A R C H E П а ч а т а к № 2 (31) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


крытыка

  ЮРЫ ЧАВУСАЎ

Вокладка ARCHE 2-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Юры Чавусаў
Цэнтры цяжару ідэалягічнай працы

Выданьні, што аглядаюцца ў артыкуле:

О состоянии идеологической работы и мерах по ее совершенствованию. Материалы постоянно действующего семинара руководящих работников республиканских и местных государственных органов. - Минск: Академия управления при президенте РБ, 2003.

Национальная безопасность Республики Беларусь. Современное состояние и перспективы / Мясникович М. В., Никитенко П. Г., Пузиков В. В. и др. - Минск: Право и экономика, 2003.

Ядвига Яскевич. Основы идеологии белорусского государства: мировоззренческие ценности и стратегические приоритеты. Учебно-методическое пособие для высших учебных заведений. - Минск: РИВШ БГУ, 2003.

Вось і мінуў год з моманту правядзеньня вядомай нарады па пытаньнях ідэалёгіі - так званай сэсіі стала дзейнага сэмінару кіраўнічых работнікаў дзяржапарату, што адбылася 27 і 28 сакавіка 2003 году. Прайшоў першы год агульнанацыянальнай ідэалягічнай кампаніі, абвешчанай асабіста Лукашэнкам. На яго прыпала ўвядзеньне шмат якіх элемэнтаў «ідэалягічнай працы». Выдадзена некалькі падручнікаў і дапаможнікаў па асновах дзяржаўнай ідэалёгіі, распрацавана мэтодыка выкладаньня гэтай дысцыпліны, на спэцыяльных курсах набылі патрэбную кваліфікацыю выкладчыкі, палітінфарматары і ідэалягічныя «камісары» на прадпрыемствах. Ідэалягічная вэртыкаль цяпер ня просты гук, не даніна настальгіі па савецкіх часах, а стройная калёна прафэсійных прапагандыстаў. Створана і пастаянна разьвіваецца сыстэма абароны дзяржавы ад інфармацыйнай агрэсіі. Адключэньне расейскага газу паказала яе эфэктыўнасьць, а ўтаймаваньне непакорных сусьветных інфармацыйных сетак стала рэальнай пэрспэктывай. На месцы «нячэсных» сродкаў масавай інфармацыі і няўрадавых арганізацыяў разьвіваецца падкантрольная дзяржаўнай уладзе сетка электронных мэдыяў ды прыдзяржаўных грамадзкіх аб'яднаньняў. Выдадзены нарматыўна-прававыя акты, што рэглямэнтуюць парадак ажыцьцяўленьня ідэалягічнай працы.

Каб падвесьці вынікі «ідэалягічнага году», трэба даць ацэнку сукупнасьці ўсіх згаданых працэсаў. Сам дзяржаўны апарат яе ўнікае: у адкрытыя крыніцы трапляюць збольшага выразна палітызаваныя ацэнкі - ці то пераможныя рэляцыі з ідэалягічных франтоў, ці то разгромная крытыка на адрас неразумных чыноўнікаў, якія ў чарговы раз недзе «на месцах» перастараліся і падмянілі рэалізацыю віртуознай задумы вульгарным брэйнвошынгам. Аналіз ідэалягічнай кампаніі незалежнымі экспэртамі таксама часьцей за ўсё праводзіцца з пазыцыяў палітычнага процістаяньня.

Вынікі ідэалягічнай працы, праведзенай дзяржаўным апаратам за гэты год, будуць відаць толькі тады, калі Лукашэнка адкрыта абвесьціць пра сваё жаданьне пераабрацца на трэці тэрмін і зробіць рэальныя крокі па дасягненьні гэтай мэты. Аднак папярэднія высновы аб ёй можна зрабіць ужо цяпер. Гэтыя высновы будуць датычыць мэтадаў яе ажыцьцяўленьня і будуць грунтавацца на матэрыяле найбольш характэрных у гэтым пляне публікацыяў, а таксама на ўласных назіраньнях. Не ўступаючы ў дыскусію аб сутнасьці ідэалёгіі (альбо ідэалёгіяў), што навязваецца беларускаму грамадзтву, мы будзем аналізаваць тыя захады і мэтады, якімі пашыраецца гэтая ідэалёгія. Таксама ў нашу задачу не ўваходзіць ацэнка пасьпяховасьці зробленага за мінулы год дзяржаўнымі ідэолягамі і прапагандыстамі.

Мы зыходзім з таго, што цяпер у краіне сфармаваная і дзейнічае сыстэма дзяржаўнай ідэалягічнай працы - сыстэма захаваньня і ўстойлівага пашырэньня, па магчымасьці да межаў усяго грамадзтва, сукупнасьці ідэяў, поглядаў, уяўленьняў, пачуцьцяў і вераваньняў аб мэтах разьвіцьця беларускага грамадзтва і шляхоў дасягненьня гэтых мэтаў, што выпрацоўваецца кіруючай палітычнай элітай. Для такога падыходу прынцыповае значэньне мае інтэрпрэтацыя адзінай дзяржаўнай ідэалёгіі як аднаго з мэтадаў палітычнага ўзьдзеяньня на грамадзтва з боку ўладаў, як своеасаблівай зброі ў палітычнай барацьбе. Адпаведна, ідэалягічная праца ўва ўсіх яе праявах (у агітацыйна-прапагандысцкім і інфармацыйным полі ўнутры краіны альбо ў стасунках зь міжнароднай супольнасьцю, у філязофска-навуковым і акадэмічным, кадравым, выхаваўчым і адукацыйным аспэктах) ёсьць працэсам выкарыстаньня гэтага мэтаду палітычнай барацьбы. Паколькі кіруючая эліта неаднародная (яна падзеленая і паводле набліжанасьці да першай асобы дзяржавы, і паводле тэрытарыяльных кланаў, і г. д.), ідэалягемы, што ёю трансьлююцца, могуць быць супярэчлівымі.

Нарэшце, неабходна зрабіць яшчэ адну папярэднюю заўвагу. Большасьць аналізаў, натхнёных абуральным фактам абвяшчэньня адзінай дзяржаўнай ідэалёгіі, яе спрэчным зьместам і сумнеўнымі мэтадамі яе пашырэньня, пакідаюць у баку юрыдычны аспэкт праблемы. Аднак само навязваньне адзінай ідэалёгіі і мэтады, якімі яно ажыцьцяўляецца, сьведчаць пра парушэньне Канстытуцыі Беларусі. Яе артыкул 4 недвухсэнсоўна сьцьвярджае, што дэмакратыя ажыцьцяўляецца на падставе разнастайнасьці палітычных інстытутаў, ідэалёгіяў, меркаваньняў, а ідэалёгія палітычных партыяў, рэлігійных ці грамадзкіх арганізацыяў, сацыяльных групаў ня можа ўсталёўвацца ў якасьці абавязковай для грамадзянаў. Паколькі мы лічым эліту, якая кіруе ў дадзены момант краінай, сацыяльнай групай, яе ідэі, палітычныя інтарэсы, вартасьці і сьветапогляд, згодна з згаданай нормай Канстытуцыі, ня могуць навязвацца грамадзянам у выглядзе адзінай (пры ўсёй яе ўнутранай супярэчлівасьці) «дзяржаўнай» ідэалёгіі. Таму любыя захады дзяржавы для ўвядзеньня адзінага абавязковага стандарту думак па сутнасьці ёсьць антыканстытуцыйнай дзейнасьцю.

Існуе некалькі вэктараў ідэалягічнай працы, а таксама цэнтраў, адказных за яе ажыцьцяўленьне. Іх актыўнасьць адрозьніваецца ня толькі формай, мэтадамі дзейнасьці і мэтавымі групамі - адрозьніваюцца таксама зьместы сьветапоглядаў, носьбітамі і трансьлятарамі якіх выступаюць прадстаўнікі гэтых вэктараў узьдзеяньня.

КРЭАТЫЎНЫ ВЭКТАР, ПРАДУКЦЫЙНЫ ЦЭНТАР

Першакрыніцай беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі зьяўляюцца палітычныя рашэньні, прамовы і выступы сёньняшняга кіраўніка нашай дзяржавы. Акурат яму належыцца гонар ініцыяваньня ідэалягічнай працы і адказнасьць за яе наступствы. Хоць зьмест розных аўтарскіх дапаможнікаў па асновах дзяржаўнай ідэалёгіі значна адрозьніваецца, а самадзейнасьць асобных прапагандыстаў на прадпрыемствах і ў органах дзяржаўнага кіраваньня часам мяжуе з ідэалягічнай дывэрсіяй, хоць часам выкладнікі дзяржаўнай ідэалёгіі выкладаюць студэнтам ідэі, запазычаныя зь лексыкону апазыцыйных палітычных партыяў, аналізаваць дзяржаўную ідэалягічную працу бяз выхаду на асобу прэзыдэнта - гэта тое самае, што аналізаваць творчасьць філёзафа, не зьвяртаючы ўвагі на гісторыю ягонага жыцьця.

Гэты найбольш публічны па сваіх прапагандысцкіх праявах сэктар ідэалягічнай працы адначасова найменш вывучаны з пункту гледжаньня свайго функцыянаваньня. Гэта тая кухня, дзе спараджаюцца ідэі - складнікі дзяржаўнай ідэалёгіі. Ідэі навідавоку, яны агучваюцца і, з падачы кіраўніка дзяржавы, настойліва навязваюцца нашым суграмадзянам - але мэханізм іх фармаваньня атулены таямніцай. Тут мы маем клясычную «чорную скрыню»: на ўваходзе - зьявы рэчаіснасьці, унутры - невядома што, на выхадзе - першасны ідэйны прадукт, які пасьля адпаведнай апрацоўкі робіцца дзяржаўнай ідэалёгіяй, прызначанай для спажываньня грамадзянамі.

Менавіта імкненьне зразумець, як у нашым грамадзтве ўзьнікаюць пэўныя ідэі і перакананьні, чаму нам навязваюцца пэўныя стандарты мысьленьня, падштурхоўвае аналітыкаў да псыхалягічнага, а часам і псыхааналітычнага падыходу да праблемы. Заключэньне доктара Шчыгельскага сталася, напэўна, яго першым шырока вядомым прыкладам. З падобных пазыцыяў у аналізе мэханізму прадукаваньня дзяржаўнай ідэалёгіі зыходзяць і аўтары нашумелых кніг пра беларускую палітыку - «Нашэсьця», «Работы над памылкамі» або «Выпадковага прэзыдэнта». На жаль, высьветліць праўдзівасьць высноваў аб мэханізмах мысьленьня беларускага прэзыдэнта, што робяцца ў гэтых выданьнях, вельмі складана. Тым ня менш, цікаўнасьць абывацеля да іх сьведчыць пра ягоную відавочную патрэбу растлумачыць, адкуль, на падставе якіх прынцыпаў і законаў ствараецца фэномэн прэзыдэнцкай палітыкі, той палітыкі, якая цяпер набыла выразна ідэалягізаваную афарбоўку.

Менавіта сьвядомасьць беларускага лідэра ёсьць крыніцай ідэалягемаў, якія потым трапляюць у перадавыя артыкулы газэтаў, у падручнікі і масы. У гэтым сэнсе назіральнікі выступаў Лукашэнкі ў этэры альбо ўдзельнікі асабістых сустрэчаў зь ім маюць каштоўную магчымасьць назіраць за непрадказальным і парадаксальным працэсам нараджэньня ідэалёгіі, калі, напрыклад, зь нічога ніякага Расея робіцца параўнальнай па крывадушнасьці і вераломстве з нацысцкай Нямеччынай, парушальніцай сьвятога пакту Молатава-Рыбэнтропа.

Вестуны афіцыйнай ідэалягічнай дактрыны саромеюцца наўпрост сказаць, хто яе сапраўдны аўтар, - і гэта пакідае ў яе спажыўцоў пачуцьцё недагаворанасьці, выклікае раздражненьне разыходжаньнем словаў прэзыдэнта і дзеяньняў ягоных прапагандыстаў. Толькі слухаючы прамову правадыра, можна атрымаць дакладнае, хоць і супярэчлівае ўяўленьне пра тое, якая ідэалягічная пазыцыя цяпер афіцыйная і адзіна правільная. У іншым выпадку спажывец атрымлівае папсаваны пасярэднікам сурагат альбо, што яшчэ горш, сьвядомую падробку. Выслоўі прэзыдэнта могуць нават быць сродкам змаганьня са скажэньнямі, якія ягоная думка можа перажыць падчас апрацоўкі штатнымі ідэолягамі.

Чаму ж тады ня выдаць цытатніка Лукашэнкі ў зручным фармаце і трывалым пераплёце? Чаму актывісты БРСМу ня маюць у кішэні чароўнай кніжачкі, якая б давала адказ на ўсе пытаньні, што паўстаюць падчас арганізацыйных нарадаў і ў прыватным жыцьці? Чаму рэдагуюцца выступы прэзыдэнта на дзяржаўным тэлебачаньні і ў прэсе? Напэўна таму, што чыноўнікі несьвядома страшацца культурнай рэвалюцыі і адчуваюць: калі да гэтага дойдзе, то яны ўсе разам, зь бюджэтамі, праграмамі, палітінфармацыямі ў дзяржаўных установах і прыватных банках, паездкамі па райцэнтрах і сэмінарамі на вытворчасьці, стануць непатрэбнымі.

У гэтым сэнсе кніжка «О состоянии идеологической работы...» яскрава паказвае той разрыў, які існуе паміж ідэалягічнай дактрынай прэзыдэнта і яе інтэрпрэтацыямі работнікамі ўладнай вэртыкалі. Яна каштоўная якраз тым, што зьмяшчае стэнаграму пасяджэньня па пытаньні ідэалёгіі зь мінімальнымі купюрамі, таму ў выступе прэзыдэнта таксама выразна відаць розьніца паміж падрыхтаванай сьпічрайтэрамі «рыбай» і яго ўласнымі імправізацыямі.

Параўнаўшы праграмны выступ прэзыдэнта з выступамі Станіслава Князева, Міхаіла Арды, Ягора Рыбакова і іншых, нягледзячы на іх пастаянныя спасылкі на правадыра, нельга пазбавіцца ад адчуваньня прынцыповага адрозьненьня паміж першым і другімі. Гэтая кніжка - своеасаблівы зборнік «крывых люстэрак», дзе пазыцыя Лукашэнкі скажаецца альбо ў вайскова-ўтылітарным стаўленьні да жыцьця Леаніда Мальцава, альбо ў апантанай вернасьці правадыру Міхаіла Арды, альбо ў арыентацыі на чароўныя магчымасьці сваёй «палітычнай калыханкі» Ягора Рыбакова. У сваім шчырым (хто б сумняваўся!) імкненьні да разуменьня правільнай ідэалягічнай лініі ўдзельнікі сэмінару дэманструюць вельмі розныя, часам нават палярныя падыходы да зьместу дзяржаўнай ідэалёгіі. Экстрэмізм і нецярпімасьць маладога і гарачага Арды кантрастуюць з навуковасьцю і дэмакратычнасьцю памяркоўнага і разважлівага Бабосава. Памыляюцца ўсе, правадыра не разумее ніхто.

У такім пэрсаніфікаваным характары нашай ідэалягічнай працы - ейнае адрозьненьне ад савецкага першаўзору. Неаднароднасьць і рознабаковасьць тэкстаў, на якія абапіраліся савецкія ідэолягі, абумоўлівалі магчымасьці для ваганьня генэральнай ідэалягічнай лініі. Цяпер, абапіраючыся толькі на думкі прэзыдэнта, ідэолягі фармуюць плюралістычнае ідэалягічнае поле менавіта праз прынцыповую немагчымасьць адпавядаць адзінаму ідэалягічнаму стандарту, які мяняецца ў залежнасьці ад настрояў і думак адной асобы.

Ідэалягічнаму люстэрку ўсё роўна, які аб'ект паўcтане перад ім, - усё адно яго адбітак будзе скажоным.

АХОЎНЫ ВЭКТАР, АБАРОНЧЫ ЦЭНТАР

У нашай ідэалягічнай сыстэмы ёсьць інстынкт самазахаваньня - і гэтым яна нагадвае любы жывы арганізм. У рэальным палітычным жыцьці немагчыма абапірацца толькі на адны ідэалягічныя прынцыпы, сфармуляваныя асабіста Лукашэнкам. Ягоныя дэманстратыўна сяброўскія стасункі з Садамам Хусэйнам і Слабаданам Мілошавічам і ягоная адпаведная рыторыка прынесьлі краіне не дывідэнды, а страты. Як паказвае гістарычны досьвед, замежнапалітычная дактрына, сфармаваная на ідэалягічных прынцыпах, - гэта шлях дзяржавы да самагубства. Гэтая тэза справядлівая і для іншых кірункаў дзяржаўнай палітыкі. Кіраваньне дзяржавай патрабуе рознабаковага бачаньня праблемаў, ацэнкі рэальных палітычных фактараў і цьвярозай выпрацоўкі рашэньняў. Таму розьніца ў падыходах да дзяржаўнай ідэалёгіі з боку розных прадстаўнікоў кіруючай эліты дае магчымасьці для прэзэнтацыі рацыянальных палітычных рэакцыяў - розных пазыцыяў у дачыненьні да дзяржаўнай палітыкі. Аднак, дапускаючы такія вонкава рацыянальныя рэакцыі, ідэалёгія мае цяжкасьці ў аб'ектыўнай ацэнцы навакольля - і гэта стварае праблему.

Сама ідэалёгія па сваёй сутнасьці заўжды ірацыянальная ў ацэнцы навакольнай рэчаіснасьці, паколькі яна арыентуецца на сьвет ідэяў і сымбаляў, на прастору ўяўнага. Нават набываючы навуковую форму і выкарыстоўваючы навуковую тэрміналёгію, яна ня можа быць навукай - што б ні даводзілі нашы навасьпечаныя ідэолягі. Вочы ідэалёгіі заўжды заплюшчаныя, яны ня бачаць рэчаіснасьці ці, дакладней, бачаць уяўную альбо скажоную рэчаіснасьць. У пэўным сэнсе носьбіту ідэалёгіі прасьцей жыць з заплюшчанымі вачыма, чым глядзець на сьвет праз ідэалягічную прызму. Таму, калі яго жыцьцёвы досьвед супярэчыць ягоным ідэалягічным перакананьням, ён хутчэй ірацыянальна перастане верыць сваім вачам, чым паставіць пад сумнеў свае ідэалягічныя прынцыпы. Апанаваны ідэалёгіяй чалавек можа адначасна даводзіць непазьбежнасьць надыходу камунізму, іграць на фондавай біржы і валодаць прыватным капіталам у выглядзе нерухомасьці і сродкаў вытворчасьці. Сьвет ідэяў і сьвет рэальных дзеяньняў ды рэчаў у ягонай сьвядомасьці не сутыкаюцца - яны ўтвараюць розныя вымярэньні яго асобы. Гнуткае чалавечае мысьленьне можа падпарадкавацца любым, самым адчайным выбрыкам дзяржаўнай ідэалягічнай машыны. Зьмяніць прасацыялістычны калектывізм з арыентацыяй на аднаўленьне Савецкага Саюзу на дзяржаўна-капіталістычны памяркоўны нацыяналізм з пастаяннымі нападкамі на былога «старэйшага брата» - гэта, як дэманструе беларускі досьвед, вельмі проста.

На ўзроўні сацыяльнай групы (партыі, страту і г. д.) гэтая супярэчнасьць ідэалягічнага сьветапогляду звычайна здымаецца шляхам рэвізіі ідэалёгіі, яе прыстасаваньня да рэаліяў жыцьця і палітычнай барацьбы альбо празь зьмену кіруючай групоўкі. Аднак калі створаная на загад кіраўніка дзяржавы ідэалёгія навязваецца ўсяму грамадзтву, справа выглядае інакш. Нягледзячы на яе бясспрэчны ірацыяналізм, дзяржаўны апарат мусіць рацыянальна вырашаць звычайныя задачы бягучага дзяржаўнага кіраваньня. Абаперціся на адны ідэалягічныя шаблёны цяжка, цалкам заплюшчыць на іх вочы немагчыма, паколькі яны спушчаны зьверху. Інстынкт самазахаваньня прымушае стварыць сыстэму ідэалягічнай бясьпекі, што падаецца як бясьпека нацыянальная альбо дзяржаўная. Ейная задача - прыстасаваць ідэалягічныя прынцыпы пад рэальныя патрэбы дзяржаўнага кіраваньня. На гэтым узроўні ідэалягічная праца афармляецца як дзейнасьць для захаваньня нацыянальнай бясьпекі. Уся дзяржаўная сыстэма ператвараецца ў суцэльную сыстэму нацыянальнай бясьпекі. На добры лад, мы мусім мець не Міністэрства інфармацыі, а Міністэрства інфармацыйнай бясьпекі, не Міністэрства cельскай гаспадаркі, а Міністэрства харчовай бясьпекі. І выканаўчую ўладу ў краіне мусіць узначальваць ня ўрад, які нічога не вырашае, а Рада Бясьпекі. Гэты вэктар ідэалягічнай працы заслугоўвае павагі хаця б за тое, што бачыць рэчаіснасьць - і жахаецца яе.

Тэхналягічныя элемэнты гэтай сыстэмы - перш-наперш спэцслужбы і іншыя групы, часта зьвязаныя зь «сілавікамі» і іх кліентэлай, у тым ліку прыватна-дзяржаўным бізнэсам на стратэгічна важных для дзяржаўнай эліты кірунках, - ня могуць у сваёй дзейнасьці арыентавацца на голыя ідэалягічныя пастуляты. У гэтым выпадку іх чакае параза ў эканамічнай, інфармацыйнай, энэргетычнай і іншай палітыцы. Нельга, напрыклад, кіравацца ідэалягічнымі пастулятамі ў паліўна-энэргетычнай сфэры: пры гандлі аб цэнах на газ спасылкі на аналітычныя выкладкі работнікаў Беларускага тэлебачаньня і выслоўі прэзыдэнта не працуюць. Тут няма месца ідэалягічным ілюзіям, што распаўсюджваюцца з высокіх дзяржаўных трыбунаў, з экранаў дзяржаўнай тэлевізіі, а цяпер ужо і з акадэмічных катэдраў.

На гэтым узроўні дыскусіяў выкарыстоўваюцца паняцьці, неўласьцівыя афіцыйнаму ідэалягічнаму дыскурсу. «Міжнародная ізаляцыя» тут ужо не прыдумка ідэалягічных ворагаў, а рэальны стан рэчаў, які трэба выпраўляць для дасягненьня жыцьцёва важных для гаспадаркі краіны мэтаў. І таму Міністэрства замежных справаў ува ўнутранай ацэнцы сваёй працы ня можа апэраваць толькі тэрмінамі кшталту «посьпехі замежнай палітыкі», бо інакш сапраўдная дзейнасьць гэтага міністэрства цалкам перанясецца ў сфэру ідэальнага. МЗС мусіць прарываць міжнародную ізаляцыю, а таму факт яе наяўнасьці трэба прызнаваць, нягледзячы на ўсе ідэалягічныя пастуляты. Калі першая асоба краіны (а за ёй і агітпроп) кажа пра «наш супэркампутар» і посьпехі ў пераходзе да постіндустрыйнага грамадзтва, Міністэрству інфармацыі даводзіцца канстатаваць няздольнасьць хаця б захаваць сёньняшняе адставаньне краіны ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў. Такія парадоксы - непазьбежнае наступства існаваньня дзяржаўнага апарату ўва ўмовах ідэалягічнага прэсынгу.

Так фармуецца асобная падсыстэма ідэалягічнай машыны, арыентаваная на рэальны, не скажоны ідэалягічнай прызмай сьвет. Будучы ў цені, яна дасьледуе і рэагуе на рэальны сьвет, а не на сьвет ідэяў. Але ад гэтага яна не перастае быць часткай ідэалягічнай машыны - яе неідэалягізаваным элемэнтам, яе рэцэптарам і адначасова інстынктам самазахаваньня.

Ня варта думаць, што яе складаюць адно спэцслужбы. Аналітычныя аддзелы міністэрстваў і ведамстваў ня толькі даюць лічбы для пераможных рапартаў пра павелічэньне ВУП. Удзельнічаюць у гэтай падсыстэме і навуковыя колы. Сёе-тое з створаных імі матэрыялаў трапляе да шырокага чытача. Адным з такіх падарункаў ёсьць сумеснае выданьне Акадэміі навук, Інстытуту эканомікі і Інстытуту нацыянальнай бясьпекі, прысьвечанае праблемам нацыянальнай бясьпекі Беларусі ў палітычнай, эканамічнай, паліўна-энэргетычнай, харчовай, экалягічнай, інфармацыйнай, гуманітарнай і вайсковай сфэрах, а таксама тэарэтычным падставам і мэтадалёгіі забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі. Кніга прапануе мадэль забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі, зьмяшчае канцэпцыю аховы існага грамадзка-палітычнага ладу, а таксама выпрацоўвае пазыцыю ў дачыненьні да пагрозаў кіруючай у Беларусі эліце. Цікавая яна таксама аналізам атачэньня, што існуе па-за межамі пабудаванай у краіне ідэалягічнай канструкцыі.

У гэтай кнізе нас цікавіць перш за ўсё апісаньне самога мэханізму прыняцьця дзяржаўных рашэньняў ува ўмовах, калі кожнае такое рашэньне мусіць быць ідэалягічна апраўданым. Фактычны матэрыял, на якім яна грунтуецца, ня можа не выклікаць зьдзіўленьня. Вынікі сацыялягічных апытаньняў ад НІСЭПД і іншыя эмпірычныя зьвесткі, якімі звычайна карыстаюцца дэмакратычныя сілы, тут пераважаюць над дадзенымі з афіцыйных крыніц. Чаму аўтары не спасылаюцца на лічбы, што агучваюцца «Советской Белоруссией», а збольшага арыентуюцца на публікацыі нядобранадзейнай «Белорусской деловой газеты»?

Калі мы правільна зразумелі функцыі апарату ідэалягічнай бясьпекі, то ён ня можа абапірацца на заклінаньні штатных прапагандыстаў і ідэолягаў: шмат якія зьвесткі з «Советской Белоруссии» маюць мала супольнага з рэчаіснасьцю і належаць да сьвету фантазіяў. На іх падставе нацыянальнай бясьпекі не захаваеш. А наагул, аўтары гэтай манаграфіі абапіраліся на незалежныя крыніцы таму, што іншых праўдзівых дадзеных у іх папросту не было. У дзяржаўнага апарату няма магчымасьці сабраць аб'ектыўныя зьвесткі па шматлікіх праблемах. Ніхто ня ведае дакладных вынікаў выбарчых кампаніяў пачынаючы з 1996 году: масавыя фальсыфікацыі робяць такія веды немагчымымі. Самі фальсыфікатары не адсочваюць нескажоных вынікаў народнага волевыяўленьня, а незалежнае назіраньне за выбарамі дазваляе толькі вызначыць прыблізны памер фальсыфікацыяў. Такім чынам, у дзяржаўных органаў сапраўднай інфармацыі наконт гэтага няма, а паводле незалежных крыніцаў прынамсі можна ацаніць скажэньні зьвестак, што падаюцца як афіцыйныя, - і тым самым прыблізна вылічыць праўдзівыя лічбы.

Таксама дзяржаўныя структуры сур'ёзна не адсочваюць электаральных настрояў - быць аб'ектыўным для «дзяржаўных» сацыёлягаў недаравальна. Дзяржаўная сацыялёгія выдае наверх завышаныя лічбы індэксу даверу «правільным» сацыяльным інстытутам і мізэрны рэйтынг апазыцыйных партыяў і апазыцыйных палітычных лідэраў. Дзяржаўная статыстыка не дае нават прыблізнага ўяўленьня пра бягучыя дэмаграфічныя і эканамічныя працэсы ў краіне. Колькасьць грамадзкіх арганізацыяў кампэтэнтны дзяржаўны орган - Міністэрства юстыцыі - не назаве ніколі, паколькі значная частка зь іх працуе ў незарэгістраваным статусе, частка ўжо ліквідаваная, а некаторыя існуюць толькі на паперы. Практыка прымусовай падпіскі, шалёныя сьпісаньні нераспрададзеных накладаў робяць немагчымай нават прыблізную ацэнку колькасьці чытачоў дзяржаўнай прэсы. Ні Міністэрства эканомікі, ні падатковыя органы нічога ня ведаюць пра сапраўдны памер ВУП, дзяржаўнага бюджэту і даходаў насельніцтва. Праблема нястачы праўдзівых дадзеных набыла ў Беларусі памеры, параўнальныя з савецкімі часамі. Стварыць аб'ектыўную сыстэму збору зьвестак у сьвятых мэтах нацыянальнай бясьпекі вельмі складана - для гэтага трэба сфармаваць «паралельны» дзяржаўны апарат.

Калі ўвесь дзяржапарат перажывае ідэалягічныя галюцынацыі, любым дзяржаўным справаздачам і лічбам верыць нельга. Таму ў спэцслужбаў бракуе матэрыялаў пра фактычны стан рэчаў у краіне: іх альбо катастрафічна мала, альбо яны бяруцца зь незалежных крыніц - зь «Белорусского рынка» і г. д. І дзяржаўным, і недзяржаўным аналітыкам даводзіцца больш давяраць зьвесткам зь незалежных крыніцаў: перавага дзяржаўных аналітыкаў у доступе да таемнай дзяржаўнай справаздачнасьці і статыстыкі на самай справе даволі нязначная. Яна мае хутчэй значэньне для статусу канчатковага аналітычнага прадукту і даверу да яго, але не ўплывае прынцыпова на яго якасьць.

І таму будзе памылкай лічыць, што спэцслужбы зьбіраюць і патаемна аналізуюць зьвесткі пра ўвесь спэктар разьвіцьця беларускага грамадзтва. Наша драконаўскае заканадаўства пра дзяржаўную таямніцу, якое дазваляе практычна любому дзяржаўнаму органу аднесьці да таямніцы практычна любую інфармацыю, не хавае нічога, дакладней, захоўвае таямніцу пустаты.

РЭПРАДУКЦЫЙНЫ ВЭКТАР, ЦЭНТАР ПАШЫРЭНЬНЯ ІДЭАЛЁГІІ

У адрозьненьне ад першага, крэатыўнага кірунку ідэалягічнай працы, на ўзроўні пашырэньня ідэалёгіі ня мусіць быць творцаў - тут яна мусіць толькі ўбівацца ў галовы. Але на практыцы, дзеля супярэчлівасьці ідэалягічнай дактрыны, усё адбываецца зусім ня так. На гэтым узроўні існуе шмат магчымасьцяў пад выглядам тлумачэньня афіцыйнай ідэалягічнай дактрыны фармуляваць альтэрнатыўныя погляды на яе зьмест.

Досьвед выкладнікаў прадмету «Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы» паказвае, што гэты прадмет ёсьць суцэльная tabula rasa, матрыца, на якую выкладнік можа нанесьці ўласныя перакананьні, якімі б яны ні былі. У гэтай дысцыпліне ёсьць толькі голая форма, у якую выкладнік можа ўкласьці хоць нацыяналістычны, хоць камуністычны зьмест.

Гэткае становішча ўзмацняецца яшчэ і таму, што ўжо цяпер існуе вялікая колькасьць дапаможнікаў і мэтадычак па прадмеце, кожны (кожная) зь якіх дадае да яго нешта новае. Пазыцыя Міністэрства адукацыі, згодна зь якой выхаваўча-ідэалягічная праца мусіць «ісьці ад жыцьця», што ў кожнай галіне і ў кожнай ВНУ, разам з агульнадзяржаўным падручнікам, мусіць быць свой дапаможнік па ідэалёгіі, прывяла да парадаксальнага стану: агульнадзяржаўнага і фундамэнтальнага падручніку яшчэ няма (конкурс на яго напісаньне працягваецца), а ўнутраныя дапаможнікі ўжо існуюць і па іх ужо вядзецца выкладаньне. Некаторыя з гэтых аўтарскіх матэрыялаў ужо атрымалі асаблівы статус.

Напрыклад, дапаможнік Ядвігі Яскевіч займае асобнае месца сярод мэтадычных матэрыялаў па прадмеце, паколькі валодае статусам агульнага дапаможніка для навучальных установаў. Гэтае выданьне, пабудаванае за прынцыпам «пытаньні і адказы», бярэ за аснову гістарычны аналіз беларускай дзяржаўнасьці ды нацыянальнай ідэі і дапаўняе яго ацэнкай уладных мэханізмаў і палітычнай рызыкі. Аўтары іншых падручнікаў грунтуюцца на іншых тэарэтычных падыходах, бо праграма гэтага курсу не дае магчымасьці абаперціся на адзіна мэтадалягічна правільную дактрыну «лукашызму».

Распрацаваны курс ператварыўся ў кампэндыюм гуманітарных ведаў, у якім мала чаго засталося ад задумы галоўнага ідэоляга. Пад яго маркай, па сутнасьці, чытаецца агульнае грамадазнаўства, якому нададзены статус абавязковай дысцыпліны. Пазбавіўшы гэтую «дысцыпліну» ідэалягізаванай тэрміналёгіі (якой, зрэшты, звычайна няшмат), мы атрымаем звычайны курс агульных ведаў пра ідэалёгіі, дзяржаву, грамадзтва і асобу, не пазбаўлены навуковага плюралізму і магчымасьці навуковых спрэчак. Цяпер ува ўнівэрсытэцкіх аўдыторыях выкладаньне ідэалёгіі зводзіцца да навязваньня пэўнага стандарту мысьленьня дакладна так, як гэта робіцца падчас навучаньня паводле сыстэмы «настаўнік-вучань». Толькі ў гэтым выпадку выкладнік заўжды можа выйсьці па-за межы гэткай гульні, спаслаўшыся на тое, што ягоная выкладчыцкая пазыцыя ёсьць пазыцыяй дзяржаўнай.

Паўстае пытаньне: адсутнасьць фактычнага ідэалягічнага зьместу ў прадмеце «Ідэалёгія беларускай дзяржавы» - гэта памылка ідэолягаў-выканаўцаў альбо віртуозны крок ідэолягаў-стратэгаў? Цяпер студэнт разумее ідэалёгію ў залежнасьці ад сьветапогляду выкладніка: у лібэральнага выкладніка выкладаецца ідэалёгія лібэральная, у нацыяналіста - ідэалёгія нацыяналістычная, палітоляг чытае курс параўнальнага дасьледаваньня ідэалягічных і палітычных працэсаў у сучасным сьвеце і Беларусі. Немагчымасьць зьвесьці лукашэнкаўскую ідэалёгію да клясычных ідэалёгіяў (кансэрватызму, лібэралізму, сацыялізму) - гэта рыса ня толькі прадмету ў ВНУ, гэта рыса самога ідэалягічнага канструкту. Эклектыка, адсутнасьць цэласнасьці, заплюшчваньне вачэй на супярэчнасьці набліжае яго да пабудоваў фашыстоўскіх прапагандыстаў. Зьмест ідэалёгіі робіцца неістотным - сэнс ідэалягічнай працы ў самой ідэалягічнай працы, у насаджэньні ляяльнасьці і падпарадкаваньня любой бязглузьдзіцы, што падаецца пад выглядам ідэалёгіі беларускай дзяржавы.

Але калі людзі вызначаюць сытуацыю аднамернага і скаардынаванага ідэалягічнага прымусу як рэальную, яна робіцца рэальнай. Як кажуць кіраўнікі БРСМ, асноўнай мэтай аб'яднаўчых працэсаў у асяродзьдзі моладзевых арганізацыяў, што адбываюцца ў выглядзе пераходу ўсіх зарэгістраваных моладзевых структураў пад крыло БРСМ, зьяўляецца ідэалягічнае фармаваньне моладзі. Незалежныя аналітыкі сьцьвярджаюць нэгатыўныя наступствы пашырэньня адзінай дзяржаўнай ідэалёгіі, якой, як мы даводзілі раней, на самай справе не існуе. Пры гэтым, апрача прамоваў прэзыдэнта, як такога адзінага ідэалягічнага прадукту ня знойдзеш ані на палітінфармацыі, ані ў дапаможніках па ідэалягічнай працы: няўлоўнасьць ідэалягічнага стандарту фармуе рэальны «плюралізм адзінай дзяржаўнай ідэалёгіі». Аднак калі грамадзтва ўпэўненае, што ў ім пануе адзін стандарт думак, неўзабаве гэты стандарт сапраўды будзе сфармаваны. Людзі папросту пачнуць кіравацца той думкай, што такі стандарт ёсьць!

Гэта самы цікавы і нечаканы аспэкт ідэалягічнай працы. Пры ўсёй марнасьці навязаць грамадзтву лукашэнкаўскі сьветапогляд, пры ўсёй яго супярэчлівасьці, пры ўсіх кпінах, якія чуюць у свой адрас распаўсюднікі ідэалёгіі, - ня выключана, што іх супольнымі намаганьнямі грамадзтва ўсё ж такі падпарадкуецца ідэалягічнаму прэсынгу і пачне верыць, быццам бы сапраўды мы ўсе мысьлім аднолькава. На гэта працуе і прэзыдэнт, і службы бясьпекі, і выкладнікі, якія шчыра спрабуюць данесьці да студэнтаў базавыя гуманітарныя веды ў межах курсу ідэалёгіі, і яе незалежныя крытыкі і аналітыкі. На гэта працуе і студэнт на занятках па дзяржаўнай ідэалёгіі, і сябар «Зубра», што агітуе сукурсьнікаў выйсьці з БРСМ, і лідэр апазыцыйнай палітычнай партыі, і кіраўнік праваабарончай арганізацыі: усе, хто прызнае наяўнасьць у краіне ідэалягічнага прыгнёту, робяць яго рэальным. Прасторы рэальнага, сымбалічнага і ўяўнага зьмешваюцца, людзі ня ведаюць, што яны робяць.

На шляху пасьпяховага пашырэньня дзяржаўнай ідэалёгіі стаяць пагрозы і небясьпекі. Ці здолее створаны нашымі ідэолягамі прадукт канкураваць зь іншымі, традыцыйнымі ідэалёгіямі ўва ўмовах плюралістычнага грамадзтва? Ці ня будзе, напрыклад, сапраўдная свабода слова сьмяротным прысудам голему дзяржаўнай ідэалягічнай працы? Яе праціўнікі не імкнуцца выдумляць нейкія новыя сродкі ідэалягічнага супраціву. На іх думку, трэба адстойваць ідэалягічны плюралізм, разнастайнасьць поглядаў на шляхі разьвіцьця беларускага грамадзтва. Гэта зброя нават ня супраць «адзінай дзяржаўнай ідэалёгіі» (якая ёсьць толькі шэрагам ідэалягічных пераўвасабленьняў), а супраць ідэалягічнай працы. Няма нічога страшнага ў тым, што кіраўнік дзяржавы зьяўляецца носьбітам пэўнай ідэалёгіі, актыўна прапагандуе яе, пераконвае ў яе праўдзівасьці. Ува ўмовах ідэалягічнага плюралізму гэта звычайная зьява. У плюралістычным грамадзтве няма адзінай дзяржаўнай ідэалёгіі, але ёсьць адзіны ідэалягічны арыенцір - нацыянальны інтэрас, які разумеецца па-рознаму, але сам па сабе не аспрэчваецца. І калі перад палітыкам паўстае выбар - альбо ідэалягічны прынцып, альбо нацыянальны інтэрас - паводле натуральных законаў палітыкі ён зробіць выбар на карысьць апошняга.

Ёсьць думка, што разгортваньне ідэалягічнай кампаніі ўва ўмовах ваганьня рэйтынгу прэзыдэнта сьведчыць пра крызыс рэжыму. Асабістай харызмы Лукашэнкі ўжо нядосыць - для легітымізацыі ягонай палітыкі патрэбныя дадатковыя падпоркі ў выглядзе апарату прапагандыстаў на вытворчасьці і адмысловых адукацыйных праграмаў. Хаця яшчэ нядаўна ўсенародна абраны правадыр сьмела экспэрымэнтаваў з законамі эканомікі, прыроды і права, цяпер створанаму ім рэжыму патрэбныя ідэалягічныя мыліцы, каб раптоўнае адключэньне газу Расеяй не адключыла кісларод для кіруючай адміністрацыі. Ідэалёгія - тая іголка, якая трымае рэжым у жыцьцяздольным стане, працягваючы пакуты хворага. Адключы яе - і ён ціха сканае ў выніку дзеяньня натуральных законаў прыроды, а не бамбаваньняў «экспартэраў дэмакратыі», «ружовай рэвалюцыі» ці змовы контрэліты.

Пакуль гэтага не адбудзецца, хворы будзе патрабаваць усё большай і большай дозы гэтага наркотыку. Як у апошнія гады Беларусь спажывала ўсё болей і болей газу, так і надалей ідэалягічны прэсынг будзе павялічвацца і павялічвацца. Старой дозы ідэалягічнага дурману будзе недастаткова, каб захаваць «стабільнасьць» у грамадзтве. Ідэалёгія ўжо цяпер замяняе беларускаму грамадзтву танны расейскі газ - як мэтадон замяняе гераінаваму наркаману ягоны стары аб'ект захапленьня.

Калі гэтая сыстэма ідэалягічнай працы лясьнецца, прадказаць немагчыма, бо гэта ня проста цемрашальства, гэта свайго кшталту масавы сацыяльны псыхоз, дзякуючы якому мы жывём як у грамадзтве спэктаклю. Ясна адно: у магілу яе зьвядуць не палітычныя акцыі яе праціўнікаў, а натуральныя законы прыроды.

  (нар. у 1978 г. у Менску) - палітоляг, юрыст. Сябра рэдакцыйнай рады часопісу «Палітычная сфера».
   
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (31) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/1