A R C H E П а ч а т а к № 2 (31) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


кароткія рэцэнзіі

  АНДРЭЙ КАТЛЯРЧУК

Вокладка ARCHE 2-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Андрэй Катлярчук
Нямецкая вучонасьць і беларуская мінуўшчына

Райнэр Лінднэр. Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі XIX - XX ст. - Менск: Бібліятэка часопісу «Беларускі Гістарычны Агляд», 2003.

Кніга, чый пераклад на беларускую мову аглядаецца тут, упершыню ўбачыла сьвет у 1999 годзе ў Мюнхене. Яе аўтар доктар Райнэр Лінднэр працуе ў дэпартамэнце ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў унівэрсытэту Канстанцы (Universität Konstanz) і належыць да невялікага кола заходніх гісторыкаў, якія прафэсійна вывучаюць Беларусь. За апошнія пяць гадоў ён апублікаваў шэраг артыкулаў на ангельскай і нямецкай мовах аб праблемах гістарыяграфіі cучаснай Беларусі1. «Гісторыкі і ўлада» - гэта першае пасьля манаграфіі Аляксандра Цьвікевіча дасьледаваньне праблемы дачыненьняў гістарычнай навукі Беларусі і ўлады/ўладаў, напісанае да таго ж у клясычных традыцыях нямецкай гістарыяграфіі. Па ім заходні чытач можа знаёміцца з гісторыяй Беларусі. Праўда, дзеля гэтага для падрыхтаванага беларускага чытача пэўныя фрагмэнты кнігі не нясуць нічога новага, паколькі яе аўтар вымушаны спыняцца на добра вядомых у Беларусі момантах і падаваць багата «тэхнічнай» інфармацыі. І ўсё ж, улічваючы доўгі стаж аўтара ў Менску і шчыльныя кантакты зь беларускімі гісторыкамі, дасьледаваньне можна разглядаць як люстэрка сучаснага стану ведаў пра нацыянальную гістарыяграфію.

У гэтым аглядзе я адмовіўся ад пашыранай у нас традыцыі, калі рэцэнзія зводзіцца толькі да пераказу зьместу кнігі ды пахвальбы яе аўтара. Прапаную пагартаць працу Лінднэра зычліва, але крытычна. Раблю гэта ня ў пошуках хібаў, а каб выказаць ідэі, якія, магчыма, будуць выкарыстаныя пры будучых дасьледаваньнях гэтай тэмы.

Першая частка кнігі прысьвечаная нацыянальнаму руху і станаўленьню гістарыяграфіі Беларусі ў апошні пэрыяд існаваньня Расейскай імпэрыі. З дапамогай сацыялягічнага аналізу аўтар паказвае ўражальную дынаміку беларускага грамадзтва ў канцы XIX стагодзьдзя. Аказваецца, у 1897 годзе сярод беларусаў Вільні адсотак асобаў, якія займаліся разумовай працай, быў амаль што роўны такому адсотку сярод палякаў. Аўтар падрабязна спыняецца на пратэстных настроях сярод беларускай інтэлігенцыі. Менавіта забарона афіцыйнага ўжываньня беларускай мовы, адсутнасьць унівэрсытэту, фальшаваньне гісторыі падштурхоўвалі яе да актыўнай культурніцкай дзейнасьці, якая асабліва пашырылася пасьля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў.

Пераканаўча паказана, як імклівае разьвіцьцё гістарычнай школы «западно-руссизма» ў XIX ст. стварыла перадумовы для ўзьнікненьня ўласна беларускай гістарыяграфіі. Выдадзены ў 1910 годзе самавукам Вацлавам Ластоўскім нарыс гісторыі Беларусі (які быў першай гістарычнай працай, напісанай для беларусаў, па-беларуску і з нацыянальнага пункту гледзішча) зьявіўся не на пустым месцы. Лінднэраў аналіз гістарычнай навукі Беларусі XIX стагодзьдзя прымушае больш паважліва ставіцца да навуковых здабыткаў «заходнярусаў». Іншымі словамі, бяз працаў Грыгаровіча, Турчыновіча, Карскага не было б Доўнар-Запольскага, Ластоўскага, Цьвікевіча, Адама Станкевіча, Дружчыца, Ігнатоўскага. Узяць хаця б наступную цытату:

У Беларусі ёсьць свая ўласная гісторыя. Яе можна падзяліць на старажытны і найноўшы пэрыяд. Старажытная, уласная гісторыя Беларусі амаль невядомая... Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу Беларусь зрабілася полем бітвы, на якім ... сілай зброі вырашаліся мала што ня ўсе пытаньні.

Гэтыя словы, пад якімі мог падпісацца кожны адраджэнец пачатку XX стагодзьдзя, напісаў у 1857 годзе «заходнярус» Алег Турчыновіч у царскім падручніку гісторыі для школаў і гімназій Беларусі.

На жаль, некаторыя працы «заходнярусаў», якія неабходна было разгледзець, засталіся па-за разглядам. Гэта гісторыя праваслаўнай царквы ВКЛ «Беларуская іерархія», напісаная Міхаілам Грыгаровічам ў 1824 годзе і апублікаваная толькі ў 1992-м. Гэта манаграфія Юльяна Крачкоўскага, прысьвечаныя гісторыі Вільні, і ягоны артыкул да гісторыі праваслаўных цэркваў Вільні, невядомы нават аўтарам «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі»2. Гэта першая манаграфія да гісторыі гарадоў Беларусі, напісаная Ўладзімерам Стукалічам з пазыцыяў, блізкіх да нацыянальных, якая зноў-такі ня згадваецца ў «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі»3. Гэта зьмястоўная манаграфія Генрыка Татура, пра якую нічога ня ведае «Археалёгія Беларусі»4.

  - гісторык, сталы аўтар «ARCHE». Жыве й працуе ў Стакгольме.























1 Гл. напр.: Lindner, Rainer. 1999. Besieged Past: National and Court Historians in Lukashenka's Belarus. Nationalities Papers. Volume 27: 4, p. 631-647; Continuity and Change in Post-Soviet Historiography. The Case of Belarus, in: Richard S. Sakwa (Hrsg.), The Experience of State-Building in Eastern Europe, London 1999; Der permanente Genozid. Vernichtungstraumata in der Ukraine und Weißrussland in sowjetischer und nachsowjetischer Zeit, in: Gerhard Hirschfeld und Stig Förster (Hrsg.), Der Genozid in der modernen Geschichte, Munchen 1999.

   
Але галоўны недагляд аўтара - ігнараваньне працаў беларускіх гісторыкаў XIX стагодзьдзя, якія пісалі на польскай мове. Між тым менавіта культурнае змаганьне Польшчы і Расеі дало магчымасьць прарасьці насеньню беларушчыны, якое на той час мела дзьве культурныя дзялянкі. Прыгадаем прафэсараў Віленскага ўнівэрсытэту Ігната Даніловіча, Міхаіла Баброўскага, Язэпа Ярашэвіча, якія далі адрозную ад польскай «ліцьвінскую» трактоўку гісторыі ВКЛ, або пецярбурскі гурток Яна Баршчэўскага, сябры якога стваралі тэксты з гісторыі Беларусі (Полацкай зямлі). Папулярны выклад некаторых пытаньняў гісторыі Беларусі ў сваіх творах далі Ян Чачот і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Уплывы на погляды Кастуся Каліноўскага ягонага брата, прафэсійнага гісторыка Віктара Каліноўскага, выявіў Мікола Нікалаеў5. Нельга абысьці ўвагай працы Аляксандра Ельскага да гісторыі Менскага каталіцкага біскупства, Слуцкай мануфактуры. У забытай сучаснымі адмыслоўцамі 2-томнай манаграфіі «Лісты аб Швэцыі» Яўстах Тышкевіч падрабязна разгледзеў дачыненьні паміж сваёй Бацькаўшчынай і Швэцыяй, выкарыстаў шмат новых крыніцаў, выказаў цікавыя думкі адносна старажытнай гісторыі Беларусі. Адным словам, без аналізу польскамоўных гістарычных публікацый беларускіх аўтараў XIX стагодзьдзя зьмест першай часткі застаецца няпоўны.

Другі разьдзел прысьвечаны беларускай гістарычнай навуцы ў сталінскім СССР. Аўтар паказвае, як вывучэньнем гісторыі Беларусі пачалі займацца прафэсіяналы, як у 1920-я гады ў Менску пры БДУ склалася гістарычная школа, якая зрабіла сапраўдны прарыў у вывучэньні нацыянальнай гісторыі. Узьнікла вельмі моцная школа гісторыкаў ВКЛ, згодна зь якой эўрапейскае права, палітычны лад, дзяржаўны статус мовы, рэфармацыя, рэлігійная талеранцыя, рэформа сялянскай гаспадаркі стварылі такі кшталт беларускай культуры, які адрозьніваў яе ад расейскай. Гэтая школа, ачоленая выхаванцамі Дэрпцкага і Кіеўскага ўнівэрсытэтаў, спалучала нацыянальны пункт гледжаньня з высокім прафэсіяналізмам, веданьнем заходняй гістарыяграфіі і замежных моваў. У 1928 годзе, будучы пад уражаньнем выступу Ўладзімера Пічэты на канфэрэнцыі гісторыкаў у Нямеччыне, прафэсар Ота Гёцш зазначыў, што працы найлепшых беларускіх адмыслоўцаў «знаходзяцца ў навуковых каардынатах, што адпавядаюць нашым». (Цікава, што сучасныя нямецкія гісторыкі, якія ўдзельнічалі разам зь беларускімі калегамі ў падрыхтоўцы першага нямецкага падручніка з гісторыі Беларусі, скардзіліся на адсутнасьць узаемнага паразуменьня.) БССР-аўскі краязнаўчы часопіс «Наш Край» меў эўрапейскі ўзровень. Імкліва разьвівалася археалёгія. Аднак сталінскі генацыд дашчэнту зьнішчыў гістарычную навуку. Пад забаронай і забыцьцём аказалася перадусім гісторыя ВКЛ, якая падкрэсьлівала «эўрапейскія», не-расейскія гістарычныя карані беларусаў, а таксама гісторыя мадэрнага нацыянальнага руху, які быў скіраваны на дасягненьне краінай палітычнай незалежнасьці.

Аўтар слушна прысьвяціў шмат увагі першаму рэктару БДУ Пічэту. Акурат гэты навуковец сэрбска-ўкраінскага паходжаньня, выхаванец Кіеўскага ўнівэрсытэту, прэзэнтаваў Беларусь на міжнародных кангрэсах Бэрліна й Осла, меў шматлікія замежныя кантакты, друкаваўся на Захадзе. Зусім нядаўна мне стала вядома, што ў 1945 годзе ў Стакгольме на швэдзкай мове выйшаў першы ў Скандынавіі і адзіны да 1997 году нарыс гісторыі Беларусі яго аўтарства6. Застаецца толькі пашкадаваць, што аўтар кнігі не прасачыў, чаму адбылася перамена думкі Сталіна, дзякуючы якой Пічэта вярнуўся ў 1935 годзе з ссылкі і, нягледзячы на публічныя абвінавачаньні Панамарэнкі ў нацыяналізьме, заняў у 1939 годзе пасаду акадэміка і спакойна памёр у новай маскоўскай кватэры, уступіўшы перад сьмерцю ў шэрагі кампартыі.

 

2 Крачковский Ю. Ф. Старое Вильно до конца XVIII века. Варшава, 1893; Православные святыни города Вильны в 14-18 вв. // Труды IX археологического съезда 1893 года. Т. 2. Москва, 1897. С. 223-250.

3 Стукалич В. К. Белоруссия и Литва. Очерки по истории городов Белоруссии. Витебск, 1894.

4 Татур Г. Х. Очерк археологических памятников на пространстве Минской губернии и ее археологическое значение. Минск, 1892.

5 Нікалаеў Мікола. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка. Шляхам гадоў. Вып. 1. Менск, 1990. С. 206-210.

   
У другой частцы Лінднэр ухіліўся ад разгляду напісаных у міжваенны пэрыяд працаў заходнебеларускіх гісторыкаў. Вядома, іх здабыткі выглядаюць меншымі за дасягненьні іх менскіх калегаў, але менавіта віленчукі пасьля зьнішчэньня менскай школы працягвалі нацыянальныя традыцыі ў беларускай гістарыяграфіі. Аднаго аналізу творчасьці Ігната Абдзіраловіча тут недастаткова. Па-за ўвагай засталіся публікацыі віленскага «Беларускага Навуковага Таварыства», даробак Адама Станкевіча, Хведара Ільляшэвіча, Міколы Шкялёнка, Янкі Станкевіча, Антона Луцкевіча і, нарэшце, Вацлава Ластоўскага, аўтара таўшчэзнай «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўна, 1926), адзінай працы на беларускай мове, на якую стала спасылаюцца літоўскія гісторыкі.

Незразумела таксама, чаму Лінднэр адмовіўся ад аналізу беларускай гістарыяграфіі часоў нацысцкай акупацыі. У гэты час у прэсе зьявілася шмат публікацый на гістарычныя тэмы, а таксама выйшлі друкам нарысы гісторыі Беларусі Язэпа Найдзюка і Янкі Станкевіча. Зь іншага боку, без уласьцівых сваім беларускім калегам недагаворак аўтар разглядае партызанскую тэму, якую ілюструе малавядомым прыкладам, калі каталіцкія сьвятары на просьбу партызанаў адлучалі калябарантаў ад Сьвятога касьцёлу.

Трэцяя і чацьвертая часткі прысьвечаныя гістарычнай палітыцы ў пасьляваеннай Беларусі. Лінднэр паказвае, як адбываўся працэс «правінцыялізацыі» беларускай гістарычнай навукі, што «стабільна» адпрацоўвала спушчаную з цэнтру гістарычную канцэпцыю. Усе яе сілы былі скіраваныя на тое, каб вульгарнымі штампамі накшталт «нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту» ці «прагрэсіўнай місіі Расеі» рэабілітаваць імпэрскую палітыку царызму ды падкрэсьліць адсутнасьць у нашай краіны эўрапейскіх традыцыяў.

Занадта шмат матэрыялу і сацыялягічных табліцаў тут прысьвечана афіцыйнай гістарыяграфіі. Насамрэч з 1944 па 1991 год гістарычнай навукі ў БССР у строгім сэнсе гэтага слова не было. Побач з агромністай арміяй партыйных прапагандыстаў і правінцыйных схалястаў існавала жменька сапраўдных прафэсіяналаў, якія, аднак, ува ўмовах савецкага дыктату не маглі стварыць сваёй школы. БССР была хіба адзінай савецкай рэспублікай, дзе не было ўласнага гістарычнага часопісу і дзе гісторыя Бацькаўшчыны не была абавязковым прадметам у школе. У лепшым становішчы былі нават польскія беларусы, якія, нягледзячы на дзяржаўную палітыку асыміляцыі, мелі газэту на роднай мове, кантактавалі з дыяспарай ды здолелі ўзгадаваць у 1980-я гады шэраг прафэсійных гісторыкаў.

Замест разгляду афіцыёзу лягічней было б сканцэнтравацца на акадэмічных кар'ерах нацыянальных гісторыкаў. Так, аўтар кажа пра дысыдэнцкія ноткі ў зборніку «450 год беларускага кнігадрукаваньня» (1967), пра забарону канфэрэнцыі па этнагенэзе беларусаў (1973), але гэтая інфармацыя губляецца сярод мора зьвестак пра афіцыёз. Аднак менавіта малавядомыя старонкі дзейнасьці нацыянальных гісторыкаў патрабуюць асобнага разгляду. Іх сапраўдным лідэрам быў прафэсар Мікола Ўлашчык (1906-1986), адзіны зь менскіх гісторыкаў 1920-х гадоў, хто выжыў у сталінскай катавальні і здолеў зноўку вярнуцца да прафэсійнай навукі. Улады БССР цкавалі Ўлашчыка, не дазвалялі яму вярнуцца ў родны Менск, выгадаваць вучняў. Але сваімі клясычнымі працамі па археаграфіі і гістарыяграфіі Беларусі, выданьнем хронік ВКЛ ён такі ўплываў на разьвіцьцё беларускай гістарычнай навукі. На жаль, у кнізе яму прысьвечана адно кароткая заўвага.

Варта было разгледзець і творчасьць Уладзімера Караткевіча, дзякуючы якой савецкія беларусы захапіліся нацыянальнай мінуўшчынай, пагатоў што ён быў аўтарам аднаго зь нешматлікіх да часоў перабудовы папулярных нарысаў з гісторыі Беларусі «Зямля пад белымі крыламі». Важную ролю ў захаваньні традыцый нацыянальнай гістарыяграфіі адыгралі «менскі акадэмічны гурток», дзейнасьць Міколы Ермаловіча і Зянона Пазьняка. Такім чынам можна было стварыць цікавейшую і правакацыйную карціну позьнесавецкай беларускай гістарыяграфіі.

У апошняй частцы кнігі разглядаюцца шляхі гістарычнай навукі і палітыкі ў часы перабудовы, развалу СССР і прэзыдэнтуры Аляксандра Лукашэнкі. Аўтар не без іроніі разглядае створаны часткай гісторыкаў на хвалях адраджэньня канца 1980 - пачатку 1990-х гадоў міт «найлепшасьці беларусаў і найстарадаўнасьці іх гісторыі». На яго думку, гэта быў непазьбежны крок на шляху ад правінцыйнай да нацыянальнай школы, бо праз тое самае праходзіла нямецкая гістарыяграфія XVIII і XIX стагодзьдзяў. Па-за ўвагай у гэтым разьдзеле застаўся ўплыў на сучасную гістарычную навуку эміграцыйных гісторыкаў (Янкі Запрудніка, Вітаўта Кіпеля, Вітаўта Тумаша, Аляксандра Надсана, Юркі Віцьбіча, Янкі Станкевіча, Паўла Урбана), а таксама беларускіх гісторыкаў Польшчы (Лены Глагоўскай, Алега Латышонка, Яўгена і Антона Мірановічаў) і Расеі (Валянціна Грыцкевіча, Аляксея Каўкі, Міколы Нікалаева).

На заканчэньне троху палемікі. Крытыкуючы Ластоўскага за тое, што той стварыў міт аб прызнаньні Рыгора Цамблака ў 1415 годзе кананічным мітрапалітам ВКЛ, Лінднэр сьцьвярджае, што «беларускага» мітрапаліта, які мог бы стаць на чале «нацыянальнае царквы», ніколі не было. Але прынятая беларускімі гісторыкамі мадэрнізацыя шляхам замены этноніму часоў ВКЛ «русін» на «беларус» выглядае цалкам натуральнай, бо так сёньня робяць ўсе. Напрыклад, мы лічым Моцарта аўстрыйскім кампазытарам, хаця сам ён лічыў сябе «зальцбуржцам». Таму праваслаўныя беларускія (з 1596 году грэка-каталіцкія) мітрапаліты ВКЛ усё ж такі былі. З часу канчатковага падзелу дзьвюх усходнеславянскіх мітраполій (сярэдзіна XV стагодзьдзя) і да 1772 году літоўская і маскоўская праваслаўныя цэрквы разьвіваліся абсалютна рознымі шляхамі і да сярэдзіны XVII стагодзьдзя нагэтулькі разышліся ў абрадах і традыцыях, што спатрэбілася кардынальная рэформа маскоўскага праваслаўя (вядомая праз так званы «раскол»), каб наблізіць яго да сусьветных стандартаў.

Кнізе Райнэра Лінднэра наканавана доўгае жыцьцё. З выхадам нямецкага выданьня яго аўтар заняў месца аднаго з найбольш аўтарытэтных знаўцаў гісторыі Беларусі на Захадзе. Беларускае выданьне кнігі засьведчыла нашаму грамадзтву інтарэс заходніх гісторыкаў да беларускай мінуўшчыны. Можа, калісь і беларуская ўлада зразумее важнасьць альтруістычнай працы заходніх беларусістаў па рэкляме малавядомай усходнеэўрапейскай краіны і падтрымае яе і словам, і капейкай.

 

6 Pitjeta, Uladzimir. Om Västukraina och Västvitryssland / Översättning av Carl Johansson. Albert Bonniers Förlag. Stockholm, 1945. 226 s.

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (31) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/1