A R C H E П а ч а т а к № 2 (31) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


крытыка

  НЭЛІ БЕКУС

Вокладка ARCHE 2-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Нэлі Бекус
Тэрапія альтэрнатывай, або Беларусь, уяўленая інакш

Беларусь. Сцэнары рэформаў. Эўрапейскі выбар для Беларусі. - Варшава: Фонд імя Сьцяпана Батуры, 2003.

            Пэрцэптыўная альтэрнатыва робіць магчымай практычную альтэрнатыву, выступаючы, так бы мовіць, у якасьці пэрцэптыўнай гіпотэзы...

            М. Вартофскі

Напрыканцы 2003 году першы канал нацыянальнай тэлевізіі Польшчы паказаў спэктакль Юліюша Махульскага пад назвай «19-ы градус даўгаты» («19 południk»). Жанр гэтай тэатральнай пастаноўкі сёньня дастаткова рэдкі - political fiction, палітычная фантастыка, да таго ж зробленая на матэрыяле сучаснага палітычнага жыцьця Польшчы. Спэктакль паказвае гледачу трохі гратэскную рэканструкцыю рэальнасьці - рэальнасьці няіснай (дакладней, неажыцьцёўленай), але па-ранейшаму наяўнай у гіпатэтычным вымярэньні, сьвеце пэўнай «усё-яшчэ-магчымасьці». У гэтай фікцыйнай рэальнасьці спэктаклю пасьля рэфэрэндуму ў чэрвені 2003 году жыцьцё палякаў пайшло паводле іншага сцэнару. Прыкладна так, як, на думку аўтараў спэктаклю-палітгіпотэзы, яно магло б скласьціся, калі б яны дэмакратычным шляхам адмовіліся ад Эўрапейскага зьвязу і да таго ж абралі сабе іншага, «бліжэйшага да народу і ягоных спадзяваньняў» прэзыдэнта. Ягоны прататып лёгка згадаць - гэта рэальна дзейны на польскай сцэне палітык, які да таго ж зьяўляецца своеасаблівым alter ego беларускага прэзыдэнта. Таму й праводжаная ім у спэктаклі палітыка ўтрымлівае ўчынкі, якія беларускаму гледачу здаюцца яўнымі «цытатамі» зь дзейнасьці беларускае ўлады. (Тут і прысабечваньне ўласнасьці інвэстараў, якія паверылі ў права і ўклалі грошы ў польскую эканоміку, і сваркі з замежнымі дыпляматычнымі місіямі, і поўная адмова зразумець, у чым палягае паняцьце «правоў чалавека», і шмат чаго іншага.) Усё гэта выглядала надзіва недарэчна ў кантэксьце сучаснае Польшчы, хоць гэта, як ні дзіўна, ня толькі рэальна, але нават і рэалізавана ў суседняй з Польшчай Беларусі.

Аднак гэтая тэатральная пастаноўка прыпамінаецца тут зусім не дзеля падабенства польскае «альтэрнатывы», своеасаблівага ўмоўнага ладу яе палітычнага жыцьця, і найбольш рэальнай з магчымых беларускай рэчаіснасьцяў. У рэшце рэшт, беларуская ўлада не зьяўляецца чымсьці выключным ці арыгінальным сярод розных палітычных рэжымаў, хутчэй наадварот, яна прадказальная і дзейнічае паводле схемы нармальнае ўлады свайго, таталітарнага тыпу. Спэктакль жа цікавы нам перадусім як своеасаблівы публічны «жэст» - жэст, які мае на мэце візуалізацыю вобразу альтэрнатывы рэальнаму і яе прэзэнтацыю публіцы з дапамогай аднаго з найбольш масавых і эфэктыўных mass media. Сукрытую лёгіку такога дзеяньня лёгка згадаць: сапраўды, ёсьць мноства недахопаў і заганаў у існай сытуацыі, але досыць невялікае порцыі адстароненасьці, зьмены шкалы, паводле якой нашае крытычнае ўспрыманьне вылічвае ступень праблематычнасьці навакольнага жыцьця, каб ацэнка зазнала зьмены. Лёгіка, якая кіруе такой стратэгіяй «зьмены фокусу», не зьяўляецца новай - яна спараджаецца з фармальна-лягічнага «доказу ад супрацьлеглага», вядомага з часоў Арыстотэля. Замест таго каб у спрэчцы бясконца прыводзіць доказы правільнасьці ўласнае пазыцыі, можна прасьцей і больш плённа паказаць ілжывасьць адваротнага сьцьверджаньня. Акурат гэтак жа, замест таго каб бясконца даводзіць абсурд рэальнасьці, дастаткова «перавярнуць пэрспэктыву» і паказаць правамоцнасьць, унутраную асэнсаванасьць яе альтэрнатывы...

Пры гэтым варта заўважыць, што сама па сабе наяўнасьць у сымбалічным полі кожнай краіны вобразаў яе «іншае», альтэрнатыўнае рэальнасьці (дакладней, іншых альтэрнатыўных «рэальнасьцяў») зьяўляецца своеасаблівым «балястам», крыніцай дадатнае (часьцей за ўсё) рэлятыўнасьці ў ацэнцы бягучага стану рэчаў. Польскі спэктакль - гэта прыклад таго, як падобная поліварыянтнасьць рэпрэзэнтацыі рэальнага робіцца спосабам ажыцьцяўленьня дэмакратычнага прынцыпу палітычнае свабоды. Больш за тое, у ідэальнай схеме ажыцьцяўленьне гэтага прынцыпу патрабуе ня толькі разнастайнасьці спосабаў думаньня пра рэчаіснасьць, але й іх раўнапраўя, то бок, як пісаў Майкл Новак, «прынцыповае адсутнасьці так званага «сьвятарнага полагу» ў вызначэньні межаў магчымага ... што лічыць рэальным, існым...»

Асаблівасьцю беларускага палітычнага жыцьця зьяўляецца забарона на альтэрнатыву палітычнай штодзённасьцю. У дадзеным выпадку тут маюцца на ўвазе ня крокі для выкараненьня апазыцыі як палітычнае сілы. Ствараецца ўражаньне, што яна для такой улады, як беларуская, на дадзеным этапе ня вельмі небясьпечная, таму і крокі гэтыя млявыя. Тое, што практыкуецца ў Беларусі, - гэта хутчэй палітычнае «вэта» на ўяўленьне жыцьця «тут і цяпер» па-іншаму. І калі ўмоўны лад («што магло б здарыцца, каб...») паступова зьнік з граматыкі афіцыйнага палітычнага жыцьця, краіна канчаткова вярнулася да таго аднастайнага, адзіна магчымага бачаньня рэальнасьці, укараненьне якога, як вядома, было неад'емным атрыбутам савецкае ідэалёгіі. У выніку тут ізноў запанаваў прынцып гегемоніі рэпрэзэнтацыі цяпер ужо беларускага (а не савецкага) жыцьця.

Рэальнасьць, якая дзень пры дні ўзнаўляецца ў афіцыйных сродках масавае інфармацыі, амаль да рэшты падпарадкаваная, дакладней кажучы, прыгнечаная дамінантным пра яе меркаваньнем, адлюстраваным у рыторыцы ўлады. Больш за тое, па дасягненьні пэўнае ступені гамагеннасьці публічнае прасторы, якая калі і парушаецца незалежнымі СМІ, то, на жаль, у нязначнай ступені, улада пачала апэляваць да безальтэрнатыўнасьці абранага ёю шляху разьвіцьця як да аднаго з галоўных аргумэнтаў свае палітычнае легітымізацыі. У тых, хто падпаў пад гіпноз афіцыйнае рыторыкі, узьнікла поўная ілюзія немагчымасьці існаваньня Беларусі, што жыве іначай. Тым самым узурпацыя ўлады на тэрыторыі сучаснасьці ператварылася ў манаполію на ўяўленьне будучыні. Невыпадкова шмат хто сярод тых, хто галасаваў за сёньняшняга прэзыдэнта, прызнаваўся, што робіць гэта не дзеля сымпатыяў да яго асобы, але нібы дзеля «адсутнасьці альтэрнатывы». Па сутнасьці, сёньняшні афіцыйны дыскурс толькі й робіць, што «сьцьвярджае» створаную ім рэальнасьць як інварыянт, правамоцны ўжо таму, што ён пазбаўлены якога-колечы іншага спосабу быцьця.

У гэтым кантэксьце цяжка недаацаніць зьяўленьне кнігі «Беларусь. Сцэнары рэформаў...». Яе, па сутнасьці, можна разглядаць як сымбалічнае вяртаньне сёньняшняй Беларусі яе гіпатэтычнага аблічча, яе альтэрнатывы самой сабе. Таму ўжо сама вокладка кнігі з такой назвай робіцца фактычным пачаткам аднаўленьня наўмысна зламанае ўладамі прылады рэлятывізацыі рэальнасьці, якая ў пэрспэктыве можа вярнуць краіне неабходны баляст розных, у тым ліку супрацьлеглых і аднолькава легітымных, пунктаў гледжаньня на Беларусь. Для гэтага, зрэшты, кніга «Сцэнароў» павінна была б зьявіцца на паліцах беларускіх кнігарняў і з інтэлектуальнага прадпрыемства перарасьці ў падзею публічнага жыцьця.

«Сцэнары рэформаў» напісаныя цэлай групай адмыслоўцаў - прафэсійных эканамістаў, юрыстаў, палітолягаў, псыхолягаў, сацыёлягаў. Вынікам калектыўнае працы сталася шматгаліновая рэпрэзэнтацыя беларускае будучыні, якая зьяўляецца альтэрнатывай афіцыйна абвешчанай. Але перадусім гэта - «бачаньне будучыні краіны як дэмакратычнае дзяржавы, інтэграванае ў эўрапейскую палітычную, прававую і культурную прастору». Пры гэтым на тле часьцяком яўнае дэклярацыйнасьці шляху, які яшчэ толькі мае быць артыкуляваны, а затым хутка «прышчэплены» народу ідэолягамі беларускага рэжыму, «Сцэнары рэформаў» уражваюць сваёй добра прапрацаванай «тэхнічнасьцю». Гэта не зьдзіўляе: у той час як афіцыёз пракладае нетараваны шлях сваіх эканамічных цудаў, пакладаючыся на ўласную арыгінальнасьць, аўтары «Сцэнароў рэформаў» маюць у сваім арсэнале досьвед сацыяльна-палітычных трансфармацыяў больш як дзесяці краінаў Усходняе Эўропы. Балазе і Эўропа - маецца на ўвазе «стары» Эўрапейскі Зьвяз - часткова бярэ на сябе клопат перакладу сваіх палітычных і эканамічных прынцыпаў на мовы пераходных эканамічных сыстэмаў. Адным з зыходных пунктаў «Сцэнароў» ёсьць тэза, што такой эканомікай магла б - то бок, у прынцыпе, усё яшчэ можа - стаць і эканоміка Беларусі. На старонках кнігі прыведзены фактычны аналіз беларускае рэальнасьці ў дачыненьні да яе патэнцыйнае рэлевантнасьці чаканьням Эўропы, што дазволіла б усур'ёз думаць пра эўрапейскую інтэграцыю краіны ў будучым.

Ідэя ўключэньня Беларусі ў агульную канструкцыю эўрапейскае будучыні выступае своеасаблівым рэфрэнам кнігі, у якім, уласна кажучы, сыходзіцца матывацыя апісаных рэформаў зь іх мэтай. Праўда, нельга сказаць, што гэтая ідэя новая. У краіне яна зьявілася адначасова з прыходам незалежнасьці. Больш за тое, да магчымасьці эўрапеізацыі краіны тыя, хто наагул неяк думае пра будучыню Беларусі, у прынцыпе, прызвычаіліся: «...каля 60 адсоткаў беларусаў падтрымалі б уступленьне краіны ў ЭЗ...» (Віталь Сіліцкі, «Пэрспэктывы эўрапейскае інтэграцыі Беларусі»). Блага, аднак, што адбылося прызвычайваньне да статусу гэтае ідэі як адцягненае гіпотэзы. Сакрэт нагэтулькі высокага рэйтынгу Эўрапейскага Зьвязу, тлумачыць В. Сіліцкі, хаваецца ўва ўяўнай адсутнасьці рэальных пэрспэктываў падобнага збліжэньня і яшчэ больш - у адсутнасьці досьведу пераадоленьня практычных складанасьцяў, з гэтым зьвязаных. Калі меркаваць зь беларускай рэальнасьці, цалкам відавочна, што за мінулае дзесяцігодзьдзе адлегласьць, якая аддзяляе гэтую ідэю ад яе ўвасабленьня, ні на каліва не скарацілася. «Сцэнары рэформаў» - гэта спроба паменшыць гэтую адлегласьць з дапамогай ідэі «будучых трансфармацыяў» - канструкту ўяўленай рэальнасьці. Галоўная каштоўнасьць кнігі менавіта ў тым, што яна ўтрымлівае ў сабе ўцямную артыкуляцыю ўяўленьня пра тое, якім чынам і ў якой ступені магчымыя такія трансфармацыі.

З гэтага пункту гледжаньня досьвед іншых краінаў быў тут і карысны, і не. З аднаго боку, лёгка заўважыць, што Беларусь вылучаецца на тле іншых краінаў былога сацлягеру, у якіх «эўрапеізацыя» як такая адпачатку не была прадметам дыскусіяў, а праблематызаваліся толькі разнастайныя тэхнічныя аспэкты, працэдурныя бакі працэсу. Лёзунг «вяртаньне ў Эўропу», які так удала адлюстраваў квінтэсэнцыю рэформаў у гэтых краінах, у Беларусі не спрацаваў. Тут прыхільнікам эўрапейскае інтэграцыі сваю аргумэнтацыю даводзілася пачынаць з нашмат больш першасных матэрыяў, даводзячы саму па сабе легітымнасьць вобразу эўрапейскае Беларусі. Моцныя моманты ў высоўваньні праекту Беларусі ў Эўропе «паводле аналёгіі» - гэта апэляваньне да аб'ектыўнага падабенства, зыходнай тоеснасьці мноства сацыяльных і эканамічных парамэтраў Беларусі зь іншымі краінамі Ўсходняе Эўропы. Насамрэч, хіба не відавочна, што параўнальна кампактная Беларусь з разьвітай прамысловай інфраструктурай нашмат бліжэйшая паводле свайго эканамічнага й сацыяльнага аблічча да Славаччыны, Вугоршчыны, Славеніі ці кагосьці яшчэ ў Эўропе, чымся да неабдымнай Расеі, якая жыве з уласных сыравінных рэсурсаў. Выходзіць, не відавочна, пра што сьведчыць факт пасьпяховага супрацьпастаўленьня ідэі эўрапеізацыі Беларусі і пэрспэктывы расеізацыі краіны. (Гэтая перавага псыха-сацыяльнага над эканамічным у беларускім базысна-надбудоўным ансамблі - яшчэ адзін факт на карысьць прыхільнікаў культурнага дэтэрмінізму.) У дадатак Эўропа дакладна і нават катэгарычна фармулюе свае патрабаваньні наконт рэструктурызаваньня й рэфармаваньня палітычнага і эканамічнага жыцьця, а гэта адпужвае беларусаў. У той жа час Расея, сама знаходзячыся на стадыі станаўленьня новае дзяржавы, падобныя прэтэнзіі выстаўляе бессыстэмна і паступова. У беларускіх уладаў гэта стварае ілюзію іх своеасаблівае неабавязковасьці.

У гэтым кантэксьце тэза пра ўнутраную неабходнасьць эўрапеізацыі Беларусі патрабуе сур'ёзных намаганьняў дзеля ейнае легітымізацыі ў межах уяўленьняў беларусаў пра сябе. Сам па сабе дадатны досьвед Эўропы ў бальшыні беларускіх грамадзянаў, як высьветлілася, не зьяўляецца дастатковай прычынай для аўтаматычнага атаясамліваньня сябе зь ёю. Такое становішча ў беларускай рэальнасьці шмат у чым перадвызначае сэнс распрацаваных «Сцэнароў» - менавіта як інтэлектуальных намаганьняў на карысьць інтэрыярызацыі ідэі эўрапейскае Беларусі. Прапанаваныя па разьдзелах кнігі канкрэтныя рэформы - палітычнае і прававое сыстэмы, эканомікі, адукацыі й сацыяльнае сфэры - па сутнасьці сваёй утрымліваюць апісаньне працэдураў «укараненьня» эўрапейскасьці ў розных галінах беларускага жыцьця. Пры гэтым захаваны больш-менш аднастайны альгарытм працы з рознымі сфэрамі. У кожным з разьдзелаў падаецца аналіз сёньняшняе сытуацыі ў кожнай з названых галінаў зь невялікім экскурсам у нядаўняе мінулае - фактычна гэта дае нам структураваную эвалюцыю беларускага цяперашняга моманту. Гэты складнік кнігі сам па сабе мае каштоўнасьць як своеасаблівы каталягізаваны пакрокавы архіў падзеяў, якія ў выніку й акумуляваліся ў сёньняшнюю Беларусь. Ад гэтае генэзыснае ацэнкі рэальнасьці аўтары пераходзяць да фармулёвак канкрэтных прапановаў яе рэфармаваньня. У выніку гэтая кніга - ня проста асаблівым чынам аранжаваная рыторыка на тэму «эўрапеізацыі Беларусі», а тэхналягічная вэрсія альтэрнатыўнага руху краіны, руху, які ўсё яшчэ можа пачацца зь яе сёньняшняга, які б ён там ні быў, стану ў кірунку да іншае будучыні. Прычым, як паказвае статыстыка, у грамадзкай сьвядомасьці беларусаў такая альтэрнатыва прысутнічае, а значыць, патрабавалася яе прафэсійна і сыстэматычна арганізаваная артыкуляцыя. Пры гэтым нельга ня ўлічваць, што прапанаваныя «Сцэнары» - гэта не дырэктыўныя дакумэнты, якія маюць на мэце неадкладнае ажыцьцяўленьне, а толькі своеасаблівы адказ на сацыяльны «запыт» на пэўную мадэль будучыні. З гэтага пункту гледжаньня на першы плян выходзіць ня столькі непасрэдна практычная, як пэўная эпістамалягічная каштоўнасьць «Сцэнароў».

Вядомы амэрыканскі філёзаф Макс Вартофскі ў сваёй кнізе «Мадэлі», прысьвечанай аналізу сэнсу і значэньня рэпрэзэнтацыі ўва ўзорах ведаў, пісаў: «Мадэль - гэта прататып арыентаванага ў будучыню дзеяньня, у якім будучыня ўяўляецца нечым большым за сьляпую непазьбежнасьць працэсу працяканьня часу і ўключае ў сябе некаторыя папярэднія мэты ў якасьці зьместу гэтага прататыпу».

Іншымі словамі, за ўзор ён уважае «ня проста некаторую сутнасьць, а спосаб дзеяньня ». І ў гэтым сэнсе мадэлі - гэта ня толькі ўвасабленьне мэтаў, але адначасова і прылады іх ажыцьцяўленьня. Гэтае цьверджаньне цалкам дастасавальнае і да сцэнароў беларускіх рэформаў. Аднак дзеля таго што ў рэальнасьці, у якой яны напісаныя, па-ранейшаму застаецца шмат «невядомых», апісаньне рэформаў балянсуе на мяжы жанраў - недзе паміж стратэгічным мадэляваньнем будучыні й рэпрэзэнтаваньнем яе ідэальнае канструкцыі. Вартофскі называе такія станы мадэляў моцным і слабым : «Нават калі з дапамогай мадэляў мы атрымліваем ня больш чым інтэлектуальнае ўсьведамленьне ці дакладнае разуменьне тых ці іншых сытуацыяў або аб'ектаў, то і ў гэтым выпадку выйгрыш аказваецца немалым... Аднак гэта - слабы аспэкт сутнасьці «мадэлі»... У больш моцным аспэкце ... мадэль ёсьць дасягненьнем нечага ў будучым». Іншымі словамі, у тым ці іншым выпадку сама па сабе наяўнасьць сканструяванае мадэлі здатная аказваць пэўнае ўзьдзеяньне на рэальнасьць практыкі, бо «калі мы ў стане пэрцэптыўна апынуцца ў дадзенай розумасяжнай карціне, гэтая карціна можа набыць фарбы і зьмяніць наша ўспрыманьне «рэальнага» сьвету, адкрываючы ў ім тыя магчымасьці, якіх мы ня бачылі раней...» - пераконвае М. Вартофскі. У гэтым сэнсе можна сьцьвярджаць, што ўжо адбытая эпістамалягічная каштоўнасьць «Сцэнароў рэформаў» у тым, што яны дазваляюць ажыцьцявіць гэтае своеасаблівае пэрцэптыўнае асваеньне эўрапейскага выбару для Беларусі. І цяпер ужо не ад аўтараў кнігі залежыць, стане прапанаваная імі мадэль беларускае будучыні ўзорам у моцным ці слабым разуменьні гэтага тэрміну Максам Вартофскім. Каштоўнасьць зробленай працы альбо застанецца на ступені інтэлектуальнага асэнсаваньня і больш дакладнага ўяўленьня існае сытуацыі, альбо спрычыніцца да дасягненьня новага стану мадэляванае рэальнасьці - беларускае будучыні.

Менск, 2003

Пераклад з расейскае Андруся Клікунова

  філёзаф. Выкладае ў варшаўскай «Школе грамадзкіх навук».
   
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (31) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/1