Банальна вядома, што прагнозы, асабліва дэталёвыя, не спраўджваюцца, але гэта зусім не значыць, што яны не маюць сэнсу. Прагназаваць трэба, як трэба думаць, замест таго каб чакаць цудаў. У выпадку будучыні Беларусі ўяўляецца яна даволі адназначна. З падабенства сённяшняга дня, які вынікнуў з учарашняга.
Будучыню Беларусі абумоўлівае найперш яе каланіяльны лёс. Ён не мог быць суверэнным у сітуацыі арэха ў абцугах канкурэнтных між сабою імперыяў - польскай і расійскай. Гэта ідэальна паказвае моўнасць беларусаў, так сказаць, ад плоту да плоту - ад паланізацыі да русіфікацыі. Нараджэнне беларускай нацыянальнай культурнасці, хоць і мела месца ў тое ж «дзевятнаццатае стагоддзе нацыяў», засталося ў акварыумным становішчы. У беларускіх этнічных водах віравалі не тыя рыбы.
Этнічнасць кожнае нацыі ў пачатковай стадыі трымаецца на сялянстве і яго кансерватыўных структурах, надта постсярэднявечных. Але нацыястваральны працэс немагчымы без удзелу гораду, мяшчанства. Вёска - гэта індывідуалісты, якія маюць усенька сваё: хату, поле, жывёлу, калодзеж - словам, гаспадарку. Атам этнасу. Горад жа таксама гаспадарка, але адна на ўсіх у ім, праўда, у рознай ступені ўзаемазалежнасці. Пажар гораду - зусім не тое, што пажар хутару або сяла. У гараджан інстынкт арганізаванасці і ўсякія рэвалюцыі бяруцца з парыжаў, пецярбургаў - ніколі з Гуляй-Поля, якому чужая дысцыпліна, урэшце, не той патэнцыял, інтэлект. Сялянскія войны нязменна варварскія і нязменна прайграныя. Нацыі, якая ў сваім фармаванні не выйшла з вёскі, у найлепшым выпадку наканаваны лёс малых народаў Захаду (фрызы ў Нідэрландах, правансальцы ў Францыі, серба-лужычане ў Саксоніі і інш.).
Беларусы ўвайшлі ў горад не з разгорнутымі сцягамі, а цішком, пагорбленымі ад нянавісці да свайго лёсу, самаедамі, што ўцякалі з вясковага свету. Нельга гаварыць аб тым, што ў пасляваенныя гады сяляне запаланілі горад. Уцекачы нікога не запаланяюць: дзеля гэтага патрэбна самаадчуванне ўласнай каштоўнасці, роўнасці. Яшчэ ў дадзяржаўны перыяд польскімі гарадамі завалодалі літоўцы, нямецкімі - латышы і эстонцы.
Пра шпаркасць развіцця эканомікі беларускіх гарадоў у тыя часы цяжка гаварыць, калі ведаць, што ніводзін з іх - нават Менск - не быў бы ў стане раўняцца з прамысловай дынамікай павятовага тады Беластоку, што прысмактаўся да польскіх фабрычных дынастыяў. А горад, які не развіваецца, не патрабуе дадатковых, сялянскіх, рук. У Беларусі горад гістарычна стаўся чужародным і цяпер столькі тае розніцы, што чужароднасць засвоілі беларусы. Беларусь без беларускай культуры і беларускай мовы з посткаланіяльнай адміністрацыяй роднай гадоўлі змушае гаварыць пра афрыканізацыю краіны. Са штучным гербам, штучным сцягам, штучным гімнам. Ніводнаму з гэтых знакаў няма хоць аднаго стагоддзя нейкай традыцыі. Ну, паўстагоддзя. Беларусь не можа квітнець, застаючыся перыферыяй (усё роўна чаго). Трэба думаць, што з гэтага яна няхутка выйдзе. Справа ў тым, што ў моц тэхналагічных рэвалюцыяў ужо нікому не акупляецца мець каланіяльныя тэрыторыі, якія давалі метраполіям сыравіну ды працоўную сілу. Калоніі перасталі даваць даход, што першымі зразумелі ангельцы, апошнімі - партугальцы. Сённяшнім часам, каб падвоіць вытворчасць, не трэба падвойваць лічбу работнікаў і караблямі ці эшалонамі вазіць сыравіну. Савецкі Саюз прапаў не з фанабэрыі Ельцына, а заваліўся пад цяжарам шматлікіх унутраных калоніяў; адчапіўшыся ад іх, Расія ў будучыні рушыць шпаркімі тэмпамі да сусветнага лідэрства. Беларусь пакінута жыць на ўласны рахунак. Не будзе яна бзыкаць каля расійскай «катлеткі». А кыш!
Беларусь будзе выходзіць з перыферыйнасці вельмі доўга. Прычынаў таго складзецца некалькі, і кожная блізкая галоўнасці. Найперш, каланіяльная метраполія заўсёды ў лепшай сітуацыі ад некалі залежнай ад яе тэрыторыі. Расія з Масквою, аднак, сама паўкалонія - жыве з продажы нафты ды газу, замест гатовых тавараў. Традыцыйна завозіць заходнія тэхналогіі, якія дорага каштуюць і вымагаюць высокакваліфікаваных кадраў замест Ванькі-п'яніцы. Акрамя выдаткаў на новыя тэхналогіі, трэба яшчэ часу на іх засваенне, а затым умець канкураваць з іншымі за рынкі збыту. Пакаленні прамінуць, пакуль тое збудзецца. Таму арыентацыя Беларусі на расійскія рынкі ўяўляецца просьбаю ўнука аб кавалку пірага ад бабулі. Расейцы калісь перастануць купляць беларускія тавары, як тую бульбу, якая пецярбуржцам падалася паршывай і менш смачнай за чысценькую ды гладкую нямецкую з Брандэнбургіі. І, што галоўнае, не даражэйшую. Капіталізм тым адрозніваецца ад камунізму, што ваюе змяншэннем цэнаў, каб выперці канкурэнта за дзверы. У камунізме ж ніхто не дурыў сабе галавы барацьбою за ласку кліента. Было: пошел вон!
Выходжанне Беларусі з перыферыйнасці абумовіць і нястача сродкаў на мадэрнізацыю вытворчага патэнцыялу, які немінуча апускаецца ў стагнацыйную архаічнасць. Не можа быць іначай ва ўмовах ізаляванасці ад эканамічных цэнтраў Еўропы, а сама арыентацыя выключна на Расію надта каратканогая з той простай прычыны, што тая ж Расія прэзентуе сабою тэхналагічны Трэці Свет, яе тавары тапорныя на цывільныя патрэбы. Яна, праўда, мае чым плаціць - газам і нафтаю - за прывоз сучасных тэхналогіяў, што зусім не значыць, што пачне дзяліцца імі з Беларусяй. Няма такое дзяржавы ў свеце, што працуе на іншую, на суседку. Усё падлічана, і нічога бясплатна. Небагатага асартыменту беларускім таварам блізкія характарыстыкі «дорага і кепска». Машыны без гарантыі шматгадовай безаварыйнасці - скажам, васьмігадовай, як у японцаў.
Беручы пад увагу той факт, што ўдзел Расіі ў глабальным таваразвароце складае каля двух працэнтаў, а з Захадам - тры чвэрці аднаго працэнта, быццам курам на смех, не даводзіцца ўсур'ёз разважаць наконт беларускага следу ў сусветнай эканоміцы. Выйсце з маргінальнасці адно: прыцягненне замежных інвестараў, найлепей заходніх або амерыканскіх. Аднак не відаць добрых дзядзькоў з мяшком долараў на спажыву бандытаватым фінансавым службам, здольным каўкнуць які хочаш капітал, уключна з бюджэтам ЗША. Адзін прэзідэнт Пуцін шчыра прызнаўся ў мізэрнасці расійскага дзяржаўнага бюджэту - роўнага бюджэту мікраскапічных Нідэрландаў або лонданскага мегаполісу. Колькі капіталу ў менскіх сховах, не варта даходзіць. Што можа мець калонія з комплексам сірочасці, якая не мае адвагі і жадання стаць самастойнай? Усё роўна што жарт гучаць дэкларацыі палітычнага Менску пра выпрацоўку заходняй палітыкі. Няўжо Захад такі наіўны, каб паверыць савецкаму слову? Няма там такіх дурняў, што адразу рынуцца ў Беларусь пад сталінскім, чырвона-зялёным сцягам, бы па легендарнае залатое руно. Нават суседняя Польшча наракае, што багатая Еўропа ўсё баіцца яе. Яе калдобістых дарогаў, недысцыплінаванасці, хабарніцтва аднізу даверху, сацыялістычнага рабочага класа, што надалей вызнае прынцып «мала працаваць, многа браць». Беларусь не ў стане ператварыцца прынамсі ў трамплін дзеля пераскоку на гіганцкі расійскі рынак; лукашэнкаўцы падаткамі задушаць, бы таго аўстрыяка, што ледзь з духам выбраўся адсюль дамоў і столькі тае карысці дабіўся пасля, што сваё «хождение по мукам» апісаў у тоўстай кнізе, даходна прадаючы яе ў кнігарнях.
Маецца ўражанне, што Беларусь сапраўды не жадае пайсці за цывілізаваным светам; ёй дастаткова «шкваркі і чаркі», шчасця калгасніка.
Сур'ёзным ментальным бар'ерам бачыцца і псіхалогія асады ў беларусаў, шпіёнаманія, быццам шпіёнам цікава шпіёніць у замурзанай Задрыпоніі. А яшчэ тая закаханасць у прасцяцтве ды галотнасці. Памятаюцца кінакарціны «Мосфильма» пра бальшавікоў і «белых». Не знаходзілася такога ў нашай вучнёўскай сябрыне, хто марыў прыпадобніцца пад камісара або Чапаева; гідзілі нас сваімі трантамі ды безразумнасцю. Кожнаму хацелася быць белагвардзейскім паручнікам - чыстым, добра апранутым, лагічным, фігурна прыгожым. Як разумею савецкі менталітэт, акуратнасць павінна была кампраметаваць Белую Армію. Скутак быў жа адваротны тут, на Беласточчыне, што мала зазнала чырванасцяжнай басоты ды амаральнасці. Саветаў мы сардэчна не любілі за іх непашану да чалавека, алкагалізм, зладзейскія рукі, ашуканства. Пісаў некалі Шаляпін: «Они всё лгут, когда надо и когда не надо». Такая прырода іхняга характару: не могуць дня пражыць, не абдурыўшы каго. Улада Вялікага Хама. Камічна мець жаль да ваўка, што ён воўк.
Шлях Беларусі да нармальнасці мусім мераць не гадамі, а пакаленнямі. Пэўна біблейскай меркаю, чакаючы народзінаў дзяцей, не пакалечаных псіхічна рабскімі атавізмамі бацькоў. Паміж канцом паншчыны і пачаткам саветчыны прамінула ўсё ж няшмат гадоў; ад панскага бізуна адбегліся - куды? Беларусы любяць служыць камусьці, няпроста ім будзе пазбыцца таго парабкоўства. У гэткіх абставінах Лукашэнка выконвае трагічна-камічную ролю, сам аб тым не ведаючы: што ні кажы, а першы ён у навейшыя часы ўласнік Беларусі, хоць аж дрыжыць дастацца на службу ў Крамлі. Вось іронія лёсу: не бяруць, хоць ты крычы! Нічога, што васал, але ўласнік дзяржавы, не прысланы губернатар ці колішні першы сакратар рэспубліканскага ЦК. Усё часцей чуем пра «страну», не «республику». Хто калі за савецкімі часамі назваў Беларусь «страною»? Сімптаматычна? Безумоўна! Сімптомы, як бактэрыі: спачатку не кідаюцца ў вочы.
Польскі пралетарскі Валенса казаў: «Не хачу быць прэзідэнтам краіны, але мушу...» Пра Крэмль не марыў.
Думаючы пра заўтрашнюю Беларусь, прыгледзімся да прыроды самое ўлады сённяшняй Рэспублікі Беларусь. Незалежнасць прыйшла сюды ў камедыйным стылі. Распаўся Савецкі Саюз, усе наўкола парабіліся незалежнымі, палітычны Менск заліўся слязьмі сіраты. Беларуская незалежнасць - гэта сірочая незалежнасць. Не хочам, але мусім. Кленчым перад Масквою, але яна - Божа мой! - шпарыць ботам між вачэй ды сыпле ябукамі ў наш бок. Таго ніхто ў нас не спадзяваўся, узвычаіўшыся ўсё пад кагосьці лягаць. Такою была наша доля і гісторыя.
За першапачатковую незалежнасць Рэспублікі Беларусь каб хоць адзін хто наклаў галавою або, як мінімум, пасядзеў у вязніцы і дастаў па зубах на КДБоўскіх допытах. Існавала літаральна жменька «шептунов», якіх ужо цяжка было зразумець, бо размаўлялі яны «нечеловеческим языком», г. зн. па-беларуску. Іх на ўсю Беларусь кадэбоўцы налічылі сем чалавек, надта заядлых, нават кахаліся яны з жанчынамі на беларускай мове. «Тихий ужас!»
Не змянілася тое і цяпер. Трохі да лепшага хінулася псіха-грамадскае становішча беларушчыны ў тым значэнні, што беларускае слова як быццам сакралізаванае, зрабілася яно літургічным, святочным, бы ў папоў царкоўна-славянская ў маскоўскай рэдакцыі, не кірыла-мяфодзеўскай. У беларусаў сённячы дзве мовы: «общепонятный язык» і «национальный», шыльдавы. Цацка дарослым дзецям. Я доўга не мог сцяміць, чаму гарачыя беларускія патрыёты вельмі неахвоча запрашаюць на вечар у свой дом пагутарыць. Здагадваўся, што не маюць чым пачаставаць, хоць да бедных непадобныя... Урэшце зразумеў: у іх сем'ях гудзе «великий и могучий». Я не супроць яго, а супроць выкідвання беларускай мовы на сметнік. Супроць махлярства я, супроць двухаблічнасці, цванства. Я ім усё роўна што дурань. Хочаш, дурню, беларускай мовы, то я табе ствару гэткую прыемнасць; дома, з жонкаю і дзяцьмі, я «вполне нормальный человек».
Апошні шанс дэрусіфікаваць беларусаў прамінуў адначасна з упадкам Шушкевіча. Яшчэ жыло пакаленне, якому беларускае слова не ўяўлялася дзівацтвам, чымсьці лішнім, інтэлігенцкай фанабэрыяй. Аднаўлялася школьніцтва і кнігадрукаванне. Меліся кадры, здольныя жыць па-беларуску. Я тады часта ездзіў у Менск, мяне шмат хто ненавідзеў, але «понимал». А цяпер - у Менску няма нянавісці да мовы, яе проста перастаюць разумець. Крыху так, як я не злуюся на цыгана, бо я яго - звычайна - не разумею, ягонай рускай мовы, быццам у чачэнца...
Беларускі нацыяналізм - гэта выдумка маскоўскіх «господ» і варшаўскіх яснавяльможных паноў. Ці магчымы нацыяналізм нацыі, якой не існуе? Бо беларускай нацыі практычна няма; яна ўсё фармавалася, накшталт неграў Конга, і гэты працэс быў перапынены ў другой палове дзевяностых гадоў. Прысутнасць эліты - толькі ўсяго перадумова ўзнікнення нацыі. Акрамя нацыянальнага нацыяналізму, навука ведае і эканамічны. Ён, другі, праўда, ёсць у Беларусі, аднак слабенькі (даволі было б аднаго батальёна дэсантнікаў, каб на працягу летняе ночы ліквідаваць яго яшчэ да ўсходу сонца). Паўжартам кажучы: самі тыя нацыяналісты гатовы былі б падняць рукі ўгору і пакрыць кошт такога дэсанту, слёзна дзякуючы за вызваленне ад пакут незалежнасці...
Уладныя кадры і не кампрадорскія. Яны безнадзейна савецкія, задаволеныя, што аб'явіўся пан над імі. Мужыкі, якія не так, як нам цяпер здаецца, пакутавалі ад прыгону, бо па ліквідацыі паншчыны плакалі: «А як жыцьмем без пана?!» Прыгон навучыў нас бесталковасці і гультайству; рабілі тое, да чаго цівун пагнаў, і нічога з сваёй ініцыятывы. Паны трактавалі мужыкоў як вялікіх дзяцей. Тадышнія даследаванні паказвалі, што сярэдні ўзровень інтэлекту «дзецюка» (слоўца Каліноўскага) не перавышаў узроўню чатырнаццацігадовага хлопчыка; дзяўчынкі затрымліваліся ў сваім псіхічным развіцці на дванаццатым годзе жыцця.
У менскіх развагах пра сутнасць характару цяперашніх беларусаў шчырасць і не начавала - татальная ілюзія. Кажуць - ёсць праблема з беларускамоўем. Катастрофу яго знікнення называюць праблемаю. Адзін Акудовіч не баіцца праўды. Беларускамоўе спляжылі разам працоўны люд і родная ўлада; уцалеў дробны архіпелаг жывое нацыянальнае мовы. Ян Максімюк з Прагі кажа, што беларускае слова выратуецца як эстэтычная катэгорыя, галоўным чынам у літаратуры. Здалёку лепей відаць. Дакладна спраўджваецца гэта Максімюковае адкрыццё менавіта ў літаратуры, у якой усё вартаснае ствараецца па-беларуску, не па-расійску. Дзіва дзіўнае: у расійскамоўнай нацыі мастацкае слова беларускамоўнага радаводу. Прычына таго нават дэбілу павінна быць зразумелая: геній літаратуры беларусаў рэалізаваўся ў іх этнічным моўі. Нельга шукаць аналогіі ў ірландцаў, шатландцаў - ім ангельшчына даўным-даўно родная.
Як доўга пратрымаецца беларускамоўная літаратура небеларускамоўнага народу? Які самаліквідоўвае апошнія школы; бо ні вышэйшых, ні сярэдніх ужо няма, усяго знікаючы адсотак вясковых, калгасных. Адсутнічае русіфікацыя, буяе самарусіфікацыя. Анклаў шчырых беларусаў у беластоцкім краі пагоды не зменіць, пераўтворыцца ў новую беларускую нацыю Еўропы, Еўразвязу. Так будзе. Якіх чорных сноў трэба, каб прыснілася, што палякі не намагаюцца размаўляць па-польску, а літоўцы па-літоўску. А вось беларусы намагліся - са стопрацэнтным вынікам (ну, хай 98). Тыя, што ў перапісе падалі роднай мовай беларускую - нешта каля 40 працэнтаў - мелі на ўвазе, відаць, сваё моўнае паходжанне, не будзённую практыку. Прэзідэнт Лукашэнка можа спакойна рэалізаваць будаўніцтва расейскамоўнае Рэспублікі. Па-беларуску ён не загаворыць, бо да каго (?). Выйдзі на вуліцу і паслухай, «какая народная молва плещется на тротуарах и бульварах».
Чаму мы трактуем лукашэнкаўцаў як дурняў?! Яны ж савецкія людзі, ім Беларусь уяўляецца фрагментам вялікае зямлі ад Берасця да Сахаліна, а не святой Бацькаўшчынай. Іхныя ўнукі адчуюць тут айчыну сабе, не раней. Рэспубліку Беларусь абараняюць не таму, што патрыёты, але таму, што расіяне нічога ім не гарантуюць. Гэта патрыёты са страху, з боязі за кавалак хлеба. І не больш. Калі б былі яны патрыётамі з беларускай культурай у душы, тады і не падумалася б ім, каб душыць беларушчыну, рваць на шматкі нацыянальны сцяг.
Дурманімся перакананасцю, што зніштожаную мову магчыма аднавіць, быццам зруйнаваны будынак адбудаваць. Гэта - або дурнота, або самаашуканства. Мовы, пахаваныя ў магілу, не ўваскрасаюць, няма такога прыкладу ў свеце (акрамя ізраільскага). Шмат якія былі ў занядбанні, скажам чэшская, але не затаптаныя так, як беларуская сёння, што нават вёска ўжо не гаворыць на ёй; ажно смешна слухаць пра яе дыялекты, след ад іх прастыне праз гадоў дзесяць. Будзем гартаць атласы былых дыялектаў былое мовы.
Ужо падрастаюць аўтары расійскамоўнай літаратуры расійскамоўнай Беларусі. Будзе гэта даволі нерасійская расійская мова пісьма і гутаркі. Трохі па аналогіі ангельскіх моваў (англа-амерыканскай, англа-аўстралійскай, англа-ірландскай, і да т. п.). Будзе расійска-беларуская; яна ёсць пакуль зародкава.
Пытанне мовы і будаванай на яе фундаментах культуры бачыцца вырашальным у прагназаванні будучыні. Русіфікацыя раўназначная перыферыйнасці, яна раўняецца страце этнічнага эпіцэнтру, прасоўванню на далёкія кругі іншага, не свайго. Кожны акупант імкнецца асіміляваць акупаванага, што трывала замацоўвае акупацыю, якая з часам - дзякуючы той жа асіміляцыі - засвойваецца ды «адчужыньваецца».
Недэрусіфікаваная Беларусь застанецца на векі вечныя кавалкам большае цэласці. А ўсякі кавалак - гэта толькі кавалак, без унутранае энергіі, - на падабенства ампутаванае рукі. Істоту нацыянальнай ідэі можна коратка дэфініяваць імкненнем да лепшага жыцця. Апазіцыя да чужароднае эсплуатацыі. Нежаданне працаваць на этнічнага суседа. Такое рэагаванне немагчымае ў класічнай калоніі. Яна заўсёды шчаслівая таму, што каланізатар паляпшае яе быт, ствараючы сабе такім чынам зручнейшыя ўмовы эксплуатацыі. Калоніі, далучаныя да цывілізацыі, не вызваляюцца, іх пакідаюць, нярэдка ў выніку барацьбы паміж канкурэнтнымі метраполіямі (не ўзніклі б ЗША без зацікаўленасці ў тым антыангельскае Францыі, яе мілітарнай дапамогі). Славутая дэкаланізацыя адбылася зусім не таму, што за савецкія грошы дзейнічала хаатычная ды паўбандыцкая партызанка. Куды мацнейшую арабска-алжырскую калонію французы разнеслі на шматкі і затым прызналі Алжыру незалежнасць. У чым справа? Калі чаго не цямім, дык уся справа ў грошах. Калоніі, замест прыносіць даход, сталіся дэфіцытнымі. Змянілася сусветная эканоміка, тэхналагічныя рэвалюцыі выразна паменшылі попыт на сыравіну і разам з тым - на новыя арміі працоўных рук. Характэрна, што калоніяў пазбыліся найперш развітыя імперыялізмы Захаду - Англія, Францыя. Заўзята не выпускала са сваіх кіпцюроў афрыканскія калоніі адсталая Партугалія, гэтак жа Іспанія ў прыатлантычным берагоўі Чорнага Кантыненту. Развал Савецкага Саюзу, як ужо ведаем, не быў выкліканы нейкімі варожымі падкопамі, зваліўся расійскі каланіялізм, якога сама Расія ўжо не вытрымлівала. Цяпер расійскія палітыкі кажуць, што Расія ў СССР уяўляла сабою «дойную карову». Няхай, але хто прасіў Расію падстаўляць вымя?! Займаць кантынент?! Бо Расія не развівалася, яна жыла заваёвамі, анексіямі, дзяржымордствам. Безупыннымі войнамі, быццам чалавецтва заелася спляжыць Расійскую Старану... Усё тое - байкі старым дзецям. Расія за савецкімі часамі пачала перажываць мілітарысцкі «бум», усякія «магнітагорскі», і сама, як тая мацёра, прысмактала да сваіх цыцак розных «черножопых».
Беларусь расійцы кінулі, бы п'яніцы надакучную бабу. Памятаюцца дзевяностыя гады, Расія Ельцына, дрыжачыя дзень і ноч беларускія патрыёты, што па сваёй марнай адукаванасці баяліся крамлёўскага анексіянізму. Яны думалі на ўзроўні мінулых часоў - «брать и не пущать». Гэта праўда, што расійцы не лічаць нас нацыяй, беларуская мова ім - заходні дыялект («трасянка» фактычна нешта такое нагадвае). Шумела-гудзела інтэгратарская лапатня, хоць ужо тады было вядома, што інкарпарацыя беларускай эканомікі каштавала б Расіі не менш чым сто мільярдаў даляраў. Тых мільярдаў Расія не мела і не будзе мець у рэальным даляглядзе. Узваліўшы на плечы Беларусь, расійскія ўлады былі б прымушаныя спыніць усё - каўказскія войны, капіталізацыю, а народ карміць травою. Нагадайма: фінансавы патэнцыял усёй Федэрацыі роўны нідэрландскаму; павятовы Сінгапур у параўнанні з Расіяй - гэта сапраўдная імперыя ў першай дзесятцы краінаў зямное кулі.
Ці Аляксандр Рыгоравіч не ведае аб тым? Ведае не горш за Ўладзіміра Ўладзіміравіча. Той і той, аднак, разлічваюць на непісьменнасць электаратаў, хоць гэты палкоўнік КДБ і нядаўні шпіён у Еўропе несумненна лепей інфармаваны, чымся гэтак жа нядаўні дырэктар саўгасу. Усё ж не тыя кабінеты і не тая інтэлігентнасць. Мужык да смерці мужык.
Аглядныя будучыні англафонскіх рэспублік Афрыкі і русафонскай Беларусі цалкам непараўнальныя. Англафоны азіраюцца на глабальных багатыроў, перш за ўсё на ЗША, а на каго азіраюцца русафоны? На расійскамоўны Трэці Свет. На Расію, прэзідэнт якой клянецца ў 2004 годзе пачаць змаганне з голадам і холадам грамадзянаў, дзяржава якіх захоўвае ў сваіх нетрах цэлую табліцу Мендзялеева, пачынаючы ад жалеза і вугалю. З кім гэта Лукашэнка намерваецца разбагацець? Хлеба не пабольшае ад арышту алігархаў. Не народныя масы разгортваюць гаспадарку: яны не думаюць катэгорыямі дзяржавы, думаюць жыватом, катэгорыямі стала і пасцелі. У слаўленай Амерыцы ўсяго дзесяць працэнтаў насельніцтва марыць аб уласным бізнэсе. Дзевяноста - жадае васьмігадзіннага працоўнага дня, хатняга зацішку, прыгожай жонкі і разумных дзяцей, водпускаў на карыбскіх астравах. Бізнэс - гэта не жарты, несціханы роздум аб тым, што і як рабіць, неспакойныя сны і ранні інфаркт, ракавы гуз у мазгах. Лепей наняцца за добрыя грошы, чым самому сушыць галаву. Вялікія грошы - гэта і вялізныя выдаткаванні. Заходнія дзяржавы не займаюцца ашчасліўленнем народу, не лезуць у гаспадарку, дзяруць падаткі на эфектыўную паліцыю, лагічнае заканадаўства, не бандытаваную адміністрацыю. У іх настаўнік пачатковае школы зарабляе больш, чым паліцыянт. Ленін пісаў: паліцэйская дзяржава - гэта такая дзяржава, у якой паліцыянт дастае больш грошай, чымся настаўнік. Ну як тут не пагадзіцца з Уладзімірам Ільічом!
Без нацыянальнай культуры дзяржаву чакае выраджэнне. Без нацыянальных настаўнікаў няма нацыі. Калі няма гэтых дзвюх рэчаў, дык няма аб чым гаварыць. Пустэча! Рэспубліку Беларусь празываюць у Маскве «случайным государством». На жаль, у гэткай зласлівасці знаходзіцца зерне ісціны. Падобнае на Сізіфаву працу штурханне Беларусі на гару расійшчыны; яна з тае гары пакоціцца ў протхлань. Нізавы пажар - паводле Янкі Брыля, - што выпальвае да галавешак беларускасць школаў, наогул асветы, некалі загасне ды апустыніць Беларускую Зямлю. Што на ёй застанецца? Цень расійскага суседа, але сам ён не захоча прыйсці сюды жыць; пажарышча смярдзіць, на ім швэндаюцца чалавечыя недабойкі, недарэкі. Чаго нармальнаму народу хадзіць у ненармальны? Не кожны цікавіцца мутантамі.
Кажуць - нігілізм. Напэўна. Нігілізм ёсць ідэяй гультаёў. Спадзяваннем на гатовае. На чужы стол. Калі табе кепска ў Беларусі, дык з'язджай у Расію. Ага, не прымаюць. Ніхто цябе там не чакае. Нікому ты не патрэбны даўжэй за гасцяванне. Нашто каму ты, калі сваіх поўна!? У гэтым увесь абсурд т. зв. інтэграцыі - лезці на чужое. Не абсурд, махлярства!
Рэспубліка Беларусь ёсць не нацыянальнай дзяржавай, а сацыяльнай. Дастаткова паслухаць яе прэзідэнта ды ягоных губернатараў. Яны жывуць у мінулым свеце Савецкага Саюзу. Гэта парэшткі былога савецкага народу. Часамі Лукашэнка карыстаецца словам «нацыя», але не зусім вядома, як ён яго разумее. Ні трохі не турбуецца высыханнем беларушчыны. Не ўздрыганулася яму рука разагнаць адзіную ў Беларусі сярэднюю школу, у якой вучняў навучалі на беларускай мове. Не дапушчана да стварэння беларускамоўнага ўніверсітэту. У сацыяльнай дзяржаве нацыянальнага аспекту не існуе. У ёй няма гуманнага чалавека-грамадзяніна, дамінуе эканамічны чалавек. Чалавек-жывот, страўны тракт замест сэрца, якое не болей чым помпа, што ганяе кроў па арганізме.
Сацыяльныя дзяржавы вядомыя ў гісторыі. Узначаленыя зверападобнымі, часта непісьменнымі тыранамі, яны занепадалі, не пакідаючы пасля сябе нічога, вартага ўвагі наступных пакаленняў. Калі ў XIX стагоддзі паўстала Італія як аб'яднаная дзяржава, адзін з яе айцоў сказаў: «Мы ўжо стварылі Італію, цяпер трэба стварыць італьянцаў». Аналагічнымі думкамі не дураць сабе галавы лукашэнкаўцы. Беларусь як хворы чалавек Еўропы павінна выклікаць інтарэс псіхіятрычнай навукі. Пішуцца, пэўна, дактараты на гэтую тэму... Унікальную, з перспектывай на эпахальнае адкрыццё новае хваробы, быццам азіяцкага «птушынага грыпу».
Несціхана баліць мне трактоўка нацыянальнай мовы, гэтага адзення душы беларускай. Калгасны хамут з універсітэцкім дыпломам у кішэні плюецца на яе. Салжаніцын увёў у расійскую мову паняцце «образованщина» ў супрацьлегласць да «интеллигенция». Што і казаць, цэльнае разрозненне на людзей інтэлігентных і на людзей толькі адукаваных, адпаведна падрыхтаваных вінцікаў у дзяржаўна-грамадскай машыне. Інтэлігентам быць - неабавязкова быць дыпламантам. У інтэлігента ёсць пачуццё місіі, чаго не наглядаецца ў «образованного», прафесійнага абмежаванца.
Бліжэйшая будучыня Беларусі - гэта тэрытарыяльнае ўтварэнне з няяснай дзяржаўнай атрыбутыкай. Надакучліва падкрэсліваецца не «беларускі народ», але «народы Беларусі». Акцэнтуецца тэрытарыяльнасць кшталту «народы Сібіры». Беларусь - шматнацыянальны рэгіён Расіі, у якім усе 123 нацыянальнасці накрылі каўпаком русіфікацыі? А дзе ж тытульная нацыя!? Яна самазніштажаецца ў прыклад тым 123-м. Чорная старагрэцкая трагедыя.
Акварызацыя культур. Вось акварыум, у якім плаваюць беларускія рыбкі. А там вось - польскія, татарскія, украінскія і г. д. Няма акварыуму з расійскімі рыбкамі, бо расійскамоўным наведнікам гэта аказалася б нецікавым і нават незразумелым: авечкагадоўцу не патрэбен музей авечкі. А была ж даваенная БССР з чатырма дзяржаўнымі мовамі: беларускай, расійскай, польскай, жыдоўскай. Як у Швейцарыі, таксама з чатырма, але ад вякоў (зірніце ў энцыклапедыю, у расійскую, не вельмі нахабна змахляваную).
Чаму мы пазбягаем аб'ектыўнай інфармацыі? Савецкі гэта навык - успрымаць жаданае за рэальнае. «Мировоззрение лгуна». Махляр на махляры і махляром паганяе! Анклаў пустадомкаў; еўрапейскі ўнікаліум. Хоць ты экскурсіі вадзі. Найлепей немцаў, бо добра плацяць.
Наймацнейшае падазрэнне выклікае заядлае пляжанне беларушчыны, спіхванне яе ў фальклорнасць. Музеефікацыя! Няслушна, аднак, бачыць у гэтым «руку Москвы». Тым часам прычына такое нянавісці да нацыянальнае культуры ляжыць на паверхні: расійскамоўнаму народу, загледжанаму ў маскоўскае азіяцтва, беларуская нацыянальная культура проста па сваёй натуры чужая, бо ўся яна менавіта еўрапейская. Успомнім элементарную яе гісторыю, хаця б таго Францішка Скарыну - заходнееўрапейскага доктара навук. Або Сімяона Полацкага, што даў маскоўцам уяву культурнасці, смак вершу, літаратуры, навучыў дапятроўскіх Раманавых лаціне ды польскай мове (Пётр І, рэфарматар Расіі, свабодна ёю паслугоўваўся, а яго сястра нават пісала польскія вершыкі).
Чаму якраз мова смяротна прыдушаная, не этнаграфія?! Граматыка кожнай нацыянальнай мовы - гэта асобая філасофія чалавечага сусвету. Ліквідацыя беларускай мовы раўназначная ліквідацыі беларускага светаўспрымання на карысць расійскага светаўспрымання. Расійскамоўны беларус - гэта ўжо падгатунак расійскай нацыі, расійскіх адносінаў да суседзяў, да Еўропы, да ўсяе зямное кулі. Гэта як афранцужаная маці Пушкіна, што секла сына розгамі за гаварэнне па-расійску (набраўся Саша тае заразы ад нянькі, якую любіў да смерці, словам паэзіі не згадаўшы пра родную маці). Беларусь мела родную мову, выраклася яе існа ў Багдановічаўскім стылі геніяльнай «Пагоні», пакінуўшы на кпіну архіпелагі беларускамоўя, экзотыку інцыдэнтальнага беларускамоўя на праспектах Менска. Гэта ўжо мова інцыдэнту, сенсацыі сярод прадаўшчыц ды таксістаў, быццам ты азваўся да іх па-французску, па-ангельску. Сенсацыйнасць беларускамоўя засмучае, ва ўнівермагу прадаўшчыца вылупліваецца на цябе, быццам угледзела нейкую дзівосу перад сабою, нават паспачувае, што не даеш рады загаварыць да яе «человеческим языком». Такая аўра, грамадская аўра, вакол канстытуцыйна першай дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.
Пімен Панчанка не жартаваў, называючы беларусаў адрачэнцамі.
Якія ж перспектывы ў адрачэнцаў з псіхалогіяй калекаў? Адрачэнец - гэта чалавек, які ганьбуе самім сабою са спадзевам, што камусьці тое даспадобы. Натура парабка ў панскім двары або курвы заможнага каханка. Нявера ў сваю дастойнасць, сваю волю. Яны не грамадзяне, а насельніцтва. Каб быць «грамадзянамі Беларусі», да гэтага трэба дарасці. Грамадзянінам, як і героем, ніхто не нараджаецца. Ім стаюцца. Дзяржава, якая не зацікаўлена ў выхаванні людзей на грамадзянаў, - гэта не дзяржава. Гэта ўсяго толькі адміністрацыя ды паліцэйскі ўчастак. Яна сама пад сабою капае яму. Неўкаранелую, змяце яе стыхія падзей.
Ну што зможа краіна такіх людзей? У іх сэрцах пуста, жывуць яны з інерцыі, «абы ціха». У стаячай вадзе хіба што жабы водзяцца... З апалонікамі. Сонны двор. Людзі-кастраты. Няхай і чорны прагноз ім таксама без сэнсу. Падзеі ў мужыцкай рэспубліцы захопліваюць не болей, чым рэха падзей наўкола яе. Інтэграцыя з Расіяй нудзіць Расію. Ба, палохае. Славянскае адзінства недадумкаў, якія не падазраюць, што кожны трэці грамадзянін Расіі не ёсць славянінам або хаця б праваслаўнае веры. Славянскае адзінства - смяротны ўдар па Расіі! І мы з чымсьці такім лезем у інтэлігентны Крэмль, да патрыярха, самі маючы мільёны католікаў і пратэстантаў. Гэта ж трэба з глузду з'ехаць!
Дурная палітыка бесперспектыўная, хоць можа праводзіцца доўга. Сталін дзесяткамі мільёнаў забіваў - і нічога, дажыў да старасці. Гітлер з падобным генацыдам немцаў не пратрымаўся б і аднаго году. Што магчымае ў Азіі, абсалютна немагчымае ў Еўропе. Фашыста Мусаліні скінулі самі фашысты. Сталіна давялося атруціць, а самога атрутніка на ўсякі выпадак расстралялі без суду і следства. У стылі Чынгіз-хана, з той розніцай, што цяпер не садзяць на кол.
Запынімся пры пагардзе расійскамоўных да беларускамоўных. Яна ўжо часцей ціхая, не такая адкрытая, як пару гадоў назад. Давайце ўдумаемся, што значыць «говорить человеческим языком». Гэта значыць, што беларуская мова ёсць моваю першабытных дзікуноў. Тэрмін «человеческий язык» сустракаецца выключна ў Беларусі і нідзе больш у сучасным свеце. Ён займальны тым, што характарызуе бездань проста гідлівасці да чалавека нерасійскай мовы. Па-ленінску кажучы, нерасіянін, які стаў расійцам, страшнейшы за расійскага шавініста! У такога заалагічная нянавісць да нерасійцаў. Расіянін ён на дзвесце працэнтаў! Папраўдзе, у яго нянавісць да самога сябе, да ўласнага радаводу. Неафітызм спалучаны з новафанатызмам. Не дай Бог, каб халоп царом стаў!
Чым закончыцца вайна супроць беларускай культуры, «борьба за обрусение края»? Вядома, бліскучай перамогай; яна ўжо відаць. Як і пытанне - а што будзе далей? Зруйнаванне нацыі, расійскае гуляй-поле, касацыя беларускай прысутнасці ў чалавецтве. Беларуская эканоміка як частка расійскай, інтэгральная частка без свядомасці карэнных інтарэсаў; нават не калонія. Незаўважная тэрыторыя на прасцягу ад Бугу да Ціхага акіяну. Смешна прагназаваць будучыню гэтае тэрыторыі, пра якую будуць ведаць толькі географы. Думаеце, расійскамоўныя выедуць у Расію на багацейшы хлеб? Нікуды яны не павыязджаюць, нікому не будуць патрэбнымі, будуць галадаць і плакаць па бяздумна страчанай бацькаўшчыне; па-за сваёй дзяржаваю чалавек усюды лішні. Пойдуць следам за англамоўнымі ірландцамі, што зненавідзілі ангельцаў і паднялі антыангельскія паўстанні, размаўляючы трохі горш за ангельцаў па-ангельску (бо на сваёй мове ім язык не варочаўся). Дабіўшыся незалежнасці, аднак жа, не зажылі лепей: адзін ангелец, выбраўшыся наведаць Рэспубліку Ірландыю, вывучыў ірландскую мову, чым прыкра здзівіў потым ірландцаў. Аналагічна - калі паляк з Варшавы гаворыць у Менску па-беларуску, то гэта ненармальны асобень або мінулавечны дыверсант і шпіён. Так ці сяк ідыёт!
Што ні кажучы пра Беларусь, непазбежна загаворым пра яе безамбітнасць, неганаровасць. Драма ў тым, што гэта датычыць не аднаго простанароддзя, але ўсіх і ўсяго; выключэнні тут без грамадскага значэння, адзінкі. Разумею, чаму так. Але як жа цяжка бачыць будучыню краіне, якая баіцца будучыні. Бо тое, што мае яна, цалкам задавальняе яе. Гістарычна Беларусь разгортвалася, дастаючы поўху ад суседзяў. Славутае «абы ціха» ўзялося адтуль, а яшчэ і ад генацыду ў семнаццатым стагоддзі, у васемнаццатым, у дзевятнаццатым, і ў дваццатым з яго мільённымі ахвярамі. Першымі гінуць зусім не дурні.
Расійскамоўе - гэта катастрофа Беларусі. Невыпадкова беларускамоўнымі - самыя энергічныя, самыя інтэлігентныя індывіды. Мала за тое: стацца беларускамоўным патрабуе адчайнасці, а каму хочацца тае адчайнасці?! Выгадней плыць з плынню, нават рукамі памагаць не мус. У знакамітай кнізе Ільфа і Пятрова згадваецца транспарант: «Спасение утопающих - это дело рук самих утопающих». Хочаце пагібелі? Калі ласка!
Будучыня нацыі - ва ўласнай эканоміцы найперш. Калі нам і сёння жадаецца ў першую чаргу «людзьмі звацца» - корань самарусіфікацыі! - дык прычына таго культурнага абарыгенства - у галадушнай эканоміцы. Ірландцы, як і тадышнія беларусы, жылі па-быдлячаму, але вось падлічылі, што іх удвая больш эмігравала ў ЗША, чым засталося на радзіме (па-беларуску бульбаноснай). Хто падлічыць, колькі ўцякло беларусаў з Беларусі? Для прыкладу, у цяперашняй Польшчы нават яе прэзідэнт ды плойма міністраў - заходнебеларускага родавага паходжання: віленскага, лідскага, наваградскага, гарадзенскага, паляшуцкага. Чаго дзіваваць - апошні польскі кароль Станіслаў Панятоўскі меў бацькоў, якія падпісваліся з беларускай акцэнтацыяй на «ў». Ужо не кажучы пра найславутага нацыянальнага героя Польшчы Касцюшку, які спяваў беларускія паўстанскія песні і насцярожваў палякаў сваім няпольскім акцэнтам (з Берасцейшчыны). Міцкевіч, паднебная веліч іх літаратуры, пісаў таксама па-беларуску (захаваліся тэксты). Савет скажа, што гэта праява дружбы народаў, хоць савецкая дружба гэта ўсяго саманазва агрэсіі, захопніцтва. Дружба, у якой дружбак канае, задыхаецца ў абдымках дружбанта. Пятля на шыю!
Уласная эканоміка павінна мець - і мае! - уласную гісторыю. Пачынаецца яна з эканамічнай геаграфіі. Капітал дакастрычніцкай Беларусі быў аж у трыццаць восем разоў меншы ад капіталу расійскага Царства Польскага, тэрытарыяльна параўнальнага, а лікам насельніцтва большага троху вышэй як удвая. Царская ўлада ні капейкі не давала на падтрыманне польскай культуры, палякі і не прасілі яе. У расійскамоўным тады губернскім горадзе Варшаве фабрыканты-патрыёты фінансавалі польскія газеты, польскія тэатры, польскія кніжныя выдавецтвы, у іх ліку энцыклапедычныя, салоны мастацтва, патайныя школы, Лятучы Ўніверсітэт (падпольны, бо варшаўскі быў расійскім). Мелі за што ў той час, калі віленская «Наша Ніва» ледзь ліпела, а за кніжкі не плацілі ганарараў, паэты паміралі ад сухотаў або вешаліся. Вось табе і шкала сітуацыі!
Расійскі капіталізм пераскочыў польскі, гудучы ў паласе ад Петраграду на Маскву і Ўрал, з адгалінаваннем на ўсходнюю, данецкую, Маларасію, пакідаючы па-за сваёй увагаю «Северо-западный Край» лапцюжнікаў, шляхецкіх ваколіцаў, жыдоўскіх мястэчак, худых і недавучаных паэтаў з іх марамі «людзьмі звацца» - такі заклік у палякаў ці латышоў быў бы ўспрыняты як пропаведзь адарванага ад жыцця ксяндза-мараліста. У беларусаў гэта азначала наесціся. Культура ім-яму - гэта панская выдумка. І меў рацыю наш галотнік, бо сапраўды - ад недахопу культуры яшчэ ніхто не памёр. Дэфініцыя культуры: неабавязковая актыўнасць чалавека. Галодныя і запрацаваныя - без шанцаў на культурнасць, ёй патрэбны вольны час на чытанне і думанне, без праблемы хлеба. Таму няма бедных і культурных, ім бурчыць у жываце, кішкі марш граюць... Таму рэвалюцыя ўяўляе сабою ўсенародны рабунак, адкіданне эканомікі на цэлыя пакаленні назад. Чуваць віскат паршукоў, валочаных на сала. Мараль Пецькі-гвалтаўніка, ідэолага супольных жонак. Дабівае нас калектывізм, злосць на выдатнікаў. Усе роўныя, некаторыя раўнейшыя (сакратары партыі). У такіх роўных і раўнейшых эканоміка стагназуе з той элементарнай прычыны, што свет крочыць дапераду крокамі зусім не мільёнаў, але адзінак. Эдысан вынайшаў электрычную лямпачку, а раней Лукасевіч нафтавую лямпу; імі пакарысталіся затым мільёны, сотні мільёнаў, мільярды чалавецтва. Як у літаратуры - у ёй лес талентаў і дзе-нідзе высозныя сосны.
Мы, здаецца, растлумачылі самі сабе, што людзей фармуе ў нацыю асобны лёс. Гэтую тэзу букварна ілюструе гісторыя. Усяму пачатак дае ўлада. Нашы заходнія суседзі, палякі, узніклі на зломе стагоддзяў дванаццатага і трынаццатага - за часамі караля Лакетка. Чэхі моцна хісталі прапольскай дзяржаваю палякаў, валодаючы Шлёнскам і далінаю Віслы з Мазовіяй. Калі б перамаглі, сёння за Бугам і гарадзенскай Свіслаччу мелі б мы дачыненне з чэшскім народам, ад Беластоку да прыгарадаў Вены. Краевугольны камень пад беларускі асобны лёс паклалі не варагі на чале з Рагвалодам, але Вітаўт Вялікі, ствараючы моц, па-партнёрску супрацьстаўную Кракаву, Маскве, Рызе, Мальбарку, Крыму. У меру таго як Вільня муршэла - сыпалася і само ліцвінства, што - і натуральна, і лагічна. Заваліся Польшча ўжо ў 1569 годзе (Люблінская унія!), сённяшнія палякі пакутавалі б ад ідэнтычных з нашымі праблемаў. Выпаласкаўся б ім польскі лёс менавіта. Хаця захавалася б мова польская ды ўся, важная ў нацыястваральным працэсе, этнаграфія. Перамога Тухачэўскага з Дзяржынскім пад Варшаваю ў 1920 годзе працягнула б польскае бездзяржаўе (з канца васемнаццатага стагоддзя), нягледзячы на ўтварэнне Польскай ССР ад Шлёнску да Бярэзіны, з Беларускай АССР на прасцягу Менскай губерні. Быў такі план, выраблены ў Беластоку. Палякам Ленін аддаваў пасля і Менск, але яны не захацелі, расшыфраваўшы бальшавіцкую задуму накарміць «польскага гусака» меншасцямі да такое ступені, што скончыўся б з абжорства, бы тая цётка Алюта ад велікодных кілбасаў пасля посту... Чытай - бездзяржаўя ў імперскай некалі нацыі. Варшаве ўсё ж хапіла розуму не кідацца на менскую дармаўшчыну. Палітыкаў мела першага гатунку; у беларусаў былі сялянска-шляхецкія самавучкі, якіх абдурваў кожны, хто не лянівы. Учынілі нашы змагары міністрам замежных справаў БНР якогасьці чарнасоценнага манархіста толькі таму, што няблага валодаў ён французскай мовай, абавязковай на палітычных паркетах Еўропы. Божа, з кім раўня?!
Дзеля перамогі нацыянальна-вызвольнага руху трэба мінімум дзве ўмовы: унутранай яго мацаты, немаргінальнай у краіне, і палітычна-матэрыяльнага заплечча ў выглядзе істотнай дзяржавы звонку. Іначай рух сточыць рак сірочасці, адрынутасці. Уявіцца мышкаю кату. Пройгрыш узмоцніць уціск. На саму нацыянальную свядомасць уздзейнічае гэта парадаксальна пазітыўна, адчыняючы перспектыву на змаганне наступным пакаленням. Такое здарылася з польскімі паўстаннямі, нязменна прайгранымі, у чым былі зацікаўлены менавіта ўсе тры еўрапейскія імперыі.
Гісторыкі чамусьці не запыняюцца над фактам ізаляванасці навачаснай беларускай дзяржаўнасці. Беларускай Народнай Рэспублікі не прызнаў Берлін з прычыны яе эфемернасці, што абумовіла еўрапейскі байкот ёй. Кароткачасова, да моманту фармальнага абвяшчэння Саюзу ССР, праіснавала нямецкая амбасада ў Беларускай ССР. Прыблізна тое ж упаткала і Рэспубліку Беларусь. У чым бяда? Думаю, у дысгармоніі беларускага лёсу, у тым, што Беларусь усё валачэцца за светам, замест крочыць з ім поплеч і ў нагу. Гэтая з'ява вечнай спозненасці на цягнік гісторыі вынікае з яе прыроднага сацыялізму. Як быццам мала таго, што ў стварэнні бальшавіцкае партыі пераважалі заснавальнікі з беларускага лёсу, з Крэсаў, і не знайшлося хаця б аднаго расійца, то яшчэ ад калыскі беларус класава свядомы, а нацыянальна - нуль. Характэрна, што камунізм перамагаў у адсталых краінах і ні разу - у развітай, заможнай. Рэвалюцыі супраціўныя гаспадарчаму росквіту, яны прытрымліваюцца прынцыпу аднае бяды на ўсіх. Зніштажаецца імі грамадскі слой людзей дзейных, арганізатараў прагрэсу вытворчасці; сутнасць эканамічнага наступу жа ў канкурэнцыі, якое не дапускае бюракратычная планавая гаспадарка. Гэта адназначна даказала эканамічная гісторыя Расіі. Яе капіталістычная дынаміка ў пачатку ХХ стагоддзя паказвала на тое, што вырасце яна ў найпершы патэнцыял свету, прыкладна ў маштабах ЗША. Бальшавіцкі пераварот адсунуў Расію на задні план нават далей, чым Францыю пасля якабінскага шаленства (1789-га).
Чаму русіфікацыя Беларусі вырашальная для яе будучыні? Чаму яна - гэта катастрофа з запозненым дзеяннем на гады? Справа тут нават не ў маргіналізацыі нацыянальнай культуры, выраслай жа на нацыянальнай мове, на карэннай этнаграфічнасці. Вернемся яшчэ да сутнасці нацыянальнай мовы як арыгінальнай, непаўторнай, філасофскай сістэмы, народнага светабачання, асаблівага сэнсу жыцця, што папулярна завём душою або нацыянальным духам. Гэта не ў моц Божае фанабэрыі - асіміляцыя ліквідуе нацыі, а затым і дзяржавы. Асіміляцыя, перш за ўсё моўная, значыцьме ліквідацыю іншае душы. І паслядоўна за тым - прыняцце іншага свету быту, духоўнасці. Абазначае гетызацыю нацыянальнага, кастрацыю.
Русіфікацыя Беларусі саштурхоўвае яе ў правінцыйнасць, у завал этнічнага эпіцэнтру. Рэспубліка Беларусь як духоўная, а затым і гаспадарчая расійская правінцыя. Вобласць. Менталітэт правінцыяла заўсёды прыніжаны, ён стаіць на каленях. Чытабельна тлумачыць нам той механізм пашырэнне моды - ад сталіцы ў глыбінку, ніколі наадварот. Апынуцца ў арэале расійскай мовы раўназначна з загледжанасцю на яе нармалізоўчы цэнтр. Не на Менск, а на Маскву, на Пецярбург. Менск ператвараецца ў славутую «глубинку»; не ён вызначае культуру расійскамоўя. Толькі на выгляд гэта як бы без вялікага значэння. От, беларусы дэмакратычна палічылі за лепшае адкінуць сваю родную гутарку; іх воля, іх выбар. Але яны застаюцца беларусамі. Чаго тут плакаць!?
Беларусы з расійскай душою? Як кажа прэзідэнт: «Мы те же русские». Ну, калі «те же», дык аб чым можа быць гаворка? Рэспубліка Беларусь як другая дзяржава расіянаў. Пуцін дзівіцца: на халеру яна, гэтая другая!? Дыверсійная яму структура?!
Дык вось, дакранаемся да грамадскай псіхалогіі, да пачуцця ўсенароднага сэнсу існавання Рэспублікі. Калі імкнёмся ўсе да расійскага лёсу, то адзінай грамадска прымальнай перспектывай Беларусі можа быць яе самаліквідацыя, найлепей у рэферэндуме. Голас народу - голас Бога.
У сучаснай Беларусі падкрэсліваецца эканамічны патрыятызм (не аддамо расійцам нашых кампаній, фабрык). Ужо сам гэты віскат гучыць як прызнанне ўласнае слабасці. Добра было б да эканамічнага патрыятызму далучыць і нацыянальны, але дзе ён у краіне, выпаленай пажарам русіфікацыі?! Беларускасць зрабілася сімвалам апазіцыі, марненькай у сялянскім народзе. Хоць і з касмічнай векавечнасцю. Які даўгавечны можа быць эканамічны патрыятызм? Не даўжэй, пакуль агрэсар не запэўніць вышэйшага дабрабыту. Расія - тэарэтычна - здольная на тое, а вось беларускай культуры яна ніколі для Беларусі не запэўніць. Праўда, расійская ўлада, як болей культурная, не завозмецца кусаць беларушчыну; робяць гэта нашы родныя хамы. Не стануць расіякі шпарыць міліцэйскімі гумамі за беларускае слова на вуліцы. Рэжыму і міліцыянтам беларуская мова сталася антыўрадавай, ненавіснай. Толькі для прыліку чапляюць афіцыйнікі беларускія шыльды, друкуюць трохі па-беларуску, але народ дасканала ведае, што гэта мыльныя бурбалкі. Замазаць вочы цывілізаванай Еўропе, але ж нават дзіця ведае, што Рэспубліка Беларусь не пойдзе за ёю. Беларусь плюецца на Еўропу, ванітуе на яе ад агіды. Пытанне - як доўга? Дзесяцімільённая сацыялістычная Рэспубліка Беларусь у капіталістычным атачэнні. Куба на ўсходзе славяншчыны. Думаць трэба! Саюз жабы з кароваю.
Не мы, беларусы, будзем рухаць мазгамі. Шчаслівыя не намагаюцца на роздумы, таму яны дурнейшыя за нешчаслівых. Якая можа быць будучыня ў шчаслівых? Нашто яна ім!? З дасягненнем камуністычнага раю чалавецтва застыла б у бяздзейнасці. Як у раі. Канец гісторыі. Гісторыя, аднак, усё коціцца, неабавязкова дапераду. У Беларусі лягла валуном. Бо і чаго ёй каціцца, калі ўсюды наўкола горай. А ў нас вось рэгулярна выплачваюць пенсіі, заробкі. У Расіі - не, ва Ўкраіне галадуха, у Літве разбой, у Латвіі блядства, у Польшчы вуліцы заваленыя трупамі памерлых ад бясхлебіцы. А ў Амерыцы б'юць неграў!
У Рэспубліцы Беларусь жыць а жыць, не паміраць! Толькі каго мы потым дагонім? Паўночную Карэю?
Прагназаваць для Беларусі будучыню - гэта дзіцячая гульня, простая з простых. Беларусы ў сваей масе, як тыя Майсеевы жыды, рушацца жыць па-чалавечаму толькі з адміраннем апошняга пакалення, якое памятае сацыялістычны рай (інакш: самарабства). Памятайма пры нагодзе: сацыялізм для гаспадаркі значыць стагнацыю, безрух, нірвану галоты.
Ці патрэбна буйная фантазія, каб угледзець Беларусь праз гадоў дзесяць? Ні трохі. Гэта будзе краіна з комплексам правінцыі і тэхнікай на музейным узроўні. Варта датлумачыць наконт тэхнікі: без інвестыцый у замежныя высокія тэхналогіі беларусы будуць кусаць свой хвост. Сур'ёзных інвестараў у беларускай эканоміцы не відаць. Яна праядае пакінуты ёй савецкі патэнцыял. Састарэлы, бо ў тэхнічным свеце кожнае дзесяцігоддзе адбываецца навукова-тэхнічны пераварот. Было так некалі ў сацыялістычнай Польшчы: аднойчы газеты распісаліся аб тым, што Захад купляе польскія такарныя станкі. Аказалася, што адзін станок набыў швейцарскі музей тэхнікі... Але наконт таго прапаганда змаўчала.
Аляксандр Рыгоравіч (на прамілы Бог!), як можа разгортваць сваю мацату краіна, абгароджаная плотам ізаляцыі?! Яна неўзабаве апусціцца ў стан такое беднасці, што з ёю ніхто не захоча гешэфтаў. Бо што з яе ўзяць, калі бульба і тая горшая ды даражэйшая за нямецкую. Неданяньчаная, як у баўэра. Бабы яе капаюць і п'яныя механізатары. Сярод багатых мала алкаголікаў, а сярод бедных гарэлка - нацыянальны напой. Па-пушкінску кажучы - «выпьем с горя, где же кружка, сердцу будет веселей». З той істотнай розніцай, што ў Беларусі «шкварка і чарка» лічыцца праяваю добрага лёсу, канчальнага раю. Мы маем сала, а вось расіяне зайздросцяць нам на гэтае сала... Дапусцім. На гэтым трымаецца беларускі патрыятызм, амаль нацыянальны.
Паеў - і ў хлеў, казала маці.
Як бядак нараджае бедака, так савет савета. Усё ж генетыка бярэ сваё. Нашы продкі не былі саветамі, хоць бедакамі. У іх бурліла амерыканская цяга разбагацець (ЗША стварыла еўрапейская эмігранцкая басота, а Аўстралію - лонданскія прастытуткі ды бандыты). Вывадак нашых дзяцей ужо не вельмі савецкі, а дзеці дзяцей павырастаюць на больш-менш падобных да еўрапейцаў. Галоўным чынам рацыянальных, не лірыкаў рэчаіснасці, што жывуць не для «великой страны», якой грамадзянін быў нічым, нулём, а салдат галодны і абадраны, а афіцэры - зладзеямі, а генералы - кантрабандыстамі, а спецназаўцы - эсэсаўцамі.
Ілюзіяй ёсць чакаць у Беларусі нацыянальнага адраджэння, хоць сама нацыянальная культура будзе нязгасна тлець, каб успалымнець у насталую свабоду. У Беларусі няма таталітарызму, не той народ, у якім мог бы ён укараніцца. Дух улады - адбітак народнага. Рэспубліка Беларусь не прападзе, занадта доўга яна існуе, выгадавала процьму ўласнае эліты, якую інтэграцыя з Расіяй выкасіла б да астатняга кусціка; акупанты прысылаюць сваіх ураднікаў у падпарадкаваны край. Эканамічны заняпад немінучы, Еўропе напляваць на сацыялізм беларускага прыходу (ёй важны гіганцкі расійскі рынак). Неістотны кантыненту паралюшны рэгіён можа сабе інфантыльна нагуляцца сваімі цацкамі, а калі што - адключым яму, тупалобцу, газ і нафту, на каленях тады прыпаўзе да Крамля, па-паншчыннаму, слёзна цалуючы боты «барина». Анексіі яму рабіць не будуць, бо нашто? Садзіць за стол неперспектыўнага нахлебніка, з якога ні ўзяць ні ўцяць? Хай сам сябе корміць, бы нейкае перыферыйнае племя, пра якое хаця б шведы не чулі, а ў Парыжы мяркуюць, што гэта цудам адноўлены анклаў Белай Расіі з казацкім гетманам украінскай пароды. Беларусь, ментальна набрынялая эйфарыяй калгаснага шчасця замест згрызотаў пошукаў шляхоў развіцця, «не желает» аніякіх партнёраў, а магчымыя (патрэбныя) партнёры і чуць не чувалі пра яе.
На найбліжэйшае дзесяцігоддзе прарочу ёй, на жаль, сітуацыю бантустану. Потым дай Бог каб не дайшло да сацыяльнага выбуху, калі пачнуць адыходзіць з жыцця масы шчаслівых.
P. S. Дзесяцігоддзе Лукашэнкі - гэта прамарнаванае дзесяцігоддзе. Таму наступнае дзесяцігоддзе будзе дзесяцігоддзем апамятання. І толькі ў трэцім - заварушыцца Беларусь. Раней гэта немагчыма: не тыя людзі, не тая ўлада, не тыя сродкі.