Упершыню я пакончыў з Расеяй адзінаццаць гадоў таму. Усю зіму і першую палову вясны 1992 году я правёў за пісаньнем «Маскавіяды» - безумоўна, не найлепшага, але ўсё-ткі найбольш страснага з маіх раманаў. Дзеялася гэта ў старамодна-фэшэнэбэльнай і па-буржуйску зацішнай сядзібе «Вальдбэрта», паблізу ад Штанбэрскага возера, у ваколіцах Мюнхену зь яго мэханічнымі лялькамі і шматлікімі іншымі прынадамі.
Геапалітычны выбар, такім чынам, быў зроблены без асаблівых ваганьняў: Захад, Захад і яшчэ раз ён. Паколькі пісаны мною раман я сам вызначаў як раман жахаў, Расея і перадусім Масква мусіла паўставаць у ім жахліваю. Усё напружаньне раманных страхаў, як мне здаецца цяпер, вынікала з сутыкненьня рэальнага (заходняга, баварскага) і ўяўнага (усходняга, маскоўскага) сьветаў. Апошні, хоць і быў зусім яшчэ сьвежы ў маёй памяці, ужо зазнаваў непазьбежных аўтарскіх скрыўленьняў. Можна дапусьціць, што я энэргетычна сілкаваўся гэтым кантрастам.
Драматызму дадавалі перадачы расейскае службы радыё «Свабода», якое тады яшчэ базавалася ў Мюнхене. Я слухаў іх пераважна вечарамі, спустошаны бясконцымі блуканьнямі мяне і майго героя па ўяўнай і напаўразваленай Маскве. Весткі з былога СССР былі наагул трывожныя. Шалёныя скачкі інфляцыі, дэфіцыт паперы, электрычнасьці, запалак і мукі - для Ўкраіны гэта магло скончыцца прыблізна тым самым, як у 1918-1920 гадох. 23 лютага нейкая група афіцэраў Савецкае Арміі абвясьціла аднаўленьне Саюзу. Імпэрыя прагнула зрасьціся зноў, што зусім не вымагала нейкіх надзвычайных пасіянарных высілкаў. Часам здавалася, што гэта справа некалькіх тыдняў ці нават дзён. У такой сытуацыі трэба было штосьці рабіць - я рабіў што мог.
Вось тады я і пакончыў з Расеяй першы раз.
Другі раз я гэта зрабіў падчас першае чачэнскае вайны, трэці раз - падчас другой.
З часоў першай запомніўся выступ нейкага найвышэйшага дзяржаўнага сілавіка ў праграме «Час» (у нас тады яшчэ паказвалі праграму «Час»). Ён казаў, што пасьля ўзяцьця Грознага вайна пераходзіць у наступную стадыю - партызанскую. Але мы гатовыя да такога павароту падзеяў, запэўніваў ён, будзем застасоўваць заходнеўкраінскі досьвед канца саракавых, там ёсьць шмат назапашаных нашымі бацькамі мэтадаў.
Пры слове мэтады я ўзгадваю аповеды аднаго старэнькага маскоўскага прафэсара-пушкініста. Напрыканцы саракавых, калі ён яшчэ ня быў прафэсарам (але, з усяго відаць, ужо быў пушкіністам), ён патрапіў на тэрміновую службу ў вынішчальны аддзел дзесьці ў Карпатах. Сярод іншых там хадзіла гісторыя пра банду, што засела ў пячоры й люта адтуль адстрэльвалася, папросту плявалася агнём, аж пакуль у бакавых сьценах пячоры не прасьвідравалі шурфы, празь якія пусьцілі газ. Усе без выключэньня бандыты пазасыналі навекі ў страшэнных сутаргах. Ідэя была ў тым, што прынамсі частка зь іх складзе зброю і дасьць сябе выкурыць вонкі. Але сярод іх не знайшлося ніводнага такога, пра што старэнькі прафэсар адгукаўся з павагаю. Пазбаўленыя якое-кольвек вайсковае легітымнасьці, бандыты на вачох ператвараліся ў цалкам рэспэктабэльных ваяроў. Праўда, у мёртвых.
Ня ведаю, навошта мне спатрэбілася гэтае адступленьне. Магчыма, перадусім мне хочацца зразумець самога сябе. Я хачу любіць Расею - вось у чым рэч, і мяне вельмі непакояць праявы маёй зласьлівасьці што да братняе краіны, якая - што ўжо тут адмаўляць? - даўно ўжо сталася істотнаю часткай нас саміх. На жаль, Расейская дзяржава не пакідае мне шанцаў, час ад часу зьдзяйсьняючы чарговую газавую атаку і паралізуючы ў зародку сябе інакшую - тую, якой я прагну захапляцца. Каб мой ідэал Расеі зрабіўся ясьнейшым, акрэсьлю яго дакладней, але ўсё ж не пазьбягаючы пэўнае прыблізнасьці: мяне цікавіць яе, Расеі, іншая, неімпэрская магчымасьць. Няўжо з гэтага так ніколі нічога й ня выйдзе?
Сёньня, пасьля няўдалае спробы постімпэрскае трансфармацыі ў першай палове 1990-х гадоў (калі такая спроба наагул мела месца), застаецца толькі паставіць пытаньне больш жорстка й адкрыта: ці існуе, у прынцыпе, такая - неімпэрская - магчымасьць для Расеі? Ці можа Расея быць неімпэрыяй?
На добры лад, я ня ведаю, чаму ў маёй сыстэме вартасьцяў «імпэрыя» - гэта блага. Тым больш «імпэрыя» цалкам канкрэтная - Расейская, бо, паклаўшы руку на сэрца, я не магу сьцьвярджаць, што Брытанская, Асманская ці Сьвятая Рымская выклікаюць у мяне такую ж адрэналінавую рэакцыю. Пра Габсбурскую я тут наагул лепей прамаўчу, беручы пад увагу тое, што шматлікім маім чытачам ува Ўкраіне я й дагэтуль здаюся такім сабе агентам палкоўніка Рэдля.
Найпрасьцей патлумачыць маю ідыясынкразію традыцыйным балястам галіцка-заходніцкіх упярэджаньняў. Дзе-нідзе, вядома, ён прысутнічае (хаця б на ўзроўні вызначэньня расейцаў як яны), але наўрад ці ўсё вырашае. Нешматлікія ў наш час і ўсё больш рэдкія праявы галіцкае русафобскае абмежаванасьці раздражняюць мяне ня менш за найагрэсіўнейшыя антыўкраінскія эскапады прафэсійных змагароў за расейскае адзінства.
У цэлым жа ўяўленьне пра ўнутраную русафобію галічанаў ці - трохі шырэй - заходніх украінцаў зьяўляецца адным з хранічна запушчаных расейскіх мітаў, роспачнай спробай неяк давесьці сабе праблемнасьць, ці, мякка кажучы, небясхмарнасьць стасункаў з малодшымі братамі, загадзя прымаючы тэзу пра дзьве Ўкраіны, зь якіх адна - большая - цалкам прарасейская і пераважна расейскамоўная, а другая - меншая - Расею ненавідзіць і пасьлядоўна каламуціць найчысьцейшую ваду братэрска-славянскіх узаемадачыненьняў. Генэтычна гэтая тэза паходзіць з тых саміх кабінэтаў, дзе стагодзьдзем раней ужо было сфармулявана разуменьне Ўкраіны як палітычнае інтрыжкі некалькіх нямецкіх і аўстрыйскіх міністраў. Як усялякая ісьціна кабінэтнага паходжаньня, яна ад пачатку наіўная. Па сутнасьці, гэта спроба самаабароны ад самой рэчаіснасьці: лякалізаваць антырасейскае зло ўва Ўкраіне, разьмясьціць яго дзесь далей, на заходніх змрочных ускраінах, у сфэры згубных і падступных аўстра-вугорскіх, польскіх, нямецкіх, а цяпер ужо й амэрыканскіх уплываў. З амэрыканцамі, дарэчы, на сёньняшні момант узьнікла яўная блытаніна - яны ці то патэнцыйныя супернікі і нават ворагі ў наступным падзеле тых самых сфэраў, ці то найбліжэйшыя хаўрусьнікі ў барацьбе з тэрарызмам.
На самай справе Ўкраінаў значна больш, чым дзьве (пагадзіцеся, іх прынамсі дзьвесьце дваццаць дзьве), і дзе менавіта праходзяць украінскія лініі падзелу, не зусім вядома. То бок вядома толькі тое, што яны праходзяць паўсюль, але ў найменшай ступені - на рэгіянальным узроўні.
І ўсё ж такі адкуль яно бярэцца, гэтае маё непрыманьне Расейскае імпэрыі? Чым яна так правінілася перада мною, дазволю сябе запытацца.
У маёй прыватнай міталёгіі чамусьці вылучаецца лета 1968 году, а менавіта - сярэдзіна лета, мне восем гадоў, я скончыў першую клясу сярэдняе школы і падчас вакацыяў патрапіў у Прагу. З таго часу гэты горад шмат для мяне значыць: адчуваньне ліпеньскага «раю на зямлі» назаўсёды засталося ў маіх успамінах. У ліпені 68-га я яшчэ ня мог гэтага разумець, але, вядома, мог гэта адчуць: апагей «праскае вясны», пульсаваньне свабоды, безьліч вольнае моладзі на вуліцах і плошчах. Мне хацелася мець такія ж даўгія валасы і паводзіць сябе гэтак жа незалежна. Празь некалькі тыдняў - на той час я ўжо вярнуўся дадому - усё гэта будзе брутальна спынена вайсковым уварваньнем. Штосьці ў гэтай рэчаіснасьці акажацца ня так.
Зразумела, у тым узросьце я не намагаўся заглыбляцца ў палітычныя прычыны таго, што здарылася. Гэтае ўварваньне хутчэй здавалася мне праяваю пэўнага выключна эстэтычнага канфлікту. Неймаверна прыгожы горад, запоўнены вольнымі маладымі людзьмі, аказаўся горадам, эстэтычна несумяшчальным з той сыстэмай, да якой я належаў. Трэба было выбіраць, з кім я цяпер. З боку сыстэмы ў дзеяньне пайшлі танкі - эстэтычны аргумэнт, магчыма, нават значна больш прывабны для васьмігадовага хлопчыка, чымся нейкая сярэднявечная архітэктура на тле гіпоўскага карнавалу. Ня ведаю чаму, але ў тым канфлікце я ўсё ж абраў ня танкі.
Застаецца ў каторы раз канстатаваць, што нашы густы непрадказальныя і ў той жа час акурат яны вызначаюць усё. Але ў такім выпадку навошта я пішу гэтыя радкі? Цалкам было б дастаткова маладушна прызнацца, што Расея і ўсё расейскае мне не падабаецца, бо такія ўжо мае густы. І гэта было б жахлівай няпраўдай. Або, што яшчэ горш, - жахлівай праўдай.
Я па-дзіцячаму падзяляю аркуш паперы на дзьве вэртыкальныя паловы і намагаюся ўпісаць у адну зь іх «пазытыў», а ў другую «нэгатыў». Гэта стасуецца Расеі, таго, што я пра яе думаю. Некалі ў школе мы такім самым чынам аналізавалі вобраз Гамэравага Адысэя - разумны, але хітры; кемлівы, але падступны; мэтаскіраваны, але бязьлітасны; герой, але навалач. Гэтым разам у пазытыўнай частцы аркуша ў мяне «інтэлектуальна-душэўная шырыня, глыбіня і адвага» (якая, дарэчы, нам, украінцам, збольшага нават і ня сьнілася), «цудоўная не-ад-гэтага-сьветнасьць», «адмысловая анархічная здатнасьць узвышацца над побытам і дробязямі», «бясспрэчная культурная самадастатковасьць ды інтэнсіўнасьць». У нэгатыўнай частцы - «паліцэйскі/спэцслужбісцкі характар улады», «маніпуляцыйна-дэзінфармацыйныя СМІ», «цынічна-тэхналягічная палітыка», «ксэнафобская - расавая, рэлігійная, нацыянальная - нецярпімасьць грамадзтва». Няцяжка заўважыць, што ўсё дадатнае карэлюе з індывідуальным, з асобна ўзятымі людзьмі, у той час як усё адмоўнае - з грамадзкім, з сыстэмай у цэлым. Іншымі словамі, застаецца прызнаць праўду ці то Кюстына, ці то кагосьці яшчэ - цяпер ужо ня памятаю дакладна чыю - пра тое, што «яны [расейцы] выклікаюць захапленьне як паасобна ўзятыя людзі й агіду - як грамадзкі, аб'яднаны ў адну дзяржаву арганізм». Вось вам - ня больш і ня менш - захапленьне й агіда, або - або, скрайнасьці па-расейску.
Для Ўкраіны перабываньне ў расейскай зоне сьвету абарочваецца капіяваньнем перадусім расейскага «нэгатыву». Генэтычная блізіня сёньняшняй дзяржаўна-ўладнае верхавіны да расейскага эстэтычнага ідэалу прадугледжвае ня толькі шчырае захапленьне фільмам «Брат-2» ці салённа-блатняковай папсой, але й - што непазьбежна вынікае з спэцыфікі густаў - упартае намаганьне стабілізаваць сваю ўласную дзяржаву на расейскі капыл, дасягнуць пуцінскае непахіснасьці і безальтэрнатыўнасьці. Для ажыцьцяўленьня гэтага праекту не хапае ўсяго толькі такой дробязі, як наяўнасьць гэтага самага ўкраінскага Пуціна. Такім чынам, застаецца цалкам рэальнай пэрспэктыва канчатковае здачы свайго местачковага сувэрэнітэту - рэч ясная, у абмен на пэўныя маёмасныя і, так бы мовіць, юрыдычныя гарантыі - у рукі Пуціна сапраўднага і адзінага. Часам здаецца, што такі праект ужо надзвычай блізкі да ажыцьцяўленьня і назаўтра мы папросту прачнёмся ў іншай краіне. Часам такога не здаецца - гэта азначае, што ківач зноўку гайданула ў процілеглы бок. І ўсё-ткі, назіраючы адносную пасьпяховасьць менавіта гэтага стабілізацыйнага геапалітычнага праекту, я лаўлю сябе на падсьвядомым жаданьні як мага гучней цытаваць Хвылявога: «Прэч ад Масквы!» Мне прыкра, што я вымушаны карыстацца такім пячорным заклікам. Хвылявы, праўда, потым быў вымушаны тлумачыць, што ён ня меў на ўвазе Маскву як такую, а казаў пра Маскву - сталіцу ўсесаюзнага мяшчанства, Маскву буржуазна-нэпманскую, тую, што здрадзіла пралетарскаму Марксаваму вучэньню й ганебна перарадзілася. Працэджваючы скрозь зубы яго хрэстаматыйны заклік, мне б таксама давялося ўдакладняць, якую менавіта Маскву я маю на ўвазе. Не, вядома, не пра тую Маскву неафіцыйную, Маскву без маскоўскае прапіскі, дзе на мізэрна малую кватэрную плошчу часам набіваецца так шмат вольных і шчодрых людзей, што ходзіш сярод іх увесь папросту зачараваны і шчасьлівы. Яшчэ крок - і пачнецца... Гітары, цыганы, мядзьведзі, невытлумачальны душэўны сьверб з прыстаўленым да скроні пісталетам - вялікая загадка бязьмежна складанае псыхічнае структуры зь яе пераможным «А гэта табе за Севастопаль» у фінале.
Мой досьвед асабістага сталага памаўленьня зь сьветам лацінкі, то бок Акцыдэнтам, налічвае адзінаццаць год. Пачынаючы з таго ж 1992-га, калі я, засеўшы сярод альпійскіх адгор'яў на бідэрмаер-югендштыльнай віле «Вальдбэрта», пісаў сваю палітычна некарэктную «Маскавіяду». Пачынаючы з тых зімова-веснавых мітусьлівых дзён і ночаў, я намагаюся пазыцыянаваць сябе ў разуменьні заходніх калег як нерасейца. Па найвялікшым рахунку, гэта - намаганьне як мага больш актыўна адстойваць свой культурны сувэрэнітэт. Хаця - куды мяне панесла - насамрэч ідзецца пра вельмі й вельмі прыватнае, унутранае й асабістае. «Гэта так, як бы ты быў Іван, а цябе ўсе называлі Паўлам», - тлумачу сваю нецярпімасьць. «А, праўда? - недаверліва пасьміхаюцца яны. - Ну добра, калі для цябе гэта так важна - будзь Іванам. Хаця ў той жа час ты ўсё-ткі Павал!» Штосьці прыблізна так.
Шчыра кажучы, на дванаццатым годзе маіх паломніцтваў на Захад я ўжо трохі стаміўся, але ўпарта не перастаю:
- запярэчваць таму, што Дастаеўскі мне павінен быць бліжэй за Гесэ;
- адмаўляцца ад камплімэнтаў расейскаму балету як ад такіх, што даюцца не па адрасе;
- пераконваць, што мова, на якой я пішу свае раманы і эсэ, не была прыдуманая прэзыдэнтам Краўчуком у сьнежні 1991 году;
- дэманстраваць, што мэлёдыя «Калінкі-малінкі» пакідае мяне абсалютна абыякавым;
- крыва пасьміхацца на кожнае іхнае «дабром пошалюйста!».
Я не перастаю рабіць яшчэ дзясяткі іншых спазматычных жэстаў, мяне цікавіць, як ужо заўважыў, перадусім маё індывідуальна-індывідуалістычнае я; ува мне, хрэн ім у вочы, бачаць кагосьці іншага, адпаведна мяне, трасца ім у бок, на самай справе ня бачаць. Таму гэта такая сабе самаабарона - маё роспачнае нежаданьне прыняць рэчаіснасьць і раз і назаўсёды пагадзіцца з тым, што слова vodka зь іхнае спажывецка-геданістычнае сьвядомасьці ўжо ніколі ня ўдасца выцясьніць словам horilka, а гады мінаюць, і яны ўсё такім жа чынам вітаюць мяне сваім «дабром пошалюйста», на што я скрыгачу зубамі і мару пра ўвядзеньне ўва Ўкраіне лацінкі...
Але - слушна запытваецца мой прыяцель Андрэй Бондар, цытуючы нават не сябе, а клясыка, - як тады быць з таненькаю сьвечачкаю літары «ї» ды месяцовым серпікам літары «є»?
Як быць зь «ї», як быць зь «є», як быць зь Я?
У сваіх геа(культурных? палітычных? паэтычных?) канструкцыях я найчасьцей абапіраюся на некалькі эфэмэрыдаў. Адна зь іх - Цэнтральна-Ўсходняя Эўропа. Апошнім часам я толькі і раблю, што адбіваюся ад падступнага пытаньня «а што гэта такое?». Я сьвядома размываю яе межы, містыфікую й затуманьваю. «Гэта Нью-Ёрк, - кажу я. - Гэта слуп у ваколіцах карпацкага Рахава. Гэта тэрыторыя постмадэрнізму, надзеленага памяцьцю і надзеяй. Гэта тэрыторыя, дзе багата руінаў. Гэта рухомая тэрыторыя, якая дрэйфуе на ўсход. Гэта мая апошняя тэрыторыя».
Нядаўна я прыйшоў да высновы, што для мяне гэта ніяк не аскепкі Габсбурска-Дунайскай ідыліі (пра што можна было зрабіць недальнабачную выснову, зважаючы на мае даўнейшыя творы). Вось жа, гэта не тэрыторыя старой Аўстра-Вугоршчыны, не карычныя кавярні, ня венскія паштоўкі, не старыя галіцкія показкі, ня Захер, не Мазох, ня Кафка, не Музіль, ня Шульц, ня Рот, ня ўсе іншыя.
Не, вядома, усё гэта там прысутнічае, яно ёсьць, але дзесьці далёка на дне - тое, што на сподзе.
У той жа час тое, што не на сподзе, - значна бліжэйшая прастора камуністычнага панаваньня, іншымі словамі, усё-ткі аскепкі і ўсё-ткі імпэрыі, але іншыя іншай - заходнія аскепкі Расейска-Савецкае імпэрыі ў яе найшырэйшым разуменьні (ня толькі ў межах колішняга СССР, але ўва ўсіх - і вонкавых таксама - межах, з усімі ня толькі калёніямі, а і дамініёнамі, пратэктаратамі й нават сатэлітамі). На гэтых абшарах фактычна адсутнічае Аўстрыя (такім чынам, габсбурскае разуменьне Цэнтральна-Ўсходняе Эўропы канчаткова адпадае), затое прысутнічае былая ГДР - і ня толькі ў зьвязку з антысавецкім паўстаньнем працоўных у 1953 годзе.
Вызначэньне межаў гэтае Цэнтральна-Ўсходняе Эўропы часам дадзявае мяне паважнымі гістарычнымі праблемамі. Ня ведаю, як быць з наравістымі тытаўскай Югаславіяй, чаўшэскаўскай Румыніяй ці Альбаніяй Энвэра Ходжы. Аднак мяркую, што й яны нікуды не падзенуцца: вырваўшыся палітычна па-за межы Расеі і непасрэднага расейскага палітычнага дыктату, усе гэтыя рэжымы тым ня менш заставаліся пад моцным уплывам расейскае парадыгмы кіраваньня. Цела ад цела, кроў ад крыві.
З усяго вынікае, што мая Цэнтральна-Ўсходняя Эўропа - гэта колішні сацлягер, Ostblock. Пра гэтыя абшары, дзе пераважная большасьць насельніцтва заставалася адчувальна незадаволенай і абражанай вынікамі папярэдняга падзелу сьвету пасьля другое ўсясьветнае вайны, у выніку чаго іхнія найбліжэйшыя нашчадкі ахвоча падтрымалі наступны, справядлівы на іхнюю думку, падзел 1989-1991 гадоў. Іншымі словамі, гэта тыя абшары, дзе на працягу прыблізна паловы стагодзьдзя назапашваліся прэтэнзіі й, тым самым, нелюбоў да Расеі. Тарас Прахаська вельмі трапна акрэсьліў гэтую Цэнтральна-Ўсходнюю Эўропу як «тэрыторыю, максымальна прыдатную для вядзеньня партызанскае вайны». І сапраўды - яна там, дзе «лясныя браты», Армія Краёва, УПА, яна - гэта Будапэшт 1956-га, Прага 1968-га і Гданьск 1980-га.
Так, гэта тыя абшары, дзе людзі ў веку каля сарака і старэйшыя ў свой час вывучалі па школьнай праграме біяграфію Леніна, езьдзілі на экскурсіі ў Маскву, Ленінград і Валгаград, вазілі туды на продаж джынсы й жавальную гумку, а адтуль - алькаголь, тэлевізары й ювэлірныя вырабы. Нядзіўна, што ўсе яны яшчэ могуць гаварыць па-расейску і здолеюць прачытаць кірыліцай.
Але не заўсёды хочуць у гэтым прызнавацца.
Наўрад ці я маю права так усё гэта й пакінуць, ня даць нам ніводнага шанцу. Іншымі словамі, зьвесьці азначэньне Цэнтральна-Ўсходняе Эўропы да «тэрыторыі, дзе ня надта любяць Расею», да антырасейскасьці і такім чынам паўтарыць той самы грэх «лякалізацыі зла», за які я толькі што крытыкаваў расейскіх жа ідэолягаў.
А што калі ад безвыходнасьці павярнуць на 180 градусаў і падумаць пра любоў?
Я ў ёй не сумняюся, яна ёсьць.
Мая любоў да Расеі цэнтральнаэўрапейская. Яна месьціць у сабе памяць пра крыўды, пра кожную газавую атаку мінулага. Але яна не адмаўляецца ад надзеі. Цэнтральнаэўрапейская любоў да Расеі - ні ў якім разе не хімэра, яна рэчаіснасьць, яна паўсюль там, дзе людзі яшчэ могуць (хоць і не заўжды хочуць) гаварыць па-расейску і чытаць кірылічнымі літарамі. У гэтым, пэўна, крыецца надзвычай цікавы патэнцыял. Назавём гэтую рэальнасьць амніпатэнтнай.
Гэтая любоў дзіўная і таму вылучае свае перадумовы. Сапраўдная любоў заўсёды ўльтыматыўная. Сапраўдная любоў - гэта найчасьцей пісталет, прыстаўлены да скроні.
«Чаго я хачу ад Эўропы? - пытаўся беларускі стратэг Андрэй Дынько ў сярэдзіне 90-х. - Вядома, каб гэты міраж накарміў мяне, спатоліў смагу і надрукаваў мае эсэ і раманы. Але ж не накорміць, не спатоліць, не надрукуе. Чаго я яшчэ хачу ад Эўропы? Я хачу, каб там не было Расеі».
Вось і я ў насьледаваньне Андрэю Дыньку запытаю, паўтараючы яго апошняе слова:
Чаго я хачу ад Расеі?
Напачатку некалькі падставовых рэчаў.
Каб яна прыпыніла генацыд і прызнала незалежнасьць Чачэніі.
Каб яна перастала ціснуць на Ўкраіну (и прочих разных шведов) у пытаньні - каго ёй, Украіне, выбіраць/не выбіраць і з кім па жыцьці яднацца, а з кім - ні ў якім разе.
Каб яна адмовілася ад ідэі трымаць усіх нас на прывязі.
Каб яна - зноўку паводле Андрэя Дынька - нарэшце страціла якую-колечы пэрспэктыву экстэнсіўнага разьвіцьця, экспансіі на Захад і засяродзілася на сабе, такой прыгожай і глыбокай.
Каб яна прачытала мае раманы на мове арыгіналу.
Каб яна адвучылася ўспрымаць маю краіну выключна як радзіму сала.
Каб яна больш ніколі ня кідала за краты сваіх найлепшых пісьменьнікаў.
Каб яна сталася лібэральна-індывідуалістычнай, каб расейскае індывідуальнае («пазытыў») заўжды пераважала ў ёй над расейскім грамадзкім («нэгатыў»).
Іншымі словамі, каб у гэтай надзвычай выбуховай сумесі дэспатыі з анархіяй, што завецца Расеяй, расейская анархія перамагла расейскую дэспатыю.
Мае патрабаваньні да Расеі абсурдныя і нязбытныя, мая любоў да яе дзіўная.
Пераклаў з украінскай Андрусь Клікуноў