрычыніліся што Эйнштэйнава тэорыя адноснасці і квантавая механіка, што мультыкультуралізм ды тэалогія пасля Асвенціму.

Гэтая мова гучыць у «Юрлівых санетах» Юрася Пацюпы, апавяданнях Уладзімера Някляева і ў шмат якіх іншых творах. Сапраўдная постмадэрнісцкая гульня з сэнсамі, кодамі, стэрэатыпамі, пазбаўленымі звыклага іерархічнага кантэксту, якая, на думку ПМ-тэарэтыкаў, павінна выпрадукаваць твор, цікавы ўсім, але кожнаму па-свойму, складанейшая за знакамітую Glasperlenspiel. У Беларусі, як і паўсюль, аматараў на гэткія высілкі няшмат.

Жаданне палічыць прыём за метад цалкам зразумелае: паставіўшы мэту зацікавіць і шараговага спажыўца, беларускія постмадэрністы рызыкуюць зрабіцца нават большымі рэвалюцыянерамі, чым меркавалі быць.

ЗАБЫТЫ ХОД

Браць у разлік спажыўца - цымус усяго постмадэрнісцкага. Спажывец - саўдзельнік стварэння сімвалаў, кодаў і стэрэатыпаў, без яго цытаты і алюзіі губляюць водар і сэнс, а гульня з імі нагадвае беганіну з мячом па стадыёне самотнага малога, які кампенсуе адсутнасць іншых гульцоў усёмагутнай дзіцячай фантазіяй.

  9 Ірына Шаўлякова. Гісторыя ўкрыжаваньня // Дзеяслоў. 2003. № 3.
   

Прыгожая мара Пятра Васючэнкі, быццам «інфармацыйна-тэкставы лабірынт - гэта й ёсьць на сёньня нашае культурніцкае поле» , застаецца адно мараю, ці самападманам, пакуль «блукаюць самотныя аўтары й ня могуць выйсьці да чытача, бо чытач блукае па сваіх сьцежках» 10. Яны для чытача ніякія не аўтары, а ён для іх ніякі не чытач. У лабірынтах жа, паводле азначэння, розныя калідоры павінны злучацца між сабою, хай сабе заблытаным і складаным спосабам. І поле аніяк не можа быць асобна - для аўтараў, асобна - для чытачоў.

Адштурхоўваючыся ад творчасці Ігара Бабкова, я прапанаваў бы пісьменніку заснуць. Заснуць і бачыць сны пра тое, што ён - чытач. Калі ён будзе спаць усёй адданасцю, у нейкі момант мастак слова не зможа не спытаць сябе: «Хто я - пісьменнік, які сніць, што ён чытач, ці чытач, які прысніў, што ён - пісьменнік?»

Калі пачаць пісаць, не прачынаючыся (а гэта, мяркуючы па некаторых тэкстах, не створыць цяжкасцяў для майстроў пяра), ёсць неблагія шансы задаволіць вынікам і чытача, і пісьменніка. А калі чытач і пісьменнік раптам зазірнуць у адзін тэкст, тады й паўстане нарэшце культурніцкае поле. Без іхняга судакранання нічога культурніцкага не выйдзе.

Утвораць сілавыя лініі таго поля прымроены Пятром Васючэнкам лабірынт ці прымроены Паўлам Абрамовічам менскі філіял Александрыйскай бібліятэкі імя Хорхе Борхеса - пакуль невядома. Вядома іншае - на сёння гэты «лабірынт» больш за ўсё на свеце нагадвае вялікі цёмны пакой, у якім самотны Сяргей Балахонаў добрасумленна спрабуе адшукаць чорную котку, якая перабегла дарогу беларускаму постмадэрнізму. Але зламысніцы-коткі там?..


Свае, пра сваё, для сваіх

          Нам непатрэбныя гаспадары над намі, якія будуць дыктаваць, што і як рабіць - што друкаваць, што пісаць, як пісаць і пра каго пісаць. Мы хочам быць самастойнымі, і мы будзем такімі!

З прадмовы да № 1 «Дзеяслова»

Стварэнне «Дзеяслова» было пададзенае як нараджэнне прынцыпова новага - незалежнага ад дзяржавы літаратурнага часопісу, узніклага ў полымі пісьменніцкага паўстання супраць дзяржаўнага адміністравання літаратурнымі выданнямі. Апошняе, хутчэй за ўсё, праўда. Малая частка праўды, каб схаваць больш істотнае.

Зацікаўленыя чытачы чакалі новага выдання. Ім падавалася, што калі дзяржава засталася ўбаку ад новага стварэння, яны будуць яму калі не сапраўднымі, то хаця б хроснымі бацькамі. Таму, калі СМІ, выканаўшы ролю анёлаў і каляднае зоркі, гучна паведамілі пра з'яўленне часопісу, чытачы ўдзячна пацягнуліся на творчыя сустрэчы, да незалежных распаўсюднікаў ці ў «Кнігарню пісьменніка» на вул. Казлова. Бо новае слова нарадзілася. Імя яму - «Дзеяслоў». (Біблейскія алюзіі выкліканыя ўступным словам рэдактара, дзе згадваюцца - з вялікай літары - Слова і Дзея.)

Нумары новага выдання даюць падставу для абагульненняў: адбылося кланаванне. Параўноўваючы продка і нашчадка, не бачыш у новапаўсталым выданні прыніжальнага палітычнага лізаблюдства, спробаў угадаць наступны капрыз улады й загадзя паддобрыцца. У іншым - надзвычайнае падабенства з прататыпам. У тым ліку й спосаб узаемаадносінаў з чытачамі - натужлівая самаўпэўненасць, псеўдаакадэмічная самадастатковасць - застаўся палымянскім. Ці амаль такім.

Вызваліўшыся з-пад кіраўнічай рукі дзяржавы, часопіс захаваў настаўленне на «традыцыйную беларускую прозу і паэзію», то бок на стараннае рэпрадукаванне літаратурнае традыцыі, закладзенай у апошнія савецкія дзесяцігоддзі. Рэпрадукаванне, у якім самае пільнае вока не заўважыць рэакцыі на змены ў навакольным асяроддзі.

Нібы ў спыненым часе: настальгічныя, безнадзейна песімістычныя, просталінейныя, без выкрутасаў і хітрыкаў тэксты, аднастайнасць добра знаёмых тэмаў, алергія на будзь-якую навацыю і экзотыку. Традыцыйна змрочная аповесць Юр'я Станкевіча перадае эстафету жыўцом узятай з кніжак анатоміі зайздрасці пяра Андрэя Федарэнкі («Чарнавікі і пісьмы»), якая робіць гонар ягонай начытанасці і віртуознаму валоданню словам, але не ўважлівасці да рэчаіснасці ці вынаходлівасці ў пабудове сюжэту. За сатырай Уладзіміра Някляева, які з невясёлай, крыху натужлівай усмешкай кляймуе беларускую бесхрыбетнасць, нехлямяжасць і, выбачайце, «саўковасць», ідзе апавяданне Анатоля Крэйдзіча з бездакорна бязрадаснай назвай (і гэткім жа сюжэтам) - «За небакраем нічога няма».

Хай піша Людміла Рублеўская пра выбух тэматычнай разнастайнасці ў беларускай літаратуры, у самім «Дзеяслове» не знойдзем ніводнага мастацкага твору, пра які можна было б сказаць: «Во! Гэта нешта новае». Ці хаця б прызабытае старое. Нешматлікія постсавецкія рэаліі ў тэкстах толькі падкрэсліваюць, што погляд на жыццё застаўся, за невялікімі пакуль выняткамі, ранейшым, прыгнечана-зайздросным поглядам зацкаванага жыццём інтэлігента.

Чыстая крытыка ў часопісе прадстаўленая Людмілай Рублеўскай ды Ірынай Шаўляковай. Мусіць, маладосць надае апошняй смеласці час ад часу выходзіць па-за межы палымянскай закасцянеласці. Ейныя артыкулы - жывая, эмацыйная, свежая частка «Дзеяслова». Пры тым, што крытыка ніяк нельга залічыць да тых, хто раздае адно пахвалы. Каб гэтак пісаць, трэба верыць у будучыню беларускай літаратуры.

Тэксты Рублеўскай насцярожваюць кан'юнктурнай павярхоўнасцю, імкненнем сказаць тое, што трэба (чаго вартае хаця б вышэйзгаданае сцверджанне, што «тэматычную прастору беларускай літаратуры можна параўнаць з пашырэннем Сусвету пасля выбуху Звышновай. Пішуць пра ўсё» ; № 1, с. 208), але выклікаюць увагу аб'ёмам разгледжанага матэрыялу і шчыльнасцю выкладання думкі.

Чытаюцца (і глядзяцца - дзякуючы добрым ілюстрацыям) артыкулы, прысвечаныя выяўленчаму мастацтву. Але не яны і не паэзія вызначаюць твар часопісу, а трыяда проза-крытыка-публіцыстыка - з дадаткам буйных паэтычных твораў кшталту паэмы У. Някляева. А гэтая трыяда пераконвае ў тым, што маем справу не з выпадковасцю, бо часопіс выглядае вельмі прафесійна, а з пэўным падыходам.

Часопіс - маніфестацыя дыялогу. Пісьменніка і ўлады. Пісьменніка й грамадзянскай супольнасці. Пісьменніка й пісьменніка. Гэты факт магла ігнараваць улада, але на яго ніколі не забывалася па сваёй волі ніводная нармальная рэдакцыя. Тут жа адчуваецца свядома ўсталяваная накіраванасць выключна ўнутр, а не вонкі. Чытача не прыцягваюць і не адпужваюць. Яго не заўважаюць. Гледзячы на мізэрны аб'ём крытыкі, адсутнасць хаця нейкае палемічнасці, немагчыма пазбавіцца адчування, што завітаў няпрошаным у чужы дом, дзе людзі цешацца адно з аднаго ў сямейным коле і дзе няма месца старонняму чалавеку. Свае, пра сваё, для сваіх. І гэта гняце і цісне.

Што ўсё тут «для асабістых патрэбаў», нагадваюць і недаведзеныя да акрэсленай жанравай формы мастацкія ды публіцыстычныя тэксты: дарожныя нататкі, замалёўкі, зацемкі, абразкі, выпіскі і г. д., не заўсёды абточаныя разважанні Леаніда Галубовіча, фрагменты радзіннага эпасу Адама Глобуса ды іншае да таго падобнае, што можа быць дарэчы ў коле родзічаў, але зусім інакш выглядае выстаўленым публічна, асабліва калі гэтакія «нядбайліцы» складаюць ладную долю часопісу.

У такім асяроддзі нават творы, якія вылучаюцца якасцю, арыгінальнасцю, свежасцю, набываюць характэрны змрочна-дагматычны выгляд. Пастаўленыя ў шэрагі традыцыйнай беларускай прозы глыбокія, па-майстэрску напісаныя навелы Ўладзіміра Сцяпана чытаюцца як чарговы меланхалічны радок на дошках занядбанага мемарыялу беларускай літаратуры, у апавяданні заўсёднага аптыміста Леаніда Маракова нечакана й недарэчна акцэнтуецца трагічны фінал, змястоўныя «абыпраштоські» Яўгена Рагіна трапляюць у разрад неапрацаванае сыравіны. Гэта вынік канцэпцыі, якая хоцькі-няхоцькі працуе на вобраз беларускай літаратуры, калісь любоўна шліфаваны партыйнымі куратарамі: замкнёная ў сабе забава для невялікага кола пісьменнікаў.

Прыклады невыпадкова ўзятыя з чацвёртага нумару часопісу. Ён - нарэшце - дазваляе мець асцярожную надзею. У ім больш жыцця, разнастайнасці, больш адкрытасці і шырыні поглядаў на свет. Не настолькі, каб гаварыць пра якасную змену, але відавочнае адрозненне ад двух папярэдніх стварае прастору спадзяванням, што «Дзеяслоў» можа мець іншыя формы, акрамя няспраўджанага ладу, нязменнага трывання, абмежаванага ліку й пазачаснага часу.

Прыемныя неспадзяванкі былі ўжо ў першым нумары («Паланэз» Уладзіміра Някляева), але тады ў іх хацелася бачыць заяўку на нешта большае, на якасна новы ўзровень часопісу ў параўнанні з папярэднікам (бо здольнасць рабіць прыемныя нечаканасці перайшла таксама ад «Полымя» з «Маладосцю»). І ўсё ж клон найстарэйшага літаратурнага выдання адрозніваецца ад продка большай амплітудай дазволенага, дзеля чаго мы не губляем аптымізму. Сёння гэта адзіная надзея, якую звязвае з беларускімі пісьменнікамі нераспешчаны іхняю ўвагаю чытач.

  10 Нешта мусіць выплавіцца. Размова Алеся Аркуша з Пятром Васючэнкам // Калосьсе. 2000. № 8.
       
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (30) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Сувязь з рэдакцыяй,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/10/21